Міжкультурная камунікацыя І міжкультурнае навучанне як фактар сацыякультурных змен у сучаснай інфармацыйнай прасторы




Дата канвертавання12.05.2016
Памер88.71 Kb.

Ганна Басава


Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

МІЖКУЛЬТУРНАЯ КАМУНІКАЦЫЯ І МІЖКУЛЬТУРНАЕ НАВУЧАННЕ ЯК ФАКТАР САЦЫЯКУЛЬТУРНЫХ ЗМЕН

У СУЧАСНАЙ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ПРАСТОРЫ

Працэс глабалізацыі прыводзіць да пашырэння ўзаемасувязей і ўзаемазалежнасці розных краін, народаў і культур. Сёння немагчыма знайсці этнічныя агульнасці, якія не адчулі б на сабе ўздзеяння як з боку культур іншых народаў, так і з боку больш шырокага грамадскага асяроддзя, існуючага як у асобных рэгіёнах, так і ў свеце ў цэлым. Гэты ўплыў ажыццяўляўляецца праз культурныя абмены і прамыя кантакты паміж дзяржаўнымі інстытутамі, сацыяльнымі групамі, грамадскімі рухамі, навуковае супрацоўніцтва, гандаль, турызм і г.д. Аднак развіццё розных форм міжкультурных кантактаў апярэджвае развіццё навыкаў камунікацыі паміж прадстаўнікамі розных культур і гістарычна сфарміраваных культурных мадэлей. Глабальныя змены ў палітыцы, эканоміцы і культуры суправаджаюцца таксама раз’яднаннем культур і народаў, выклікаюць у некаторых нацый імкненне да культурнага самасцверджання і жадання захаваць уласныя культурныя каштоўнасці. У выніку мы з’яўляемся сведкамі шматлікіх этнарэлігійных канфліктаў, росту нацыяналістычных настрояў, рэгіянальных фундаменталісцкіх рухаў і інш. У гэтых супярэчлівых умовах узнікае неабходнасць больш грунтоўнага даследавання усіх гэтых працэсаў у кантэксце ўзаемадзеяння і ўзаемаўплыву культур – міжкультурнай камунікацыі, якая выступае важным фактарам рэгуляцыі як унутранага жыцця, так і ўзаемаадносін паміж краінамі.

Журналістыка і міжнародная журналістыка ў прыватнасці адыгрывае ў гэтых працэсах першаступенную ролю з прычыны характару працы занятых у данай сферы людзей. Па-першае, менавіта таму, што інфармацыя і ўвесь корпус тэхналагічных навацый, што забяспечваюць яе функцыянаванне ў соцыуме, непасрэдна вызначаюць змястоўны і фармальны бакі прафесійнай журналісцкай дзейнасці. Па-другое, існуе надзвычай дынамічны і маючы тэндэнцыю да экспатэнцыяльнага росту накірунак трансфармацыі ўсёй сістэмы СМІ. Сучаснае грамадства ўступае ў новую фазу інфармацыйнага развіцця ў абставінах узмоцненага ўплыву інфармацыі на прагрэс чалавецтва, хуткасць атрымання, аб’ём і якасць якой становяцца фактарам устойлівага і эфектыўнага функцыянавання сацыяльна-эканамічных сістэм. З’яўленне новых каналаў сувязі забяспечвае грамадству ў цэлым і кожнаму асобнаму грамадзяніну ў прыватнасці доступ да глабальнага тэлебачання, радыёвяшчання, да сусветнай сеткі газет, часопісаў, інфармацыйных агенцтв. Сёння пры вялікай значнасці кожнай з сістэм СМІ ўсе яны ўзаемадзейнічаюць, аб’ядноўваюцца і дзякуючы гэтаму ствараюць для сябе новыя магчымасці ў распаўсюджванні інфармацыі. Такая сітуацыя аб’ектыўна стымулюе актыўны творчы пошук новых напрамкаў у аналізе сацыякультурных змен, што даследуюць і інтэрпрэтуюць яго фактары і ствараюць новыя тэарэтычныя мадэлі міжкультурнай камунікацыі.

Паколькі міжкультурная камунікацыя – адносна новая навуковая і прыкладная дысцыпліна, існуюць разыходжанні ў яе разуменні і трактоўцы. У розных публікацыях сам тэрмін «міжкультурная камунікацыя» ўжываецца ў трох значэннях: як навуковы напрамак у сферы гуманітарных навук, г.зн. як поле пошукаў; як універсітэцкі прадмет (дыдактычны аспект); як непасрэдны працэс зносін паміж прадстаўнікамі розных культур. Таму тэорыя міжкультурнай камунікацыі разглядаецца як міжпрадметная інтэгратыўная навука з улікам сінтэзу ведаў у галінах прагмалінгвістыкі, сацыяльнай псіхалогіі і этналогіі. Міжкультурныя зносіны індывідаў шмат у чым вызначаюцца сацыяльным кантэкстам, ідэалагічным і эканамічным становішчам дзяржаў, лагічнасцю іх палітычнага кіравання. Грамадства нават унутры этнічнай цэласнасці, у асяроддзі людзей, якія гавораць на адной мове, полікультурнае, і дэмаркацыя культур можа праходзіць па розных крытэрыях: не толькі этнічным, але і ўзроставым, гендарным, статусным, прафесійным, карпаратыўным, каштоўнасным і г.д. Кожная этнічная група як сістэма каштоўнасцей і сэнсаў змяшчае ў сабе пэўныя ўяўленні аб структураванні свету і культуры ў цэлым, аб месцы сваёй этнакультуры сярод іншых, аб адзінстве і шматстайнасці культурнага Універсуму. Вялікае значэнне ў гэтым працэсе маюць тыя ўяўленні пра свет, якія фарміруюцца ў межах рэлігійных сістэм. На аснове сфарміраванай этнічнай карціны свету выпрацоўваюцца і адпаведныя стратэгіі яе сацыяльнага аднаўлення. Гэтыя стратэгіі з’яўляюцца адначасова ўзорамі паводзін міжэтнічных адносін.

У працэсе ўнутрыэтнічнай камунікацыі фарміруецца этнаэтыкет – мова зносін, паняційны апарат якой дазваляе партнёрам у розных жыццёвых сітуацыях заняць ралявыя пазіцыі, якія адпавядаюць важнейшым прыкметам асобы – полу, узросту, сацыяльнаму статусу. Гэта азначае, што этыкет – не толькі набор правілаў паводзін, але і феномен культуры, які падкрэслівае, сцвярджае і санкцыянуе нейкую сукупнасць важных культурных каштоўнасцей, закладзеных у кожную сацыяльную структуру. Таму даследаванне этыкету не можа быць абмежавана традыцыйным падыходам: вывучэннем знешніх, пераважна вербальных праяў этыкетных паводзін – стандартных формул прывітання, развітання, падзякі, прабачэння, ужывання іншаказаў, неінфарматыўнага маўлення, наяўнасці забароны на тыя ці іншыя выразы і інш. Адрозненні ў мовах, нацыянальнай кухні, вопратцы, нормах грамадскіх паводзін, адносінах да выкананай працы часта робяць гэтыя кантакты складанымі і нават немагчымымі. Але гэта толькі прыватныя праблемы міжкультурных кантактаў. Асноўныя прычыны іх няўдач ляжаць за межамі відавочных адрозненняў. Яны – у адрозненнях светаадчування, гэта значыць іншым дачыненні да свету і да іншых людзей. Галоўная складанасць, якая перашкаджае паспяховаму вырашэнню гэтай праблемы, заключаецца ў тым, што мы ўспрымаем іншыя культуры праз прызму сваёй культуры, таму нашы назіранні і заключэнні абмежаваныя яе межамі. З вялікай цяжкасцю мы разумеем значэнні слоў, учынкаў, дзеянняў, якія не характэрныя для нас саміх. Наш этнацэнтрызм не толькі перашкаджае міжкультурнай камунікацыі, але яго яшчэ і цяжка распазнаць, паколькі гэта неўсвядомлены працэс. Адсюль напрошваецца выснова, што эфектыўная міжкультурная камунікацыя не можа ўзнікнуць сама па сабе, ёй неабходна мэтанакіравана вучыцца.

Міжкультурная камунікацыя як вучэбная дысцыпліна выкарыстоўвае дасягненні культурнай антрапалогіі і даследаванняў па камунікацыі. Вывучэнне міжкультурнай камунікацыі прадугледжвае знаёмства з такімі з’явамі і паняццямі, як прынцыпы камунікацыі, асноўныя функцыі культуры, уплыў культуры на ўспрыманне і камунікацыю ў яе розных сферах і відах, параметры для апісання ўплыву культуры на чалавечую дзейнасць і інш. Уласна працэс станаўлення міжкультурнай камунікацыі як вучэбнай дысцыпліны пачаўся ў 1960-я гг., калі гэты прадмет пачалі вывучаць у шэрагу ўніверсітэтаў ЗША. У Еўропе пачатак даследаванняў у галіне міжкультурнай камунікацыі быў закладзены ў Германіі ў 1980-я гады мінулага стагоддзя (Мюнхен, Ена). У Расіі ідэі міжкультурнай камунікацыі сталі актыўна развівацца ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Першапачаткова яны былі звязаны са зменамі парадыгмы навучання замежным мовам: для эфектыўнага ўсталявання міжкультурных кантактаў неабходны не толькі моўныя, але і культурныя навыкі і ўменні.

Адсутнасць адзінага тэарэтыка-метадалагічнага падыходу да вывучэння міжкультурнай камунікацыі ўскладняецца розным разуменнем тэрміналогіі дадзенай сферы ў розных навуковых традыцыях. У навукова-тэарэтычных тэкстах, прысвечаных праблеме камунікацыі, часцей за ўсё паняцце міжкультурнай камунікацыі ўжываецца ў значэнні ўзаемадзеяння двух удзельнікаў камунікатыўнага акта, якія належаць розным нацыянальным культурам. У межах расійскай навуковай традыцыі, якой прытрымліваемся і мы ў нашым дапаможніку, тэрмін міжкультурная камунікацыя (міжмоўная камунікацыя, міжкультурная інтэракцыя, інтэркультурная камунікацыя) звязаны з абменам ведамі, ідэямі, думкамі, канцэптамі і эмоцыямі паміж людзьмі розных нацыянальных культур [1, с. 34].

Міжкультурная камунікацыя, з’яўляючыся фактам паўсядзённага жыцця, ускладніла ўспрыманне свету чалавекам і працэс самаідэнтыфікацыі. У выніку сацыяльная цэласнасць сучаснага чалавека, якая пастаянна абнаўляецца, усё больш фрагментуецца. Сітуацыі міжкультурнага ўзаемадзеяння паказваюць яго неадназначнасць і складанасць. Не заўсёды партнёры па камунікацыі задаволены зносінамі з прадстаўнікамі іншай культуры. Ужо стала аксіёмай у сацыялогіі культуры і культурнай антрапалогіі фіксацыя стэрэатыпаў на тэму «чужая культура – заўсёды брудная». На тое шмат прычын: і адносіны да іншай культуры як «чужой», і інерцыйнасць мыслення, і этнацэнтрызм. Усё гэта стварае перашкоды ў міжкультурных зносінах.

Пераадоленне міжкультурных камунікацыйных бар’ераў закладзена ў асноўнай ідэі Э. Хола і яго паслядоўнікаў. Даследчыкі прызналі неабходнасць навучання культуры зносін з іншымі народамі, бо, калі культуру можна вывучаць, то атрыманыя веды можна выкладаць. Таму было прапанавана не проста зрабіць міжкультурную камунікацыю прадметам навуковых даследаванняў, але і звярнуцца да яе як да тэмы самастойнага вучэбнага курса. На думку Э. Хола, галоўная мэта вывучэння праблем міжкультурнай камунікацыі – гэта асвойванне практычных патрэб прадстаўнікоў розных культур для іх паспяховых зносін аднаго з адным (у далейшым гэта дазволіла развіваць тэорыю «культурных мадэлей узаемадзеяння» – cultural patterns of interaction) [2, с. 39].

Першапачатковы зварот да праблематыкі міжкультурнай камунікацыі ў еўрапейскім навуковым супольніцтве быў зроблены педагогамі-практыкамі, якія ў сваёй працы выкарыстоўвалі асобныя краіназнаўчыя аспекты. Менавіта такая ініцыятыва выкладчыкаў замежнай мовы прывяла да станаўлення спецыяльнай дысцыпліны па камунікацыі ў айчыннай навуцы і сістэме адукацыі. Стала відавочным, што паспяховыя глыбокія кантакты з прадстаўнікамі іншых культур немагчымы без тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў кроскультурнага ўзаемадзеяння. У шэрагу вышэйшых навучальных устаноў у вучэбныя планы была ўключана вучэбная дысцыпліна «Міжкультурная камунікацыя», якая мела на мэце падрыхтоўку студэнтаў да эфектыўных міжкультурных кантактаў, найперш, на ўзроўні штодзённых міжасобасных зносін.

Неабходнасць у ведах пад агульнай назвай «Міжкультурная камунікацыя» адчуваецца ва ўсё больш разнастайных сферах жыцця, што пацвярджаецца з’яўленнем у розных універсітэтах свету такіх курсаў, як «Персанальная камунікацыя ў міжкультурным супастаўленні», «Міжкультурная камунікацыя і крыміналогія», «Міжкультурная камунікацыя і ахова здароўя», «Міжкультурная камунікацыя і глабальнае навакольнае асяроддзе», «Міжкультурная камунікацыя і планаванне сям’і» і інш.

Беларусь традыцыйна лічыцца дзяржавай з высокім узроўнем талерантнасці ва ўсіх сэнсах гэтага слова, аднак праблемы ў полі сацыяльных і ўласна культурных практык робяцца ўсё больш відавочнымі і для яе насельніцтва. Таму вывучэнне гэтых пытанняў з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў як фундаментальных грамадазнаўчых даследаванняў беларускіх вучоных, так і навучальных праграм вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. У сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь ініцыятарамі вывучэння міжкультурнай камунікацыі таксама сталі выкладчыкі замежных моў (найперш супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка), якія першымі ўсвядомілі, што для эфектыўных зносін з прадстаўнікамі іншых культур недастаткова аднаго валодання замежнай мовай. Практыка зносін з замежнікамі даказала, што нават глыбокія веды замежнай мовы не выключаюць неразумення і канфліктаў з носьбітамі гэтай мовы. Таму выкладанне замежных моў у беларускіх установах вышэйшай адукацыі дапоўнілася прадметамі «Краіназнаўства» і «Лінгвакраіназнаўства», якія знаёмяць навучэнцаў з гісторыяй, звычаямі, традыцыямі, сацыяльнай арганізацыяй краіны вывучаемай мовы.

Навыкі кантактавання ў полікультурным асяроддзі запатрабаваныя спецыялістамі, чыя дзейнасць звязана з узаемадзеяннем паміж культурамі, калі памылкі і камунікатыўныя няўдачы, збоі ў міжкультурных зносінах прыводзяць да правалаў у перамовах, да неэфектыўнай працы калектыву, да сацыяльнай і міждзяржаўнай напружанасці. У мэтах гарманізацыі названых сітуацый з’яўляюцца міжкультурныя, ці кроскультурныя трэнінгі, ствараюцца кафедры міжкультурных камунікацый, узнікае новая прафесія – спецыяліст па міжкультурнай камунікацыі, ствараецца міжнароднае таварыства па міжкультурнай адукацыі, навучанню і даследаваннях.

Знаёмства з працамі шматлікіх даследчыкаў дазваляе зрабіць выснову, што міжкультурнае навучанне адрозніваецца ад іншых адукацыйных кірункаў па некалькіх параметрах. Галоўнае адрозненне заключаецца ў тым, што неабходныя веды і навыкі набываюцца пераважна праз прамыя, непасрэдныя культурныя кантакты. Гэта патрабуе часта поўнага, або частковага абстрагавання ад звыклай сістэмы тлумачэння розных культурных феноменаў, а таксама значных кагнітыўных і афектыўных змен.

Такім чынам, важна асэнсаваць сам феномен міжкультурнага дыялогу ва ўсім багацці яго зместу (як сацыякультурны інстытут і працэс; як тып сацыякультурнай практыкі; як форму камунікацыі, зносін). Міжкультурная камунікацыя нібы спараджае “новы ўсеагульны соцыум культуры” (У.С. Біблер) – асаблівую сацыяльнасць, больш дакладна форму свабодных зносін людзей у сілавым полі дыялогу культур. Вялікія магчымасці для гэтага маюць сродкі масавай інфармацыі, якія з’яўляюцца сістэмаўтвараючым элементам у дыялогу культур і партнёрстве цывілізацый.
Літаратура

1. Верещагин, Е.М. Язык и культура / Е.М. Верещагин, В.Г. Костомаров. – М., 1990.



2. Lustig, M.W. Intercultural Competence: Interpersonal Communication across Cultures / M.W. Lustig, J. Koester. – New York, 2010.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка