Між сівых муроў сталіцы. Прыйшоў паэт журботны да крыжа




Дата канвертавання03.05.2016
Памер235.25 Kb.
* * *
Паэзіі вясковая душа

Блукала


Між сівых муроў сталіцы.

Прыйшоў паэт журботны да крыжа

Вандалам апаганенай капліцы.
Адчуць душы блуканні па зямлі

Ён здолеў

І заплюшчыў вочы з гора...

І думы-мроі ў неба паплылі,

Як ветразі асвенчаныя ў мора.
І стогн душэўны скалануў сусвет

Паэзіяй,

Чысцейшай за крыніцу...

Стаяў шчаслівы, як анёл, паэт,

Каля душой асвечанай капліцы.
07.09.2005г.

Янка Купала на Нарачы
Ружы хваляў, паэзіі водар...

Ноч купальская свет ахінала,

І гучала мінуўшчыны ода –

Крочыў берагам Янка Купала.


Перашэптваў чарот яго крокі,

Здані вогнішчаў смутна ўздыхалі.

А паэта натхнялі аблокі,

Што паданне пра Нарач шапталі.


Задуменная поўня-каханка

Рыбакам торны шлях асвятляла.

У прыроды свая калыханка –

Захапляўся Нароччам Купала.


Прытуліліся сонныя сосны

Да загадкавай бездані млявай.

Ткалі вершы нябёсныя кросны,

І паэзія сталася явай.


Песню даўнюю голасам горкім

Беражніца на выспе спявала.

Над пачуццямі ўспыхвалі зоркі,

І шчаслівы быў Янка Купала.



* * *
Жамчужына ў бурштынавай аправе –

Маё Нарочча, хто я

Без цябе,

Без захаду за салаўіным гаем

І успамінаў,

Як калісьці бег


Я хлапчуком

Па сцежцы верасовай

На бераг слухаць казкі чаратоў?

Плылі аблокі над старою хвояй...

І сёння да цябе прыйшоў ізноў.
Напевам паплыла душа па хвалях,

А мараў таямніца – як у сне.

Натхненне і дабро на зорных шалях

З маленства ты ахвяравала мне.


Каханнем пад сузор’ем беражніцы

Мяне адорыць ранішні спакой.

Кідаюць зоры срэбра

У крыніцы,

І я лаўлю аддайнаю рукой.
...Шляхамі памяці на родны бераг

Не раз вярнуся песняй у журбе

З адданасцю, удзячнасцю і верай...

Маё Нарочча, хто я

Без цябе?
29.11.2005г.

* * *
Мая дваццаць першая восень

Кладзецца на волкія плечы

Вясёлкі над Нараччу роднай.
Грымотаў нябёсны аркестр

Вітае барвовае сонца

У далечы яснай і мудрай.
Па хвалях агніста-шыкоўных,

Пад ветразем лёгкай самоты

Мая адзінота вандруе.
На беразе дыхаць свабодна,

І больш не палохаюць цені

Грахоў і старога ядлоўцу.
У шатах шумлівага бору

Мой страх заблукае, растане

З цяплом навальнічнае хмары.
Шчаслівы, я сяду у човен

І рушу ў глыбіні прасторы

Сустрэць дваццаць першую восень.
06.10.2005г.

* * *
Дзе рачулка Нарачанка

Дрэмле ў хмелевым балоце,

Раптам пырхне чарацянка

Ды схаваецца ў чароце.


І чароўнасці сусвету

Акунаюцца ў бяздонне.

Легкакрылы подых ветру

Берагоў цалуе ўлонне.


Вечаровая заранка

Млее над азёрным краем.

Заспявала нарачанка,

Увянчаўшы голаў маем.


13.08.2007г.

Мара-Нарач
Заплюшчу я вочы ад стомы

І ўбачу зімовую Нарач,

Як мару сваю на вяселлі.
Шчасліва-праменная дзева

У бела-празрыстым убранні

Ўсміхаецца хлопцу-паэту.
Натхненне чароўным напоем

Напоўніць душу.

І заранка

Над Нараччу вершам успыхне.


Бясконца-зіхоткім абшарам

Цалуе прастора паэта –

Агонь ледзянога спакою.
Захоплены сілай свабоды,

Прызнаюся ў вечнай любові

Да мары сваёй – да Нарочча.
25.09.2006г.

Песня Ача

Паводле падання пра Нарач.

У бездань блакіту Нарочча гляджу

Многія сотні гадоў

І з Нарай у снах да вытокаў імчу

Пяшчоты і музыкі слоў.
Каханая,

Чую бязгучны твой плач,

Поўны адчаем густым.

О, Нара,

Я твой заварожаны Ач,

Свет без цябе – едкі дым.


На мокрым пяску

Стыне цёплы твой след.

Сустрэчы жаданай прашу.

Мне голас падання,

Старога, як свет,

Зноўку вярэдзіць душу.


У спеўных чаротах купальскіх начэй

Лёс міласэрны звядзе.

І кветкай чароўнай, за месяц ярчэй,

Ты ўзыдзеш на срэбнай вадзе.


12.07.2007г.

* * *
Сыходзяць зімовыя мары,

Душу працінае спакуса

Сустрэцца з вясной на Нароччы.
Пяшчотна-падманлівы ранак

Вітае жывой чысцінёю

Праменне панурага сонца.
Ступаю на бераг пустэльны,

Вясна неспакойнаю чайкай

Кружляе над Нараччу соннай.
Цяпло неспазнаных пачуццяў,

Нястомнасць эмоцый кіпучых

Растопяць нямую прастору.
Суровае трэсне прадонне

Надрыўна-прастуджаным басам,

Што сам бы Пярун пазайздросціў.
Вятрыскі дыхнуць цеплынёю,

І чайка запальчывым крыкам

Абвесціць вясну на Нароччы.
02.10.2007г.

* * *
Зіма блукае ў пошуках натхнення,

Чаканнем апраменьвае настрой.

Наканавана ў пастцы вымярэння

Мне жыць і паміраць – табой адной.


Ніколі не забыць усмешкі лёгкай,

Сусветы душаў нам не паяднаць.

Такі мой лёс:

І жыць надзеяй дрогкай,

І шчыра, да бясконцасці кахаць.
20.02.2004г.

* * *
Дыяментавым россыпам слоў

Ахінаю пачуцці твае.

Слёзны вечар адступіць ізноў,

Стане пылам раса на траве.


А душа мая помніць святло

Тых шчаслівых імгненняў

З табой.

Мараў свет не згарае на тло,

Не пагасне кахання настрой.
Ціхім рэхам пражытыя дні

Адгукаюцца, быццам у сне.

Ты пачуцці мае ахіні,

Покуль цемра над намі засне.


Лёгкі дотык бялюткай рукі...

Тваё цела – як вершы Басё.

Пацалункі, нібы жаўрукі –

Для цябе.

Для цябе гэта ўсё.
Ахвярую пяшчоту і час,

Нежаданне паспешных высноў.

Хай памоліцца ранак за нас

Дыяментавым россыпам слоў.


24.09.2006г.

* * *
У праменні зорнай цішыні

Горад за вакном

Даўно маўчыць.

І, забыўшы стомленыя дні,

Любая заснула на плячы.
У імгненнях мройна-залатых

Сам Анёл Цябе мне паказаў.

Захмялеў я ад вачэй жывых,

Захмялеў, таму што пакахаў.


На арэлях золкіх туманоў

Нашы душы

Гушкаліся ў снах,

І пачуцці палымнелі зноў,

І акорды музыкі ў вятрах...
Горад па-ранейшаму маўчыць,

І, здаецца, – за спіною крылы.

Любая заснула на плячы –

Я шчаслівы.


03.05.2006г.

Ласунак
Ласунак лепшы

Для мяне –

Кропелькі

Ажынавага соку,

Што марамі

Шчаслівага юнацтва

Коцяцца па тваім

Бурштынавым целе.

А свежы водар

Ранішняга сонца

Зачароўвае сціпласцю

І непаўторнай цеплынёй.

Пяшчота прамянёў

Пераліваецца

З кропелькі ў кропельку,

І лёгкая,

Дрыготкая хваля

Працінае цела.

Сусвет –

Перад вачыма,

А смак яго

Ў мяне на вуснах.

І сэрцы дрыжаць

У рытме


Ап’янелай асалоды –

Кропелькі

Ажынавага соку.
23.10.2005г.

Арыён і Венера

Н.Ю.

Калі над намі гасне Арыён,

Усходзіць непаўторная Венера.

Сузор’е, нібы прывідны дракон.

Планета, як салодкая хімера.
Мая начная споведзь для цябе

Не болей нечаканага прызнання.

Сузор’е знікла ў танцы-варажбе...

Венера нам прадказвае каханне.


У свеце павялося так здавён –

Шчаслівыя не пакідаюць веру.

Калі ў нябёсах гасне Арыён,

Сусвет вітае мудрую Венеру.


08.11.2007г.

* * *
Дрыготкі далягляд –

Як вадаспад,

Як вечнасці

Імклівае імгненне.

За намі –

Крок,


Прад намі –

Летні сад.

Усмешка закаханай,

Бы праменне

Зямнога шчасця –

Трапяткога матылька,

Што заблукаў

У шчодрай квецені...

І марай

Да майго твару



Дакранулася рука,

Нібы рака,

Нібы пажар

Над хмарай.

А летні сад

Заманьвае гульнёй

У мроі,

У забытыя хвіліны



І зачароўвае

Пяшчотнай цеплынёй

І водарам

Агністае маліны.


Імчаць у далягляд

Жыцця гады,

Не стануць

Нашы крокі

Божай карай...

Успомнім мы

І летнія сады,

І матылька –

Што як пажар

Над хмарай.


22.09.2005г.

* * *
Ценем затуманенага саду

Ціхі вечар вусны мне кране.

Я хмялеў ад рэха лістападу,

А яно смяялася з мяне.


Ля агню,

Што грэў душу шыпшыне,

Грэшны шлях

Жяцця сваго знайшоў.

Па самотнай восеньскай сцяжыне

Я, нібы да споведзі, ішоў.


Ты насустрач крочыла, як мара.

Ты – спакуса,

Я – сляпы адчай.

Пад пажадным поглядам пажару

Аднаго мяне не пакідай.
Танчаць цені вогненнага саду,

Мой адчай спакуса не міне...

Стаць бы мне самому лістападам,

Ды, ці зразумееш ты мяне?


07.11.2005г.

* * *
Горкім беларускім шакаладам

Сціплае каханне пачастую.

Лёс над прорвай

Гулкім вадаспадам,

Зноў пачуцці срэбныя ратуе.
Свет наш

Лёгкім воблакам над морам,

Наплывае на ружовы бераг,

Дзе спяваюць сэрцы

Сціплым зорам,

А да іх імкнецца ў шчасце вера.


Гіне прывід тлумнага світання,

Што нясе распусты прыткі вецер.

Хай сагрэе шчырае каханне

Нашы сэрцы ў сумнавокі вечар.


08.06.2005г.

* * *
Хораша з табою

Крочыць па сталіцы,

І забыць пра заўтра,

І забыць пра шлях.

Сонечная ўсмешка,

Сціплая спадніца...

Крылы таямніцы

Набылі размах.


Марамі ў нябёсы

Галубы ўзлятаюць,

Ветрык закаханым

Ветла гляне ў твар.

Сонечныя промні

Косы заплятаюць.

Вуснаў прахалода,

І душы пажар.


15.09.2005г.

* * *
Тлее горад начнымі агнямі,

Мы стаім на праспекце восеньскім.

І, здаецца, каханне між намі,

Але сэрца на волю просіцца.


Зіхаціць пазалота месяца –

Для пачуццяў недасягальная.

Ліст апошні на клёне свеціцца,

Нібы зорка душы світальная.


Хоць няма пагляду трывожнага,

Ды баімся словам параніцца.

З-за туману

Насцярожанага

Сонны горад не ўспомніць раніцу.
29.09.2007г.

* * *
Удзячны вечару

Хвіліннага спаткання,

Спрабуе горад

Свечкі запаліць.

Чужыя цені

Прадчуваюць развітанне

З пачуццямі

Не здатнымі больш жыць.


Чужымі думкамі

Аблокі праплываюць.

Таксі развозяць

Мары-міражы.

А зоры-варажбіткі

Зноў пытаюць:

– Няўжо сабе самому

Ты чужы?
13.02.2004г.



Усход – захад
Каханне – у душы, –

Душа ў каханні,

Бы сполах бліскавіцы

Ў час спаткання.

І мы,

Нібыта вогненныя хвалі,



На захадзе,

Бы жабракі

Блукалі.
Шукалі – дашукаліся

Імгненняў,

Гукалі – дачакаліся

Адказаў.


І плоймаю

Бязмежных вымярэнняў

Хавалі неба

Ад зямных абразаў.


Крычалі чайкі,

Крумкалі вароны,

А мы наўлёт

Прыдумалі загадку:

Чаму на ўсходзе

Сонечнай кароны

Замацаваны дзень

Старой пячаткай?

І для каго зіхцелі

Душы-зоры

На далані

Сусвету маладога?..


Напятым павуціннем

У прасторы

Трымцяць пачуцці,

Памяць і трывога.


А мы ў палёце

Вучымся свабодзе.

Каханне – у душы,

І мы – ў каханні.

На захадзе

Ўжо ночы след сыходзіць,

На ўсходзе

Ўсе праспалі

Сонца ззянне.

21.09.2005г.

* * *
За межамі свядомасці і тлену,

У цьмяных промнях зорнага святла

І сны, і ява прагнуць пераменаў –

У пастку рэчаіснасць завяла.


Дзявочы позірк –

Неба над вадою,

Нібы трывога ў спеве жаўрука,

Бо сёння авалодала спакоем

Не на маіх грудзях твая рука.
Маўчалі іскры вогнішча начнога.

Бруснічны вечар – поўнач на душы.

Маўчанне – золата.

Калі трывога –

Маўчанне – небяспека.

Час тушыць


Агонь, ваду і нашы таямніцы

Пад крыламі духмянай цішыні.

Няхай зіхцяць увечары брусніцы,

І ты шчаслівай будзь,

Як іх агні.
13.02.2006г.

Шчасце паасобку
Сэрца стыне –

Атрымаў твой ліст.

Іх цэлы стос

Марнуецца ў шуфлядзе.

З надзеяй адагрэць душу

Кладу ў камін.

І толькі полымя

Засведчыць небу

Імгненні праўды,

Быццам напамін

Аб тым, што ёсць,

І тым, што будзе.


Цяплей не стала,

Але заранка

Заружавела

На халодных шчоках

Самотнай праўдай

Непадзеленых пачуццяў.


У полымі лістоў

Гарыць каханне.

Вогненная восень

Сагрэе нас

І наша шчасце

Паасобку.


27.11.2005г.

Кахання радок
Глухія крокі ўзрушылі ўспаміны,

Крамяны вечар песняй прагучаў.

Я верыў непаўторнасці хвіліны,

Калі сказаў табе,

Што пакахаў.
На вейках цалаваліся сняжынкі –

Імгненні грэшнай вечнасці ў гульні.

Прызнанні,

Палымяныя абдымкі –

Самоты патаемнай прамяні.
Жывая радасць тоіцца ў пачуццях,

Расстання боль –

Сняжынкі матылёк,

Што растае.

І не паспеў адчуць я

Кахання мімалётнага радок.


Не страшна ўспамінаць,

Чаго не будзе,

Няўмольны лёс не стане назіраць

За крыўдаю,

Што напаўняе грудзі,

За памяццю,

Што змушана ўміраць.
Я блытаўся ў бязладдзі з хіжым словам,

Агорклы голас, бы струна дрыжаў.

Даверыўся тваім бяздушным ловам,

Калі казаў табе,

Што пакахаў.
17.08.2007г.

* * *
Я быў закаханы ў багіню пяшчоты

І верыў, што лета маё не міне,

Не змоўкнуць духоўнай мелодыі ноты

І ружа не звяне ў самотным акне...


Багіня пяшчоты –

Адчаю багіня –

Пакутным агнём апякла мне душу.

Калі мімалётнасць кахання загіне,

Нятленнага шчасця ў багоў папрашу.
Ды цені прытворныя

Нішчаць сумленне,

Чарнее аслеплай душы абярог.

Багіня адчаю –

Жыцця сутарэнне –

Спакусніца свету майго.


Забыцца ў пялёстках сузор’яў мы рады,

А сэрца тваё апусцела да дна.

Багіня ганебнай імгненнасці здрады –

Адна.
08.05.2006г.



Расчараванне
Цалуюць шыбу

Клічнікі дажджу,

Пытальнікам

Скруціў лістоту вецер.

Найлепшы час

Прызнаць,

Што не жыву –

Страшнейшае

Расчараванне ў свеце.
Тунель з аскепкаў

Дзённай мітусні

Не выпусціць,

Пакуль не згасне вечар.

Удары сэрца

Прагнуць цішыні,

Калі жыццё

Марнуецца на вецер.


Трымценне зор –

На палатне акна,

Спакою кроплі

Змыюць думак смецце.

Ад безвыходнасці –

Глыток віна,

І не задасць пытанняў

Нудны вецер.


21.08.2007г.

* * *
Гараць забытых летапісаў скруткі,

Струменіць поўня крохкае святло,

Пад горыччу хвілін

Рыпяць прыступкі –

Аслепла рэчаіснасць мне на зло.
У сне шарэе раніца пустэчы –

Прытулак адзіноты і трывог.

Хімерныя прымаюць формы рэчы,

Дрымота ночы

Сыйдзе за парог.
Надзеі паміраюць у руціне.

Так невыносна бессэнсоўна жыць.

У храме,

Нібы з мёртвае карціны,

Жалобная мелодыя гучыць.
22.02.2006г.

* * *
Паміж кубкам і вуснамі* – лета,

Прахалода самотнага рання.

У руцэ пасівела газета

З даўнім вершам

Пра наша каханне.
Пра свабоду і радасць былую,

Што, як іскры,

Пагаслі у небе.

Я пачуцці свае ці ўратую

У прасторы мінулага недзе?
Спадзяванні,

Як дні без падману,

Незваротна не кануць у Лету.

Я прачнуся.

Няхай будзе рана.

І прыцісну да сэрца газету...


Памалюся за наша каханне,

Веру ў заўтра і вольніцу думак.

Кубак кавы.

Самотнае ранне –

Самачассе для творчых задумак.
* - з Казіміра Камейшы.
23.06.2005г.

Натхненне
Спарахнеюць вярыгі сумнення

На дасвецці дрыготкай цішы,

Запалоніць пачуцці натхненне –

Рамантычнасць свабоднай душы.


Упадуць ланцугі самазману,

Што імкнуліся думку скаваць.

Час загоіць душэўную рану –

Дзеля творчасці варта трываць.


Гэтай споведзі тайнай праменне

Асвятляе шчымлівы парыў.

Палымнее заранкай натхненне,

Каб душу творчы плён запаліў.


18.08.2007г.

* * *

Аксане Спрынчан

Ты не з тымі,

Хто не марыць пра цябе,

Ты не з тымі,

Хто не спадзяецца...

А як сэрца

Час кахання твой праб’е,

То куды ад гонару падзецца?


Цені думак

І няпройдзеных шляхоў –

Нібы ў залюстрэччы –

На паперы.


Жыццястойкі дух

Прачуленых радкоў


Ці ўмацуе нас у сваёй веры?
Існаваць

У вымярэнні вечных мар

Не для нас.

Не нам хавацца ў свеце.

Ці распалім мы паэзіі пажар,

Што сагрэе сэрцы

Нашым дзецям?
11.02.2004г.

Хоку
***

Час надыходзіць


развітвацца з каханай.

Абдымкі ночы.


***

За вакном чуваць

мяккі голас сняжынак.

Ранняя зіма.


***

Зоркі на небе,

Як забытыя вершы.

Золата душы.


***

Гуляў пад дажджом,

падхапіў нейкі вірус.

Завіс кампутар.



* * *
Кастрычнік золатам патоне ў вохры лісця,

Сцюдзёны люты захінецца снегам сноў,

Але вясна натхнення,

Як было калісьці,

Адорыць новымі радкамі творцу зноў.
Душа ў самоце

Красавіцкай песні просіць,

Зляжалым снегам адпаўзае шэры сум..

У стомленых вачах нябёсаў майскіх просінь,

І дорыць небакрай чароды ясных дум.
20.03.2005г.

Эскорт імгненняў

Беражы імгненне – зберажэш душу.

Змітрок Марозаў

Імгненняў сэнс

У восені зямной

Ва ўбранні

Спадзяванняў і хлусні.

Чужая ноч

Пад чорнай прасціной

Рассейвае жаданняў прамяні.


Імчаць імгненні,

Растае душа.

Святла і ценю танец, –

Як палёт.

Але ў душы –

Асенняя імжа.

І часу несупынны калаўрот...
Бязлітасныя

Вочы забыцця

У новы свет

Заманьваюць мяне.

Ды колькі там

Адмерана жыцця,

Калі эскорт імгненняў праміне?
21.08.2007г.

* * *
Над дахам дым, як шэрая газета,

Галодны год апошні зуб ашчэрыў.

А я чакаў маланкавага лета –

Ніколі безвыходнасці не верыў.


Таму, на зайздрасць з’едліваму дыму,

Не прагнуў страшыць шэрыя нябёсы.


Нарэшце, навальніцу Бог абрынуў, –

У дыме


Бліскавіцы востраць косы...
31.10.2007г.


Усё не так
Жыццё – хаос,

намёк на існаванне,

Неадэкватны вечнасці задатак;

Ад першага імгнення спадзяванне

На ўладкаванасць,

правільнасць,

парадак.
Няпэўнасць,

беспарадкавасць у свеце

Закладзены ад самага пачатку.

Наканаванне

ў Божым запавеце

Замацавана вечнасці пячаткай.


Усё не так,

не правільна,

не гожа

Ад першых дзён,



ад светасатварэння.

Няўжо бяссільны

ўсемагутны Божа?

Хіба жыццё не божае тварэнне?


02.03.2004г.

* * *
Ускрос

І зноў на Беларусі

Ідзе заступнік наш –

Хрыстос...

Здымае з душ настылых вусціш,

Дабраслаўляе соладзь кроз.


Грахі зямныя – наша памяць,

Што на старонках вечных кніг.

Нябёсаў барва цемру спаліць,

Ды зло не знішчыць у агні.


Ідзе Хрыстос...

Суціхлі войны,

І чуцен толькі шум бяроз,

А ногі ў ранах незагойных

Кладуць сляды на шэрань рос.
Баліць душа, як сотня целаў,

Дрыжаць малітваў галасы.

Вартуюць праведную веру

У светлым храме абразы.


Ідзе Хрыстос... –

Выратаванне

Заблудных душаў – шлях дабра.

Пакутаў боль і пакаянне

Вядуць да боскага святла.
Усцяж над родным папялішчам

Не загалосіць нема лёс.

Дабро – крывавяць,

Праўду – нішчаць,

Ды Край ускрэсне.
Ён ускрос.
Ідзе Хрыстос...
13.07.2007г. – 09.11.2007г.

* * *
На Плошчы Незалежнасці – туман,

І катлавана жудасная рана.

Спікіраваў сівы, як сталь, груган

Да бронзы перажытага падману.


Тут стогны самазвалаў – люты крык

Зямлі, што сілы нечысці склікала.

А птах ужо да пеклішча прывык

І не зважаў на колы самазвалаў.


Звінелі ланцугі, хрыпеў бетон,

Драбнюткі дожджык крапнуў на далоні.

Жыццё – імгнення дрогкага палон

На змрочным і халодным часу ўлонні.


Туман праз брук сачыўся ў забыццё,

Нібы зямлі пякучая абраза.

Бязмоўна страпянулася жыццё –

Стары груган пад колам СуперМАЗа.


24.02.2005г.

Роздум на праспекце
Засмучоны

Стаю на праспекце,

Што асвечаны імем Скарыны,

Быццам слова

Ў студэнцкім канспекце –

Пошук сэнсу быцця

І прычыны

Непамернага жалю ад страты

Філасофіі ісціны часу.

Толькі розуму танная плата

Захлынаецца пенай ад квасу,

Што, як праўда

У куфлі свабоды,

Не дае да бяды дакаціцца.

Бо хлусні прысвячаючы оды,

З самазманам няцяжка змірыцца.

Ды малітва,

Як сонца ў тумане,

Над зямлёю –

расколатым звонам.

Час стаіць,

як анёл у падмане,

Па-над ісцінай,

па-над законам.


Аб чым думаеш, пане Францішак,

Калі плачаш дажджом па праспекце?

Як спазнаць запавет тваіх кніжак,

Каб спасцігнуць сябе ў гэтым свеце?


12.12.2005г.

* * *

Небійку Дзянісу

Дзе Радзіма,

там хочацца жыць,

Дзе пакута – надзеі няма?

Добра там,

дзе не трэба грашыць,

Дзе сумленная праўда

адна,
Дзе люстэркамі годных шляхоў

Зіхацяць маладыя гады.

Мы ідзём,

покуль гордая кроў

Беражэ ад нязванай бяды.


Мы хаваем забіты адчай

У атруце людской мітусні.

Няхай

ворагі плішчацца ў рай, –



Адлюструецца вечнасць

у дні.
Між стыхійных няшчасцяў

чужых

Адшукаем няшчасці свае.


Над галовамі снег закружыў.

Ён растане.

Вясна запяе.
26.08.2006г.

Сон
Ва ўладаннях стальных ланцугоў,

Дзе нябёсам не сніцца свабода,

Развінаюцца крылы сцягоў,

Абуджаюцца цені народа.


Пыл няспраўджаных мар

Нада мной,

Як заслон між хлуснёю і праўдай.

Не вядзе розум свет за сабой,

Бо даўно апаганены здрадай.
На зямлі ланцугоў і сцягоў,

У сумлення не здрадныя вочы.

Снег растопіць нявінная кроў,

Тых, хто здатны

Чуць голас прарочы.
Ад знішчэння свой свет бараніць,

Развінаць анямелыя крылы...

І душа, як ланцуг, зазвініць,

Калі ўзыдзе над намі свяціла.


23.03.2005г.

Самота цішыні
Радкі і рыфмы...

Дрэмле позні час –

Душы збанкрутаванай

Ачышчэнне.

Вужакі думак

Сочаць за натхненнем,

А я шукаю сэнс,

Што сярод нас.


І лёгкім забыццём

Наліты свет.

Ірдзее лёс

На шкельцы цыферблата.

Дыханне словаў –

Голасу пачатак,

Душы дыханне –

Цішыні санет.


Паўзмрокам уладарыць

Думак рой.

Прасторай часу

Ахвяруе вечнасць

І выправіць

Зямную недарэчнасць, –

Самота цішыні

Не ёсць спакой.


24.09.2006г.

* * *
Стомлены дзень

У апошні раз

Рыпнуў дзвярыма дрывотні –

Дзеду сівому

Адмераны час

Патух


На жыццёвай паходні.
08.08.2005г.

* * *
Калі душа ператвараецца ў анёла,

Калі нябёсы ахінаюць цемрай нас, –

Расчараванняў запавольваецца кола,

І надыходзіць першапачатковы час.


Калі пачуццяў усе повязі мацнеюць,

Нібыта снайперскімі кулямі – грахі, –

Зямныя сэрцы ад пакутаў не чарсцвеюць,

Не памірае соладзь мараў ад тугі.


Гучаць нябёсныя мелодыі наўкола,

Далёкіх продкаў чуцен клятвенны наказ.

Калі душа ператвараецца ў анёла,

Яна расказвае Ўсявышняму пра нас.


01.10.2007г.

Матулі
У ноч, калі гаснуць агні,

І мары спавіты спакоем

Мяне да грудзей прыхіні

Сваёю пяшчотнай рукою.


Цень свечкі варожыць на сон,

Цікуе з-за воблака поўня.

Па хвалях душы срэбны звон

Плыве беражніцай на чоўне.


Я сны твае сэрцам прыму,

Як голас святой Беларусі.

Начамі, калі не да сну,

На вобраз матулі малюся.


12.09.2005г.

* * *
Я малюю твар душы

На небе сонным,

У вачах шукаю

Колер дабрыні,

Каб пазбыцца прагі

Ў сне бяздонным

Маляваць і нішчыць

Цемры карані.


Супыніць

Гульню ў жыццё

На вейцы часу,

Грэшнае, бяскрыўднае –

Забыць.

На шляху


Да непадступнага Парнаса,

Як пашчасціць –

Ісціну здабыць.
26.12.2003г.

* * *
Няма каму сказаць

“Да пабачэння”,

Чарговы эпізод жыцця пагас

У прыцемках туманных сутарэнняў,

Абражаны хлуснёй блукаў не раз.
Нябёснай асалодай наталіцца

Ці здолее сасмяглая душа?

Ды лёс мой –

Заўтра зноўку нарадзіцца

І піць каханне з зорнага каўша.
Пяе за шыбай вецер калыханку

На мове, зразумелай толькі мне.

Хвіліны падкрадаюцца да ранку.

Іх не спыніць,

Як не спыніць мяне.
Спяшацца ў заўтра, як агню баюся.

Саломінку надзеі лёс падаў.

І выбар зроблены.

Я застаюся

У тым жыцці, якое Бог мне даў.
13.12.2005г.

Змест
*** Паэзіі вясковая душа...

Янка Купала на Нарачы

*** Жамчужына ў бурштынавай аправе...

*** Мая дваццаць першая восень...

*** Дзе рачулка Нарачанка...

Мара-Нарач

Песня Ача

*** Сыходзяць зімовыя мары...

*** Зіма блукае ў пошуках натхнення...

*** Дыяментавым россыпам слоў...

*** У праменні зорнай цішыні...

Ласунак


Арыён і Венера

*** Дрыготкі далягляд...

*** Ценем затуманенага саду...

*** Горкім беларускім шакаладам...

*** Хораша з табою...

*** Тлее горад начнымі агнямі...

*** Удзячны вечару...

Усход – захад

*** За межамі свядомасці і тлену...

Шчасце паасобку

Кахання радок

*** Я быў закаханы...

Расчараванне

*** Гараць забытых летапісаў скруткі...

*** Паміж кубкам і вуснамі...

Натхненне

*** Ты не з тымі...

Хоку


*** Кастрычнік золатам патоне...

Эскорт імгненняў

*** Над дахам дым...

Усё не так

*** Ускрос...

*** На Плошчы Незалежнасці...

Роздум на праспекце

*** Дзе Радзіма...

Сон

Самота цішыні



*** Стомлены дзень...

*** Калі душа ператвараецца ў анёла...



Матулі

*** Я малюю твар душы...



*** Няма каму сказаць...
Анатацыя
Рагнед Малахоўскі – малады паэт, які працуе ў рэчышчы класічных літаратурных традыцый. Другі зборнік яго вершаў з’яўляецца своеасаблівым працягам даволі вядомага прыхільнікам прыгожага пісьменства зборніка “Беражніца”. Паэт гарманічна сумяшчае тэмы кахання і любові да роднага краю, філасофскую лірыку і тэму творчасці. Яскрава выражанае пачуццё рытму і мелодыкі, тэхнічная дасканаласць вершаў, гарманічная кампазіцыя зборніка не могуць не закрануць самыя тонкія струны чалавечай душы. Элегія эмоцый і расквечаная яркімі фарбамі неўтаймоўная метафарыстычнасць, рамантызаваныя параўнанні, прачула-сентыментальная эмацыянальнасць робяць зборнік насычаным і непаўторным. Крэда паэта – адказнасць перад словам, не схлусіць чытачу і самому сабе. Па светаадчуванню паэт уяўляецца больш сталым свайго рэальнага ўзросту.
Малахоўскі Рагнед Юр’евіч
Нарадзіўся 5 верасня 1984 года ў пасёлку Сяймчан Магаданскай вобласці (Расія). З 1987года жыве на Нарачы. Студэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта (факультэт фінансаў і банкаўскай справы). Займаецца спортам і фотамастацтвам, піша музыку. Сябра суполкі “Літаратурнае прадмесце”. Вершы друкаваліся ў рэспубліканскіх газетах, калектыўных зборніках, часопісах “Полымя”, “Дзеяслоў”, ”Маладосць” і інш., штотыднёвіку “ЛіМ”. Аўтар зборніка вершаў “Беражніца”.






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка