Міжканфесійная згода як сацыякультурная каштоўнасць: аксіялагічныя альтэрнатывы асвятлення рэлігійнай тэматыкі ў смі




Дата канвертавання07.05.2016
Памер61.19 Kb.


Таццяна Падаляк

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
МІЖКАНФЕСІЙНАЯ ЗГОДА ЯК САЦЫЯКУЛЬТУРНАЯ КАШТОЎНАСЦЬ: АКСІЯЛАГІЧНЫЯ АЛЬТЭРНАТЫВЫ АСВЯТЛЕННЯ РЭЛІГІЙНАЙ ТЭМАТЫКІ Ў СМІ
У ХХІ ст. усё больш актуалізуюцца пытанні захавання аксіялагічных асноў грамадства.Сістэму каштоўнасцей соцыума традыцыйна называюць матрыцай менталітэту, яго ўнутраным кодам; пры гэтым медыясфера з’яўляецца адной з арэн выяўлення і супрацьборства каштоўнасцей. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл небеспадстаўна адзначыў, што са сродкаў масавай інфармацыі сыходзіць агульначалавечая культура: «Адбываецца нястрымны рост антыкультуры, прапаганда сексу, насілля, распуснага і злачыннага ладу жыцця. Насілле навязваецца ў якасці адзінага спосабу вырашэння канфліктных сітуацый. Запушчаны каласальныя сродкі накіраванага ўздзеяння на чалавека з мэтай кардынальнай змены яго менталітэту і паводзін – змены, на жаль, не ў лепшы бок» [1, с. 86–87].

У кантэксце драматычных і трагічных падзей 2005 – 2015 гг., якія адбываліся ў розных рэгіёнах планеты на рэлігійнай глебе, асаблівае гучанне для сусветнай супольнасці набывае праблема міжканфесійнай згоды. У Беларусі ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей, 25 рэлігійных канфесій [3, с. 3]. Міжканфесійная згода, адсутнасць рэлігійнай варожасці – адна з несумненных каштоўнасцей беларускага грамадства. Невыпадкова менавіта ў Мінску ў чэрвені 2014 г. адбыўся ІV Еўрапейскі праваслаўна-каталіцкі форум «Рэлігія і культурная разнастайнасць: выклікі хрысціянскім цэрквам у Еўропе». Ініцыятарамі гэтай глабальнай сустрэчы рэлігійных дзеячаў у Рэспубліцы Беларусь сталі: ад Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) – мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі (з 25 снежня 2013 г. – ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі), ад Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі – мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч (Звязда. 2014. 3 чэрвеня). З самага пачатку свайго архіпастырскага служэння ў Беларусі каардынацыю дзеянняў форуму ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі (з 23 кастрычніка 2014 г. – мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі).

У Беларусі наладжана плённае супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі структурамі і рэлігійнымі арганізацыямі. Беларуская праваслаўная царква, напрыклад, мае ўласныя інфармацыйныя рэсурсы і ў той жа час узаемадзейнічае са свецкімі СМІ шляхам стварэння адпаведных форм царкоўнай прысутнасці: спецыяльныя дадаткі да газет і часопісаў, тэматычныя палосы, рубрыкі, цыклы тэле- і радыёпраграм. У адпаведнасці з Пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой ад 12 чэрвеня 2003 г. падпісана шэраг праграм супрацоўніцтва дзяржаўных органаў (у тым ліку міністэрстваў інфармацыі, адукацыі, культуры, аховы здароўя) і БПЦ. Мэта Праграмы супрацоўніцтва Міністэрства інфармацыі і Беларускай праваслаўнай царквы, падпісанай 31 сакавіка 2004 г. – фарміраванне спрыяльнага інфармацыйнага асяроддзя для развіцця асобы і грамадства ў адпаведнасці з духоўнымі, культурнымі і нацыянальнымі традыцыямі і каштоўнасцямі беларускага народа. Сярод асноўных задач супрацоўніцтва – клопат аб маральным стане грамадства, распаўсюджанне і ўмацаванне рэлігійнай цярпімасці і сацыяльнай згоды; узаемнае садзейнічанне асвятленню духоўна-маральных працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве; стварэнне ўмоў для абмену вопытам дзейнасці свецкіх і царкоўных суб’ектаў друку і іншых сродкаў масавай інфармацыі; супрацьдзеянне распаўсюджанню інфармацыі, якая ўтрымлівае элементы прыніжэння чалавечай годнасці, знявагі грамадскай маралі, прапаганды парнаграфіі, жорсткасці і насілля, а таксама паклёпаў і непаважлівых адносін да духоўных, культурных каштоўнасцей беларускага народа [4]. Бакі дамовіліся эфектыўна ўзаемадзейнічаць з Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці.

«Інфармаванне гледача, слухача, чытача павінна грунтавацца не толькі на праўдзе, але і на клопаце аб маральным стане асобы і грамадства, што азначае раскрыццё станоўчых ідэалаў, барацьбу з распаўсюджаннем зла, граху і заганаў. Недапушчальнымі з’яўляюцца прапаганда насілля, нацыянальнай, сацыяльнай і рэлігійнай варожасці і нянавісці, а таксама грахоўная эксплуатацыя чалавечых інстынктаў, у тым ліку ў камерцыйных мэтах. СМІ, валодаючы велізарным уплывам на аўдыторыю, нясуць адказнасць за выхаванне падрастаючага пакалення», –падкрэсліў мітрапаліт Філарэт у час цырымоніі падпісання Праграмы супрацоўніцтва [4]. Размова аб неабходнасці абароны асобы ад негатыўнага інфармацыйнага ўздзеяння, паколькі маральны змест матэрыялаў, якія прапануюцца медыяаўдыторыі, бывае досыць нізкім. Згодна з Праграмай супрацоўніцтва у Беларусі ўсталяваная прэмія для журналістаў у межах Рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне духоўна-маральнай, царкоўна-гістарычнай, сучаснай рэлігійнай тэматыкі і міжканфесійных адносін.

У многіх краінах свету адсутнічае міжканфесійная згода, характэрная для Рэспублікі Беларусь. Шырокі рэзананс у сусветных СМІ меў рэлігійны скандал, выкліканы публікацыямі карыкатур на прарока Мухамеда ў дацкай газеце «Юлландс-Постэн» (Jyllands-Posten) у верасні 2005 г. Кіраўніцтва газеты сцвярджала, што апублікаваныя малюнкі толькі дэманструюць ажыццяўленне на практыцы свабоды слова, аднак многія мусульмане разглядалі іх як свядомую правакацыю. Гэты карыкатурны скандал назвалі міжкультурным канфліктам паміж мусульманамі арабскага свету і сучаснай заходняй культурнай традыцыяй, якая базуецца на свабодзе слова.

Прычынай крывавай трагедыі ў Парыжы 7 студзеня 2015 г. таксама сталі апублікаваныя карыкатуры на прарока Мухамеда. У выніку тэрарыстычнага акту ў рэдакцыі французскага сатырычнага штотыднёвіка «Шарлі Эбдо» (Charlie Hebdo) загінула 12 чалавек, паранена 11. Уласны карэспандэнт газеты «Советская Белоруссия» ў Еўрапейскім Саюзе І. Плескачэўская спрабавала прааналізаваць, чаму ў ХХІ ст. сталі зноў магчымыя рэлігійныя войны. Пры гэтым журналістка ўдакладніла: калі гэта яшчэ не рэлігійная вайна, то як мінімум магутны стымул як для яе, так і для антыісламскіх рухаў, што набіраюць моц па ўсёй Еўропе (Советская Белоруссия. 2015. 9 студзеня). Намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» В. Гігін у сваім блогу на сайце БЕЛТА 21 студзеня 2015 г. абазначыў праблему так: свабода слова без межаў або бязмежжа свабоды слова? Ён адзначыў: «Сразу после убийств, во время траура, были произнесены правильные слова. <…> В том числе как раз о приоритете свободы слова. Смерть сделала из убитых в редакции “Шарли Эбдо” почти святых для мировой журналистики. Террористы своими действиями канонизировали тех, кто при жизни отрицал всякие каноны. Но означает ли это, что журналист действительно обязан отрицать все святыни? И дело вовсе не в страхе. А просто в осознании того, что нарисовав голого пророка или придумав какую-нибудь скабрезную историю (причем без всяких на то оснований) о фигуре, которую признают священной миллионы людей, вы делаете им больно, задеваете их самые сокровенные чувства… Убивать журналистов, как и вообще убивать – это за пределами современной человеческой цивилизации. Но ведь и сознательно оскорблять чувства верующих, издеваться над их верой – разве это часть цивилизации?» [1].

У студзені 2016 г. выйшаў спецыяльны нумар французскага сатырычнага штотыднёвіка «Шарлі Эбдо», прысвечаны гадавіне нападу на рэдакцыю (тыраж каля 1 млн экз.). На вокладцы змешчана карыкатура на абагульненую постаць бога: барадаты мужчына ў доўгім, запырсканым крывёй адзенні, у сандалях і з аўтаматам Калашнікава за спінай. У перадавіцы спецвыпуску журналісты асуджаюць рэлігійных фанатыкаў, якія жадаюць знішчыць выданне, што адважваецца “смяяцца з рэлігіі”: рэдакцыйная палітыка штотыднёвіка, нонканфармісцкага і антырэлігійнага, прадугледжвае, што для жартаў няма забароненых тэм [6].У памяць пра ахвяр студзеньскіх тэрактаў 2015 г. прэзідэнт Францыі Ф.Аланд адкрыў у Парыжы мемарыяльныя дошкі. Адна з шыльдачак усталяваная на сцяне будынка, дзе размяшчалася рэдакцыя «Шарлі Эбдо», на ёй пералічаны імёны загінулых у выніку “тэракту супраць свабоды самавыражэння”[5].

Жыццё чалавека – каштоўнасць каштоўнасцей, тэрарызму не можа быць апраўдання. Разам з тым недапушчальна ставіць свабоду слова вышэй за пачуцці вернікаў, яе нельга атаясамліваць са свабодай багахульства. Свабода слова – гэта перш за ўсё адказнасць. Толькі ў гэтай «звязцы» свабода слова выступае як фундаментальная каштоўнасць грамадства і гарантыя міжканфесійнай згоды.


Літаратура

1. Быть верным Богу. Книга бесед со Святейшим Патриархом Кириллом. – Минск : Белорус. Православ. Церковь, 2009. – 592 с.

2. Гигин, В.Ф. И чтодальше? / В.Ф. Гигин // [Электронный ресурс]. – 2015. – Режим доступа: http://blog.belta.by/?p=2892. – Дата доступа: 12.10.2015.

3. Новыегоризонты для взаимногосотрудничества // Журналист. – 2014. – № 1–2. – С. 3.

4. Программа сотрудничества Министерства информации Республики Беларусь и Белорусской Православной Церкви [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://dossier.bymedia.net/index.php?id=29532&layout=entry&option=com_apressdb&view=publications. – Дата доступа: 12.04.2015.

5. “ШарлиЭбдо”: год спустя [Электронный ресурс]. – 2016. – Режим доступа: http://ru.euronews.com/2016/01/05/remembering-the-victims-of-the-charlie-hebdo-attacks/. – Дата доступа: 07.01.2016.



6. Charlie Hebdo к годовщине атаки нарисовали Бога-террориста [Электронный ресурс]. – 2016. – Режим доступа: http://ria.ru/world/20160104/1354331444.html. – Дата доступа: 07.01.2016.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка