Міфалагічныя вобразы ў нізцы вершаў М. Багдановіча




Дата канвертавання29.03.2016
Памер26.02 Kb.


А. М. Багушэвіч (БДУ, г. Мінск)

Міфалагічныя вобразы ў нізцы вершаў М. Багдановіча «Места»

Урбаністычную нізку вершаў «Места» са зборніка М. Багдановіча «Вянок» нельга назваць насычанай старажытнымі міфалагічнымі ці фальклорнымі вобразамі; тым не менш, іх наяўнасць у паэтычных тэкстах гэтай нізкі не з’яўляецца выпадковасцю.

Цэнтральным аб’ектам дадзенага цыклу з’яўляецца горад – старажытны і сучасны паэту; аўтарскае філасофскае асэнсаванне месца чалавека ў ім. Горад у творчасці М. Багдановіча выступае як пэўны феномен: усё, што характэрна для гарадской культуры і яе носьбітаў (сучаснасць, індустрыяльнасць, калейдаскапічнасць светаўспрымання) ўсё ж такі не можа быць цалкам адасобленае ад старажытнасці, міфаў, старадаўніх культурных кантэкстаў. І як прывіды мінулага, гэтыя вобразы час ад часу “ўплятаюцца” ў звычайную карціну ўрбаністычнага пейзажу. Таму невыпадкова, што «Места» пачынаецца вершам, дзе прысутнічае вобраз Пегаса:

Звярнуў калісь Пегас на вулкі

З прывольных палявых дарог, –

І пракаціўся топат гулкі

І іскры сыпнулі з-пад ног [1, с. 95].

Пегас – крылаты конь у грэчаскай міфалогіі. Згодна паданням, сваім капытом Пегас выбіў на Геліконе крыніцу Гіпакрэну, вада якой дорыць натхненне паэтам [3, с. 296]. У вершы «Звярнуў калісь Пегас на вулкі…» з міфічным вобразам Пегаса можна звязваць пачатак мастацкага асэнсавання культуры горада. Гэты крылаты конь звярнуў з вяскова-сельскага прыволля на гарадскі брук І, так бы мовіць, паклікаў да жыцця новую паэзію – урбаністычную, г. зн. народжаную гарадской рэчаіснасцю. Пегас у кантэксце дадзенага верша выступае як сімвал сувязі паміж мінуўшчынай і сучаснасцю.

Яшчэ адзін старажытны міфічны вобраз – цяпер ужо са славянскай, беларускай глебы – Падвей:

У бубны дахаў вецер б’е,

Грыміць па ім, звініць, пяе,

I спеў ліецца ўсё мацней, –

Гулянку справіў пан Падвей [1, c. 99].

Падвей, паводле энцыклапедычнага слоўніка «Беларуская міфалогія» [2] – шкадлівы вецер або хвароба, выкліканая гэтым ветрам, «ветравое ліха». Сваім нападам ён можа скруціць чалавеку галаву, руку ці нагу, адняць мову. Падвей можа быць самародны ці насланы. Лічылася, што благі вецер можа наслаць чараўнік, але і кожны чалавек мог выклікаць вецер у спякотны дзень на полі рэзкім свістам, толькі рабіць гэта было небяспечна, можна было наклікаць віхор.

Адной з разнавіднасцяў вятроў з’яўляецца Вея – моцны зімовы вецер, які гоніць, правявае снег. Шкоднай вея не лічыцца, хоць і замятае ўсе сцежкі дарожкі. Верагодна, што багдановічаўскі вобраз Падвея больш стасуецца менавіта з Веяй, паколькі Падвей – гэта найперш шкадлівы, хваробатворны павеў ветру, незалежны ад пары года і іншых абставін [2, c. 354]. Падвей нагадвае сабой вобраз гарадскога гулякі-гарэзы, весялуна, які спявае, адчувае поўную вольніцу. Паэт міфалагізуе прыродную стыхію ветру, надае гарадскому малюнку незвычайную дынаміку і экспрэсію.

Зварот М. Багдановіча як да антычных, так і да славянскіх міфічных вобразаў і ўдалае, гарманічнае ўпляценне іх ва ўрбаністычны мастацкі тэкст з’яўляецца каштоўным эстэтычным здабыткам у беларускай паэзіі XX стагоддзя.



Літаратура

  1. Багдановіч, М. Поўны збор твораў: у 3 т. / М. Багдановіч. – Мінск: Навука і тэхніка, 1991. – Т. 1. – 752 с.

  2. Беларуская міфалогія: энцыкл. слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімовіч. – 2-е выд., дап. – Мінск: Беларусь, 2006. – 599 с.

  3. Мифы народов мира: энцикл.: в 2 т. / гл. ред. С. А. Токарев. – М.: Сов. энциклопедия, 1980. – Т. 2. – 672 с.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка