Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт




старонка1/3
Дата канвертавання14.03.2016
Памер0.75 Mb.
  1   2   3


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі

Гомельскі дзяржаўны універсітэт



імя Францыска Скарыны”


Н.М. ПАЗНЯК

ЛІТАРАТУРА БЛІЖНЯГА ЗАМЕЖЖА




ТЭКСТЫ ЛЕКЦЫЙ

па раздзеле “Сучасная ўкраінская літаратура” для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 05 01 “Беларуская філалогія” і 1-21 05 02 “Руская філалогія”





Гомель

УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”

2010
УДК 821.161.2 “20”09(075.8)

ББК 83.3(4Укр)6я73

П 12

Рэцэнзенты:

П.Р. Кошман, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў УА “МДПУ імя І. Шамякіна”;

А.М. Палуян, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, намеснік дэкана філалагічнага факультэта УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”.

Рэкамендавана да выдання навукова-метадычным саветам

установы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт

імя Францыска Скарыны” 14 красавіка 2010 года, пратакол № 8.
Пазняк, Н.М.
П 12 Літаратура бліжняга замежжа : тэксты лекцый па раздзеле “Сучасная ўкраінская літаратура” для студэнтаў спецыяльнасці 1-21 05 01 “Беларуская філалогія” і 1-21 05 02 “Руская філалогія” / Н.М. Пазняк; М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2010. – 60 с.

Прадстаўленыя ў выданні тэксты лекцый змяшчаюць матэрыял аб асноўных заканамернасцях развіцця ўкраінскай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў. Праз разгляд ідэйна-мастацкіх пошукаў найбольш значных аўтараў эпохі і асноўных адметнасцей канкрэтных мастацкіх твораў і літаратурных з’яў канца 20 пачатку 21 ст. у дапаможніку раскрываюцца найбольш складаныя пытанні, звязаныя з вядучымі тэндэнцыямі развіцця сучаснай украінскай літаратуры.



УДК 821.161.2 “20”09(075.8)

ББК 83.3(4Укр)6я73

© Пазняк, Н.М., 2010

© УА “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны”, 2010

Змест


Уводзіны

4

Лекцыя 1 Мастацкія асаблівасці ўкраінскай літаратуры канца 20 пачатку 21 ст.

5


Лекцыя 2 Сучасная ўкраінская проза

16

Лекцыя 3 Стылёвая і тэматычная разнастайнасць сучаснай украінскай паэзіі

25


Лекцыя 4 Сучасная ўкраінская драматургія

33

  1. Лекцыя 5 Беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі: сучасны стан і перспектывы развіцця

36


Бібліяграфічны даведнік

40

Літаратура


48


Уводзіны
“Літаратура бліжняга замежжа” – вучэбная дысцыпліна, якая асвятляе заканамернасці гісторыка-літаратурнага працэсу ў памежных з Беларуссю краінах.

Адной з галоўных частак курса “Літаратуры бліжняга замежжа” з’яўляецца раздзел “Сучасная ўкраінская літаратура”. Вывучэнне яго прадугледжвае вызначэнне агульных кірункаў і перспектыў літаратурнага развіцця, разгляд найбольш значных прац па праблемах міжнацыянальных літаратурных сувязей, агульнай духоўнай і культурнай спадчыны блізкароднасных народаў.

Мэтай падрыхтоўкі дапаможніка з’яўляецца аказанне дапамогі студэнтам у авалоданні ведамі пра асноўныя заканамернасці развіцця ўкраінскай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў.

Праз разгляд ідэйна-мастацкіх пошукаў найбольш значных аўтараў эпохі і асноўных адметнасцей канкрэтных мастацкіх твораў і літаратурных з’яў канца 20 пачатку 21 ст. у дапаможніку раскрываюцца найбольш складаныя пытанні, звязаныя з вядучымі тэндэнцыямі развіцця сучаснай украінскай літаратуры.

Матэрыял, змешчаны ў дапаможніку, накіраваны на фарміраванне ў студэнтаў сістэмы ведаў з сучаснай украінскай літаратуры, прафесійных уменняў і навыкаў літаратурнага аналізу мастацкіх твораў, неабходных для практычнай дзейнасці, абуджэнне імкнення да творчай самастойнасці ў сферы літаратуразнаўства.

Канцэпцыя дапаможніка прадугледжвае высвятленне спецыфікі развіцця літаратурнага працэсу на Украіне канца 20 пачатку 21 ст., вызначэнне філасофска-эстэтычных асноў, напрамкаў і мастацкіх вартасцей сучаснай літаратуры.

Выданне адрасавана студэнтам філалагічных спецыяльнасцей.

Лекцыя 1 Мастацкія асаблівасці ўкраінскай літаратуры канца 20 пачатку 21 ст.


  1. Паняцці “літаратурная генерацыя”, “школа” ў кантэксце развіцця сучаснай украінскай літаратуры

  2. Роля літаратурна-мастацкіх аб’яднанняў і арганізацый канца 80-пачатку 90-х гг. у развіцці сучаснай украінскай літаратуры

  3. Сувязь сучаснай украінскай літаратуры з паэтыкай постмадэрнізму

  4. Жанр эсэ ў сучаснай украінскай літаратуры



1 Паняцці “літаратурная генерацыя”, “школа” ў кантэксце развіцця сучаснай украінскай літаратуры
Сучасная ўкраінская літаратура – з’ява арыгінальная, разнастайная. Станаўленне яе звязана з бягучымі сацыяльнымі зменамі ў грамадстве.

У канцы 80-х на пачатку 90-х працэс абнаўлення ўкраінскай літаратуры набыў значную сілу. Змены ў грамадскім жыцці краіны, тэхнагенная катастрофа Чарнобыля, якая стала момантам трагічнай праўды, распад СССР, адбіліся і на развіцці літаратуры.

Мастацкая літаратура, пераадольваючы панаванне аднамернай літаратурнай практыкі, увайшла ў бурную плынь шырокага дыялогу, дыскусій, творчага пошуку новых шляхоў далейшага развіцця.

Адной з важных літаратуразнаўчых праблем сёння з’яўляецца праблема спецыфікі сучаснай украінскай культуры.

Літаратурны працэс на Украіне канца 20-га ст. як феномен культуры, што склаўся на мяжы тысячагоддзяў, вызначаецца ўзаемаперасячэннем разнастайных тэндэнцый, пошукавасцю напрамкаў.

Як лічыць Р. Харчук, сёння ва ўкраінскім ліатратуразнаўстве існуюць тры асноўныя класіфікацыі сучаснай літаратуры: першая заснавана на генерацыйным прынцыпе, другая – геаграфічным, трэццяя – на прынцыпе эстэтычнай і стылёвай арыентацыі.

На думку большасці ўкраінскіх літаратуразнаўцаў, усведамленне мастацкіх вартасцей сучаснай украінскай літаратуры немагчыма без выпрацоўкі ўстойлівай генерацыйнай класіфікацыі, дзе кожнае новае літаратурнае пакаленне імкнецца прыўнесці ў літаратуру пэўныя навацыі.

Згодна з генерацыйным падзелам у сучаснай украінскай літаратуры выпрацаваліся асноўныя літаратуразнаўчыя падыходы да творчасці, яснову якіх складаюць тэрміны:



Шасцідзесятнікі – азначэнне, запазычанае ўкраінскай літаратурнай крытыкай з расійскай гуманітарнай сферы.

Пад тэрмінам разумеюць пакаленне ўкраінскіх пісьменнікаў, творчасць якіх звязана з сітуацыяй “хрушчоўскай адлігі” ў мастацтве, культурнай перабудовай у савецкай літараратуры ў 1956-1968 гг.

Для пакалення гэтых пісьменнікаў галоўнымі каштоўнасцямі становяцца адкрытасць, актыўная грамадзянская пазіцыя, скіраванасць на адраджэнне нацыянальнай духоўнасці.

Прыкметнымі рысамі літаратуры шасцідзесятнікаў з’яўляюцца: гуманізм і філасафічнасць, пільная ўвага да нацыянальнага.

Шасцідзесятнікі спрабуюць вербалізаваць новую светапоглядна-эстэтычную свядомасць на аснове актывізаванага інтэлектуалізму, нацыятворчага індывідуалізму і экзістэнцыяльнай маральнай адказнасці.

Да пакалення пісьменнікаў-шасцідзесятнікаў сёння адносяць Л. Кастэнка, В. Сіманенку, В. Стуса, І. Драча, Д. Паўлычку, М. Вінграноўскага, М. Рудэнку, Б. Алейніка і інш.



Васьмідзесятнікі – назва літаратурнай генерацыі пісьменнікаў, якія ў другой палове 80-х гг. стварылі новую, адрозную ад мастацкай практыкі савецкай літаратуры традыцыю.

Літаратуры гэтага пакалення ўласцівы: арыентацыя на здабыткі еўрапейскай культуры і фармальныя складнікі твораў, аўтарскі канцэптуальны індывідуалізм.

Да найбольш значных постацяў васьмідзесятніцтва трэба аднесці Ю. Андруховіча, Н. Белацырківец, В. Герасім’юка, І. Малковіча, П. Мідзянку, А. Забужка, І. Рымарука, В. Небарака, А. Ірванца, М. Рабчука, П. Гірніка, У. Цыбульку, Л. Таран, К. Маскальца, Ю. Буряка, Т. Федзюка, Я. Пашкоўскага, А. Ульяненку, Г. Пагуцяк і інш.

Асновай паэтыкі літаратурных твораў гэтага пакалення з’яўляецца метафара і падкрэсленая ўмоўнасць мастацкіх вобразаў, тонкая асацыятыўнасць.



Дзевяцідзесятнікі (дзевяносцікі) – літаратурная генерацыя, прадстаўнікі якой пачалі друкаваць свае творы ў 90-х гг.

Літаратурнае пакаленне, сфарміраванае ва ўмовах нацыянальнай дэпрэсіі. У аснове іх светапогляду – расчараванне ў грамадстве і самім чалавеку, сведчанне якому асацыяльнасць і дэгуманізацыя зместу літаратурных твораў.

Пры ўсёй спрэчнасці аб’яднання аўтараў у адзіны феномен, у тэкстах апошніх праглядаюцца як вызначальныя рысы: сюжэтная і моўная эпатажнасць, спроба чарговай пераацэнкі ўсіх каштоўнасцяў, пераасэнсанне еўрапейскай контркультурнай літаратурнай традыцыі 70-х гг. мінулага стагоддзя, уплыў субкультуры, фрагментацыя мастацкіх твораў (так званы “рваны” тэкст).

Найбольш яскравыя прадстаўнікі дзевяцідзесятнікаў І. Андрусяк, С. Жадан, Т. Прахаська, Л. Демська, Г. Петрасаняк, В. Стах, М. Кіяновська, В. Махно, Р. Мельнікаў, Р. Скіба, С. Працюк, Ю. Бедрык, Ю. Пазаяк, В. Медзвідзь, Ю. Іздрык і інш.



Дваццацігадовыя аўтары (пакаленне next, двухтысячнікі) – апошняя па часе літаратурная генерацыя, прадстаўнікі якой пачалі друкаваць свае творы на мяжы тысячагоддзяў.

Дадзеную літаратуру характарызуюць: радыкальная пераацэнка ўсіх каштоўнасцяў, нівеліраванне самаго паняцця літаратурная норма, панаванне іроніі (ад бестурботнай да цынізму), уплыў масавай і інтэрнэт-культуры, постмадэрновай літаратуры на светапогляд. Гэта літаратура на злабадзённыя тэмы.

У пакаленне двухтысячнікаў можна залічваць Л. Дэрэша, Н. Сняданку, І. Карпу, С. Андруховіч, Т. Малярчук, С. Паваляеву і інш.

Не менш важным для ўсведамлення мастацкіх варатсцей сучаснай літаратуры выступае паняцце літаратурнай школы.

Тэрмін “літаратурная школа” з’яўляецца шматзначным і ўзаемазамяняльным, можа мець розныя інтэрпрытацыі. У гісторыі розных літаратур ужываўся для пазначэння досыць розных катэгорый літаратурнага працэсу.

У шырокім сэнсе пад літаратурнай школай у сучасным літаратуразнаўстве разумеюць літаратурна-мастацкае аб’яднанне, удзельнікі якога прытрымліваюцца падобных светапоглядных канцэпцый, маюць нейкую платформу, адлюстраваную ў дэкларацыях і маніфестах. У больш вузкім – гэта кола пісьменнікаў, што працягваюць традыцыі, выпрацаваныя вялікім папярэднікам, якога яны лічаць сваім настаўнікам.

Сінанімічным паняццю літаратурнай школы ў гісторыі ўкраінскай літаратуры з’яўляюцца паняцці літаратурага стылю, метаду, напрамку, аб’яднання і інш.

Тэрмін “літаратурная школа” трапіў у актыўнае ўжыванне ўкраінскага літаратуразнаўства ў 80-я гг. мінулага стагоддзя, але сэнсавае напаўненне яго застаецца “блукаючым”(М. Суліма).

Сёння ва ўкраінскім літаратуразнаўстве з паняццем літаратурнай школы звязваюць тэрміны: кіеўская паэтычная і жытомірская празаічная школа, станіслаўскі феномен і інш.

У сярэдзіне 60-х гг. 20-га ст. сярод студэнтаў гуманітарных факультэтаў Кіеўскага універсітэта спантанна ўтвараецца група паэтаў, якія паступова выпрацоўваюць супольны эстэтычны “кодэкс”, у 1969 г. узнікае і сам тэрмін кіеўская паэтычная школа (кіеўская школа паэзіі).

Паэты кіеўскай школы змяшчаюць свае першыя паэтычныя спробы ў перыядычных выданнях, іх творы паступова пачынаюць негатыўна ўспрымацца. Зноў актыўна друкавацца пачынаюць толькі ў другой палове 80-х гг.

Як лічыць Л. Дударэнка, з кіеўскай паэтычнай школай “не варта асацыіраваць акрэслены спіс імёнаў. Па сваёй сутнасці – гэта дынамічнае кола”.

Цэнтральнае месца сярод прадстаўнікоў кіеўскай паэтычнай школы займаюць В. Галабародзька, В. Корзун, М. Вараб’ёў, М. Грыгорыў, В. Рубан. У сілавым полі з’явы апынуліся М. Сачанка, В. Атрошчанка, Н. Кір’ян, С. Вышэнскі, В. Ілля і інш.

Сярод галоўных літаратурна-мастацкіх адзнак твораў кіеўскай паэтычнай школы сёння вылучаюць наступныя:



  • адмаўленне ад рытарычнасці;

  • адстароненасць ад сацыяльнай канкрэтыкі;

  • выбар верлібра як аптымальнай формы паэтычнай рэалізацыі зместу;

  • актыўнае выкарыстанне метафары, якая разглядаецца як самастойнае моўнае ўтварэнне;

  • алюзіўнасць;

  • прысутнасць міфалагем і міфалагізм паэтычнага мыслення;

  • стварэнне своеасаблівага метафізічнага часапрастору і сітуацыі недагаворанасці;

  • інтэлектуалізм і малую эмацыянальнасць вобразных карцін;

  • разгортванне вобраза лірычнага героя ў аспекце экзістэнцыяльнай этыкі.

Кіеўская паэтычная школа выпрацавала своеасаблівую эстэтычную канцэпцыю, у якой сінтэзаваліся традыцыі фальклорнай і літаратурнай класікі і набыткі мадэрнізму (узоры паэзіі П. Тычыны і Б.-І. Антоніча).

Паходжанне тэрміна жытомірская празаічная школа звязваюць са з’яўленнем празаічнай анталогіі “Вячэра на дванаццаць персон”(1997), упарадкаваў і прадмову да якой напісаў У. Даніленка.

Укладальнік анталогіі залічыў у склад жытомірскай празаічнай школы дванаццаць пісьменнікаў, сярод якіх В. Шаўчук (родапачынальнік з’явы), В. Мядзвідзь, Я. Пашкоўскі, М. Закусіла, Р. Цымбалюк, Ю. Гудзь, В. Урублеўскі і інш.

Агульнымі адзнакамі прозы жытомірскай школы з’яўляюцца: заглыбленасць ва ўласную аўтэнтычнасць (фальклор, старажытную літаратуру), адлюстраванне свету маленькага чалавека, яго маральных і этычных прынцыпаў, гратэскнасць і алегарычнасць, канстатацыя анталагічнай адзіноты сучаснага чалавека.

Тэрмін станіслаўскі феномен упершыню быў сфармуляваны ў 1992 г. У. Эшкілевым.

Пад ім разумеюць феномен наяўнасці ў Івана-Франкоўску (Станіслаў да 1939 г.) групы пісьменнікаў і мастакоў, у творчасці якіх найбольш ярка выявілася арыентацыя на заходнюю мадэль функцыяніравання культурнай прасторы, актыўна культываваліся мастацкія і эстэтычныя прынцыпы постмадэрнізму, выявілася рэзкае непрыняцце традыцыйных нацыянальных каштоўнасцей.

Да прадстаўнікоў станіслаўскага феномену ў сучаснай літаратуры адносяць Ю. Андруховіча, Ю. Іздрыка, Т. Прахаську, Г. Петрасаняк, Я. Доўгана і інш.

Некаторыя даследчыкі таксама прапануюць тэрытарыяльна або геаграфічна размяжоўваць у сучаснай украінскай літаратуры некалькі творчых метадаў: галіцкую (станіслава-львоўскую) і палескую (кіеўска-жытомірскую) празаічныя школы.

На думку Н. Белацерківец, каардынальнае адрозненне паміж імі палягае ў культывацыі розных тыпаў герояў: украінскага інтэлігента, схільнага да сузірання і самарэфлексіі, і маргінальнай асобы, абцяжаранай паталагічнай свядомасцю.

2 Роля літаратурна-мастацкіх аб’яднанняў і арганізацый канца 80 пачатку 90-х гг. у развіцці сучаснай украінскай літаратуры
Характэрнай рысай сучаснай украінскай літаратуры з’яўляецца ўтварэнне шматлікіх літаратурна-мастацкіх суполак, аб’яднанняў і арганізацый напрыканцы 80-х пачатку 90-х гг. мінулага стагоддзя.

Узнікненне іх было звязана перш за ўсё з грамадскім фактарам.

Адной з мэт стварэння аб’яднанняў стала калектыўная выпрацоўка наватарскіх прынцыпаў літаратурнай творчасці. Творцы, блізкія па сваім мастацкім узроўні і эстэтычных поглядах, пачынаюць гуртавацца для сумесных выступленняў, акцый, прэзентацый.

У гэты час былі створаны літаратурна-мастацкія аб’яднанні “Бу-Ба-Бу”, “Новая дэгенерацыя”, “ЛуГоСад”, “Прапала грамата”, “Псы святога Юрыя”, “Чырвоная Фіра” і інш.

Рэальную мастацкую практыку згаданых утварэнняў вызначае сінтэз элементаў паэтыкі постмадэрнізму з узорамі ўкраінскага футурызму 20-х гг., парадзіраванне афіцыйнай мовы і сацыяльных клішэ, прысутнасць так званых неаавангардных, неамадэрновых і андэграундных тэндэнцый.

Значны ўплыў на развіццё сучаснай украінскай літаратуры аказала дзейнасць літаратурна-мастацкага аб’яднання “Бу-Ба-Бу” (Бурлеск-Балаган-Буфанада).

Аб’яднанне было заснавана ў 1985 г. у г. Львове і складалася з трох пісьменнікаў: Ю. Андруховіча, А. Ірванца і В. Небарака.

Удзельнікі аб’яднання арганізавалі дзесяткі паэтычных вечароў і фестывальных акцый, ініцыіравалі некалькі публікацый, якія дазволілі гаварыць на пачатку 21 ст. пра “спробу новай артыстычнай камунікацыі” паміж паэтам і чытачом (Т. Гундарава).

Эстэтычным фундаментам мастацкай практыкі “Бу-Ба-Бу” стала карнавальная смехавая рэфлексія (паводле тэрміналогіі М. Бахціна) у сітуацыі гістарычнага злому эпох.

Галоўнымі творчымі прынцыпамі бубабісты зрабілі радыкальны плюралізм стыляў і “карнавал” розных светапоглядных мадэлей, ананімнасць мастацкага “я”.

На думку О. Палішчук, дзейнасць аб’яднання – гэта не толькі адзін з першых узораў постмадэрнісцкай эстэтыкі ў сучаснай украінскай літаратуры, але і “аснова арыгінальнай версіі ўкраінскага постмадэрнізму”.

3 Сувязь сучаснай украінскай літаратуры з паэтыкай постмадэрнізму
Перыяд 80-90-х гг. трэба называць альтэрнатыўным адносна традыцыйных форм бытавання культуры.

Гэта час фарміравання ў рамках літаратурнага працэсу на Украіне індывідуальных творчых стратэгій, паслядоўнай тэматызацыі сацыяльных і культурных рэалій, а таксама перыяд актыўнай распрацоўкі раней табуіраваных і непрэзентатыўных мастацкіх напрамкаў.

Разглядаючы ўкраінскую літаратуру 90-х гг., найперш зважаюць на постмадэрнізм як асноўны мастацкі напрамак у літаратуры.

Постмадэрновы падыход да мастацтва не руйнуе і не дэмаралізуе культурны феномен, ён здымае стэрэатыпы са звыклыклых падыходаў да мастацкай свядомасці.

Постмадэрновая літаратура на Украіне актывізавала духоўнае жыццё, пашырыла функцыі мастацтва.

Дакладнымі ўдзельнікамі постмадэрновага літаратурнага працэсу на Украіне можна лічыць два пакаленні 80-90-х гг. 20 ст.

Сёння паняцце постмадэрнізм у сферы літаратуразнаўства ўжываецца ў значэнні:


  • светапогляднай сістэмы, якая вызначае постмадэрновае мысленне;

  • мастацка-эстэтычнай сістэмы літаратуры;

  • мастацкага стылю ў шырокім разуменні;

  • своеасаблівай літаратуразнаўчай метадалогіі.

Звычайна, калі гавораць пра ўкраінскі літаратурны постмадэрнізм, маюць на ўвазе яго як стратэгію стварэння тэкстаў.

Постмадэрнізм як мастацкая сістэма змяшчае асноўныя элементы парадыгмаў папярэдніх эпох і мастацкіх сістэм, узнаўляе іх на гібрыдна-цытатным узроўні.

Да вызначальных рыс постмадэрнізму ў сучаснай літаратуры трэба аднесці:


  • аб’яднанне розных стылёвых традыцый;

  • універсальнасць праблематыкі;

  • пазачасовасць і пазапрасторавасць мастацкага адлюстравання;

  • фрагментарнасць;

  • змену функцыі аўтара і героя;

  • зварот да архаікі і міфа, калектыўнага несвядомага;

  • сінтэз ісцінаў розных культур, філасофій, рэлігій;

  • стылёвы сінкрэтызм;

  • іранічнасць;

  • парадыйнасць.

Разважаючы пра постмадэрнізм у літаратуры, традыцыйна гавораць пра нацыянальную, заходнюю і ўсходнюю яго мадэлі.

Усходняя мадэль развіцця постмадэрнісцкай літаратуры адрозніваецца ад заходняй ярка выражанай нотай песімізму, зваротам да мовы сацыялістычнага рэалізму як да мовы масавай культуры.

Нацыянальная версія постмадэрнізму звязана з цытаваннем нацыянальнай літаратуры, адлюстраваннем праблем краіны і нацыі, складу мыслення і нацыянальнага тыпу гумару (І. Скарапанава).

Напрыклад, В. Караткевіч слушна заўважае, што беларуская, як і украінская, постмадэрнісцкая літаратура “нараджалася на глебе нацыянальна-культурнага і нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, якое пачалося ў сярэдзіне 80-х гг. 20 ст. і звязана са зрухамі ў ментальнасці народа”.

Таму, на думку Н. Бедзір, украінскую версію постмадэрнізму перш за ўсё вызначае “зангажаванасць у праблемы сваёй краіны і нацыі, чаго няма ў заходняй мадэлі”.

Як лічыць Т. Гундарава, нацыянальная спецыфіка ўкраінскага постмадэрнізму сёння найбольш адпавядае “барочнай стылесвядомасці”.

З мастацкімі пошукамі аўтараў у гэты перыяд звязаны: запярэчанне папярэднім культурным сістэмам, спробы пераасэнсавання нацыянальнай літаратурнай традыцыі ў канфрантацыі і дыялогу з новай культурнай сітуацыяй, гульнёвае стаўленне да моўнага знака, усведамленне парадаксальнасці сакральнага.

Першыя праявы постмадэрнасці ўкраінскія даследчыкі сёння знаходзяць у творах прадстаўнікоў так званай “хімернай прозы” 60-80-х гг. 20 ст., асобных вершах В. Стуса, верлібрах “кіеўскай школы”, метафарычнай паэзіі васьмідзесятнікаў, творчасці У. Дзібровы, карналізаваных перформансах літаратурнага аб’яднання “Бу-Ба-Бу” і інш.

Сярод спецыфічных рыс украінскага літаратурнага постмадэрнізму сёння вылучаюць:


  • адсутнасць канкрэтных дэфініцый;

  • іранічнасць і іронію як асноўны пачатак;

  • эклектызм і сінкрэтызм як прынцыповыя эстэтычныя дамінанты;

  • дэкананізацыю папярэдняй культурнай традыцыі;

  • сінтэз масавага і элітарнага;

  • маргінальнасць як мастацкую асаблівасць тэксту;

  • шматузроўневую арганізацыю твораў;

  • поліварыянтнасць стыляў;

  • карнавальнае светаадчуванне;

  • гульню з рознымі слоўнікамі культуры;

  • другасную міфалагізацыю нядаўняга мінулага.

У сучаснай украінскай постмадэрнісцкай літаратуры галоўная ўвага надаецца індывідуальнай манеры аўтара, яго ўласнаму бачанню чалавека і свету. У творах прысутнічае цяга да дысгармоніі, дэфармацыі, фантастыкі і абсурду.

На думку І. Старавойт, у сучаснай украінскай літаратуры суіснуюць дзве несіметрычныя культурныя матрыцы: “прарочая”, звязаная з праявамі мадэрнісцкай і авангарднай паэтыкі; і “гульнёвая”, што абапіраецца на постмадэрновую стратэгію стварэння тэкстаў.

Таму ў сучаснай украінскай літаратуры мэтазгодна асобна вылучаць неамадэрнісцкія і неаавангардныя эстэтычныя тэндэнцыі, якія склаліся пад уплывам супрацьстаяння афіцыйнай культуры.

Як лічыць Т. Гундарава, адной з прычын вылучэння неамадэрновага дыскурсу ў сучаснай украінскай літаратуры з’яўляецца, з аднаго боку, адкрытая экспансія еўрапейскай постмадэрновай эстэтыкі, а з другога – “пазалітаратурная” прычына незавершанасці і невычарпанасці мастацкай практыкі класічнага ўкраінскага мадэрнізму.

Неамадэрнізм ва ўкраінскай версіі, на думку Т. Гундаравай, характарызуюць такія паняцці, як інтэлектуалізм, фармалізм, метафарызм, экзістэнцыялізм і іррацыяналізм, арыентацыя на літаратурныя ўзоры заходнееўрапейскай культуры.

Неамадэрнізм і неаавангардызм сфармаваліся як эстэтычная з’ява ў творах літаратурнага пакалення “васьмідзесятнікаў”.

У адрозненне ад еўрапейскага варыянта, украінскі постмадэрнізм уключыў неамадэрновыя апазіцыі ў мастацкі кантэкст, надаў ім шэраг шматзначных тлумачэнняў.

4 Жанр эсэ ў сучаснай украінскай літаратуры
Сярод літаратурных жанраў, якія знаходзяцца на памежжы мастацкіх і тэарытычных тэкстаў, эсэ можа служыць узорам арганічнага аб’яднання ўсіх тыпаў славеснай творчасці.

Развіццё жанру эсэ ў літаратуры звязана з адкрыццём унутранага быцця чалавека.

Асноўнымі прыкметамі эсэ з’яўляюцца: вольная кампазіцыя, падкрэсленая індывідуальная пазіцыя аўтара, яго індывідуальны стыль, паколькі апошні адлюстроўвае унікальнасць асобы пісьменніка.

Асаблівую папулярнасць жанр эсэ атрымаў у дваццатым стагоддзі. Сучасныя даследчыкі мастацкай творчасці звяртаюць увагу на татальную “эсэізацыю” літаратуры.

Усё часцей у форме эсэ падаюць свае літаратурна-крытычныя ацэнкі сучаснай літаратуры і мастацкія крытыкі.

Адным з увасабленняў жанру эсэ ў сучаснай літаратуры з’яўляюцца запісы ў інтэрнэт-дзённіках, блогах.

Спробы азначэння гэтага жанру сёння застаюцца дыскусійнымі.

Сучаснае эсэ адначасова мяжуе з паэтычнай прозай, узорамі філасофскіх трактатаў і навуковых даследванняў.

Адпаведна з сучаснай літаратуразнаўчай класіфікацыяй, вылучаюць эсэ:


  • асабістае, заснаванае на ўласным вопыце аўтара, у ім раскрываюцца аспекты аўтарскай індывідуальнасці, ствараецца суб’ектыўны погляд на праблему;

  • апісальнае, у выглядзе кароткага біяграфічнага нарыса пра мясцовасць або падзеі, яно інтрыгуе чытача незвычайнасцю тэмы апісання, новым поглядам на вядомы прадмет;

  • інфарматыўнае, дзе ўвага сканцэнтравана на тлумачэнні аўтарскай ідэі, раскрыцці аўтарскага погляду і досведу;

  • крытычнае, якое адначасова аналізуе і ацэньвае твор або падзею, мэта аўтара тут – лепш растлумачыць прадмет абмеркавання і пераканаць чытача ў правільнасці аўтарскай пазіцыі;

  • параўнальнае, дзе даследуюцца падобныя прадметы, абгрунтоўваецца выбар, апісваецца светапогляд і жыццёвая філасофія аўтара;

  • літаратурнае (мастацкае, белетрыстычнае), якое характарызуецца як твор немастацкай літаратуры з аўтарскай вобразнасцю, жаданнем стварыць эфект мастацкай літаратуры.

Акрамя таго, у заходнееўрапейскім літаратуразнаўстве існуюць і іншыя класіфікацыі жанру эсэ.

Выдзяляюць апавядальнае, драматычнае і паэтычнае эсэ.

У першым з іх аўтар становіцца апавядальнікам, які гаворыць пра людзей і падзеі. У другім, якое мае форму дыялогу або полілогу, аўтар амаль знікае. Трэцяе пішацца хутчэй для сябе, чым для іншых.

Апошнім часам даследчыкі пачынаюць таксама вылучаць эсэ-роздум, эсэ-апавяданне, эсэ-размову, эсэ-маналог і эсэ-дыялог, эсэ-артыкул, эсэ-ліст, эсэ-тлумачэнне, эсэ-часопіс і інш.

Як лічыць І. Старавойт, эсэістыка з’яўляецца “саматлумачэннем літаратуры”.

Вызначальны парадокс эсэістычнай формы мыслення заключаецца ў тым, што індывідуальнасць знаходзіць тлумачэнне ў тым, што трэба абгрунтаваць, – у самой сабе.

У гісторыі ўкраінскай літаратуры да жанру эсэ звярталіся У. Вінічэнка, Я. Маланюк, У. Самчук, Ю. Шавялёў, В. Пятроў, Я. Сверсцюк, Ю. Ліпа і інш.

На думку Г. Швец, вытокі жанру эсэ ва ўкраінскай літаратуры трэба шукаць у старажытнай літаратуры эпохі барока.

Росквіт жанру эсэ ў сучаснай украінскай літаратуры прыпадае на канец 1980-х-1990-я гг.

Ранняя ўкраінская эсэістыка прысвечана ў асноўным праблемам дзяржавастварэння, духоўнага адраджэння і нацыянальнай ідэнтычнасці, якія лагічна звязваліся з пытаннямі гісторыі, культуры і мовы.

Украінская эсэістыка сёння паступова пазбаўляецца ад грамадскага пафасу, развіваецца ў некалькіх тэматычных накірунках.

Нестандартныя літаратуразнаўчыя эсэ ў сучаснай украінскай літаратуры стварылі Г. Грабовіч, К. Маскалец, І. Андрусяк, І. Бондар-Цярэшчанка, А. Бойчанка, Т. Прахаська, В. Небарак, У. Эшкілеў, Я. Галабародзька, У. Цыбулька, Т. Возняк, В. Мядзвідзь, Я. Пашкоўскі і інш.

Культуралагічную праблематыку закранаюць у сваіх творах А. Грыцэнка, А. Пахлеўска, Л. Ушкалаў, Ю. Іздрык.

Спрэчныя сацыяльныя і гістарычныя пытанні адлюстраваны ў эсэ Я. Грыцака, Ю. Шапавала, М. Рабчука, Л. Кастэнка, М. Стрыхі.

Найбольшую вядомасць у сучаснай украінскай літаратуры атрымала эсэістыка Ю. Андруховіча і А. Забужка.

Эсэ А. Забужка створаны пераважна на літаратурным матэрыяле і прадстаўляюць сабой “сінхронныя рэфлексіі”. У творах пісьменніцы адбываецца крышталізацыя сэнсу бягучых культурных змен, падаецца “інтэлектуальны партрэт эпохі”.

Эсэістыка Ю. Андруховіча з’яўляецца своеасаблівай “кнігай назіранняў” над сучаснымі асаблівасцямі еўрапейскага культурна-гістарычнага ландшафту. Эсэ Андруховіча адметныя спробай аўтара вызначыць галоўныя вехі ўкраінскай актуальнай культуры, асэнсаваннем уласнага “часу і месца” на карце Усходняй Еўропы.

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка