Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт




старонка6/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.8 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Літаратура





  1. Баркоўская (Барысюк), Т. Храм для анёла [Тэкст] / Т. Баркоўская // ЛіМ. – 2000. – 1 снежня.

  2. Барысюк, Т. Ад “Чырвонага ліхтара” да “Інквізіцыі” В.Шніпа [Тэкст] / Т. Баркоўская // Маладосць. – 2003. – № 6.

  3. Бельскі, А. Музыка фарбаў і пачуццяў [Тэкст] / А. Бель­скі // Полымя. – 1996. – № 9.

  4. Бельскі, А. Сучасная беларуская літаратура [Тэкст] / А. Бель­скі. – Мн., 1997.

  5. Бельскі, А. Краса і смутак [Тэкст] / А. Бель­скі. – Мн., 2000.

  6. Брадзіхіна, А. Прамень святла ў “чырвоным тумане” [Тэкст] / А. Брадзіхіна // Полымя. – 2001. – № 10.

  7. Брадзіхіна, А. В. Інтымная лірыка: асаблівасці жанру [Тэкст] / А. В. Брадзіхіна // Навук. чы­тан­­ні “Слова і час”: [прысвеч. памяці прафесара У.В.Анічэнкі: зб. навук. артык.]: у 2 ч. Ч. 1. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2003. – С. 191 – 200.

  8. Брадзіхіна, А. В. Інтымная лірыка як адметная мастацкая з’ява [Тэкст] / А. В. Брадзіхіна // Весці Акад. навук Беларусі. Сер. гуманітар. навук. – 2003. – № 4. – С. 102 – 107.

  9. Брадзіхіна, А. В. Спецыфіка нацыянальнага эрасу: рускі і беларускі аспект [Тэкст] / А. В. Брадзіхіна // VI Навук. чытанні [прысвеч. 120-годдзю з дня нараджэння акадэміка НАН Бе­ла­русі С. М. Не­крашэвіча: зб. навук. арт.]. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2003. – С. 274 – 279.

  10. Вейдле, В. В. Эмбриология поэзии: статьи по поэтике и теории искусства [Текст] / В. В. Вейдле. – М. : Язы­ки славянской культуры, 2002. – 456 с.

  11. Гачев, Г. Русский Эрос [Текст] / Г. Гачев. – М. : Интерпринт, 1994. – 279 с.

  12. Гинзбург, Л. О лирике [Текст] / Л. Гинзбург. – Л. : ЛО “Советский писатель”, 1974. – 408 с.

  13. Ивин, А. А. Многообразный мир любви [Текст] / А. А. Ивин // Философия любви: в 2 ч. Ч. 1. – М. : Политиздат, 1990. – С. 380 – 509.

  14. Лобач, У. Беларуская эротыка: Харошанька прытанцуй, каго лю­­біш – пацалуй [Тэкст] / У. Лобач // Новая зямля. – 1994. – 31 сакавіка. – С. 7.

  15. Рубенис, А. Сущность любви – тема философского размышления [Текст] / А. Рубенис // Фило­со­фия любви: в 2 ч. Ч. 1. – М. : Политиздат, 1990. – С. 205 – 229.

  16. Рюриков, Ю. Б. Типология любви [Текст] / Ю. Б. Рюриков // Психология и психоанализ любви / Ю. Б. Рюриков. – Самара : Издательский Дом БАХРАХ-М., 2002. – C. 141 – 155.

  17. Скобла, М. Пад апякунствам нябёсаў [Тэкст] / М. Скобла // ЛіМ. – 1995. – 27 кастрычніка.

  18. Уэллек, Р. Теория литературы [Текст] / Р. Уэллек, О. Уоррен. – М. : Прогресс, 1978. – 325 с.

  19. Шамякіна, Т. І. Міфалогія Беларусі: нарысы [Тэкст] / Т. І. Шамякіна. – Мінск : Маст. літ., 2000. – 400 с.

  20. Штэйнер, І. Déjà vu, або Успамін пра будучыню: літаратурна-крытычныя артыкулы [Тэкст] / І. Штэйнер. – Мн. : ЛМФ “Нёман”, 2003.

ТЭМА 5 Кампаратывістыка: паняцце, прынцыпы, законы

ЛЕКЦЫЯ 1
1 Кампаратывістыка як адметная галіна літаратуразнаўства.

2 Практычныя прынцыпы вывучэння аналагічных феноменаў і асноўныя метады кампаратывістыкі.

3 Антычныя традыцыі ў эратычнай лірыцы А. Бар­с­ка­­­га.
1 Кампаратывістыка як адметная галіна літаратуразнаўства
Папулярны ў апошнія дзесяцігоддзі разгляд нацыянальных лі­та­ра­тур у кантэксце сусветнай дазваляе пазбегнуць ізаляванасці, ад­на­баковасці ў ацэнках сучаснага айчыннага прыгожага пісьмен­ства, сцвярджае высокі ўзровень яго развіцця і лучнасць з літаратурамі свету. Высвятленнем сувязей паміж рознымі культурнымі прасторамі займаецца адметная галіна літаратуразнаўства – кампаратывістыка (параўнальнае літаратуразнаўства).

Кампаратывістыка – раздзел літаратуразнаўства, аб’ектам вывучэння якога з’яўляецца супастаўленне літаратуры з іншымі выяўленчымі формамі і галінамі ведаў – жывапісам, музыкай, філасофіяй, гісторыяй і інш. – (калі разглядаць паняцце ў шырокім сэнсе), а таксама супастаўленне літаратурных з’яў – блізкіх і далёкіх у часе, якія належаць адной традыцыі і розным культурным прасторам – (у вузкім сэнсе).

Складанасць у авалодванні вышэйназванай навукай і ў тым, што кам­паратывіст павінен валодаць пэўным наборам неабходных яка­сцей, сярод якіх – пасіўнае, а па магчымасці, актыўнае вало­дан­не больш як адной замежнай мовай. Адпаведна ў краінах, дзе род­ная мова нацыі дубліруецца мовай міжнароднай культуры, да якіх на­лежыць і Беларусь, ва ўмовах прыроджанага двухмоўя (бі­лінг­візму), з’яўляюцца дадатковыя магчымасці для кампаратывісцкай дзейнасці.

Параўнальнае літаратуразнаўства ўзнікла ў пачатку 19 ст. у Францыі, калі сталі актыўна пашырацца навуковыя тэорыі, заснаваныя на ідэалагічным і сацыяльным касмапалітызме. На працягу пазамінулага стагоддзя кампаратывістыку жывілі гумані­стыч­ныя ілюзіі пра братняе збліжэнне народаў. Ля вытокаў развіцця гэтай навукі стаялі Дзю Бэле, Франсуа Наэль, Абэль Віль­мэн, Жан-Жак Ампер, Вілем дэ Клерк, Аляксандр Весялоўскі. У бе­ла­рускім літаратуразнаўстве на далучанасць айчыннай літара­ту­ры да сусветнага кантэксту першымі звярнулі ўвагу М. Багдановіч (артыкул “За тры гады”, 1913) і В. Ластоўскі (артыкул “Па свайму шляху”, 1914). У сучаснай айчыннай філалагічнай навуцы прабле­мамі параўнальнага вывучэння плённа займаюцца А. Мальдзіс, М. Тычына, В. Рагойша, Е. Лявонава, Л. Корань, П. Васючэнка, Г. Адамовіч, Г. Тварановіч і інш.

Свайго росквіту кампаратывістыка дасягае ў другой палове 20 ст., што абумоўлена пашырэннем камунікатыўных магчымасцей чалавецтва (развіццё авіяцыі, гуказапісу, вынаходніцтва тэлефона, інтэрнета і г.д.). На сучасным этапе аформіліся дзве школы параўнальнага літаратуразнаўства – французская (П. Брунэль, К. Пішуа, А.-М. Русо і інш.) і амерыканская (Р. Уэлек, О. Уорэн і інш.), уяўленні якіх разыходзяцца па многіх прынцыповых пытаннях.

Даследаванне аналогій у розных літаратурах, вызначэнне пада­бенстваў і адрозненняў – яшчэ не параўнальнае літаратуразнаўства, а толькі яго падрыхтоўчы этап. Шляхам параўнання з іншымі культурамі сцвярджаюцца агульныя заканамернасці творчай эвалю­цыі пісьменніка, развіцця канкрэтнай літаратуры і, як вынік, сусветнага вербальнага мастацтва. Яшчэ Буфон казаў: “Калі б не існавала жывёлаў, то і чалавека мы б ведалі значна горш”. Дарэчы, параўнальная анатомія, фізіялогія, эмбрыялогія ўзніклі значна раней, у 17 ст. Іншымі словамі, асноўны метад кампаратывістыкі – параўнанне, якому ў кампаратывістыцы адводзіццца эўрыстычная роля. Вывучэнне каўзуальнай (прычынна-выніковай) сувязі паміж вытокам і ўплывам, іх узаемадзеяння, выяўленне заканамернасцей традыцыі дазваляе вызначыць арыгінальны ўнёсак кожнай нацыянальнай літаратуры ў сусветную скарбонку. Пры гэтым важным становіцца не толькі высвятленне аналогій, але і абавязковае падкрэсліванне самабытнага нацыянальнага і індывіду­аль­нага пачаткаў. Кампаратывісты імкнуцца пазнаёміць сваіх суродзічаў са здабыткамі іншых культур і адрадзіць дзякуючы гэтаму ўласную літаратуру, таму нацыянальны элемент – неад’­емная частка кампаратывістыкі.

Зразумела, што чытаць літаратуру на мове арыгінала – найкарацейшы і найдакладнейшы шлях да яе вывучэння. Аднак большая частка насельніцтва блага ведае замежныя мовы. Таму асноў­ным сродкам азнаямлення з шэдэўрамі сусветнай літаратуры за­стаюцца пераклады. Вывучэнне міжнародных літаратурных су­вя­зей ажыццяўляецца прагрэсіўнымі пісьменнікамі шляхам перакладу тво­раў. Такіх пісьменнікаў Поль Ван Тыгем назваў “пася­рэд­ні­камі”, якія дзейнічаюць паміж вытворцам-адпраўляль­нікам і спажыўцом-атрымальнікам. Найбольшую дакладнасць гарантуюць пераклады, зробленыя непасрэдна з арыгінала, хаця іх таксама нельга назваць тоеснымі аўтэнтычнаму варыянту. Да прыкладу, параўнаем розныя пераклады вядомай “Майскай песні” Ё.В. Гётэ:
Как все ликует, Які ўрачысты

Поет и звенит! Прастор наўкруг!

В цвету долина, Зіхоча сонца!

В огне зенит! Смяецца луг!


Трепещет каждый З галінкі кожнай –

На ветке лист, Пялёсткаў цуд

Не молкнет в рощах І стогалосы

Веселый свист. Птушыны гуд,


Как эту радость Пяшчота, радасць

В груди вместить! – З усіх грудзей.

Смотреть! и слушать! О свет, о сонца!

Дышать! и жить! О ўзлёт надзей!


Любовь, роскошен О дарагая!

Твой щедрый пир! Бы залаты

Твое творенье – Світальны воблак

Безмерный мир! Чаруеш ты!

(пер. А. Глобы) (пер. А. Лойкі)

Майстэрства і талент перакладчыка тут адыгрывае вялікую ролю. Наколькі важнае месца належыць пісьменніку-“пасярэдніку”, можна зразумець з таго факта, што доўгі час французы бачылі ў асобе Шэкспіра проста дзівака, а паэзію Пушкіна яшчэ нядаўна лічылі дарэмным крэмзаннем паперы. Прычынай такога стаўлення да творчасці класікаў была невысокая якасць перакладаў іх твораў. Здараецца і так, што арыгінальны шэдэўр робіцца не менш выдатным творам на мове перакладу. У гэтым выпадку ў свеце пачынаюць існаваць два шэдэўры. Да прыкладу, такімі можна лічыць п’есы Шэкспіра, перакладзеныя Шлегелем. Таму пільнай увагі пры даследаванні пераўвасобленага на іншую мову твора патрабуе вывучэнне асобы перакладчыка. Пераклады, мова якіх цалкам падпарадкавала сабе мову аўтэнтычных твораў, атрымалі назву “прыгожыя неадпаведнікі”.

Гісторыя сведчыць, што многія значныя творы па розных прычынах выдаваліся аўтарамі за межамі сваёй радзімы. У гэтым сэнсе неабходна адзначыць, што нацыянальная прыналежнасць пісьменніка не заўсёды супадае з мовай яго твораў. Прыкладам можа служыць творчасць А. Міцкевіча, У. Набокава і інш. Многія класікі таксама спрабавалі свае сілы на іншых, не родных, мовах. Так, Вальтэр напісаў шэраг твораў на англійскай мове, Рыльке у свой час спрабаваў адшукаць французскую музу. Цікавыя і факты двух-, трохмоўнай творчасці, што гістарычна суправаджала развіццё беларускага мастацтва слова.

Важнае месца ў даследаванні параўнальнага літаратуразнаўства належыць і адаптацыям – пераўвасабленню эпічных ці ліра-эпічных твораў для тэатра, кіно, тэлебачання. Ім уласцівы падобныя да перакладаў адметнасці і ўмовы даследавання. Акрамя таго, тут кампаратывіст павінен звярнуць увагу на элементы фантазіі і домыслу і пачуццё меры ў іх выкарыстанні.

Прадметам даследавання кампаратывістыкі з’яўляюцца як камунікатыўныя, або кантактныя, сувязі (уплыў, выток, наследаванне, генезіс, запазычванне, рэцэпцыя, плагіят, традыцыя і інш.), так і тыпалагічныя сыходжанні (тыпалагічная блізкасць, гісторыка-генетычныя паралелі, духоўная блізкасць і інш.). Знешнія, выпадковыя супадзенні ў абсяг даследавання параў­наль­нага літаратуразнаўства не ўваходзяць.

Уплыў – тонкі механізм, праз які твор становіцца своеасаблівым штуршком да ўзнікнення іншага твора. Гэта тэрмін з шырокай семантыкай. Паводле даследчыкаў амерыканскай школы, уплыў можа ўключаць у сябе адрозныя паняцці: свядомае наследаванне і падсвядомае перажыванне калісьці прачытаных радкоў, пазычанне найдрабнейшых дэталей і прымітыўную імітацыю, простую выпад­ко­васць і духоўнае падабенства аўтараў.

Дж. Эліёт лічыць мэтазгодным прымяняць у гэтым сэнсе паняцце “стымул” ад захаплення творчасцю іншага пісьменніка, і яшчэ ў большай ступені ад “адчування магутнага падабенства ці, хутчэй, ад адмысловай асабістай блізкасці з іншым пісьменнікам”. Знаёмства з творчасцю таго ці іншага аўтара можа выклікаць пачуццё, якое раптоўна, нібы маланка, працінае чалавека або прыходзіць да яго паступова, пасля доўгага і ўважлівага знаёмства з мастацкімі набыткамі пісьменніка. Тым не менш “стымул” для маладога літаратара нясе пазітыўны сэнс, бо пераўтварае яго “з носьбіта простага спалучэння пазычаных пачуццяў у сапраўдную асобу”. Трэба сказаць, што літаратурныя аўтарытэты ўплываюць не толькі на пачаткоўцаў. У любым узросце і на кожным этапе творчага развіцця пісьменнік можа адкрыць нешта новае для сябе праз далучэнне да набыткаў сусветнай культуры.



Французскія кампаратывісты звязваюць з паняццем уплыву толь­кі кантактныя адносіны, лічачы знешняе супадзенне і ты­па­ла­гіч­ную блізкасць прадметам даследавання агульнага літара­ту­ра­знаўства.

Пошукі ўплываў прадугледжваюць напрамак дзейнасці ад вытворцы да спажыўца, а ў выяўленні творчых вытокаў вектар даследавання скіроўваецца ў адваротны бок, што патрабуе ад кампаратывіста яшчэ большай пільнасці, інтуіцыі і крытычнай праніклівасці. Сукупнасць вытокаў вызначае літаратурную генеалогію таго ці іншага пісьменніка. Скажам, творчы генезіс беларускай паэткі Л. Рублеўскай звязваецца з цэлым колам яе літаратурных настаўнікаў, сярод якіх важнае месца займаюць У. Караткевіч, О’Генры, Карэл Чапек, Джон Кольер, Аляксандр Грын, Эдгар По, Адольф Бекер і інш.

Уплыў можа ўспрымацца і вузка, як адзінкавае ўздзеянне, у адрозненне ад наследавання, што мае сістэматычны характар. Наследаванне таксама можа рэалізоўвацца рознымі шляхамі. Яшчэ Наваліс, вылучаючы сімптаматычнае і генетычнае наследаванне, надаваў першаму з іх другараднае значэнне, звязанае з простым падваеннем твора, у той час калі другое лічыў арыгінальнай з’явай.

Ад уплыву трэба адрозніваць і плагіят – механічнае паўтарэнне, эпігонства, да якога звяртаюцца пісьменнікі са слабым натхненнем.



Запазычванне – гэта выкарыстанне пісьменнікам адзінкавых сюжэтаў, матываў, тэкставых фрагментаў папярэднікаў.

Тыпалагічная блізкасць – гэта наяўнасць аналагічных феноме­наў, канвергентных з’яў, што адначасова ці на розных этапах узніклі ў літаратурах розных краін, але безадносна да ўзаемадзе­ян­няў. Як правіла, гэта абумоўлена аднолькавасцю сацыяльна-эканамічных варункаў, блізкасцю ідэйна-палітычных філасофій, тоеснасцю развіцця навуковых тэорый і інш. Прычынамі адмет­насці, арыгінальнасці розных літаратур выступаюць нацыянальная ўдача, мова, усведамленне гістарычнай мінуўшчыны краіны, актыў­ны зварот да ўласнай фальклорнай спадчыны і інш.

Параўнальнае літаратуразнаўства вывучае аналагічныя фено­­мены як на сінхранічным (што маюць месца ў аднолькавы прамежак часу), так і на дыяхранічным (на працягу некалькіх паслядоўных перыядаў) узроўнях. Дыяхранічнае існаванне літаратурных жанраў ёсць доказ існавання пэўнай традыцыі.

Часцей за ўсё сучасная форма твора захоўваецца з часоў стара­жытнасці ці сярэднявечча. Прыкладамі могуць служыць жанры оды, санета, трыялета, рандо і інш. Тым не менш з цягам часу з многімі жанрамі адбываліся значныя метамарфозы (сатыра, балада і інш.). Прасачыць узнікненне таго ці іншага жанру даволі складана, бо монагенезіс у гісторыі сусветнага мастацтва слова выступае даволі рэдкай з’явай (Вальтэр Скот як заснавальнік гістарычнага рамана). Як правіла, даследчык мае справу з полігенезісам (вясковы раман Жорж Санд, Готфгельфа, Джорджа Эліёта).

Пад рэцэпцыяй разумеюць свядомае пазычанне і прыстасаванне пэўных культурных формаў, якія ўзніклі ў іншай краіне ці ў іншую эпоху.

Сучасная беларуская даследчыца Г. Тварановіч прапануе яшчэ адно, досыць шырокае, паняцце – “тыпалогія сутнасцей”, якое тлумачыць як “сыходжанні ўнутранага плана”: “Дадзены ўзровень даследавання дазваляе пераадолець знешнюю адрознасць у змястоўнай і мастацкай фактуры, кампазіцыйнай, рытмічнай арганізацыі твораў, каб спасцігнуць тое ўсечалавечае цэлае, што лучыць творчасць вялікіх майстроў слова” (Гл.: Тварановіч Г. Беларуская літаратура: паўднёваславянскі кантэкст, Мн., 1996).

Незалежна ад прадмета і методыкі даследавання да кампара­тывіста ставяцца наступныя патрабаванні:

- пільная ўвага і пачуццё меры, каб выяўленне ўплываў і сувязей не падмянялася вылучэннем фальшывых падобнасцей і знешніх супадзенняў. Скажам, падобнасць сюжэтаў “Рамэа і Джульеты” з усходняй казкай “Лейла і Меджнун”, калі закаханыя належаць да двух варожых сем’яў і толькі смерць можа вырашыць канфлікт, выклікана тым, што гэта тыповая сітуацыя чалавечага лёсу.

- параўноўваць параўнальнае.



2 Практычныя прынцыпы вывучэння аналагічных феноменаў і асноўныя метады кампаратывістыкі
Вывучэнне асобы пісьменніка, яго светапоглядных ары­ен­­тацый становіцца неад’емнай часткай параўнальнага літаратуразнаўства. Крыніцамі такой інфармацыі могуць стаць інтэрв’ю, дзённікі, аўтабіяграфіі, эпісталярная спадчына, мемуары аўтара, успаміны яго сучаснікаў і інш.

Даследуючы аналагічныя феномены, кампаратывіст павінен улічваць наступныя фактары:

1) Сацыякультурнае асяроддзе, з якім звязана канкрэтная літаратура. Гэта падразумявае вывучэнне паходжання і ўмоў выхавання аўтара (арыстакратычнае, шляхецкае, сялянскае), месцапражывання (горад ці вёска), а таксама профілю і ўзроўню адукацыі.

2) Грамадска-палітычныя і ідэ­алагічныя дамінанты аўтараў. Трэба сказаць, што ў літаратуры ўласна палітычныя ідэі прысут­нічалі заўсёды – ад Платона да Маркса. Кампаратывістыку цікавіць мастацкае вырашэнне канкрэтных сацыяльных праблем, такіх як нявольніцтва, расавая дыскрымінацыя, акупацыі, бунты, грамадзян­скія войны, праблема фемінізму, праблема дзіцяці і інш.

3) Навуковыя канцэпцыі, якіх прытрымліваліся пісьменнікі. Пра прысутнасць навуковых ідэй у літаратуры можна гаварыць, пачы­наючы ўжо з часоў антычнасці (да прыкладу, “Аб прыродзе рэчаў” Лукрэцыя). У эпоху Новага часу такія сувязі нараджаюць новы літаратурны жанр – фантастыку. У ХХ ст. вынаходніцтва камп’ютэрных тэхналогій, асваенне касмічных прастораў, набыткі псіхіятрыі, псіхааналізу моцна ўплываюць на развіццё сусветнага вербальнага мастацтва.

4) Маральна-этыч­­ны­я імператывы. У большай ступені гэта датычыць як празаічных, так і паэтычных твораў інтымнага характару. Важным становіцца выяўленне каштоўнасных прыяры­тэтаў, адметнасцей поглядаў пісьменніка на каханне, мараль, гонар, вернасць, высакароднасць і інш. і карэляцыя іх з тымі ці іншымі дзеяннямі, учынкамі.

5) Канфесійную прыналеж­нас­ць аўтараў і іх пазіцыю ў адносінах да рэлігіі ўвогуле. Пытанні рэлігійнага кшталту часта становяцца сутнасцю літаратурных твораў. Пры гэтым нельга абмінаць увагай і літаратуру “ерэтычнага”, апакрыфічнага альбо выразна атэістыч­нага характару, якая формай палемікі, частковага ці поўнага адмаўлення сцвярджае свае адносіны да філасофска-багаслоўскіх праблем. Так, Дантэ Аліг’еры, Ж. Ж. Русо, В. Гюго, Ф. Дастаеўскі і многія іншыя рознымі спосабамі імкнуліся да асэнсавання вышэй­шых, боскіх ісцін. З кожнай рэлігійнай плынню звязаны пэўныя моўныя штампы, танальнасць, структура малітвы або заклінанняў, што знаходзяць выражэнне ў адпаведнай рыторы­цы ці паэтыцы (жанры летуценняў, сузіранняў, медытацый і інш.).

6) Фі­ла­софскі базіс творчасці канкрэтных пісьменнікаў. Іншымі словамі, высвятленне пытання, якія філосафы выклікалі захапленне гэтых літаратараў, а якія – разыходжанні ў поглядах.

7) Псіхалагічныя ўстаноўкі і адметнасці. Гэтае надзвычайна складанае патрабаванне прадугледжвае не толькі даследаванне асаблівасцей эмацыйнай сферы, але і шчырасці аўтараў. Апошняе пытанне мае дыскусійны характар і многімі даследчыкамі дагэтуль вырашаецца даволі катэгарычна: карпатлівая, руплівая праца над вершам ці ўскладненасць яго формы атаясамліваецца імі з выштукаванасцю, ненатуральнасцю, майстравітасцю. З падобных меркаванняў вынікае, што права на жыццё маюць творы толькі рэалістычных мастацкіх кірункаў. Зразумела, такі падыход да вывучэння шчырасці спрошчаны і павярхоўны. Вывучэнне пытання шчырасці найперш датычыць тых аўтараў, у якіх назіраецца прамое і свядомае наследаванне папярэднікам.

8) Склад бібліятэкі, суму прачытаных пісьменнікам кніг і значнасць для яго кожнай з іх. У высвятленні вытокаў творчай індывідуальнасці, уплываў на мастака слова таго ці іншага аўтара трэба звярнуць увагу і на той факт, чые тэксты ён перакладаў, бо жаданне пераўвасобіць на родную мову той ці іншы твор узнікае, як правіла, на глебе духоўнага сваяцтва ці псіхалагічнай блізкасці аўтараў. Так, Бадлер у лісце да Тарэ Буржэ пісаў: “Дык варта і мяне вінаваціць у капіяванні Эдгара По! А ці ведае Вашаць, чаму я так старанна перакладаў По? Таму што ён падобны на мяне. Адкрыўшы ўпершыню яго кнігу, я з жудасцю і захапленнем убачыў перад сабой не толькі задуманыя мной сюжэты, але і фразы, над якімі я разважаў: По пісаў гэта на 20 гадоў раней за мяне”.

9) Гісторыю з’яўлення твора, што падразумявае ўключэнне элементаў тэксталогіі: вывучэнне прататыпаў вобразаў, першама­тэрыялу тэмы і ідэі, дакументаў і інш.

10) Мастацка-эстэтычныя па­зі­цыі і куль­турную сітуацыю эпохі. Вызначэнне прыкмет таго ці іншага мастацкага кірунку або стылёвай плыні ў творчасці канкрэтнага пісьменніка, іх сукупнасць, спалучэнне, дамінанты. Кампаратывісты канстатуюць і наяўнасць сувязі паміж геаметрычнымі формамі і творчым напрамкам. Так, круг лічыўся адзнакай класіцызму, эліпс – барока, арабеска алпавядала ракако і інш.

11) Нацыянальны характар, што прадугледжвае асэнсаванне спецыфікі менталітэту народа, да якога належыць аўтар і сувязі яго творчасці з фальклорам.

12) Комплекс узаемадачыненняў з іншымі відамі мастацтва.

Гэта ўбірае ў сябе далучэнне да літаратурнай гісторыі кніжных і музычных ілюстрацый, выяўленне падабенстваў, аналогій у паэзіі і музыцы, тэатры і архітэктуры, літаратуры і жывапісе.

У вывучэнні мастацкага тэксту неабходна паядноўваць знешні падыход з унутраным. Першы прадугледжвае вывучэнне ідэі і тэмы як яе нулявой ступені. Да прыкладу, на нейтральнай тэме заняпаду могуць развіцца ідэі прагрэсу (адмаўлення і супраціву заняпаду) альбо дэкадэнцкія ідэі яго сцверджання і вітання. Галоўная памылка тут – зводзіць да адной ці некалькіх тэм шматколернае палатно твора. Таму неабходна разглядаць так званыя тэматычныя комплексы, ці, паводле Леві-Строса, “пакет стасункаў”, ва ўзаемасувязі тэм, непадзельна спалучаных у сістэме тэксту. Іншымі словамі, “хірургічна” выдаленне пэўнай тэмы з сукупнасці і кан­статацыя яе наяўнасці ў некалькіх творах з’яўляецца спрошчаным і нават шкодным падыходам, уласцівым псеўдакампаратывістыцы.

Даследаванне тэматыкі закранае некалькі ўзроўняў:

- аўтарская тэматыка, дзе важная роля належыць псіхакрытыцы; даследчыку нельга замыкацца толькі ў пошуку ўражанняў, сучасных моманту напісання твора і аўтабіяграфічных дзіцячых успамінаў; трэба, каб аналіз выявіў несвядомыя працэсы, якія кіравалі пісьменнікам;

- тэматыка эпохі, якая адлюстроўвае ідэалы часу і можа быць абумоўлена палітычным, сацыяльным, а таксама літаратурна-мастацкім кантэкстамі;

- традыцыйная, або вечная, тэматыка, ува­сабленне якой у практыцы су­свет­на­га вершапісання і празаічнага ма­стац­тва слова ад за­ра­джэн­ня і да сённяшняга дня мае кантынуальны і актуальны характар.

Тэматыка прадугледжвае і даследаванне матываў, пад якім разумеецца найменшая часцінка тэматычнага матэрыялу. Найпер­шай яго адзнакай з’яўляецца канкрэтнасць, супрацьлеглая абстракт­насці і абагульненасці тэмы.

Тэматыка цесна звязана і з паэтыкай, што выступае прадметам даследавання пры ўнутраным падыходзе да літаратурнага тэксту. Небеспадстаўна Ж. Ж. Русо сцвярджаў: “Форма – феерверк глыбіняў”. Любая тэма ўвасабляецца ў паэтыцы і часта вымагае выкарыстання таго ці іншага жанру, у адрозненне ад віду, што заснаваны выключна на фармальных прыкметах.

Паэтыка – галіна тэхнічная, аднак такая праца патрабуе не толькі скрупулёзных статыстычных падлікаў і халоднага, амаль матэматычнага аналізу пэўнага тэксту, але і замілавання прыгожым стылем, адчування ўнутранага жыцця твора. Бяс­кон­цае будаванне схем і дыяграм не гарантуе спас­ці­жэн­ня сутнасці паэзіі. Каб ства­рыць сапраўды таленавітыя радкі, віртуознага рамесніцтва ма­ла, трэба ўмець на­поў­ніць іх жыццём, надзяліць душой. Найбольш трапна гэту іс­ці­ну калісьці агучыў В. Ро­за­наў: “Зрабіцца пісьменнікам – абсалютна немагчыма”. І яшчэ дакладней: “Душы ў вас няма, спадары: і не атрымліваецца літаратуры”.

Аб’ектам увагі параўнальнай паэтыкі выступаюць не розныя паэтычныя школы, а індывідуальныя “почыркі”, мастацкія манеры канкрэтных пісьменнікаў. Пры гэтым вывучэнне тэхнікі творчасці ўключае ў сябе даследаванне адметнасцей кампазіцыі, вызначэнне канстантаў і варыянтаў літаратурнай марфалогіі – жанраў, відаў, форм, аналіз вобразна-выяўленчай сістэмы, катэгорый часу і прасторы, слоўніка і інш.

Сённяшняя беларуская лірыка – частка агульнасусветнага культурнага працэсу, якая аба­пі­раецца на еўрапейскія мастацка-эстэтычныя традыцыі. Характар узнікнення ана­­ла­гіч­ных феноменаў на дыяхранічным узроўні – у класічнай еўрапейскай паэзіі і су­часнай бела­рус­кай лірыцы – даволі разнастайны.



3 Антычныя традыцыі ў эратычнай лірыцы А.Бар­с­ка­­­га
Светаадчуванне сучаснага беластоцкага паэта А. Барскага відавочна фарміравалася пад уздзеяннем антыч­най куль­туры. Яго падкрэслена эратычная лю­боў­ная лі­рыка пра­сяк­нута духам антычнасці і на­поў­нена знешнімі атры­бу­та­мі стара­жыт­на­грэ­часкай паэзіі.

Най­больш яс­крава рэ­цэп­цыя элінскай спадчыны пра­соч­­ваецца ў паэта на знеш­нім узроўні – па­сля­доў­ным вы­ка­рыстанні антычных лю­боў­ных ма­­тываў і воб­разаў. Эротыка ў творцы цесна звязана з роднымi краявiдамi, каханне маг­чы­ма толькi на ўлоннi прыроды. Незадаволенасць жыццём у вялiкiм горадзе, моцнае ад­чу­ванне сваiх каранёў прыводзiць да iдэалiзацыi вясковага свету, да намаганняў паэта злiц­ца з прыродай у адзiнае цэлае, і адпаведна ўзнікае матыў адасаблення з каханай сярод стыхii вады. Згаданы матыў нараджаецца ў антычнай паэзіі даволі рана, разам са спасцiжэннем грэкамi сакрэтаў мараходства. Прычым у беларускага мастака слова ён мае выразны нацыянальны каларыт. Творчая фан­та­зiя аўтара змяшчае “востраў шчасця” на сярэдзiне жытнёвага поля:


Я вясло прынясу, дарагая, –

вясло з тонкай сталi адбiтай,

i тады паплывём па загоне

на востраў нашага шчасця.


Шматзначны, сімвалічны вобраз берага, што нават пакладзены ў аснову назвы ад­наго з паэтычных зборнікаў беластоцкага мастака слова (“Мой бераг”), арганiчна ўпля­таецца ў мастацкую тканiну вершаў. З аднаго боку, бераг – стваральнiк меж i пе­ра­шкод прасторы, з другога – ён паўстае цiхім прыстанiшчам, утульным куточкам спа­кою i шчасця.

Такая еднасць з ака­ля­­ю­чым светам у спалучэннi з вакхальнымi матывамi, даволi пашыранымi ў ан­тыч­ным ма­стацтве, нараджае нечаканыя асацыяцыi:


Сосны, як зялёныя бакалы,

рукой зямлi да сонца ўзняты,

далiце ў грудзi мне запалу,

далiце мне мускатаў вiнных,

пайду жывiцай перапiты,

хачу зноў сп’яна пераблытаць

ногi бярозы i дзяўчыны.
Даволі часта вобразы і дэталі падаюцца А. Барскім у дынаміцы, руху з мэтай да­сягнуць патрэбнага эфекту пяшчотнага дотыку ці пажадлівага вызвалення ад не­па­трэб­най закаханым вопраткі. Распрацаваны антычнымi ма­стакамі матыў распранання, паэт па-майстэрску пераносiць на навакольную прыроду, што надае яго пей­зажам адкрыта эратычную афарбоўку і робіць іх адметнымі і пазнавальнымі.
Гляджу я небу пад сукенку,

нібы мурашка пад паненку,

калі яна ў ліпнёвы ранак

выйдзе на луг, над рэчкай стане.

Эх любата, ачараванне!
Не дзіўна, што персаніфікаваным носьбітам кахання ў А. Барскага выступае вецер. Удалай з’яўляецца не­ад­на­значная метафара “на арфе павучыння грае вецер”, якую, згодна з Ю. Пацюпам (Пацюпа Ю. Зайгранне, або Ярныя (эратычныя) матывы ў ранняй творчасці Я. Ку­палы і М. Багдановіча // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні: Матэрыялы навук. канф. – Гродна, 1996.), нельга не прачытаць у пачуццёва-пажадлівым сэнсе. У антычных майстроў слова ве­цер не проста эратычны элемент, а i носьбiт пэўнага набору якасцей i функцый, улас­цiвых богу кахання. Так, Iвiк цалкам атаясамлiвае Эрас з ветрам, з бурным вi­хо­рам.

Плённа распрацоўвае А. Барскi i амаль забыты ў айчыннай літа­ра­туры з часоў М. Баг­дановіча матыў цяжарнасцi. Праўда, у такіх вер­шах выразна адчуваецца подых сучаснасці, сувязь з маральна-этыч­най і сацыяльнай праблематыкай. У адрозненне ад твораў ан­тыч­ных мастакоў, дзе цяжарнасць разглядаецца пераваж­на ў эс­тэтычным ракурсе, вершам А. Барскага часта ўласцівы фiласофскiя развагi з налётам ды­дак­тызму: “бо лёгка быць чулым каханкам // і спяваць ад змяркання да ранка // ды цяж­ка быць бацькам”. Цікава, што і такая адзнака кахання, як па­ца­лу­нак, у адпаведнасці з традыцыйным маральным iмператывам бе­лару­са, вы­гля­дае сцiпла i цнатлiва, калі дзеючымі асобамі з’яўляюцца людзі:

I як цалуюцца, устыд агорне

душу i сэрца славянiна –

мы ж прыкрываем ноччу чорнай

свой пацалуначак з дзяўчынай.


У той жа час падкрэслена пачуццёвым выступае зліццё вуснаў у прыродаапісальнай і патрыятычнай лірыцы, дзе прызначэнне пацалунку не iндывiдуалiзаванае, абагуль­не­нае, шы­­рокае. Так, перапоўнены шчасцем лiрычны суб’ект “гатовы цалаваць ка­госьцi” (тоеснае “ўсяму свету”) або ца­луецца з “вясёлкай, як з дзяўчынай” (верш “Вербы выплакалі ля сваіх ступеняў...”).

Матыў цяжарнасці таксама часта выносiцца А. Бар­скiм па-за ме­жы тэмы кахання. Вобразы далiны, цяжарнай налiўным калос­сем, ця­жарных баб – елак, вi­да­воч­на, стаяць у адным шэрагу з “бе­ре­мен­ным городом” Феагнiда. У пе­раважнай боль­ша­сцi выпад­каў фер­тыль­нымi здольнасцямi паэт надзяляе зямлю, i ў вы­нiку чаго на­скрозь прасякнуты эротыкай працэс сяўбы. Зразумела, нельга не заў­­ва­жыць фаль­клор­ных вытокаў такога бачання. Але тут слушна бы­ло б звярнуць увагу на антычныя куль­ты i святы. Побач з ор­гiевымi культамi Афрадзiты i Фаласа, фла­ра­лi­ямi i вак­ха­на­лi­ямi iмя багiнi земляробства i ўрадлiвасцi Дземетры, багiнi з больш “сур’­ёзнымi” функ­цыямi, на першы погляд выглядае недарэчна. Аднак вядома, што Элеў­сiнскiя мi­стэ­рыi, асеннiя святы ў гонар багiнi земляробства, заключалiся ў сiм­ва­лiч­ным па­ла­вым акце жраца Зеўса i статуi багiнi, пасля чаго народу прад’яўлялася ка­лос­се як до­каз таму, што мацi збажыны iмгненна аплоднiлася i нарадзiла яго.

Цiкавым падаецца i выкарыстанне А. Барскiм анакрэантычнага матыву, за­сна­ва­на­га на жаданні пры­няць фор­му бліз­­кага лю­бай прад­мета. Такiм прадметам невыпадкова абраны яблык. Паэт, вiдавочна, разлiчвае на лан­цуг асацыяцый чытача, узнаўленне ў яго свядомасці сімвалічных яблыка разладу, яб­лыка спакусы. Апрача таго, эфект узмацняецца зменамi, у якiх угадваецца эра­тыч­ны падтэкст: “цвет, адцвiўшы на галiне” – “я поўны сонечным праменнем” – “я ссаў з зям­лi радзiмай сокi” – “ад вятроў-гуляк я п’яны”. Лагiчнай выглядае i заключная ме­та­марфоза:
Прыйдзi, дзяўчына, пад галiны,

i я табе ў рукi рыну;

…вазьмi ў рукi, у каленi,

грудзьмi i тварам прытулiся,

а ў сына я ператваруся.
Такi падыход ужо знаёмы нам з паэтыкi творцаў элiнiстычнай пары, дзе яблык хоць i з’яўляецца сiмвалам, але традыцыйна, яшчэ ад суда Парыса, мае практычнае пры­мяненне. У элегii Калiмаха аб Аконцii i Кiдзiпе менавiта гэты плод паслужыў срод­кам заручын закаханых.

Ба­дай цi не самым дзiўным у мастацкiм свеце А. Барскага ўспры­ма­ецца разгляд праз прызму эротыкi такой iстоты, як карова (вер­шы “Ад рання сiвога…”, “Вечар пры­гнаў каровы з луга…” са збор­ні­ка “Жнiвень слоў”). Ва ўяўленнi сучаснага чытача асаб­лi­вай пры­ця­гальнасцю, атрактыўнасцю звычайна валодае жанчына, а эратызм ка­­ро­­вы можа ўспрымацца, як абраза. Відавочна, такую незвы­чай­ную паралель нельга тлу­­ма­чыць толькi экзатычнай “вясковай эро­ты­кай”. Варта толькi прыгадаць творы ад­па­­вед­нага гучання Ана­крэ­онта альбо Алкмана. Цi хаця б успомнiць старажытны мiф аб пры­­гажунi Iа, у якую закахаўся Зеўс, i, каб уберагчы сваю каханую ад помсты Ге­ры, пера­тварыў яе ў карову. І толькі “на берагах жыва­твор­нага Ніла Зеўс вярнуў ёй мі­ну­лае аблічча, і нарадзіўся ў яе сын Эпаф”.

Не менш цікавым у гэтым сэнсе прадстаюць і метамарфозы ца­ры­цы Крыта Пасі­фаі. Французскі даследчык П. Кіньяр у пры­свечанай антычнаму мастацтву кнізе “Секс і страх” перадае легенду аб Пасіфаі наступным чынам: “Жонка Міноса, царыца Крыта за­кахалася ў боскага быка, што падарыў цару Пасейдон. Пасіфая накіроўваецца да “вы­находніка” Дэдала. Яна просіць яго зрабіць штучную цялушку, у якой яна магла б змяс­ціцца так, каб бык падмануўся і савакупіўся з ёю. Тады Пасіфая спазнае сла­да­страс­насць жывёл (ferinas voluptates), не дазволеныя людзям жаданні (libidines illisitas). Цялушка Пасіфаі – траянскі конь пажадлівасці”.

Трэба зазначыць, што не толькi карова, а i кабылiца ў акрэслены пе­рыяд антыч­най эпохi з’яўлялiся ўзорам дасканалай прыгажосцi i маг­лi пазычыць дзяўчыне леп­шыя якасцi. Натуральна, такога роду па­раўнаннi расцэньвалiся хутчэй за ўсё як кам­плi­ментарныя. Так, у Гарацыя:


И в тот час, когда любострастья пламень,

Что в обычный срок кобылицу бесит,

Распалит тебя, ты возроптешь плача,

В горьком сознанье…


Увогуле, у па­э­зіі А. Бар­ска­­га на­­зіраецца тэн­дэн­цыя да пераносу пачуц­цё­­ва-пажад­лі­вых ма­люн­каў у пей­заж­ныя тво­ры (“Гляджу я небу пад сукенку...”, “Я так блізка зям­лі...”, “Вер­бы выплакалі ля сваіх сту­пеняў...”), што сведчыць аб якаснай транс­фар­ма­цыі аў­та­рам жанраў ідыліі, эк­логі, па­старалі Бі­ё­на, Фе­а­кры­та, Мосха. Мастак свядома ўзмацняе падабенства разгорнутым пастаральным ма­люнкам, героi якога “ў пастушых вопратках убогiх // пасвiлi сваё каханне”. Роз­нiца толькi ў тым, што прадметам увагi вершаў-iдылiй быў яркi спякотны поў­­дзень, а А. Барскi прыкрывае сваё каханне смугою змяркання.

Ад­чу­­валь­ная языч­ніц­кая аўра і блізкае ан­тыч­наму мі­фалагічнае тлу­ма­чэн­не рэчаіс­на­сці аб­умоў­лі­ва­юць з’яўленне ўласнага эра­тыч­нага бо­­ства – Сонца, што сінтэзуе функ­цы­я­наль­ныя ры­сы элін­скага Амура і сла­вян­скага Ярылы. Полi­тэ­iзм аўтара не абмежаваны ў часе i прасторы. У межах аднаго верша мiрна су­iс­ну­юць i паганскi лясун, i пегасаўскi конь, i нават Хрыстос. Больш таго, для паэта сонца, ве­цер, неба, зоркi выступаюць як пантэiстычныя з’явы. Яны персанiфiкуюцца, на­дзя­ля­юцца якасцямi вышэйшых iстот, спалуча­ючы рысы антычных i паганскiх багоў. Най­больш цiкавы ў адносінах да мастацкай касмагоніі беластоцкага пісьменніка во­браз сонца. Як вядома, славянскi Ярыла, што меў непасрэднае дачыненне да “саляр­ных” бостваў, звязваўся з фалiчным культам. Звычайны атрыбут Эрота, паводле ўяў­лен­ня паэтаў эпохi элiнiзму, – лук, стрэлы якога выклiкаюць жар кахання. Створаны А. Бар­скiм бог кахання – Сонца – убiрае, сiнтэзуе ў сабе функцыi i знешнiя адзнакi або­двух. Пры гэтым ён можа змяшчацца ўнутры чалавека, калі ў душы такой асобы ва­ладарыць любоў.


Лук сонца выгнуўся, напружыў,

I стрэлы сонца паляцелi на зямлю.

А май у бэзе, фiялетавы i дужы,

Пахучасць сiнюю даў роснаму галлю.

I як вынiк:

Свет агарнула крыламi каханне,

I сонцам, бэзам, песняй стаўся я.


Сонца, промнi часта ўзвялiчваюцца да сiмвалаў, а эпiтэт “со­неч­ны” набы­вае значэнне “эратычны”. Трэба заўважыць, што семан­тыч­нае поле кахання паэт за­паўняе пераважна “вогненна-свет­ла­вы­мi” паняццямi: жарынка – агонь – полымя – па­жар – зорка – лазер.

Як вядома, найвышэйшае праяўленне пачуцця ў антычнасцi ёсць абагаўленне сва­ёй каханай, надзяленне яе рысамi, уласцiвымi насельнiкам Алiмпа. Так, у якасці ты­повай партрэтнай характа­рыс­тыкі старажытнагрэчаскай прыгажуні могуць слу­жыць наступныя радкі Руфіна: “Ты обладаешь устами Пифо, красотою Киприды, // Бле­щешь, как Горы весны, как Каллиопа поёшь”. Гэты ўлюбёны элінамi пры­ём трансфармуецца А. Барскiм з улiкам багоў яго паэтычнага сусвету:

Ты створана небам,

Шчодрай яго жменяй, Людзi нi пры чым тут,

Людзi – старана.

Пахнеш навальнiцай,

Сонечным праменнем

Ва ўсiм свеце гэтым

Толькi ты адна.
Вядома, што ў эпоху класiчнай Грэцыi жан­чына стала лiчыцца iс­тотай больш прынiжанай, бяспраўнай. Цалкам выключаная з гра­мад­скага жыцця, яна ўспрымалася толькi механiзмам для нара­джэн­ня дзяцей. Ад­нак лiтаратура захавала нямала жаночых вобра­заў, якiм прысвечаны вершы, пера­поў­не­ныя пажадлiвасцю i адкры­тым за­хапленнем. Парадоксу тут няма. Часцей за ўсё ў пер­шым выпадку за­мест “жанчына” трэба чытаць “мужава жонка”, а ў другiм – “па­лю­­боўнiца, каханка”. Паэт не толькi кiдаў да ног каханай плён сва­ёй творчасцi, а ча­ста падпарадкоўваў уласнае жыццё яе капрызам i пры­хамацям. Пры гэтым жаданае iмя давала назву кнiзе: “Нано” Мiм­нерма, “Лявонцiян” Гермесiянакта, “Лiда” Ан­цi­ма­ха. На сён­няш­нi дзень нязвыкла хiба толькi тое, што антыч­ныя паэты не ўтой­ваюць iмё­наў сваiх гераiнь. Адметна, што пераважная боль­шасць iнтымных вершаў А. Бар­ска­га адрасуецца ўласнай жонцы, iмя якой – Нiна – апяваецца паэтам. Герой успры­мае яе багiняй, Ма­доннай (“Ніна Лізай”), яго пачуцці да любай набліжаюцца да пакланення.

Ам­бі­ва­лентнасць – дамінанта све­та­ўспры­ман­ня лі­рыч­нага ге­роя – выяўляецца і ў блізкай да поглядаў Пасідзіпа, Сапфо, Катула яго кан­­цэп­цыі ка­хан­ня, што абумоў­лі­вае на­стойлівы по­шук пер­­санажам ду­­хоў­­на-ця­лес­най гар­­мо­ніі. Як вядома, грэчаскае мастацтва класiч­най пары ўяўляе сабой пошук усеагульнай гар­монii, спалучэнне рэ­а­лiстычнага i iлюзорна-фантастычнага погляду на свет. Каханне ў яго ад­чуваннi – пачуццё адначасова шэрае i каляровае, салодкае i ба­лючае, пачатак i ка­нец, “нараджэнне жыцця i смяртэльнасць аго­нii”, распуста i цнота. Падобныя матывы, упер­шыню выкары­ста­ныя Сапфо, у шматлiкiх перапевах сустракаюцца ў ста­ра­жыт­ных грэкаў. Так, у Пасiдзiпа: “Пусть нами правит один сладостно-горький Эрот”. Вядомае катулаўскае “і ненавіджу яе і кахаю” ў стара­жыт­на­грэ­часкай любоўнай паэзіі выступае апагеем трагiчнага распаду цэ­лас­нага пачуцця. У сучаснага паэта по­шук гармонii ў каханнi, пера­адоль­ванне раздвоенасцi праз шматлiкiя рэфлексii асобы абя­цае ўзгод­ненасць, суладнасць сэрца i розуму. У выніку лiрычны герой пры­ходзiць да высновы, што ў супярэчнасцях, антыноміях i за­клю­ча­ецца сутнасць жыцця, што раздвоенасць i ёсць аснова шчасця. Такiм чынам, наблiзiўшыся на нейкi момант да гар­монii, ён асуджаны на заўсёдны яе пошук.

Тым не менш інтымную лірыку А. Барскага ў поўным сэ­н­се анта­ла­гічнай на­зваць нельга, бо акрэслены тып мастацкай дзейнасці праду­гле­дж­вае найперш успры­няцце асобнага вершава­нага тэксту фрагментам, урыўкам цэлас­най паэтычнай “кар­ці­ны старажытнасці” (М. Дарвін). У большай ступені пра­ана­лі­за­ва­ныя ўплывы з’яў­ля­юц­­ца ўскоснымі, апасродкаванымі, бо прайшлі праз некалькі эстэтыч­ных сістэм. Ад­нак выразны на­­цыянальны элемент у паэзіі А. Барскага дазваляе га­ва­рыць аб ары­гі­наль­­най мадыфіка­цыі, плён­ным раз­віцці ім традыцый папярэднікаў.


1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка