Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт




старонка4/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.8 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Літаратура





  1. Бельскі, А. Сучасная беларуская літаратура [Тэкст] / А. Бельскі. – Мн., 1997. – 254 с.

  2. Бельскі, А. Сучасная літаратура Беларусі [Тэкст] / А. Бельскі. – Мн., 2000. – 127 с.

  3. Бельскі, А. Краса і смутак [Тэкст] / А. Бельскі. – Мн., 2000. – 237 с.

  4. Васючэнка, П. Тэрыторыя мрояў [Тэкст] / П. Васючэнка // Полымя. – 1997. – №1.

  5. Верына, У. Эвалюцыя паэтычнай сістэмы А.Разанава [Тэкст] / У. Верына // Веснік БДУ. – Сер. 4. – 1999. – №1.

  6. Верына, У. Замова, малітоўна-літургічны, біблейскі верш і су­час­ны беларускі верлібр [Тэкст] / У. Верына // Роднае слова. – 2002. – №5.

  7. Гарадніцкі, Я. Сцежкі [Тэкст] / Я. Гарадніцкі // Маладосць. – 1984. – №1.

  8. Гарадніцкі, Я. “І верад свой я ў слова пераклаў...” [Тэкст] / Я. Гарадніцкі // Роднае слова. – 1992. – №1.

  9. Гинзбург, Л. О старом и новом [Текст] / Л. Гинзбург. – Л. : ЛО “Советский писатель”, 1982. – 423 с.

  10. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.: у 4 т. Т. 4, ч. 1, 2 [Тэкст]. – Мн., 2004.

  11. Гніламёдаў, У. Публіцыстыка і медытацыі [Тэкст] / У. Гніламёдаў // Полымя. – 1991. – №3.

  12. Гніламёдаў, У. Сінкрэтызм і інтэлектуальнасць [Тэкст] / У. Гніламёдаў // Полымя. – 1991. – №4.

  13. Гніламёдаў, У. Ад даўніны да сучаснасці [Тэкст] / У. Гніламёдаў. – Мн., 2001.

  14. Дарняк, Ю. Беларуская медытатыўная лірыка [Тэкст] / Ю. Дарняк // Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні, 24 кастр. 2003 г.: матэрыялы навук. канф. – Гродна: ГрДУ, 2003. – С. 254 – 259.

  15. Кабаковіч, А. Беларускі свабодны верш [Тэкст] / А. Кабаковіч. – Мн., 1984.

  16. Кавалёў, С. Як пакахаць ружу [Тэкст] / С. Кавалёў. – Мн., 1989. – С. 65 – 72.

  17. Кавалёў, С. Уцёкі насустрач [Тэкст] / С. Кавалёў // ЛіМ. – 1992. – 3 красавіка.

  18. Кісліцына, Г. З жыцця рэчаў [Тэкст] / Г. Кісліцына // Полымя. – 1994. – №3.

  19. Кісліцына, Г. Алесь Разанаў: праблема мастацкай свядомасці [Тэкст] / Г. Кісліцына. – Мн., 1997.

  20. Кісліцына, Г. Лірычная мініяцюра як жанр беларускай літаратуры [Тэкст] / Г. Кісліцына. – Мн., 2000.

  21. Конан, У. Усё чалавечае [Тэкст] / У. Конан. – Мн., 1983.

  22. Конан, У. Памяць пра вечнае [Тэкст] / У. Конан // ЛіМ. – 1992. – 27 лістапада.

  23. Конеў, Я. Інтэграцыйны прынцып адрозненняў Алеся Разанава [Тэкст] / Я. Конеў // Першацвет. – 1999. – №7 – 8.

  24. Ламека, Н. Зямлі вяртаючы нябёсы...: Творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сусветнай культуры [Тэкст] / Н. Ламека // Роднае слова. – 2004. – №2.

  25. Лявонава, Е. Плыні і постаці: З гісторыі сусветнай літаратуры другой паловы ХІХ – ХХ стагоддзяў [Тэкст] / Е. Лявонава. – Мн., 1998.

  26. Лявонава, Е. Палову жыцця падаюся ў свет, палову – варочаюся са свету [Тэкст] / Е. Лявонава // Роднае слова. – 1997. – №12.

  27. Ненадавец, А. Збіраецца час, збіраюцца знакі [Тэкст] / А. Ненадавец // ЛіМ. – 2000. – 8 верасня.

  28. Павловский, А. А. Советская философская поэзия [Текст] / А. А. Па­в­ловский. – Л., 1984.

  29. Пашкоў, Г. Песня Праметэям [Тэкст] / Г. Пашкоў // Беларусь. – 1981. – №11.

  30. Поспелов, Г. Н. Лирика: среди литературных родов [Текст] / Г. Н. Поспелов. – М., 1978.

  31. Русілка, В. Вучыць чалавечнасці [Тэкст] / В. Русілка // Полымя. – 1997. – №5.

  32. Сільнова, Л. Краіна Беларусь у фантастычных вершаваннях [Тэкст] / Л. Сільнова // ЛіМ. – 1996. – 22 сакавіка.

  33. Тычына, М. Змена квадры [Тэкст] / М. Тычына. – Мн., 1983.

  34. Шылец, А. Філасофска-эстэтычная значнасць рэчыўнага свету мас­­тацкага твора [Тэкст] / А. Шылец // Міжнар. навук. канф. “Рэгіяналь­ныя асаблівасці фальклору і літаратуры славянскіх народаў”, 23 – 24 кра­савіка 2004 г.: матэрыялы. – Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2004.

  35. Шынкарэнка, В. З верай у чалавечнасць [Тэкст] / В. Шын­ка­рэнка. – Гомель, 2001. – С.186 – 192.



ТЭМА 3 СУЧАСНАЯ ПЕЙЗАЖНАЯ ЛІРЫКА

1 Пейзажная лірыка: спецыфіка жанру.

2 Агульная характарыстыка сучаснай прыродаапісаль­най лірыкі.

3 Урбаністычная паэзія к. 20 – пач. 21 стст.

4 Жанр усходняй вершаванай мініяцюры ў пейзажнай лірыцы мяжы тысячагоддзяў.

1 Пейзажная лірыка: спецыфіка жанру

Пры разглядзе такога віду паэзіі, як пейзажная, найперш паўстае пытанне аб суадносінах тэрмінаў “прыродаапісальная” і “пейзажная” лірыка. Паняцці пейзажу і прыроды ў літаратуразнаў­чым ужытку трэба размяжоўваць. Пейзаж, у адрозненне ад інтэр’еру, г. зн. апісання ўнутраных памяшканняў, – шырокае паняцце, што падразумявае адлюстра­ванне любой незамкнёнай прасторы, у якую могуць уключацца як прыродныя аб’екты, так і вобразы рэчаў, створаных чалавекам. Пейзаж і інтэр’ер у сукуп­насці якраз і ўтвараюць знешнюю ў адносінах да чалавека мастацкую рэчаіснасць тэксту. Такім чынам, у літаратуразнаўстве паняцце “прырода” ўва­хо­дзіць у семантычную сферу тэрміна “пейзаж” у якасці яе элемента, струк­тур­най часткі.

Літаратурны пейзаж мае разгалінаваную тыпалогію. У залеж­на­сці ад прадмета, фактуры апісання адрозніваюць дзікі і культурны; гарадскі (урбаністычны) і вясковы; лясны, стэпавы, марскі, горны, экзатычны і іншыя віды пезажаў. Пры гэтым у мастацкім тэксце апісанне прыроды рэдка бывае пейзажам увогуле. Як правіла, ён мае нацыянальныя адметнасці, выяўляе патрыятычныя пачуцці. На­цыянальная своеасаблівасць праяўляецца і ў выкарыстанні пей­заж­ных вобразаў у літаратурным партрэце, асабліва ў творах вус­най народнай паэзіі. Напрыклад, калі для ўсходняй паэзіі харак­тэр­на прыпадабненне прыгажуні да поўні, месяца, то для паўночных на­родаў вобразам для абазначэння хараства жанчыны выступае сонца.

Лірычны пейзажны твор уяўляе сабой карціну, прычым, па словах В.Бялінскага, галоўнае ў ім “не сама карціна, а пачуццё, якое яна выклікае ў нас”. Таму ў прыродаапісальнай паэзіі пейзаж, як правіла, экспрэсіўны і адухоўлены, а таксама часта суаднесены з унутраным светам чалавека шляхам алегорыі, псіхалагічнага паралелізму і іншых сродкаў. У імпрэсіянізме ўвогуле ствараецца так званы “пейзаж душы”, калі паміж з’явамі прыроды і эмацыя­наль­ным станам асобы не існуе прынцыповай розніцы.

Функцыі пейзажу ў мастацкім тэксце даволі разнастайныя, і ў межах аднаго твора апісанне прыроды часта поліфункцыянальнае. У лірыцы гэта:

- форма псіхалагізму, калі пейзаж перадае ўнутраны стан лірычнага героя або стварае пэўны эмацыянальны фон, псіхалагічны настрой для ўспрыняцця тэксту;

- прырода выступае аб’ектам філасофскай рэфлексіі, праз яе аўтар даносіць уласную канцэпцыю быцця;

- сюжэтабудаўнічая функцыя, якая праяўляецца ў жанрах букалічнай паэзіі (ідыліі, эклогі, пастаралі) з яе паказам ціхамірнага жыцця на ўлонні прыроды; радзей у апавядальнай лірыцы ці ліра-эпіцы рэалізуецца функцыя сюжэтнай матывіроўкі; сюжэтная матывіроўка прадугледжвае рэзкую змену падзей, абумоўленасць ходу дзеяння метэаралагіч­нымі абставінамі (бура, навальніца, завіруха), што больш выразна праступае ў эпасе ці драме; у лірыцы па прычыне неразвітасці сюжэту гэтая функцыя не працуе ў поўнай меры.

- абазначэнне месца і часу дзеяння: праз пейзаж чытач можа ўявіць сабе, дзе адбываюцца падзеі (у лесе, горадзе, на рацэ і інш.) і калі гэта адбываецца (час сутак, пара года).

- пейзаж як форма прысутнасці аўтара, апасродкаванае выражэнне сваіх поглядаў праз актыўнасць вобраза прыроды. У адрозненне ад псіхалагічнай функцыі тут пейзаж выступае героем, пэўным чынам рэагуе на сітуацыю. У большай ступені такая функцыя ўласціва публіцыстычнай, экалагічнай лірыцы.

- пейзажныя вобразы выступаюць будаўнічым матэрыялам для стварэння тропаў: метафар, эпітэтаў, параўнанняў, сімвалаў і інш.

Як ужо зазначалася вышэй, у канкрэтным лірычным творы пей­заж выконвае некалькі функцый. Да прыкладу, у вершы І. Пракапо­ві­ча “Я іду дарогай да вяршыні горнай...” прырода выступае формай псіхалагізму і адначасова ўказвае на час і месца дзеяння.


Я іду дарогай да вяршыні горнай, –

На дарожных знаках – колер фарбы чорнай.


Над дарогай нізка сівы лунь лятае,

Нейкія праклёны мне ён намаўляе.


Нейкую трывогу шэпча ліст у лесе,

І змяя чамусьці на дарогу лезе.


На суку дубовым сойка песню вяжа.

Не хачу і слухаць – праўды не раскажа.


Над дарогай голле хіляць вербалозы.

На галінках росы, як чыесьці слёзы.


Сімволіка пейзажу надзвычай складаная. Калі паэт свядома выкарыстоўвае універсальныя, традыцыйныя, а не выпадковыя сімвалы, то ў іх інтэрпрэтацыі неабходнымі ўмовамі становяцца наступныя: адрозненне паміж дамінантнымі і выпадковымі кампа­нентамі; сімвалізм узроўню (нармальны, ніжэйшы, вышэйшы); від паверхні (масіўная, пакатая і інш.); сімвалізм арыенціроўкі (месцазнаходжанне другарадных элементаў адносна восей гары­зонта); пазіцыйнае месцазнаходжанне пейзажнага малюнка адносна ўсёй выявы; натуральныя і штучныя элементы; дамінаванне колеру ці дысгармонія колераў; урадлівасць ці неўрадлівасць; яркасць – цем­ра; парадак – хаос і інш. Так, паводле слоўніка сімвалаў Х. Э. Керлота, нізкаразмешчаныя прадметы могуць мець тры значэнні ў залежнасці ад кантэксту: грэхападзенне і пекла, грунтоўнасць, мацярынства. Стромкасць, круча паверхні, згодна са “Слоўнікам сімвалаў”, сімвалізуе прымітыўнасць і дэградацыю. Роўная паверхня – апакаліптычны канец, імкненне да ўлады і смерці. Схільнасць пісьменніка да касмічных пейзажаў указвае на сексуальны падтэкст і інш.

Шырокі дыяпазон вобразна-выяўленчай сістэмы пейзажнай лірыкі ахоплівае мікравобразы (травінка, кветка, дрэва і інш.), вялікія прыродныя аб’екты (лес, луг, рака і інш.) і касмічныя вобразы (сонца, поўня, зоркі, мора, неба, аблокі, пустэльня і інш.). Важнае месца ў аналізе пейзажнага твора належыць разгляду колеравай гамы, гукавых эфектаў, дэкарацыі рэчаіснасці пры дапамозе святла і ценяў.

Як правіла, сучасныя паэты ствараюць вершы, прысвечаныя роднай прыродзе, у традыцыйных жанрах, пераважна ў межах звыклай сілаба-танічнай сістэмы. Аднак у шэрагу выпадкаў пейзажныя замалёўкі набываюць верлібрызаваную форму. Так, у прыродаапісальным вершы “Сам-насам” Ю. Голуба назіраецца раска­ва­насць рытмікі і адсутнасць рыфмаў.
Знікла раптоўна

з жыта


касынка валошкі.

Дажджы гвалтам

заглушылі

голас зязюлі.

І патанулі зоры

ў чорным прадонні

неба.

Заплюшчваю вочы



і чую:

восень гартае

каляндар адзіноты.

За доўгі час свайго існавання пейзажная лірыка выпрацавала ўласную жанравую сістэму. Патрабаванню абавязковага ўвасаб­лен­ня прыродна-геаграфічнай панарамы падпарадкоўва­юцца многія жанры антычнай паэзіі (буколіка, эклога, пастараль, ідылія), усходняй лірыкі (хоку, танка), а таксама класічнага вершапісання (акварэль, замалёўка, эцюд (эскіз) і інш.). Пры гэтым неабходна зазначыць, што першапачаткова прызначаныя для адлюстравання ландшафт­ных краявідаў паэтычныя формы і жанры ў працэсе развіцця вербальнага мастацтва пашырылі сферу свайго выкары­стан­ня і на сённяшнім этапе часта ўжываюцца і ў іншых відах лірыкі. Да прыкладу, абранне паэтам жанру ідыліі для паказу сацыяльна-палітычных арыентацый напаўняе змест твора грама­дзян­скім пафасам; хоку і танка аднолькава запатрабаваны інтымнай і філасофскай паэзіяй і г.д.



2 Агульная характарыстыка сучаснай прыродаапісаль­най лірыкі
Сённяшняя пейзажная паэзія, прадстаўленая вялікай колькасцю імёнаў і твораў, характарызуецца элегічнасцю гучання і драматыч­на­сцю малюнкаў, выкліканых наступствамі парушэння раўнавагі паміж соцыумам і прыродай; рэдукцыяй пейзажных матываў у творах мадэрнісцкага і постмадэрнісцкага кірункаў; перавагай тра­дыцыйных сілаба-танічных форм ва ўвасабленні родных краявідаў; актывізацыяй форм усходняй вершаванай мініяцюры; пашырэннем урбаністычных матываў. Не менш выразна назіраецца тэндэнцыя збліжэння прыродаапісальнай паэзіі з іншымі відамі лірыкі, у сувязі з чым у ёй вылучаюцца некалькі зместава-стылёвых плыней:

  1. уласна прыродаапісальная.

Такія вершы народжаны любаваннем краявідамі роднай ці замежнай краіны (прыроднымі, вясковымі, гарадскімі), эстэтычным ракурсам успрымання навакольнай рэчаіснасці. Зазначым, што прыродаапісальныя вершы ёсць у творчым арсенале амаль кожнага паэта. Нярэдка ў іх прысутнічаюць і міфалагічна ўвасобленыя сілы прыроды.

Да прыкладу, тонкі малюнак летняга вечару, захаду сонца здолеў стварыць А. Дэбіш.


Вечарэе. Стомленыя хмары

Гурбамі ляцяць на вадапой,

Каб у пешчах цеплыні і пары

Адшукаць да раніцы спакой.


Ловяць мошак ластаўкі і злёту

У хмызняк ныраюць па чарзе.

Злоўленае сеткаю чароту

Сонца б’ецца рыбай на вадзе.




  1. пейзажна-патрыятычная.

У падобных творах паэтызуецца не толькі непаўторнае хараство беларускай прыроды, але і выяўляецца пачуццё любові і гонару за сваю радзіму. Творы з падобным пафасам прадстаўляюць Р. Барадулін, Г. Бураўкін, К. Камейша, В. Гардзей, А. Пісьмянкоў, Л. Галубовіч, М. Скобла, Э. Акулін і інш.

  1. пейзажна-публіцыстычная.

У другой палове 20 ст. бескантрольнае развіццё НТП і шэраг дзяржаўных мерапрыемстваў па падпарадкаванню сіл прыроды прывялі да экалагічных кантрастаў, прыродных анамалій, парушэння гармоніі паміж бія- і наасферай. Водгукам на гэтыя падзеі стала экалагічная паэзія, якую хвалюе дысананс прыроды і чалавека. Яна прапаведуе разумнасць стаўлення да прыродных багаццяў, апелюе да духоўна-маральнай сферы сучаснікаў. Ва ўяўленні многіх паэтаў катастрафічнае становішча прыроды знаходзіцца ў каўзуальнай залежнасці ад нацыянальна-грамадскіх працэсаў. Вершы экалагічнага гучання рэпрэзентуюць Р. Барадулін, Н. Гілевіч, Ю. Свірка, Ю. Голуб, А. Пісьмянкоў, А. Сыс, Э. Акулін, А. Глобус і інш.

Жахлівыя наступствы выбуху на Чарнобыльскай АЭС – страта здароўя, жылля, малой радзімы, паступовае і нябачнае атручванне чалавечага арганізма радыенуклідамі, мара­дзёрства і спекуляцыя на трагедыі нацыянальнага маштабу – не маглі не закрануць душы і сэрцы мастакоў слова.



Тэма Чарнобыля – адна з магістральных у сённяшнім мастацтве слова (М. Мятліцкі, А. Вялюгін, Р. Барадулін, Н. Гілевіч, Г. Бураўкін, Д. Бічэль, С. Законнікаў, У. Някляеў, Э. Акулін і інш.). Ужо ў 1993 г. выходзіць зборнік паэзіі на чарнобыльскую тэму “Зорка Палын”, у які ўвайшлі творы звыш 60 паэтаў, а ў 1996 г. – зборнік “Прайсці праз зону”, аўтары якога неаднаразова пабывалі ў раёне бедства. Экзістэнцыйная трагедыйнасць, зварот да біблейска-хрысціянскіх матываў, сурова-напружаны публіцыстычны пафас, зварот да маральна-духоўных асноў быцця народа вызначаюць мастацкі свет вершаў, прысвечаных трагедыі. У Чарнобыльскім безжыццёва-панурым пейзажы дамінуюць змрочныя, шэра-чорныя фарбы, адсутнасць гукаў (“мёртвая цішыня”) ці, наадварот, гукавы кантраст, замена традыцыйнай літаратурнай сімволікі каларатываў яе фальклорнымі адпаведнікамі, якія перадаюць цяжкі псіхаэмацы­я­­нальны стан асобы. Так, зіхотка-асляпляльны, ярка-жоўты колер, што ў літаратурна-паэтычным асэнсаванні атаясамліваецца з сон­цам, каханнем, вясной, росквітам, г.зн. цяплом, актыўнасцю, напружаннем, адраджэннем, у вершах чарнобыльскай тэматыкі выступае колерам магіл і радыяцыйнага выпраменьвання, г.зн. бяды, гора, расстання, вусцішы.

У межах тэмы выразна вылучаюцца наступныя матывы:

- пачуццё безвыходнасці, страху, трывогі;

- вобраз-матыў мёртвай, атручанай зямлі;

- матыў бежанства, выгнання з роднай зямлі;

- пошук першавытокаў зла;

- матыў згубленага дзяцінства;

- матыў надзеі, веры ў выратаванне.



  1. пейзажна-філасофская.

Пейзаж як аб’ект напружанага роздуму, рэфлексіі выступае падмуркам для стварэння натурфіласофскіх вершаў, у якіх творца імкнецца разгадаць таямніцы прыроды, зразумець яе мудрасць (Р. Барадулін, В. Шніп, Ю. Голуб, А. Разанаў, Г. Булыка і інш.). У іншых выпадках пейзажу надаецца службовая роля ў спасціжэнні паэтам асноў быцця, уласнай душы, жыццёвых заканамернасцей. Такім, да прыкладу, з’яўляецца верш С. Законнікава “Чорны крыж”:
Нечакана ўдарылі аднекуль

Шротам снегавым наўзмаш вятры...

Нагадаў мне зноўку чалавека

Чорны крыж

на згорбленай гары.
Быццам гэта я расправіў плечы

Над сваёй расстайнаю вярстой,

Ахінаючы сабой навечна

Белы свет

і невядомы – той...

3 Урбаністычная паэзія к. 20 – пач. 21 стст.
З 80-90-х гг. 20 ст. у беларускай паэзіі пачынае актыўна рас­працоўвацца урбаністычная тэматыка. Уласна кажучы, не кожны твор, дзе ўзгадваюцца гарадскія рэаліі, з’яўляецца урбаністычным. Прыкладам могуць служыць шматлікія вершы сучасных мастакоў слова, лірычны герой якіх, чалавек вясковага паходжання, пачувае сябе ў горадзе чужародным элементам, “сенам на асфальце”:
Ты гэты горад не любіў ніколі,

Бо шэры ён, як крушня ў полі,

Дзе толькі, часам, груганы і вецер,

Як мроі, пралятуць.

(“Балада горада”, В. Шніп)
Лірычныя творы прынцыпова іншага гучання прадстаўляе пакаленне аўтараў, якое нарадзілася сярод бетонных гмахаў і пакрытых асфальтам вуліц. У сваіх вершах яны імкнуцца ўвасобіць космас горада, апаэтызаваць яго культурныя традыцыі, раскрыць псіхалогію жыхароў. Нягледзячы на тое, што урбаністычная лірыка прадстаўлена вялікай колькасцю імёнаў (А. Глобус, Г. Булыка, І. Багдановіч, А. Разанаў, У. Някляеў, Л. Дранько-Майсюк, А. Мін­кін, Л. Рублеўская, У. Сіўчыкаў, У. Сцяпан і інш.), немэ­та­згод­на адназначна сцвярджаць наяўнасць сфарміраванай плыні па­доб­нага накірунку і ўсебаковае адлюстраванне гарадской тэмы ў сён­няшняй паэзіі. Цяжкасці ў мастацкім асваенні гарадской пра­сто­ры сучасны­мі творцамі абумоўлены найперш адсутнасцю (ці, да­кладней, перарванасцю) нацыянальнай паэтычнай урбаністычнай тра­­­дыцыі (М. Багдановіч – У. Жылка – А. Вярцінскі – М. Стральцоў).

Тым не менш аўтары к. 20 – пач. 21 стст. дэманструюць даволі цікавыя і арыгінальныя падыходы ў раскрыцці згаданай тэмы. У пацверджанне выказанай думкі можна прывесці словы крытыка і літаратуразнаўцы, даследчыка спецыфікі пейзажнай лірыкі, А. Бельскага: “Гарадскі пейзаж у сучаснай паэзіі набывае прыкмет­ную мастацкую шматпланавасць: ён вызначаецца разнастайнасцю эстэтычных характарыстык і прыкмет, прасторава-часавых станаў, форм руху і г.д. А гэта азначае, што паэты малююць горад у розныя поры года і сутак, у хвіліны разнастайных прыродных з’яў, паказваюць яго панарамна і зблізку, выбіраючы пэўную лакальную мясцовасць, куток гарадскога свету, увасабляюць пры гэтым розныя пачуццёвыя матывы”.

Паказальнай у святле сказанага вышэй з’яўляецца вершатвор­часць А. Глобуса (зборнікі “Парк” (1988) і “Скрыжаванне” (1993)). А. Глобус – майстар стварэння гарадскіх пейзажаў, якія ўспры­ма­юц­ца амаль візуальна. Асноўнымі рысамі урбаністычнай лірыкі паэта выступаюць увага да прадметнасці, дэталізацыя, лаканізм, напаўненне малюнка атрыбутамі тэхнагеннай цывілізацыі (вершы “Меліярацыя”, “Белдзяржрэклама”, “Сталіца”, “Горад”, “Парк”, “19.30 – «Калыханка»” і інш.). Сярод характэрных тропаў аўтара – паслядоўнае ўжыванне метаметафары, якая прадугледжвае неча­ка­нае сумяшчэнне прыроды і навукі, біялагічнага і механічнага: “паралонавыя аблокі”, “гумовакрылыя стрыжы”, “дзюралевае неба”, “кафельная чайка”, “верталётны рой” і інш. Каларыстыка лірычных твораў паэта вызначаецца экспрэсіўнасцю, нюансіроўкай адценняў, эфектам руху святла і ценю, сімвалічнай нагружанасцю фарбаў. Адметнай з’яўляецца і форма ўвасаблення паэтычнай думкі. Так, у А. Глобуса класічны жанр санета набывае новае зместавае напаўненне:
Мне падабаецца: мікрараён –

Жалезны дух у канструктыўным целе,

Дзіцячы пляц і школьны стадыён...

Мне падабаюцца шурпатыя панелі.


Люблю метро, асветлены вагон

І колы, што на грукат захварэлі.

Люблю, калі састаў бярэ разгон

У доўгім, як працоўны дзень, тунелі.


Мне да душы падмуркі ў катлаване,

Абмазаныя ў чорную смалу.

Мне да душы ісці па рыштаваннях
На самы найвышэйшы дах. Люблю

Убачыць на дарожным скрыжаванні

Рассыпаную з кузава зямлю. (“Сталіца”)
Адносна якасці урбаністычнай лірыкі А. Глобуса ў крытыцы выказваліся розныя меркаванні. Так, Т. Чабан у стварэнні паэтам дэталёвых карцін гарадскіх краявідаў схільна бачыць апісальнасць, недасканаласць, павярхоўнасць, а большасць вершаў лічыць “замалёўкамі, эскізамі, нацюрмортамі, якія часам цешаць і дзівяць вока, але нічога не гавораць душы”. С. Кавалёў, адзначаючы знешнюю прастату і ўнутраную складанасць паэзіі А. Глобуса, падкрэслівае адметнасць творчага падыходу пісьменніка да першаматэрыялу: “... можна апісваць менавіта самі думкі і пачуцці ў іх гатовым выглядзе, <...> а можна «ствараць» сітуацыі, з’явы рэчы, якія гэтыя пачуцці выклікаюць, на іх ускласці ўвесь сэнсавы цяжар. <...> Адам Глобус – прыхільнік другога спосабу”. Горад выступае натуральным асяродкам існавання лірычнага героя, таму мастацкія дэталі з’яўляюцца не толькі фонам, але і становяцца семіятычнымі (знакавымі) элементамі, апасродкавана адлюстроў­ва­юць унутраны свет, псіхалогію персанажа. Гэта сведчыць пра спецы­фічнае гарадское светаадчуванне, праявамі якога ў паэтыч­ным стылі аўтара выступаюць адсутнасць вобраза чалавека, эмацы­я­нальная стрыманасць, скупасць і ўскоснасць выяўлення пачуццяў.

Напоўненасць гарадской прасторы рэчамі і прадметамі ўласціва і урбаністычнай лірыцы Г. Булыка (зборнікі “Сінтэз” (1986) і “Турмалін” (1994)). Аднак, у адрозненне ад А. Глобуса, яе гарадскія краявіды не маюць дэкаратыўнай функцыі, а выяўляюць філасофскія пошукі паэткі.


Плошча – шкло ветравое.

Надзея шкляная.

Летні лёд вітражоў.

Заблуканы скразняк.

І куды ён імкнецца?

Каго ён шукае?

Не знаходзіць нідзе.

Не сустрэне ніяк. (“Менскі скразняк”)


Творчую манеру Г. Булыка ў такіх вершах характарызуе аса­цы­я­тыў­ная вобразнасць, моцны рацыянальны пачатак, тэрміналагіза­цыя і тэхнізацыя тропаў. У поглядах паэткі на гарадскую рэчаіс­насць важнае месца адводзіцца архітэктурна-гістарычнай і псіха­ла­гічнай праекцыі. Апошняя звязана з адчуваннем дваістасці, супярэчнасцей жыцця мегаполіса.

Яшчэ ў большай ступені драматычныя калізіі урбанізаванага грамадства, цесна знітаваныя з нацыянальна-адраджэнскімі маты­ва­мі, праступаюць у паэзіі Л. Рублеўскай. У большай ступені гэта тычыцца першых зборнікаў аўтаркі – “Крокі па старых лесвіцах” (1990), “Адукацыя” (1990), “Замак месячнага сяйва” (1992). Успры­ма­ючы горад гістарычна – цэнтрам духоўнасці, нацыянальнай культуры, захавання традыцый – аўтарка з горыччу канстатуе іншамоўнасць (“немату”), абыякавасць, адзіноту, бяспамяцтва як яго неад’емных атрыбутаў на мяжы тысячагоддзяў. Тым не менш шлях да адраджэння-выратавання краіны яна звязвае менавіта з гарадской прасторай.

Арыгінальнасць урбаністычнай лірыцы Л. Дранько-Майсюка надае яе спалучэнне з любоўнай тэматыкай. Гарадскія пейзажы ў зборніках “Акропаль” (1994) і “Стомленасць Парыжам” (1995) выпісаны ў рамантычна-ўзнёслым ключы і, як правіла, маюць другаснае, службовае значэнне. Паэт плённа выкарыстоўвае стыліс­тыч­ныя прыёмы мадэрнізму (і найперш імпрэсіянізму і сімвалізму), а таксама ў процівагу абагульненасці урбаністычных краявідаў большасці калег па пяру выкарыстоўвае прыём геаграфічнай канкрэтызацыі (“На вуліцы Сухой у змроку радасным...”, “Калі званілі ў Кафедральным...”, “Нам да Марыі Магдалены...”, “Пра вуліцу Уманскага хто б ведаў...” і інш.):
Мы йшлі далей, і колер фіялетавы

Усё гусцеў і не рабіўся іншы,

І на Тэатр музычнае камедыі

Ляцелі фіялетавыя вішні.

(“На вуліцы Сухой у змроку радасным...”)
Такім чынам, агульныя адметнасці сучаснай урбаністычнай лі­ры­кі можна сфармуляваць словамі А. Бельскага: “...адыход ад тра­ды­цыйнай апісальнай выяўленчасці і рух да лаканічнасці, скан­дэн­са­ванасці, ёмістасці паэтычнай мовы, узмацнення асацыятыўнасці думкі, інтэлектуальнасці тэксту ... інфармацыйна-дынамічны стыль пісьма”.

4 Жанр усходняй вершаванай мініяцюры ў пейзажнай лірыцы мяжы тысячагоддзяў
У апошнія дзесяцігоддзі прыкметна ўзрастае цікавасць беларускіх паэтаў да мастацкай спадчыны ўсходняй культуры. Сярод шматлікіх жанраў усходняй вершаванай мініяцюры (рубаі, туюг, газель, танка, хоку і інш.) найбольш часта айчыннымі мастакамі слова ўжываецца хоку (хайку). Гэта монастрафічны сілабічны нерыфмаваны трохрадковы верш у японскай паэзіі, які структурна з’яўляецца скарочанай формай танкі. У хоку строга захоўваецца пэўная колькасць складоў у радках: у першым і трэцім – пяць складоў, у другім – сем. У творах гэтага жанру звычайна размова ідзе пра якую-небудзь пару года. Так, класічныя кнігі хоку падзяляліся на чатыры раздзелы: зіма, вясна, лета, восень. Меліся нават стандартныя “сезонныя” словы, якія ўмоўна абазначалі адну і тую ж пару года і ў вершах іншых раздзелаў не ўжываліся.

Часцей за ўсё ў мініяцюры падаецца канкрэтная выява рэальнага свету, якая не дапускае іншага вытлумачэння, шукання падвойнага сэнсу. Хаця, трэба зазначыць, сам верш можа быць і разгорнутай метафарай, значэнне якой заключана ў падтэксце.

Хоку вучыць шукаць патаемнае хараство ў звычайным, незаў­важ­ным, простым, паўсядзённым. Іншымі словамі, прапаноўвае па-но­ваму паглядзець на тую карціну, якую кожны бачыў дзесяткі ра­зоў. Задачай гэтага жанру выступае адлюстраванне чалавека і пры­роды ў іх арганічным адзінстве.

Хоку – гэта жывапіс словам, славесны малюнак, які, аднак, пададзены не статычна, а ў руху, і можа мець некалькі перспектыў. Прычым карціна не адлюстроўваецца ў поўным аб’ёме – перад чытачом прадстае толькі яе кульмінацыйны момант. Недарэмна класічныя японскія хоку часта пісаліся па матывах палотнаў вядомых жывапісцаў ці выкарыстоўваліся ў якасці лаканічнага подпісу да малюнка. Нечаканасць погляду на рэчаіснасць і заверша­насць карціне кампазіцыйна надае апошні радок.

Адпаведна задачам, стыль хоку характарызуюць:


  1. Вобразная лаканічнасць. Вельмі трапнае азначэнне жанру ў сувязі са згаданым патрабаваннем належыць Рамону Гомесу дэ ла Серна, які назваў хоку паэтычнай тэлеграмай.

  2. Дакладнасць паэтычнага выказвання і скупасць мовы, г.зн. адсутнасць, па магчымасці, эпітэтаў і метафар, культываванне “мінус-прыёмаў”, або так званых анатропных радкоў. Дарэчы, ме­ха­нізм пабудовы тропаў ва ўсходняй культуры адрозніваецца ад за­ход­няй. Так, усходняя мастацкая традыцыя пры стварэнні мета­фа­ры выкарыстоўвае падабенства па адной прыкмеце паміж прад­ме­та­мі. У японскай паэзіі цалкам дапушчальна сказаць “дзяў­чы­на строй­ная, як слуп”. У еўрапейскай літаратуры метафара праду­гледжвае, як мінімум, тры кропкі судакранання паміж з’явамі, што супас­таўляюцца. Так, традыцыйнае ва ўсходнеславянскім мастацтве слова параўнанне дзяўчыны з бярозкай грунтуецца на агульных для іх прыкметах стройнасці, маладосці, гібкасці, свежасці.

  3. Галоўным вобразна-выяўленчым сродкам з’яўляецца мастацкая дэталь. Майстар усходняй мініяцюры бачыць свет з ма­ксі­мальным набліжэннем, удумлівым назіраннем, пільным вокам вы­хопліваючы прыгажосць, пазнаючы яе, фіксуючы момант. Зразу­мець эфектыўнасць гэтага мастацкага прыёму дапамогуць словы А. П. Чэхава, які ў адным са сваіх пісем брату Аляксандру пісаў: “...у тебя получится лунная ночь, если ты напишешь, что на мель­ничной плотине яркой звёздочкой мелькало стёклышко от разбитой бутылки и покатилась шаром чёрная тень от собаки или волка…”

  4. У меншай ступені хоку ўласціва гіпербала і літота.

У сучаснай беларускай паэзіі жанр хоку набывае ўсё большую папулярнасць. Сімптаматычна, што яго прыхільнікамі становяцца і творцы эксперыментальнага кірунку, і пісьменнікі, якія працуюць пераважна ў межах традыцыйнай паэтыкі. Прыкметны пласт лірыкі складае хоку ў А. Глобуса, В. Шніпа, У. Арлова, М. Шайбака, У. Сіўчыкава, У. Сцяпана і інш.

Эстэтычныя патрабаванні да хоку ў японскай паэзіі надзвычай складаныя. Іх даволі цяжка засвоіць чалавеку з еўрапейскім мента­лі­тэтам. Гэта дае падставы некаторым крытыкам гаварыць аб не­пра­вамернасці ці немэтазгоднасці культывавання хоку мастакамі за­ходняй айкумены. Тым не менш важна сказаць, што на бе­ла­рускай глебе гэты жанр займеў адметныя нацыянальныя рысы, якія выразна праступаюць у мініяцюрах айчынных творцаў. Найперш аб’ектам паэтычна-філасофскага сузірання часта становіцца пейзаж, дзе ўгадваюцца непаўторныя беларускія абрысы:


Колькі кастрыцы! Над канюшынай

На белым грыбе сьлімак цяжка гудзе чорны чмель

адпачывае. Шмат працы яму (М. Шайбак)

Увогуле, нацыянальна-патрыятычная тэматыка – неад’емная рыса беларускіх мініяцюр, якая асэнсоўваецца не толькі на эмацыянальна-лірычным узроўні (як таго патрабуе спецыфіка хоку), але і набывае філасофскае ці публіцыстычнае гучанне:


Шукаю ўначы На мапу гляджу:

на хвалях эфіру вось родныя мясьціны,

родную мову. Так недалёка.

(М.Шайбак)


У паэтычных спробах айчынных аўтараў хоку ствараецца не толькі зрокавы малюнак, але ў залежнасці ад адчування, якое стала сэнсавай дамінантай у вершы, могуць перадавацца слыхавыя, дотыкавыя, пахавыя, смакавыя эфекты, а таксама адлюстроўвацца стан душы лірычнага героя. Безумоўна, часцей за ўсё паэты выкарыстоўваюць візуальны малюнак:
Раніца ў шыбу

ціха пастукалася...

Пара над кавай.
У прыведзенай мініяцюры А. Глобус пры дапамозе мастацкай дэталі і прыёму акцэнтацыі стварае дакладную зрокавую карціну халоднай, ціхай раніцы ў гарадской кватэры. Удалым можна лічыць і яго наступнае трохрадкоўе: “У пясочніцы // алавяны салдацік // пад дажджом заснуў”. Тут лаканічна пададзена цэлая гісторыя: сонца, вуліца, дзеці, цацкі, нечакана-раптоўны дождж, у спешцы забыты салдацік.

Па-майстэрску ствараюцца аўтарам мастацкія малюнкі праз слыхавыя эфекты: “Сьпяць дарожнікі, // лыжка ў шклянцы на стале // ўсё зьвініць-зьвініць”. Апасродкавана, праз гук, у творы выяўляецца рух цягніка і перадаецца адчуванне доўгага падарожжа. А. Глобус пераканаўча адлюстроўвае і чалавечыя пачуцці або душэўныя станы, якія выводзяцца ўскосна з яскравых мастацкіх дэталей: “Чорная кава // астыла канчаткова, // нарэшце – крокі” (чаканне) або “Я забіў жучка, // а спытай мяне – нашто? // І не адкажу” (недарэчнасць, разгубленасць).

Часам пісьменнік выкарыстоўвае перанос слова на памежжы радкоў, што разбурае цэласнасць малюнка і інтанацыйнага раду. Такім жа чынам нярэдка імкнецца да лапідарнасці і У. Сіўчыкаў. Сярод недахопаў яго хоку можна назваць паэтызацыю неэстэтычных з’яў (“Прачнуўся ўранку. // Млосна. Смага. Горкі пах. // Стол непрыбраны”), што ўспрымаецца хутчэй пародыяй на ўсходнюю мініяцюру, а таксама такія ўстойлівыя ў мастацкай сістэме аўтара вобразныя структуры, як “рубероід”, “бензінавыя вясёлкі”, “цеплаэлектрацэнтраль” і інш. Парушэннем жанравай спецыфікі хоку можна лічыць і схільнасць да метафарызацыі У. Сцяпана: “Полымя-лісьцік // з кноту галіны ляціць // у восеньскі змрок”. Хоку У. Арлова характарызуе філасофская заглыбленасць, дыскурсіўнасць.

Як бачым, традыцыі хоку нярэдка ігнаруюцца айчыннымі паэтамі, што збядняе мастацкі змест мініяцюры і прыводзіць да засваення толькі знешніх, фармальных паказчыкаў жанру. Словы С. Кавалёва адносна хібаў вершатворчасці М. Шайбака ў аднолькавай ступені слушна гучаць і ў дачыненні да большасці сучасных творцаў: “У М. Шайбака яно [хоку. – А.Б.] наблізілася фактычна да звычайнага верлібра, захаваўшы вонкава свае тры радкі і семнаццаць складоў, – значна спрасцілася як знакавая сістэма, свядома ці падсвядома аўтар адмовіўся ад супастаўлення далёкіх паміж сабой асацыятыўных радоў і супастаўляе толькі паралельна-суседнія, што аблегчыла чытачу ўспрыманне, але зрабіла сам верш празмерна інфарматыўна-адкрытым”.



1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка