Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь гісторыя беларусі вучэбная праграма для 8—10 класаў




Дата канвертавання21.03.2016
Памер205 Kb.




Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

Вучэбная праграма для 8—10 класаў

першага аддзялення дапаможнай школы

з беларускай (рускай) мовай навучання

Мінск 2014


ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Выкладанне гісторыі Беларусі ў першым аддзяленні дапаможнай школы ажыццяўляецца з улікам пазнавальных і інтэлектуальных магчымасцей дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. У адпаведнасці з сучаснымі падыходамі да выкладання гісторыі вывучэнне прадмета «Гісторыя Беларусі» арыентавана на фарміраванне ў вучняў якасцей асобы, якія неабходны для выканання агульнапрынятых для ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь сацыяльных функцый.

Выкладанне вучэбнага прадмета ставіць мэтай:


  • авалодванне вучнямі на ўзроўні іх пазнавальных і інтэлектуальных магчымасцей асновамі гістарычных ведаў аб важнейшых падзеях і з’явах гісторыі Беларусі;

  • далучэнне вучняў да дасягненняў айчыннай культуры;

  • фарміраванне якасцей асобы вучня на аснове ідэй гуманізму, патрыятызму, прынцыпаў грамадзянскай супольнасці, выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, пачуцця гонару за сваю Радзіму.

Задачамі гістарычнай адукацыі з’яўляюцца:

  • засваенне вучнямі асноўных факталагічных ведаў пра найбольш значныя падзеі і з’явы гісторыі Беларусі, гераічнага мінулага нашай краіны і сучаснага жыцця рэспублікі;

  • фарміраванне грамадзянскага патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці, выхаванне ў вучняў пачуцця любові да сваёй Радзімы, гонару за культурна-гістарычную спадчыну беларускага народа;

  • авалодванне вучнямі ўменнямі пошуку неабходнай сацыяльна-гістарычнай інфармацыі на даступным для іх узроўні. Вучні самастойна ці з дапамогай дарослых даведваюцца пра галоўныя факты і падзеі гісторыі Беларусі, жыццё сваіх продкаў.

У працэсе выкладання вучэбнага прадмета вырашаюцца таксама карэкцыйныя задачы, якія накіраваны, перш за ўсё, на развіццё мыслення і маўлення, памяці, уяўленняў вучняў.

Асаблівасці развіцця і пазнавальныя магчымасці дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю не дазваляюць ім засвоіць сістэматычны курс гісторыі, прадугледжаны праграмай агульнаадукацыйнай школы. Змест праграммы для дапаможнай школы абмяжоўваецца найбольш значнымі падзеямі гісторыі Беларусі і звесткамі аб грамадскім і дзяржаўным жыцці краіны. Гэта не выключае выкарыстання настаўнікамі ў навучальным працэссе дадатковых матэрыялаў па гісторыі як нашай краіны, так і краін блізкага і далёкага замежжа.

Вывучэнне курса пачынаецца звесткамі з жыцця людзей на беларускіх землях у старажытныя часы. Затым прадугледжваецца знаёмства з галоўнымі падзеямі гісторыі Беларусі перыядаў існавання Полацкага і Тураўскага княстваў, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай; далучэння беларускіх зямель да Расіі; расказваецца пра падзеі кастрычніка 1917 г., стварэнне Беларускай ССР; разглядаецца сацыяльна-эканамічнае і культурнае жыццё рэспублікі ў міжваенны перыяд; барацьба супраць фашысцкай агрэсіі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг.; пасляваеннае жыццё, сучасныя дасягненні краіны.

У праграме (у большай частцы 9—10-ы класы) прасочваецца прынцып канцэнтрызму. Паслядоўна на шляху гістарычнага развіцця беларускага грамадства разглядаюцца пытанні сацыяльна-эканамічнага, грамадска-палітычнага, культурнага і паўсядзённага жыцця людзей.

Змест праграмы надае ўвагу сацыякультурнаму аспекту вывучэння гісторыі, як найбольш значнаму ў фарміраванні асобы вучня з інтэлектуальнай недастатковасцю, яго сацыялізацыі.

Вывучэнне падзей гісторыі нашай Радзімы адбываецца ў храналагічнай паслядоўнасці.

Важная роля ў вывучэнні гісторыі надаецца выкарыстанню міжпрадметных сувязей. Гэта садзейнічае паглыбленню ведаў, фарміраванню ўяўленняў аб узаемасувязі гістарычных з’яў і працэсаў, робіць веды больш практычнымі як у вучэбнай, так і пазакласнай дзейнасці.

Засваенне праграмнага матэрыялу вучнямі дапаможнай школы патрабуе своеасаблівай сістэмы яго планавання, выкарыстання спецыяльных сродкаў, метадаў і прыёмаў. Урокі, экскурсіі спалучаюцца з пазакласнай работай, чытаннем кніг, выданняў перыядычнага друку, праглядам тэлеперадач і кінафільмаў.

Вынікі ўспрымання гістарычных фактаў залежаць ад выкарыстання моўнага і нагляднага матэрыялу.

На ўроках гісторыі выкарыстоўваюцца розныя метады і прыёмы навучання: расказ; гутарка; выбарачнае, тлумачальнае і каменціраванае чытанне тэксту; работа з падручнікам, малюнкамі, схемамі; складанне «стужкі часу»; работа з гістарычнымі картамі; паведамленні аб прачытаных гістарычных кнігах, артыкулах; экскурсіі і апрацоўка матэрыялаў экскурсій; прагляд кінафільмаў, тэлеперадач і іх асэнсаванне.

Вядучая роля ў выкладанні курса гісторыі Беларусі належыць наглядна-слоўным метадам навучання. Расказ настаўніка аб гістарычных падзеях патрабуе гістарычнай праўдзівасці ў спалучэнні з даступнасцю ўспрымання, кароткасці па часе тлумачэння. Выкладанне новага матэрыялу звязваецца з вывучаным раней. Славесна-нагляднае навучанне вучэбнаму прадмету дазваляе вучням паўней уявіць, як жылі людзі ў пэўную гістарычную эпоху, даведацца пра быт прадстаўнікоў розных сацыяльных груп. Стварэнне наглядных вобразаў — важны элемент навучання гісторыі, які канкрэтызуе асаблівасці пэўнай гістарычнай эпохі, дыферэнцыруе гістарычныя факты.

Расказ настаўніка спалучаецца з выбарачным чытаннем тэкстаў з падручніка, артыкулаў перыядычных выданняў, кніг. У вучняў фарміруюцца ўменні карыстацца крыніцай ведаў аб жыцці людзей у нашай краіне і за мяжой.

Засваенне ведаў пра гістарычныя падзеі будзе больш выніковым, калі выкарыстоўваць рознабаковы сюжэтны матэрыял, даваць характарыстыкі гістарычным фактам, асобам. Ствараючы гістарычную карціну той ці іншай падзеі, важна вылучаць культурна-бытавыя дэталі пэўнага перыяду, што садзейнічае фарміраванню ў вучняў правільных гістарычных уяўленняў (вонкавы выгляд горада, вёскі; характарыстыка жылля, адзення, прылад працы, зброі).

Уменне выражаць свае думкі ў маўленчай форме з’яўляецца паказчыкам развіцця мыслення школьнікаў, таму пры вывучэнні гісторыі развіццё маўлення разглядаецца як галоўная частка карэкцыйнай работы. Пры чытанні гістарычнага тэксту дасягаецца асэнсаванасць зместу, правільнасць вымаўлення; вучні ў адказах выкарыстоўваюць новыя словы, раскрываюць іх сэнс, апісваюць гістарычныя з’явы, характарызуюць асоб, ужываючы неабходныя тэрміны.

Вывучэнне прадмета прадугледжвае навучанне школьнікаў карыстанню ведамі аб храналогіі гістарычнага часу. Гэтаму дапамагаюць «стужка часу», гульні, віктарыны з выкарыстаннем гістарычных дат, апасродкаванне дат значнымі і цікавымі падзеямі.

Стварэнню яркіх гістарычных вобразаў садзейнічаюць экскурсіі. Увагу школьнікаў на экскурсіях і пры апрацоўцы матэрыялаў трэба накіроўваць на найбольш значныя аб’екты.

Тлумачэнне новага матэрыялу і яго паўтарэнне, праверка ведаў па тэмах, якія ўжо вывучаны, складаюць адзіны працэс навучання і маюць лагічную сувязь. Вядома, што вучні дапаможнай школы запаволена ўспрымаюць новы матэрыял, узнаўляюць яго недакладна. Веды іх нетрывалыя, забываецца матэрыял вельмі хутка. Карэкціраваць гэтыя асаблівасці ўспрымання гістарычнага матэрыялу дазваляе выкарыстанне спецыяльных прыёмаў навучання. Так, пры вывучэнні новага карысна даваць 2—3 варыянты тлумачэння аднаго і таго ж пытання, напрыклад, тлумачэнне па карціне, каменціраванае чытанне тэксту, расказ настаўніка. У розных формах ажыццяўляецца паўтарэнне пройдзенага. Матэрыял паўтараецца пры тлумачэнні новага, пры яго замацаванні ў канцы ўрока, у заключэнні тэмы і пры спецыяльным апытанні. Выкарыстоўваецца так званае «вертыкальнае» паўтарэнне па асобных, найбольш значных пытаннях, напрыклад паўтарэнне прылад працы ў розныя часы.

Праграмай прадугледжаны ўводны матэрыял, якія служыць устанаўленню сувязей з ужо вывучаным раней матэрыялам, неабходным для разумення далейшага. Метадычна абгрунтаваны падыход да ўстанаўлення ўзаемасувязі паміж раней вывучаным і новым матэрыялам дазволіць:

прасочваць прычынна-выніковыя сувязі паміж гістарычнымі з’явамі і падзеямі;

абгрунтоўваць гістарычныя з’явы і падзеі як працэс дзейнасці чалавека.

Паўтарэнне і абагульненне гістарычнага матэрыялу праводзіцца пасля вывучэння ўсяго курса, або пасля вывучэння раздзелаў (тэм). На гэтых уроках рэкамендуецца выкарыстоўваць краязнаўчы матэрыял, вынікі пазакласнай работы (матэрыялы экскурсій). Краязнаўчы змест вучэбнага матэрыялу, у сваю чаргу, можа быць засвоены ў пазаўрочны час праз правядзенне экскурсій і падарожжаў, наведванне музеяў і памятных месцаў, сустрэч са знакамітымі землякамі.

Уводныя і паўторна-абагульняючыя ўрокі дапамагаюць вучням пераадолець фрагментарнасць ведаў, знайсці агульныя і адметныя рысы ў падобных грамадскіх з’явах, устанавіць сувязі па асноўных прыкметах.

Пры ацэнцы ведаў улічваецца ўзровень развіцця вучняў з інтэлектуальнай недастатковасцю, і ў залежнасці ад гэтага павялічваюцца ці спрашчаюцца патрабаванні.
П Р А Г Р А М А

8 клас (35 гадзін)

Уводзіны — 3 г.

Гісторыя — навука аб мінулым. Крыніцы ведаў па гісторыі. Паходжанне назвы «Белая Русь» («Беларусь»).

Лічэнне гадоў у гісторыі. Працягласць і паслядоўнасць гістарычных падзей. Вызначэнне гістарычных дат. «Стужка часу». Лагічны ланцужок гісторыі сваёй сям’і.

Гістарычная карта і яе адрозненне ад фізічнай карты. Наша Радзіма на гістарычнай карце. Адлюстраванне і вызначэнне месца гістарычных падзей на карце.



Першабытныя людзі на беларускай зямлі — 6 г.

З’яўленне першабытных людзей на беларускай зямлі. Прыродныя і кліматычныя ўмовы на тэрыторыі Беларусі. Стаянкі першабытных людзей. Умовы іх жыцця.

Асаблівасці жыцця першабытнага чалавека. Радавыя абшчыны. Авалодванне агнём.

Асноўныя заняткі першабытных людзей. Прылады працы і зброя.

Рассяленне ўсходнеславянскіх плямёнаў на тэрыторыі Беларусі. Крывічы. Дрыгавічы. Радзімічы. Земляробства і жывёлагадоўля.

Старажытныя вераванні.

Камяні і курганы — «маўклівыя сведкі мінуўшчыны».

Полацкае і Тураўскае княствы — 7 г.

Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Беларусі. Улада князя. Роля агульнанароднага збору (веча) у грамадскім жыцці княства. Узнікненне гарадоў.

Полацк — самы старажытны горад Беларусі.

Прыняцце хрысціянства.

Славутыя імёны Полацкай зямлі. Князёўна Рагнеда: легенды і рукапісныя звесткі аб яе жыцці.

Усяслаў Чарадзей. Полацкі Сафійскі сабор як помнік дойлідства. Бітва на рацэ Нямізе.

Ефрасіння Полацкая. Жыццёвы шлях. Спаса-Ефрасінеўская царква дойліда Іаана ў Полацку. Крыж Лазара Богшы як нацыянальна-культурная каштоўнасць і святыня беларускага народа.

Першыя асветнікі беларускай зямлі. Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі.



Святы на Беларусі — 2 г.

Народны каляндар. Паходжанне свят. Каляды. Вялікдзень. Купалле. Пакровы. Значэнне свят.



Старажытныя гарады Беларусі — 3 г.

Узнікненне гарадоў. Першыя летапісныя ўспаміны беларускіх гарадоў. Выгляд гарадоў.

Жыццё ў старажытным горадзе. Заняткі жыхароў. Рамяство і гандаль.

Адкуль пайшлі назвы беларускіх гарадоў: Тураў, Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Брэст, Гродна і інш. Першыя летапісныя звесткі аб узнікненні гарадоў.



Вялікае Княства Літоўскае — 6 г.

Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Умовы ўтварэння княства. Навагрудак — цэнтр аб’яднання беларускіх і літоўскіх зямель. Прычыны ўзмацнення Навагрудскага княства. Праўленне князёў: Ізяслаў, Міндоўг, Гедымін і Альгерд.

Вялікі князь Вітаўт — выдатны дзяржаўны дзеяч і палкаводзец. Абарона роднай зямлі ад нападаў нямецкіх рыцараў-крыжакоў і мангола-татараў. Грунвальдская бітва.

Статут Вялікага Княства Літоўскага. Вярхоўная ўлада і мясцовае кіраванне ў Вялікім Княстве Літоўскім. Беларуская мова як дзяржаўная ў Вялікім Княстве Літоўскім. Леў Сапега — выдатны дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

Утварэнне Рэчы Паспалітай. Лівонская вайна. Люблінская унія. Становішча Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай.

Жыццё прыгонных сялян. Сялянскія падаткі. Паншчына. Сялянскія паўстанні.

Войны на зямлі Беларусі XVII—XVIII стст. Вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Паўночная вайна. Бітва каля в. Лясная. Вынікі баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі.

Развіццё адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва — 2 г.

Развіццё адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва. Ушанаванне імён знакамітых людзей Беларусі на нашай зямлі і ў свеце.

Першыя друкаваныя кнігі як помнікі Беларусі. Францыск Скарына — беларускі першадрукар. Кнігі Ф. Скарыны. Пераклад і выданне Бібліі. Друкар Сымон Будны. Нясвіжская друкарня С. Буднага.

Вучоны і асветнік Сімяон Полацкі.



Паселішчы і жыццё старажытных беларусаў — 6 г.

Гарады і вёскі Беларусі. Мястэчкі. Архітэктурная спадчына Беларусі. Культавыя будынкі.

Сядзібы сялян, гараджан і шляхты.

Харчаванне і адзенне жыхароў Беларусі.

Замкі — дзівосныя помнікі мінуўшчыны: Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі, Гродненскі, Гальшанскі, Мірскі і Нясвіжскі.

Беларусь — краіна майстроў. Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Батлеечны і прыгонны тэатры.

Паўтарэнне і абагульненне. Наш край (гісторыя Беларусі на краязнаўчым матэрыяле).
Вучні, якія завяршаюць вывучэнне гістарычнага матэрыялу ў 8-м класе маюць уяўленні аб:

жыцці першабытных людзей на беларускай зямлі;

першых дзяржаўных утварэннях на тэрыторыі Беларусі (княствах);

узнікненні старажытных гарадоў;

Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай;

знакамітых людзях вывучаемага перыяду.

Вучні ўмеюць:

арыентавацца ў тэксце і ілюстрацыях падручніка;

суадносіць змест ілюстрацый з тэкстам;

па пытаннях настаўніка расказваць аб прачытаным у падручніку;

карыстацца гістарычнай картай па вывучаемай тэме;

расказваць пра гістарычныя падзеі па асобным плане (апорных словах);

устанаўліваць паслядоўнасць гістарычных падзей («раней — пазней»), іх працягласць на аснове ведання дат.

Спрошчаны ўзровень складанасці

арыентавацца ў тэксце і ілюстрацыях падручніка — з дапамогай настаўніка;

суадносіць змест ілюстрацый з тэкстам — з дапамогай настаўніка;

адказваць на пытанні настаўніка па тэксце падручніка.


9 клас (70 гадзін)

Паўтарэнне вывучанага ў 8-м класе — 1 г.

Беларускія землі ў складзе Расіі — 12 г.

Падзелы Рэчы Паспалітай. Уключэнне беларускіх зямель у склад Расіі.

Паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай.

Саслоўная структура насельніцтва Беларусі.

Жыццё прыгонных сялян. Стан сялянскай гаспадаркі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі ў складзе Расійскай дзяржавы.

Вайна 1812 года на зямлі Беларусі. Адносіны да вайны беларускай шляхты і сялянтва. Вынікі вайны для жыхароў беларускіх зямель.

Адмена прыгоннага права. Вынікі адмены прыгоннага права для развіцця сельскай гаспадаркі.

Развіццё прамысловасці. Рост гарадоў. Паляпшэнне шляхоў зносін і гандлю.

Кастусь Каліноўскі. «Мужыцкая праўда».

Паўстанне 1863 года.

Паўтарэнне і абагульненне.



Славутыя дзеячы навукі і культуры — 6 г.

Культура Беларусі ў XIX ст. Літаратура. Музыка. Жывапіс. А. Міцкевіч, В. Дунін-Марцынкевіч; М. К. Агінскі, С. Манюшка; В. Ваньковіч, І. Хруцкі, Н. Орда. Тышкевічы — заснавальнікі беларускай археалогіі. Адкрыццё першага музея археалогіі і краязнаўства.

Францішак Багушэвіч — пясняр сялянскай долі.

Газета «Наша ніва». Барацьба за развіццё беларускай мовы і літаратуры.

Янка Купала і Якуб Колас — песняры беларускай зямлі.

Беларускае культурнае адраджэнне. Першы беларускі буквар. М. Шагал, К. Малевіч; І. Буйніцкі; М. Багдановіч, А. Пашкевіч (Цётка).

Паўтарэнне і абагульненне.

Беларусь у перыяд рэвалюцый — 6 г.

Беларускі нацыянальны рух. Дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады.

Рэвалюцыя 1905—1907 гадоў. Царскі Маніфест і яго вынікі.

Пачатак Першай сусветнай вайны.

Становішча народа ў гады вайны.

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года. Падтрымка рэвалюцыі на Беларусі.

Паўтарэнне і абагульненне.

Беларусь пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі — 6 г.

Усталяванне ўлады Саветаў у Беларусі.

Першыя мерапрыемствы савецкай улады ў Беларусі. Дзейнасць Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. А. Мяснікоў. К. Ландэр.

Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Першы Усебеларускі з’езд. Барацьба за стварэнне беларускай дзяржаўнасці.

Стварэнне савецкай беларускай дзяржавы (БССР). З. Жылуновіч. Польска-савецкая вайна. Падзел Беларусі.

Становішча Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Нацыянальна-вызваленчы рух. Б. Тарашкевіч. І. Лагіновіч. В. Харужая.

Паўтарэнне і абагульненне.

Беларусь у складзе СССР — 14 г.

Гаспадарка БССР у пачатку 1920-х гадоў.

Стварэнне СССР. Уваходжанне БССР у склад СССР. Значэнне стварэння СССР для Беларусі. А. Чарвякоў. Канстытуцыя БССР.

Развіццё прамысловасці БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў. Індустрыялізацыя краіны.

Пераўтварэнні ў сельскай гаспадарцы БССР. Калектывізацыя.

Ліквідацыя непісьменнасці дарослых і абавязковае навучанне дзяцей. Пераход да ўсеагульнага пачатковага навучання.

Стварэнне вышэйшых навучальных, навуковых і культурных устаноў. Беларуская акадэмія навук. Вучоныя — ураджэнцы Беларусі.

Дасягненні БССР у развіцці нацыянальнай асветы і культуры. Літаратура. Тэатральнае і музычнае мастацтва. Выяўленчае мастацтва. Архітэктура. Пачатак беларускай кінавытворчасці.

Пераўтварэнне БССР у рэспубліку з развітой прамысловасцю.

Грамадскае жыццё ў БССР у 1930-я гады. Роля Камуністычнай партыі ў жыцці грамадства. Дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў рабочых, моладзі і творчай інтэлігенцыі.

Пачатак Другой сусветнай вайны.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Гаспадарчыя і культурныя пераўтварэнні пасля аб’яднання. Гістарычнае значэнне ўз’яднання беларускага народа.

БССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны.

Паўтарэнне і абагульненне.



Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны — 23 г.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Бессмяротны подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці. А. Кіжаватаў. П. Гаўрылаў.

Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі (пад Мінскам, Магілёвам, Оршай, Гомелем, Бабруйскам і інш.). І. Русіянаў. С. Куцепаў, І. Флёраў. Подзвігі савецкіх лётчыкаў. М. Гастэла.

Усталяванне акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі.

Стварэнне гета і канцэнтрацыйных лагераў. Знішчэнне беларускага народа.

Карныя аперацыі. Трагедыя Хатыні.

Вываз маёмасці і людзей у Германію.

Усенародная барацьба супраць гітлераўскіх акупантаў. Стварэнне Беларускага штаба партызанскага руху. Арганізацыя дзейнасці падполля.

Барацьба партызан. Партызанскія зоны. В. Корж. П. Машэраў. М. Шмыроў.

Народныя героі: дзед Талаш, браты Цубы, Ціхан Баран.

Барацьба падпольшчыкаў. К. Заслонаў. А. Мазанік. Ф. Крыловіч.

Рэйкавая вайна.

Дзеці вайны. Змаганне і вучоба. Лясныя школы.

Юныя героі-партызаны. Марат Казей. Коля Гойшык.

Пачатак вызвалення Беларусі. Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён». Узаемадзеянне войск Чырвонай Арміі і беларускіх партызан.

Гераізм савецкіх воінаў.

Вызваленне Мінска. Подзвіг танкістаў.

Канчатковае вызваленне Беларусі.

Пераможнае завяршэнне Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў.

Вялікая Айчынная вайна — вайна ўсяго савецкага народа. Працоўны гераізм савецкага народа ў тыле.

Воіны-беларусы на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

«Ніхто не забыты, нішто не забыта».

Паўтарэнне і абагульненне па тэме «Вялікая Айчынная вайна».



Паўтарэнне і абагульненне за курс 9-га класа. Наш край (гісторыя Беларусі на краязнаўчым матэрыяле) — 2 г.
Вучні, якія завяршаюць вывучэнне гістарычнага матэрыялу ў 9-м класе маюць уяўленні аб:

беларускіх землях у складзе Расіі (прыгоннае права і яго адмена; развіццё прамысловасці і гарадоў на тэрыторыі Беларусі);

арганізатарах нацыянальна-вызваленчага руху (Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі);

славутых дзеячах навукі, культуры, мастацтва вывучаемага перыяду;

усталяванні ўлады Саветаў;

стварэнні БССР, развіцці Беларусі ў складзе СССР;

Вялікай Айчыннай вайне, гераізме і мужнасці беларускага народа.

Вучні, якія завяршаюць вывучэнне гістарычнага матэрыялу ў 9-м класе, умеюць:

аналізаваць чытаемы гістарычны тэкст (выдзяляць галоўнае з прачытанага);

пераказваць змест вучэбнага тэксту, тлумачыць змест малюнкаў;

па плане (апорных словах) расказваць аб гістарычных падзеях, з’явах;

супастаўляць гістарычныя падзеі па пытаннях настаўніка;

карыстацца гістарычнай картай па вывучаемай тэме;

устанаўліваць паслядоўнасць гістарычных падзей («раней — пазней») і іх працягласць на аснове ведання дат;

выкарыстоўваць ілюстрацыйны матэрыял для стварэння вуснага расказу па вывучанай тэме;

складаць (з дапамогай настаўніка) «стужку часу» па гістарычных датах і карыстацца ёю.



Спрошчаны ўзровень складанасці:

арыентавацца ў тэксце і ілюстрацыях падручніка з дапамогай настаўніка;

суадносіць змест ілюстрацый з тэкстам — з дапамогай настаўніка;

адказваць на пытанні настаўніка аб прачытаным у падручніку;

устанаўліваць паслядоўнасць гістарычных падзей («раней — пазней») з дапамогай настаўніка.
10 клас (70 гадзін)

Паўтарэнне вывучанага ў 9-м класе — 1 г.

Беларусь у пасляваенныя гады (1945—1953 гады) — 12 г.

Страты Беларусі ў вайне.

Дзяржавы — пераможцы ў Другой сусветнай вайне.

Стварэнне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Удзел БССР у заснаванні ААН. БССР — член ААН.

Дзейнасць БССР на міжнароднай арэне ў пасляваенныя гады.

Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у пасляваенны час. Вядучая роля Камуністычнай партыі Беларусі. Дзейнасць грамадскіх арганізацый.

Культурнае жыццё беларускага народа. Адукацыя і навука.

Аднаўленне разбуранай вайной прамысловасці. Курс на развіццё цяжкай прамысловасці.

Аднаўленне разбуранай вайной сельскай гаспадаркі. Калектывізацыя ў заходніх абласцях Беларусі.

Матэрыяльнае становішча насельніцтва ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе.

Працоўны подзвіг беларускага народа. Уклад народаў СССР у аднаўленне БССР у пасляваенны перыяд.

Вынікі развіцця БССР (1945 — 1953 гады).

Паўтарэнне і абагульненне.

БССР у сярэдзіне 1950-х — сярэдзіне 1960-х гадоў — 11 г.

Грамадска-палітычнае жыццё рэспублікі.

Развіццё сельскай гаспадаркі БССР. К. П. Арлоўскі.

Развіццё прамысловасці БССР. Развіццё машынабудавання і металаапрацоўкі, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці.

З’яўленне на карце БССР новых гарадоў.

Буйныя прадпрыемствы, пабудаваныя ў БССР у сярэдзіне 1950-х — сярэдзіне 1960-х гадоў.

Сувязі БССР з іншымі рэспублікамі СССР.

Пераўтварэнні ў галіне народнай адукацыі. Увядзенне абавязковай 8-гадовай адукацыі.

Развіццё навукі. В. Ф. Купрэвіч — прэзідэнт АН БССР.

Развіццё культуры. Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў творах І. Шамякіна, В. Быкава, А. Адамовіча, І. Навуменкі і інш. Культурна-гістарычная спадчына ў беларускім мастацтве. Тэатр. Музыка. Жывапіс. Скульптура.

Паўсядзённае жыццё беларусаў. Адрозненне ўмоў жыцця сельскага і гарадскога насельніцтва.

Паўтарэнне і абагульненне.



БССР у другой палове 1960-х — пачатку 1980-х гадоў — 8 г.

Кіруючыя асобы дзяржавы. К. Т. Мазураў. П. М. Машэраў. Ц. Я. Кісялёў.

Развіццё прамысловасці.

Змены ў развіцці сельскай гаспадаркі. Меліярацыя. Будаўніцтва буйных жывёлагадоўчых комлексаў. Стварэнне прадпрыемстваў перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі (АПК).

Дасягненні і недахопы развіцця гаспадаркі краіны. Зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа.

Змены ў грамадска-палітычным жыцці («адліга»). Замацаванне кіруючай ролі Камуністычнай партыі. Страта беларусамі нацыянальнай самасвядомасці.

Развіццё народнай адукацыі і навукі. Пераход да абавязковага 10-гадовага навучання (агульнай сярэдняй адукацыі). Прафесійна-тэхнічная, сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя. Дасягненні беларускіх вучоных.

Літаратура і мастацтва.

Паўтарэнне і абагульненне.

Асаблівасці развіцця БССР у другой палове 1980-х — пачатку 1990-х га­доў — 5 г.

Чарнобыльская трагедыя і яе вынікі для Беларусі.

Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця.

Нарастанне цяжкасцей у эканоміцы. Пошукі шляхоў пераходу Беларусі да рыначных адносін.

Паўтарэнне і абагульненне па тэме «Эканамічнае становішча Беларусі ў другой палове 1980-х — пачатку 1990-х гадоў».

Утварэнне Рэспублікі Беларусь — 18 г.

Абвяшчэнне незалежнасці і ўтварэнне Рэспублікі Беларусь.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Рэспублікі Беларусь. Адміністра­цыйная карта краіны.

Утварэнне Садружнасці Незалежных дзяржаў (СНД).

Стварэнне органаў дзяржаўнага кіравання і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя — Асноўны закон Рэспублікі Беларусь.

Абранне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — А. Г. Лукашэнкі.

Рэспубліканскі рэферэндум 24 лістапада 1996 года.

Улада ў Рэспубліцы Беларусь.

Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь.

Беларусь на шляху рыначных рэформ.

Міжнародная дзейнасць Рэспублікі Беларусь. Міжнародныя сувязі на сучасным этапе.

Саюз Беларусі і Расіі. Стварэнне Саюзнай Дзяржавы.

Перабудова гандлёва-эканамічных і навуковых сувязей Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе.

Паўсядзённае жыццё беларускага народа.

Родная мова.

Нацыянальна-культурнае развіццё суверэннай Беларусі.

Паўтарэнне і абагульненне па тэме «Станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь».



Мінск — сталіца дзяржавы і абласныя цэнтры Беларусі — 12 г. Мінулае і сучаснае гарадоў.

Паўтарэнне і абагульненне вучэбнага матэрыялу за 10-ы клас — 3 г.

Багацці нашай краіны.

Наш край (гісторыя Беларусі на краязнаўчым матэрыяле).

Паўтарэнне і абагульненне.


Вучні, якія завяршаюць вывучэнне гістарычнага матэрыялу ў 10-м класе маюць уяўленні аб:

стратах у гады Вялікай Айчыннай вайны;

пасляваенным аднаўленні гаспадаркі Беларусі;

паслядоўным развіцці прамысловасці БССР;

паступовым развіцці сельскай гаспадаркі БССР;

развіцці навукі, культуры, адукацыі ў БССР;

утварэнні Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных сімвалах, уладзе і Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь;

саюзе Беларусі і Расіі;

знакамітых і славутых людзях Беларусі вывучаемага перыяду;

мінулым і сучасным развіцці Мінска і абласных гарадоў Беларусі, роднага краю.

Вучні, якія завяршаюць вывучэнне гістарычнага матэрыялу ў 10-м класе, умеюць:

аналізаваць чытаемы гістарычны тэкст (выдзяляць галоўнае з прачытанага);

пераказваць змест вучэбнага тэксту, тлумачыць змест малюнкаў, дапаўняць адказы іншых вучняў;

супастаўляць гістарычныя падзеі па пытаннях настаўніка;

карыстацца гістарычнай картай па вывучаемай тэме;

расказваць пра гістарычныя падзеі па асобным плане (апорных словах);

складаць «стужку часу» па гістарычных датах і карыстацца ёю;

пад кіраўніцтвам настаўніка знаходзіць ў перыядычным друку матэрыялы аб гістарычных падзеях.



Спрошчаны ўзровень складанасці:

арыентавацца ў тэксце і ілюстрацыях падручніка — з дапамогай настаўніка;

суадносіць змест ілюстрацый з тэкстам — з дапамогай настаўніка;

адказваць на пытанні настаўніка аб прачытаным у вучэбным дапаможніку;

устанаўліваць паслядоўнасць гістарычных падзей («раней — пазней») з дапамогай настаўніка.
Спіс літаратуры

1. Асветнікі зямлі Беларускай. X — пачатак XX ст. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 2001.

2. Атлас гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. — Мінск, 2006.

3. Беларусь. Народ. Государство. Время. / редкол.: А. А. Коваленя [и др.]. — Минск, 2009.

4. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941—1945. Энцыклапедыя. — Мінск, 1990.

5. Бутрамееў, У. Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі. — Мінск, 1995, 2005.

6. Бохан, Ю. М. Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага XV — першай паловы XVII ст. / Ю. М. Бохан, А. А. Скеп’ян. — Мінск, 2011.

7. Вішнеўскі, А. Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / А. Ф. Вішнеўскі, Ю. А. Юхо. — Мінск, 2003.

8. Ілюстраваныя храналогія гісторыі Беларусі / склад. І. Хаўратовіч. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1995.

9. История Беларуси в документах и материалах / авт.-сост. И. Н. Кузнецов, В. Г. Мазец. — Минск, 2000.

10. Мяснікоў, А. Ф. Сто асоб беларускай гісторыі : Гістарычныя партрэты / А. Ф. Мяснікоў. — Мінск, 2008.

11. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1995.



12. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 1993—2003.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка