Міфалагічныя ўяўленні аб Долі (Лёсе) у беларускіх народных празаічных творах




Дата канвертавання13.05.2016
Памер80.44 Kb.
Ірына Казакова

Міфалагічныя ўяўленні аб Долі (Лёсе) у беларускіх народных празаічных творах.


Уяўленні аб долі беларускага народа выразна адлюстраваліся ў вуснай паэтычнай творчасці. У прыказках і прымаўках адбілася рознае яе разуменне. У адных прыказках доля асацыіравалася са шчасцем ("Як няма шчасця – няма і долі", "Доля, мая доля, шчасце як таўкач"); у другіх – з няшчасцем ("Бяздольнаму ўсюды нядоля", "Шчасце за гарамі, а бяда за плячамі"); з ліхам і бядою ("Ад ліхой долі не ўцячэш", "Не збярэш з поля, калі ліхая доля", "Бяда тое, што будзе, а будзе , што суджана"). Непазбежнасць лёсу адлюстравалася ў многіх прыказках: "Як суджана, тое не міне", "Чаму быць, таго не мінаваць", "Ніхто наперад не знае, што каго чакае", "Каму суджана вісець, той не ўтопіцца" і інш. У прыказках і прымаўках добра захаваліся адбіткі народнай свядомасці і самасвядомасці далёкага мінулага. Іх бытаванне спрыяла стварэнню цэласнай выявы свету ў міфалагічных уяўленнях людзей. У лаканічнай форме прыказак і прымавак адлюстраваны калектыўны жыццёвы вопыт, народная мудрасць, якая набывалася на працягу стагоддзяў і жыве зараз у традыцыйнай паэзіі.

Міфалагічныя ўяўленні аб Долі (Лёсе) з асаблівай мастацкай выразнасцю адлюстраваліся ў народных казках. Характэрнай у гэтых адносінах з'яўляецца казка, запісаная А.К.Сержпутоўскім, - "Суджано". Ужо ў завязцы сюжэта мы знаёмімся з галоўным персанажам казкі – вельмі цікавым хлапчуком, якому мроілася, "што гаўядо гаворыць паміж сабою, што кусты й дзераўлякі шэпчуцца от так, бы й людзі. Убачыць ён пчолку, як тая на кветках збірае мядок, дык ён і пытае яе, што яму суджано, ці якая яго будзе доля. Бзын! Пчолка паляціць, а яму здаецца, што яна сказала – ліхо. Сустрэне вавёрку, як яна грызе арэшкі, падойдзе к ёй бліжэй, каб запытацца аб сваёй долі..." Хлапчук распытваў аб ўсім дзеда Грышка, які так "гожэ" баяў казкі , "што яго слухаў бы дзень і ноч". Дзед Грышко патлумачыў хлапчуку, што кожнае стварэнне ўмее гаварыць, але мы не знаем, што пчолка ведае, "што нам суджано й якую долю нам бог прызначыў". Хлапчук не згадзіўся жыць так, як суджана, і заявіў, што будзе "біцца з ліхою бядою". Вымушаны быў дзед павучыць хлапчука, "як на свеце жыць, як ліхо абхадзіць, толькі адно казаў, каб ён долі не чапаў, бо суджанаго не абойдзеш, ні канём не аб'едзеш, што суджано, тое й будзе". Дзед Грышко нічога сам не прыдумаў, а выкарыстаў народную мудрасць, адлюстраваную ў прыказках і прымаўках. Далейшы змест казкі пераконвае ў справядлівасці традыцыйнай народнай мудрасці. Не паспелі дзед і хлапчук закончыць размову, як суседзі паведамілі, што бацькі хлапчука загінулі пад упаўшым агародам. Сіраце даў прытулак дзед, у якога не было дзяцей. Але праз год ці два жонка гаспадара "затаўсцела", а потым падышла пара раджаць. Хлопца паслалі пасвіць коні, але яму захацелася паглядзець, як нараджаецца дзіця. Далей у казцы ў эпізодзе нараджэння дзіцяці раскраваюцца міфалагічныя ўяўленні, характэрныя не толькі беларусам, але і другім славянам.

У беларускай казцы хлопец назіраў, як у хату прыйшлі смерць з касою і яшчэ дзве маладыя жанчыны. Смерць хацела забраць жанчыну-парадзіху, яле яе затуліла другая жанчына. Смерць "паляскала зубамі да й кажэ": "Я вазьму хаця дзіця. Тут выступіла другая жанчына дый кажэ: "Я яго доля". Калі нарадзілася дзяўчынка, доля засланіла дзіця ад смерці, якой давялося закінуць "косу за плечы" і знікнуць. З размовы жанчын хлопец даведаўся, што ў дзяўчынкі будзе харошая доля, яна вырасце прыгожай і выйдзе замуж за хлапчука. "А другая жанчына, а то была судзьба, зірнула на дзіця да й кажэ: "Але яе ўкусіць свіньня, дак яна з таго й памрэ". Дзяўчынка хлопцу не спадабалася ("чырвоная, зморшчаная, бы жаба"). І ён вырашыў ні ў якім разе не жаніцца з ёй, пазней паспрабаваў забіць яе. Але лёс склаўся так, што праз шмат гадоў яму давялося закахацца ў яе (а ёй – у яго) і браць шлюб. Аднак прадраканне лёсу спраўдзілася: аглушаны на паляванні дзік ачнуўся і смяротна параніў жонку: яна "яшчэ памучылася трохі да кончылася"[3, 207-212]. Са зместу гэтай казкі бачна, што Доля і Лёс не заўсёды атаясамліваліся ў свядомасці народа. Не выпадкова ў іх ролі нярэдка паўстаюць дзве розныя істоты (жанчыны).

Паводле міфалагічных уяўленняў паўднёвых славян (балгар, сербаў, харватаў), у хату да парадзіхі прыходзяць міфічныя істоты Арысніцы. Яны надзяляюць нованароджанае доляй і прадвызначаюць яго лёс, які змяніць немагчыма. Пад уплывам хрысціянства пачалі мяняцца ўяўленні аб тым, хто дае долю дзіцяці: лічыцца, што доляй надзяляе Бог, а Арысніцы вызначаюць працягласць жыцця. Усё, што прадвызначаецца ў час нараджэння , ніхто, нават Бог, не можа прадухіліць. У Балгарыі лічаць, што Арысніцы – гэта ці трое святых, ці Ісус Хрыстос, Багародзіца і святы Пятро. Часцей жа ўяўляюцца Арысніцамі тры жанчыны ў белым адзенні, сёстры або блізкія сваячкі. Да іх прыходу рыхтуюцца і імкнуцца ўміласцівіць[5, 290-292]. Семантыка міфалагемы Долі (Лёсу) у беларусаў і паўднёвых славян вельмі блізкія. Магчыма толькі ў беларускіх казках сваёй адметнасцю вылучаецца паэтычная персаніфікацыя Долі, карані якой ідуць з дахрысціянскіх міфалагічных уяўленняў продкаў. Таму ў многіх казках язычніцкія і хрысціянскія ўяўленні пераплятаюцца. У казцы "Два браты, бяда да доля" сцвяржаецца, што долю братам даў Бог, але няроўную: "аднаму доля спрыяе, дак яму вецер дзяцей калышэ, дожджык мые, сонца грэе, а другога доля ледашчыца па свеце гуляе, аб дзетках не дбае. Іх вецер халодзіць, дожджык не лагодзіць, сонейко смаліць, аж ліхо іх валіць. Адзін брат багаты, за што ні вазмецца, усе добрэ ймецца. Другі брат без долі, не мае карысці ніколі. Што зробіць старэнно, усё гіне штодзенна"[3, 203]. Далейшы змест казкі ў пэўнай ступені супярэчыць уяўленням аб немагчымасці змяніць сваю долю, лёс. Бядняк дзеліцца з жабрачкай мясам з зарэзанай ім апошняй хворай кароўкі, з-за чаго дзеці засталіся без малака, і раптам даведваецца, што баба-жабрачка – гэта Бяда. "Схапіў ён тую бабу пад клешні, бы жабу, да ў выжар глябокі заціснуў пад бокі". Бяда тут атаясамліваецца з доляй: пасля яе знікнення змянілася жыццё бедняка, усюды яму стала шанцаваць, і ён разбагацеў. Зайздросны багаты брат, як даведаўся, ад чаго разбагацеў бядняк, выпусціў Бяду, але яна "на галодныя зубы схапіла багатаго ў губы, схапіла ў дамоўцы багацье да й знішчыла самае шмацьце". Багач стаў жабраком: "і накрыж павесіўшы клункі, ён ходзіць, жабруе без жонкі. Не мае прытулку ніколі, бо дарам шукае ён долі. А доля з бядою сакочэ, бо заўжды так зробіць, як схочэ"[3, 204]. Бяда ў гэтай казцы персаніфікуецца так жа сама, як і доля. Але селяніну ўдалося абясшкодзіць яе. Гэта не адзіная беларуская казка, у якой герой не скараецца з лёсам і дабіваецца паляпшэння жыцця.

У казцы "Ліхая доля" бядняк лупцуе кіем, узяўшы за косы, сваю долю, якая паўстае таксама ў выглядзе жанчыны (дзяўчыны, што "лынды б'е"), "павучыў" яе так, што яна зрабіла яго багатым. Выснова казкі: долю трэба трымаць у руках, "бо без ушчунку й ад долі няма ратунку"[4, 109].

Аднак міфалагічнае ўяўленне аб долі, шчасці, лёсе, бядзе не было абсалютна ўстойлівым. Сама доля паўставала ў народных празаічных творах як шчаслівая і нешчаслівая (ліхая). І ў той жа час у асобных творах шчасце і доля паказваюцца як дзве істоты. У запісанай Э.Дмахоўскай (Яленскай) у Рэчыцкім павеце казцы "Шчасце і доля"[1, 145-147] бедны чалавек сустракае дзвюх паненак – Шчасце і Долю, скардзіцца ім на сваё гаротнае галоднае жыццё. Доля "зміловаласе над ім" і дала яму тры рублі, але Шчасце папярэдзіла, што без яго нішто яму не дапаможа. Так і было: толькі тады селянін разбагацеў усяго за тры грошы, якія яму дало Шчасце ў трэці раз і сказала, на што іх патраціць. Сэнс казкі ў разуменні таго, што адна доля не можа задаволіць патрэбы чалавека. Персаніфікацыя Долі і Шчасця ў выглядзе паненак традыцыйна агульная для ўсіх беларусаў і іншых славянскіх народаў. Падобна ім персаніфікуецца і Бяда. Вышэй мы прыводзілі прыклад, калі яна паўставала ў вобразе бабы-жабрачкі. А ў казцы, запісанай Э.Дмахоўскай у в. Камаровічы Мазырскага павета, Бяда – дзяўчына-гультайка, якая ляжыць пад ігрушай, "перабірае нагамі да рукамі", і калі гаспадар забраў яе дахаты, яна ўзлезла "на печ, да ўсё перабірае, іграе на язык, а дзела не робіць", а потым учапілася яму за шыю. Ён яе "біў, біў – да рэзаў і ўтоптваў, і калоду наложыў". Толькі пасля гэтага "палепшало ўжэ ім – і хлеб ёсць і к хлебу ё"[1, 64-66].

Значна радзей у казках шчасце і гора персаніфікуюцца ў вобразах мужчын. У казцы, змешчанай П.В.Шэйнам, шчасце (мужчына) багатага брата ахоўвае яго багацце і, калі багач дазволіў бедняку ўзяць каня, не дае яму. Сам селянін не змог знайсці сваё шчасце (у гэтай казцы яно ўспрымаецца як доля). Чалавечая істота (шчасце брата) падказвае яму, дзе знаходзіцца яго шчасце і як яно выглядае: "Вон там пад кустом ляжыць в красной сорочцы". "Бядняк узяв добрый кол да і пошов к кусту, глядзіць, ожно вялікій чалавек ляжыць, расцянуўшы. Бядняк падыйшов да як трэсня яго по боку". Чалавек падхапіўся і прызнаўся, што не прывык да земляробства і згадзіўся дапамагаць бедняку ў гандлі. Разбагацеў бядняк. Важна адзначыць, што ў гэтым яму не перашкодзіла і Гора, якое выявілася пры пераездзе ў новы дом. Гора таксама персаніфікуецца: яно плача, што не забіраюць з сабой гаспадары. Бядняк ашукаў яго, сказаў, каб лезла ў скрыню, а потым закапаў. Як і ў многіх іншых казках, зайздросны багаты брат спрабаваў вярнуць Гора бедняку, але яно пабаялася ісці да яго, засталося жыць з багатым братам. Цікавая яшчэ адна дэталь: персаніфікаваныя істоты часцей за ўсё паказваюцца ў матэрыялізаваным абліччы. Тут жа багач хацеў яго "ізноў паймаць да закапаць, а Гора і не відно стала. Тогды сбяднев сусім богач, а бядняк разбогацев"[6, 157-158].

Незвычайна ўвасабляецца Доля ў казцы ,запісанай Е.Р.Раманавым у в. Студзянец Чэрыкаўскага павета, у аснове якой традыцыйны сюжэт: узаемаадносіны багатага і беднага братоў, розныя ў іх Долі. У багатага вырас добры ўраджай жыта, а ў беднага – дрэнны, але і пры гэтым яго копы жыта расцягваліся, а багатага паўнелі. Выявілася, што ў гэтым вінаваты кот, які назваўся Доляй багатага брата і заявіў: "Я абавязан яму цягаць: я яго Доля!" А Доля беднага брата пад лесам спала на каменні і мохам зарасла. На патрабаванне бедняка служыць яму яна прапанавала прадаць маёмасць і пераехаць у другі горад. Пры пераездзе гаспадар загнаў у біклагу злыдняў, і з дапамогай Долі разбагацеў. Цікава, што Доля ўвасабляецца ў сабачку і здольна пераўвасобіцца ў іншую жывёліну: багач разгадаў, што бядняк разбагацеў дзякуючы Долі-сабачку, папрасіў яго забіць яе, але сабачка паспеў капнуць сваю кроў на падцёлку, а калі і падцёлку зарэзалі, яе сэрца першымі паспрабавалі сыны, і яны сталі шчаслівымі. Надзея багатага брата прымусіць Долю бедняка служыць яму не апраўдалася, і тады ён вырашыў забраць грошы ў біклазе (так сказаў яму бядняк). Але там аказаліся злыдні, якія і давялі багача да жабрацтва[2, 204-206]. Увасабленне Долі ў ката і сабаку ў гэтай казцы з'яўляецца па сутнасці таксама персаніфікацыяй, таму што яны паводзяць сябе як людзі. Разам з тым яны валодаюць і большымі магчымасцямі, чым людзі, дзякуючы чаму могуць дапамагаць ім ў жыцці, рабіць іх шчаслівымі ў адпаведнасці з народнымі ідэаламі[2, 206-209].

Своеасаблівая "спецыялізацыя" Долі (Шчасця) характэрна і для іншых казак. У гэтых адносінах цікавай з'яўляецца "Доля аратага і купца", якую, як і папярэднюю, запісаў Е.Р.Раманаў. У ёй таксама багаты і бедны браты: "багаты мені робіць, да багата жывець. Доля служыць, а бедны робіць, робіць і нічога не маець". Сюжэт і тут развіваецца падобна раней разгледжаным казкам: персаніфікаваная ў выглядзе чалавека Доля багача ходзіць па ніве, сабірае калоссе і кладзе ў снапы, падказвае, дзе шукаць Долю бедняка:

" – Ляжыць твая Доля пад яблынькай у паповым садзе, у красным жупане. Калі, – гаворыць, – яблычка пападзець у рот, так яна з'есць, а не пападзець, дак і так жывець!"

Далей выяўляецца, што Доля бедняка – купецкая. Вымушаны быў селянін заняцца гандлем[2, 46-47].

Але, як у разгледжаных вышэй творах, жыццё чалавека не заўсёды залежала ад Долі, а таксама ад Бяды, Гора, якія часцей за ўсё шкодзілі чалавеку. У казцы "Доля і злыдні" чалавек трапляе ў залежнасць яшчэ ад іншых міфалагічных істот – злыдняў. Доля паўстае тут у традыцыйным выглядзе – дзяўчыны. У аднаго брата яна добрая памочніца ў земляробстве, а ў другога – гультайка: сядзіць пад дубам і іграе ў "балалайку", "спецыялізуецца" ў гандлі. Выяўляецца, што ў бедняка пад печкай сядзела шмат злыдняў, якія расплакаліся, калі ён не забіраў іх з сабой. Бядняк абхітрыў іх: засадзіў у бочку, а потым выкінуў яе ў рэчку. Як і ў іншых творах, зайздросны багач знаходзіць іх, але яны застаюцца з ім, у выніку "за паўгода з'ехаў багач так, што і кошкі ў дварэ не асталась"[2, 47-48].



Такім чынам, у народных празаічных творах асабліва выразна адлюстроўваюцца міфалагічныя ўяўленні нашых продкаў аб Долі (Лёсе), Шчасці, Бядзе, Горы, якія часцей за ўсё паўстаюць у выглядзе персаніфікаваных істот. Важна, што ў некаторых казках Доля чалавека можа змяняцца, у другіх жа яна нязменная і ўсё прадвызначанае "на раду" фатальна непазбезнае.


  1. Беларускі казачны эпас / Склад. І.В.Анічэнка. Мн., 1976.

  2. Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. Витебск, 1891.

  3. Сержпутоўскі А.К. Казкі і паданні беларусаў з Слуцкага павета. Л., 1926.

  4. Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. Л., 1926.

  5. Славянская мифология. Энциклопедический словарь. М., 1995.

  6. Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка