Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь Нацыянальны інстытут адукацыі




Дата канвертавання18.05.2016
Памер194.17 Kb.

powerpluswatermarkobject3


Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі

Беларускі фальклор

(апавядальныя жанры)


Праграма факультатыўных заняткаў

для V класа агульнаадукацыйных устаноў

з беларускай і рускай мовамі навучання

з 12-гадовым тэрмінам навучання

Мінск 2007

Тлумачальная запіска

Факультатыў “Беларускі фальклор” разлічаны на тры гады навучання (V—VІІ класы) і складаецца з трох асобных курсаў, кожны з якіх мае завершаны характар, а ў сукупнасці яны даюць цэласнае ўяўленне пра нацыянальную вусна-паэтычную творчасць, яе віды і жанры.

Прапанаваная праграма факультатыўнага курса “Беларускі фальклор” распрацавана ў адпаведнасці з задачамі мадэрнізацыі літаратурнай адукацыі і цалкам суадносіцца з праграмай па беларускай літаратуры для V класа. Курс роднай літаратуры ў V класе займае асобае месца ў сістэме школьнага навучання – ён з’яўляецца пераходным ад пачатковых класаў да сістэматычнай літаратурнай адукацыі. На гэтым этапе навучання ў пяцікласнікаў фарміруецца ўяўленне пра літаратуру як чалавеказнаўства і як мастацтва слова, якому ўласцівы адметныя спосабы вобразнага адлюстравання жыцця; падлеткі пазнаюць жыццё і чалавека праз мастацкае, эстэтычнае адлюстраванне рэчаіснасці і праз маральна-этычную ацэнку падзей і паводзін герояў. Мастацкі твор, яго жыццёва-пазнавальныя, мастацка-эстэтычныя, каштоўнасна-ацэначныя якасці – галоўны аб’ект увагі на ўроках літаратуры і на факультатыўных занятках ў сярэдніх класах. Праграмай па літаратуры ў V класе прадугледжваецца спасціжэнне навучэнцамі мастацкай прыроды і жанравага багацця фальклорных і літаратурных твораў, аднак (у сувязі з вельмі абмежаванай колькасцю гадзін на прадмет) на ўроках магчыма агульнае знаёмства толькі з некаторымі найбольш даступнымі гэтаму ўзросту фальклорнымі жанрамі: казкамі, легендамі, загадкамі, прыказкамі, прыкметамі і павер’ямі, жартамі і анекдотамі.

Праграма факультатыву скіравана на пашырэнне і паглыбленне асноўнага курса літаратуры, на абуджэнне ў вучняў цікавасці да прадмета ў цэлым і да вуснай народнай творчасці ў прыватнасці, на спасціжэнне пяцікласнікамі жанравага багацця і мастацкай непаўторнасці беларускага фальклору, разнастайнасці яго відаў і жанраў, на развіццё мастацкага густу і творчых здольнасцей навучэнцаў. Дадзеная праграма разлічана на 17 гадзін (тэарэтычны матэрыял, фальклорныя тэксты і творчыя работы вучняў), пабудавана ў адпаведнасці са школьнай праграмай па літаратуры для V класа і ўтрымлівае даволі шырокую інфармацыю пра асноўныя фальклорныя апавядальныя жанры.

Прапанаваная праграма грунтуецца на прынцыпах дэмакратызацыі і гуманізацыі навучання і арыентуе на спасціжэнне школьнікамі агульначалавечых духоўных і маральных каштоўнасцей, на эстэтычны і творчы характар успрымання прапанаванага матэрыялу, на індывідуальна-асобасны падыход да навучання. Праграма факультатыву распрацавана на аснове навейшых даследаванняў па літаратуразнаўству, культуралогіі, педагогіцы, псіхалогіі і ўлічвае ўзроставыя асаблівасці і інтэлектуальныя магчымасці пяцікласнікаў.

Мэты факультатыву:


  • абудзіць у вучняў цікавасць да багацейшай нацыянальнай фальклорнай спадчыны, да духоўнай культуры народа;

  • пашырыць уяўленне вучняў пра адлюстраванае ў фальклоры духоўнае жыццё і працоўны вопыт народа, яго светапогляд, мараль, этыку, эстэтычныя памкненні;

  • спрыяць больш глыбокаму спасціжэнню пяцікласнікамі жанравага багацця і тэматычнай разнастайнасці фальклорных твораў;

  • развіваць пазнавальныя інтарэсы і творчыя здольнасці школьнікаў у галіне нацыянальнай культуры;

  • выхоўваць у вучняў патрыятызм, гонар за свой народ і яго багатую культуру, развіваць лепшыя маральныя якасці, эстэтычны густ пяцікласнікаў.

Сярод духоўных набыткаў нашага народа асаблівую навуковую і культурную каштоўнасць мае вусная паэтычная творчасць. Фальклор – гэта мастацкі летапіс народа, захавальнік яго багацейшых духоўных традыцый, быту і гаспадарчага вопыту, абуджальнік творчых здольнасцей беларусаў.

Фальклор – арганічная частка традыцыйнай народнай культуры. Фальклорныя творы шырока ўваходзіць у абрадавыя фальклорна-этнаграфічныя комплексы як іх неад’емная частка, асобныя вусна-паэтычныя творы прымеркаваны да пэўных каляндарных свят, да іх звяртаюцца беларусы і ў штодзённым жыцці.

Беларускі фальклор прайшоў доўгі і складаны шлях развіцця і знітаваў у сабе ідэі і вобразы розных падзей і эпох. Увесь гэты час вусная народная творчасць была ў руху: змяняліся яе светапоглядная аснова, вобразная і паэтычная сістэмы, жанравы склад, побач з міфічнымі персанажамі з’яўляліся новыя героі. Гэта акалічнасць вымагае захавання прынцыпу гістарызму ў вывучэнні фальклору, суаднясення асобнага твора з канкрэтнамі гістарычнымі ўмовамі, якія выклікалі яго да жыцця і падтрымлівалі далейшае бытаванне. Вусна-паэтычная творчасць беларусаў акрэслівала многія маральна-этычныя нормы стасункаў людзей у грамадстве і была скіравана на ўмацаванне сям’і і сямейных адносін, на выхаванне новых пакаленняў у адпаведнасці з высокімі нормамі народнай маралі. Такая мараль патрабавала ад людзей прыстойнасці, праўдзівасці, працавітасці і многіх іншых якасцей, якія адносяцца да агульначалавечых каштоўнасцей. Дзякуючы гэтым маральным нормам чалавек жыў у суладдзі з прыродай, ахоўваючы яе і абараняючы тым самым сваё асяроддзе існавання.

Фальклор – з’ява мастацтва, дзе ўсё багацце ідэй выяўляецца праз мастацкія вобразы. Сваю важную ўласцівасць – задавальняць эстэтычныя патрэбы народа – фальклор не страціў да нашага часу. Беларускі фальклор уяўляе з сябе вялікую каштоўнасць і як узор высокпрафесійнага народнага мастацтва, і як адна з крыніц вывучэння гісторыі роднага краю, і як дзейсны сродак выхавання маладога пакалення і абуджэння яго нацыянальнай свядомасці, і як глеба для развіцця айчыннай літаратуры і мастацтва. Вусная паэтычная творчасць надзвычай добра захавалася не толькі ў памяці беларусаў, але і ў актыўным ужытку. Глыбіня зместу, дасканаласць мастацкай формы фальклорных твораў і сёння жывіць фантазію і натхняе многіх пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, якія ў сваёй творчасці захоўваюць нацыянальныя традыцыі, выкарыстоўваюць тэмы і вобразы народнай паэзіі.

У наш час грамадства праяўляе вялікую цікавасць да нацыянальнай гісторыі і культуры, да фальклору і традыцыйных абрадаў. Ідзе працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці і гістарычнай памяці беларусаў, адраджэння народных традыцый і святаў. Сучасная школа актыўна ўключаецца ў гэты працэс. Прапанаваны факультатыўны курс будзе садзейнічаць больш трываламу і грунтоўнаму далучэнню маладога пакалення беларусаў да багацейшай народнай спадчыны.

Школьны факультатыўны курс “Беларускі фальклор” ставіць задачы:



  • даць вучням больш шырокае ўяўленне пра вусную народную творчасць, узнавіць, паглыбіць і сістэматызываць набыты на ўроках літаратуры тэарэтычны і практычны досвед пра фальклор і яго жанры, ,

  • на фальклорным матэрыяле развіваць вобразнае ўспрыманне і творчае ўяўленне малодшых падлеткаў;

  • на лепшых узорах фальклорнага мастацтва фарміраваць эстэтычны густ вучняў;

  • удасканальваць уменні школьнікаў выразна чытаць і аналізаваць фальклорныя творы, супастаўляць іх па жанрах, тэмах, сюжэтах, вобразах, выяўленчых сродках мастацкай выразнасці, рабіць самастойныя вывады, абгрунтоўваць свае адносіны да герояў і падзей;

  • развіваць вобразнае мысленне і творчыя здольнасці вучняў;

  • пашыраць чытацкі вопыт, павышаць чытацкую культуру, агульнакультурны і інтэлектуальны ўзровень пяцікласнікаў;

  • фарміраваць устойлівы інтарэс да літаратуры як школьнага прадмета і да працэсу навучання у цэлым;

  • пазнаёміць з імёнамі і працамі асобных фалькларыстаў, найбольш вядомых казачнікаў, вырабамі народных майстроў.

У праграме прапануецца шырокі тэарэтыка-практычны матэрыял. Змест і структура курса прадугледжвае атрыманне вучнямі глыбокіх і трывалых ведаў, развіццё іх пазнавальнай актыўнасці, фарміраванне разнастайных уменняў і творчых здольнасцей. Навучэнцы змогуць, параўноўваючы беларускія творы з адпаведнымі жанрамі славянскага і сусветнага фальклору, прасачыць арганічную сувязь паміж творчасцю розных народаў і зразумець, чаму беларуская вусна-паэтычная творчасць атрымала надзвычай высокую ацэнку ў сусветнай культуры.

Праграма прапануе прыкладнае планаванне вучэбнай нагрузкі па пэўных тэмах, аднак настаўнік можа інакш арганізаваць факультатыў: па-свойму пераразмеркаваць гадзіны, скарэктаваць аб’ём тэарэтычнага і практычнага матэрыялу, выбраць для разгляду іншыя творы, зыходзячы з канкрэтных абставінаў і магчымасцей. Настаўнік самастойна вызначае віды і колькасць творчых вучнёўскіх заданняў па пэўнай тэме. Пажадана пры падрыхтоўцы і правядзенні заняткаў максімальна ўлічваць мясцовы каларыт.

Методыка арганізацыі факультатыўных заняткаў надзвычай багатая і разнастайная: практыкуюцца выразнае чытанне твораў, пераказ, вусны аповед, разгляд праблемных пытанняў і выкананне творчых заданняў, самастойныя і калектыўныя міні-даследаванні (аб нараджэнні казкі, легенды, падання, загадкі, прыказкі, павер’я і інш.), так званыя “падарожжы” ў свет міфаў і казак, ілюстраванне, інсцэніраванне, стварэнне літаратурна-музычных кампазіцый, вандроўкі, экскурсіі, наведванне тэатраў, выставаў, музеяў народнага побыту, канцэртаў фальклорна-этнаграфічных калектываў, праслухоўванне магнітафонных запісаў, абмеркаванне адпаведных радыёперадач, прагляд навукова-папулярных кінафільмаў, запіс мясцовага фальклору, падрыхтоўка і правядзенне ў школе фальклорных вечарын (народных казак, загадак, прыказак, анекдотаў і інш.), літаратурна-краязнаўчая праца. Выразнае чытанне і расказванне, інсцэніроўкі, ілюстраванне казак, міфаў, анекдотаў дапамогуць ажывіць заняткі, зробяць іх больш займальнымі і цікавымі і пакінуць у памяці выхаванцаў добры след.

Да праграмы факультатыўнага курса прапануецца неабходная літаратура.



Змест і структура факультатыўных заняткаў

Беларускі фальклор мае устойлівую сістэму жанраў, у якой выразна вылучаюцца апавядальныя творы, абрадавая паэзія, песенная лірыка, так званыя малыя жанры, дзіцячы фальклор, народны тэатр.



Эпіка ў беларускім фальклоры прадстаўлена пераважна апавядальнымі жанрамі – казкамі, легендамі, паданнямі, анекдотамі, былічкамі. У апавядальных жанрах выразна праглядваюцца старажытныя пласты, што дазваляе высветліць генезіс і семантыку многіх мастацкіх вобразаў. Гэтыя творы адлюстроўваюць асаблівасці быту і светапогляду нашых продкаў, іх грамадскія і сямейныя адносіны, а таксама асобныя гістарычныя падзеі.

Беларуская фальклорная лірыка прадстаўлена разнастайнымі жанрамі песеннай творчасці – каляндарна-абрадавымі, сямейна-абрадавымі і пазаабрадавымі песнямі; драматычны род – народнымі гульнямі, народнай драмай, рознымі формамі лялечнага тэатра – батлейкі.

Зместавую частку факультатыўнага курса для V класа складаюць эпічныя творы беларускага фальклору і асноўныя тэарэтыка-літаратурныя звесткі пра апавядальныя фальклорныя жанры – міфы, казкі, легенды і паданні, загадкі, прыказкі і прымаўкі, прыкметы і павер’і, жарты і анекдоты.

У міфах замацавана характэрнае для першабытнай культуры сінкрэтычнае адзінства мастацкай творчасці, рэлігіі (язычніцтва) і першапачатковых рэальных уяўленняў нашых продкаў пра навакольны свет – наіўнага адухаўлення навакольнай прыроды, яе аб’ектаў і стыхій на аснове знешніх прыкмет або выкліканых імі эмацыянальных пачуццяў. У міфах нашы прашчуры імкнуліся растлумачыць і упарадкаваць навакольны свет, насяляючы яго багамі, духамі, дэманічнымі істотамі. Паступова язычніцкія паданні пра старажытных багоў і духаў відазмяняліся пад уплывам хрысціянскай рэлігіі. Элементы міфалагічных уяўленняў зберагліся ў павер’ях, легендах, казках, абрадавым фальклоры, міфалагічныя матывы паслужылі крыніцай для твораў беларускіх пісьменнікаў.



Казачны эпас беларусаў надзвычай высокага мастацкага ўзроўню, з багатай вобразнай сістэмай, глыбокім зместам, арыгінальным сюжэтна-тэматычным складам. Беларускія народныя казкі традыцыйна падзяляюцца на казкі пра жывёл, чарадзейныя і бытавыя. Сістэма вобразаў у казках будуецца на cупрацьпастаўленні. У станоўчых вобразах заўсёды ўвасабляліся народныя ідэалы: казачныя героі надзвычай дужыя, смелыя, разумныя, справядлівыя – абаронцы занядбаных і пакрыўджаных. Вобразы асілкаў, волатаў заўжды з’яўляліся сімвалам непераможнасці народнага духу, жывілі веру чалавека ў лепшае будучае. Беларускія народныя казкі маюць шмат агульных рыс з казкамі іншых народаў свету, у першую чаргу славян. У той жа час, распрацоўваючы агульнавядомыя сюжэты, беларускія казачнікі абапіраліся на нацыянальныя традыцыі, адлюстроўвалі свой быт, навакольны свет, будзённую працу. Казачны эпас беларусаў – буйнейшы набытак нацыянальнай духоўнай культуры, які і сёння захоўвае сваё эстэтычнае, пазнавальнае і выхаваўчае значэнне.

Легенды і паданні лічацца захавальнікамі гістарычнай памяці народа. Легенды распавядалі пра розныя падзеі і з’явы, часам апісвалі амаль неверагодныя здарэнні, паказвалі незвычайных герояў і іх дзівосныя ўчынкі і прыгоды і разам з тым акрэслівалі пэўныя маральна-этычныя нормы і сацыяльныя ідэалы: добрасумленнае стаўленне чалавека да працы, справядлівыя і добразычлівыя адносіны паміж людзьмі. Паданні пазбаўлены фантастычнага, чароўнага элемента, яны заўсёды скіраваны ў мінулае, асновай іх сюжэтаў звычайна служылі гістарычныя падзеі.

Загадкі ў высокапаэтычнай форме адлюстроўвалі гаспадарчую і працоўную дзейнасць чалавека, жыццёвы вопыт, яго светабачанне і светаўспрыманне. Адухаўляючы прыроду, надзяляючы яе чалавечымі якасцямі – уменненем думаць, адчуваць, чалавек спрабаваў утойваць свае намеры, каб перахітрыць варожыя сілы. Нашы продкі верылі, што расліны і жывёлы разумеюць чалавечую мову, таму карысталіся ўмоўнымі іншасказальнымі назвамі прадметаў, з’яў і сваіх дзеянняў на аснове падабенства, блізкасці паміж утоеным прадметам і тым, які яго замяняе. Імкненне ўздзейнічаць н прыроду хітрым словам, утаіць ад яе свае намеры і выклікала ў людзей патрэбу ў стварэнні ўмоўнай мовы. Так з’явіліся вобразныя апісанні ўтоенага, зашыфраванага прадмета ці з’явы – загадкі, якія патрабавалі разгадак. З цягам часу адгадванне загадак стала сродкам выпрабавання разумовых здольнасцей чалавека. Іншасказальная, загадкавая форма з поспехам скарыстоўвалася ў ваенных і пасольскіх справах, шырока ўжывалася ў народных абрадах. Паступова загадакі сталі проста забавай, трэніроўкай кемлівасці, здагадлівасці, розуму, памяці. Загадкі развіваюць фантазію, назіральнасць, мастацка-вобразнае мысленне чалавека, яго паэтычны погляд на рэчаіснасць.

Прыказкі і прымаўкі сярод іншых фальклорных жанраў вылучаюцца дасканаласцю і лаканізмам формы, афарыстычнасцю і вобразнасцю мовы, абагульняльным і павучальным зместам і карыстаюцца ў беларусаў найбольшай папулярнасцю. Ідэйна-тэматычны змест прыказак і прымавак надзвычай багаты, у іх адлюстраваліся багаты працоўны і жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, псіхалогія і светапогляд, маральна-этычныя прынцыпы і эстэтычныя ідэалы. Асноўным крытэрыем чалавечай годнасці ў беларускіх прыказках і прымаўках з’яўляецца стаўленне чалавека да працы. У іх ухваляюцца гаспадарлівасць, умельства, кемлівасць, дасціпнасць, гасціннасць і іншыя станоўчыя чалавечыя якасці, высмейваюцца гультайства, дармаедства, ашуканства, хцівасць і іншыя заганныя рысы. Прыказкі вучаць любіць свой край, шанаваць герояў і ненавідзець здраднікаў. Прыказкі і прымаўкі вызначаюцца надзвычайнай дасканаласцю мастацкай формы. Рыфма, рытміка, багаты арсенал мастацкіх сродкаў цесна знітоўваюць прыказку ў адзінае эстэтычнае цэлае, ствараюць дасканалы мастацкі твор, які жыве сотні гадоў і выконвае розныя інфармацыйна-камунікатыўныя, эстэтычна-мастацкія і утылітарныя фукцыі. Прыказкі і прымаўкі адрозніваюцца багатым асацыятыўным зместам, маюць прамы і пераносны сэнс, дзякуючы чаму адны і тыя ж творы шырока выкарыстоўваюцца ў розных жыццёвых сітуацыях. Прыказкі і прымаўкі – гэта не толькі спадчына мінулага, але і жывая паэзія народа ў сучаснасці. Яны надзвычай шырока ўжываюцца ў штодзённым жыцці чалавека, святочных народных абрадах, у мастацкай літаратуры.

Прыкметы і павер’і па форме набліжаюцца да загадак, прыказак і прымавак. У іх абагульнены багаты працоўны вопыт народа. Прыкметы, прадказваючы характар надвор’я, асаблівасці ўраджаю, самаадчуванне чалавека або жывёлы, дапамагалі людзям рацыянальна весці гаспадарку. Прыкметы і павер’і былі чалавеку штодзённымі дарадцамі, падказвалі, як паводзіць сябе ў пэўных жыццёвых сітуацыях (калі сеяць ці ўбіраць ўраджай, як даглядаць жывёлу), засцерагалі ад неабачлівых паводзін, забаранялі некаторыя дзеянні. Няўменнем нашых продкаў вытлумачыць асобныя прыродныя з’явы або жыццёвыя здарэнні абумоўлена з’яўленне некаторых павер’яў, дзе трактаваўся невядомы факт, грунтуючыся на выдумцы, чалавечай фантазіі, часам нават на містыцы.

Анекдоты і жарты ўзніклі амаль адначасова з сацыяльна-бытавымі казкамі, развіваліся ў цеснай сувязі з імі, актыўна бытуюць і зараз. У іх аснове – смешнае здарэнне, выпадак, жыццёвая сітуацыя, асобная рыса чалавечага характару, учынак з неспадзявана камічнай развязкай. Межы паміж гэтымі жанрамі невыразныя, у цэнтры іх ўвагі разнастайныя тэмы, звычайна надзённыя і актуальныя.
Праграма факультатыўных заняткаў

17 гадзін

Тэма 1. Беларускі фальклор, яго асноўныя віды і жанры (1 гадзіна).

Вусная паэтычная творчасць – важная і неад’емная частка духоўнай культуры беларусаў. Месца беларускай фальклорнай спадчыны ў сусветнай культуры.

Асноўныя адметныя рысы фальклору – калектыўнасць, традыцыйнасць, варыятыўнасць, вусная форма бытавання. Сувязь вусна-паэтычнай творчасці з музыкай, драматычным мастацтвам і танцамі.

Агульная характарыстыка фальклорных відаў і жанраў. Апавядальныя творы – міфы, замовы, казкі, легеды, паданні, загадкі, прыказкі і прымаўкі, прыкметы і павер’і, жарты і анекдоты. Лірычныя творы – песні каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя, гістарычныя, лірычныя, жартоўныя. Драматычныя фальклорныя творы – гульні, народны тэатр, лялечны тэатр батлейка.

Пісьменнікі і дзеячы культуры пра фальклор. Роля фальклору ў развіцці нацыянальнай культуры, літаратуры і мастацтва. Выкарыстанне фальклорных матываў і вобразаў сучаснымі беларускімі пісьменнікамі.

Тэма 2. Міфы (3 гадзіны).

Міфы як этап культурага развіцця народа. Паэтычнае асэнсаванне рэчаіснасці нашымі продкамі. Класіфікацыя міфаў: пра паходжанне і ўласцівасці аб’ектаў і з’яў прыроды; пра паходжанне чалавека; пра ўзнікненне сусвету; пра багоў і міфічных істот і інш. Найбольш вядомыя на Беларусі міфы пра дрэвы (бярозу, рабіну, явар, дуб, каліну); пра кветкі (браткі, або травіцу брат-сястрыцу, папараць-кветку, зязюльчыны слёзкі); пра птушак (зязюлю, бусла, ластаўку, салаўя, дзятла, варону); пра паходжанне асобных азёр, рэк, балотаў, пра волатаў і курганы-валатоўкі. Пантэон славянскіх міфічных багоў (Сварог, Перун, Дажбог, Ярыла, Лада, Жыжаль, Вялес і інш.). Міфалагічныя істоты (духі) – дамавікі, палевікі, лесуны, багнікі, русалкі, вадзянікі, ваўкалакі і інш. – у славянскай міфалогіі. Пераход міфалагічных вобразаў і матываў у народныя легенды, казкі, замовы, павер’і, паданні, абрадавыя песні, у творы мастацкай літаратуры.



Тэма 3. Замовы (1 гадзіна).

Замовы (загаворы, нагаворы, шэпты). Паходжанне замоў, іх утылітарнае значэнне замоў. Класіфікацыя замоў у залежнасці ад прызначэння: гаспадарчыя (пра паляванне, рыбацтва, пчалярства, збор і захаванне ўраджаю і інш.); сямейныя; супраць хвароб і інш. Кампазіцыя замоў, эстэтычна-эмацыянальныя вартасці, паэтычнае майстэрства, вобразнасць мовы.



Замовы на ўдалае паляванне, супраць дамавіка, лесуна, русалкі, замовы ад хвароб і інш.

Тэма 4. Казкі (5 гадзін).

Асаблівасць зместу, сістэма вобразаў, характэрныя прыёмы мастацкага адлюстравання. Мастацкая выдумка ў казках. Шырыня ахопу жыццёвых з’яў, глыбіня абагульнення, яркасць вобразаў. Супрацьстаянне дабра і зла – пастаянны матыў народных казак. Дыдактычна-павучальны сэнс казак.

Віды казак, умоўнасць іх класіфікацыі. Будова і моўныя сродкі мастацкай выразнасці ў народных казках.

Беларускія казачнікі.



Казкі пра жывёл. Вобразы казак. Кампазіцыйная завершанасць, рыфмаваная і рытмізаваная мова, шырокае ўжыванне прыказак, песень, мянушак. Разгорнуты дыялог.

Мужык, воўк і ліса”, “Вайна ваўка з сабакам”, “Жораў і чапля” (на выбар).



Чарадзейныя казкі. Захапляльнасць, напружанасць, дынамізм сюжэта, нечаканасць яго паваротаў. Сцвярджэнне высокіх маральных каштоўнасцей. Сацыяльны канфлікт як аснова сюжэта. Асілкі і варожыя вобразы. Мастацкая гіпербала як сродак характарыстыкі герояў Чароўныя і цудадзейныя прадметы. Казачная паэтыка.

Залатая яблынька”, “Пакацігарошак”, “Асілак”, “Салдат Іванька”, “Тром-сын Безыменны”, “Ох і залатая табакерка”, “ (на выбар).



Сацыяльна-бытавыя казкі. Займальнасць сюжэта. Роля выдумкі і фантазіі, характар канфлікту ў творах. Адметнасці стылю і вобразнай сістэмы бытавой казкі. Высмейванне сацыяльных і маральных чалавечых заган, услаўленне сціпласці, кемлівасці, спрыту, розуму, працавітасці, дасціпнасці і іншых станоўчых чалавечых якасцей. Індывідуалізацыя мовы персанажаў. Мараль у бытавых казках. Гумар і сатыра.

Як мужык гусей дзяліў”, “Бабіна дачка і дзедава дачка”, “Пану навука”, Несцерка”, “Як Сцёпка з панам гаварыў” (на выбар).



Тэма 5. Легенды і паданні (2 гадзіны).

Тэматыка легенд і іх асноўныя групы (касмаганічныя, этнагенічныя, гістарычныя, апакрыфічныя і інш.). Фантастычнае і чароўнае ў легендах.

Тэматыка паданняў (пра гістарычныя падзеі, гераічныя, тапанімічныя і інш.). Паэтызацыя лепшых чалавечых якасцей у творах. Эстэтычнае і пазнавальнае ў легендах і паданнях. Лаканічнасць і мастацкая выразнасць мовы твораў. “Нёман і Лоша”, “Адкуль сяляне і паны”, “Пестунь”, “Лазовы Куст”, “Асілкі”, “Ваўкалакі”, “Дамавік ездзіць на конях”, “У ноч на Купалу”, “Русалчын востраў”, “Расамаха” (на выбар).

Тэма 6. Загадкі (2 гадзіны ).

Паходжанне і тэматычнае багацце загадак. Паэтычнае асэнсаванне свету ў загадках. Будова загадак па прынцыпе параўнання, супастаўлення прадметаў рэчаіснасці паводле іх знешніх і унутраных якасцей (па форме, колеры, гуку, выніках дзеяння, паводзінах, характары руху і інш.). Іншасказальны характар загадак. Загадкі-пытанні, загадкі-задачы, іх жартоўны змест.

Мастацкая дасканаласць і выразнасць формы, дасціпнасць і мудрасць загадак. Іх роля ў развіцці фантазіі, мастацка-вобразнага мыслення, назіральнасці, кемлівасці, знаходлівасці чалавека.

Загадкі ў іншых фальклорных жанрах і ў мастацкай літаратуры. Літаратурныя загадкі.



Тэма 7. Прыказкі і прымаўкі (2 гадзіны).

Увасабленне мудрасці, адлюстраванне жыццёвага і працоўнага вопыту, псіхалогіі, светапогляду, маральна-этычных і эстэтычных ідэалаў народа. Ідэйна-тэматычны змест, абагульняльнасць, павучальнасць, асацыятыўнасць, падтэкст. Іронія як істотная прыкмета прыказак і прымавак.

Мастацкая дасканаласць прыказак і прымавак: кампазіцыя, ёмістасць і яркасць мастацкіх вобразаў, лаканізм, трапнасць і выразнасць мовы. Народная педагогіка ў прыказках і прымаўках.

Прыказкі і прымаўкі ў фальклорных і літаратурных творах розных жанраў.



Тэма 8. Прыкметы і павер’і (1 гадзіна).

Спасціжэнне чалавекам навакольнага свету і ўсведамленне свайго месца ў ім. Дарадчая, перасцерагальная, забаронная функцыі прыкмет і павер’яў, іх скіраванасць на паляпшэнне дабрабыту працоўнага чалавека. Трапнасць, афарыстычнасць мовы прыкмет і павер’яў, іх блізкасць да загадак, прыказак, іншых фальклорных жанраў.



Тэма 9. Анекдоты і жарты (1 гадзіна).

Паходжанне анекдотаў і жартаў. Іх сатырыка-гумарыстычная накіраванасць, высмейванне сацыяльных і бытавых заган праз стварэнне смешнай, камічнай сітуацыі. Аднаэпізоднасць, нечаканасць выніку, дыялагічнасць анекдотаў і жартаў. Адсутнасць экспазіцыі, зачыну, дэталізацыі. Неадпаведнасць і нават супярэчнасць паміж апавядальнай (асноўнай) часткай і заключнай (канцоўкай). Падтэкст, адсутнасць прама выказанай маралі ў анекдотах і жартах. Добразычлівы характар смеху ў гумарэсках. Гіпербалізацыя, завастрэнне, іронія, сарказм, кантраст і іншыя мастацкія сродкі.

Віншаванне”, “Мужык і пан”, “Добрых паслалі да добрых”, „Сцізорык згубіўся”, „Праз тэлефон”, „Добра, ды не зусім”, „У школе”, „На пошце”, „На моры”, „Розніца”, „Швачка”, „Асвоіў” (на выбар).

Прагназуемыя вынікі

У працэсе знаёмства з факультатыўным курсам “Беларускі фальклор” пяцікласнікі праявяць большую цікавасць да фальклорных твораў і да народнай культуры ў цэлым і разам з тым ўдасканаляць свае чытацкія аналітычныя і творчыя ўменні:

выразна, у звычайным тэмпе і з захаваннем патрэбнай інтанацыі чытаць уголас эпічныя фальклорныя творы, асэнсоўваючы іх пафас і выяўляючы свае адносіны да адлюстраванага;

узнаўляць мастацкія карціны і вобразы;

вызначаць тэму твора, самастойна дзяліць яго сэнсавыя на часткі, складаць план;

падрабязна, сцісла або выбарачна вусна пераказваць апавядальны твор ці ўрывак з яго;

вылучаць эпізоды ці дэталі, важныя для характарыстыкі фальклорных герояў, знаходзіць сувязь паміж падзеямі ў творы;

характарызаваць героя па яго паводзінах і ўчынках ці ў святле пастаўленага настаўнікам пытання;

параўноўваць герояў эпічных твораў;

з дапамогай настаўніка спасцігаць падтэкст і мараль казкі або прыказкі, адгадваць загадкі;

адрозніваць моўныя выяўленчыя сродкі і з дапамогай настаўніка вызначаць іх ролю ў стварэнні вобраза, раскрыцці тэмы твора.

Пяцікласнікі набудуць большы вопыт творчай дзейнасці і навучацца:

асэнсоўваць свае ўражанні, эмоцыі, пачуцці і апісваць іх;

даваць разгорнутыя адказы на пастаўленыя настаўнікам праблемныя пытанні;

рыхтаваць вусныя замалёўкі (па міфах, легендах, казках, загадках, прыказках і прымаўках), паведамленні і сачыненні з элементамі апісання і разважання на зададзеную тэму;

складаць кадраплан або з дапамогай настаўніка рыхтаваць сцэнарый па апавядальным творы;

інсцэніраваць казку, легенду, паданне, прыказку, жарт або анекдот, прадумваючы дыялогі, рэмаркі, дэкарацыі, касцюмы, музычнае суправаджэнне і інш.;

прыдумваць легенды, казкі, загадкі і інш.;

даваць вусны водгук на самастойна прачытаны эпічны фальклорны твор і на творы сумежных відаў мастацтва, выказваючы свае адносіны да герояў і падзей.

Вучні паглыбяць і сістэматызуюць літаратурныя веды і будуць ведаць:

змест разгледжаных і самастойна прачытаных фальклорных твораў;

асноўныя тэмы і жанравыя ўласцівасці фальклорных легенд, казак, загадак, прыказак і прымавак, прыкмет і павер’яў;

разумець сутнасць міфа і міфічных вобразаў у літаратуры і выяўленчым мастацтве;

моўныя выяўленчыя сродкі мастацкай выразнасці фальклорных твораў;



асноўныя адзнакі тэарэтычных паняццяў, з якімі пазнаёміліся на ўроках і факультатыўных занятках.

Рэкамендаваная літаратура:

  1. Бараг Л. Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. – Мн., 1978.

  2. Беларуская вусна-паэтычная творчасць: Падручнік для студэнтаў філал. спец. ВНУ / К. П. Кабашнікаў, А. С. Ліс, А. С. Фядосік і інш. – Мн., 2000.

  3. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік. – Мн., 2006.

  4. Беларуская народная творчасць савецкага часу / Склад. В.А.Захарава. – Мн., 1978.

  5. Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка. Кн. 4. Народная проза. – Мн., 2002.

  6. Беларускі фальклор: Хрэстаматыя: Вучэб. дапам. для філал. фак. ВНУ / Склад. К.П.Кабашнікаў, А.С. Ліс, А.С. Фядосік, І.К.Цішчанка.— Мн., 1996.

  7. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Мн., 2005—2006.

  8. Беларускія народныя казкі. – Мн., 1980.

  9. Выслоўі / Склад. М. Я. Грынблат. – Мн., 1979.

  10. Гілевіч Н. С. Паэтыка беларускіх загадак. – Мн., 1976.

  11. Гурскі А. І. Святкаванне Каляд на Беларусі. – Мн., 1998.

  12. Грынблат М. Я. Прыказкі і прымаўкі: У 2 кн. / Пад рэд. А.С.Фядосіка. – Мн., 1976.

  13. Загадкі / Склад. М. Я. Грынблат, А. І. Гурскі. – Мн., 1972.

  14. Кабашнікаў К. П., Барташэвіч Г. А. Сустрэчы з казкай. – Мн., 1984.

  15. Кабашнікаў К. П., Фядосік А. С., Ліс А. С. і інш. Беларуская вусна-паэтычная творчасць: Падручнік для філалаг. спец. ВНУ. – Мн., 1998.

  16. Казакова І.В. Беларускі фальклор. Курс лекцый. – Мн,. 2003.

  17. Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. – Мн., 1971.

  18. Казкі ў сучасных запісах. – Мн., 1989.

  19. Крук І. І. Сімволіка беларускай народнай культуры. – Мн., 2000.

  20. Лакотка А. І., Барыс С. В. Сцежкамі дзядоў: Этнаграфічныя нарысы. Кніга для вучняў. – Мн., 1986.

  21. Легенды і паданні / Склад. М. Я. Грынблат, А. І. Гурскі. – Мн., 1983.

  22. Лозка А. Беларускі народны каляндар. – Мн., 1993.

  23. Народная культура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Пад агул. рэд. В. С. Цітова. – Мн., 2002.

  24. Народная спадчына / Склад. А. С. Фядосік, Г. А. Пятроўская. – Мн., 1984.

  25. Народныя казкі-байкі, апавяданні, мудраслоўі / Уклад. і рэд. Н.С.Гілевіча. – Мн., 1983.

  26. Прыказкі і прымаўкі / Склад. М. Я. Грынблат. Кн. 1, 2. – Мн., 1976.

  27. Пятроўская Г. Л. Жывая спадчына. – Мн., 1988.

  28. Рапановіч Я. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі. 2-е выд. – Мн., 1974.

  29. Сысоў У. Н. З крыніц спрадвечных. – Мн., 1997.

  30. Фядосік А. С. Беларуская савецкая фалькларыстыка. – Мн., 1987.

  31. Фядосік А. С. Беларускія сацыяльна-бытавыя казкі. – Мн., 1995.

  32. Чарадзейныя казкі. Ч. 1-2. – Мн., 1973 – 1978.

  33. Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. – Мн., 1989.

  34. Янкоўскі М. А. Паэтыка беларускіх прыказак. – Мн., 1971.

  35. Янкоўскі Ф. М. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. – Мн., 2004.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка