Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт




старонка3/4
Дата канвертавання14.03.2016
Памер0.63 Mb.
1   2   3   4

Літаратура
1. Багамольнікава, Н. А. Гідронімы басейна ракі Прыпяць: структурна-семантычныя тыпы матывацыі / Н. А. Багамольнікава. – Гомель: ГДУ, 2004. – 195 с.

2. Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии: словарь / В. А. Жучкевич. – Минск: Изд-во БГУ, 1974. – 448 с.

3. Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды / В. П. Лемцюгова. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.

4. Мезенка Г. М. Беларуская анамастыка / Г. М. Мезенка. – Мінск: Вышэйшая школа, 1997. – 119 с.

5. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомел. вобл.: нармат. давед. / Н. А. Багамольнікава [і інш.]; пад агул. рэд. В. П. Лемцюговай. – Мінск: Тэхналогія, 2006. – 382 с.

6. Подольская, Н. В. Словарь русской ономастической терминологии: науч. изд. / Н. В. Подольская. – 2-е изд., перераб. и доп. – М.: Наука, 1988. –192 с.


Трэніровачныя практыкаванні
Практыкаванне 1. Устанавіць, якім спосабам утвораны:

а) назвы населеных пунктаў Гомельшчыны: Авангард, Адасі, Бабры, Баец, Беседзь, Бурлак, Гаёк, Гута, Дзяржынскі, Ёўня, Млынок, Лужок, Нінэль, Свяча, Славечна, Тэльман, Шырокі Рог, Шэйка, Якімы, Ясакар, Ясень; б) уласныя імёны: Ала, Вера, Лідзія, Любоў, Надзежда, Лада, Роза; в) ойкадамонімы: “Верона”, “Бацькі”, “Будзьма”, “Гомель”, “Спартак”.


Практыкаванне 2. З нарматыўнага даведніка “Назвы населеных пунктаў: Гомельская вобласць” [5] выпішыце выпадкі: а) анімізацыі; б) трансанімізацыі.
Практыкаванне 3. Падайце прыклады ўтварэнняў шляхам апелятывацыі.
Практыкаванне 4. Ад наступных айконімаў утварыце ад’ектонімы: Багданавічы, Багданаўка; Баравікі, Баравое, Баравуха; Баркі, Барок; Васілева, Васілевічы, Васілёўка, Васілье, Васількова; Галубіца, Галубоўка; Гарадзец, Гарадзішча, Гарадок, Гарадоўка.
Практыкаванне 5. Ад гэтых жа айконімаў утварыце катайконімы.
Пытанні і заданні для самакантролю

1. Назавіце асноўныя адзінкі і паняцці анамастыкі.

2. На якія віды падзяляецца анамастыка?

3. Які від анамастыкі даследуецца ў працах: Шур, В. В. Анамастычная лексіка ў беларускай мастацкай літаратуры. / В. В. Шур. – Мінск: УП “Тэхнапрынт”, 2002. – 228 с.; Шур, В. В. Онім у мастацкім тэксце. / В. В. Шур. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006. – 216 с.

4. Якія этапы ў вывучэнні анамастыкі вылучаны лінгвістамі?

2 Тапаніміка як раздзел анамастыкі
2.1 Айканіміка
Айконімы (уласныя назвы населеных пунктаў: гарадоў, сёл, вёсак, пасёлкаў, хутароў, раз’ездаў) вывучае адзін з раздзелаў тапанімікі – айканіміка (ад грэч. oikos ‘жыллё’ і onуma ‘імя’). Такім чынам, аб’ектам вывучэння айканімікі з’яўляюцца ўласныя імёны паселішчаў рознага тыпу. Асноўныя яе задачы – вывучэнне шляхоў і заканамернасцей узнікнення айконімаў, матывы і тыпы намінацыі, іх развіццё, функцыянаванне, тэрытарыяльнае і моўнае распаўсюджванне.

Айканіміка таксама аперыруе сваімі паняццямі, адзінкамі, тэрмінамі, сярод якіх важнейшымі можна адзначыць айконім, айканімія, айканімічны арэал, айканімічная аснова, айконімаўтварэнне і інш.

Айконімы ў тапанімічнай навуцы падзелены на два віды: астыонімы – уласныя назвы гарадоў, гарадскіх пасёлкаў (ад грэч. acteios ‘гарадскі’ і onуma ‘імя’): Мінск, Гомель, Брэст, Віцебск і інш. і камонімы – уласныя назвы любога сельскага паселішча (тэрмін з грэчаскай мовы абазначае ‘вёска, пасёлак’ і онім ‘імя’): вв. Аздзеліна, Краснае, Скароднае, Смалегаў, пп. Зялёны Гай, Сенавец, Чэхі.

Беларуская тапаніміка налічвае нямала даследаванняў. Беларускую тапанімію актыўна вывучаў географ В. А. Жучкевіч, які з 1959 г. апублікаваў звыш 15 прац. У іх аўтар разглядаў і айконімы [7, 8], вызначаў асноўныя айконімаўтваральныя тыпы і лексіка-семантычныя групы, удзяляў увагу пытанням тэорыі тапанімікі [10]. У 70-я г. XX ст. ён выдаў “Краткий топонимический словарь Белоруссии” [72], у якім была зроблена спроба сістэматызаваць багаты тапанімічны матэрыял Беларусі.

Значнай падзеяй было правядзенне ў 1967 г. Першай беларускай тапанімічнай канферэнцыі, на якой былі прадстаўлены даследаванні па ўсіх раздзелах анамастыкі.

Вялікую ролю ў распрацоўцы праблем тапанімікі адыграла з’яўленне зборнікаў “Беларуская анамастыка”, што выдаюцца рэгулярна з 1977 г.

Грунтоўныя даследаванні беларускай айканіміі звязаны з імем В. П. Лемцюговай [19, 20]. Даследчыца на базе матэрыялу Мінскай вобласці прааналізавала найменні з боку лексіка-семантычнага складу ўтваральных асноў і словаўтварэння, выявіла агульныя заканамернасці ў адпаведнасці з матывавальнымі прыкметамі, пакладзенымі ў аснову онімаў, і іх граматычнай прыродай, а агульныя вывады аўтара “адносяцца да айканіміі іншых частак Беларусі” [19, с. 3]. У 2008 г. аўтар апублікавала навукова-папулярныя эцюды “Тапонімы распавядаюць”. Кніга змяшчае каля 3000 тысяч эцюдаў пра паходжанне назваў беларускіх паселішчаў [21].

Аднак у цэлым беларуская тапанімія вывучана пакуль што недастаткова, таму застаецца па-ранейшаму аб’ектам увагі тапанімістаў. Гэта можна патлумачыць тым, што матывацыйныя асновы, словаўтваральныя спосабы, словаўтваральныя тыпы і мадэлі тапонімаў у розных рэгіёнах Беларусі не супадаюць. Кожны спосаб фарміруе ў залежнасці ад тэрыторыі пэўную колькасць структурна-граматычных і семантычных тыпаў. Таму ў апошні час вялікая ўвага стала надавацца рэгіянальнаму матэрыялу, які, спадзяёмся, яшчэ працяглы час будзе прадметам спецыяльных лінгвістычных даследаванняў, у тым ліку і айканімічных.

Значнае месца ў беларускай тапаніміцы адводзіцца лексікаграфічным выданням. Беларускі айканімічны матэрыял упершыню на беларускай і рускай мовах па абласцях Беларусі быў пададзены Я. Н. Рапановічам [107-- 112]. Слоўнік “Назвы населеных пунктаў Гомельскай вобласці” выйшаў з друку ў 1986 г. Але ў ім не зафіксаваны многія варыянты айконімаў, ёсць пэўныя недакладнасці ў падачы фактычнага матэрыялу, асобныя назвы ўвогуле адсутнічаюць. З часу выхаду слоўніка на тэрыторыі вобласці адбыліся значныя перамены: у выніку наступстваў аварыі на ЧАЭС большасць насельніцтва 7 раёнаў вобласці была адселена на новае месца жыхарства. Гэта, у сваю чаргу, прывяло да знікнення многіх населеных пунктаў (адселены 271), адміністрацыйных змен у межах раёнаў, сельскіх саветаў. Міграцыя сельскага насельніцтва, найперш моладзі, у горад і тэрытарыяльны рост гарадоў аказалі ўздзеянне на статус пунктаў. Так, г. п. Тураў набыў статус горада, некаторыя вёскі – пасёлка і наадварот. Такім чынам, узнікла неабходнасць у стварэнні новага даведніка.

У 2004 г. з улікам усіх змен быў надрукаваны слоўнік “Айканімія Гомельшчыны” [69], які істотна адрозніваўся ад слоўніка Я. Н. Рапановіча тым, што аўтары ўвялі і новыя намінацыі, дыферэнцыравалі сучасныя і былыя онімы, побач з айконімамі падалі ўсе вядомыя формы адтапонімных утварэнняў (ад’ектонімы і катайконімы), улічылі варыянты, далі рэкамендуемыя да ўжывання формы. Адселеныя пункты пазначаны зорачкамі.

Заслугоўваюць таксама ўвагі і серыі кніг “Памяць”, “Гарады і вёскі Беларусі” [82-103, 70], у якіх падаюцца энцыклапедычныя звесткі пра населеныя пункты 21 раёна вобласці.

Аднак афіцыйныя формы беларускіх айконімаў у даведачных выданнях не заўсёды ўнармаваны, “паколькі ніколі за ўсю гісторыю існавання Беларусі не было створана ніводнага спіска назваў населеных пунктаў на беларускай мове” [80, с. 4]. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць у назвах беларускіх паселішчаў выправіць памылкі і скажэнні і адшукаць тыя формы, у якіх назвы ўвайшлі ў нацыянальную мову [79, с. 17]. Гэтую задачу паспяхова вырашае нарматыўны даведнік “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” [77- 81]. У выданні айконімы падаюцца на беларускай мове кірыліцай і лацінкай, а таксама на рускай мове. Беларускамоўная частка даведніка ўключае нарматыўныя найменні з націскамі, граматычнымі паметамі і парадыгмамі скланення, захаваны іх варыянты. У Прадмове даецца характарыстыка сучаснага стану айконімаў, правілы ўпарадкавання іх правапісу, спосабы і правілы перадачы беларускіх айконімаў па-руску.

Усё вышэйадзначанае дае магчымасць правесці сістэматызацыю рэгіянальнага айканімічнага матэрыялу, у тым ліку і Гомельшчыны.

Патрэбна адзначыць, што ў іншых рэгіёнах таксама звяртаюцца да збору і фіксацыі мясцовых онімаў. У прыватнасці, В. І. Рагаўцовым і С. Я. Кечык выдадзены “Анамастычны слоўнік Магілёўшчыны”, які ўключае мікратапонімы і мянушкі [106].

Першая спроба вывучэння айконімаў Гомельскай вобласці была зроблена Э. К. Бірыла [4]. Айканімія з’яўляецца аб’ектам даследавання і лінгвістаў нашага рэгіёна. Асобныя найменні Гомельшчыны ў плане этымалогіі аналізаваліся ў працах Р. М. Казловай [13, 57, ], Т. М. Багаедавай [48], Г. У. Кузьменка [17, 18]. А. Ф. Рогалеў у сваіх навукова-папулярных выданнях удзяляе ўвагу семантыцы тапонімаў Гомеля і яго наваколля [30–34, 113-115]. Анамастычнай лексіцы і асобным айконімам прысвяціў некалькі манаграфій В. В. Шур [41-43]. Фрагментарныя звесткі пра айконімы знаходзім у артыкулах Л. П. Кузьміча [58-60].
Літаратура (гл. спіс літаратуры да ўсяго раздзела)
Трэніровачныя практыкаванні
Практыкаванне 1. Азнаёмцеся з відамі аналізу айконімаў у манаграфіях Н. А. Багамольнікавай (Тапанімія Гомельшчыны: структурна-семантычная характарыстыка : манаграфія / Н.А. Багамольнікава; навук. рэд. А. А. Станкевіч; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2008. – 242 с.) і В. П. Лемцюговай (Беларуская айканімія. Лінгвістычны аналіз назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці] / В. П. Лемцюгова. – Мн.: Навука і тэхніка, 1970. – 155 с.).

Практыкаванне 2. Запішыце айконімы свайго раёна і разгледзьце іх на лексіка-семантычным і структурна-граматычным узроўнях.
Практыкаванне 3. З серыі кніг “Памяць”, “Гарады і вёскі Беларусі”, “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь” выпішыце варыянтныя айконімы свайго раёна і вызначце віды варыянтаў.
Практыкаванне 4. Устанавіце, ці былі перайменаванні ў айканіміі вашага раёна і якія прычыны садзейнічалі гэтай з’яве.
Практыкаванне 5. Запішыце ад інфарматараў легенды пра паходжанне назваў вёсак, мікратапонімаў.
Практыкаванне 6. Выпісаныя вамі айконімы свайго раёна ўкладзіце ў слоўнік.
Пытанні і заданні для самакантролю
1. Назавіце прадмет, задачы, аб’ект вывучэння айканімікі.

2. Якія вы ведаеце віды айконімаў?

3. Апішыце сучасны стан вывучэння беларускай айканіміі.

4. Хто займаўся вывучэннем айканіміі Гомельшчыны? У якім аспекце ў працах лінгвістаў вывучаліся айконімы рэгіёна?

5. Ахарактарызуйце лексікаграфічныя працы па айканіміі Беларусі, Гомельшчыны.

2.2 Гідраніміка
Гідраніміка таксама адносіцца да аднаго з падраздзелаў тапанімікі і вывучае гідронімы (ад грэч. hudor ‘вада’ і onyma ‘імя’), шляхі і заканамернасці іх узнікнення, матывы і тыпы намінацыі, развіццё, функцыянаванне, тэрытарыяльнае і моўнае распаўсюджванне. Да важнейшых тэрмінаў гэтага падраздзела належаць гідронім, гідранімія, гідранімічная аснова, гідронімаўтварэнне і інш.

У гідронімах тапанімісты выдзяляюць некалькі відаў: акіянонімы

уласныя назвы акіянаў і іх частак (з грэчаскай мовы тэрмін абазначае ‘бязмежнае мора’ і ‘імя’), напрыклад: Атлантычны акіян, Ціхі акіян, Бенгальскі заліў, Берынгаў праліў, Гольфстрым;

гелонімы – уласныя назвы любых балот, забалочаных мясцовасцей (з грэчаскай мовы тэрмін абазначае ‘балота’ і ‘імя’), напрыклад: Комар-Мох, Куніберва, Лялецкія балоты, Нараўлянскае балота, Шчоб; лімнонімы – уласныя назвы азёр, сажалак (з грэчаскай мовы тэрмін абазначае ‘возера’ і ‘імя’), напрыклад: Нарач, Свіцязь, Князь-возера; патамонімыуласныя назвы рэк, рэчак (з грэчаскай мовы тэрмін абазначае ‘рака’ і ‘імя’), напрыклад: Днепр, Бярэзіна, Прыпяць, Сож, Ліпа; пелагонімы – уласныя назвы мораў і іх частак (з грэчаскай мовы тэрмін абазначае ‘мора’ і ‘імя’), напрыклад: Ахоцкае мора, Балтыйскае мора, Чорнае мора, Фінскі заліў.

Гідранімія – найбольш старажытны пласт тапанімічнай лексікі, які ўяўляе вялікую каштоўнасць не толькі для мовазнаўства, але і гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, геаграфіі, геалогіі. Тым не менш даследаванні па гідраніміі Беларусі ўсё яшчэ адстаюць ад вывучэння яе ў іншых рэгіёнах (напрыклад, ад даследаванняў ва Украіне), хаця вучоныя даўно зацікавіліся гэтым пластом лексікі. Грунтоўных прац па гідраніміі Беларусі мала, у цэлым гэта паасобныя артыкулы, у якіх падаюцца фрагментарныя звесткі па асобных водных назвах. Не вывучаны таксама назвы дробных водных аб’ектаў з-за адсутнасці і сістэматызацыіі гідранімічнага матэрыялу.

Упершыню назвы беларускіх рэк і азёр упамінаюцца ў старажытных летапісах (“Аповесць мінулых гадоў”), у старых картаграфічных матэрыялах (“Вялікі Чарцёж”), у разнастайных дакументах, сярод якіх звяртаюць на сябе ўвагу “Матэрыялы тапаграфічных здымкаў 1822--1844 гг”. У 19 ст. з’явіліся першыя працы па гідраніміі Беларусі. Пачатак вывучэнню гідронімаў паклаў А. А. Качубінскі, які ў сістэме беларускай тапаніміі выявіў балтыйскія элементы і на падставе іх выказаў думку, што рака Прыпяць на поўдні з’явілася буйным прыродным рубяжом рассялення славянскіх і балцкіх плямён. Такое меркаванне панавала ў навуцы на працягу некалькіх стагоддзяў. Сярод даследаванняў указанага перыяду неабходна адзначыць працы нямецкага вучонага М. Фасмера, у якіх ён беларускі гідранімічны матэрыял звязваў з гісторыка-геаграфічнымі фактарамі. Высвятленнем паходжання беларускіх гідронімаў займаўся Ю. Ю. Трусман. Упершыню поўна і кваліфікавана сістэматызаваны вялікі гідранімічны матэрыял (6 тысяч назваў) басейна ракі Днепр П. А. Маштаковым. Гэтае выданне стала крыніцай шэрагу гідранімічных даследаванняў, у тым ліку грунтоўнай працы У. М. Тапарова і А. М. Трубачова “Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья” [39].

Сістэматычнае вывучэнне гідронімаў у Беларусі пачалося пасля Вялікай Айчыннай вайны. У 1948 годзе быў выдадзены “Краткий справочник рек и водоёмов БССР”, які, аднак, не вызначаўся падрабязным пералікам водных аб’ектаў. У яго ўключаны толькі значныя па памеры вадаёмы, да таго ж, даведнік знаходзіўся на спецабслугоўванні, не кожны чытач мог з ім азнаёміцца.

Новы этап у вывучэнні беларускай гідраніміі адкрыла вышэйназваная праца У. М. Тапарова і А. М. Трубачова. Аўтары прааналізавалі гідранімію каля паловы тэрыторыі Беларусі (Верхняе Падняпроўе ад вытокаў да Прыпяці і Дзясны) у словаўтваральным і этымалагічным аспектах. На правабярэжжы Прыпяці яны выявілі балтызмы, аднак засяродзілі сваю ўвагу на левабярэжжы ракі і зрабілі вывад, што Прыпяць не з’яўлялася неадольным рубяжом паміж балтамі і славянамі, як сцвярджаў у свой час А. А. Качубінскі. Неабходна зазначыць, што не ўсе лінгвісты падзяляюць думку У. М. Тапарова і А. М. Трубачова аб паходжанні некаторых гідронімаў з балцкіх моў, а лічаць іх славянскімі (напрыклад, назвы з асновай *bolma). Так, Р. М. Казлова прапануе метадычныя прыёмы выяўлення балтыйскіх элементаў у славянскай лексіцы (Козлова Р. М. Некоторые аспекты методики выявления балтизмов в славянских языках // Asta Slavica. – Wroclav, 1990. – С. 215-225).

Вывучэннем беларускай тапаніміі, у тым ліку і гідраніміі, займаўся таксама географ В. А. Жучкевіч. У першых працах даследчык разглядаў і гідронімы на лексіка-семантычным узроўні, вызначаў іх асноўныя словаўтваральныя тыпы і семантычныя групы. В. А. Жучкевіч прааналізаваў назвы асобных рэк Беларусі.

Больш актыўна вывучалася гідранімія Беларусі ў 70-я г. ХХ ст. В. А. Жучкевіч выдаў “Краткий топонимический словарь Белоруссии”, у якім зрабіў спробу сістэматызаваць багаты тапанімічны (у тым ліку і гідранімічны) матэрыял Беларусі [72]. Беларуская гідранімія часткова апісана ў працах А. М. Катонавай, прысвечаных вывучэнню рачных назваў беларускай часткі басейна Заходняй Дзвіны [16], Я. М. Адамовіча, І. Я. Яшкіна. Паасобныя пытанні беларускай гідраніміі разглядаліся ў працах рускіх, украінскіх, польскіх, літоўскіх даследчыкаў (В. В. Сядова, Н. І. Талстога, В. А. Ніканава, А. П. Ванагаса, Л. Ц. Масенка і інш.).

У апошні час па гідраніміі Беларусі з’явіліся грунтоўныя працы Р. М. Казловай, у якіх на аснове этымалагічнага і арэальнага крытэрыяў праводзіцца рэканструкцыя праславянскага гідранімічнага фонду на матэрыяле беларускай і іншаславянскай гідраніміі [11-15]. Даследчыца падкрэслівае, што “ў басейне верхняга і сярэдняга Дняпра, уключаючы Прыпяць, Сож, Дзясну, Нёман, Заходнюю Дзвіну, Волгу, балтыйскі субстрат не выяўляецца, як і не выяўляецца ніякі іншы” (Козлова Р. М. Адаптация славянской гидронимии неславянскими этносами / Р. М. Козлова // Актуальные вопросы славянской ономастики. – Гомель, 2002. – С. 125). Хутчэй за ўсё, лічыць аўтар, назіраецца адваротная з’ява: славянскія гідронімы адаптаваліся іншымі этнасамі. Р. М. Казлова ў канцы XX пачатку XXI стст. стварыла ўласную анамастычную школу ў беларускай анамастыцы.

Сэнс асобных беларускіх гідронімаў спрабуе разгадаць А. Ф. Рогалеў у навукова-папулярных выданнях [30-34]. Т. М. Багаедава свае даследаванні прысвячае рэканструкцыі старажытнай гідраніміі басейна ракі Сож [1]. Н. А. Багамольнікава вывучае гідронімы басейна ракі Прыпяць на лексіка-семантычным і структурна-граматычным узроўнях, вызначае характар залежнасці назваў буйных і дробных водных аб’ектаў ад апелятыўнага слоўніка мясцовай геаграфіі і ўзроўню сэнсавых асацыяцый уласных імёнаў [2]. У адзначаных аспектах Н. Р. Смаль вывучаецца гідранімія Пабужжа [35].

У канцы лістапада 2002 г. у Гомелі была праведзена ІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя “Славянская гідранімія (анамастыка) у арэальным, этымалагічным, храналагічным, словаўтваральным і семантычным аспектах”, прысвечаная ў цэлым розным праблемам гідранімікі. У ёй прынялі ўдзел звыш 50 анамастаў з Беларусі, Украіны, Расіі. Даклады гідранімістаў прысвячаліся рэканструкцыі гідранімічных старажытнасцей і адаптацыі старажытнай гідраніміі неславянскімі этнасамі, семантыцы і словаўтварэнню славянскіх гідронімаў, агульнатэарэтычным пытанням уласных назваў.

Калектывам кафедры беларускай мовы і студэнтамі філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны праводзілася работа па збору і сістэматызацыі гідранімічных назваў Гомельшчыны. У выніку яе з’явіліся “Матэрыялы для слоўніка гідронімаў Гомельшчыны” [75], якія могуць стаць часткай перспектыўнага слоўніка гідронімаў Беларусі.
Літаратура (гл. спіс літаратуры да ўсяго раздзела)
Трэніровачныя практыкаванні
Практыкаванне 1. Азнаёмцеся з відамі аналізу гідронімаў у манаграфіі Н. А. Багамольнікавай (Гідронімы басейна ракі Прыпяць: структурна-семантычныя тыпы матывацыі / Н. А. Багамольнікава. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2004. – 195 с.).
Практыкаванне 2. З энцыклапедыі “Прырода Беларусі” (Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. – Мн.: БелСЭ, 1886. – 599 с.) выпішыце назвы буйных рэк Беларусі і растлумачце сэнс іх словаўтваральных асноў.
Практыкаванне 3. З папярэдняй крыніцы фактычнага матэрыялу выпішыце назвы азёр Беларусі і растлумачце сэнс іх словаўтваральных асноў.
Практыкаванне 4. Сабраныя па месцы жыхарства гідронімы прааналізуйце на структурна-семантычным узроўні.
Практыкаванне 5. Сабраныя па месцы жыхарства гідронімы ўкладзіце ў слоўнік.
Пытанні і заданні для самакантролю
1. Назавіце прадмет, задачы, аб’ект вывучэння гідранімікі.

2. Якія вы ведаеце віды гідронімаў?

3. Апішыце сучасны стан вывучэння беларускай гідраніміі.

4. Хто займаўся вывучэннем гідраніміі Гомельшчыны? У якім аспекце ў працах лінгвістаў вывучаліся гідронімы рэгіёна?

5. Ахарактарызуйце лексікаграфічныя працы па гідраніміі Беларусі, Гомельшчыны.

2.3 Урбананіміка
Урбанонімы (ад грэч. urbanus ‘гарадскі’ і onyma ‘імя’) як разнавіднасць тапонімаў – назвы ўнутрыгарадскіх аб’ектаў: вуліц, плошчаў, праспектаў, тэатраў, кафэ, гасцініц, магазінаў і інш. Урбананіміка вывучае шляхі і заканамернасці іх узнікнення, матывы і тыпы намінацыі, развіццё, функцыянаванне. Урбанонімы, як і іншыя класы онімаў, з’яўляюцца важнай крыніцай вывучэння мінулага народаў, даюць магчымасць уявіць змест гістарычнага працэсу ў цэлым.

Ва ўрбанонімах тапанімісты таксама выдзяляюць некалькі відаў: гадонімы (ад грэч. hodos ‘вуліца’ і onyma ‘імя’) – назвы лінейных аб’ектаў гарадоў: вуліц, завулкаў, бульвараў, праспектаў, пераездаў, набярэжных; ойкадамонімы (з грэч. мовы перакладаецца ‘будынак’ і ‘імя’) – назвы будынкаў, прадпрыемстваў, устаноў; эклезіонімы – назвы цэркваў, часовень; агаронімы (грэч. agora ‘плошча’ і onyma ‘імя’) – назвы плошчаў, аграонімы – назвы рынкаў; некронімыназвы месц пахавання; харонімы – уласнае імя часткі тэрыторыі горада, у тым ліку раёна, квартала, парка.

Урбанонімы выконваюць дзве асноўныя функцыі: назыўную (ідэнтыфіцыраваную) і інфармацыйную.

Назыўная функцыя звязана з асаблівасцю ўласнага імя, асноўныя значэнні якога – называць, выдзяляць і адрозніваць аднатыпныя аб’екты.

Інфармацыйная функцыя заключаецца ў тым, што ўрбанонім павінен арыентаваць чалавека ў горадзе, служыць адрасам, несці інфармацыю аб асаблівасцях унутрыгарадскога аб’екта.

Урбананіміка пачала развівацца з сярэдзіны ХХ ст. Выдзяленне ўнутрыгарадскіх назваў у асобны раздзел тапанімікі – урбананіміку пераканаўча абгрунтавала А. В. Супяранская, якая прапанавала адносіць назвы вуліц, плошчаў, рынкаў, паркаў і г. д. не да мікратапонімаў, як лічылі іншыя даследчыкі (В. У. Ніканаў, напрыклад), а да ўласна тапонімаў [11, с. 31-38].

Урбананімічная гісторыя Беларусі пачынаецца з XI--XII ст., а першыя пісьмовыя ўпамінанні аб унутрыгарадскіх назвах (гадонімах) адносяцца да XY--XYI стст. Іх вывучэнню папярэднічала праца па азнаямленні з архіўнымі і літаратурнымі крыніцамі, археалагічнымі і гісторыка-краязнаўчымі выданнямі, картаграфічнымі матэрыяламі. Каштоўны, хаця і фрагментарны, гістарычны матэрыял па ўрбананіміцы Беларусі ўтрымліваюць таксама беларускія летапісы, хронікі (“Летапіс Аўраамкі”, “Хроніка Быхаўца”), якія змяшчаюць у сабе асобныя назвы частак гарадоў, назвы цэркваў, манастыроў і іншых унутрыгарадскіх аб’ектаў. Пра старажытную ўрбананіміку нашых гарадоў можна даведацца з зямельных актаў, з грамат, са статыстычных зборнікаў, у якіх ёсць даныя аб агульнай колькасці, памерах вуліц, плошчаў, садоў у розных гарадах, з матэрыялаў Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь, абласных гістарычных архіваў і іншых крыніц. Шмат дадзеных аб назвах унутрыгарадскіх аб’ектаў гарадоў Беларусі XIX ст. утрымліваюць губернскія помнікавыя кніжкі (напрыклад, Помнікавая кніжка Віленскай губерніі і інш.). Значная колькасць матэрыялаў друкавалася і ў перыядычным друку. Так, спісы вуліц гарадоў Мінскай губерні за 1866 г. былі апублікаваны ў газеце “Минские губернские ведомости”. Звесткі аб розных урбананімічных адзінках буйнейшых беларускіх гарадоў змяшчаліся і ў календарах, адрасна-даведачных кнігах (напрыклад, “Увесь Гомель”, каляндар-справачнік 1924 г.).

Цяжкасць аналізу беларускіх урбанонімаў на працягу ўсёй гісторыі іх развіцця заключаецца ў тым, што большасць помнікаў з XYI да другой паловы XYIII стст. была зафіксавана на польскай мове, а з XIX ст. і на сучасны момант амаль заўсёды іх фіксацыя адбываецца на рускай мове.

Даследчык беларускай урбананіміі Г. М. Мезенка, улічваючы гістарычныя і культурна-грамадскія ўмовы развіцця ўнутраных назваў, прапануе тысячагадовую гісторыю ўрбананімікі падзяліць на два перыяды: 1) перыяд данацыянальнага развіцця беларускіх унутрыгарадскіх назваў; 2) нацыянальны перыяд.

Унутрыгарадскія назвы першага перыяду – гэта перш за ўсё назвы цэркваў, сабораў, манастыроў, замкаў на старажытнарускай мове (XI--XIII стст.). З XIY да сярэдзіны XYI стст., калі ў склад ВКЛ былі ўключаны Полацкае і Віцебскае княствы, акрамя назваў будынкаў, фіксуюцца гарадскія харонімы і першыя гадонімы на старабеларускай мове. У другой палове XYI ст. – першай палове XYIII ст. беларускія гарады знаходзяцца ў складзе Рэчы Паспалітай, дзе абслугоўванне ва ўсіх сферах жыцця адбываецца на польскай мове. Другая палова XYIII ст. – пачатак XX ст. – ўз’яднанне частак беларускіх зямель з Расіяй, што прывяло да фіксацыі і ўжывання ўнутрыгарадскіх аб’ектаў на рускай мове.

Нацыянальны перыяд таксама не характарызуецца стабільнасцю. З 1919 г. па 1929 г. адбываецца працэс беларусізацыі. У гэты часавы адрэзак урбанонімы пераводзяцца на беларускую мову, аднак з 30-х і па 1985 гг. зноў адбываецца іх вяртанне на рускую мову. З 1985 г. і па наш час унутрыгарадскім аб’ектам Беларусі паступова вяртаецца нацыянальная форма.

Беларуская ўрбананімія ўпершыню пачала вывучацца ў 70-я гг. мінулага стагоддзя. Аб’ектам аналізу былі онімы г. Мінска (Жучкевич В. А. Улицы помнят: История, события, люди в названиях улиц и площадей города-героя Минска), Віцебска (Мезенка Г. М. Структурна-граматычныя тыпы урбанонімаў г. Віцебска 1838 і 1889 гг.). Паглыбленае вывучэнне беларускай урбананіміі пачалося з 90-х гг. Г. М. Мезенка [7--10]. Аўтар прасачыла гісторыю фарміравання асноўных структурна-граматычных і семантычных тыпаў урбанонімаў і спосабы іх утварэння.

Гадонімам Гомеля таксама прысвечана некалькі артыкулаў, у якіх апісваюцца асобныя тэматычныя групы назваў цэнтральных лінейных аб’ектаў абласнога горада [4] (іх усіх жа – 644). Утварэнне старажытнага гаданімікону Гомеля дэталёва прасачыў А. Ф. Рогалеў [6, с. 141--203]. Урбанонімы іншых населеных пунктаў Гомельскай вобласці, што маюць статус горада або гарадскога пасёлка (большасць з іх – раённыя цэнтры), буйных вёсак даследуюцца Н. А. Багамольнікавай [1, с. 101--126]. Яе ўвага скіравана на вывучэнне сучаснага стану адзначанага пласта лексікі Гомельшчыны на лексіка-семантычным і структурна-граматычным узроўнях. Крыніцай даследавання з’яўляюцца найменні лінейных аб’ектаў абласнога горада, 20-і раённых цэнтраў і іх вёсак (зафіксавана 833 назвы, якія абслугоўваюць 3835 аб’ектаў).

Значную частку лінгвасеміятычнай прасторы сучаснага горада складаюць назвы прадпрыемстваў і ўстаноў рознага профілю – ойкадамонімы. Асобныя анамасты, у прыватнасці В. Н. Міхайлаў, А. В. Супяранская, лічаць ойкадамонімы пераходнымі з’явамі паміж імёнамі ўласнымі і намінальнымі. Так, А. В. Супяранская вызначыла асноўныя прыкметы онімаў: 1) суаднясенне імя з пэўным, вызначаным, адзінкавым аб’ектам, а не з цэлым класам рэчаў; 2) нявызначанасць дэнатаната імя, адсутнасць сувязі з паняццем; 3) немагчымасць ужывання імя ў адзіным ліку для пазначэння ўсіх прадстаўнікоў дадзенага віду ці роду [12, с. 135]. На падставе дадзеных крытэрыяў не ўсе назвы прадпрыемстваў і ўстаноў можна аднесці да разраду ўласных найменняў. Аднак з прычыны таго, што гэтыя найменні таксама з’яўляюцца індывідуальнымі назвамі адзінкавых аб’ектаў, большасць даследчыкаў у вобласці анамастыкі лічаць магчымым уключэнне іх у разрад онімаў і адназначна разглядаюць іх як імёны ўласныя.

На жаль, ойкадамонімы беларускіх гарадоў не былі яшчэ аб’ектам пільнай увагі даследчыкаў, не атрымалі належнага асвятлення ў тапанімічнай літаратуры, хаця гэта таксама багацейшы матэрыял для даследчыкаў гарадоў, мовы, культуры, традыцый.

Першыя крокі зроблены аўтарам гэтага дапаможніка па вывучэнні адзначанага пласта на Гомельшчыне, якая ў сваіх працах на фактычным матэрыяле г. Гомеля і раённых цэнтраў гг. Веткі, Добруша і Лоева, што знаходзяцца на памежжы з Украінай і Расіяй, выявіла лексіка-тэматычныя групы лексікі, задзейнічаныя ў якасці матыватараў ойкадамонімаў, і прасачыла іх тыпы матывацыі, а таксама вылучыла іх асноўныя словаўтваральныя групы [2, 3].

Як бачна, пры вывучэнні ўрбанонімаў лінгвісты карыстаюцца ў асноўным дыяхранічным і сінхранічным падыходамі. Дыяхранічны аспект выкарыстоўваюць тады, калі неабходна паказаць, як гістарычныя падзеі ўздзейнічалі на фарміраванне ўрбананімікону. Былі выкарыстаны і наступныя метады аналізу фактычнага матэрыялу: апісальны як асноўны, супастаўляльны, структурны, тыпалагічны, элементы статыстычнага і арэальнага метадаў.

1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка