Мінаева наталля міхайлаўНА




старонка1/2
Дата канвертавання27.03.2016
Памер397.29 Kb.
  1   2


Установа адукацыі

“Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт

імя Максіма Танка”

УДК 940.55 (476)



МІНАЕВА

НАТАЛЛЯ МІХАЙЛАЎНА
СТВАРЭННЕ І ДЗЕЙНАСЦЬ

ДАБРАЧЫННЫХ ГРАМАДСКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ

У РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ (1991–2001 гг.)

Аўтарэферат дысертацыі

на саісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук

па спецыяльнасці 07.00.02 – айчынная гісторыя

Мінск, 2011

Работа выканана ва ўстанове адукацыі

“Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”



Навуковы кіраўнік – Крэнь Іван Платонавіч,

кандыдат гістарычных навук, прафесар кафедры

гісторыі Беларусі ўстановы адукацыі “Гродзенскі

дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”

Афіцыйныя апаненты: Іофе Эмануіл Рыгоравіч,

доктар гістарычных навук, прафесар кафедры

паліталогіі і права ўстановы адукацыі

“Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт

імя Максіма Танка”

Крывашэй Дзмітрый Антонавіч,

кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы

супрацоўнік аддзела навейшай гісторыі

Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнай навуковай

установы “Інстытут гісторыі Нацыянальнай

акадэміі навук Беларусі”

Апаніруючая арганізацыя – установа адукацыі “Магілёўскі дзяржаўны

ўніверсітэт імя А.А. Куляшова”

Абарона адбудзецца 18 лістапада 2011 г. у 14.00 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый К 02.21.03 пры ўстанове адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка” па адрасу: 220050, г. Мінск, вул. Савецкая, 18, аўд. 482; Sv.Tolm1@gmail.com, тэл.: 227-82-35.

З дысертацыяй можна азнаёміцца ў бібліятэцы ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”.

Аўтарэферат разасланы “17“ кастрычніка 2011 г.

Вучоны сакратар

савета па абароне дысертацый С.А. Талмачова




УВОДЗІНЫ

На працягу стагоддзяў змяняліся сэнс слова “дабрачыннасць” і адрасаты міласэрнасці, аднак галоўным заставаўся яе змест – падтрымка людзей, якія трапілі ў складанае становішча, аб чым сведчыць дзейнасць дабрачынных грамадскіх арганізацый у Беларусі ў канцы XX – пачатку XXI ст. У дысертацыі пад дабрачыннасцю разумеецца добраахвотная дзейнасць, накіраваная на аказанне рознабаковай дапамогі малазабяспечаным, сацыяльна неабароненым групам насельніцтва арганізацыямі і прыватнымі асобамі. Гэта паняцце адлюстроўвае асаблівасці дабрачыннасці ў Беларусі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. Тэма дысертацыі адпавядае агульным тэндэнцыям сучасных навуковых даследаванняў у сферы дабрачыннасці і філантропіі і з’яўляецца першым айчынным даследаваннем па гісторыі дабрачыннасці канца ХХ стагоддзя ў Рэспубліцы Беларусь. Спроба аналізу станаўлення і дзейнасці дабрачынных арганізацый у першае дзесяцігоддзе незалежнасці Рэспублікі Беларусь не толькі прызвана ліквідаваць існуючую “белую пляму”, але і ўвесці беларускую філантрапічную праблематыку ў рэчышча сучасных даследчых накірункаў. Гістарычны аналіз станаўлення, развіцця і функцыяніравання дабрачынных арганізацый Беларусі дазволіць выявіць пазітыўны вопыт іх дзейнасці і фактары, якія стрымлівалі яе, што надзвычай важна для перспектыў айчыннай дабрачыннасці. Усе вышэйпералічаныя аспекты вызначаюць актуальнасць праведзенага даследавання, а адраджэнне гэтай з’явы ў постсавецкай Беларусі мае патрэбу ў навуковым апісанні і абгрунтаванні яе феномена – яго гістарычных традыцый, асноўных форм, перспектыў развіцця. Разглядаемы ў даследаванні перыяд адлюстроўвае новы этап у гісторыі дабрачыннасці – адраджэнне яе руху ў Беларусі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя. З’яўленне і рост колькасці дабрачынных грамадскіх арганізацый былі звязаны з пераходам дзяржавы да новых палітычных і сацыяльна-эканамічных умоў развіцця, з дэмакратызацыяй грамадства. Зыходзячы з важнасці і актуальнасці разглядаемай праблемы, аўтар канцэнтруе ўвагу на асноўных этапах станаўлення інстытута дабрачынных арганізацый на тэрыторыі Беларусі на мяжы ХХ – ХХІ стст. і галоўных накірунках яго дзейнасці, праз прызму якіх праявіліся яго спецыфічныя рысы. Так, адраджэнне руху дабрачыннасці ў разглядаемы перыяд адбывалася на хвалі разбурэння савецкіх стэрэатыпаў у адносінах да гэтай з’явы і адсутнасці яе непарыўнай традыцыі. У той жа час структура дабрачынных арганізацый будавалася ў тым ліку і па прыкладу былых савецкіх грамадскіх аб’яднанняў. Шчыльнае ўзаемадзеянне грамадскіх арганізацый з дзяржаўнымі органамі ў сферы сацыяльнай дапамогі з’яўлялася яшчэ адной спецыфічнай рысай руху дабрачыннасці, які на працягу 90-х гг. XX – пачатку XXI ст. пад уплывам дзяржаўнай палітыкі эвалюцыяніраваў у інстытут дабрачынных грамадскіх арганізацый.



АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ
Сувязь работы з буйнымі навуковымі праграмамі (праектамі) і тэмамі. Дысертацыя з’яўляецца часткай навуковай тэмы “Беларусь у сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных працэсах XX стагоддзя” (дзяржаўны рэгістрацыйны нумар 20021020), зацверджанай у межах Дзяржаўнай праграмы фундаментальных даследаванняў Прэзідыумам НАН Беларусі ад 01.04.2002 г. Тэрмін выканання: 2002–2005 гг. Дысертацыя выканана ў рэчышчы навукова-даследчай праблематыкі “Гісторыя палітычных партый і грамадскіх рухаў”, якая з’яўляецца адной з прыярытэтных у навуковым даследаванні кафедры гісторыі Беларусі ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”.

Мэта і задачы даследавання. Актуальнасць указанай праблемы вызначыла мэту дысертацыйнай работы – на падставе аналізу крыніц і літаратуры раскрыць прычыны, умовы стварэння інстытута дабрачынных арганізацый, прадставіць характар, накірункі і вынікі іх дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 1991–2001 гг.

Для дасягнення мэты неабходна было вырашыць наступныя задачы:



  • асвяціць ступень навуковай распрацаванасці праблемы ў гістарыяграфіі і інфармацыйныя магчымасці крыніц для дасягнення пастаўленай мэты;

  • выявіць прычыны і ўмовы адраджэння руху дабрачыннасці ў вызначаны перыяд і, як следства, інстытуалізацыю гэтай з’явы;

  • вызначыць і ахарактарызаваць асноўныя этапы адраджэння руху дабрачыннасці;

  • прааналізаваць заканадаўчую базу ў сферы грамадскай дабрачыннасці і ўзаемаадносіны арганізацый з дзяржаўнымі органамі ў Рэспубліцы Беларусь у 1991–2001 гг.;

  • выявіць характар, структуру і формы дабрачыннай грамадскай дзейнасці;

  • прааналізаваць эфектыўнасць акцый дабрачынных арганізацый, накіраваных на адраджэнне ідэй міласэрнасці;

  • акрэсліць значэнне дзейнасці дабрачынных грамадскіх арганізацый для Рэспублікі Беларусь у канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя.

Аб’ектам даследавання з’яўляецца сацыяльная гісторыя Беларусі канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя, а прадметам даследавання – стварэнне і дзейнасць дабрачынных грамадскіх арганізацый у Рэспубліцы Беларусь у 1991–2001 гг. у сферы аказання дапамогі малазабяспечаным, сацыяльна неабароненым групам насельніцтва.

Храналагічныя рамкі даследавання ахопліваюць перыяд ад абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе да 2001 г., які характарызуецца складваннем інстытута дабрачынных грамадскіх арганізацый, уплывам іх дзейнасці на прававое, сацыяльна-эканамічнае і духоўнае жыццё грамадства. У 2001 г. быў прыняты дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “О некоторых мерах по совершенствованию порядка получения и использования иностранной безвозмездной помощи”. На думку даследчыцы, выкананне гэтага дакумента змяніла ўмовы для дзейнасці дабрачынных арганізацый, што прывяло да фарміравання сістэмы грамадскай дабрачыннасці, якая характарызуецца цесным узаемадзеяннем дабрачынных арганізацый з дзяржаўнымі органамі. У аснову вызначэння храналагічных рамак даследавання пакладзены працэс стварэння заканадаўчай базы, што рэгулявала ўмовы дзейнасці новага грамадскага інстытута. Нарматыўна-прававыя акты ўпарадкавалі гэты грамадска-гістарычны працэс, стварылі сістэму і паставілі дабрачынныя арганізацыі на службу сацыяльна арыентаванай эканомікі.



Палажэнні, якія выносяцца на абарону:

  1. Дэмакратызацыя беларускага грамадства, складанае сацыяльна-эканамічнае становішча суверэннай Рэспублікі Беларусь, зварот да рэлігійнасці і міласэрнасці, пашырэнне сувязей з замежнымі краінамі, дзе вопыт дабрачыннай дзейнасці налічвае стагоддзі, сталі перадумовамі адраджэння руху дабрачыннасці ў краіне ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Інстытуалізацыя гэтага руху адбывалася на працягу 1991–2001 гг. ва ўмовах стварэння новай палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сістэмы.

  2. Першы этап стварэння дабрачынных грамадскіх арганізацый у Рэспубліцы Беларусь (1991–1994 гг.) характарызуецца дынамізмам, які праяўляўся ў колькасным і якасным росце арганізацыйных структур і абумоўлены адсутнасцю кантролю з боку дзяржаўных органаў за гэтым працэсам, у сувязі з неабходнасцю вырашэння злабадзённых праблем. На другім этапе (1995–2001 гг.) працэс складвання грамадскай дабрачыннасці набывае сістэмны характар і адзначаецца мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкай па ўпарадкаванню дзейнасці ўсіх грамадскіх арганізацый, узмацненнем кантролю за іх праектамі і мэтавым выкарыстаннем сродкаў.

  3. Дзяржаўная палітыка ў адносінах да дабрачынных грамадскіх арганізацый прайшла шлях ад неўмяшальніцтва ў працэс іх стварэння ў пачатку 90-х гадоў да ўзаемадзеяння ў сферы сацыяльнай абароны насельніцтва ў канцы 90-х гг. Заканадаўства гэтага перыяду рэгламентавала дзейнасць дабрачынных арганізацый і стымулявала супрацоўніцтва дзяржаўнага і грамадскага сектараў у сферы дабрачыннасці.

  4. Дзейнасць дабрачынных грамадскіх арганізацый у Рэспубліцы Беларусь у вызначаны перыяд насіла ўніверсальны характар, які праяўляўся ў аказанні матэрыяльнай дапамогі насельніцтву і развіцці грамадскіх ініцыятыў. Асноўнымі яе накірункамі з’яўляліся аказанне дапамогі дзецям, шматдзетным сем’ям, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, ахвярам фашызму, малазабяспечаным і сацыяльна неабароненым грамадзянам. Грамадская дабрачыннасць была прадстаўлена рознымі формамі грамадскіх аб’яднанняў, якія аднак амаль не адрозніваліся па арганізацыйнай структуры.

  5. Дабрачынным грамадскім арганізацыям належала вялікая роля ў адраджэнні і папулярызацыі ідэй дабрачыннасці. Аднак мінімальная інфармаванасць насельніцтва рэспублікі аб дабрачынных аб’яднаннях і нізкая эфектыўнасць у ажыццяўленні іх праграм тлумачацца адсутнасцю непарыўнай традыцыі дабрачыннасці ў беларускай дзяржаве, недахопам досведу ў актывістаў гэтага руху і неабходнасцю аптымізацыі форм працы з насельніцтвам.

  6. Дабрачынныя грамадскія арганізацыі садзейнічалі адраджэнню ідэй міласэрнасці ў Рэспубліцы Беларусь у канцы ХХ стагоддзя і засяроджвалі ўвагу грамадскасці на праблемах, якія не былі ахоплены дзяржаўнымі праграмамі. Аказваючы адрасную дапамогу жыхарам рэспублікі, дабрачынныя арганізацыі не толькі дапамагалі канкрэтным людзям, але садзейнічалі дзяржаве ў гэтай сферы праз службы сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва.

Асабісты ўклад саіскальніка. Дысертацыя з’яўляецца самастойным даследаваннем, у працэсе якога быў прааналізаваны і сістэматызаваны вялікі дакументальны матэрыял, выяўлены аўтарам у шасці абласных дзяржаўных архівах і Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Абсалютная большасць матэрыялу раней не была ўведзена ў навуковы ўжытак. Аўтарам дысертацыі ўпершыню разгледжаны працэс стварэння і дзейнасці дабрачынных грамадскіх арганізацый у Рэспубліцы Беларусь у 1991–2001 гг.: выяўлены перадумовы адраджэння руху дабрачыннасцi; ахарактарызаваны прававыя асновы стварэння i працэсу iнстытуалiзацыi гэтай з'явы; распрацавана тыпалагiзацыя арганізацый; ахарактарызаваны структура, формы і асноўныя напрамкі дабрачыннай грамадскай дзейнасцi; выяўлена сутнасць узаемадзеяння i шчыльнага супрацоўнiцтва грамадскiх арганізацый з дзяржаўнымi структурамi; зроблены адпаведныя высновы і выказаны практычныя рэкамендацыі.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі. Вынікі дысертацыйнага даследавання абмяркоўваліся на пасяджэнні кафедры гісторыі Беларусі і навуковым семінары “Актуальные проблемы исторической науки” факультэта гісторыі і сацыялогіі ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”. Асноўныя палажэнні работы былі выкладзены ў дакладах і выступленнях на 6 рэспубліканскіх і 2 міжнародных навуковых канферэнцыях: Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Подготовка педагогических и научных кадров историков и развитие исторической науки в Беларуси”, прысвечанай 50-годдзю гістарычнага факультэта ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы” (Гродна, 2004); навуковай гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі “З гісторыі краю і лёсаў людзей Воранаўшчыны” (г.п. Радунь, 2004); Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі “Здзяйсненне мары апантаных”, прысвечанай 50-годдзю студэнцкага навукова-даследчага гісторыка-краязнаўчага гуртка пры кафедры гісторыі Беларусі ўстановы адукацыі "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" (Гродна, 2005); рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў” (Гродна, 2005); Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі “Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры” (Гродна, 2006); Рэспубліканскай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі “Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа” (Гродна, 2007); Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі” (Гродна, 2009); Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне “Великая Отечественная война в исторической судьбе белорусского народа” (Гродна, 2010).

Апублікаванасць вынікаў дысертацыі. Вынікі даследавання знайшлі адлюстраванне ў 11 публікацыях, 4 з іх (2,88 аўтарскія аркушы) – у навуковых часопісах, вызначаных ВАК Рэспублікі Беларусь для публікацый навуковых палажэнняў па доктарскіх і кандыдацкіх дысертацыях, 7 (1,93 аўтарскія аркушы) – у зборніках навуковых артыкулаў і матэрыялах навуковых канферэнцый.

Структура і аб’ём дысертацыі. Дысертацыя складаецца з пераліку ўмоўных скарачэнняў, уводзін, агульнай характарыстыкі работы, трох глаў, заключэння, бібліяграфічнага спісу (347 найменняў), дадаткаў. Поўны аб’ём дысертацыі – 152 старонкі, з іх бібліяграфічны спіс – 24, сем дадаткаў – 16 старонак.
АСНОЎНЫ ЗМЕСТ РАБОТЫ
ГЛАВА 1 – “Гістарыяграфія праблемы, крыніцы і метады даследавання” – уяўляе аналіз стану гістарыяграфічнай і крыніцазнаўчай базы, метадаў даследавання дысертацыйнай работы і складаецца з двух раздзелаў. У раздзеле “Гістарыяграфічны агляд” дадзены аналіз гістарыяграфіі па тэме даследавання. Падмуркам разглядаемага даследавання з’яўляецца паняцце “дабрачыннасць”, якое не мае агульнапрынятага навуковага вызначэння. Сэнс паняцця “дабрачыннасць” і яго гістарычныя формы з’яўляліся аб’ектам філасофскіх разважанняў і даследаванняў. Замежнымі навукоўцамі не разглядаліся гістарычныя формы беларускай дабрачыннасці, аднак навуковыя даследаванні ў сферы філантропіі вядуцца ў шматлікіх замежных універсітэтах. У 1995 г. у Маскве ўбачыла свет работа амерыканскага сацыёлага М. Месінга “Общественные организации Беларуси”1. Даследчык не аналізуе асобна арганізацыі, што займаліся дабрачыннай дзейнасцю, а разглядае іх у кантэксце развіцця грамадскага сектара ў гэты перыяд. Праца з’яўляецца практычна адзіным даследаваннем аб сучасных дабрачынных арганізацыях, праведзеным замежным навукоўцам і ўтрымлівае глыбокія вывады, зробленыя на падставе аналізу разнастайных крыніц. Нягледзячы на тое, што багацейшы вопыт у сферы дабрачыннасці розных рэгіёнаў свету быў прааналізаваны і сістэматызаваны, адраджэнне гэтай з'явы на беларускіх землях канца ХХ–пачатку ХХІ стагоддзя не знайшло адлюстравання ў працах замежных даследчыкаў.

На постсавецкай прасторы амаль адсутнічаюць даследаванні аб гісторыі дабрачыннасці канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя. У сярэдзіне 1990-х гадоў расійскія гісторыкі пачалі актыўна распрацоўваць праблему гісторыі дабрачыннасці на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Тэарэтычныя асновы дабрачыннасці і дабрачыннасць як сацыяльная дзейнасць сталі прадметам даследавання доктара філасофскіх навук Р.Г. Апрэсяна2. Ён разгледзеў феномен дабрачыннасці, выдзеліў яе функцыі, абапіраючыся на працы расійскіх і замежных філосафаў. А.Сакалоў3 прааналізаваў існуючыя дэфініцыі паняццяў “дабрачыннасць”, “міласэрнасць”, “дзяржаўная дабрачыннасць” і інш. і ўдакладніў тэрміналогію, якая выкарыстоўвалася расійскімі гісторыкамі. Аўтар ахарактарызаваў шэраг варыянтаў перыядызацый гісторыі расійскай дабрачыннасці XVIII – XIX ст., што найчасцей выкарыстоўваюцца ў даследаваннях гэтай гістарычнай эпохі. Выклікае цікавасць перыядызацыя, прапанаваная А. Сакаловым з улікам зробленага ім аналізу. Нягледзячы на шматлікасць даследаванняў расійскіх навукоўцаў па тэме дабрачыннасці, неабходна адзначыць, што гісторыя дабрачыннасці на беларускіх землях засталася па-за ўвагай аўтараў. У той жа час агульныя тэндэнцыі ў адраджэнні гэтай з’явы на постсавецкай прасторы магчыма прасачыць, абапіраючыся на даследаванні расійскіх навукоўцаў.

Гісторыя дзейнасці савецкіх грамадскіх арганізацый, якія аказвалі дапамогу насельніцтву, амаль не разглядалася гісторыкамі, бо сістэма сацыяльнай абароны і савецкая ідэалогія не бачылі неабходнасці ў існаванні дабрачынных арганізацый. Грамадскія арганізацыі ў БССР былі прадстаўлены ў першую чаргу прафсаюзамі, дзейнасць якіх стала аб’ектам даследавання ў 90-х гадах ХХ ст. Звяртаючыся да гісторыі гэтай грамадскай арганізацыі, П.Г. Давідзюк4, Л.П. Козік5, Н.А. Івашчанка6 паказваюць, што адсутнасць дабрачынных арганізацый у Савецкім Саюзе выклікала неабходнасць перадачы прафсаюзам функцыі сацыяльнай дапамогі насельніцтву. Гэтыя даследчыкі не толькі абагульняюць багаты факталагічны матэрыял, які пацвярджае вядучую ролю прафсаюзаў у аказанні самых розных форм дапамогі насельніцтву, але і аналізуюць слабыя і моцныя бакі іх дзейнасці. За межамі гістарычных даследаванняў у БССР засталася гісторыя ўласна дабрачынных арганізацый на беларускіх землях у ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Таварыства Чырвонага Крыжа – адзіная дабрачынная арганізацыя, дзейнасць якой была прааналізавана ў працах савецкіх гісторыкаў. Яго дзейнасць была разгледжана ў працах А.Ф. Пятровай7. Пачынаючы з 90-х гг. ХХ ст., дабрачынныя арганізацыі пачалі разглядацца палітолагамі і сацыёлагамі ў агульных працах па гісторыі грамадскіх рухаў і палітычных партый. М.К. Цецерукоў8 даў агульную характарыстыку грамадскіх партый, арганізацый і рухаў, вызначыў этапы іх развіцця, прааналізаваў мэты, задачы і накірункі дзейнасці. У развіцці дабрачынных арганізацый можна вызначыць і своеасаблівыя рысы. Так, В.Ю. Чарноў9 даў крытычную ацэнку многім працэсам, што адбываліся ў краіне ў другой палове 80-х гг. XX – пачатку XXI ст. Ён прапанаваў сваю класіфікацыю беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, разгледзеў іх эвалюцыю, прааналізаваў адносіны, што склаліся паміж аб’яднаннямі і дзяржавай, вызначыў унутраныя праблемы, з якімі сутыкнуліся няўрадавыя арганізацыі.

Сярод даследчыкаў, што займаліся вывучэннем гісторыі айчыннай сацыяльнай работы, неабходна адзначыць А.Д. Грыгор’ева10, які разгледзеў у сваіх працах асаблівасці развіцця дабрачыннасці ў 1991–2001 гг. У яго даследаваннях комплексна разглядаюцца сацыяльная падтрымка і абарона насельніцтва на працягу Х – пачатку ХХІ ст., што дазваляе ўбачыць гісторыю дабрачыннасці ў развіцці. У другой палове 90-х гадоў ХХ стагоддзя пачынаюць з’яўляцца працы беларускіх даследчыкаў па гісторыі дабрачыннасці на тэрыторыі Беларусі. Пытаннем дабрачыннасці канца XIX – пачатку XX ст. у Беларусі займаўся шэраг айчынных гісторыкаў, сярод якіх С.Ф. Шымуковіч11, А.І. Пашковіч12, Ю.В. Функ13, С.Ф. Лапановіч14, Я.М. Цішчанка15 і інш. Гэтымі даследчыкамі была праведзена сур’ёзная праца па вывучэнню дабрачыннасці канца XIX – пачатку XX ст. у Беларусі. Нягледзячы на адсутнасць непарыўнай традыцыі дабрачыннасці ў Беларусі, без вывучэння руху дабрачыннасці папярэдняга перыяду нельга разглядаць гісторыю дабрачынных грамадскіх арганізацый XX – пачатку XXI ст. Для далейшай якаснай працы арганізацый гэтага накірунку неабходна прасачыць і даследаваць агульныя тэндэнцыі ў сферы дабрачыннасці. Пэўную каштоўнасць для нашага даследавання прадстаўляюць абагульняючыя працы – кнігі “Памяць”16. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі раскрылі розныя працэсы, што адбываліся на тэрыторыі беларускіх земляў са старажытных часоў да нашых дзён. Каштоўнасць артыкулаў, прадстаўленых у кнігах “Памяць”, у тым, што яны далі магчымасць убачыць дзейнасць дабрачынных грамадскіх арганізацый па ўсёй краіне і на ўсіх узроўнях. Гэта погляд сучаснікаў на ролю грамадскасці ў справе дабрачыннасці.



У раздзеле “Характарыстыка крыніц. Метады даследавання” зроблены аналіз крыніц, выкарыстаных пры напісанні дысертацыі. Крыніцазнаўчая база даследавання грунтуецца на дакументальных крыніцах і матэрыялах перыядычнага друку. Дакументальныя крыніцы прадстаўлены дакументамі заканадаўства і матэрыяламі справаводства. Перыядычны друк як спецыфічная сістэма гістарычных крыніц прадстаўлена ў даследаванні інфармацыйнымі, аналітычнымі і мастацка-публіцыстычнымі матэрыяламі. Структура дакументальнага масіву, выкарыстанага ў дысертацыі, прадстаўлена дакументамі заканадаўства (прававымі актамі і дакументамі, якія рэгулююць юрыдычны статус грамадскіх аб’яднанняў, афіцыйнымі пастановамі беларускіх дзяржаўных органаў). Нарматыўныя акты адыгрываюць асаблівую ролю ў прадстаўленым даследаванні. Яны адлюстроўваюць працэс стварэння дабрачынных грамадскіх арганізацый, удакладняюць іх прававы статус, дэманструюць дзяржаўныя меры па сацыяльнай абароне насельніцтва. Матэрыялы справаводства беларускіх дабрачынных грамадскіх арганізацый дастаткова шырока прадстаўлены ў архіўных матэрыялах, сярод якіх можна выдзяліць: загады, пратаколы, распараджэнні, інструкцыі. Архіўныя матэрыялы ўтрымліваюць арганізацыйна-распарадчую, улікова-кантрольную і справаздачную дакументацыю. Пры напісанні дысертацыі былі выкарыстаны дакументы 119 архіўных спраў, змешчаных у 17 архіўных фондах. Большасць архіўных матэрыялаў была прааналізавана і ўведзена ў навуковы ўжытак ўпершыню. Аўтарам быў вывучаны і выкарыстаны шэраг рэспубліканскіх і мясцовых перыядычных выданняў. Аналіз перыядычных выданняў заснаваны на сістэматызацыі такіх выданняў па перыядычнасці паказаў, што публікацыі аб дзейнасці дабрачынных арганізацый не носяць сістэмнага характару і аднолькава часта з’яўляюцца як ў штодзённых, так і штомесячных перыядычных выданнях. Улічваючы сістэматызацыю перыядычных выданняў па тэрытарыяльнай прыкмеце, неабходна адзначыць, што мясцовыя газеты і часопісы больш увагі надавалі дзейнасці пярвічных арганізацый, а таксама гарадскіх, раённых, абласных аддзяленняў рэспубліканскіх аб’яднанняў (“Гродзенская праўда”17, “Новае жыццё (Навагрудскі раён)”18. Рэспубліканскі друк больш цікавіла дзейнасць рэспубліканскіх і міжнародных арганізацый (“Звязда”19, “Чырвоная змена”20 і інш.). Параўнаўчы аналіз артыкулаў рэспубліканскага і мясцовага друку дазволіў ацаніць дзейнасць грамадскіх арганізацый на месцах і ў цэнтры. Публікацыі ў друку былі прадстаўлены інфармацыйнымі, аналітычнымі і мастацка-публіцыстычнымі матэрыяламі.

Метадалагічную аснову дысертацыі складаюць асноватворныя прынцыпы і метады гістарычнага пазнання. Тэарэтыка-метадалагічную базу дысертацыі склалі прынцыпы гістарызму, аб’ектыўнасці і каштоўнаснага падыходу. Вырашэнне пастаўленых задач і дасягненне мэты даследавання было абумоўлена выкарыстаннем аўтарам як агульнанавуковых (аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя і г. д.), так і канкрэтна-гістарычных (гісторыка-генетычны, гісторыка-параўнаўчы, гісторыка-тыпалагічны, гісторыка-сістэмны) метадаў. Выкарыстанне сучасных метадалагічных падыходаў, агульнанавуковых і спецыяльна-гістарычных метадаў даследавання садзейнічала рэканструяванню аб’ектыўнай і цэласнай карціны стварэння і дзейнасці дабрачынных грамадскіх арганізацый у Рэспубліцы Беларусь (1991–2001 гг.). Аналіз крыніц, што закраналі дадзеную праблему, паказвае, што, нягледзячы на вялікую колькасць апублікаваных і неапублікаваных матэрыялаў, яны не былі сістэматызаваны і прааналізаваны. Крыніцы ўтрымлівалі вельмі багаты фактычны і аналітычны матэрыял і дазволілі зрабіць аб’ектыўныя вывады па дабрачыннай дзейнасці на ўсіх ўзроўнях арганізацыйных структур і ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. Вывучэнне комплексу крыніц з прымяненнем пералічаных вышэй прынцыпаў і метадаў дазволіла вырашыць задачы, пастаўленыя ў дысертацыйным даследаванні.



У ГЛАВЕ 2 "Стварэнне дабрачынных грамадскіх арганізацый" – разглядаюцца прычыны і ўмовы адраджэння руху дабрачыннасці ў вызначаны перыяд, інстытуалізацыя гэтай з’явы, вызначаюцца і характарызуюцца асноўныя этапы развіцця інстытута дабрачынных грамадскіх арганізацый, аналізуецца дзяржаўная палітыка і заканадаўчая база дзейнасці дабрачынных грамадскіх арганізацый і іх ўзаемаадносіны з дзяржаўнымі органамі ў Рэспубліцы Беларусь у 1991–2001 гг. У раздзеле 2.1Адраджэнне руху дабрачыннасці і яго інстытуалізацыя” адзначаецца, што стварэнне дабрачынных арганізацый стала вынікам не толькі дэмакратызацыі, а і адной з арганічных духоўных патрэб грамадства. У рэспубліцы не было ўмоў для фарміравання прыватнай і царкоўнай дабрачыннасці, таму яна праявілася ў стварэнні дабрачынных грамадскіх арганізацый. Не маючы арганізацыйнага падмурку, новыя аб’яднанні ўзялі за аснову сваёй дзейнасці лепшыя рысы дабрачыннасці, што існавала на беларускіх землях у мінулым і прыстасавалі вопыт сучасных замежных арганізацый да рэальнасці новага беларускага грамадства. Таварыства Чырвонага Крыжа (ТЧК) – прыклад класічнай дабрачыннай арганізацыі, у Савецкім Саюзе выконваў іншыя функцыі, пасля 1991 г. аднавіўся як дабрачыннае аб’яднанне. Беларускі фонд міру (БФМ) ствараўся з мэтай наладжвання міжнароднага супрацоўніцтва, пасля Перабудовы распачаў дабрачынную дзейнасць. Аб’яднанні шматдзетных бацькоў выраслі з груп самадапамогі. Арганізацыі ахвяр фашызму ўзялі за аснову сваёй дзейнасці прынцыпы былых аб’яднанняў ветэранаў. Многія чарнобыльскія арганізацыі пачыналі як апазіцыйныя да савецкай улады палітызаваныя аб’яднанні, але ўжо ў сярэдзіне 90-х гадоў яны перайшлі да дабрачыннай дзейнасці. Інстытут дабрачынных арганізацый працягваў лепшыя традыцыі свецкай філантропіі. Своеасаблівасць гэтага інстытута была выклікана зменамі ў грамадска-палітычным ладзе, у сацыяльна-эканамічнай сферы, у духоўным і культурным жыцці суверэннай рэспублікі ў 90-х гг. ХХ стагоддзя, што знайшло адлюстраванне ў заканадаўстве краіны. У раздзеле 2.2 "Заканадаўства ў сферы грамадскай дабрачыннасці ў Рэспубліцы Беларусь у 1991–2001 гг.” адзначаецца, што крызіс савецкай сістэмы, з’яўленне першых “нефармальных аб’яднанняў” грамадзян, павелічэнне колькасці сацыяльна неабароненых груп насельніцтва ў другой палове 1980-х – 1991 гг. сталі перадумовамі з’яўлення дабрачынных грамадскіх арганізацый. Інстытуалізацыя грамадскай дабрачыннасці прайшла два этапы за 1991–2001 гг. На першым этапе (1991–1994 гг.) дабрачынныя арганізацыі не былі звязаны паміж сабой і не мелі сталай арганізацыйнай структуры. У сувязі са зместам дзяржаўнай палітыкі ў сферы грамадскага сектара ў вызначаны перыяд адсутнічала рэгламентацыя дабрачыннай дзейнасці заканадаўчымі актамі. На другім этапе (1995–2001 гг.) працэс складвання грамадскай дабрачыннасці набыў сістэмны характар, арганізацыйныя структуры аб’яднанняў прынялі больш акрэсленую форму ў параўнанні з папярэднім этапам. Дзяржаўная палітыка разглядаемага этапу была накіравана на стварэнне сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва, дзе дабрачынныя арганізацыі з’яўляліся неад’емным элементам працаздольнай структуры. На працягу 1991–2001 гг. адбываўся працэс стварэння новай заканадаўчай базы, якая рэгулявала дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў. Улічваючы той факт, што ў СССР не было неабходнасці ў такіх прававых актах, той прагрэс, што меў месца ў разглядаемы перыяд у заканадаўчай сферы, быў істотны.

У ГЛАВЕ 3 "Дзейнасць дабрачынных грамадскіх арганізацый" адзначаецца характар, структура і формы дабрачыннай грамадскай дзейнасці, паказваецца грамадская думка аб дзейнасці дабрачынных арганізацый, акрэсліваецца значэнне іх дзейнасці для Рэспублікі Беларусь у канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя. У раздзеле 3.1Дабрачынныя арганізацыі ўніверсальнага характару” аналізуецца дзейнасць такіх аб’яднанняў як Беларускі фонд міру, Таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускі фонд міласэрнасці і здароўя (БелФМіЗ), першапачатковай задачай якіх было прыцягненне ўвагі дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый да праблем неабароненых катэгорый насельніцтва. Імі шмат рабілася ў сферы падтрымкі міжнароднага супрацоўніцтва, прапаганды ідэй сяброўства і міру, прафілактыкі і выяўлення небяспечных захворванняў, абароны правоў чалавека, выхавання дзяцей і моладзі. Арганізацыі ўніверсальнага характару актыўна садзейнічалі дзяржаўнай сістэме сацыяльнай абароны. Нярэдка іх дзейнасць насіла эклектычны характар, ахопліваючы шмат розных бакоў жыцця беларускага грамадства, а фондам не заўсёды ўдавалася даводзіць свае праекты да дасканаласці; членамі арганізацыі з’яўляліся працоўныя калектывы дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў, удзел якіх у дзейнасці фонда нярэдка абмяжоўваўся членскімі ўзносамі; арганізацыі не ў поўнай меры выкарыстоўвалі свае магчымасці па актывізацыі насельніцтва ў сферы дабрачыннасці. На прыкладзе гісторыі стварэння і дзейнасці Таварыства Чырвонага Крыжа паказваецца і падкрэсліваецца запатрабаванасць дабрачыннасці як культурнай і духоўнай з’явы грамадства і змяненне яе форм у залежнасці ад патрэб часу. Пераемнасць у сферы аказання дапамогі людзям паміж аб’яднаннямі эпохі СССР і грамадскімі арганізацыямі незалежнай Рэспублікі Беларусь яскрава прадэманстравана на дзейнасці Беларускага Фонду Міру. У раздзеле 3.2 “Арганізацыі па аказанню дапамогі дзецям” на прыкладзе Беларускага дзіцячага фонду, Беларускага фонду сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў “Мы – дзецям”, Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (БелАДДІіМІ) і інш. раскрываецца цесная сувязь грамадскага і дзяржаўнага сектараў у вырашэнні праблем дзяцей і дзяцінства. Арганізацыі па аказанню дапамогі дзецям (каля 150 арганізацый) мелі разгалінаваную арганізацыйную структуру і былі самымі запатрабаванымі і знакамітымі ў насельніцтва Беларусі, бо актыўна інфармавалі праз сродкі інфармацыі аб сваёй дзейнасці і карысталіся падтрымкай дзяржаўных структур. Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (БелАДДІіМІ), галоўным накірункам дзейнасці якой з’яўляўся адыход ад практыкі накіравання дзяцей-інвалідаў ва ўстановы закрытага тыпу. Не апошнюю ролю ў справах аказання розных форм дапамогі шматдзетным сем’ям адыгрывалі аб’яднанні бацькоў. Яны часцей дзейнічалі як арганізацыі самадапамогі. Станоўчай рысай арганізацый па аказанню дапамогі дзецям з’яўлялася іх цесная ўзаемасувязь, што спрыяла іх эфектыўнай дзейнасці. У раздзеле 3.3 “Фонды дапамогі ахвярам фашызму” разглядаюцца асноўныя накірункі дзейнасці гэтых арганізацый. Фонды дапамогі ахвярам фашызму ў працы прааналізаваны на прыкладзе Беларускага рэспубліканскага фонда “Узаемаразуменне і прымірэнне”, Мінскага гарадскога аб’яднання малалетніх вязняў фашызму, Гродзенскага абласнога фонда вязняў нямецкіх лагераў, Бабруйскай арганізацыі былых вязняў фашызму і інш. Яны ахоплівалі не толькі сацыяльны і матэрыяльны аспект дапамогі людзям, але і развіццё ініцыятыў і грамадскіх рухаў у сферы патрыятычнага выхавання і барацьбы за мір. Пачатак дзейнасці аб’яднанняў ахвяр фашызму быў пакладзены ў чэрвені 1988 г. на I Усесаюзным злёце малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, калі быў створаны “Саюз былых малалетніх вязняў”. У 1991–2001 гг. дзейнічала каля трыццаці зарэгістраваных арганізацый былых вязняў фашызму, членамі якіх былі ахвяры фашызму ці іх родныя. Фонды ажыццяўлялі грандыёзную працу па пошуку дакументаў і выплаце кампенсацый былым вязням. Недахопамі гэтых арганізацый з’яўляліся іх кароткачасовасць, адсутнасць арганізацыйных структур, невялікая колькасць членаў і недахоп інфармацыі аб дзейнасці гэтых аб’яднанняў у сродках масавай інфармацыі. У першую чаргу гэта звязана з нешматлікасцю катэгорыі насельніцтва, з якой яны працавалі, ліквідацыяй аб’яднанняў пасля выплат кампенсацый нямецкім урадам, новымі ўмовамі стварэння і дзейнасці арганізацый, выкліканымі змяненнем у беларускім заканадаўстве. Палітыка беларускіх улад, накіраваная на адраджэнне цікавасці да падзей Вялікай Айчыннай вайны, спрыяла падтрымцы фондаў такога тыпу. У раздзеле 3.4 "Аб’яднанні па ліквідацыі наступстваў і аказанню дапамогі пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС" адзначаецца, што дабрачынныя арганізацыі ўзялі на сябе клопат па рэабілітацыі дарослых і дзяцей, пацярпелых ад аварыі. У 1991–2001 гг. працавала больш за сто такіх грамадскіх аб’яднанняў. Яны былі прадстаўлены шматлікімі, аднак амаль не звязанымі паміж сабою грамадскімі арганізацыямі, што з’яўлялася сур’ёзным недахопам у іх дзейнасці. “Чарнобыльскія” арганізацыі ў меньшай ступені залежалі ад дапамогі з боку мясцовых органаў і працоўных калектываў, і ў большай ступені – ад сродкаў з-за мяжы. Яны падтрымлівалі цесныя сувязі больш чым з 500 арганізацыямі ў 28 краінах свету, чым пашыралі сферу міжнароднага супрацоўніцтва. Каля 15 тысяч дзяцей штогод праходзілі аздараўленне за мяжой. Амаль усе аб’яднанні існавалі за кошт ахвяраванняў і гуманітарнай дапамогі з-за мяжы, якая складала да тысячы тон у год. У сярэдзіне – канцы 90-х гг. назіраецца спад цікавасці замежных арганізацый да чарнобыльскіх праблем. Шэраг недахопаў у працы чарнобыльскіх аб’яднанняў, у першую чаргу недастатковае супрацоўніцтва з аналагічнымі аб’яднаннямі і дзяржаўнымі структурамі, з’яўляліся сур’ёзнай перашкодай эфектыўнай дзейнасці арганізацый у сферы дапамогі насельніцтву краіны, пацярпеламу ад катастрофы.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі

  1. У 1991–2001 гг. у Рэспубліцы Беларусь існавала вялікая група грамадскіх аб’яднанняў, галоўнай мэтай дзейнасці якіх з’яўлялася дабрачыннасць, аб чым сведчыць аналіз гістарыяграфіі і крыніц па тэме даследавання. У сувязі з адсутнасцю ў даследуемы перыяд умоў для фарміравання прыватнай дабрачыннасці назіраецца інстытуцыяналізацыя гэтай з’явы – стварэнне ініцыятыўных груп, аб’яднанняў, арганізацый, асацыяцый, якія актыўна працуюць у гэтай сферы. Дабрачыннасць – шматаспектная дзейнасць, якая мае сваю гісторыю, ідэалогію ў розных краінах свету. У Рэспубліцы Беларусь у разглядаемы перыяд яна набыла сваю спецыфіку. Інстытут дабрачынных арганізацый фарміраваўся як сектар недзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў. Перадумовамі яго стварэння сталі змены ў палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў. Сярод іх абвяшчэнне незалежнасці, распад СССР, актывізацыя рыначных адносін, інфляцыя, пагаршэнне матэрыяльнага становішча грамадзян, адраджэнне ідэй рэлігійнасці і міласэрнасці і інш. Дынаміка дабрачынных грамадскіх арганізацый, якая мела месца на працягу гэтага перыяду, непасрэдна звязана з цэлым комплексам сацыяльна-палітычных і юрыдычных падстаў развіцця Рэспублікі Беларусь. Дынамізм праяўляўся ў няўстойлівасці, эфемернасці, кароткачасовасці існавання, нявызначанасці дзейнасці дабрачынных грамадскіх аб’яднанняў [4; 8; 9].

  2. Крызіс савецкай сістэмы, з’яўленне першых “нефармальных аб’яднанняў” грамадзян, павелічэнне колькасці сацыяльна неабароненых груп насельніцтва ў другой палове 1980-х – 1991 г. сталі прычынамі з’яўлення дабрачынных грамадскіх арганізацый. Інстытуалізацыя грамадскай дабрачыннасці прайшла за вызначаны перыяд два этапы. Перыядызацыя гэтай з’явы заснавана на аналізе арганізацыйных структур аб’яднанняў, асаблівасцях дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да грамадскіх арганізацый і абумоўлена заканадаўствам, якое рэгулявала яго дзейнасць. На першым этапе (1991–1994 гг.) дабрачынныя арганізацыі не былі звязаны паміж сабой і не мелі ўсталяванай арганізацыйнай структуры. У сувязі са зместам дзяржаўнай палітыкі ў сферы грамадскага сектара ў вызначаны перыяд адсутнічала заканадаўчая рэгламентацыя дабрачыннай дзейнасці заканадаўчымі актамі. На другім этапе (1995–2001 гг.) працэс складвання грамадскай дабрачыннасці набыў сістэмны характар, арганізацыйныя структуры аб’яднанняў прынялі больш акрэсленую форму ў параўнанні з папярэднім этапам. Дзяржаўная палітыка другога этапа была накіравана на стварэнне сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва, дзе дабрачынныя арганізацыі з’яўляліся неад’емным элементам працаздольнай структуры [1; 5].

  3. На працягу 1991–2001 гг. ішоў працэс стварэння новай заканадаўчай базы, якая рэгулявала дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў. Улічваючы той факт, што ў СССР не было неабходнасці ў такіх прававых актах, той прагрэс, што меў месца ў даследуемы перыяд у заканадаўчай сферы, быў значным крокам наперад. Аднак нельга казаць аб дасканаласці прававых актаў. Статус дабрачынных арганізацый не быў дакладна вызначаны, а спецыфіка іх дзейнасці не была адлюстравана ў законах. У пачатку 1990-х гадоў шматлікія дабрачынныя аб’яднанні, што ўзялі на сябе клопат аб шэрагу груп насельніцтва постсавецкай Беларусі, значна дапамагалі дзяржаўнай сістэме сацыяльнай абароны. У сувязі з гэтым дзяржава не перашкаджала з’яўленню такіх арганізацый і не бачыла патрэбы ў першачарговым стварэнні заканадаўчай базы, што рэгулявала б іх дабрачынную дзейнасць. Пачынаючы з другой паловы 1990-х гадоў, дзяржаўная палітыка была накіравана, у першую чаргу, на стварэнне сістэмы ўліку грамадскіх аб’яднанняў па розных крытэрыях і на ўзмацненне кантролю за імі з боку дзяржаўных структур. Фінансавая дзейнасць дабрачынных аб’яднанняў, іх кантакты з замежнымі партнёрамі не павінны былі выходзіць за межы дзейнасці, акрэсленай у іх статутах. Дзяржаўная палітыка ў адносінах да дабрачынных арганізацый на працягу ўсяго разглядаемага перыяду насіла дыферэнцыраваны характар і праяўлялася ў падтрымцы тых форм дабрачыннай дзейнасці, якія адпавядалі ці ажыццяўляліся ў рэчышчы дзяржаўных праграм. Назіралася цеснае ўзаемадзеянне дзяржаўных структур з тымі дабрачыннымі грамадскімі арганізацыямі, мэты якіх супадалі з прыярытэтамі развіцця краіны ў сферы абароны правоў дзяцей, падтрымкі шматдзетных сем’яў і інш. [4; 11].

  4. Паняцце “дабрачыннасць” у канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя значна пашырылася і пачало прадугледжваць падтрымку грамадскіх ініцыятыў і рухаў, што дазволіла аб’яднанням павялічыць сферу сваёй дзейнасці і не абмяжоўваць яе выключна аказаннем матэрыяльнай дапамогі насельніцтву. У сувязі з адсутнасцю ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь паняцця “дабрачынная арганізацыя” дабрачыннымі лічыліся аб’яднанні, якія не толькі называліся дабрачыннымі, але і ажыццяўлялі дабрачынныя праекты. У шэрагу выпадкаў іх складана аднесці да аб’яднанняў пэўнага накірунку з-за эклектычнага характару, што нярэдка перашкаджала ім даводзіць свае праекты да лагічнага завяршэння. Накірункі іх дзейнасці былі заснаваны на рэчаіснасці беларускага грамадства 1991–2001 гг. Дабрачынныя арганізацыі, што аказвалі дапамогу людзям, якія былі пакрыўджаны лёсам ці трапілі ў экстрэмальную сітуацыю (Беларускі фонд міру, БелФМіЗ, Таварыства Чырвонага Крыжа і інш.), мелі ўніверсальны характар. Яны аказвалі дапамогу вельмі шырокаму колу адрасатаў і праводзілі вялікую працу па распаўсюджванню і прапагандзе гуманітарных ідэй і грамадскіх рухаў. Арганізацыі, звязаныя з аказаннем дапамогі дзецям, аб’ядноўваліся ў разгалінаваную і сістэматызаваную групу дабрачынных арганізацый, якая ахоплівала самыя розныя накірункі дзейнасці працы з дзецьмі (Беларускі дзіцячы фонд (БДФ), Беларускі фонд сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў “Мы – дзецям” і інш.). Арганізацыі бацькоў дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей, шматдзетных бацькоў у пачатку 1990-х гг. дзейнічалі як арганізацыі сацыяльнай абароны і рэабілітацыі, адначасова з’яўляючыся арганізацыямі самадапамогі (БелАДДІіМІ, Рэспубліканская асацыяцыя шматдзетных бацькоў і інш.). Членамі арганізацый дапамогі ахвярам фашызму былі ахвяры фашызму ці іх родныя (Беларуская асацыяцыя былых вязняў германскіх канцлагераў і ветэранаў антыфашысцкага Супраціўлення ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Мінскае гарадское аб’яднанне малалетніх вязняў фашызму і інш.). “Чарнобыльскія” аб’яднанні былі прадстаўлены шматлікімі (Беларускі дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобыля”, Беларускае аддзяленне міжнароднага фонду “Спадчына Чарнобыля” і інш.), аднак амаль не звязанымі паміж сабою грамадскімі арганізацыямі, што з’яўлялася сур’ёзным недахопам іх дзейнасці.

Розныя формы грамадскіх аб’яднанняў: фонды, асацыяцыі, цэнтры, арганізацыі, таварыствы амаль не адрозніваліся па структуры. У параўнанні з дабрачыннымі арганізацыямі, якія існавалі на Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, існуюць у шэрагу краін і на сучасным гістарычным этапе, дабрачынныя беларускія арганізацыі даследуемага перыяду не валодалі першапачатковым капіталам і працавалі як ініцыятыўныя групы альбо будаваліся на падмурку былых савецкіх арганізацый. Па структуры выдзяляліся тры асноўныя тыпы аб’яднанняў. Першы тып – былыя савецкія аб’яднанні, што прыстасаваліся пад новыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы і пачалі займацца дабрачыннай дзейнасцю, не змяняючы арганізацыйную структуру і формы працы з насельніцтвам. Другі – былыя савецкія арганізацыі, якія змянілі змест працы і форму, але захавалі папярэднюю структуру. Трэці – новыя аб’яднанні, што стварыліся ў разглядаемы перыяд і ўзялі за прыклад структуру заходнееўрапейскіх дабрачынных арганізацый [2; 6].

  1. Неабходнасць распаўсюджвання ідэй міласэрнасці і дабрачыннасці была абумоўлена некалькімі фактарамі. Па-першае, міласэрнасць аздараўлівала духоўны стан грамадства. Па-другое, для далейшай больш эфектыўнай дзейнасці дабрачынных арганізацый неабходна было аднавіць традыцыю міласэрнасці. Па-трэцяе, дзейнасць дабрачынных арганізацый немагчыма без грашовых сродкаў, а збор ахвяраванняў магчымы толькі пры наяўнасці пэўнай ідэалогіі міласэрнасці. Агульнай праблемай дабрачынных арганізацый з’яўляўся пошук сродкаў фінансавання праектаў. У разглядаемы перыяд у Рэспубліцы Беларусь не толькі адсутнічала льготнае падаткаабкладанне спонсараў, але і маральнае іх заахвочванне, што замаруджвала прапаганду ідэй міласэрнасці сярод ахвярадаўцаў. Членствам у шэрагу арганізацый былі ахоплены цэлыя працоўныя калектывы дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў, аднак іх удзел у дзейнасці фонда нярэдка абмяжоўваўся ўзносамі, што не дазваляе гаварыць аб наяўнасці ідэалогіі. Распаўсюджванне ідэй дабрачыннасці замаруджвалася таксама недахопам інфармацыі аб акцыях арганізацый альбо абмежаваннем сфер іх распаўсюджвання выключна мясцовымі рэгіёнамі. Гэта ў сваю чаргу не дазваляла ў поўнай меры выкарыстоўваць магчымасці па актывізацыі насельніцтва ў сферы дабрачыннасці. Толькі для рэспубліканскіх арганізацый, якія клапаціліся аб дзецях-сіротах і духоўным развіцці асобы дзіцяці, была характэрна папулярызацыя іх дзейнасці, яе шырокая прапаганда ў сродках інфармацыі. Дзяржаўная падтрымка акцый дабрачынных арганізацый з’яўлялася станоўчай адметнасцю, бо дэманстравала падтрымку ідэй міласэрнасці на самым высокім узроўні. У той жа час адсутнасць сістэмы і каардынацыі дзеянняў арганізацый прыводзіла да дубліравання праграм, распылення грашовых сродкаў, нярэдка прыводзіла да замаруджвання распаўсюджвання ідэй дабрачыннасці. Аднак эфектыўнасць акцый дабрачынных арганізацый, накіраваных на адраджэнне ідэй міласэрнасці, нягледзячы на вышэйпералічаныя недахопы і праблемы, была дастаткова высокай [3; 10].

  2. Адраджэнне ідэй дабрачыннасці як неабходнага элемента эфектыўнай працы дабрачынных грамадскіх арганізацый у 1991–2001 гг. было галоўным вынікам іх дзейнасці. Прыцягненне ўвагі дзяржаўных устаноў і грамадскасці да вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем было таксама іх значным дасягненнем. У катэгорыю сацыяльна неабароненых трапілі не толькі грамадзяне, што аказаліся па-за межамі ўвагі дзяржаўных органаў сацыяльнай абароны, але і тыя групы, для якіх дзяржаўных мер па паляпшэнню ўмоў жыцця было недастаткова. Арганізацыі па аказанню дапамогі дзецям займаліся аздараўленнем пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, хворых дзяцей, дзяцей-інвалідаў; падтрымлівалі дзяцей-сірот і сацыяльных сірот; клапаціліся аб духоўным развіцці асобы дзіцяці. Фонды былых вязняў фашызму ставілі на мэце не толькі паляпшэнне матэрыяльнага становішча, але і абарону сваіх правоў, і адраджэнне цікавасці да падзей Вялікай Айчыннай вайны, выхаванне патрыятызму ў маладога пакалення. Дабрачыннымі арганізацыямі ўніверсальнага накірунку, акрамя аказання матэрыяльнай і сацыяльнай дапамогі пэўным катэгорыям насельніцтва, шмат рабілася па распаўсюджванню гуманітарнага права, падтрымцы міжнароднага супрацоўніцтва, прапагандзе ідэй сяброўства і міру, прафілактыцы і выяўленню небяспечных захворванняў, абароне правоў чалавека, выхаванню дзяцей і моладзі. Дабрачынныя арганізацыі, якія аказвалі дапамогу ахвярам аварыі на ЧАЭС, не ставілі на мэце замяніць функцыі дзяржавы ў справах ліквідацыі наступстваў аварыі, а імкнуліся дапамагчы ў рэабілітацыі дарослых і дзяцей. Супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый з дзяржаўнымі органамі і службамі сацыяльнай абароны насельніцтва садзейнічала вырашэнню многіх праблем, у тым ліку ў выхаваўчай і духоўнай сферах. Усё гэта мела вялікае значэнне як для аздараўлення дзяржавы ўвогуле, так і для канкрэтных жыхароў Рэспублікі Беларусь [4; 7].

Рэкамендацыі па практычнаму выкарыстанню вынікаў

Работа з’яўляецца першай спробай ахарактарызаваць дзейнасць дабрачынных грамадскіх арганізацый у Рэспубліцы Беларусь у перыяд станаўлення і развіцця яе незалежнасці ў 1991–2001 гг. Фактычны матэрыял і тэарэтычныя палажэнні дысертацыйнага даследавання могуць быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы навуковых работ, распрацоўцы спецыялізаваных курсаў па гісторыі Беларусі ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Атрыманыя высновы могуць быць выкарыстаны ў мэтах паляпшэння работы дзяржаўных структур і грамадскіх арганізацый.

Вопыт дзейнасці дабрачынных грамадскіх арганізацый абагульнены ў рабоце і можа быць выкарыстаны ў наладжванні гарманічных адносін паміж грамадскімі аб’яднаннямі і органамі ўлады, дапамагчы ва ўдасканаленні беларускага заканадаўства адносна грамадскіх, у тым ліку дабрачынных, аб’яднанняў:

1. Наладзіць больш цеснае паўнапраўнае супрацоўніцтва паміж актывістамі дабрачынных арганізацый, грамадскім сектарам, дзяржаўнымі структурамі з мэтай папулярызацыі ідэй міласэрнасці і актывізацыі руху дабрачыннасці ў Рэспубліцы Беларусь у ХХІ стагоддзі:



  • актывістам дабрачынных арганізацый наладзіць працу рэгулярнага семінара-практыкума, у межах якога стварыць адзіны Інфармацыйны цэнтр, на базе буйной дабрачыннай арганізацы (ТЧК, БФМ, БДФ), што дазволіць сістэматызаваць існуючую інфармацыю аб дзейнасці дабрачынных арганізацый (на аснове дакументаў Міністэрства юстыцыі, мясцовых органаў улады, даведнікаў, грамадскіх арганізацый);

  • па выніках дзейнасці семінара-практыкума прапанаваць мясцовым органам улады, прадпрыемствам, грамадскім арганізацыям і ўстановам інфармацыю аб дзейнасці дабрачынных арганізацый у дадзенай мясцовасці;

  • кіраўнікам дабрачынных аб’яднанняў распрацаваць лісты-звароты да канкрэтных прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, у якіх паказаць свае напрамкі дзейнасці (арганізацыю мерапрыемстваў, ажыццяўленне выхаваўчых праектаў, рэкламу) і выказаць свае пажаданні адносна атрымання ад спонсараў канкрэтнай дапамогі (прадастаўленне памяшкання, транспарту, інфармацыі аб вакантных пасадах, атрыманні тавараў і паслуг і г.д.);

  • дабрачынным арганізацыям больш увагі надаваць агітацыйнай працы з насельніцтвам, распаўсюджваць брашуры, лістоўкі, праспекты аб гісторыі стварэння і дзейнасці свайго аб’яднання, распачаць працу свайго друкаванага органа.

2. З мэтай ліквідацыі недахопаў у дзейнасці дабрачынных арганізацый іх кіраўнікам і актывістам неабходна ўлічваць вопыт працы сучасных замежных арганізацый і гістарычны вопыт дабрачыннасці на беларускіх землях з улікам спецыфікі традыцый, менталітэту і працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве:

  • улічваючы сучасныя дасягненні ў сферы інфармацыйных тэхналогій, Міністэрству юстыцыі стварыць сайт дабрачынных арганізацый, на якім размясціць інфармацыю аб гісторыі стварэння арганізацый, іх дзейнасці і яе выніках;

  • стварыць форум, на якім абмяркоўваць як праблемы, з якімі сутыкаюцца члены аб’яднанняў, так і прымаць прапановы ад насельніцтва рэспублікі, падтрымліваць кантакты з замежнымі дзеячамі руху дабрачыннасці.

3. Аб’яднаць намаганні грамадскіх арганізацый і заканатворцаў з мэтай распрацоўкі і зацвярджэння закона “Аб дабрачыннай дзейнасці і дабрачынных арганізацыях”.

  1   2


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка