Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт




старонка2/4
Дата канвертавання14.03.2016
Памер0.63 Mb.
1   2   3   4

Літаратура
1. Беларуская мова: Энцыклапедыя; пад рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.] – Мінск: БелЭн, 1994. – 655 с.

2. Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии: словарь / В. А. Жучкевич. – Минск: Изд-во БГУ, 1974. – 448 с.

3. Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды / В. П. Лемцюгова. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.

4. Успенский, Л. Загадки топонимики / Л. Успенский. – М.: Наука, 1976.


Трэніровачныя практыкаванні
Практыкаванне 1. Назавіце і ахарактарызуйце беларускія тэонімы.
Практыкаванне 2. Запішыце вядомыя вам імёны этнасаў, што пражываюць на тэрыторыі Беларусі.
Практыкаванне 3. Карыстаючыся рознымі даведнікамі, складзіце спіс ідэонімаў Гомельскага рэгіёна.

Пытанні і заданні для самакантролю
1. Назавіце аб’ект і задачы даследавання анамастыкі.

2. Якое месца займае анамастыка сярод іншых дысцыплін?

3. Якія раздзелы анамастыкі вы ведаеце?

4. Назавіце асноўныя функцыі онімаў.

5. Як вы разумееце сэнс выказванняў вядомых беларускіх і рускіх даследчыкаў онімаў?

Онімы – гэта “мова зямлі”, што не паддаецца фальсіфікацыі, онімам “мінулыя эпохі, зніклыя народы і культуры даверылі… берагчы памяць пра сябе” (В. П. Лемцюгова);

Анімічныя адзінкі – у гісторыі, а гісторыя – у анімічных адзінках. (Г. М. Мезенка).

У “Мове зямлі” старажытныя абарыгены краю ўпісалі сваё жыццё ў гісторыю будучых пакаленняў больш трывала, чым упісалі сваё імя ў гісторыю будучыя палкаводцы старажытных цывілізацый, якія пакінулі свае пісьмены высечаныя на камені ( І. П. Філевіч)

Пацвердзіце сваю думку ўласнымі прыкладамі.





    1. Аспекты даследавання анамастыкі

Тэрмін аспект (ад лац. aspectus ‘погляд’) мае наступныя тлумачэнні: а) пункт погляду, з якога ацэньваецца з’ява, паняцце; б) знешні выгляд расліннага згуртавання ў залежнасці ад складу раслін і часу года [1, т. 1, с. 38]; в) разуменне чаго-небудзь у пэўнай плоскасці [7, т. 1, с. 286].

Аспект анамастычнага даследавання – перспектыва, у якой разглядаецца вывучаемая з’ява, той яе бок, які спецыяльна цікавіць даследчыка [4, с. 38]. Існуе некалькі аспектаў анамастычнага даследавання. Разгледзім асноўныя з іх.

Геаграфічны аспект – устанаўленне ўплыву геаграфічнага асяроддзя на любое ўласнае імя, у тым ліку даследаванне мясцовых дыялектных лексем, фанем, марфем, міграцыі імён, устанаўленне анамастычных арэалаў. Адзначаны аспект найчасцей прымяняецца ў тапаніміцы, радзей – у антрапаніміконе, касмонімах. Так, на першы погляд, назва Ахоцкае мора матывуецца апелятывам ахота. Аднак наяўнасць ракі Акота, што ўпадае ў мора, дазваляе ў назве мора пераканаўча “ўбачыць” у скажонай форме гэты гідронім.

Гістарычны аспект – даследаванне сувязей паміж з’яўленнем і функцыямі ўласных імён і эпохай; ва ўласна гісторыка-культурным плане і ў плане гісторыі мовы. Напрыклад, горад Пушкін, што пад Санкт-Пецярбургам, раней называўся Царскае Сяло. Да 1917 года там была летняя рэзідэнцыя царскай сям’і, таму паходжанне назвы здаецца ясным. Але відавочная яснасць – пастка для анамастаў. Яшчэ ў Г. Дзяржавіна і маладога А. Пушкіна гэтая мясцовасць называецца Сарскае Сяло. Назва ж па паходжанні эстонская і ўтварылася першапачаткова ад мыса Саары (саары ‘востраў’). Насельніцтва пераасэнсавала незразумелую назву. Гістарычны аспект мяркуе храналагізацыю ўласных імён.

Паходжанне назвы ракі Северны Данец – самага вялікага прытока Дона – дапамагаюць вызначыць геаграфічны і гістарычны аспекты адначасова. У басейне Дона адсутнічае прыток Паўднёвы Данец, таму Северны – скажэнне ад Северскі, па імені старажытнага племені севяран, у чыёй зямлі браў пачатак і працякаў Данец.



Лексікаграфічны аспект – апісанне ўласных імён у спецыяльных анамастычных слоўніках (гл. навукова-метадычныя матэрыялы). Спецыфіку такіх слоўнікаў вывучалі В. Э. Сталтмане [6], С.У. Шахоўская [8].

Лексікалагічны аспектінвентарызацыя матэрыялу, апісанне ўласных імён у сістэме, генетычны аналіз, параўнанне з апелятывамі.

Лагічны аспект – выяўленне суадносін з паняццем і аб’ектам, што носіць імя. Прывядзём наступныя прыклады. У афіцыйнай перапісцы часоў Івана Грознага шведскую сталіцу называлі Сцякольна па той прычыне, што ў тагачаснай Маскве вокны былі са слюды і шкло Стакгольма многіх здзіўляла. Каля Мінска з’явілася чыгуначная станцыя Сцяпянка. Па назве можна меркаваць, што пад горадам пачынаецца стэп. Але логіка падказвае: такі характар ландшафту не характэрны для нашай рэспублікі і матывацыю патрэбна шукаць у самой мясцовасці, дзе шырока распаўсюджаны назвы Слепня і Сляпянка (так называюцца адпаведна рака і вёска). Памылка ў гэтай назве (літара “ц” замест літары “л”) была дапушчана, мяркуюць, на тапаграфічнай карце, яе перанеслі затым у 9 т. “Расіі” пад рэд. Сямёнава-Цянь-Шанскага. Логіка дапамагае зразумець сэнс адной з мянушак героя аповесці Я. Брыля “Сірочы хлеб” Даніка (Жабрак).

Псіхалагічны аспект – выяўленне таго ўздзеяння на чалавека, якое мае імя падчас яго функцыянавання ў мове, выкарыстання ў тэксце, яго стварэння, найменавання і перайменавання, выяўленне пачуццяў і думак таго, хто дае імя. Уласныя імёны выклікаюць радасць, нянавісць, раздражненне, знявагу і г. д. Так, старажытная назва яўрэйскай народнасці жыд, што зафіксавана большасцю гістарычных лінгвістычных крыніц, атрымала пазней адмоўную канатацыю.

Сацыялагічны аспект – даследаванне з’яў, у якіх адлюстравалася сацыяльная гісторыя, культаралагічныя асаблівасці грамадства, уплыў моды, стандартызацыя і іншыя экстралінгвістычныя фактары. Напрыклад, анамасты з цікавасцю прааналізавалі прычыны з’яўлення ў першыя гады Савецкай улады ў іменнаслоўнай сістэме так званага “анамастычнага буму”. Менавіта тады ўзніклі імёны тыпу Вілорый, Кім, Рэм, Рэўдзіт.

Семасіялагічны аспект – выяўленне апелятыўных груп лексікі, што найбольш актыўна ўдзельнічае ў другасных намінацыях онімаў.

Семнатычны аспект – вывучэнне адносін уласнага імя да іншых знакавых сістэм; даследаванне знакавасці саміх уласных імён унутры асобных анімічных сістэм, што даюць веды ў галіне гісторыі, сучаснага функцыянавання духоўнай культуры.

Тыпалагічны аспект – паказ падобных анімічных з’яў: характар сувязі імя з названым і аб’ектамі, матывы намінацыі, шляхі пераўтварэння імён у працэсе трансанімізацыі, падабенства структурных і семантычных мадэлей пабудовы імён асобных тыпаў. Існуе аспект у самім анімічным матэрыяле. Тыпалагічныя даследаванні даюць вынікі і для лінгвагеаграфіі, дыялекталогіі, арэальнай лінгвістыкі, гісторыі моўных кантактаў, гісторыі засялення тэрыторыі.

Тэрміналагічны аспект – стварэнне новых тэрмінаў для новых паняццяў, выкарыстанне іх у даследчай рабоце, уніфікацыя тэрмінаў, што ўзніклі стыхійна: антропафармант -ск-, топафармант, тэрмін-індыкатар. Спецыфічнымі тэрмінамі анамастыкі з’яўляюцца і назвы раздзелаў гэтай галіны навукі (гл. тэму 1). Анамастычная тэрміналогія ўкладзена рускім анамастам Н. У. Падольскай у спецыяльны слоўнік [4].

Этнаграфічны аспект – даследаванне этнічнай гісторыі і этнічных працэсаў, якія ўплываюць на ўласныя імёны, у тым ліку міграцыі народаў і іх імён, кантактаў і ўзаемаўплыву этнасаў, змены этнасаў на дадзенай тэрыторыі, а таксама ўзаемадзеяння назваў этнасаў на іншыя катэгорыі ўласных імён. Напрыклад, перасяленне немцаў, яўрэяў у Паволжа і на Далёкі Усход пашырыла мясцовы анамастыкон найменнямі нямецкага і яўрэйскага паходжання. Найменне чыгуначнай станцыі Татарка на лініі Мінск – Гомель сведчыць пра былое пасяленне татар. “Сляды” татар прасочваюцца і ў айконімах Татарынавічы, Татар’я (Драгічынскі р-н), Татарск (Аршанскі р-н), Татарская (Валожынскі р-н), Татаршчына, Татары (прадуктыўна) [2, с. 371]. Даследаванне назваў плошчы Бангалор у Мінску і вуліцы Клермон-Феран у Гомелі выявіла новы прынцып матывацыі ў сучаснай гаданіміі (у гонар гарадоў-пабрацімаў).

Юрыдычны аспект – устанаўленне катэгорый уласных імён, што маюць у дадзенай дзяржаве ў канкрэтную эпоху прававы статус, у тым ліку пашпартныя афіцыяльныя імёны, назвы дзяржаў, частак іх адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, устанаўленне афіцыйнай стандартызаванай формы імён, вызначэнне анімічных працэсаў юрыдычнага характару. Гэта і нараканне ўласным імем немаўлят, змена імён і прозвішч, розныя перайменаванні, прысваенне імён геаграфічным аб’ектам. Так, падчас наракання бацькамі дзяўчынкі іменем Гэля работнікі ЗАГСа павінны яе зарэгістраваць толькі ў поўнай форме – Галіна.

Падчас даследавання аспекты разгляду онімаў вельмі часта ўзаемадзейнічаюць паміж сабою.


Літаратура
1. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў: у 2 т. Т. 1.: А–Л – Мінск: БелЭн, 1999. – 736 с.

2. Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии: словарь / В. А. Жучкевич. – Минск, Изд. БГУ, 1974. – 448 с.

3. Имя и судьба. – Тетра-К, 2006. – 379 с.

4. Подольская, Н. В. Словарь русской ономастической терминологии: науч. изд. / Н. В. Подольская. 2-е изд., перераб. и доп. – М.: Наука, 1988. – 192 с.

5. Принципы топонимики: материалы совещания АН СССР. Отделение литературы и языка, Географическое общество СССР. Московский филиал. Топонимическая комиссия. – М., 1964. – 150 с.

6. Сталтмане, В. Э. К вопросу о спецыфике ономастических словарей / В. Э. Сталтмане // Материалы лексикографической конференции в Воронове. – М., 1987.

7. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы [Тэкст ]: у 5 т. / гал. рэдакцыя БелСЭ; пад агульн. рэд. К.К. Атраховіча (К. Крапівы). Т. 1: А – В [рэд. М.П. Лобан]. – Мінск: гал рэд. БелСЭ імя П. Броўкі, 1977. – 608 с.

8. Шахоўская, С.У. Беларуская анамастычная лексікаграфія: фарміраванне, сучасны стан, вектары развіцця / С.У. Шахоўская; навук. рэд. П.А. Міхайлава. – Мн.: Красная звезда, 2012. – 258 с.



Трэніровачныя практыкаванні
Практыкаванне 1. Успомніце мянушкі галоўнага героя аповесці Я. Брыля “Сірочы хлеб” Даніка. Прымяніце магчымыя аспекты для іх характарыстыкі.
Практыкаванне 2. Вызначце значэнне вашага ўласнага імя. Ці ўплывае яно на ваш характар? Які гэта аспект даследавання?
Практыкаванне 3. Вызначце афіцыйную стандартызаваную форму імён Бокша, Гандзя, Данік, Занько, Талян, Тося, Туся, Церах, Улюта, Янка.

Пытанні і заданні для самакантролю
1 Што ўключае паняцце “аспект даследавання”?

2 Назавіце аспекты даследавання анамастычных назваў і раскрыйце іх сутнасць.


1.3 Метады вывучэння анамастыкі
Метад (ад фр. methode, ад грэч. methodеs) – 1) спосаб пазнання, даследавання з’яў прыроды і грамадскага жыцця, напр., эксперыментальны метад); 2) прыём, сукупнасць прыёмаў у практычным ажыццяўленні чаго-небудзь, дасягненні практычнай мэты (напр., метад навучання) [1, т. 2, с. 5]. Анамастычны метад – спосаб пазнання даследавання з’яў у вобласці анамастыкі.

Анамастычны матэрыял мае свае асаблівасці, таму падчас вывучэння онімаў карыстаюцца агульнанавуковымі, спецыфічнымі анамастычнымі і лінгвістычнымі метадамі.

Да агульнанавуковых метадаў адносяцца аналіз, сінтэз, параўнанне, абагульненне і інш.

Метад аналізу заключаецца ў навуковым даследаванні матэрыялу шляхам расчлянення цэлага на састаўныя часткі (параўн.: аналіз мастацкага твора).

Метад сінтэзу (ад грэч. synthesis ‘злучэнне, спалучэнне’) – абагульненне дадзеных аналізу ў навуковым даследаванні са злучэння больш простага ў складанае.



Метад параўнання дазваляе супаставіць з’явы для выяўлення падабенства ці розніцы або перавагі чаго-небудзь у адносінах аднаго з другім.

Метадам абагульнення карыстаюцца пры падвядзенні вынікаў па вывучэнні асобных навуковых з’яў, фактаў.

Да спецыфічна анамастычных метадаў належаць тэксталагічны, арэальны, генетычны, дэскрэптыўны (апісальны), картаграфічны, стратыграфічны метады, метад рэканструкцыі.



Арэальны метад – выяўленне, устанаўленне арэалаў дадзенай анамастычнай з’явы для параўнальнага аналізу. Адзначаны метад суправаджаецца картаграфічным. Так, пры яго дапамозе, напрыклад, выяўляюцца мясцовасці, дзе распаўсюджаны найменні населеных пунктаў з кампанентамі тыпу Буда, Рудня, назвы, што маюць фармант -ічы/-ычы і г. д.

Генетычны метад – параўнанне ўласных імён (або іх утваральных асноў – апелятываў) у розных мовах, калі ёсць агульныя кампаненты: марфемы, корань, гукавое падабенства. Гэты метад прымяняецца для выяўлення роднасных сувязей паміж рознымі імёнамі і для ўстанаўлення заканамерных сувязей з імем-архетыпам. Напрыклад, у аснове найменняў беларускіх рэк Прыпяць, Пціч, рэк іншых славянскіх зон – Гнілап’яць, Гнілап’ятка, Пят, Чарнапет, Іпапет, Яполоть, гары ў Чэхіі Прыпет вылучаецца старажытная частка пц, пьт, г. зн. пят, пет, пат. Даследчыкі храналагічна ўзводзяць назвы з коранем пет да інд.-еўр. перыяду і ўстанаўліваюць яго наступныя значэнні: ‘хутка рухацца, пашырацца’.

Дэскрыптыўны, ці апісальны метад – паслядоўнае апісанне ўласных імён і розных анамастычных з’яў вывучаемага рэгіёна, помніка пісьменнасці і г.д. Гэты метад ляжыць у аснове апісальнай анамастыкі.

Картаграфічны метад – даследаванне аб’ектаў пры дапамозе карты. Адзначаны метад мае два аспекты:

а) выкарыстанне гатовых спецыяльных карт у якасці крыніцы тапанімічнага матэрыялу і для ўстанаўлення заканамернасцей тапанімічных з’яў;

б) састаўленне спецыяльных тапанімічных карт для вывучэння “геаграфіі” адпаведных з’яў (“малых тыпаў”). Гэта і выяўленне рэдкіх тапонімаў на дадзенай тэрыторыі і выкарыстанне іх для паглыбленага вывучэння больш частотных тапонімаў і вялікіх тапанімічных масіваў.

Метад рэканструкцыі – устанаўленне першапачатковай формы ўласных імён (ПрыпяцьПрипеть, МінскМенеск і г.д.).

Стратыграфічны метад – даследаванне анамастычнага матэрыялу або працэсаў у іх храналагічнай паслядоўнасці пры супастаўленні сінхронных зрэзаў.

Статыстычным метадам вывучаюць колькасныя суадносіны паміж геаграфічнымі аб’ектамі і іх назвамі. Так, напрыклад, на Гомельшчыне назва Алёс абслугоўвае 7 гідранімічных аб’ектаў, Воўчае балота – 4, Вялікае – 11, Дубавое – 7, Краснае – 9, Савіны рог – 5.

Геаграфічны метад выясняе сувязі паміж геаграфічнымі аб’ектамі і іх назвамі.

Анамастыка, з’яўляючыся лінгвістычнай дысцыплінай, у даследаванні матэрыялу выкарыстоўвае і лінгвістычныя метады. Да лінгвістычных метадаў адносяцца наступныя: структурны, тыпалагічны, фармантны, этымалагічны, параўнальна-гістарычны, словаўтваральны.



Словаўтваральны метад разглядае спосабы ўтварэння ўласных імён.

Структурны метад – даследаванне марфемнай або словаўтваральнай структуры ўласных імён. Пры яго дапамозе выяўляюцца анімічныя мадэлі, асновы, афіксы ў іх. Пры яго дапамозе ўдакладняецца этымалогія ўласных імён.

Тыпалагічны метад – выяўленне падобных анамастычных з’яў і супастаўленне іх у розных мовах, у тым ліку выяўленне ўніверсалій, падабенства, анамастычных тыпаў.

Параўнальна-гістарычны метад дазваляе прасачыць паступовыя змены тапаніміі дадзенага рэгіёна за працяглы час.

Фармантны метад патрабуе вычлянення фарманта ўласных імён і ўстанаўлення анамастычнага раду на аснове ідэнтычнасці фармантаў у дадзенай групе. Гэты метад цесна звязаны са структурным. Напрыклад, у тапонімах Добрыч, Ведрыч, Пціч наяўнасць агульных фармантаў -ыч, -іч дазваляе выявіць правільна каранёвыя марфемы.

Этымалагічны метад – устанаўленне этымалогіі ўласнага імя або цэлай групы імён.

Метады даследавання выбіраюцца даследчыкамі ў адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі і задачамі ў адносінах да вывучаемага матэрыялу.


Літаратура
1. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў: у 2 т. Т. 2: М–Я / А. М. Булыка. – Мінск: БелЭн, 1999. – 736 с.

2. Подольская, Н. В. Словарь русской ономастической терминологии: науч. изд. / Н. В. Подольская. 2-е изд., перераб. и доп. – М.: Наука, 1988. – 192 с.

3. Поспелов, Е. М. Топонимика и картография / Е. М. Поспелов. – М.: Мысль, 1971. – 256 с.
Трэніровачныя практыкаванні
Практыкаванне 1. Карыстаючыся картаграфічным метадам, на геаграфічнай карце Гомельскай вобласці адзначце назвы населеных пунктаў, якія заканчваюцца ічы/-ычы. Устанавіце прычыну такой мадэлі намінацыі.
Практыкаванне 2. Карыстаючыся картаграфічным метадам, на геаграфічнай карце Гомельскай вобласці адзначце назвы населеных пунктаў, у склад якіх уваходзіць онім Буда. Устанавіце прычыну ўзнікнення мадэлі намінацыі.
Практыкаванне 3. Карыстаючыся картаграфічным метадам, на геаграфічнай карце Гомельскай вобласці адзначце назвы населеных пунктаў, у склад якіх уваходзіць онім Рудня. Устанавіце прычыну ўзнікнення мадэлі намінацыі.
Практыкаванне 4. Доказна ўстанавіце, якімі яшчэ метадамі суправаджаецца картаграфічны метад падчас працы з вышэй названымі імёнамі.

Пытанні і заданні для самакантролю
1. Дайце вызначэнне паняцця “ метад даследавання”.

2. Якімі агульнанавуковымі метадамі даследавання карыстаюцца ў анамастыцы?

2 Назавіце спецыфічныя анамастычныя метады даследавання.

3. Якія з лінгвістычных метадаў прадуктыўна выкарыстоўваюцца ў анамастыцы?



1.4 Асноўныя адзінкі і паняцці анамастыкі, яе віды і этапы вывучэння
Як раздзел мовазнаўства анамастыка аперыруе сваімі адзінкамі, паняццямі, тэрмінамі. Разгледзім асноўныя з іх.

Апелятыў (ад лац. appellativum) – агульнае імя, што супрацьпастаўлена імені ўласнаму (рэспубліка, горад, вёска, рака).

Онім – супрацьлеглае апелятыву імя. Онім у адрозненне ад апелятыва мае энцыклапедычнае значэнне (Беларусь, Гомель, Пакалюбічы, Сож).

Апелятывацыя, ці дэанімізацыя – пераход уласнага імя ў агульнае. Напрыклад, агульныя імёны (назвы прадметаў, навуковыя паняцці) фарміруюць імёны вынаходнікаў: фр. A. Ampereампер, англ. O. Winchesterвінчэстэр, фр. G. Galiffe галіфэ, іт. A. Voltaвольт. Схільнасці людзей перадаюцца праз імёны, прозвішчы біблейскіх і літаратурных герояў: іуда, донжуан, гарлахвацкі, туляга. Апелятывацыя можа быць поўнай і няпоўнай.

Анімізацыя – пераход апелятываў або словазлучэнняў ва ўласныя імёны праз змену функцыі і далейшае іх развіццё ў любым класе оніма. Напрыклад: лілія → Лілія, сасновы бор → р.п. Сасновы Бор (Св.), рэчкі → в. Рэчкі (Ветк.), белы бераг → в. Белы Бераг (Нар.). Анімізацыя мае дзве разнавіднасці: а) граматычную, у якой працэс праходзіць з дапамогай службовых марфем: афіксацыя, плюралізацыя, сінгулярызацыя, складанне, зрашчэнне, сінтаксічны спосаб: лука → Прылукі, красны бераг → Красны Бераг; б) семантычную, без фармальнай змены структуры апелятыва: барок → Барок, штаны → Штаны, круг → Круг.

Трансанімізацыя – пераход аднаго віда оніма ў другі: р. Волга → п. Волга (Рэчыцкі раён), гара Пальміра → п. Пальміра (Хойніцкі раён), Роза Люксембург → в. Роза Люксембург (Ельскі раён).

Анімічная прастора – комплекс уласных імён усіх класаў, што ўжываюцца ў мове дадзенага народа ў дадзены перыяд для найменавання рэальных, гіпатэтычных і фантастычных аб’ектаў.

Анамастыкон – слоўнік ці спісак любых уласных імён, звычайна ствараецца асобна па відах онімаў.

Анімічныя ўніверсаліі – заканамернасці, якія назіраюцца ва ўсіх ці амаль ва ўсіх уласных імёнах і анімічных сістэмах розных эпох, тэрыторый і моў, што сведчаць аб аднолькавых прынцыпах намінацыі.

Анімічны кантынуумсукупнасць тэрыторый, на якіх назіраюцца аднолькавыя ці падобныя ўласныя імёны па гучанні, каранях, марфемах (астатняя тэрміналогія прыводзіцца ў раздзелах анамастыкі, якія разглядаюцца аўтарам).

У залежнасці ад накірунку даследаванняў анамастыка падзяляецца лінгвістамі на некалькі відаў.

Раздзел анамастыкі, які вывучае любыя ўласныя імёны ў творах мастацкай літаратуры (іх яшчэ называюць паэтонімамі), прынцыпы іх стварэння, стыль, функцыянаванне ў тэксце, успрыняцце чытачом, а таксама эстэтычныя ўстаноўкі аўтара, яго светапогляд, называецца паэтычнай анамастыкай. Аб’ектам даследавання можа быць адзін твор або цыкл твораў гэтага аўтара, творы групы аўтараў, што адносяцца да аднаго кірунку (рэалісты, сатырыкі, сімвалісты, рамантыкі і г.д.). Паэтычная анамастыка цесна звязана з літаратуразнаўствам, выкарыстоўвае многія яго тэрміны. У самой паэтычнай анамастыцы выдзяляецца паэтычная антрапаніміка, што вывучае паэтонімы – паэтычнае імя ў мастацкай літаратуры, якое мае стылістычную і ідэалагічную функцыю. Паэтонімы звычайна адносяцца да выдуманых імён, хаця многія маюць прататыпы. Але любы клас оніма можа быць паэтычным.

Прыкладная анамастыка – асобы накірунак анамастычных даследаванняў, які звязаны з практыкай устанаўлення формы, націску, вымаўлення, транскрыпцыі, арфаграфіі, норм скланення, устанаўленне нарматыўных мадэлей адтапонімных утварэнняў – ад’ектонімаў (прыметнікаў) і катайконімаў (назваў жыхароў). Напрыклад: Касцюкоўка → касцюкоўскі, а Касцюковічы → касцюковіцкі, Антонаў → антонаўскі, Антонаўка → антонаўкаўскі (а не антонаўскі) (ад’ектонімы).

Рэгіянальная анамастыка – накірунак анамастычных даследаванняў, што звязаны з канкрэтнай мясцовасцю, тэрыторыяй, з мясцовай анамастычнай падсістэмай. Рэгіянальная анамастыка можа вывучаць онімнае поле (тапонімы, антрапонімы і г. д.) комплексна. Яе мэта – выяўленне спецыфікі імён на дадзенай тэрыторыі і сувязей з суседнімі ці аддаленымі тэрыторыямі. Рэгіянальная анамастыка цесна звязана з дыялекталогіяй, этнаграфіяй, краязнаўствам. Так, веданне дыялектных лексем дапамагае ўстанавіць матывацыю наступных онімаў: б. Вельскае (вельскі ‘вялікі, вялікая забалочанасць’), Вішанскае балота (віш ’багністае балота, на якім траву косяць па лёдзе’), б-ы Мерва, Краколь (‘рэдкае, вязкае, зыбучае’), Небец (‘з вокнамі’), Караваткі (кара ‘верхні засохлы слой’). Прозвішча беларускага пісьменніка Рамана Сабаленкі паходзіць ад назвы вёскі Сабалі, у якой ён нарадзіўся.

Тэарэтычная анамастыка – анамастычныя даследаванні, што накіраваны на ўстанаўленне агульных заканамернасцей развіцця і функцыянавання анімічных сістэм, на выяўленне анімічных універсалій і спецыфічных анімічных (прапрыяльных) характарыстык.

Агульная анамастыка вывучае ўсё ў сукупнасці.

Большасць даследчыкаў у вывучэнні анамастыкі вылучае тры этапы:

1) данавуковы – да XIX ст., г. з. да выкарыстання параўнальна-гістарычнага метаду для тлумачэння ўзнікнення назваў. Ён характарызуецца аматарскім падыходам да тлумачэння імён. Напрыклад, Гомель ад Го-го! Мель! Менеск ад мяняць;

2) XIX ст. – пачатак XX ст. У гэты перыяд адбываецца станаўленне навукі. Тапанімічны матэрыял характарызуецца ў сувязі з гістарычнымі і геаграфічнымі дадзенымі на аснове параўнальна-гістарычнага метаду;

3) навуковы – з 20-х, 30-х і асабліва з 50-х гг. XX ст. У гэты перыяд анамастыка набывае статус самастойнай навукі (пачынаючы з 50 – 60 гг.). Дагэтуль дысцыпліна лічылася дапаможнай, ёю займаліся спецыялісты па розных галінах ведаў, якія ўнеслі свой падыход, тэорыі, метады (як, напрыклад, географ В. А. Жучкевіч). Роля анамастычных дадзеных спачатку недаацэньвалася, затым да аналізу онімаў падключыліся лінгвісты, і вывучэнне матэрыялу пачалося лінгвістычнымі метадамі. Аднак анамастыка як частка лінгвістыкі не зусім уключаецца ў яе рамкі, так як знаходзіцца на стыку геаграфіі, гісторыі, цесна звязана з этнаграфіяй, археалогіяй, сацыялогіяй [4].

1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка