Мікола Віктаравіч, пра што пішуць сучасныя беларускія паэты?




Дата канвертавання13.05.2016
Памер62.25 Kb.
ВЕРНЫ АБРАНАЙ ТЭМЕ…
(інтэрв’ю з паэтам Міколам Шабовічам)


  • Мікола Віктаравіч, пра што пішуць сучасныя беларускія паэты?




  • Спадзяюся, пра тое, што баліць. Не магу сказаць за ўсіх, але, як і ў былыя часы, думаю, большасць творцаў не абыходзяць увагай такія тэмы, як Радзіма, Прырода, Жанчына. Што да мяне, то кожная з названых тэм так ці інакш прысутнічае ў маіх вершах, хоць тэма Жанчыны (інакш – кахання), безумоўна, пераважае. Можа, таму, што яна мне найбольш блізкая. Дарэчы, самы першы мой верш, напісаны яшчэ ў восьмым класе, таксама быў пра каханне. Зразумела, не пра нейкае прыдуманае пачуццё, а пра сваё, да адной дзяўчынкі, з якой па волі лёсу сядзеў за адной партай на раённай алімпіядзе па хіміі. Няма, відаць, такіх слоў, каб поўнасцю перадаць свой стан пасля напісання першага твора. Помню толькі, што чытаў яго ваколіцам роднай вёскі Бадзені, што на Мядзельшчыне, небу, гурбам снегу, якіх тады намяло, як ніколі. Я быў самым шчаслівым чалавекам на свеце. Такое не забываецца. Можа быць, і зараз, калі я пішу інтымныя вершы, мне хочацца вярнуць менавіта тыя адчуванні. У паэзіі патрэбна быць шчырым і адкрытым. Не прыдумляць неверагодныя сюжэты, а прапускаць праз сэрца свае адносіны да пэўнага чалавека, да пэўнай падзеі. Спадзяюся, мне гэта ўдаецца, хоць і не ўсе вершы маюць сваіх прататыпаў, як часам здаецца чытачам. Галоўнае – перажыць тую гісторыю, пра якую пішаш. Тады верш будзе выклікаць і адпаведныя суперажыванні. Іначай твор акажацца нікому не патрэбнай пісанінай.




  • У якім стане знаходзіцца зараз беларуская літаратура?




  • Думаю, што не ў самым лепшым. Хоць і не скажу, што літаратурны працэс застыў ці спыніўся. Проста, нашы крытыкі, якія павінны заўважаць самае вартае, часцяком ігнаруюць таго ці іншага аўтара, той ці іншы твор ці, яшчэ горш, свядома замоўчваюць іх, чым уводзяць у зман чытача. А празмернае захвальванне некаторых новых паэтычных “зорак”, што назіраецца апошнім часам, проста выклікае раздражненне. Такое ўражанне, што і не прадбачыцца на даляглядзе новых Стральцовых, Калеснікаў, Каваленкаў... А шкада.




  • Калі вы вырашылі стаць паэтам? Ды і ўвогуле, ці прафесія гэта – паэт?




  • Ёсць паэт або няма паэта – дае адказ толькі час. Можна напісаць шмат кніг і не стаць паэтам, а можна толькі адну – і стаць класікам сусветнай літаратуры. У паэзіі (ды і ў прозе) колькасць не заўсёды пераходзіць у якасць. Безумоўна, я па прафесіі не паэт, гэтаксама як і абсалютная большасць маіх калег-літаратараў. Хоць гэта не значыць, што мы адносімся да свёй любімай справы непрафесійна. Проста, прафесія прадугледжвае адпаведнае фінансавае ўзнагароджанне. А хіба ў нас пражывеш за адны вершы?! Ды і дзе яны, тыя, хоць і мізэрныя, ганарары?.. Чакаць – не дачакацца...




  • Раскажыце пра свой творчы шлях. Як ён пачынаўся?




  • Першы мой верш быў надрукаваны ў мядзельскай раённай газеце “Нарачанская зара” ў 1976 годзе. Быў ён, канечне ж, пра каханне. Я тады працаваў шафёрам у калгасе “Шлях Ільіча”. Вось так і пачынаўся мой “шлях”. Потым ужо, падчас вучобы ў сталічным педінстытуце, з’явіліся вершаваныя падборкі ў “Настаўніцкай газеце”, “Мінскай праўдзе”, “Чырвонай змене”, “ЛіМе”, “Маладосці”, “Беларусі”... У 1984 годзе выйшаў калектыўны зборнік “Крыло”, дзе мая “кніжка ў кніжцы” называлася «Каб вымавіць: “Люблю!”». Быў і пэўны перапынак у творчасці, звязаны з навучаннем у аспірантуры. Зараз стараюся “адпрацаваць” за тыя гады. Пералік уласных кніг не такі вялікі, як хацелася б, – “Дом” (1996), “Яшчэ пакуль не лістапад” (1996), “Падары мне сваю адзіноту” (2002), “Мая надзея” (2006).




  • Часта выступаеце перад студэнтамі?




  • Даволі часта, і не толькі перад судэнтамі, але і перад школьнікамі. Наогул, перад любой аўдыторыяй. Не скажу, што я выдатны прамоўца, але стараюся не расчараваць сваіх слухачоў. Выступаю часцей з інтымнымі творамі, хоць не прамінаю прачытаць і колькі пародый. Хочацца, каб у выніку сустрэчы людзі атрымалі пазітыўныя эмоцыі, паднялі свой настрой.







  • Напэўна, розніца ёсць. Хоць і не скажу, што я істотна змяніўся, калі не браць пад увагу знешні выгляд. Тут, як кажуць, перамены не ў лепшы бок: пастарэў, пасівеў, палысеў, папаўнеў (на жаль)… Але што зробіш!.. У творчасці ж я застаюся верным абранай яшчэ ў школьныя гады тэме – тэме кахання. Хочацца спадзявацца, што, нягледзячы на не самы малады ўзрост (а мне ўжо 48), я яшчэ не затупіў сваё “рамантычнае” пяро і змагу даць фору многім маладым творцам. Зрэшты, маладыя часцяком гэтую тэму амаль не закранаюць, так што, дасць Бог, сёе-тое яшчэ напішацца. Будзем спадзявацца.




  • Як вы спалучаеце працу выкладчыка і літаратара? Не перашкаджае адно другому?




  • Многія лічаць, што нельга рабіць дзве справы аднолькава хораша. Магчыма, яны маюць рацыю. І ўсё ж я стараюся своечасова пераключацца з адной працы на другую. Думаю, пакуль што мне гэта ўдаецца. Наогул, праца ў педуніверсітэце (БДПУ імя Максіма Танка – М.Н.) хутчэй спрыяе творчасці, чым перашкаджае, бо там столькі прыгожых дзявочых твараў, якія так і просяцца ў паэтычныя радкі…




  • Пра што зараз марыце?




  • Каб заўтрашні дзень быў лепшым за ўчарашні. Каб нашы нашчадкі ганарыліся сваёй краінай. Каб “самая славянская” гучала не толькі на ўроках роднай мовы і літаратуры. Каб дабро нараджала дабро…




  • Што найперш цэніце ў людзях?




  • Талент. Прафесійнасць. Самахвярнасць у імя Радзімы і чалавека. Спагаду. Прыгажосць (асабліва душэўную). Пачуццё гумару. …




  • Якую частку жыцця займае ў вас Фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне?




  • Маладзечну я аддаў 10 гадоў свайго жыцця, калі працаваў па сумяшчальніцтве загадчыкам літаратурна-драматычнай часткі Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Спадзяюся, што я быў не самым горшым заглітам. У свой час напісаў нават тэкст гімна рэспубліканскага тэатральнага фестывалю “Маладзечанская сакавіца”. Прымаў таксама ўдзел у большасці песенна-паэтычных фестываляў, на якіх прагучала некалькі песень на мае вершы. Быў і ў гэтым годзе. Уражанні розныя, але пераважна станоўчыя. Паэты павінны як мага часцей сустракацца з чытачамі, а падобныя фестывалі даюць такую магчымасць.




  • Музыку слухаеце?




  • Так. Я люблю бардаўскую песню. З задавальненнем слухаю таксама шлягеры маёй маладосці – найперш, у выкананні ансамбляў “Песняры”, “Сябры”, “Сіняя птушка”, “Зямляне”, “Чырвоныя гітары”…




  • Якія новыя ўзрушэнні адбыліся ў вас у гэтым годзе?




  • Напісаў некалькі дзесяткаў вершаў, а кожны верш – гэта своеасаблівае ўзрушэнне. Шмат дзе выступаў. І ў Мінску (пераважна перад маладой аўдыторыяй), і вось зусім нядаўна на свяце паэзіі ў Вязынцы. Таксама ўзрушэнне. Спаткаеш прыгожага чалавека – і хочацца прысвяціць яму колькі паэтычных радкоў. Чым не ўзрушэнне?! Наогул, жыццё без узрушэнняў – гэта, відаць, не жыццё. Нешта іншае.




  • Адчуваеце сваю папулярнасць? Ці папулярнасць – гэта доля не пісьменнікаў, а поп-выканаўцаў?




  • Я ніколі не імкнуўся да папулярнасці. Ніколі не прасіўся на тэле-, радыёперадачы. На маю думку, жыць куды прасцей, калі цябе ніхто не ведае. Магчыма, некаторыя паэты пішуць вершы, каб стаць вядомымі, каб іх вывучалі ў школе, пазнавалі на вуліцы, бралі аўтографы і г.д. Ніколі не ставіў перад сабой такой мэты. Прыходзіла натхненне – нешта пісаў. Многа-мала, але нешта стварыў. Што застанецца? Не ведаю. Што напішу? Таксама не ведаю… Бывае, пазнаюць, бяруць аўтографы… Але ж гэта не самае галоўнае…




  • Чым збіраецеся парадаваць сваіх чытачоў у бліжэйшы час?




  • Падрыхтаваў да друку зборнік літаратурных пародый, які павінен выйсці ў наступным годзе. Спадзяюся, чытач не будзе расчараваны. Запланаваны падборкі вершаў у літаратурна-мастацкіх часопісах. Ёсць і яшчэ сякія-такія планы, але не будзем апярэджваць час.




  • Нядаўна пабачыла свет ваша кніга “Патрыятычнае выхаванне сродкамі сучаснай беларускай паэзіі”. Як узнікла ідэя такой кнігі?




  • Ідэя ўзнікла даволі нечакана. Я знаходзіўся на курсах павышэння кваліфікацыі, і там была запланавана выпускная праца па пытаннях выхавання. Я выбраў тэму “Сустрэча з пісьменнікам як сродак усебаковага выхавання моладзі (на прыкладзе Навума Гальпяровіча)”. Пасля паспяховай абароны вырашыў тэму развіць, і ў выніку аб’ектам даследавання стала яшчэ і паэзія Міхася Башлакова. Кніга адрасавана найперш куратарам акадэмічных груп і класным кіраўнікам. У ёй прыводзяцца таксама асноўныя вершы Н.Гальпяровіча і М.Башлакова, якія прапануюцца для выкарыстання ў выхаваўчым працэсе.




  • Вы – стваральнік і шматгадовы кіраўнік універсітэцкага літаратурнага аб’яднання “Крокі”. Ад каго з вашых выхаванцаў можна чакаць найбольш значных паэтычных адкрыццяў?




  • Мне вельмі ўцешна ад таго, што ў сценах педуніверсітэта навучаецца шмат адораных аўтараў, якія, спадзяюся, будуць добрай зменай нашаму пакаленню. Сярод тых, на каго я ўскладаю найбольшыя надзеі, хочацца назваць студэнтак факультэта беларускай філалогіі і культуры Вераніку Мандзік, Ксенію Шаржановіч, Ірыну Чарняўскую, Кацярыну Цвяткову, Галіну Дзмітрук, Ганну Барадзіну, Марыну Белякову. Дарэчы, падборкі іх вершаў былі змешчаны ў “ЛіМе” ў канцы мінулага-пачатку гэтага года і атрымалі выдатны розгалас. Карыстаючыся выпадкам, хочацца падзякаваць Міхасю Южыку за цёплыя словы ў друку пра паэзію Веранікі Мандзік.




  • Што б вы маглі пажадаць маладым аўтарам?




  • Не расчароўвацца ў жыцці і творчасці. Не гнацца за колькасцю вершаў і публікацый. Слухаць сваю душу і любую справу рабіць з душой. Верыць у тое, што напісанае, дасць Бог, застанецца…


Гутарыла Марына Новікава


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка