Міхась Южык Што чытаць дзецям?




Дата канвертавання12.05.2016
Памер127.5 Kb.
Міхась Южык
Што чытаць дзецям?
стан сучаснай прыгодніцкай прозы для дзяцей у кантэксце сусветнай літаратуры
Дзіцячая літаратура — рэч надзвычай сур’ёзная, і займацца ёю трэба адмыслова, аддаючы ўсю душу. Або не займацца зусім. У гэтым мяне пераконваюць некаторыя кнігі сучасных беларускіх празаікаў, адрасаваныя дзецям.

Адразу варта паразумецца, што такое дзіцячая літаратура, які яе дыяпазон. Бо, згадзіцеся, казка пра курачку-рабу і “Востраў скарбаў” Р-Л. Стывенсана — гэта розныя ва ўсіх адносінах рэчы. Адна звернута да зусім маленькага чытача, другая — да чытача сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, больш таго, “Востраў скарбаў” можна чытаць з карысцю і ў сталасці, і ў старасці.

Увогуле, для чаго патрэбная дзіцячая літаратура, навошта яе прыдумала чалавецтва? Попыт нараджае прапанову. А попыт на інфармацыю ў маленькіх людзей, якія пачынаюць спазнаваць свет, велізарны і неспатольны. Дзіцячая літаратура, несумненна, выйшла з народных казак, з тых часоў, калі не было яшчэ прафесійных літаратараў. Гэта значыць, літаратуры як такой не было, а дзіцячая літаратура фактычна ўжо існавала. Адсюль вынікае, што літаратура для дзяцей мае важнейшае значэнне, чым літаратура для дарослых. Фігуральна кажучы, дарослы пражыве і без “Боскай камедыі”, а вось дзіцё без “Курачкі-рабы” наўрад ці сфарміруецца ў нармальнага чалавека.

Ледзь толькі пачаўшы размаўляць, малыш імкнецца пашырыць свой кругагляд. А пашырае ён яго не толькі досведам рэчаіснасці, але і фантазіяй, якая тоесная абстрактнаму мысленню — якасці, што адрознівае чалавека ад іншых жывых істот. Найлепшай спажывай для прагнай фантазіі дзіцяці з’яўляюцца казкі, прыгоды, розныя таямніцы. У казках разам з людзьмі і нароўні з імі дзейнічаюць жывёлы, надзеленыя чалавечымі якасцямі. Думаецца, так атрымалася ад таго, што розум дзяцей патрабуе для характарыстыкі персанажаў акрэсленасці, маскі, якая ўжо сваёй вонкавасцю дае псіхалагічны тыпаж. Воўк — гэта максімальнае зло. Заяц — спрытнюга і баязлівец. Мядзведзь — гультай-здаравіла. Свіння — увасабленне плоцкай тупасці. Баба-Яга, Змей-Гарыныч — гэта наогул нейкія прадстаўнікі апраметнай. Ванька-дурань — ён дурань і ёсць. Цар, кароль — сімвал улады, высакароднасці. Чараўнік — уладар над містычнымі сіламі, праваднік, які звязвае рэчаіснае з тагасветным.

Лёгка зрабіць выснову, што любая дзіцячая літаратура — прыгодніцкая, дзе можа прысутнічаць элемент чароўнага, фантастычнага. Аднак адразу агаворымся, што далёка не ўся прыгодніцка-фантастычная літаратура можа стацца дзіцячай.

Адной з умоў дзіцячай літаратуры, крытэрыем адрознення яе ад дарослай, з’яўляецца яе этычны аспект і абмежаванні ў тых сферах чалавечых стасункаў, якія дзіцё не ў стане зразумець у сілу аб’ектыўных прычын. Кнігі для дзяцей не павінны вучыць благому. Зло, якое абавязкова ў іх прысутнічае, супрацьпастаўляецца дабру і заўсёды асуджаецца, прайграе. Дзіцячая літаратура, як правіла, не закранае палітыкі, глыбінь навукі і псіхалогіі, а таксама сферы сексуальных адносін, каханне ў дзіцячай літаратуры носіць выключна духоўны характар.

Мова, якой пішуць кнігі для дзяцей, павінна быць максімальна простая і разам з тым вобразная, даходлівая. Недапушчальныя перагрузка метафарамі, расцягванне сказаў, захапленне ўстаўнымі сказамі і г.д.

Усе прыведзеныя мною крытэрыі характэрныя для класікі жанру, для тых кніг дзіцячай літаратуры, якія на працягу стагоддзяў падарыў нам сусвет. Іх усё-ткі варта назваць, паколькі складваецца ўражанне, што з-за лавіны электроннай інфармацыі, якая абрынаецца на нашы галовы, бацькі забываюцца даваць дзецям класічную літаратурную адукацыю (я не агаварыўся, менавіта найперш бацькі — не настаўнікі). Шэдэўры дзіцячай літаратуры замяняюцца жвавымі мульцікамі, якія зляпаны камп’ютэрнымі праграмамі, а вандроўкі па старонках прыгодніцкіх кніжак — падарожжамі па лабірынтах камп’ютэрных “стралялак” і “бегалак”.

Буду называць аўтараў і іх найвядомейшыя творы для дзяцей, групуючы па раздзелах, хаця дзяленне гэтае досыць умоўнае. Не забудуся, вядома ж, на класіку рускай і беларускай літаратур.

Казкі. Браты Грым (“Воўк і сямёра казлянятаў”, “Чырвоная Шапачка”), Г-Х. Андэрсен (“Снежная кралева”, “Брыдкае качаня”), Ш. Перо (“Папялушка”, “Кот у ботах”), Л. Кэрал (“Аліса ў краіне цудаў”), Р. Кіплінг (“Маўглі”, “Кошка, якая гуляла сама па сабе”), Дж. Радары (“Чыпаліна”), А. Талстой (“Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна”), Дж. Харыс (“Братка Ліс і братка Трус”), А. Мілн (“Віні-Пух”), Э. Успенскі (“Кракадзіл Гена і яго сябры”), М. Носаў (“Прыгоды Нязнайкі”), А. Волкаў (“Чараўнік ізумруднага горада”, перапрацоўка казкі Ф. Баума “Мудрэц з краіны Оз”).

Аповесці і апавяданні з рэалістычным сюжэтам (але, магчыма, з элементамі фантастыкі). А. Ліндгрэн (“Тры аповесці пра Малыша і Карлсана”, “Пэпі доўгаяпанчоха”, “Эміль з Лёнебергі”), М. Твэн (“Прыгоды Тома Соера”, “Прыгоды Гекльберы Фіна”), Р-Л. Стывенсан (“Востраў скарбаў”), Ж. Верн (“Пятнаццацігадовы капітан”), А. Шклярскі (серыя раманаў пра прыгоды Томаша Вільмоўскага), А. Бяляеў (“Чалавек-амфібія”), А. Гайдар (“Цімур і яго каманда”, “Чук і Гек”), М. Носаў (апавяданні, аповесць “Віця Малееў у школе і дома”), А. Рыбакоў (“Корцік”, “Бронзавая птушка”). З беларускай класікі: Я. Маўр (“Палескія рабінзоны”, “У краіне райскай птушкі”, “ТВТ”), М. Лынькоў (“Міколка-паравоз”), Ул. Машкоў (“Паміж “А” і “Б”, “Вясёлы тузін”, “Як я быў вундэркіндам”, “Засумаваў па дожджыку”).

Вышэйпрыведзены спіс — гэта своеасаблівая база, без якой, перакананы, не можа адбыцца сапраўдны літаратар, калі яго пазбавілі гэтых кніг у дзяцінстве. З гэтым мінімальным спісам можна смела адпраўляцца ў бібліятэку і пачынаць адукоўваць сваё дзіця, калі бацькі хочуць выгадаваць з яго інтэлігента гуманітарнага профілю.

Памятаю, як у школе, у класе пятым ці шостым, мы перажывалі літаратурны бум не меншы, а значна большы, чым цяпер адбываецца з “Гары Потэрам”. Тады гэта былі кнігі польскага дзіцячага празаіка Альфрэда Шклярскага. Купіць іх было немагчыма. Практычна немагчыма было і дастаць. Калі ж камусьці ўдавалася здабыць адзін з раманаў серыі пра адважных польскіх падарожнікаў, то кніга прыносілася ў клас і перадавалася з рук у рукі з умовай — на адны суткі. За адзін вечар мы праглыналі раман у трыста старонак і ашчасліўлівалі ім наступнага аднакласніка ў прагнай чарзе чытачоў. Незабыўнае пачуццё, калі кніга літаральна ўсмоктваецца ў цябе, як вада ў апанаванага смагай вандроўніка. Ты нібы напраўду брыдзеш па джунглях Новай Гвінеі або перавальваеш Гімалаі з Томікам Вільмоўскім, яго бацькам і вернымі сябрамі-паплечнікамі. Разам з захапляльным сюжэтам кніга рассоўвала для нас далягляды зямлі, паказвала краіны, народы, звычаі, адукоўвала, выхоўвала высакародства, якое самым натуральным чынам перадавалася нам ад нязломных палякаў — герояў васьмі паслядоўных раманаў А. Шклярскага. Тады я зразумеў, што значыць любіць сваю нацыю. Аказваецца, ці не кожная кропка на зямным шары ўганаравана нейкім выбітным палякам, героем, выгнаннікам з захопленай расійскім царызмам радзімы — так нам умела і далікатна даводзіў пры любой зручнай магчымасці аўтар.

Дарэчы, дзякуючы творам Астрыд Ліндгрэн, я жыва сабе ўявіў і палюбіў Стакгольм — горад, над пакручастымі дахамі якога лёталі неразлучныя Малыш і Карлсан. Крыху пра гэтых двух персанажаў, пра гэтую самую, па-мойму, вялікую знаходку ў дзіцячай літаратуры. Бо ж хто такі Карлсан? Гэта такі сябар, якога многім з нас пастаянна не хапае ў дзяцінстве. Мала любові бацькоў, мала братоў і сясцёр! Трэба яшчэ нешта інтымнае, толькі сваё. І вось гэтая сублімацыя дзіцячага кахання, якое ў юнацтве разгарыцца ў цягу да процілеглага полу, ёсць геніяльна ўгаданы шведскай пісьменніцай таўсматы чалавечак з маторчыкам. Ён, па сутнасці, абсалютная фантазія Малыша, сябар, які прыходзіць скрозь каменныя сцены тады, калі табе сумна і адзінока. Як любы “каханак” Карлсан адчувае сваю значнасць для Малыша, а таму капрызіць, сваволіць, дамінуе над хлопчыкам, які ўзрадаваны толькі тым, што любімы Карлсан на яго не забыўся. Малыш не можа лятаць, а таму Карлсан з ім не ў роўных умовах. Ён можа выпырхнуць з акна і болей не прыляцець, калі яго чымсьці пакрыўдзіш. Малыш раўнуе Карлсана да сваіх таварышаў, прычым ахвотней дзеліць яго з дзяўчынкамі, чым з хлопчыкамі. Што яшчэ раз пацвярджае любоўную прыроду іх узаемаадносінаў. А колькі такіх “малышоў” па ўсім свеце — самотных, зажураных, запертых у пакаранне ў сваім пакойчыку. І да колькіх з іх у хвіліны маркоты прылятае дзякуючы Ліндгрэн выратавальны Карлсан!

Вось сіла дзіцячай літаратуры. Вось яе значнасць. І таму заўсёды балюча ўспрымаю халтурныя з’явы, калі маленькага чытача крыўдзяць і водзяць за нос, калі яго папросту падманваюць.

У мяне на стале вялікі стос кніг вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка А. Якімовіча. Усе яны выдадзены не абы-дзе, а ў дзяржаўным выдавецтве “Юнацтва”. Пералічу іх: “Гордзіеў вузел” (1987 г.), “Эльдарада просіць дапамогі” (1989 г.), “Сакрэт Тунгускага метэарыта” (1993 г.), “Пастка для пярэваратня” (1997 г.), “Залатая дзіда” (2001 г.). З-за немагчымасці грунтоўна прааналізаваць усю творчасць аўтара абмяжуюся яго першай і апошняй, па храналогіі, кнігамі — з тых, падкрэслю, што ёсць у мяне.

Пачнём з “Залатой дзіды”. У ёй аўтар апісвае незвычайныя, фантастычныя прыгоды герояў-школьнікаў, а дакладней, беларускіх шасцікласнікаў у Лацінскай Амерыцы. Як яны туды трапілі? А папросту выйгралі конкурс на лепшае веданне іспанскай мовы. Вось так усе трое сяброў выйгралі конкурс — і паляцелі. Ім, праўда, дадзена ў апекуны настаўніца, але, каб не замінаць адважным вучням разбірацца з індзейцамі і вампірамі, яна захварэла і легла ў мясцовую бальніцу. Карацей, твор пачынаецца з самага што ні ёсць фальшу, які не схаваеш за ярлыком “фантастыка”. Бо фантастычнае — не сінонім бязглуздага. Але яшчэ раней, у першых жа абзацах, мы даведваемся, што на зямлі індзейцаў мапучэ (якія пражываюць у непралазных джунглях) стаіць страшэнная засуха. Усё гіне. І правадыр намерыўся зарыць у зямлю рытуальную галіну і прынесці ў ахвяру суроваму мясцоваму богу самых адкормленых лам — каб бог паслаў дождж.

Тут увага! Паводле тлумачальнага слоўніка, джунглі — гэта густы непраходны лясны зараснік у балоцістых мясцовасцях трапічных краін. Таму засуха, якой там, дзе растуць джунглі, у прынцыпе быць не можа, спатрэбілася аўтару адно для таго, каб здзейсніць задуманы рытуал, выклікаць бога, які спусціўся на бліскучым шары. У гэты шар бог забраў лепшага воіна племені і паляцеў немавед куды. Праўда, паслаў абяцаны дождж. Далей, праз сем гадоў, адважны воін аб’яўляецца ў адным з лацінаамерыканскіх гарадоў, дзе з ім сустракаюцца беларускія шасцікласнікі, вядуць нязмушаныя гутаркі па-іспанску і пачынаюць разблытваць нейкія штучныя, бессістэмныя таямніцы. Балазе ж настаўніца залегла ў лякарню! Па гэтым горадзе блукаюць вампіры, і нехта вылавіў міфалагічнага карліка, у якога галава павернута тварам назад.

Не ведаю, ці можа нармальны чытач адолець хоць некалькі старонак такога містычна-прыгодніцкага вінегрэту, дзе адсутнічаюць элементарныя прычынна-выніковыя сувязі і рэшткі здаровага сэнсу.

У кнізе ёсць і апавяданні. У адным з каторых (“Пажар”) хлопчыка душыць сусед за тое, што той быў сведкам яго заляцанняў да маці. Атрымаўшы адпор сваім сексуальным прыставанням, помслівы сусед падпаліў хлеў. Хлопчык спрабаваў вымагаць з яго за маўчанне грошы. За што ледзь не развітаўся з жыццём. І гэта тэма дзіцячай літаратуры?

Адзіны станоўчы момант я бачу ў грунтоўнай, адаптаванай да дзіцячага ўспрымання беларускай мове, якой напісаны кнігі А. Якімовіча.

Другая кніга, “Гордзіеў вузел”, пісалася Якімовічам значна раней, калі, мусіць, не былі яшчэ вычарпаны сюжэты і тэмы. Сюжэт кнігі цікавы, сімвалічны. Аднак заведама павучальны. У класе згубіўся алфавіт, і настаўнік заклікае добраахвотнікаў пусціцца на яго пошукі. Хутка трое пяцікласнікаў, сярод якіх адна дзяўчынка, лёгка адпускаюцца бацькамі ў загараднае падарожжа, каб шукаць “алфавіт”. На самай справе, падарожжа патрэбнае аўтару для таго, каб абучаць чытачоў сваёй кнігі розным народным прымаўкам ды прыказкам, выслоўям тыпу “ахілесава пята” і “гордзіеў вузел”. Трэба аднесціся з павагай да шырокага досведу Якімовіча. Вось толькі наўрад ці ён спрыяе мастацкасці твора ў цэлым. Бо чытач, а дзіцё — асабліва, вельмі не любіць, калі яго чаму-небудзь навязліва і бесперапынна вучаць. Чытач прагне эмоцый, прагне зліцца з героямі і пражыць іх жыццё, радавацца і бедаваць разам з імі. Хоча жыццёвай праўды. Думаць, што дзіцё непамерна дурнейшае за дарослых, — поўны абсурд.

Добра, што ў нас ёсць Уладзімір Машкоў, які непаўторна ўзараў самы складаны пласт літаратуры — дзіцячыя прыгоды, пазбаўленыя гераічна-фантастычнага складніку, пласт абсалютнага рэалізму. На маю думку, гэта найвышэйшы пілатаж у дзіцячай літаратуры. Такія аповесці Машкова, як “Паміж “А” і “Б” і “Як я быў вундэркіндам”, не маюць аналагаў у класіцы сусветнай дзіцячай літаратуры. Па мастацкай сіле яны могуць быць пастаўлены ў рад з рэалістычнай аповесцю А. Ліндгрэн “Эміль з Лёнебергі”, якая ўсё ж такі арыентавана на маладзейшага чытача (да сёмага класа). Узгаданыя ж творы Машкова з ахвотай чытаюцца нават дарослымі. Яго творчасць патрабуе шматграннага вывучэння і асэнсавання, і безумоўна — увядзення ў школьныя праграмы як лепшага ўзору айчыннай дзіцячай літаратуры. Шырокі разгляд не ўкладваецца ў рамкі нашага артыкула, тым больш што пра Ул. Машкова я выказваўся ў “ЛіМе” (№22, 2007 г.) і паўтарацца не хочацца. Застаецца толькі пашкадаваць, што памерлы Уладзімір Машкоў пісаў свае творы па-руску. Але, з іншага боку, дзякуючы гэтаму яны атрымалі розгалас на прасторах рэспублік былога Саюза, перакладаліся яны і на мовы некаторых суседніх (тады сацыялістычных) краін.

Аповесць Людмілы Рублеўскай “Пярсцёнак апошняга імператара” таксама можа быць вызначана як дзіцячая літаратура. Тым больш што кніга, у якой аповесць з’явілася, выйшла ў выдавецтве “Юнацтва” ў серыі “Бібліятэка прыгод і фантастыкі” (“Сэрца мармуровага анёла”, 2003 г.). У аповесці даволі цікавы дэтэктыўны сюжэт і шмат таямнічага. Шмат там і высакародных ідэй наконт лёсу беларускай нацыі, багата разважанняў пра культуру і мастацтва нашай краіны, пра ролю літаратуры ў жыцці чалавека. Але ж бяда ў тым, што ідэі гэтыя даўно агучаны класікам нашай літаратуры Уладзімірам Караткевічам, роўна як і вынайдзены сюжэты (раманы “Нельга забыць”, “Чорны замак Альшанскі”), якімі пісьменніца свядома ці несвядома ў сваёй аповесці карыстаецца. Асноўная памылка Рублеўскай у тым, што яна змяшчае ў гераічныя тыпажы Караткевіча (Антон Косміч, Андрэй Грынкевіч) жаночую душу — Магдаліну Дарбут, што выглядае ўжо зусім недарэчна. Мужчына і жанчына — гэта прыродныя антыподы. А таму тое, што ў Караткевіча высокае і гераічнае, у Рублеўскай набывае відавочныя карыкатурныя рысы.

Да таго ж пісьменніца перагружае чытача сваім культуралагічным досведам, развагамі пра высокае-добрае-вечнае, якія адно размазваюць дэтэктыўны сюжэт. Тэкст, увогуле пазначаны высокай культурай мовы, часам перанасычаецца дзіўнымі параўнаннямі (стары нагадвае “букет мінулагодняга быльнягу”, “Светка завішчала, як злоўленая русалка”, “вузкі, як саркафаг, пакойчык”). Скажыце, хто-небудзь бачыў букет мінулагодняга быльнягу, або лавіў русалак і слухаў іх віскат? Вобразнасць павінна дапамагаць чытацкаму ўспрыманню, а не перашкаджаць. Праўда, іншым разам матафара ўдаецца: “Першыя таполевыя сняжынкі плылі над скверам маленькімі прывідамі”.

Няважныя справы ў аповесці і з вызначэннем часу дзеяння персанажаў. Гэта тым больш насцярожвае, што Рублеўская пераходзіць у розныя часавыя пласты, у якіх цякуць паралельныя лініі аповесці. Пра тое, што аповесць пачалася прыблізна з 1987 года, я даведаўся дзякуючы дэдуктыўнаму метаду адно на 30-й старонцы. Уяўляю, як ламалі свае галовы юныя чытачы. Недзе пасярод аповесці гаворыцца, што галоўную гераіню “нейкая сіла цягнула да пісьмовага стала, і на паперу клаліся радкі, чамусьці на беларускай мове”. І гэта пасля таго, як мы цвёрда ўведалі, што Магдаліна Дарбут вучылася ў маскоўскім літінстытуце, затым перавялася на айчынны філфак і ўсё яе атачэнне, уключаючы жаніха, — беларускамоўная інтэлігенцыя. У такіх лагічных хібах трэба вінаваціць не толькі аўтара, а і рэдактараў кнігі.

Прыемна ўразіла аповесць Васіля Гігевіча “Марсіянскае падарожжа”, што выйшла ў аднайменнай кнізе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” (1990 г.). Гэта глыбокі, удумлівы твор навуковай фантастыкі, які можа быць смела рэкамендаваны чытачам старэйшага школьнага ўзросту. Адчуваецца, што аўтар грунтоўна вывучаў праблему, пра якую піша, перахварэў ёю. У аповесці я не заўважыў ніводнай фальшывай ноты, а таму невялікія агрэхі ў псіхалогіі персанажаў ніякім чынам не псуюць твор. Падкупляе абраная Гігевічам спавядальная манера пісьма: да нас звяртаецца адзін з апошніх ацалелых людзей з марсіянскай калоніі зямлян, хутка касмічны холад прыбярэ яго да сябе. А далей ідзе перадгісторыя марсіянскай каланізацыі, дзе ў ненавязлівай зграбнай форме выказваюцца думкі аўтара пра праблемы нашай цывілізацыі, пра тое, што чалавеку пагражае стацца марыянеткай у руках штучнага інтэлекту. Што, дарэчы, ужо адбываецца ў трэцім тысячагоддзі, як і прадказваў аўтар. Нельга не заўважыць выдатную беларускую мову твора, пазбаўленую хітрамудрых абаротаў, дыялектызмаў, флёру ды іншай мішуры, якая перашкаджала б чытацкаму ўспрыманню, парушала б гармонію. “Марсіянскае падарожжа” — адзін з лепшых узораў навуковай фантастыкі, якія мне даводзілася чытаць.

Дзіцячая аповесць Валерыя Гапеева “Пастка на рыцара” (“Юнацтва”, 2002 г.) пакінула дваістае ўражанне. З аднаго боку, яна мае арыгінальны дэтэктыўны сюжэт, напісана даходлівай мовай, прасочваецца неабыякавасць аўтара да праблем школьнікаў, веданне іх псіхалогіі. А з другога, відавочна, што ідэя, выбраная Гапеевым, свядома высоўваецца ім на пярэдні план, не прыхавана жыццёвымі рэаліямі, усё падпарадкавана гэтай высакароднай ідэі рыцарства (міжволі згадваем вялікага Сервантэса). Я вучыўся ў розных школах, і нідзе не толькі не думалі пераставаць крыўдзіць слабейшых, а рабілі гэта з адмысловай бязлітаснасцю. У “Пастцы на рыцара” дзейнічае падпольны ордэн, які сочыць у класе за парадкам і справядлівасцю. Гапееў імкнецца да жыццёвай праўды і адначасова ўводзіць ненатуральнага рыцара ў латах (не раўнуючы Дон-Кіхота), які б’е пасля школы пугай галоўнага хулігана класа. Пісьменнік намагаецца вырашыць праблемы рэальнасці з дапамогай фантастыкі. Тым больш расчароўваешся, калі напрыканцы рыцарам аказваецца самая слабая і нягеглая вучаніца класа. Гэта фантастыка, як той казаў, у квадраце. У дадзеным выпадку змешванне жанраў не прынесла карысці твору, які, тым не менш, мае досыць высокія мастацкія вартасці і, несумненна, будзе цікавы і карысны для маладых чытачоў.

Ёсць таксама ў беларускай літаратуры творы, напісаныя літаратарамі без свядомай арыентацыі на юнага чытача, але творы тыя, у сілу іх займальнасці, мастацкасці і прыстойнасці тону, могуць быць дзецям прапанаваны. Гэта некаторыя аповесці вядомага празаіка Анатоля Казлова (асабліва “Дзеці ночы” з кнігі “Незламаная свечка”), а таксама творы неардынарнага пісьменніка-фантаста Юрася Нератка (асабліва аповесці “Дыверсія” і “Мутант” з кнігі “Закуцце”).

Ёсць выдатныя ўзоры дзіцячай прозы Андрэя Федарэнкі, які піша, як правіла, на дарослыя тэмы, але часам пераключаецца на дзіцячую прыгодніцкую літаратуру. У сваіх аповесцях “Шчарбаты талер” і “Афганская шкатулка” (з аднайменных кніг) Федарэнка развівае прыгодніцкія сюжэты, калісьці задэклараваныя Р-Л. Стывенсанам і М. Твэнам. Прычым робіць гэта таленавіта, з веданнем псіхалогіі падлеткаў, а галоўнае, з любоўю і павагай да чытачоў.

Не так даўно выйшлі ў свет кнігі казак Раісы Баравіковай (“Казкі астранаўта”) і Алены Масла (“Таямніца закінутай хаты”). Яны парадуюць чытача сярэдняга школьнага ўзросту як сваёй цудоўнай паліграфіяй, так і цікавым зместам. У казках Масла пераважаюць прытчавыя матывы. У казках Баравіковай — касмічныя падарожжы, якія таксама збольшага маюць іншаказальны, абагульняльны сэнс.

Таксама можна рэкамендаваць чытачам кнігі і асобныя творы дзіцячай літаратуры Уладзіміра Ягоўдзіка, Міхася Пазнякова, Анатоля Зэкава, Алеся Бадака. А з тых, што выходзілі ўжо даўно, — творы Паўла Місько, напрыклад, кнігі “Прыгоды бульбобаў”, “Навасёлы”.



Аналіз палітры дзіцячай літаратуры — па вялікім рахунку, справа навуковага інстытута. Я ж, па меры магчымасці, кінуў свой суб’ектыўны рэтраспектыўны пагляд, параўнаў класікаў з сучаснікамі і выказаў на гэты конт свае асабістыя думкі. Хтосьці з імі не пагодзіцца, хтосьці абавязкова пакрыўдзіцца, хтосьці, магчыма, аспрэчыць у друку некаторыя мае сентэнцыі і прадставіць свае аргументы. Ад гэтага будзе толькі карысць.






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка