Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь горацкі педагагічны каледж




Дата канвертавання17.03.2016
Памер94.59 Kb.

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

ГОРАЦКІ ПЕДАГАГІЧНЫ КАЛЕДЖ

УА “МАГІЛЁЎСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

ІМЯ А.А.КУЛЯШОВА”



ЗЯМЛЯ МАЯ БОЙ ПРЫМАЛА…”

(акцыя – рэквіем)

Аўтар: Супрун В.М.,

выкладчык беларускай

мовы і літаратуры

Леніна, 2013

Мэта: выхоўваць павагу да ветэранаў вайны, гонар за сваю Радзіму.


ЭПІГРАФ:
На Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў амаль кожны трэці яе жыхар.


На плакатах - словы: « Гітлераўцы стварылі на тэрыторыі Беларусі 260 лагераў смерці, за час акупацыі правялі больш за 140 карніцкіх аперацый, у ходзе якіх знішчалі вёскі і пасёлкі разам з жыхарамі і спусташалі цэлыя раёны… Фашысцкія захопнікі знішчылі на тэрыторыі Беларусі 2264107 чалавек, у тым ліку 1409225 мірных жыхароў, 810091 ваеннапалоннага, 44791 партызана і падпольшчыка; 380 тысяч чалавек выгналі на катаржныя работы у Германію. Гітлераўцы спалілі і разбурылі 209 гарадоў і райцэнтраў, 9200 вёсак, з якіх 628 былі знішчаны разам з усімі жыхарамі, 4667 – з часткай насельніцтва (Рэспубліка Беларусь: Энцыклапедыя: У 6 т. Т.1)».

«За час акупацыі на тэрыторыі Горацкага раёна фашысты знішчылі

13 тысяч савецкіх грамадзян, 90 вёсак спалілі (Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга / Г.П.Пашкоў і інш.)»

«Я вас прашу, не зведаў хто вайны, прашу вас, мае дочкі і сыны, узяць хоць долю памяці маёй - каб потым ёй не зарасці травой…» (А.Вярцінскі. Я перад вамі з памяццю сваёй…)».


Мерапрыемства пачынаецца хвілінай маўчання.
Першы чытальнік:
Вы бачылі лес, дзе прагал скразны?

Скажыце, вы бачылі бор той,

дзе кожнай другой няма сасны

ці сама меней - чацвёртай?

Тое ж было з народам маім.

Сякера ваеннай навалы

прайшлася бязлітасна па ім,

і - прагалы, прагалы.

Яны і сёння не зараслі,

свіцяцца прасторай мёртвай…

Вы бачылі лес, дзе прагал скразны?

Скажыце, вы бачылі бор той?



Другі чытальнік:


Зямля мая бой прымала

ад стара і да мала,

ад стогадовага Талаша

да Казея-малыша.

І падаў, распасцёрты,

кожны чацвёрты.


Часта згаралі знічкі тады.

Быў небасхіл чорны.

А на зямлі стылі сляды -

кожны чацвёрты.


Мір асвятліў нас сваім святлом.

Грымелі ўрачыста акорды.

Толькі не быў за святочным сталом

кожны чацвёрты.


Доўга не трацілі ўдовы надзей,

доўга чакалі маці дзяцей.

Не верылі ўсё, што мёртвы

кожны чацвёрты.


Помнім болі і страты свае.

Памяць шуміць, як чароты.

О, як нам вас не стае –

кожны чацвёрты!



Трэці чытальнік:

Кожны чацвёрты быў мёртвы -

мір і спакой ім вечны!

Кожны трэці быў змораны,

скалечаны і знявечаны.
Кожны другі на целе

меў раны, апёкі ці шрамы.

І ўсе мы, усе мы мелі

на душы сваёй раны.


Зеўралі ямы, траншэі,

Зеўралі печы ў друзе –

ранай адной страшэннай

на целе маёй Беларусі.



Чацвёрты чытальнік:


Лічым: чацвёрты кожны.

А можа, кожны трэці?

Голадам падкошаныя,

паміралі дзеці.


Яшчэ мы не ўлічылі

тых, хто лячылі раны,

раны не залячылі,

рана паміралі.


Колькі прапала без вестак,

без пахаванняў, памінак!

А колькі потым дзетак

ўзарвалася на мінах!


Лічым: кожны чацвёрты,

а той рахунак прыблізны,

а той рахунак няцвёрды,

а ўрон яшчэ больш вялізны.




Пяты чытальнік:


Не забываецца той урон,

не зарастаюць прагалы…

«Дзеці, вы вывучылі урок?

Дзеці, вы праспрагалі?»

Я іду,

ты ідзеш,



а ён не ідзе,

ён мёртвы.

Я пяю,

ты пяеш,


маўчыць кожны чацвёрты.

Мы ідзём,

ідзеце вы.

Грунт пад нагамі цвёрды.

Яны не ходзяць - не жывы

кожны чацвёрты.

Любім мы,

любіце вы.

Колькі травы, ліствы, сінявы! –

Хоць сэрца насцеж разгортвай.

А каб яшчэ ды быў жывы

кожны чацвёрты!

А.Вярцінскі

Гучыць песня «Скрыжаванні вайны “ (муз. А.Чыркуна, сл..І.Скурко).

Першы вядучы: зачытвае словы, запісаныя на плакатах
Другі вядучы:

Гудуць званы. Гудуць журботна і сурова. Гудуць над светлымі бярозавымі гаямі, над задуменнымі барамі Лагойшчыны, над Беларуссю, над усёй Зямлёю.

Хатынь… Тут жылі мірныя людзі, шчырыя працаўнікі. Любілі свае палі і лясы. Вырошчвалі збажыну і лён, былі добрымі жывёлаводамі. Выхоўвалі дзяцей, радаваліся ўдачам, будавалі новае жыццё.

Вайна разбурыла ўсе мірныя планы, злавесным ценем навісла над кожнай хатай. 149 чалавек (а сярод іх - 75 дзяцей) навечна ляглі ў адну брацкую магілу.

Гудуць званы, звіняць званы. Звіняць журботна і сурова.

Першы чытальнік:


Вы чулі, як у Хатыні

звоняць каміны?

Кроў у жылах стане,

Як слухаеш тыя званы.

Кроў у жылах стыне…

Слухаеш і маўчыш.

А наўкола - пустыня,

а наўкола - ціш.

Толькі адны каміны,

толькі адны званы,

толькі адны яны…

Другі чытальнік:


Дзінь – дзінь, дзінь – дзінь - дзінь…

Што гэта звініць, Хатынь?

Тут звінелі сініцы і палазы,

і звінелі жаўранкі ў паднябессі.

Тут звінелі дзіцячыя галасы,

тут звінелі дзявочыя песні.

Тут звінела пчала, і звінела піла,

і звінела каса, і звінела даёнка,

і звінелі, на радасць ўсяго сяла,

тут вясельныя бомы звонка.

Дзінь – дзінь, дзінь – дзінь – дзінь…

Што гэта звініць, Хатынь?

Што значаць яны, твае званы?

Ці гэта гучаць адгалоскі

той вёскі, што была да вайны,

той колішняй мірнай вёскі?

Дзінь – дзінь…

Трэці чытальнік:


Звіняць, як калісь, на ўсю сваю сінь

сініцы і жаўрукі.

Але не чуе ніхто іх “дзінь – дзінь”,

ніхто не глядзіць з-пад рукі.

Узялі ў Хатыні слых,

зрабілі глухімі ўсіх.

Узялі ў Хатыні зрок,

далі Хатыні змрок…

Стаяць, як калісь, усцяж каміны,

там, дзе былі двары.

Але не дымяць, а звіняць яны,

Звіняць ад зары да зары.



Чацвёрты чытальнік:


Дзіўныя гэтыя каміны!

Дыміць бы весела ім,

грэць бы неба духам жывым,

цяплом жывым, а яны…

Ды ў гэтым няма іх віны.

гэта віна вайны,

гэта віна вайны,

гэта яна, вайна,

Дала камінам званы.

А.Вярцінскі


Гучыць песня “Салаўі Хатыні” (муз. І.Лучанка, сл. Н.Тулупавай).

Першы вядучы:


Цяжка далася Перамога нашаму народу. Але вера ў свае сілы, вера ў непераможнасць Радзімы дапамаглі выстаяць у нялёгкай барацьбе. Дапамагла выстаяць і вера ў непераможнасць нашай арміі, у мужнасць і адвагу воіна-вызваліцеля.

Другі вядучы:


Гэта ён, да пляча прытуліўшы прыклад,

Трапным стрэлам фашыстаў здымаў,

Гэта ён ваяваў за спакой нашых хат

І грудзямі навалу стрымаў…


Гучыць песня “Балада пра салдата” ( муз. У. Салаўёва - Сядога,

сл. М. Матусоўскага).

Першы чытальнік:


Было ў салдата два полі,

поле, дзе кветкі ірваў,

бегаў з сябрамі на волі,

і поле, дзе ён ваяваў.

Ціха было і чыста

ў полі яго дзяцінства,

былі агонь і дым

на полі ратным тым.

Два полі было ў салдата.

Адно зелянела травой,

другое было ўзарата

вайной і паліта крывёй.

Было ў салдата два полі,

поле, дзе кветкі збіраў,

бегаў з сябрамі на волі,

і поле, дзе ён паміраў.

А.Вярцінскі

Першы вядучы:


Беларускі народ узняўся на барацьбу супраць гітлераўскіх захопнікаў за свабоду і незалежнасць Радзімы. Жорсткасць акупацыйнага рэжыму толькі ўзмацняла нянавісць да фашыстаў, рабіла супраціўленне ім асабліва ўпартым і непрымірымым.

Ужо на пяты дзень у Пінскім раёне быў сфарміраваны партызанскі атрад, які ўступіў у бой з захопнікамі. Гэта быў адзін з самых першых партызанскіх атрадаў у Беларусі. Яго ўзначальваў Васіль Захаравіч Корж.

І горацкая зямля не была выключэннем у партызанскім руху на Беларусі.

На тэрыторыі Горацкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі такія партызанскія фарміраванні, як брыгада “Звезда”, 47 – я брыгада “Победа”, 35 – я брыгада, 115 – я Горацкая брыгада, 2 – і асобны атрад, 3 – і асобны атрад, 17 - я брыгада, 112 - ы асобны Горацкі атрад.



Другі вядучы:


Масавы пратызанскі рух дапамагаў набліжаць Перамогу. У выніку барацьбы з ворагам у канцы 1943 года партызаны разам з кадравай арміяй вызвалілі значную частку Беларусі - каля 60%. Многія з удзельнікаў і арганізатараў партызанскага руху дажылі да Перамогі, але шмат хто загінуў.
Гучыць “ Лясная песня” ( музыка У. Алоўнікава, словы А. Русака)
Першы вядучы:
Супраць захопнікаў вяло барацьбу ўсё насельніцтва акупіраванай Беларусі. Мірныя жыхары, нароўні з шырокім супраціўленнем ваенным, эканамічным і палітычным мерапрыемствам акупацыйных уладаў, дапамагалі партызанам, падпольшчыкам, рэгулярным часцям Чырвонай Арміі.

Вялікае значэнне ў барацьбе з ворагам мела дружба паміж народамі і здольнасць самаахвяраваць у імя Перамогі.



Першы чытальнік:


… Яна і тут не думала пра сябе. Дзе ён, яе Васілёк, чаму не вярнуўся?.. Дзе яны, Уладзік і Сцяпан?.. І тут душа яе вярталася да гэтых, да чужых сыноў, з якімі так моцна зрадніла доля… Яна чула іх крокі - шорганне босых ног па жвіры, чула і цяжкае дыханне… Яна аддала ім усё, што магла… А тут нават не азірнешся… І яна рабіла адно - яшчэ як мама вучыла - малілася. І за сваіх сыноў, і за чужых, і за сябе…

Я. Брыль

Другі вядучы:


Нялёгка далася Перамога нашаму народу. Але, нягледзячы на складаны час, людзі жылі, не падалі духам, умелі весяліцца. Магчыма, такая рыса характару беларусаў, як аптымізм, дапамагла выстаяць у трагічнай барацьбе.


Прагляд урыўка з трагікамедыі А. Макаёнка “ Трыбунал”

Першы вядучы:


За доблесць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, звыш 300 000 салдат і афіцэраў - ураджэнцаў Беларусі - былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а каля 400 воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. На горацкай зямлі Героямі Савецкага Саюза сталі Васіль Мікалаевіч Барсукоў, Рыгор Радзівонавіч Лахін, Дзмітрый Рыгоравіч Юркоў, Юліуш Гюбнер, Уладзіслаў Высоцкі, Анэля Кжывань.

Многія нашы землякі не вярнуліся з вайны, аддалі сваё жыццё за нашу светлую будучыню, за мірнае неба над намі. Многія прапалі без вестак.

У кнізе “Памяць. Горацкі раён” названы прозвішчы 921 партызана, падпольшчыка, мірнага жыхара, што загінулі ад рук фашыстаў; 1785 воінаў Чырвонай Арміі, што загінулі пры абароне і вызваленні раёна ў 1941 – 1944 гадах; 556 воінаў 1 польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі, пахаваных у вёсцы Леніна; 5843 воінаў - землякоў, якія загінулі, памерлі ад ран ці прапалі без вестак; 140 супрацоўнікаў і студэнтаў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, што загінулі ў гады Вялікай Айчынай вайны.

Першы чытальнік:

Не выйшаў ты і ў гэты раз


Мяне спаткаць, паднесці рэчы…

Ля весніц толькі зноў твой вяз

Крануў галінамі за плечы.

Ты мне не падасі рукі,

Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта…

Ці бачыш, вырас сын які?

Скажы хоць слова для прывета.

А я… чакаў з усіх дарог

Цябе ў сорак чацвёртым… летам.

Калоны ні адной не мог

Я прапусціць з ахапкам кветак.
Другі чытальнік:

Хацелася пачуць: “Сынок…”

І крыкнуць радаснае: “Тата!”

Бацькоўскім быў мне кожны крок…

Усё ішлі, ішлі салдаты…

Не плакаў я - усім на злосць,

Бо ў хаце быў адзін - мужчына.

Не йшоў ты…

Маці маладосць

Глыбей заворвалі маршчыны.

І зараз - еду я здалёк,

Чакаю ўсё - зайду, а маці

Мне скажа: “Пазнаеш, сынок?

Вось наша ўся сямейка ў хаце…”

Паверыць цяжка мне таму,

Што больш не прыйдзеш ты дадому.

А шапку я заўжды здыму

Перад магілай невядомай…

Р.Барадулін

Другі вядучы:


1944 год. Вызваленне Беларусі. Думкі тых, хто яшчэ ваяваў, і тых, хто выжыў на акупіраванай доўгі час і зруйнаванай зямлі, былі звязаны з мірнай працай, з марамі пра шчасце.

Першы вядучы:


Вялікая Айчынная вайна з’явілася гіганцкім паядынкам дзвюх непрымірымых варожых сіл, дзвюх процілеглых філасофій - гуманізму і чалавеканенавісніцтва. Так, гэта быў гіганцкі паядынак чалавечнасці з нялюдскасцю, у якім павінна была перамагчы і перамагла чалавечнасць. Але для Перамогі патрэбна была мабілізацыя ўсіх фізічных і маральных сіл народа. А перш за ўсё патрэбна была вера ў Перамогу ў свядомасці кожнага салдата, кожнага змагара.
Гучыць песня “Нам нужна одна Победа” ( музыка і словы Б.Акуджавы)
Другі вядучы:

Родныя Вы нашы.

У смутку вялікім схіліўшы галовы,

стаім перад Вамі.

Вы не скарыліся лютым забойцам

у чорныя дні фашысцкай навалы.

Вы смерць прынялі,

ды полымя сэрцаў Вашай любові

да Савецкай Радзімы

навек незгасальна.

Памяць пра Вас у нас назаўсёды,

як неўміручая наша зямля

і як вечна яркае сонца над ёю!

Літаратура

Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.Ч. – Мн., 1997

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: Энцыклапедыя… - Мн., 1990


Великая Отечественная война 1941-1945: энциклопедия … - М., 1985

Памяць Беларусі: Рэспубліканская кніга / Рэд. Калегія: Г.П.Пашкоў (гал. Рэд.) і інш. – Мн., 2005.

Памяць: Гіст. –дакум. Хроніка Горацкага раёна. – Мн., 1996

Республика Беларусь: Энциклопедия: В 6 т. Т. 1/ Редкол.: Г.П.Пашков и др. – Мн., 2005

Барадзін Р. Трэба дома бываць часцей …: Выбр. старонкі лірыкі / Прадмова В.Быкава. – Мн., 1993

Брыль Я. Ад сяўбы да жніва: Апавяданні. – Мн., 1987

Вярцінскі А. Хлопчык глядзіць …: Выбр. вершы і паэмы / Маст. І.Сытчанка. – Мн., 1992

Макаёнак А. Выбачайце, калі ласка: П’есы… - Мн., 1991



Сляза на камень: Рэпертуар. зборнік / Скл. Т. Прохарава, Г.Разанава, М.Федасеенка і інш. – Мн., 1995

Цупік В.М. Вайна – боль і памяць народа // Беларуская мова і літаратура, 2005, № 1


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка