Мікалай Рудкоўскі Сляпая зорка Вясенняе тры




старонка1/2
Дата канвертавання01.05.2016
Памер437.01 Kb.
  1   2




Мікалай Рудкоўскі

Сляпая зорка

Вясенняе трызненне ў трох актах


Пераклад В.Дранько - Майсюка
Дзейныя асобы:

Кін


Эна

Нія


Лая

Сляпая


Псіхолаг
Акт першы

Сцэна першая


Кін і Псіхолаг сядзяць насупраць, моўчкі, вывучаючы адзін аднаго. Маўчанне спрахла.
Кін. Я нярвуюся. Прабачце. Я закуру.

Псіхолаг. Тут не кураць.

Кін. Але я так не магу.

Псіхолаг. Курыце аловак. Гэта, часам, дапамагае.

Кін. Ён цвёрды.

Псіхолаг. Тым лепей. Галоўнае ў гэтым – працэс. Працэс замяняе жаданне. Задавальненне жаданняў хаваецца ў дзеянні. Дзейнічайце, і вам стане лягчэй.

Кін. Гэта вар’яцтва.

Псіхолаг. Гэта нармальна.



Кін курыць аловак

Псіхолаг. У вас дрыжаць... ногі.

Кін. Лёгкі ветрык разгойдвае сцены, з каранёў якіх сплывае кроў у падлогу, а ён пяшчотна казыча ступні маіх ног.

Псіхолаг. Гэта не вецер.

Кін. А што тады?

Псіхолаг. Мяккі снег прымушае дрыжаць дахi дамоў.

Кін. Мне страшна. Месяц нагадвае літару “с”, а па зорках я чытаю “мерць”. Я хаваюся ў пакоях, каб не бачыць сонечнае святло. Яно мяне палохае. З болем я чакаю ноч, каб злізваць соль з вуснаў.

Псіхолаг. Два на два?

Кін. Чатыры. Чатыры куты ў пакоі. З кожнага кута на мяне глядзіць вока. Адно белае, як пясок, поўны чарвей. Другое чорнае, як восеньскае лісце з маленькімі дзірачкамі. Трэцяе сіняе, як смех дзіцёнка, які памёр два дні таму. Чацьвёртае вока заплюшчанае.

Псіхолаг. Калі яно адкрыецца, вы памрэце.

Кін. А праз гадзіну памрэце вы.

Псіхолаг. Мая магіла знаходзіцца недалёка ад вашай. Паміж імі папараць ды іржавая агароджа. Там хтосьці пахаваны. Вы не ведаеце хто?

Кін. Літары сцерліся.

Псіхолаг. Як цяпер даведацца?

Кін. Трэба запытаць у вартаўніка. Ён доўга жыве, ён шмат ведае.

Псіхолаг. Запытаем пасля, калі памрэм. Паглядзіце на маё калена. Што вы там бачыце?



Кін падыходзіць, доўга ўглядаецца ў калена.

Кін. Я бачу брудны чалавечы торс. Я не магу дыхаць!!! Мне кепска...

Псіхолаг. Што яшчэ?

Кін. Яшчэ? Яшчэ... Ён аздоблены пялёсткамі ружаў.

Псіхолаг. Правільна. Раскажыце апошні свой сон.

Кін. Свіння. Поўная самагубчай роспачы свіння, якая паўзе па скошанай траве. На яе шыі пятля. Свіння не хоча болей жыць. Пятля падвойная. На другім канцы кот з перарэзаным горлам. Ён яшчэ можа жыць. Ён хоча адпаўзці куды падалей, але не можа.

Псіхолаг. Дастаткова. Сядзьце на месца.

Кін сядае і курыць далей. Псіхолаг бярэ другі аловак.

Псіхолаг. Дазвольце. (Прыкурвае.) Невялікі тэст. Белае – чорнае. Неба – зямля. Разумееце? Я называю словы, а вы шукаеце асацыяцыю.

Кін. Так.

Псіхолаг. Дрэва.

Кін. Снег.

Псіхолаг. Чаму снег?

Кін. Калі снег – цёпла.

Псіхолаг. Зялёны.

Кін. Блакітны.

Псіхолаг. Чаму блакітны?

Кін. Таму што не чырвоны.

Псіхолаг. Чырвоны.

Кін. Пасля чырвонага сіні.

Псіхолаг. Сіні.

Кін. Лая.

Псіхолаг. Хто гэта?

Кін. Я яе кахаю.

Псіхолаг. Вы ілжэце?

Кін. Я не магу без яе. Мне балюча бачыць яе. Яна мяне... мучае, але я яе кахаю. Калі не будзе яе, не будзе сіняга.

Псіхолаг і Кін тушаць алоўкі.

Псіхолаг. Прыходзьце ў наступны раз. Мне цікава з вамі.

Кін. Добрага вечара!

Псіхолаг. Добрага дня.

Кін (сыходзіць, спыняецца). А што калі я заб’ю?

Псіхолаг. Каго?

Кін. Вока.

Псіхолаг. Якое?

Кін. Чацьвёртае. Тое, што заплюшчанае.

Псіхолаг. Можаце пачакаць?

Кін. Не ведаю.

Псіхолаг. Тады забіце.

Кін. Дайце мне нож.

Псіхолаг. Не дам.

Кін (падыходзіць да яе ззаду, становіцца на калені). Дайце.

Псіхолаг. Пачакайце. (Вострыць аловак і дае яго Кіну.)

Кін (працінае алоўкам сваю руку). Добра! (Сыходзіць).

Псіхолаг. Кепска. (Ставіць таблічку “Псіхолага няма” і сыходзіць.)


Сцэна 2

Эна


Эна. Чорныя сцены. Чорныя сцены... Паглядзіце направа. Вы бачыце выдатны ўзор сучаснага мастацтва. Звычайны блок, але як удала аўтар здолеў якойсьці там чорнай фарбай выявіць набалелыя думкі... Так! Трэба быць сапраўдным альтруістам, так моцна любіць людзей, каб далікатна, не пакрыўдзіўшы, зрабіць нам прыемнае, каб мы змаглі кожны дзень атрымоўваць асалоду ад цудоўнага. Дзякуй (Плача.) А налева!!! Гэта не проста сцяна! Гэта палёт чалавечай думкі! Гледзячы на гэта, адчуваеш вядомае пачуццё палёгкі. Я яго разумею... Як маці, што нарадзіла двух дзяцей. Калі ў мяне рэжа ў жываце, альбо калі кошкi крычаць за вакном, я падыйду сюды і доўга-доўга гляджу на трэшчыну. Салодкія метастазы прыемным ветрыкам казычуць шыю, халадок, матылёк, піражок, казырок, вечарок... Паглядзіце наверх. Ко-о-о-смас... Усё круціцца. А я як зорка. Якая я разумная. Божа мой!

Голас. Гэта падман. Ты не зорка. Ты асколак поўні. Вельмі маленькі і вельмі мілы. Зрэшты, як і ўсе...

Эна. Хто?..

Голас. Зорка.

Эна. А я?

Голас. Мара.

Эна. Чыя?

Голас. Мая. Кожны – гэта чыясьці мара. Зоркі ў трывожнай адзіноце сумуюць, але наш свет не мігціць дарэмна. Ты нарадзілася апоўначы, калі я ярка блішчэла. Ты мая мара, мая даўняя мара пра сябра. Цяпер я не адна. Я магу размаўляць з табою. Запомні мяне.

Эна. Добра. Але можна запытаць? Якая ў мяне мара?

Голас. Твая мара як далёкая, так яна ўжо і блізкая. Але не спусціцца з вышыняў да цябе яна так нізка. Не верне час мінулы твой выдатны. І гэта, мне павер, дакладна. Бо далячынь заўжды высокая, і, разам з тым, як стэп, яна, то блізкая, альбо такая ж, як у моры хваля, такая ж, як глыбіні ў пяску. І кубак шчасьця поўны, але расколін мяккасьць у ім дзіру зрабілі. І зьнікне ў гэтай дзірцы ўся рака, і злёгку станецца сухой яна. І ўсе кавалкі са стала збяры, як быццам для цябе яны сябры. Як пойдзеш – дык ня знойдзеш, як прыйдзеш – суму кварту вып’еш. Не сумуй, не маўчы, лепш у полі крычы. Я з табою і твой сум праціну бы іголка, я твая, я адна, я – сляпая зорка. Я не бачу сябе, я не бачу цябе, бо сляпая я зорка, і надзвычай мне горка, бо не спраўдзіцца так, як хацелася, мара.

Эна. Я цябе не разумею.

Голас. Нешта добрае табе навею, да цябе прыйду і забяру. І не будзеш ты ў адзіноце: са Сляпою зоркай ў згодзе ты навечна можаш заставацца. Калі ж хочаш у гэтым ты пераканацца, дык да сёмых пеўняў забяру я і дачку і сына, гэтак зорачкам-сястрыцам памагу. Дык схавай жа ты сваю тугу. Будзе ноч і будзе тут жыццё. Будзе ранак – бяда, а з усходам пара ў далячынь недасяжную накіравацца...

Эна. Мне нічога не трэба. Не хапае мне сіл дакрычацца да неба!

Голас. А за сценамі дзверы, а за тымі – яшчэ. Адчыняй жа хутчэй, пакахай ты мацней, зразумееш тады, што каханне слабое, а ў смерці дыханне халодна-густое. (Пяе.) Конь стаіць залаты ля зялёнай гары, а гара – не гара, а парэшткі двара... Хутка ранак, бывай!



Эна прымае заслону з вачэй.

Эна. Вось смех. Усё роўна! Да пабачэнне, ноч!


Сцэна 3

Эна, Нія, пасля Сляпая


Нія. Мама, добры вечар!

Эна. Ужо раніца. Першая раніца.

Нія. Раніца? Няўжо. А чаму першая?

Эна. А адчуваю, што гэта першая раніца.

Нія. Мама, я табе павінна сказаць...

Эна. Не трэба.

Нія. Але мама, паслухай! Я... Я...

Эна. Што?

Нія. Ма, а ты сварыцца не будзеш?

Эна. Безумоўна буду.

Нія. Але ж я яшчэ нічога не зрабіла!

Эна. Ну дык зробіш. (Паварочваецца да сцяны.) За чорнай сцяной дзверы. (Хоча адчыніць.)

Нія (закрывае спінай сцяну). Матулечка, я нічога кепскага не раблю. Я на вуліцы знайшла дзяўчыну. Можна, яна ў нас будзе жыць?

Эна. Няхай жыве.

Нія. Дзякуй! Я вельмі радая! (Прыводзіць Сляпую.)

Эна. Яна, напэўна, галодная. Налі ёй малака. (Нія сыходзіць.) Вось бачыш чорную сцяну. Падыдзі бліжэй. Глядзі. Глядзі ўважліва. Што там?!

Сляпая. Дзверы, а за імі іншыя.

Эна. Так... Усё правільна.



Нія прыносіць сподак з малаком. Ставіць на падлогу. Сляпая сядае і хлябтае малако, як кацянё.

Нія. Папі. Галодная. Падсілкуйся, падсілкуйся.



Сляпая аблізала вусны і п’е далей.

Эна. Дзверы, а за імі іншыя. (Стукае ў сцяну.)

Нія. Мне кепска. Я нядобра сябе адчуваю.

Эна. Лаю не бачыла?

Нія.. Здаецца, не.

Эна. Дзіўна. Кіна няма, і Лаі няма. (Гладзіць Сляпую па галаве.)

Нія. Я не пазнаю іх. Кіна штосці прыгнятае. Ён маўклівы і злосны. І я не ведаю куды падзецца.

Эна. У нас ёсць шэсць дзён. Толькі шэсць дзён. Чортава сцяна! Як яе адкрыць? Калі б я толькі ведала, як яе адкрыць!

Нія. Мама! Што ты гаворыш? Якія яшчэ дзверы?

Эна. Замоўкні! Я стамілася.


Сцэна 4

Тыя ж і Лая

Лая (пасля паўзы). Дзе Кін?

Эна. Не маю уяулення.

Лая (кідае пагляд на Сляпую.) Хто гэта?

Эна. Яе Нія на вуліцы знайшла. Яна будзе ў нас жыць.

Лая. Вядома. Дзе Кін?

Нія. Яго не было ўсю ноч.

Лая. Во як.

Нія. Ён павінен прыйсці.

Лая. Так, ён прыйдзе.

Нія. А вось і ён!



Усе глядзяць у пустэчу

Эна. Кін, дзе ты быў, сынок?

Нія. Глядзі, Кін, каго я прывяла. Яна табе спадабаецца, праўда.

Лая. Дзе ты быў, Кін? Я цябе доўга чакала.



Шоргат ля стала. Уся ўвага акцэнтавана на крэсла.

Эна. Кін, нам засталося шэсць дзён. Мы павінны штосьці зрабіць.

Нія. Кін, ты сябе добра адчуваеш?

Лая. Яму кепска.

Нія. Кін, мне таксама нядобра.

Эна. Чаму ты маўчыш? Дзе ты быў?

Лая. Яму няма чаго сказаць. Праўда, Кін? Ты мяне баішся. Я гэта ведала даўно. Ты так мяне баішся, што нават і дома не начуеш. Ты баішся майго пагляда. Ты баішся маёй хады, шоргату сукенкі, паветра, якое лунае ў маіх руках. Ты – баязлівец. Я пагарджаю табой, але застаюся з табою. Я вырашыла перасяліцца да вас.

Эна. Гэта праўда, Лая? Ты будзеш тут жыць?

Лая. Вам ад гэтага горш?

Эна. Не, ніколечкі. Я, наадварот, заўсёды жадала... жадала, каб ты пасялілася ў нас. Я вельмі радая. Гэта праўда, Лая. І Нія радая, і Кін рады. Кін, ты ж рады? Скажы, што ты рады. Але чаму ты маўчыш? Кін, што з табой? Не маўчы.

Лая. Ён не рады. І няхай!

Нія. Кін! Хочаш, я замяню табе букет. Стары ўжо засох. Я збяру свежыя кветкі. Яны будуць упрыгожваць твой пакой. Яны будуць выдатна пахнуць, як марскі вецер. Памятаеш, мора? Гэта цудоўна. Кветкі нагадаюць табе пра дзяцінства, пра наша дзяцінства. Пясок, вецер, мора... Хочаш? Я зараз збегаю.

Лая. Застанься. Не трэба мітусні. І ўспамінаў не трэба. Яны толькі прытупляюць памяць.

Нія. Але гэта не так.

Лая. Адкуль табе ведаць? Ты яшчэ такая маладая. Такая дурненькая.

Сляпая, дапіўшы малако, асцярожна падыходзіць да стала і піхае крэсла. Той падае.

Эна. Што ты нарабіла? Кін, ты выцяўся? Ён не падымаецца.

Лая. Кін, табе балюча?

Сляпая. Прабачце, я не хацела.



Лая робіць рэзкі рух перад тварам Сляпой. Тая не рэагуе. Лая паўтарае рух перад Ніяй. Тая палохаецца.

Лая (Сляпой). Ты не бачыш?

Сляпая. Не.

Лая. Яна сляпая.

Эна. Як? Ты ўжо прыйшла? Не, толькі не гэта. Калі ласка, толькі не зараз, не сёння. Яшчэ шэсць дзён. Ты гэта памятаеш? Ты ж сама гаварыла. Сыдзі.

Сляпая. Пра што вы?

Лая. І сапраўды. Пра што вы?

Эна. Яна павінна ведаць. Я ж пазнала твой голас. Ты са мной размаўляла ноччу.

Сляпая. Не памятаю.

Эна. Успомні, калі ласка! Успомніла?

Сляпая. Не памятаю.

Лая. Як цябе завуць?

Сляпая. Да вас я жыла ў ваўчынай зграі. Ваўкі, напэўна, любілі мяне, таму што аблізвалі мяне кожны дзень. Яны ласкава скуголілі, калі адчувалі маё з’яўленне. Яны чакалі. Яны чакалі той дзень, калі мяне з’ядуць, і таму называлі мяне Марай. Марай пра шчаслівы дзень, калі іх дзеці будуць сытымі. Марай пра ранейшы, лепшы час, калі будуць гуляць з маімі косткамі ў спякотныя дні.

Лая. Дык тваё імя Мара?

Сляпая. Я думаю, што так.

Эна. Так, я мела рацыю. Ты і ёсць мая мара. Што ты казала мне ноччу? Га? Ты не вернеш мне мінулае і не прынясеш будучае. А што яшчэ? Мара пра шчаслівы дзень. Мара пра ранейшы, лепшы час. А сярэдзіна? Што зараз, сёння, заўтра? Што мяне чакае?

Сляпая. Не трэба нічога ведаць. Навошта? Так добра, калі ў цябе яшчэ ёсць мара. І ўсё. Не істотна, ці збудзецца яна. Але ад таго, што яна ёсць, ужо цудоўна. Ваўкі вылі ад галодных спазмаў, але яны не хацелі есці мяне. Яны чакалі невядомага. Я была з імі, і яны былі шчаслівымі. Я пайшла ад іх, але мой пах увабрала поўсць іхніх целаў. Цяпер я буду жыць з вамі. Уяўляеце, цяпер у вас будзе жыць мара. Сустракайце яе!

Лая. А калі ты пойдзеш ад нас пасля? Што нам рабіць? Успамінаць твой пах?

Сляпая. Я не пайду ад вас. Вы пойдзеце за мной.

Лая. У мяне таксама была мара, але яе праглынуў высокі калодзеж, і яна ляжыць на пыльным дне. Можа, яе знойдуць. Як ты думаеш?

Сляпая. Чаму ты не хочаш яе дастаць?

Лая. Таму што на дне няма вады. Адзін пясок.

Сляпая. Калі хто-небудзь знойдзе, ты назаўсёды згубіш яе.

Лая. Я яе магу падараваць.

Сляпая. Ты добрая. Ты добрая, таму што падарыла мару. Не грошы, не рэчы, а мару. Гэта выдатна. Падыдзі да мяне.

Лая падыходзіць да Сляпой. Тая гладзіць яе аблічча, валасы, праводзіць рукамі па яе рукам.

Сляпая. Вось ты якая! Дзіўная, загадкавая. Ты ўмееш у свята дарыць мару, але чаму ж забытую, старую, непатрэбную. Гэта вельмі кепска, і шкада. Навучыся яшчэ дарыць і новыя мары.

Лая. Ні ў якім разе! Гэта вельмі дарагі падарунак. Яго проста не ацэняць.

Сляпая. Ты паспрабуй!

Лая. Пашукайце дурных. Гэта ўсё роўна, што падарыць сваю душу, альбо прадаць. Такое для мяне занадта.

Сляпая. Можа быць, ты маеш рацыю. Але вельмі адносную. Ты нічога не любіла, каб змагчы падараваць сябе.

Лая. Я і не збіраюся. Усё! Размова наша скончана! А дзе Кін? Куды ён пайшоў?

Усе азіраюцца.

Эна. Ён пайшоў.

Нія. Ён яшчэ вернецца.

Лая. Я пачакаю яго.


Сцэна 5

Тыя ж і Кін.

Кін. Вечар добры.

Эна. Як? Ужо вечар?

Нія. Так, вечар.

Лая. Хутка час наш праходзіць, знікне сонца, і злосная поўня царуе, толькі гэтага мы не заўважым, бо Вечар.

Эна. Кін, дзе ты быў, сынок?

Нія. Глядзі Кін, каго я прывяла. Яна табе спадабаецца, праўда.

Лая. Дзе ты быў, Кін? Я цябе доўга чакала.

Эна. Кін, нам засталося шэсць дзён. Нават меней. Мы павінны штосьці зрабіць.

Нія. Кін, ты сябе добра адчуваеш?

Лая. Яму кепска.

Нія. Кін, мне таксама нядобра.

Эна. Чаму ты маўчыш? Дзе ты быў?

Лая. Яму няма чаго сказаць. Правільна, Кін? Ты мяне баішся. Я гэта ведала даўно. Ты нават баішся мяне настолькі, што не прыходзіш начаваць, ты...

Кін (абдымаючы Лаю за плечы). Я кахаю цябе. Я цябе вельмі кахаю, але ты маеш рацыю, я баюся цябе. Я, напэўна, баязлівец, але я буду з табой. Мяне чаруюць твае вочы, твой палаючы пагляд, але я яго баюся, як і тваю хаду, калі ты набліжаешся да мяне, шоргат сукенкі, калі ты сыходзіш ад мяне, паветра, якое лунае ў тваіх руках, калі ты гладзіш мае валасы...

Лая (гладзіць валасы Кіну). Ты слаўны. Ты мяне кахаеш і баішся. Ты – баязлівец, а я цябе кахаю. Можа, гэта і смешна, але бессвядома я адчуваю, што кахаю цябе менавіта за гэта. Праўда, кранальна?

Кін (усімхаецца). Жахліва. Я, бы тая жаба ў каляіне, якую аніяк не раздушыць воз. Мяне кахаюць за маю ж подласць.

Лая. Гэта не подласць. Гэта твой недахоп. І ў гэтым уся чароўнасць. Памятай гэта заўсёды. Не шукай у сабе кепскага, стварай толькі добрае.

Кін. Ты ізноў маеш рацыю, а я, як хлапчук.

Лая. Нічога, нічога.

Эна. Кін, а ў нас жа пасялілася Мара.

Кін. Дзе яна?

Нія. Вось. Як яна табе?

Кін. Яна цудоўная. Тонкая, вытанчаная мара (Падыходзіць да Сляпой. Дзьме на яе валасы. Сляпая ўздрыганулася.) Паглядзі на мяне. І сапраўды, лёгкая мара, якая ніколі не спраўдзіцца. Дзякуй, што ты наведала нас. Мы цябе доўга чакалі. Скажы, чаго нам чакаць ад цябе?

Сляпая. Я табе нічога не скажу.

Лая (смяецца). Вось бачыш, Кін. Ты не заслугоўваеш, каб з табой размаўляла мара, нават сляпая.

Кін. Яна сляпая?

Эна. Так.

Кін. Я спачуваю... Але гэта ж нават і лепш. Гэта выдатна! Я ўсё зразумеў.

Сляпая. Ты ўсё зразумеў.

Эна. Адыдзі ад яе (Адводзіць Кіна за руку.)

Кін. Але чаму?

Эна. Так трэба. Я ўсё патлумачу. Усе. Сядайце.

Нія. Мы гатовыя цябе выслухаць, мама.

Эна. Ноччу мяне наведала зорка. У кожнай зоркі ёсць мара. Адна з іх прыйшла да нас. Амаль праз пяць дзён яна забярэ нас.

Лая. Як забярэ?

Эна. Яна выканае нашу мару і пойдзе, забраўшы нас усіх.

Кін. Куды?

Эна. У гэтыя дзверы.



Усе паглядзелі на чорную сцяну.

Нія. Але гэта сцяна.

Кін. А ў сцяны ёсць вочы. Чатыры вока.

Сляпая. Што ты ведаеш пра гэта?

Кін. Я ведаю, што адно вока чырвонае, як марское дно, поўнае затанулых караблёў, Другое зялёнае, як радыкуліт майго памерлага бацькі. Трэцяе жоўтае, як стэпавы кавыль, зламаны маёй нагой.

Сляпая. А чацьвёртае?

Кін. Чацвёртае? Яно заплюшчана.

Сляпая. Правільна.

Кін. Ты ведала пра гэта?

Сляпая. Я табе нічога не скажу.

Лая. Вось бачыш, яна няхоча з табой размаўляць.

Эна. Як адчыніць гэтыя дзверы?

Лая. Навошто іх адчыняць? Нам іх адчыніць мара, ці не так?

Сляпая. Магчыма.

Кін. Але калі адкрыецца чацьвёртае вока, я памру.

Лая. Не трэба пра гэта гаварыць.

Эна. Але чаму ж? Мы павінны што-небудзь зрабіць.

Нія. Вы чуеце?! Стукаюць капыты! Гэта ляціць да сонца белы конь. Гэта азначае, ноч пасланца дае.

Лая. Я з дзяцінства марыла ляцець у бясконцую далячынь на белым кані у белай сукні і ў белым агні.

Сляпая. Падары мне сваю мару.

Лая. Мары мару? Навошта? Яна табе патрэбна?

Сляпая. Хай нават і не патрэбна. Табе хіба шкада?

Лая. Будзе вельмі шкада развітацца з ёй.

Сляпая. Але гэта не новая мара, а старое, забытае жаданне.

Лая. Забытая мара мацней жаданай.

Сляпая. Пакінь яе сабе!

Нія. Вы чуеце крык птушак? Чарада, што ляціць да гнёздаў самотных. Чысціня ім крынічная мроіцца там. Ды не ведаюць птахі, што іх птушаняты больш не будуць чакаць. Так, не ведаўшы гэтага птахі крычаць і ляцяць што ёсць моцы да гнёздаў самотных.

Лая. Можа, сум па зямлі яны адчуваюць?

Нія. Гэта значыць, што поўня ганцоў высылае.

Эна. Птушак спевы заўжды падабаліся мне. Я даўно зразумела, што адна толькі мара, быць птушкай: спяваць, у аблоках танцаваць, весяліцца ў лістоце, сумаваць у адзiноце – вось жа доля мая. Толькі ж не нарадзілася птушкай я...


Чуецца гучны крык птушкі.

Сляпая. Ты песню праспявай, рукамі памажы, і голас паляціць, і слухай ты яго. Нялёгка птушкай быць, яна ўсё разумее, і цяжка ад таго, і хочацца нат выць.

Лая. Быць птушкай? Смех адзін! Зімой мароз, а восенню дажджы – спяваць ня хочацца.

Эна. А я і ў дождж спявала б. Хмарам і вятрам назло. Няхай бы ліхаманка мяне біла, хрыпела горла – ўсе адно! Я песню б праспявала. Няхай і сумную, няхай у апошні раз, але сабраўшы сілу ўсю сваю і ўсё цяпло ад пёркаў я б спявала!

Кін. Так, гэта добра.

Нія. Вы чуеце, што колы ўжо дрыжаць? Цягнік апошні ўжо са станцыі пайшоў і больш не вернецца. Яго ніхто ўжо не дагоніць. Цьмянае святло па-здрадніцу мільгае між слупоў і ёлупняў палохае, што ў лесе заблудзілі. То раніца нам знак дае, што ноч паехала і больш яе ня будзе.

Кін. На першым жа прыпынку скочыць...

Нія. Кін, памятаеш ты дзяцінства? Паўднёвы палын ля самага мора. Табе яго рвала, а ты ўсё смяяўся. На моры была я адзін раз у жыцці, і заўсёды хацела вярнуцца туды.

Лая. Навошта?

Нія. Як? Вось, пытанне. Каб развітацца з краем сонца. Чаму я тады не сыйшла са станцыі, а паехала з вамі?



Чутны гул цягніка.

Сляпая. Дагані цягнік! Давай! Хутчэй!

Нія. Я не паспею. Не.

Сляпая. Дагані! Паспрабуй!

Нія. Я зараз. Адна спроба! (Уцякае.)

Эна. Пабегла!

Лая. Шчаслівая.

Кін. Можа, яна дагоніць сваю мару...

Сляпая. Гэты цягнік не едзе да мора.

Кін. Ты падманула яе?

Сляпая. Так. Ёй жа будзе лепей.

Лая. Я чую шоргат. Шкрабецца хтосьці.

Сляпая. О! Гэта ранак галодны і злосны шкрабецца сваімі даўгімі і страшнымі кіпцямі, бо да нас ён дабрацца хоча.

Лая. Раніца...

Эна. Другая раніца. Толькі пяць дзён.

Сляпая (Кіну). Чаго ж хочаш ты?

Кін. Я табе нічога не скажу?

Лая (Сляпой). Вось чуеш. Ты не заслужыла. (Смяецца.)

Сляпая. Ты яшчэ раскажаш.

Кін. Вядома, раскажу.

Лая. Трэба адчыніць вакно.

Эна. Ты што! Там ходзіць ранак!!!

Сляпая. І сапраўды, лепей не рызыкаваць. Я спаць пайду. (Сыходзіць.)

Кін. Я таксама.

Лая. Я з табой.

Кін. Застанься лепей тут.

Лая. Ты сыходзіш без мяне?

Кін. Так, я цябе баюся. (Сыходзіць.) Я цябе кахаю! (За сцэнай.)

Лая (Эне). А што ж вы?

Эна. Я Нію пачакаю. Пакуль я маці ёй.

Лая. Я з вамі застануся.

Заслона.





АКТ II

Сцэна 1


Лая і Кін.

Лая. Кін! Кін... Як магла я падумаць у той раз, што пагляд беспрытульны твой знойдзе сустрэчу ў доме маім халодным? Парыў ветру знёс апошняе жаданне з кветак памятых, і я азірнулася, каб улавіць тваё мяккае маўчанне. Мёрзнуць у смузе нясмелай пачуцці асалоды пакорлівай і нераскрытай, і дзіўны смутак увесь Сыходзіць у нябыт, і месца саступае палаюча-невыказальнай цяге. Не ведала я што сказаць. І хада мая гордая не хацела ісці ў незнаёмы пад’езд, дзе бляклы бляск ліхтара там згасаў побач з крыкам дзвярэй. Як магла я змагалася, але ж белы сцяг заўважыла там на руінах. З кожным новым днём лета набіраў ён бязважкасць, каб у жнівеньскі вечар адзін непрыкметны ўскалыхнуць нам аблокі. І тады ад крокаў тваіх гладкіх у нябыт сышло процістаянне тое. І я ў палон да ворага каханага здалася з надзеяй, што яго перамагу. Я кідалася ў бой, і кроў губляла, ад пацалункаў ворага свайго. Ад ран я памірала, у нясмелых яго абдымках, і праклінала свайго я пераможцу. Няўжо гэта каханне? Няўжо такім яно бывае: несвядома-мёртвым, як патокі вадаспада. Я мерзла летам ад кахання твайго і бы ў агні пала ў лютыя марозы. Чаму, скажы, гатовая цябе забіць, калі я больш за ўсё цябе кахаю? Ці сапраўды, гэта і ёсць пачвара самая мярзотная ў свеце Каханне?

Кін. Каханне – самы страшны вораг наш. Як цмока шматгаловага яго не пераможаш: ссячэш адну ты галаву, і новая ўраз вырасце, другую – тое ж самае. І гэтак да бясконцасці. Бо нельга знішчыць той паром, што перавозіў нас праз бурную, чырвоную раку. У адчаі хваля вынесе на востраў нашы целы. Яны там прымуць сок атрутны, якім іх расстраляюць шчодра вочы, а востраў прапяе ім хваласпеў, падчас якога сок атрутны ўзбудзіць у крыві нашай і душах пачуцце самае жахлівае ў свеце – Каханне. Каханне слаўнае і горкае, цудоўнае, выдатнае й самотнае.

Лая. Ці памятаеш ля выгіна ракі зарослай крывую ты ракіту? Тады нам невыразна бераг жоўты праспяваў, што час ужо для нас прыйшоў.

Кін. Твае ўсмешлівыя вочы адчай мне толькі дадалі. Бо ад адной мне толькі думкі моташна ўраз стала, што пойдзеш да сябе ты зараз. А мне ж патрэбна так было тваё паветра, так неабходна адчуваць цябе і бачыць. І я не ведаў, як мне быць. Спыніўшы сваё беднае, змардованае сэрца, і цела сціснуўшы ў кулак, я што-ёсць моцы закрычаў: “Пакліч! Пакліч! Мяне ты да сябе!!!” Але не чула гэтых якатанняў, бо не крычаў я ўголас, то быў крык душы, які, бы нейкі няўлоўны прывід не адпускаў цябе і ўсё нашэптваў тое ж: “Пакліч! Пакліч! Мяне ты да сябе!!!”. І да тваіх ён валасоў нясмела датыкаўся, і на калені, што па-здрадніцку дрыжэлі, цябе саджаў, а то сціскаў тваю нервовую руку. Але не чула словы ты мае. “Пакліч! Пакліч мяне ты да сябе!!!” ў цябе не пранікала. Але я верыў, што тваё раз-пораз трапятанне – адказ на заклік мой. Ты не паклікала мяне. Пайшла, пакінуўшы свой толькі цень ў траве, які ў кішэню беражліва я схаваў. Чаму ж ты не паклікала мяне?

Лая. Я не магу табе на гэта адказаць. Занадта гэта для мяне складана. Але тады, і сапраўды, здавалася мне часам, што чую прывідны я заклік твой. Я верыла, што ў душы ты многае паспеў сказаць. Ніколі ў жыцці сваім такога я не чула. Чарот пра гэта, пэўна, мог пачуць. Ківаў ён нам, ды мы яго не заўважалі. Цябе паклікаць я хацела, але не ведала хто ты такі. Глядзі ж, цудоўна як, што ўсе ж такі цяперака мы разам!

Кін. Але ж адбыцца гэтае магло й раней, калі б тады мяне ты зразумела...

Лая. Казала я, здавалася, што чую дзесь твой шэпт. Але ж маўчаў ты.

Кін. Каб чуць, неабавязкова вушы мець, каб бачыць...

Лая. Не трэба...

Кін. ...мець вачэй.

Паўза

Лая. Раскажы аб гэтым сляпой.

Кін. У адрозненні ад нас, яна не сляпая. Яна бачыць і заўважае тое, што непадуладна нашым вачам. І не называй яе сляпой. Яе імя Мара ў гэтым доме.

Лая. Чаму ты не расказаў ёй пра сваю мару?

Кін. Нават і не ведаю, што тут сказаць.

Лая. У цябе няма мары?

Кін. Не. У сэнсе так. Але пра гэта цяжка казаць. Я не ведаю, што такое мара. Жаданне, ад якога што-небудзь залежыць. Альбо пункт у які я павінен прыйсці. Мара – гэта казка, абстракцыя, міраж. Нават не абавязкова дамагацца яе.

Лая. А што далей?

Кін. Калі міраж раптам ператворыцца ў нешта рэчыўна-трывалае, то гэта ўжо не мара.

Лая. Значыць я ніколі не буду імчаць на белым кані?

Кін. Чаму ж? Усё залежыць толькі ад цябе. Гэта можа і спраўдзіцца.

Лая. Калі я цябе зразумела, гэта мне не патрэбна?

Кін. Каму як.

Лая. Для цябе не галоўнае?

Кін. Так.

Лая. Для чаго ж мы тады жывем?

Кін. Для чаго? Каб шукаць мару і не спаймаць.

Лая. Гэта жыццё?

Кін. Гэта шчасце.

Сцэна 2


Кін, Лая і Эна.

Эна. Нія так і не прыйшла.

Кін. Напэўна, для яе так будзе лепей.

Лая. Як вы думаеце, яна дагнала цягнік?

Эна. Будзем спадзявацца, што так.

Кін. А калі не?

Лая. Яна павінна вярнуцца.

Кін. А калі не?

Лая. Што ты заладзіў: не ды не. Дзяўчынка дамаглася свайго, і хай яна будзе шчаслівая, калі іншыя не могуць гэтага зрабіць. А ёй быў такі наказ.

Кін (адыходзіць у бок). А што зараз?

Лая. Напэўна, ноч. Цёмна.

Эна. Не. Чацвёртая раніца. Проста шторы на вокнах.

Лая. Трэба іх прыбраць. Больш святла.

Кін. Гэтага нельга рабіць.

Лая. Добра.

Эна. Сляпой няма?

Кін. Мары няма.

Эна. Вельмі добра. У мяне бліскучая ідэя! Я ведаю, як падмануць раніцу. Вось, глядзіце. (Сыходзіць.)

Лая. Што з ёй?

Эна (уваходзіць з пакетам). Вось, глядзіце. Гэта каляровая папера. Тут напісана: “Дарагія дзеці! Перад вамі набор каляровай паперы, які дапаможа вам адкрыць для сябе цікавы свет творчасці. Вашая фантазія створыць з аднаго аркуша вялікую колькасць вясёлых звяроў і стракатых кветак. Для гэтага вам спатрэбяцца нажніцы, клей, кардон, а каляровая папера ўжо ёсць. Поспехаў у працы!”

Лая. Навошта гэта?

Эна. (дастае з пакету клей, нажніцы, кардон). Я знайшла простае выйсце. З гэтай каляровай паперы мы створым маскі і надзенем на сябе, а сляпая, можа, нас і не пазнае. Разумееце? Ужо чацвёртая раніца! Мы падманем Мару. Яна пойдзе адна. Мы застанёмся і будзем жыць як і раней.

Кін. А калі я не хачу жыць як раней?

Лая. Менавіта.

Эна. Падумай пра мяне. Калі ты нават не хочаш ні мінулага, ні сапраўднага, ты іх ужо ведаеш. Гэта твае браты. А будучыня – гэта тваё дзіцё. Як усе людзі, ты хочаш яго, але ты не ведаеш, якім яно вырасце. Гэта ты хоць разумееш? Гэта табе трэба!

Кін. У тваіх словах ёсць сэнс.

Эна. Паслухайце мяне. Я ліха не хачу. Чакаць чагосьці там не трэба. На што нам спадзявацца? Сэнс які? Няма нічога больш трывалага чым пастаянства. Ад гэтага цяпло.

Лая. Але калі заўсёды паліць сонца, то пачынаеш марыць ты пра снег. І марыш увабраць у сябе ўвесь зімні плач, які магчымы.

Кін. Уражаны. Ты зараз падабаешся мне моцна.

Лая. Дык не забудзь. Не ўпусці. Не думай.

Кін. Я пастараюся.

Эна. Дык што ж вы вырашылі?

Кін. Хай будзе тое, што павінна быць.

Лая. Ствару я маску буры мора, зялёнай бітвы ночы з ранкам, і каб адно тут толькі набліжэнне рукі пякло маю другую руку. Так будзе з кожным.

Эна. За справу!

Сядаюць і, саромеючыся паглядаў, працуюць. Пачатковае яднанне роднага механізма разбураецца пад сілай індывідуальных думак, і апарат целаў з якатаннем шын псуецца пад свіст і спевы вуснаў.
Сцэна 3

Тыя ж і сляпая



Мара нячутна ўваходзіць і адчувае працу мозга. Цішком падыходзіць да стала, але няўпэўненна, так як не знаёма добра з домам. Рукамі шукае паветра жыхароў. Адыходзіць ад Эны і Лаі. Даходзіць да Кіна.

Сляпая. Гэта я. Прывітанне.

Кін. Чаго ты хочаш?

Сляпая. Пагаварыць з табою.

Кін. Дык пачынай.

Сляпая. Што робіш ты?

Кін. Я? “Сумныя вочы ліловых палёў”.

Сляпая. Сімпотна.

Кін. Неабходна.

Сляпая. Для чаго?

Кін. Дзеля таямніцы.

Сляпая. Якой?

Кін. Неонавай.

Сляпая. І колкай.

Кін. Ад ціхага укола слёз ня будзе.

Сляпая. Ды будзе кроў, жыцця спыненне, і цягі бурнай, дрыжыкаў залішніх. Няпраўда гэта ўсё, зыход у тое, што мы назавем зыход у “нішто”, настрояў змена, дзікае жаданне закончыць шлях, нязмытага дажджом бяскрайняга асфальту часоў акулы ў шаломе і з мячом з даўжэзнай рукаяткай, сплеценай ўдвая і напалам разбітай трыма героямі, такімі ж стомленымі, як і я.

Кін. Пра што ты?

Сляпая. Ды ўсё пра тое ж. Калі адкрыешся ты мне ў сваім жаданні?

Кін. Ніколі.

Сляпая. Глядзі, табе ўсё ж давядзецца.

Кін. Ну а калі спадар падман у партэры сядзе і будзе палачкай па барабане стукаць?

Сляпая. Што ж, паспрабуй. Даведаюся я адразу. Ты думаеш, я не адрозню гледача ад выканаўцы?

Кін. Нічога тут не скажаш. Бязмерна быў бы я шчаслівы, як сястра, калі б ляжаў бы я ля мора і ціха астываў ад шчасця.

Сляпая. Сабраны рэчы?

Кін. Амаль (Дастае чамадан.)

Сляпая. Ну дык у дарогу!



Мяняецца мясцовасць. Крычаць чайкі, шум марскі, дэльфіна гук і спевы ракавінак цудных.

Кін. Вось гэта цуд! Які шчаслівы я!

Сляпая. Вярнуў дзяцінства ты.

Кін. Табе ўдзячны я.

Сляпая. Давай жа сябраваць.

Кін. Як недарэчна словы гэтыя гучаць. Як быццам нам з табою тры гады.

Сляпая. А няхай!

Кін. Давай тады дурэць! І вар’яцець!

Сляпая. Ха-ха!

Кін і Сляпая валяюцца на пяску, пераскокваюць адзін праз аднаго. Кін крычыць удалячынь чырвонаму сонцу. Сляпая хоча зразумець, каго ён пабачыў.

Кін. Э-ге-ге! Я бачу цябе! А-а! Не глядзі на мяне. Не чырваней, як нявеста, як яблык. Не ўцякай ад мяне! Э-э-э!



Кін прыслухоўваецца да ўсплёску хваляў, ад жаху ўвесь дранцвее, ускрыквае.

Кін. Рэха маўчыць.

Сляпая. Яно спіць.

Кін. Рана яшчэ. Сонца спаць не пайшло.

Сляпая. Ну, а Рэха дык раней вырашыла ісці адпачываць, бо стамілася за дзень яно так многа працаваць.

Кін. Не можа быць! Рэха не спіць! Рэха заўжды без толку крычыць! Нашто яму адпачываць? Баішся проста мне сказаць, што тут яно ніколі й не жыло. А значыцца мяне ты падманула.

Сляпая. Скажыце калі ласка, вось хамула! Хто першым з нас пачаў гульню? Не хацеў ты ні мора, не хацеў і дзяцінства. Ты мяне абдурыў, я цябе абдурыла. Вось і ўсё!

Кін. Дык з пачатку пачнём?

Сляпая. Што ж, пачнём! Толькі трэба вярнуцца з вакзала (У промнях знікаюць мора, пляж.). Што ты хочаш адкрыць?

Кін (азіраючыся). Разумееш, палохае мяне жаданне тут адно. Вось 20 год, як я хачу брывёю датыкнуцца да кута стала, але ж баюся, што край мне выб’е вока і буду я хадзіць, бы той цыклоп па полі.

Сляпая. Як моцна гэтага ты хочаш?

Кін. Так моцна, што часам на кут я гляджу і думкі сумненнямі поўныя мучаць: ці трэба? Пры гэтым жа моцна баюся. Колькі разоў ужо вока маё набліжалася, але стоп-кран сам сабою ўключаўся.

Сляпая. Ты зноў пра сваё. Хочаш мяне абдурыць, але трасцы, не веру табе. Ды глядзі ж, колькі ты не захоўвай сваю таямніцу – яе буду ведаць.

Кін надзявае сваю маску. Чутны гук вогнішча, лясная цішыня, вецер і кавыль.

Сляпая. Ау!

Кін. Я тут. (Уцякае ў бок.)

Сляпая (шукае яго рукамі). Дзе ты?

Кін. Знайдзі. Ха-ха.

Сляпая. Ха-ха-ха.



Мара, смеючыся, пра ўсё забыла і падае на стол. Разліваецца клей і капае на дол.

Эна. Гатова!

Лая. І ў мяне.

Эна і Лая надзяваюць маскі. Убачыўшы Сляпую, яны смяюцца і бегаюць па траве. Сляпая яшчэ працягвае смяяцца разам з усімі, але паступова яе смех пераходзіць у плач. Гульня працягваецца далей.

Сляпая. Ау!

Эна. Мы тут!

Лая. Мы тут!



Сляпая хоча іх злавіць, але не можа. Яна адпіхваюць, яна спатыкаецца, ёй цяжка. Яна плача, іншыя смяюцца. Смех аздабляе карагод блазнаў.

Сляпая. Пашкадуйце!

Эна. Не! Ха-ха-ха!

Лая. Злаві! Знайдзі!



Кіну надакучвае гульня. Ён хапае Мару і тая кладзецца ля яго. Чуецца рэзкі стук у дзверы.

Лая. Хто там?

Эна. Гэта пятая раніца!

Страх напампаваў іхнія жылы кроўю, і яны замітусіліся, як птушкі. Хацелі зняць маскі, але так і не змаглі. Узяўшы у рукі фарбы, яны пад іх колеры замазалі ўсю акварэль і ўцяклі. Сляпая дапамагла Кіну зняць маску.

Сляпая. Так будзе лепей.

Кін. Дзякуй. Як ты?

Сляпая. Як быццам.

Кін. Што гэта было?

Сляпая. Гэтую казку пасля я табе раскажу.

Кін. У яе шчаслівы канец?

Сляпая. Каму як.

Кін. Вось і слаўна.

Сляпая. А цяпер спаць. (Сыходзіць.)

Кін. Ідзі.
Сцэна 4

На сцэну выбягаюць Эна і Лая. Яны садзяцца на дол і выціраюць з абліччаў адна ў адной фарбу, але ў іх кепска атрымоўваецца.

Кін. Што такое?

Эна. Ад няўклюдных паглядаў расталі ўсе маскі.

Лая. Дапамажы нам.

Кін. Чым жа магу я вам дапамагчы?

Эна. Вады прынясі. (Кін сыходзіць.) Не выйшла! Не атрымалася!

Лая. А так добра ўсё йшло.

Эна. Так, не шанцуе нам. Мы прайгралі.

Лая. Але не саступілі. Ні ў чым!

Эна. Яна напалохана.

Лая. Гэта цудоўна.

Эна. Але..

Лая. Навошта мы ўсё гэта робім?

Эна (у страху). Так.



Кін прыносіць ваду. Эна і Лая сядаюць бліжэй да вады і акунаюцца ў зіхоткую асалоду чысціні, якая дрэмле.

Кін. Вы не бачылі чамадан? Тут быў чамадан.

Лая. Мы не бачылі.

Эна. Не бачылі.

Кін. Але як жа! Мама, памятаеш? Вельмі ж даўно, яшчэ на поўдні ён быў са мною. Не малы такі і не вялікі. Успомніла?

Эна. Такое нешта ўспамінаю. І што з таго?

Кін. Дык я яго шукаю. Бо дзесці быў ён тут.

Лая. Табе я спачуваю, але няма яго ў нас. Гатовая табе я паўтарыць яшчэ раз гэта.

Эна. Я ж пацвярджаю.

Кін. Не можа быць! Бо тут вось ён ляжаў! Яго з пакою я прынёс і быў на моры.

Эна. Спытай ты ў сляпой.

Кін. Тут толькі жук паўзе ў сваю нару.

Эна. Дзе?

Лая. Пакажы.



Эна і Лая, зацікаўленыя паведамленнем Кіна, падпаўзаюць да жука, назіраюць за ім. Яны забылі пра ўсё, і з празмернай уважлівасцю глядзяць толькі на жука, яны натыкаюцца, перапаўзаюць адна праз адну, асцярожна гуляюць з ім, пакуль Лая не раздушыла яго. Кін закрычаў ад болю. Эна па-старэчы закрылася рукамі. Лая замерла.

Кін. Нашто ты забіла яго? Як ты магла? Я цябе ненавіджу! Толькі, з-за гэтага толькі. Ты – забойца!

Лая (апамяталася). Няхай. Гэта ўсяго толькі шкоднік-жук.

Кін. Ён добры. Ты нічога не ведаеш.

Лая. Давай пачнём плакаць, рыдаць, біцца галавой аб сценку. Здаецца, гэта неразумна.

Кін. Ён табе замінаў?

Лая. Калі хочаш ведаць – так. Вельмі. Вельмі. Я не магла дазволіць сабе цярпець, што хтосьці завалодаў тваёй увагай. З-за гэтай мярзоты ты гатовы забіць мяне.

Кін. Ён будзе пахаваны ў тваіх валасах. Яму цяпер будзе цёпла і высока, а я, гледзячы на цябе, буду памятаць пра яго. Я буду моцна любіць твае валасы, твой лоб, узгорачак твой з маленечкай магілкай.

Лая. Я згодная.

Эна ўсміхаецца. Кін кавалачак каляровай паперы скручвае ў труну, кладзе жука, прымушае Лаю ўпасці на калені, затым заварочвае труну ў валасы. Калі ж зрабіў ён сваю справу, хвіліну памаўчалі ўсе.

Кін. Бывай, сябар. Мы будзем памятаць пра цябе, і ты не забывай пра нас. Ма, усміхніся, бо ўсё не так і кепска, як падаецца .


Сцэна 5

Кін, Лая, Эна, Нія, пазней псіхолаг.



Уваходзіць Нія. Яна падыходзіць да магільнага ўзгорка і кладзе засушаныя кветкі. Становіцца на адно калена. Кін гладзіць яе па галаве. Ёй прыемна, але яна стамілася.

Нія. Не пакутуй, не радуйся, жыві – не жыві. Мне холадна.

Лая. Бядачка, дзе ты прападала?

Эна. Я чакала цябе, ды не ведала, прыйдзеш ці не.

Кін. Ты дагнала цягнік?

Нія. Не, не змагала. Бегла цэлых два дні і ўпала на трэція суткі.

Эна. Вох. Ты засмучана?

Нія. О, што ты, не. Я вельмі радая, што выйшла менавіта так. Гэта нашмат лепей, чым сядзець ля вакна і не бачыць нат шкла. Блукала я проста па лесу, палям. І вельмі прыемна было мне.

Лая. Навошта тады ты вярнулася?

Нія. Прыйшла тэлеграма, што нехта памёр у нас.

Кін. Так паспела ты своечасова. Мы сябра пахавалі.

Нія. Мне вельмі шкода.

Эна. Ты ведала яго?

Нія. Я толькі чула пра яго. Дакладней, тыя гукі, якімі свет ён узбагачаў.

Лая. Гэта былі самотныя гукі?

Нія. Наўрад. Крыху душу маю яны і весялілі, і засмучалі гэтак жа крыху. Не заўважаў нічога ён навокал, калі спяваў адну і тую ж песню, я ж доўга слухала і хацела ведаць, хто гэта там трывожыць так мяне, і не дае спакою ў суровы час, калі вакол цябе адныя зоркі бляклыя і толькі. А гэта жук быў. Я спадзяюся, добра будзе яму там. (Лая паправіла магілу на галаве.) А як вы думаеце, пра што спяваў ён?

Лая. Магчыма пра каханне.

Кін. Альбо пра шчасце.

Эна. Альбо пра жыццё.

Нія. А раптам гэта песня была пра ўсё? Пра ўсё добрае на свеце? Га?

Эна. Мажа быць. Адпачні, дачушка. Ты стамілася з дарогі.

Нія. Вада! Я хачу апаласнуцца!

Лая. Мы табе дапаможам.

Эна. Кін, прынясі прасціну.



Кін Сыходзіць. Эна і Лая мыюць валасы Ніі. Вяртаецца з прасціной Кін і сядае побач.

Эна. Вось так! Вось так...

Лая (Ніі). У цябе добрыя валасы.

Нія. Якая мяккая вада! Я хачу плысці.

Лая. Зараз я падпіхну цябе.

Нія паплыла да буйка, што мільгаў на хвалях. Эна трывожна глядзіць на ціхі гарызонт, Лая закрывае вочы ад сонца і ўглядаецца ў пену мора, якая растае. Кін пераспыпае пясок і кідае ў мора плоскія каменьчыкі. Гук кропляў. Да берага падыходзіць псіхолаг.

Псіхолаг. Вучыцеся плаваць. Плаванне ўмацоўвае арганізм, развівае спрыт і цягавітасць. На вадзе заўсёды захоўвайце меры бяспекі. Купайцеся толькі ў асабіста пазначных, добра правераных месцах. Не скачыце ў ваду ў тых месцах, дзе глыбіня і рэльеф невядомыя. Не заплывайце далёка ад берага, за агароджаныя месцы для купання.



Кін насцярожыўся. Эна падскочыла. Лая ўсміхаецца. Ніі трапіла ў рот вада.

Псіхолаг. Не падплывайце да параходаў і баржаў падчас іхняга руху па рэках і азёрах.



Чутно, як недзе недалёка набліжаецца карабель. Нія што ёсць моцы грабе. Усе працягнулі ёй рукі. Лая апусціла галаву, каб схаваць смех.

Псіхолаг. Не купайцеся паасобку падчас шторму і калі паўсюль настала цемра. Не дурэйце ў вадзе. Гэта можа прывесці да трагічных выпадкаў. Памятайце пра меры бяспекі.



Нія пайшла да дна. Яе выцягнулі за валасы і аказалі першую дапамогу. Нія ачуняла. Яе загарнулі ў кароткую прасціну.

Псіхолаг. Памятайце пра меры бяспекі, а цяпер распішыцеся. (Падае паперу з ручкай Кіну, ён распісваецца. Падае Лае).

Лая. Мы пасля. Бачыце – кепска.

Псіхолаг. Так, бачу. Як вашыя справы? (Глядзіць на Кіна.) Даўно мы з вамі не бачыліся. Чаму вы не прыходзіце?

Кін. Таму, што на моры курортны сезон.

Псіхолаг. Вы адпачываеце?

Кін. Працую, работаю, думаю, разважаю.

Псіхолаг. У вас абгарэў нос. (Кін прыкладвае да носа кавалак паперы.) Так лепей. Сёння моцная гарачыня. Вас яна не дастае?

Кін. Пакуль не. Нават вочы больш не глядзяць.

Псіхолаг. Чатыры вокі? Цікава.

Кін. Але самае цікавае гэта тое, што скралі мой чамадан.

Псіхолаг. Вы ў гэтым упэўнены? Той самы чамадан, які быў у вас у дзяцінстве?

Кін. Так! Той самы. Я яго згубіў на моры. Ён сплыў, калі пачаўся адліў.

Псіхолаг. Вельмі цікавая гісторыя.

Кін. Вы не ведаеце, дзе ён можа быць зараз?

Псіхолаг. Я думаю, што за гэтымі дзвярыма.

Кін. Давайце прысядзем.

Псіхолаг. Можна.



Яны сядаюць. Нія заснула на каленях у маці. Лая дзьме на яе бровы.

Кін. У нас няшчасце. Памёр сябар.

Псіхолаг. Калі паміраюць сябры – гэта шчасце. Вашы таямніцы замкнутыя моцна й надзейна. Калі ж памірае вораг – вось гэта дык гора.

Кін. Як так?

Псіхолаг. Так як эмоцыі зыходзяць у нішто. У вас радасць: памёр сябар.

Кін. Гэта жук.

Псіхолаг. Тым болей. Ён мог распавесці іншым пра вашае мінулае. Цяпер жа будзьце вы спакойныя.

Кін. Я вас не пазнаю. (Твар псіхолага задае пытанне.) Вы злы.

Псіхолаг. А! Гэта. Я вас таксама не пазнаю.

Кін. Што?

Псіхолаг. Вы спакойны і ўпэўнены.

Кін. Я пра многае даведаўся і зразумеў.

Псіхолаг. Вы нашкодзілі сабе. Толькі псіхолагі ведаюць псіхалогію сваіх пацыентаў. Што вы маглі даведацца? Кіньце. Усё лухта. Заўтра прыгнятае вас, як цень маргарытку. Будзьце асцярожны. Вашая ўпэўненасць пацерпіць ад яловых капрызаў. А вось і знак!

Азірнуўшыся на сцяну, псіхолаг смяецца. Кін бяжыць прэч і падае.

Кін. Вока!!! Вока! Вока!

Псіхолаг. Не будзь надалей так упэўнены ты моцна. І памятай заўсёды, чатыры куты мае пакой, і з кожнага кута на цябе глядзіць вока. Адно драўлянае, як птушка – лебедзь у абдымках смерці. Другое шкляное, як бляклы мёд пагаслых свечак, што капае табе на пальцы. Трэцяе залатое, як балотны ручай, што трывожнымі гукамі радуе тваю збалелую душу. Чацвёртае ж вока закрытае.

Кін. Прабач. Я буду памятаць. (Глядзіць на чацвёрты кут.) Пачвара ты скалістых сценаў, о, не глядзі ж ты так, прашу! Не выпрабоўвай трывогу цела майго. Мне кепска. Не глядзі і нат не думай ты спазнаць, што прыгнятае нашчадка чалавечага так моцна, у момант перадранішні размыты. Што хочаш выявіць сваім цяжкім паглядам, у якім каварства шмат і гожых твараў? Ты хочаш вырваць сэрца? Але яго не атрымаеш, так як і розуму мяне ты не пазбавіш! Сыйдзі! Я заклінаю. І позірк прыбяры свой. Хто ты? Мой сябар альбо вораг? Адказвай, баязлівец! Не хочаш? Знік! Заплюшчыў сваё вока (Падае бяз сілаў.)

Псіхолаг. Ён спіць. І сніць ён дзіўны сон. Захочаце каб распавёў ён вам яго, і зможаце вы нават зразумець той сон, але ці варта ведаць таямніцу снення, не скажа, пэўна, з вас тут ні адна. Шукайце ў здагадках вы карысць, і родных вы на вуліцу не клічце спяваць і танцаваць. Пакутуйце вы лепей у адзіноце, лічыце кубікі на вашых усіх платах, пакуль не скончыцца ўсход. Стварайце выбухі й бывайце! (Сыходзіць.)
Сцэна 6

Эна, Лая і Кін з Ніяй, якія спяць.

Эна. Цікава глядзець на спячых звяроў.

Лая кладзе галаву Кіна на свае калені, і жанчыны сядзяць, як дзве мадонны, час ад часу ўсміхаюцца і глядзяць на сонныя твары сваіх дзяцей.

Лая. Сівы волас. Нічога сабе.

Эна. Вырві яго. У гародзе нашым не патрэбная трава ліхая. Ня варта ёй тут быць.

Лая. І бачная маршчынка.

Эна. Дык прыбяры яе. Выбоіна нам на дарозе не патрэбна. Нашто?

Лая. Краёчкі вуснаў усміхаюцца сур’ёзна, як быццам ён задумаўся аб нечым, ці штосьці прыгнятае тут яго. Вось толькі б не прачнуўся!

Эна. Так, напалохаўся хлапчына не на жарт.

Лая. Віна вялікая вар’яцкіх тут дзвярэй. Калі адчыняцца, нас тут ня будзе. Чакай жа зменаў ты і не сумуй.

Эна. А на душы ўсё ж неяк мне адной трывожна.

Лая. Вось як і мне. Усё неяк крыўдна.

Эна. Дык будзьце вы шчаслівымі. Бо ўсё вам на карысць. Паўднёвыя вятры насенне не знясуць. Яны вам сонца й дождж падораць.

Лая. А таксама восень...

Эна. І раніцу... І як сваё дзіцё ратуй і беражы, бо так заведзена.

Лая. Старацца буду. Слова я даю.

Эна. Ну вось і добра. Веру я. (Нія ўстрапянулася.) Уздрыгнула. Яе таксама штосьці тут трывожыць. Цікава толькі што?

Лая. Магчыма, вуха да грудзей прыкласці трэба. Тады пачуеце.

Эна. Суцэльны стук. Затым маўчанне. І невыразны нейкі гук.

Лая. І ўсё?

Эна. І ўсё.

Лая. А размова? Мова? Словы? Словы хоць якія?

Эна. Маўчыць. Ад маці таямніцу хоча захаваць.

Лая (гэтаксама прыслухоўваецца да сна Кіна). І гэты нічагуткі не гаворыць.

Эна. Няхай. Прачнуцца – загавораць.

Лая. Ці праўда? Нешта я не веру!

Эна. Пабачым.

У Кіна неспакойны сон. Ён круціцца. Яго акружае страх, і Кін адступае. Абарона спынена.

Лая. Крычыць ён нема.

Эна. Як рачны трыснёг.

Лая. Ці памятаеце вы словы той жанчыны, аб тым, што ў снах ёсць сэнс? Схаваны толькі ён ад нашых думак і вачэй. Павінен Кін нам расказаць што бачыў.

Эна. Цішэй кажы, а то прачнецца і сон свой недасніць.

Лая. Тады маўчу.



Напружана сядзяць. Цішыня. Толькі ўзмах рукі Ніі ды хваляванне вуснаў Кіна.

Лая (шэптам). Здаецца, прачынаецца.

Эна. Бачу.

Лая. Мой даражэнькі, ты прачнуўся?

Кін (моліць). Адпусці!

Лая. Што такое? Яшчэ цябе не адпускае сон?

Кін. Так, я тут.

Эна. І што ў сне ты бачыў?

Кін. Не ведаю, не памятаю, глядзець не хачу.

Лая. Ты павінен яго расказаць.

Кін. Добра, але пад вечар.

Эна. Вечар патануў у сваёй усмешцы, і поўня памадай упрыгожыла дахі.

Кін. А я не заўважыў.

Лая. Ты спаў і не бачыў заходу.

Эна. І змяркання...

Кін. ...вас.

Нія (выцягвае рукі і пачынаецца). Я ўся мокрая.

Эна. Нічога, вецер плечы прасушыць.



Моўчкі, усе чакаюць з’яўлення ветру.

Лая. Раскажы свой сон.

Эна. Калі ласка.

Кін. Я саромеюся.

Нія. Мы не будзем глядзець. Заплюшчым вочы.

Кін. Не, лепей выключыць святло. (Святло выключаецца.)


Сцэна 7

Трывожная музыка, поўная цемра.

Голас Кіна. Я не ведаю, дзе я быў. Мільгалі цені людзей. Я чуў крыкі вершнікаў. Чуліся грымоты. Я ішоў па залу ў жаночай сукні. Было позна. І ўвайшла ты...
Заслона.

  1   2


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка