Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт




старонка2/3
Дата канвертавання14.03.2016
Памер0.75 Mb.
1   2   3

Лекцыя 2 Сучасная ўкраінская проза
1 Тыпалагічная характарыстыка сучаснай украінскай прозы

2 Уплыў паэтыкі постмадэрнізму на сучасную ўкраінскую прозу

3 Развіццё ўкраінскай гістарычнай прозы

4 Сучасная “жаночая” проза


1 Тыпалагічная характарыстыка сучаснай украінскай прозы
Проза 90-х – гэта літаратура стылёвых пошукаў, змен у самой апавядальнай сферы тэксту: нарацыя набывае інтымны, спавядальны характар або набліжаецца да эсэістыкі, публіцыстыкі, узмацняецца цікавасць да смехавой культуры, актуалізуецца гульня са словам, яго сэнсам, гучаннем, прыкметнай адзнакай некаторых тэкстаў становіцца аб’яднанне элементаў абсурду, фантастыкі, містыкі.

Гэтыя дынамічныя з’явы ў мастацкай свядомасці 90-х спрычініліся да ўзнікнення якасна розных па сваіх светапоглядных характарыстыках, апавядальнай манеры і жанрава-стылёвых тэндэнцыях літаратурных з’яў.

Новыя літаратурныя формы ўзнікаюць не толькі на мяжы з іншымі жанрамі, але і родамі літаратуры, відамі мастацтва. Змянілася пазіцыя аўтара, дамінуе часавая інверсія, што выразна адлюстравалася ў кампазіцыі і сэнсавых акцэнтах празаічных твораў.

Мантажнасць і калажнасць становяцца адным з галоўных прынцыпаў эпічнай цыклізацыі сучаснай украінскай прозы. Асацыятыўнасць счаплення асобных эпізодаў стварае ілюзію свабоды ад жорсткага плана, ускладненасці пабудовы.

Украінская проза сёння шырока прадстаўлена творамі М. Маціос, Г. Пагуцяк, В. Шаўчука, Т. Малярчук, О. Ульяненкі, В. Мядзвідзя, Я. Пашкоўскага, Ю. Вінічука, Ю. Іздрыка, В. Кананенкі і інш.

Сярод новых жанравых азначэнняў сучаснага ўкраінскага рамана вылучаюць раман “хімерны”, “культуралагічны”, “феміністычны”, “неамадэрнісцкі”, “неапазітывісцкі”, “постмадэрнісцкі” і інш.

Прысутнасць терміна “хімерны” раман сярод жанравых мадыфікацый сучаснага ўкраінскага рамана звязана з распрацоўкай украінскім літаратуразнаўствам напрыканцы 20-га ст. паняцця хімерная проза.

Пад ім разумеюць стылёвы напрамак ва ўкраінскай прозе 60-80-х гг., які ўзнік як адмоўная рэакцыя на пануючы ў тагачасным мастацтве метад сацыялістычнага рэалізму.

Як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі (В. Будны, М. Ільніцкі, М. Паўлышын і інш.), укранская хімерная проза з яе “свядомымі творчымі інтэнцыямі да міфалагічнага інтэртэксту” з’яўляецца “арыгінальнай украінскай версіяй” лацінаамерыканскага магічнага рэалізму.

Магічны рэалізм, як і хімерная проза, здзіўляе чытача падачай фантастычнага і парадаксальнага ў форме рэальнага і нават будзённага.

Сярод літаратурных першакрыніц сучаснай хімерна-магічнай прозы называюць сярэдневечныя легенды, барочнае мастацтва, “гатычны” раман 18-га ст., фантастыку і містыку рамантыкаў.

Для хімернай прозы характэрна творчая арыентацыя на:



  • фальклорныя і міфалагічныя традыцыі;

  • фантасмагарычнае адлюстраванне рэчаіснасці;

  • суб’ектыўны лірычны аповяд;

  • стылістычную поліфанію;

  • прытчавасць сюжэта;

  • тэматычна-вобразную двухпланавасць;

  • парабалічнасць;

  • выкарыстанне метафарычных і алегарычных форм.

Да галоўных прадстаўнікоў украінскай хімернай прозы належаць А. Ільчанка, Е. Гуцал, Ю. Шчарбак, У. Дрозд, Р. Фёдараў і інш.

Выразныя сувязі з украінскай хімернай прозай у сучаснай літаратуры мае творчасць В. Шаўчука.

Проза пісьменніка пазначана смелым наватарствам, працягвае лепшыя традыцыі класічнай украінскай літаратуры.

Творы В. Шаўчука насычаны алегарычным падтэкстам, філасофскімі і інтэлектуальнымі сентэнцыямі, біблейскмі алюзіямі, містычнымі ператварэннямі, адметныя сінтэзам фальклорных і міфалагічных элементаў.

Пісьменннік стварае фальклорна-фантастычныя аповесці і апавяданні з элементамі готыкі, выкарыстоўвае прыкметы барочнага стылю.

Як лічыць Р. Харчук, аўтар “прысвойвае” старыя дыскурсы дзеля ўзбагачэння нацыянальнай культуры”.

Галоўным для герояў В. Шаўчука з’яўляецца захаванне індывідуальнасці ў масавым грамадстве, пастаноўка пытанняў экзістэнцыяльнага характару. Творчую манеру пісьменніка вызначае “ўменне знаходзіць страчаныя сэнсы існавання”(Г. Гарнятка).


  1. Уплыў паэтыкі постмадэрнізму на сучасную ўкраінскую прозу

Развіццё ўкраінскай постмадэрнісцкай прозы сёння звязваюць з імёнамі Ю. Андруховіча, А. Ірванца, Ю. Вінічука, Ю. Іздрыка, Я. Пашкоўскага, А. Ульяненкі, Б. Жолдака і інш.

Асноўным эстэтычным прынцыпам стварэння постмадэрнісцкіх празаічных тэкстаў, што ў вялікай колькасці з’явіліся на Украіне ў 90-х гг., становіцца гульня.

У сучаснай украінскай постмадэрнісцкай прозе пануе прынцып карнавалізацыі дзеяння, адбываецца далейшае знікненне меж паміж высокай культурай і кітчам, расхістванне апазіцый “маральнае-амаральнае”, “сур’ёзнае-несур’ёзнае” і інш.

Інтэлектуальная рэфлексія, пададзеная як раман-гульня, вызначае апавядальную манеру Ю. Іздрыка. Прэзентацыя мастацкай дэталі, сітуацыі, з яе далейшым разгортваннем у межах абсурдысцкай эстэтыкі, пазбаўленне лагічных сувязей у часе і прасторы – галоўная адзнака мастацкай манеры пісьменніка.

Сацыяльны пратэст, філасофскі роздум, метафарызм, “верлібравы стрыжань”, крытыцызм і шматтанальная іронія ў аснове раманнай прозы С. Жадана. Фрагментацыя мастацкай прасторы прыводзіць пісьменніка да стварэння своеасаблівых “саундтрэкаў свядомасці”(Я. Галабародзька), якія цяжка суаднесці з пэўным жанрам: успаміны, замалёўкі, падарожныя нататкі, медытатыўныя рэфлексіі. Сумесь усяго вышэй пералічанага ў межах аднаго твора.

Перанасычанасць алюзіямі, плюралістычнасць аўтарскай пазіцыі, наданне міфічнаму і фантастычнаму дэміургічнай функцыі – вызначальныя рысы раманаў Л. Дэрэша.

Матыў ўнутраных і знешніх падарожжаў у аснове прозы Ю. Вінічука. Блуканні персаанажаў становяцца універсальнай канструкцыяй прозы пісьменніка. Раманы Вінічука існуюць як мастацкая “прастора-фантасмагорыя”.

Раманамі-парабаламі ў сістэме жанравых варыяцый сучаснай прозы з’яўляюцца творы А. Ульяненкі.

1) проза Ю. Андруховіча

Аб’яднанне патэтыкі з іроніяй, схільнасць да стылізатарства характэрныя для прозы Ю. Андруховіча. Галоўнай для ўсіх твораў пісьменніка з’яўляецца праблема пошуку чалавекам уласнай ідэнтычнасці, страчанай у сучасным свеце.

Усе раманы аўтара маюць агульныя рысы і могуць разглядацца як адзіны празаічны цыкл. Герой кожнага з іх – багемны паэт, які апынаецца ў цэнтры магічных і метафізічных ператварэнняў.

Трылогія Ю. Андруховіча “Рэкрэацыі”(1992), “Маскавіяда”(1993), “Перверзія”(1997) – раманы паліфанічныя, у іх мае месца множнасць пунктаў погляду, кампанаванне дзеі.

Аўтар нібы адмаўляецца ад прэтэнзіі на стварэнне аб’ектыўнай мадэлі свету, прапануючы безліч яе версій.

Шырока выкарыстоўваецца ў раманах Андруховіча інтэртэкстуальнасць. Пісьменнік “прачытвае” традыцыйныя вобразы і сюжэты, творы папярэднікаў, своеасабліва пераасэнсоўваючы іх.

Дзякуючы прысутнасці шматлікіх алюзій, рэмінісцэнцый і нават прамых цытат, аўтарам дасягаецца сімвалічная шматзначнасць.

Навідавоку выкарыстанне біблейскіх матываў і вобразаў, якія аб’ядноўваюцца з антычнымі. Адбываецца характэрнае для постмадэрнізму змешванне рэчаіснасці і фантастыкі, прастора міфалагізуецца.

Героі раманаў Андруховіча жывуць у свеце, прасякнутым культурнымі рэаліямі, функцыяніруюць у тэксце як персанажы-алюзіі, своеасаблівыя вобразы-цытаты.

Раманная форма “Рэкрэацый” прадстаўляе сабой складаную сумесь іроніі, парадыйнасці, гульнёвасці, змяшэнне высокіх і нізкіх форм культуры ў крайняй сітуацыі абсурду. У творы іранічна абыгрываецца актуальная праблема адсутнасці духоўнасці ў сучасным грамадстве.

Імправізацыя, пераспеў вядомых твораў, адмова ад стылістычнай еднасці, парадыйнае цытаванне і самацытаванне, рысы ўкраінскага карнавальнага вертэпу – вызначальныя рысы рамана “Маскавіяда”.

Як лічыць Т. Гундарава раман Ю. Андруховіча “Перверзія” – гэта філалагічны эксперымент, у якім спалучаны “элементы парадыйнасці, дэтэктыўнага рамана, адбываецца змешванне розных тыпаў маўлення, фантастыкі і рэальнасці ў сюжэтнасці, выяўляецца сінкрэтызм літараратуры і музыкі, літаратуры і кіно”.

У рамане “Перверзія” пісьменнік асэнсоўвае крызісны стан усяго сучаснага свету і магчымыя шляхі выхаду з гэтага светапогляднага тупіка.

2) проза Я. Пашкоўскага

Проза Я. Пашкоўскага стала адметнай з’явай у сучаснай украінскай літаратуры. Раманы пісьменніка сёння пазначаюць тэрмінамі “постмадэрнізм”, “неамадэрнізм”, “натуралізм” і нават “традыцыяналізм”.

Як лічыць О. Вертыпорах, тэксты Я. Пашкоўскага парадаксальным чынам спалучаюць у сабе рысы розных светапоглядных і мастацкіх сістэм.

Проза пісьменіка – гэта адначасова з’ява постмадэрнізму “як пошуку канструктыўнага, але так і не знойдзенага індывідуалізму” і запярэчанне яму як “эпосе хаосу, невызначанасці, страчанай суб’ектыўнасці”.

Творы Пашкоўскага – вынік рэфлексіі над праблемамі нацыянальнай прасторы, упісанай у кантэкст сучаснай цывілізацыі, роздум над татальнай беспрытульнасцю і жаданнем еднасці са светам чалавека.

Тэксты Пашкоўскага глыбока рэлігійныя, шматлікія біблейскія прытчы і алюзіі ўздзейнічаюць на стылістыку, кампазіцыйнасць яго раманаў.

Традыцыйны спосаб стварэння персанажаў у раманах пісьменніка ўскладняецца прыёмам метафарызацыі. Адбываецца накладванне традыцыйных біблейскіх вобразаў на мастацкую сферу тэкстаў.

Раман-эсэ Я. Пашкоўскага “Штодзённы жэзл”(1999) адметны спробай аўтара праз аўтарэфлексію дашукацца да цэласнага мысленчага вобраза сучаснай эпохі.

Пісьменнік прагне вярнуць чалавецтва да ідэі ўсеагульнага спачування. На думку лірычнага героя рамана, галоўным знакам апакаліптычнага быцця Украіны сёння становіцца жыццё пад знакам чарнобыльскай катастрофы.

Зыход з Чарнобыльскай зямлі ў праэкцыі пісьменніка асацыіруецца з біблейскім зыходам народу з Егіпта, а сама катастрофа з’яўляецца правобразам біблейскага Страшнага суда.

Адной з галоўных праблем рамана з’яўляецца і праблема Часу. Цяпер – гэта смертаносная стыхія, якая ўплывае на дэфармацыю духоўнасці, нівеліраванне сутнасці паняццяў дабра і зла.

3 Развіццё ўкраінскай гістарычнай прозы
Сучасная гістарычная проза на Украіне з’ява цалкам заканамерная і арыгінальная.

Зварот да гістарычнай тэмы ў творчасці сучасных празаікаў абумоўлены неабходнасцю асэнсаваць з пазіцыі сённяшняга дня мінулае і гісторыю народу, асвятліць праблемы паўставання ўкраінскай дзяржаўнасці.

Яшчэ адным аспектам актуалізацыі гістарычнай прозы сёння з’яўляецца патрэба ў асэнсаванні гістарычнай перспектывы нацыі ў кантэксце ўсеагульнай глабалізацыі.

Сучасная ўкраінская проза рэпрэзентавана гістарычнымі раманамі і аповесцямі Ю. Мушкеціка, Р. Іванычука, Р. Фёдарава, П. Заграбельнага, М. Вінграноўскага, О. Лупія, Р. Іванчанкі, В. Маліка, А. Пахучага, Д. Мішчанкі і інш.

Заўважнай мастацкай з’явай у сучаснай гістарычнай прозе з’яўляецца ўзаемапранікненне топасаў мінулага і сучаснага, пашырэнне прасторы гістарычнага і філасофскага мыслення.

Сучасную гістарычную прозу вызначае прысутнасць фальклорна-міфалагічных вобразаў-сімвалаў, аб’яднанне гераічнага і камічнага, наяўнасць прыгодніцкіх сюжэтных ліній.

Пануе рамантычная мадэль гісторыі, адначасовая прысутнасць “вялікага” гістарычнага часу і малага прыватнага часу асобнага чалавека. Прачытанне гістарычных сюжэтаў з маральна-псіхалагічнай пазіцыі, мантажнасць і мазаічнасць кампазіцыі.

Украінскія пісьменнікі пры адлюстраванні падзей абіраюць самыя трагічныя старонкі мінулага, на тле якіх узнікаюць праблемы гістарычнай памяці, гераічнай этыкі, маральнага выбару, суадносін чалавека і свету, чалавека і гісторыі.

Традыцыйна ў сучаснай украінскай прозе мадэліруюцца ўрыўкі айчыннай гісторыі, рэдка выкарыстоўваюцца элементы замежнай.

Галоўнымі аб’ектамі мастацкай цікавасці сучасных пісьменнікаў з’яўляюцца часы ўтварэння Кіеўскай Русі, гісторыя Гетманшчыны і казаччыны.

Асаблівую ўвагу ўкраінскіх пісьменнікаў прыцягваюць супярэчлівыя гістарычныя постаці (княгіні Вольгі, князя Уладзіміра, Міхала Глінскага, Багдана Хмяльніцкага, гетмана Івана Мазепы, Піліпа Орліка і інш.), якія выступаюць у рознай ступені ўмоўнасці: ад вельмі набліжаных да рэальнасці (для стварэння гістарычнага каларыту) да выключна ўмоўных, калі ад рэальнай асобы застаецца толькі імя, напоўненае аўтарскім уяўленнем.

Дзякуючы багаццю ўсвядомленых праблем, рэагаванню на дынаміку жанрава-стылёвых пошукаў у літаратуры канца 20 ст., cамае актыўнае развіццё ва ўкраінскім пісьменстве 90-х атрымаў жанр гістарычнага рамана.

Складаныя ўзаемаадносіны асобы і соцыуму, пошукі чалавекам свайго месца ў свеце з’яўляюцца асноўнымі праблемамі раманістыкі Р. Іванычука.

З канца 60-х гг. мінулага стагоддзя Р. Іванычук працуе над гістарычнай праблематыкай. Мэта празаіка запоўніць шматлікія прагаліны ў высвятленні шматпакутнай гісторыі Украіны, перадаць вопыт мінулых пакаленняў сучаснікам, спрыяць фарміраванню нацыянальнай свядомасці.

Гістарычная проза Іванычука складае пэўны цыкл, аб’яднаны агульнымі падзеямі, героямі і сімволікай.

Чалавек і яго ўнутраны свет з’яўляюцца галоўнай каштоўнасцю ў гістарычнай прозе П. Заграбельнага.

Пісьменнік праз адлюстраванне гістарычных падзей звяртаецца да анталагічных праблем. Яго найперш цікавяць праблемы смерці і бессмяротнасці, прызначэння і сэнсу жыцця.

Сутнасць асобы таксама своеасабліва раскрываецца праз праз адну з галоўных тэм у творчасці П. Заграбельнага любоў у фізічнай і духоўнай яе праявах.

Творчасць Заграбельнага – прыклад актыўнага выкарыстання архетыповага патэнцыялу міфалогіі, функцыяніравання міфапаэтычнага універсуму ў спецыфічным варыянце.

Проза П. Заграбельнага шматзначная і інтэлектуальная, асноўныя яе ідэі набываюць агульначалавечыя вымярэнні.

Эвалюцыя ўкраінскага гістарычнага рамана сёння выражае агульныя напрамкі развіцця ўкраінскай прозы тэндэнцыю да ўзмацнення палемічных праблем грамадскай і нацыянальнай свядомасці, абнаўлення жанравых традыцый, узбагачэння асацыятыўных межаў, пошукаў і эксперыментаў у характаралогіі.

4 Сучасная “жаночая” проза


Як зазначае С. Філаненка, на пачатку 90-х гг. “жаночая проза пачынае ўсведамляць сябе як спецыфічны літаратурны феномен”. Звычайна, паскоранае развіццё жаночай літаратуры ў гэты перыяд звязваюць з узнікненнем украінскай феміністычнай крытыкі, прадстаўленай работамі В. Агеевай, Т. Гундаравай, Н. Збароўскай, А. Забужка, С. Паўлычка і інш.

Пад сучаснай “жаночай” літаратурай трэба разумець творы, “створаныя жанчынамі пра жанчын і для жанчын”.

Жаночая проза – гэта “іншы стыль мыслення і пісьма, іншая манера маўлення, іншы тон”.

Першымі ўзорамі такіх твораў у гісторыі ўкраінскай літаратуры былі асобныя тэксты В. Кабылянскай, Л. Украінкі, О. Тэлігі і інш.

Да сучаснай украінскай “жаночай” прозы правамерна адносіць творы М. Маціос, Л. Демськай, Г. Пагуцяк, Я. Кананенка, Н. Сняданка, І. Карпы, І. Раздабудзька, Т. Малярчук, С. Майданьскай, С. Пыркала, Н. Збароўскай, А. Забужка, С. Андруховіч і інш.

Большая частка “жаночай” прозы фарміруецца ў межах постмадэрнісцкай мастацкай парадыгмы, што абумоўлівае неабходнасць яе разгляду ў кантэксце гэтага культурнага феномена.

Сёння большасць твораў згаданых пісьменніц разглядаецца ў рэчышчы гендэрнай праблематыкі і феміністычнай тэорыі.

У сучаснай украінскай “жаночай” прозе на першы план выхозяць асабістыя і інтымныя перажыванні лірычнай гераінні.

Сучасную ўкраінскую “жаночую” прозу характарызуюць наступныя рысы:

- спавядальнасць інтанацыі;

- разгортванне аповяду ад першай асобы і прысутнасць аўтарскага голасу;

- фрагментарнасць светаўспрымання і замена лінейнай паслядоўнасці падзей афектыўнай;

- цікавасць да экзістэнцыяльнай праблематыкі, з артыкуліраваннем комплексу жаночых праблем нацыянальнага зместу;

- эпатажнасць як галоўны мастацкі прыём;

- псіхалагізм і псіхааналітызм;

- інтэлектуалізацыя;

- гендерная прэзентацыя аўтарскага “я”.

Акрамя таго, для сучаснай “жаночай” прозы характэрны зварот да жанраў дзённіка, аўтабіяграфіі, нататкаў, актыўнае выкарыстанне размоўнага стылю.

Як лічыць Н. Бедзір, сучасная ўкраінская “жаночая” проза сфарміравала новы вобраз лірычнай гераіні – актыўнай творчай асобы, якая абапіраецца на адвечныя каштоўнасці нацыянальнага свету, народную мудрасць і жыццесцвярджальную любоў.

У кантэксце інтэлектуальнай феміністычнай прозы разглядаецца сёння раман А. Забужка “Палявыя даследванні ўкраінскага сэксу”(1996).

Тэкст рамана прадстаўляе сабой бесперапынны паток свядомасці, лірычную споведзь гераіні, у аснове якой гісторыя пакутлівага кахання паэтэсы Аксаны і мастака Міколы.

Ад лірыкі ў творы – неіерархічны тып маўлення, шматлікія вершаваныя ўкрапленні, маляванне чалавека ў крызіснай памежнай сітуацыі, таму вобраз аўтара паўстае мазаічным, стварае эфект невытлумачанасці да канца таго, хто ж хаваецца пад іменем “я”. Своеасаблівы сінтэз згадак, успамінаў, роздумаў, мар аб’яднаны з філасафічнасцю і спецыфічным псіхалагізмам, нацыянальнай рэфлексіяй (душэўныя перажыванні гераіні за свой лёс праектуюцца ў шырокую культурна-гістарычную сферу), гульнёй з табуіраванымі з’явамі грамадскай свядомасці.

Проза А. Забужка выклікала ва ўкраінскім літаратуразнаўстве дыскусію на тэму жаночага пісьма і жаночага погляду на свет.

Глыбока адбілася індывідуальна-аўтарская філасофія, жыццёвы і эстэтычны досвед самога аўтара ў прозе Г. Пагуцяк. У творах пісьменніцы прысутнічаюць індывідуальна-аўтарскія вобразы-сімвалы, аўтабіяграфічныя эпізоды.

Раманы Г. Пагуцяк насычаны спавядальнымі інтанацыямі, філасофскімі роздумамі, трансліруюць рэлігійную культурную традыцыю.

Споведзь “навыварат”, якая характарызуецца цынічнымі выпадамі, эпатажнай адкрытасцю, злой іроніяй, агучваннем асабістых і інтымных момантаў, выклікам “норме”, – у аснове апавядальнай манеры І. Карпы.

Стылізаваны народна-эмацыянальны пачатак, спроба вытлумачыць першааснову сучаснай украінскай ментальнасці – адрозныя рысы прозы М. Маціос. Пісьменніцу цікавіць праблема лёсу чалавека, яна заўсёды засяроджвае свой погляд на гісторыі жыцця персаанажаў, іх псіхалагічных развагагах, стасунках з соцыумам.

Лекцыя 3 Стылёвая і тэматычная разнастайнасць сучаснай украінскай паэзіі
1Традыцыйныя духоўныя каштоўнасці, філасафічнасць ва ўкраінскай паэзіі

2 Паэтыка твораў В. Стуса

3 Іранічны напрамак у сучаснай украінскай паэзіі

4 Эстэтычнае поле паэзіі С. Жадана


1 Традыцыйныя духоўныя каштоўнасці, філасафічнасць ва ўкраінскай паэзіі
Памежжа 20-21 стст. для ўкраінскай літаратуры з’яўляецца перадусім паэтычным феноменам.

Сучасная ўкраінская паэзія характарызуецца эстэтычным поліфанізмам, прысутнасцю розных стылёвых тэндэнцый.

Зварот да традыцыйных духоўных каштоўнасцей, філасафічнасць і аналітызм характэрныя для твораў І. Жыленка, Э. Андрыеўскай, І. Драча, Д. Паўлычкі, Л. Кастэнкі, В. Галабародзькі, І. Рымарука, І. Калынца, В. Рубана, Ю. Тарнаўскага, В. Шаўчука, Б. Нечарды, О. Лышэгі, Т. Федзюка, П. Мідзянкі і інш.

Дамініраваннем эстэтыкі прыгажосці і камернасцю ўнутранага свету вызначаецца паэзія І. Жыленка. Гэта паэзія паўтаноў. Тэксты вершаў І. Жыленка пазначаны інтуітыўным пачаткам, сінтэзам свядомага і несвядомага, мазаічнасцю і фрагментарнасцю.

Лірычная гераіня паэзіі І. Жыленка – асоба з моцным творчым патэнцыялам. Вершам І. Жыленка ўласціва пачуццё еднасці з прыродай, аптымізм, панаванне любові ў самых розных праявах.

Філасафізм і глыбіня мастакага мыслення вызначаюць паэзію Л. Кастэнка. У яе вершах гарманізаваны лірычны і эпічны пачаткі: адкрытасць лірычнага “я” аб’ядноўваецца з слоўным жывапісам, напружаным пошукам адказаў на быційныя пытанні.

Стваральнікам арыгінальнага творчага метаду ў сучаснай украінскай паэзіі з’яўляецца П. Мідзянка. Мова яго твораў насычана дыялектызмамі і архаізмамі, стварае ўражанне “герметычнай прасторы”.

Дзякуючы складаным метафарам паэт не толькі асэнсоўвае свет сучаснікаў, але і стварае сваеасаблівыя гісторыка-культурныя візіі Бацькаўшчыны, перадае каларыт поліэтнічнага закарпацкага краю.


Цесна звязана з народным светаўспрыманнем, светаразуменнем і нацыянальнай духоўнасцю паэзія В. Галабародзькі.

Вершы паэта набываюць самабытнасць і непаўторнасць дзякуючы нацыянальнаму асваенню мастацкага свету, неардынарнай мастацкай вобразнасці, заснаванай на фальклорнай сімволіцы.

Свядомасць В. Галабародзькі арганічна трансфарміруе народнапаэтычныя сімвалы ў арыгінальныя мікра і макравобразы (напрыклад, запазычаныя з народных балад, казак). Спецыфічныя маўленчыя звароты ўказваюць на тое, што паэт звяртаецца да паэтыкі замовы, плачу, загадкі.

Шматгранна малюе паэт як ідэальную мадэль свету хату. Для яго – гэта сялянскі “космас”, з разбурэння якога пачынаецца нацыянальная духоўная катастрофа.

Менавіта праз адносіны да сям’і, маці, роднага краю і прыроды перад чытачом паўстае цэласны вобраз лірычнага героя вершаў В. Галабародзькі.

Інтэлектуальнасць з’яўляецца галоўнай адзнакай творчай манеры Э. Андрыеўскай. Для яе вершаў характэрны герметычнасць і культуралагічныя асацыяцыі паміж штодзённымі рэчамі, прадметамі матэрыяльнай культуры і светапогляднымі паняццямі. Вынікам чаго з’яўляецца стварэнне індывідуальнага метафізічнага кантэксту.

Творы Э. Андрыеўскай вельмі часта будуюцца як алагічны мастацкі свет снабачанняў.

Зварот да вечных вобразаў украінскай і еўрапейскай літаратуры, інтэлектуальна-вобразнае мысленне, пераасэнсаванне містычнага і магічнага рэлігійнага пачаткаў, спалучэнне элементаў нацыянальнай культурнай традыцыі з міфапаэтычнай вызначаюць творчасць І. Рымарука.

Яго паэзія сімвалічная і метафарычная, напоўнена гістарычнымі, біблейскімі і язычніцкімі асацыяцыямі і вобразамі. І. Рымарук малюе “партрэт чалавека ў нацыянальным пейзажы”.

З пераасэнсаваннем пантэістычнага свету гуцульскай міфалогіі і хрысціянскіх міфалагем звязана паэзія В. Герасім’юка. Аўтэнтычны свет вершаў В. Герасім’юка абапіраецца на гармонію прыродных стыхій (архетыповыя вобразы вогнішча, вады, паветра, зямлі).

Філасафічнасцю, арганічнасцю, глыбокімі сувязямі з нацыянальным фальклорам пазначана паэзія В. Слапчука. Для вершаў паэта характэрна перадача ўнутранага стану лірычнага героя праз метафарычнае ўвасабленне ўзаемаадносін паміж чалавекам і прыродай.


  1. Паэтыка твораў В. Стуса

Постаць Васіля Стуса ў гісторыі ўкраінскай літаратуры з’яўляецца сімвалам мужнасці, прыкладам захавання чалавечага сумлення і годнасці ў самых жорсткіх абставінах.

Паэзія і проза, літаратурная крытыка і эсэістыка, шматлікія пераклады, сярод якіх асабліва вылучаюцца бліскучыя інтэрпрытацыі Гётэ і Рыльке, – усё гэта створана Стусам у нялюдскіх умовах.

На ўсёй творчай спадчыне В. Стуса пакінуты след геніяльна адоранай асобы, таленту, які з поўным правам займае месца на вяршынях сусветнага пісьменства 20-га стагоддзя.

Уключэнне твораў пісьменніка ў шырокі літаратуразнаўчы кантэкст адбылося толькі напрыканцы 1980-х.

Фактычна, за жыццё В. Стуса, зборнікі яго вершаў так і засталіся невядомымі шырокаму колу чытачоў, калі не ўлічваць замежных выданняў зборнікаў “Зімовыя дрэвы”(1970), “Свіча в свічаді”(1977), канфіскаваных і самавыдавецкіх паэтычных цыклаў “Кругаверць”, “Вясёлы цвінтар”, “Час творчасці”, “Палімпсесты”, так і не знойдзенага рукапіснага сшытку “Птах душы”.

Феномену В. Стуса сёння належыць асаблівае месца ў гісторыі ўкраінскай літаратуры.

Па словах Ц. Чарнякевіча, яму “няма аналагаў у славянскай паэзіі”.

Ужо першыя даследчыкі творчасці В. Стуса адчувалі патрэбу разглядаць яго творы як неад’емную частку сусветнай літаратуры 20-га ст. Як з’яву, якую немагчыма асэнсаваць без параўнальнага аналіза роднасных з’яў.

Абгрунтаванымі з’яўляюцца параўнанні творчасці В. Стуса з творчасцю Б. Пастэрнака, Г. Маркеса, Т. Эліота.

Вершы В. Стуса – гэта “сінтэз нацыянальнай ідэі, класічнай і мадэрнісцкай еўрапейскай лірыкі, філасофіі, хрысціянства, прасякнуты такім болем, які проста скалануў украінскую інтэлігенцыю другой паловы 1980-х”.

Паэзія В. Стуса – гэта перш за ўсё “філасофія і этыка ў вершах, драматычнае асэнсаванне экзістэнцыяльнага і эстэтычнага досведу чалавека 20 стагоддзя, які стаў аб’ектам нечуваных раней сацыяльных эксперыментаў”(К. Маскалец).

На думку некаторых даследчыкаў, творы В. Стуса – гэта ўзор “стаічнай” паэзіі ў сусветнай лірыцы. Скразнымі для вершаў В. Стуса з’яўляюцца матывы ахвярнасці і богаабранасці.

Ужо дэбютны зборнік В. Стуса “Кругаверць” засведчыў самабытны талент паэта. Вершы зборніка насычаны жыццясцвярджальнымі інтанацыямі. Аўтар захапляецца гармоніяй і прыгажосцю свету, спавядае высокія гуманістычныя ідэалы дабра, справядлівасці і любові.

Паэтычную традыцыю “шасцідзесятніцтва” працягвае наступны зборнік В. Стуса “Зімовыя дрэвы”. У кнізе пераважае грамадзянская лірыка, паэт разважае над лёсам украінскай культуры, пратэстуе супраць атмасферы творчай несвабоды ў тагачасным грамадстве.

У 1970 г. В. Стус скампанаваў трэці паэтычны зборнік “Вясёлы цвінтар”, які стаў новым этапам творчых пошукаў паэта. Назва зборніка – аксюмаран, які аб’ядноўвае кантрастныя па значэнні паняцці. Аўтар дэманструе серыю сатырычных і гратэскных прытчаў, партрэтаў, вобразаў, малюючы абсурднасць сацыяльнай рэчаіснасці.

Вяршыняй творчасці В. Стуса трэба лічыць паэтычны зборнік “Палімпсесты”, які, на жаль, быў надрукаваны толькі пасля смерці аўтара ў 1986 годзе.

“Палімпсесты” – гэта перш за ўсё “выдатны чалавечы дакумент, а ўжо потым мастацкі твор, у ім захавана самотная размова душы з сабою, самазапавет і самасповедзь аўтара”.

Глыбіннае пранікненнне ва ўнутраны свет чалавека, дасканаласць мастацкай формы дазваляюць гаварыць пра зборнік як пра адну з вяршыняў украінскай паэзіі 20 ст.

Творы зборніка сведчаць пра шырокае выкарыстанне Стусам сусветнага паэтычнага вопыту, развіццё новых для ўкраінскай паэзіі тэм.

Усё жыццё В. Стус мэтанакіравана стварае ўласны стыль: ад сюррэалістычных верлібраў і абсурдысцкіх эксперыментаў, да густа насычаных сімваламі містычных візій.

Палімпсесты выяўляюцца шматзначнай метафарай украінскага гістарычнага шляху, на якім згублена шмат важных тэкстаў, страчана гістарычная памяць украінцаў, адбываецца руйнаванне нацыянальных знакаў – мовы, традыцыі, культуры, што нараджае ў паэта адчуванне трагізму.

Сімвалам праведнага шляху ў творчасці В. Стуса становіцца свечка. Свечка, запаленая ў пакутах, стаіць на ахове ўнутранага адзінства паэта.

На ўзроўні філасофскага абагульнення трактуецца паэтам тэма самотнасці. Самота ва ўмовах няволі становіцца спосабам існавання, прыродным станам быцця.

У самотнасці ўсведамляецца сутнасць вышэйшых маральных імператываў, узнікае пачуццё духоўнай еднасці з абсалютам.

Стус прагне наследаваць высокія ідэалы, якія акумуліруюцца ў вечных маральных катэгорыях любові, гармоніі, веры, паразумення.

Стусава творчасць пазначана найперш асэнсаваннем у творах хрысціянскай рэлігійнай праблематыкі і філасофскай канцэпцыі экзістэнцыялізму. Ад прыроды яму блізкія былі сэнсаўтваральныя жыццёвыя пытанні віны і адказнасці, выбару, адносін чалавека да смерці і свайго прызначэння.

Як слушна заўважыў К. Маскалец, для ўкраінскага літаратуразнаўства Васіль Стус і цяпер “застаецца недасягальным на скораных ім вяршынях духу, што з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем незавершанасці яго экзістэнцыяльнага праэкта, які палягаў у дактрыннай мадэрнізацыі (а не постмадэрнізацыі) нацыянальнай культуры”.


1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка