Мікола Мокры з Сухіх




Дата канвертавання24.03.2016
Памер80.26 Kb.
Мікола Мокры з Сухіх
Краязнаўца Анатоль Рогач адшукаў карані вядомага авіяканструктара Паўла Сухога на Вілейшчыне. А іменна: бацька Восіп Сухі нарадзіўся ў вёсцы Вязынь, а маці Лізавета з Гісічаў – у вёсцы Ручыца. Але вядомасць Паўла Восіпавіча адсунула на другі план асобу стрыечнага брата Андрэя Сухога, чыё жыццё звязана з Вілейшчынай.

25 жніўня 1892 года ў мястэчку Вязынь Вілейскага павета ў сям’і малазямельнага селяніна Мікалая Андрэевіча і Аляксандры Восіпаўны Сухіх нарадзіўся сын, якога ў гонар дзеда назвалі Андрэем. Разам з імем ад дзеда хлопчыку перайшлі і веды. У свой час Андрэя Аляксеевіча Сухога памешчык як здольнага юнака накіраваў на два гады вучыцца ў школу пчалаводства ў Чарнігаўскую губерню. Андрэй Мікалаевіч па сканчэнні народнай вучэльні ў Вязыні, вучыўся ў гарадской вучэльні ў Вілейцы (1905-1909). Пасля чаго год працаваў настаўнікам у народнай школе ў вёсцы Кобузі Вязынскай воласці.

Прошение” “Его Высокородию Господину Управляющему Горецким Землемерно-агрономическим училищем” “крестьянина деревни Вязынь Вязынской волости, Вилейского уезда Виленской губернии”: “Желая поступить в число учеников 1-го отделения приготовительного класса ввереного Вашему Высокородию училища, честь имею покорнейше просить Вас допустить меня к экзменам”. Такое “прошение” пісаў Андрэй Мікалаевіч у 1910 годзе, калі паступаў ва ўчылішча.

Паступіў я ў Горы-Горыцкае вучылішча ў 1910 годзе, – успамінаў пазней Андрэй Мікалаевіч. – Трэба сказаць, што вучоба там, на той час, была пастаўлена добра. Мы мелі неблагую базу практыкі. Заняткі ў вучылішчы вялі добра падрыхтаваныя выкладчыкі. Аграномію і біялогію выкладаў знакаміты М. З. Рыкаў, хімію – І. І. Красікаў, жывёлаводства – Зотаў, міліярацыю – латыш Дусман. Давалі сур’ёзныя веды і па агульнаадукацыйных прадметах. Змястоўна, творча выкладаў славеснасць Сяргей Цітовіч” (Андрэй Сухі “З юначых гадоў”.Максім Гарэцкі: успаміны, арыкулы, дакументы. Мн. 1984). Веды ў навучальнай установе давалі сапраўды высокія. І Андрэй Сухі прыкладаў намаганні, каб тыя веды атрымаць. Аб гэтым сведчыць і ягоны атэстат – усе пяцёркі. А гэта агульнаадукацыйныя прадметы, прыродазнаўства, сельска-гаспадарчыя навукі і інш. Трэба адзначыць, што прыродазнаўчыя навукі, да прыкладу, уключалі ў сябе такія прадметы, як батаніку, хімію, заалогію, мінералогію; сельскагаспадарчыя навукі – глебазнаўства, расліназнаўства, сельскагаспадарчая і лясная таксацыя і г. д. У атэстат занесены таксама прадметы, да якіх выявіў схільнасць студэнт. Сярод іх – геадэзія, карэннае паляпшэнне сельскагаспадарчых зямель. Дачка Сухога Таццяна Ліопа (па адукацыі – медык) успамінае, як часам забыўшыся назву якой-небудзь расліны па-латыні, пыталася ў таты, хоць у Горках латынь і не вывучалі, але ж ён ведаў. У 1913 годзе Андрэя Сухога прызвалі ў войска, але да заканчэння вучобы яму далі адтэрміноўку.

У 1909 годзе ў Горкі паступіў Максім Гарэцкі. Калі ў вучэльню прыйшоў Сухі, ён адразу прыкмеціцў пісьменніка. “Сярод нашага маладога гуртку я неяк адразу вылучыў Максіма па яго сур’ёзнасці ў кожнай справе і адносінах да сяброў. У скорым часе нас злучыла і супольная цікавасць да беларускага друкаванага слова” (Андрэй Сухі “З юначых гадоў”.Максім Гарэцкі: успаміны, арыкулы, дакументы. Мн. 1984). Пад уздзеяннем сяброўства з Гарэцкім Андрэй Сухі з 1912 года пачаў пасылаць невялікія заметкі з жыцця роднай вёскі Вязынь і ваколіц у “Нашу Ніву”. Падпісваўся ён псеўданімам Мікола Мокры.

Яшчэ падчас вучобы Вілейскім гарадскім вучылішчы, у 1908 годзе, ад выкладчыцы французскай мовы Алены Кульковай да Андрэя Сухога трапіў сшытак з вершамі Якуба Коласа. Асабліва спадабаўся хлопцу верш “Нашым ворагам”. Па рукапісным варыянце Сухога у 1920 годзе Максім Гарэцкі надрукаваў згаданы верш ў сваёй “Гісторыі беларускай літаратуры”. Прычым давалася спасылка: “Па спіску агранома-каморніка з Вілейшчыны Андрэя Сухога”.

У 1913 Гарэцкі закончыў вучобу ў Горках. Але сяброўства з Андрэем працягвалася. Максім пісаў лісты Андрэю са шпіталя ў Магілёве, калі быў паранены. З Сібіры, дзе пісьменнік служыў, прысылаў сябру паштоўкі з краявідамі Байкала.

Праз год пасля Максімава навучання, у Горкі паступіў яго малодшы брат Гаўрыла ( у будучым стаў сусветна вядомым геолагам). Андрэй пасябраваў і з Гурыкам.

У кнізе “Памяць” Вілейскага раёна краязнавец Анатоль Рогач піша, што Андрэй Сухі падчас вучобы ў Горках арганізаваў беларускі літаратурны гурток. Але пра гурток нічога не гаворыцца ні ў кнізе “Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі” (да 100-годдзя вучонага), ні “Гаўрыла Гарэцкі” (серыя “Беларускага кнігазбору”), ні “Ахвярую сваім “я”…” ( аўтар Радзім Гарэцкі). Але вядома, што Гаўрыла Іванавіч арганізаваў у вучылішчы Беларускі вучнёўскі гурток, які затым стаў называцца Беларускай секцыяй вучняў Горацкіх сельскагаспадарчых школ, а пасля Беларускай секцыяй студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута, і існавала да 1924 года. Хутчэй за ўсё, Андрэй Сухі ўзначальваў літаратурны аддзел у секцыі, якая мела яшчэ гісторыка-эканамічны, музычны, чыстага мастацтва аддзелы.

У хатнім архіве Таццяны Ліопы (Сухой) захоўваецца фотаздымак, на якім зняты два сябра – Андрэй Сухі і Гаўрыла Гарэцкі (Горкі, 1916). Таццяна Андрэеўна расказала пра гісторыю гэтага здымка. У вучэльні час ад часу ладзілі танцы. А пасля такіх вось танцаў навучэнцы мылі падлогу ў залі, а пасля сядалі фатаграфавацца. На гэтым здымку Андрэй Сухі вельмі падобны да Максіма Багдановіча.

У 1916 годзе Сухі закончыў вучобу ў Горках. У “Пастанове аб Горацкім землямерна-агранамічным вучылішчы” ад 19. 04. 1909 года гаварылася:

“… Асобы, якія закончылі поўны курс вучылішча, пры паступленні на дзяржаўную службу карыстаюцца правамі асоб, якія скончылі курс у сярэдніх агульнаадукацыйных навуковых установах.

Асобы, якія скончылі поўны курс вучылішча, атрымліваюць званне прыватнага землямера-агранома і ў адносінах адбыцця вайсковай павіннасці карыстаюцца правам асоб, якія скончылі курс у навуковых установах І разрада”.

Так ад 1 ліпеня да 10 кастрычніка Андрэй Сухі працаваў тэхнікам у другой Паволжскай изыскательно-будаўнічай Партыі па арашэнні Самарскіх стэпаў. Упраўленне знаходзілася ў горадзе Саратаве. З верасня таго ж года Сухі стаў студэнтам Маскоўскага сельскагаспадарчага інстытута (пазней імя Ціміразева). Але 12 кастрычніка яго зноў прызвалі ў войска. Быў у падрыхтоўчым батальёне ў Ніжнім Ноўгарадзе. Ад 1 студзеня да да 1 ліпеня 1917 года – у Сергіеўскім артылерыйскім вучылішчы ў Одэсе, якое скончыў у званні прапаршчыка. Ва Украіне авалодаў украінскай мовай. Як успамінае дачка Таццяна Андрэеўна, бацька ўсё жыццё расказваў анекдоты выключна па-ўкраінску.

З Адэсы прапаршчыка Сухога накіравалі на заходні фронт, дзе служыў малодшым афіцэрам 4-га Сібірскага Артылерыйскага Дывізіёна. Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі быў пакінуты ў Дывізіёне радавым, а затым, у снежні, абраны і зацверджаны на пасадзе старэйшага памошніка Камандзіра Парка дывізіі. 18 студзеня 1918 года з фронта разама з дывізіёнам з'ехаў у горад Сызрань і адтуль быў уволены на радзіму на роўне з солдатамі 29 студзеня1918 года.

Па вяртанні дамоў Андрэй Сухі працаваў на гаспадарцы бацькоў у Вязыні. А пасля пачалася працоўная дзейнасць на дзяржаўных пасадах. Пры чым назіраецца нават невялікі кар'ерны рост. Са жніўня 1918 года ён служыў у Мінскім Лясным Упраўленні і працаваў «съёмщиком при лесоустройстве» ў Бабруйскім павеце. Падчас аднаго з наведванняў Мінска, Сухі сустрэўся з Максімам Гарэцкім. Апошні, па ўспамінах Андрэя Мікалаевіча, быў у добрым настроі. Па вызваленні Мінска ад нямецкай акупацыі – Сухі працягваў служыць у Лясным аддзеле. І вясной 1919 года атрымаў званне памошніка ляснічага Губскага Лясніцтва ў Куранцы Вілейскага павета. Ад моманта заняцця тэрыторыі палякамі (чэрвень 1919 года) працаваў на гаспадарцы свайго цесця Фамы Лукіча Адамовіча ў вёсцы Васюлькі Крывіцкай воласці Вілейскага павета. З Верай Адамовіч, якая нарадзілася ў Княгініна, Сухі ажаніўся пасля заканчэння вучобы ў Горках. Вера Фамінічна была выкладчыцай рускай мовы да замужаства (у царскай Расіі гэта дазвалялася рабіць толькі да шлюбу). У сям’і Андрэя і Веры Сухіх было чацвёра дзяцей: тры сыны (Мікалай, Георгій, Аляксей) і дачка Таццяна. У сям’і гаварылі па-беларуску, па-руску, па-польску. Толькі маці прынцыпова размаўляла з усімі выключна па-руску, хоць муж з гэтым і не пагаджаўся. Але такой жанчынай была Вера Фамінічна. Да Андрэя Мікалаевіча, як да адукаванага чалавека, часта прыходзілі суседзі з просьбамі напісаць нейкую заяву ці прашэнне, на што Сухі не адмаўляў. Добрую адукацыю атрымалі і ягоныя дзеці. Усе закончылі ВНУ. А сярэдні сын Мікалай працаваў старшынёй Мінскага аблвыканкама.

Па заняцці тэрыторыі павета ў чэрвені 1920 года Чырвонай арміяй быў прызначаны Лясным Аддзяленнем у Вілейцы на пасаду ляснічага Ільскага лясніцтва Вілейскага павета і служыў да сканчэння вайны ў кастрычніку. А затым працягваў працаваць на гаспадарцы цесця. З вясны 1921 працаваў прыватным землямерам у вёсцы Княгініна Крывічскай воласці. У гэты час Андрэй Сухі часта бываў у Вільні, дзе некалькі разоў сустракаўся з Максімам Гарэцкім. Апошняя іх сустрэча адбылася ў 1923 годзе, пасля выхаду пісьменніка з Лукішак. “Максім шчыра раіўся са мной аб пераборах у Мінск… Я падтрымаў яго намер. Не думалася, што гэта будзе апошняй нашай сустрэчай” (Андрэй Сухі “З юначых гадоў”. Максім Гарэцкі: успаміны, арыкулы, дакументы. Мн. 1984).

У 1923 годзе Андрэй Сухі з сям’ёй пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Вілейку. Цяжкасці былі з жыллём. Свой дом пабудаваў на вул. Сацыялістычнай, 28 толькі праз два гады. План дома чарціў сам. Дапамагаў яшчэ адзін з сыноў. Набыў кавалак зямлі, на якім пасадзіў сад. Сухі меў гарод і кавалак сенакосу ў 4 га. У гаспадарцы была карова.

Андрэй Мікалаевіч разбіваў Вілейку на кварталы. Працаваў таксама ў Валожынскім павеце. Працу ў дзяржаўных установах Андрэю Мікалаевічу за польскім часам не давалі, бо лічыўся ён палітычна ненадзейным. Гэта з-за таго, што стрыечны брат Павел Сухі жыў у Савецкай Расіі. Тым больш, Павел Восіпавіч быў таленавітым інжынерам-канструктарам. Дачка Андрэя Мікалаевіча Таццяна Ліопа прыгадвае, як пасля абвяшчэння па радыё пра вымушаную пасадку самалёта авіяканструктара Сухога пад Варшавай, у кватэры Сухіх у Вілейцы з’явіліся прадстаўнікі польскай дэфензівы. Пільна праверылі дакументы. А Паўлу Восіпавічу было небяспечна мець родных у замежжы – у Польшчы. Авіяканструктар рэпрэсій пазбег. А вось роднага брата Андрэя Сяргея Сухога, які разам з яшчэ адным братам Мікалаем выехаў у жыць у Маскву, пасадзілі ў лагер на Калыме на 10 год. Вярнуўся ён толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Другога брата Андрэя Мікалаевіча Юзіка, польскага вайскоўца, захапілі ў палон і забілі бальшавікі. Андрэю Сухому прапаноўвалі ехаць працаваць нібыта на дзяржаўную пасаду на Познаншчыну, але ён адмовіўся. Зразумела, бо там нічога невядома, а ў Вілейцы тое-сёе ўжо было за плячыма..

У 1930 годзе Сухі здаў экзамен на званне прысяжнага землямера. Каб атрымаць гэтую пасаду яму прыйшлося ехаць у Варшаву. Старшынёй экзаменацыйнай камісіі аказаўся студэнт з Горак, які вучыўся з Сухім. І быў старшыня, па расповедах Андрэя Мікалаевіча, вельмі слабым студэнтам. Экзаменатар задаваў пытанні, на якія сам бы можа і не адказаў. У 1938-1939 Сухі працаваў каля Ломжы, Частахове. Пакуль бацька працаваў недзе далёка ад дома, сям’я брала прадукты ў яўрэйскай краме на вексель. А як вяртаўся гаспадар, ён за ўсё разлічваўся.

Ад 22 верасня 1939 года, з прыходам Саветаў у Заходнюю Беларусь, з’яўляецца членам Часовага Упраўлення Вілейскага павета і старэйшым землямерам Зямельнага аддзела.

Цесць Фама Лукіч за год да Вялікай Айчыннай вайны параіў Андрэю Мікалаевічу падумаць, што той будзе рабіць з сынамі. Прадчуваў, што ў выпадку прыхода немцаў маладым сынам пагражае прымусовая праца ці нешта падобнае.

З пачаткам вайны Вера Фамінічна разам з малодшымі дзецьмі аказалася ў эвакуацыі ў Казахстане. Андрэй Мікалаевіч з старэйшым сынам застаўся ў Вілейцы: думаў абараняць краіну. Але немцы наступалі вельмі шпарка. Прыйшлося і ім выехаць у Сібір. Загадзя з жонкай дамовіліся звязвацца праз брата Мікалая, які жыў Маскве. Так і адбылося.

Па заканчэнні вайны Сухія вярнуліся ў Вілейку. Дзеці ўжо былі дарослыя. Пачалі злятаць з бацькоўскага гнязда. Андрэй Мікалаевіч выйшаў на пенсію. Жыццё праходзіла даволі аднабакова. Ратавала перапіска з сябрамі, з якімі вучыўся ў Горках. Гэта было сапраўднае сяброўства. Узяць хаця б лісты таго часу. У іх да ўжо немаладога Андрэя Сухога звяртаюцца з памяншальна-ласкавым адценнем: “Дорогой Андрюша”…



Калі будавалася Вілейскае вадасховішча, частку населеных пунктаў планавалася затапіць. Пад затапленне падыходзіла і вёска Пахомава, дзе нарадзіўся і быў пахаваны дзед Андрэя Мікалаевіча Андрэй Аляксеевіч разам з дзвюма сваімі сёстрамі. Парэшткі сваякоў Андрэй Сухі перахаваў на могілках у Вязыні. А пасля смерць прыйшла і па яго.

Андрэй Мікалаевіч быў сведкам вялікіх гістарычных падзей. Па яго ўласным лёсе можна прасачыць за мінуўшчынай нашай Бацькаўшчыны. Таму мы павінны захоўваць памяць пра сведак сівой мінуўшчыны.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка