Міжнароднае і еўрапейскае права ў фармаванні правапарадку краін Усходняй Еўропы




Дата канвертавання29.05.2016
Памер72.62 Kb.
Міжнароднае і еўрапейскае права ў фармаванні правапарадку краін Усходняй Еўропы

Тэндэнцыі развіцця нацыянальнага права ў краінах Усходняй Еўропы

Рэфармаванне нацыянальнай прававой сістэмы – адзін з самых важных працэсаў, якія адбываюцца ў грамадствах Усходняй Еўропы пачынаючы ад 90-х гг. ХХ ст. Гэты працэс ахоплівае ўсе галіны права і беспрэцэдэнтна адкрывае нацыянальныя прававыя сістэмы міжнароднаму праву, спрыяючы абмену, запазычанню, імплементацыі, узгадненню адаптацыі нормаў, прынцыпаў і інстытутаў, якія ўзніклі першапачаткова ў іншых прававых сістэмах.

Міжнароднае права набыло за апошнія 50 гадоў значэнне адной з асноўных крыніц права, стварыўшы падставу, якая дазваляе параўноўваць розныя прававыя сістэмы і правапарадкі паміж сабой на пэўнай нарматыўнай аснове. Падобны стан прававых сістэм робіць запатрабаванымі як ніколі кампаратывісцкія даследаванні, якія знаходзяць заканамернасці ва ўнікальных пераўтварэннях, што ахапілі краіны, рэгіёны і народы рэгіёна. Сёння юрыдычныя веды не маюць нацыянальных межаў і авалоданне неабходным і поўным веданнем права магчымае толькі пры здольнасці пераадолець падобныя межы.

Даследаванне стану сучасных нацыянальных прававых сістэм з'яўляецца ўмовай забеспячэння эфектыўнасці рэформаў і магчымасці развіцця права. Першая секцыя з'яўляецца пляцоўкай для абмеркавання аспектаў уплыву, які аказваюць у цяперашні момант міжнароднае і еўрапейскае права на нацыянальны правапарадак, і разлічаная на ўдзел у ёй студэнтаў, якія спецыялізуюцца па самых розных галінах права. Другая секцыя закліканая аб'яднаць даследчыкаў на падставе іх супольнай зацікаўленасці ў разуменні сутнасці трансфармацый, якія адбываюцца як у шырокім маштабе ўсёй нацыянальнай прававой сістэмы, так і на мікраўзроўні асобных праваадносінаў пад уплывам унутраных і вонкавых фактараў.



Беларусь і еўрапейская ідэнтычнасць

Задача секцыі – абмеркаванне шырокага кола праблем, аб'яднаных канцэптам "еўрапейская ідэнтычнасць". Пры гэтым асноўная цікавасць – паглядзець на гэтую праблему з ракурсаў розных сацыяльных і гуманітарных навук, што надае праблемнаму полю секцыі міждысцыплінарны характар. Звяртаючыся да еўрапейскай ідэнтычнасці, мы, натуральна, жадаем зразумець, на якім этапе яе развіцця знаходзіцца Беларусь. У чым сэнс выразу "еўрапейская Беларусь"? Ці трэба страціць сябе, каб стацца "Еўропай"? Што мы набываем у выпадку "еўрапеізацыі"? Якія сацыяльныя, культурныя, палітычныя, эканамічныя перадумовы станаўлення еўрапейскай ідэнтычнасці? Хто з'яўляецца суб'ектам еўрапейскай ідэнтычнасці? Кім ёсць еўрапеец? Вось толькі частка тых пытанняў, якія хацелася б абмеркаваць на секцыі.



Турызм у XXI ст.: навакольнае асяроддзе, спадчына, ідэнтычнасць і глабалізацыя

Актыўнае развіццё індустрыі турызму ўсё больш уплывае на розныя бакі жыцця чалавека. Актуальнымі праблемамі робяцца ўздзеянне турызму на навакольнае асяроддзе, стратэгіі эксплуатацыі культурнай спадчыны, канструяванне новых і захаванне старых формаў ідэнтычнасці. Плануецца, што падчас працы секцыі будуць разгледжаныя перспектывы ўзаемадзеяння глабальных і рэгіянальных тэндэнцый у развіцці турызму ў Рэспубліцы Беларусь напачатку XXI ст.



Праблемы інтэрпрэтацыі гістарычнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага

Гісторыка-культурная спадчына ВКЛ з'яўляецца здабыткам некалькіх народаў, найперш – літоўскага і беларускага. Паўстанне сучасных нацыянальных дзяржаваў выклікала новы віток дыскусіі адносна інтэрпрэтацыі розных падзеяў і асобаў агульнага мінулага. Мяркуецца, што секцыя станецца добрай пляцоўкай для працягу гэтай размовы, дазволіць наблізіцца да больш глыбокага і адэкватнага разумення сярэднявечнай гісторыі абодвух народаў.



На шляху ды незалежнай Беларусі: праблемы станаўлення беларускай нацыі і дзяржаўнасці

Тэматычныя прыярытэты секцыі не абмежаваныя выключна аналізам падзей мінулага. Шлях беларускага народа да мадэрнай нацыянальнай дзяржавы шмат у чым унікальны. Ён пачаўся ў ХІХ ст., але і напачатку ХХІ ст. яго нельга лічыць завершаным. Якую ролю ў гэтым працэсе адыгралі БНР і БССР, нацыянальны рух у Беларусі і эмігранцкая супольнасць? Ці пакідае месца постіндустрыяльная рэчаіснасць для рэалізацыі этнанацыянальнага праекта? Ці ёсць сэнс шукаць іншы праект, адэкватны ўнікальнасці Беларусі? Цяжкая спадчына таталітарнага мінулага і выклікі сучаснасці ствараюць кантэкст для разважанняў пра гісторыю і сучасныя праблемы беларускай нацыі.



Гісторыя штодзённасці Беларусі

Антрапалагічны падыход павярнуў навукоўцаў тварам ды "малога" чалавека, прадэманстраваў каштоўнасць асобных жыццёвых гісторый як крыніцы асэнсавання і адчування "вялікіх" падзей. Гісторыя штодзённасці сталася альтэрнатывай генералізаваным гістарычным наратывам мадэрну, якія пакідалі па-за ўвагай спосаб існавання і побыт звычайных людзей, іх звычкі і традыцыі, мары і памкненні, адносіны з наваколлем і ўладай. Мяркуецца, што секцыя падсумуе вынікі развіцця гэтага накірунку беларускай гістарыяграфіі цягам апошніх гадоў.



Медыякультура: аналіз, інтэрпрэтацыя, крытыка

Секцыя прысвечаная праблеме інтэрпрэтацыі сучаснай медыякультуры ў міждысцыплінарным кантэксце – з пункту гледжання культурнай тэорыі, філасофіі, сацыялогіі, антрапалогіі, тэорыі камунікацыі, лінгвістыкі, гісторыі, палітычных навук і г.д. Секцыя можа ўключаць даклады па наступных кірунках (але не абмяжоўвацца імі): "старыя" і "новыя" медыі – агульнае і адметнае (what is "new" about new media); генеалогія медыя (у філасофскім і сацыяльным аспектах); антрапалагічныя аспекты высокатэхналагізаванай штодзённасці; кінематограф як рэпрэзентацыя і форма крытычнай рэфлексіі медыялізаванай рэальнасці; інтэрактыўнасць VS інтэрпасіўнасць у кантэксце палітычнага жыцця соцыума; мова новых медыяў; медыялізаванае асяроддзе гарадской прасторы; праблемы рэгуляцыі доступу да ведаў і культурнай прадукцыі ў эпоху Інтэрнэту; тэхналогіі сачэння (iSpy) і этыка-прававыя аспекты іх выкарыстання; лёс медыя- і Net-арту ў эпоху DIY культуры; трансмедыя – новыя фарматы і жанры медыякультуры ў эпоху медыяканвергенцыі; новыя медыі, альтэрнатыўная культура і палітычная перфарматыўнасць.



Гендарныя даследаванні: ад тэорыі да практыкі

Секцыя прысвечаная актуальным праблемам гендарных даследаванняў. Асаблівая ўвага надаецца гендарнай тэорыі, а таксама практычнаму выкарыстанню гендарных даследаванняў на постсавецкай прасторы. Секцыя можа ўключаць даклады па наступных кірунках (але не абмяжоўвацца імі): Гендар: прыватнае і публічнае; Гендарная адукацыя для НДА; Гендар і поп-культура; Гендарныя аспекты найноўшых інфармацыйных і аўдыёвізуальных тэхналогій; Гендар, Інтэрнэт і віртуальныя ідэнтычнасці; Гендарная оптыка ў літаратуры; Гендар, сэксуальнасць, улада; Квір-тэорыя і практыка ЛГБТ рухаў; Трансгендарныя тэорыя і практыка; Гендар і нацыяналізм; Гендарнае вымярэнне эканомікі і фемінісцкая крытыка неаліберальнай палітэканамічнай тэорыі; Мужчыны ў фемінізме; гендарныя калізіі постсацыялістычнага грамадства.



Сучасныя сацыяльна-палітычныя працэсы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе

У межах працы секцыі мяркуецца закрануць пытанні, звязаныя з праблематыкай рэгіёна, выявіць тэндэнцыі, агульныя для краін, якія ў яго ўваходзяць. Дакладчыкам прапануецца прысвячаць выступы як агульнатэарэтычным пытанням у межах заяўленага ў тэме праблемнага поля, так і аналізу пэўных кейсаў, праца з якімі дазволіць прыйсці да абагульненняў тэарэтычнага характару. Вітаюцца даклады ў межах паліталагічнай, сацыялагічнай і філасофскай парадыгмаў.



Віртуальны ўніверсітэт: праблемы дыстанцыйнай адукацыі

Пошук адказаў на пытанні: як новыя тэхналогіі змяняюць уяўленне пра традыцыйны ўніверсітэт? Блогі vs Універсітэты: хто каго? Чаму можна навучыцца ў сеціве і нельга навучыцца ў блогах. Віртуальныя аўдыторыі традыцыйных універсітэтаў. Выкарыстанне сістэм для навучання дыстанцыйна: досвед па той бок экрана. Магчымасці і перспектывы для дыстанцыйнай адукацыі ў Беларусі.



Свабода, кантроль і салідарнасць у эпоху глабалізацыі

У цэнтры ўвагі секцыі – спектр міждысцыплінарных пытанняў і праблем, звязаных з узгадненнем (гарманізацыяй) індывідуальных, групавых, карпаратыўных, грамадскіх і ўладных інтарэсаў у глабалізуючымся свеце. У гэтым кантэксце прадметам разгляду могуць стаць такія тэмы, як свабода і кантроль у ліберальных і аўтарытарных грамадствах; новыя мадэлі сацыялізацыі ва ўмовах цякучай сучаснасці; сацыяльная салідарнасць і палітычны ўдзел у грамадстве спажывання; дылемы індывідуалісцкага (ліберальнага) і камунітарысцкага светапоглядаў у грамадстве рызыкі; індывідуальная і калектыўная трансфармацыя сацыяльных стэрэатыпаў ва ўмовах глабальнай міграцыі; дэвіянтныя паводзіны асобы ў постмадэрных грамадствах і інш.



Вобразы сучаснасці ў мастацтве

Не сакрэт, што мастацтва даўно ўжо не ёсць ізаляванай сферай узнёслага і чароўнага і сёння з'яўляецца адным з найболььш адчувальных індыкатараў, які актыўна рэагуе на рознага кшталту сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя і культурныя пераўтварэнні. У межах секцыі мы прапануем абмеркаваць наступнае кола пытанняў: Што такое сучаснае/актуальнае мастацтва? Як узаемадзейнічаюць палітыка і мастацтва? Ці павіннае сучаснае мастацтва прадавацца і быць камерцыйна паспяховым? Якія асаблівасці знаходжання класічнай мастацкай спадчыны ў сучасных культурных умовах? Ці можна казаць пра сучаснае беларускае мастацтва сёння і інш.



Крэатыўныя практыкі ў гарадской прасторы

"Крэатыўнасць" стала адным з ключавых паняццяў, якія апісваюць дынаміку развіцця сучасных гарадоў і маюць на ўвазе, у прыватнасці, своеасаблівую рэанімацыю гарадскіх прастораў. Аднак наколькі сапраўды прадуктыўным і ўнутрана несупярэчлівым ёсць падыход падобнага кшталту? Наколькі ідэя "крэатыўнага горада" ёсць сапраўды грунтоўнай?



У межах гэтай секцыі вітаюцца працы, у якіх будуць прапанаваныя сучасныя падыходы да аналізу гарадской прасторы як прасторы "крэатыўных практык". Пад "крэатыўнымі практыкамі" разумеюцца як розныя спосабы планавання і арганізацыі горада пад уплывам "крэатыўных індустрый" (турызм, рэклама, дызайн, інфармацыйныя тэхналогіі і г.д.), так і розныя спосабы альтэрнатыўнага/крэатыўнага выкарыстання прастораў горада для некамерцыйных мэтаў. Найбольш цікавымі для гэтай секцыі ёсць працы, якія знаходзяцца на міждысцыплінарным стыку (сацыялогія, мастацтвазнаўства, дызайн, культурныя даследаванні, філасофія і інш.) і прысвечаныя аналізу постсавецкіх і ўсходне-еўрапейскіх гарадоў; зрэшты, прыклады з іншых рэгіёнаў таксама вітаюцца.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка