Мы патрапілі зусім не туды, куды імкнуліся, мы наў­сьцяж апынуліся ня там, дзе хацелі быць




старонка3/3
Дата канвертавання01.05.2016
Памер387.24 Kb.
1   2   3

8. Паўстаньне аўтсайдэраў.
У плане этнагенезу мы сапраўды вясковая нацыя, бо ўсе нашыя эліты папярэдніх эпохаў перманентна зьнікалі ў тых ці іншых, але спрэс ня нашых (па сёньняшнім вымеры), уладных дыскурсах. І толькі вёска, як казалася вышэй, пазбаўленая каналаў хоць якой улады, няўзнак для самой сябе сьпеліла патэнцыял беларускай прышласьці.
А далей нам істотна зразумець, што ў адрозьненьне ад этнасу, які паступова гуртуецца натуральным ходам сацыяльна-культурных узаемадачыненьняў і стасункаў, Нацыя паўстае толькі праз волю да ўлады цывілізацыйна нейкай новай сілы, што высьпела для гэтай ролі ва ўлоньні этнасу ці сьвядома абрала яго, як пляцоўку дзеля рэалізацыі свайго ўладнага патэнцыялу. Гэта значыць, Нацыя не зьяўляецца сама па сабе, а ствараецца пэўнымі інтэнцыямі: спачатку праз фармуляваньне ідэалагемы Нацыі, а затым – праз палітычную барацьбу ці збройны супраціў.
Што да беларускай Нацыі, то пытаньне пра тыя новыя цывілізацыйныя сілы, якія неўпрыкмет набрынялі воляй да ўлады – надзвычай складанае. Рэч у тым, што ніводнага з базавых складнікаў (шматлікі сярэдні клас, капіталізацыя і урбанізацыя), неабходных дзеля паўставаньня Нацыі, Беларусь і ў ХІХ, і на пачатку ХХ стагоддзя ня мела. Сярэдні клас, нават у сваёй этнічна беларускай частцы, ментальна тоесьніў сябе альбо з расейцамі альбо з палякамі; у тых жа дыскурсах, толькі з дадаткам габрэйскага, адбывалася і капіталізацыя грамадства. Яшчэ больш неспрыяльнай сітуацыя выглядала ў вымеры трэцяй базавай кампаненты – урбанізацыі. Згодна перапісу 1897 году, у гарадах і мястэчках жыло толькі 17,1% беларусаў (тут дамінавалі габрэі – 57,5%; расейцаў было – 16,7%, палякаў – 6,1%), да таго ж беларусы пераважна належалі да ніжэйшых класаў у сацыяльнай іерархіі гораду.
Адсутнасьць ментальна беларускага сярэдняга класу сваімі наступствамі мела яшчэ і тое, што менавіта сярэдні клас зьяўляецца радовішчам інтэлектуалаў, якія адно і могуць сфармуляваць ідэалагему Нацыі і тым самым запачаткаваць яе станаўленьне. Гэта разумелі і тыя піянеры нацыянальнага руху, якія пісалі ў першым нумары падпольнага часопісу “Гоман” (Санкт-Пецярбург, 1884 г.): “Беларускі народ, як нацыя плебейская, чакае яшчэ зьяўленьня сваёй інтэлігенцыі. Да гэтага часу ён выдзеляў з сябе сілы, якія служылі або польскай, або вялікарускай культуры. Глуха, але настойліва пратэставаў ён супраць здрадніцкіх спробаў паланізаваць ці абвялікарусіць яго, і абедзьве сілком навязаныя яму культуры праходзілі міма, не прышчапіўшыся да яго. Сьвята захоўвае ён асновы свайго жыцьця ў чаканьні сваёй інтэлігенцыі, якая будзе не ламаць гэтыя асновы, а разьвіваць і ўдасканальваць іх...”.
Пытаньне аб прычынах зьяўленьня ў прасторы “плебейскай” нацыі інтэлектуа­лаў (публіцыстаў, паэтаў, гісторыкаў), палітыкаў і нават бізнэсоўцаў ёсьць адным з самых інтрыгуючых пытаньняў станаўленьня беларускай Нацыі.
Найперш мы мусім адзначыць, што ніводны з піянераў і будучых герояў нацыянальнай будоўлі ня быў, так бы мовіць, чыстым плёнам жыцьцядайнасьці самога беларускага народа. Усе яны вярталіся на сваю этнічную радзіму з нейкіх іншых этнакультурных абсягаў – найперш расейскага, польскага і ўкраінскага. Гэта значыць, што яны атрымалі адукацыю, пэўны сацыяльны статус, ідэнтыфікацыйную легенду як гадаванцы небеларускіх нацыянальных кодэксаў. Што і зразумела, бо беларусы на тую пару ня мелі ўласных інстытуцыяў ні ў культуры, ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы (гэта нягледзячы на тое, што ў 1897 г. працэнт пісьменных людзей на Беларусі складаў 32%, тым часам як у Расіі і на Украіне – адпаведна 29,6% і 27,9%).
Дарэчы, вось гэтая сітуацыя вяртаньня застанецца дамінуючай і праз усё ХХ стагоддзе. Бо, хаця ў 20-я гады і будзе створаная сістэма нацыянальнай адукацыі і пакрысе сфармуюцца сферы (пераважна гуманітарныя), дзе можна будзе жыць амаль паўнавартасным нацыянальным жыцьцём, але выбар нацыянальнай формы жыцьця на Беларусі да гэтага часу залежыць ад персанальнага выбару, які кожны мусіць зрабіць сам. Ці не зрабіць, што “масаваму” чалавеку больш натуральна.
Далей мы зацікавімся вось якім пытаньнем: а чаму гэта беларусы (з сярэдзіны ХІХ стагоддзя) пачалі вяртацца на сваю этнічную радзіму? Раней жа не вярталіся?
Так, не вярталіся, бо не было куды. Аднак ня ў тым сэнсе, што раней беларусаў, як этнасу, не было – былі, прынамсі, ужо ладны кавалак часу. Не хапала іншага: усьведамленьня этнасу (нацыі), як універсальнай каштоўнасьці, якая адначасна надае высокую каштоўнасьць і твайму сінгулярнаму кону. А падобнае разуменьне не магло зьявіцца да таго, пакуль не запанавалі ідэі “свабоды, роўнасьці, братэрства” ўсіх саслоўяў. Толькі адсюль “плебейская” нацыя ўжо магла быць убачанай як ахвяра на гвалце збудаванага сьвету, вартая і спагады, і любові, але найперш — вызваленьня з-пад гэтага гвалту.
Як ужо казалася, хваля пераўладкаваньня сьвету на нацыянальны капыл абрынулася на Еўропу з канца ХУІІІ стагоддзя і досыць хутка захліснула і нашыя землі, чаму найбольш выразным сьведчаньнем паўстаньні 1830 і 1863 гадоў.
Але прэсінг вялікага палітычнага стылю — гэта толькі неабходная перадумова дзеля зьяўленьня такога феномену, як сістэмнае вяртаньне на этнічную радзіму. А вось сам акт вяртаньня (у кожным разе зьвязаны з персанальным выбарам), быў абумоўлены мноствам самых розных псіхалагічных, сацыяльных, палітычных і культурных матывацыяў. Сярод гэтага мноства мы, з аднаго боку, выдзелім высокі рамантызм, а з другога — інтуітыўны (ці сьвядомы) прагматызм.
Першы выпадак мае за грунт натуральны патрыятызм. У тую пару, калі ў розных кутках Еўропы ўсе народы памкнуліся ўцялесьніваць уласную нацыянальную ідэю, мы, маючы славутую гістарычную спадчыну і сфармаваны этнас, не маглі калісьці не апынуцца ў гэтым універсальным працэсе любові да свайго і да саміх сябе ў гэтым сваім.
Значна больш складана патлумачыць, што я разумею пад “інтуітыўным прагматызмам”. Вышэй ужо казалася, што кожны, хто потым навярнуўся на беларушчыну, да гэтага меў пэўны сацыяльны статус і нейкую персьпектыву у дыскурсе Расейскай імперыі. Аднак з прычыны іхняй, хай сабе і адаптаванай там, але “іншасьці”, бальшыні з этнічных беларусаў было наканавана заставацца сярод аўтсайдэраў ва ўладным полі метраполіі, як бы высока яны не падымаліся па іерархічнай лесьвіцы (для прыкладу згадаем хаця б Фадзея Булгарына). У стабільныя эпохі аўтсайдэры, звычайна, моўчкі трываюць свой кон, затое, калі пачынаецца пара вялікай крызы, яны актыўна выходзяць на авансцэну гісторыі.
Беларускі нацыянальны рух быў сфармаваны аўтсайдэрамі з іншых нацыянальна-уладных дыскурсаў. Гэта досыць абразьлівая выснова для нашага гонару, але суцешым сябе тым, што яна тыпалагічная, калі вядзецца размова пра паўставаньне новых нацыяў (і ўвогуле новых дыскурсаў).
Лідэры не вяртаюцца. Тыя, што патрапілі ва ўладныя эліты метраполіі, ніколі не вяртаюцца ў сваю этнічную правінцыю. Вяртаюцца адно аўтсайдэры, якія ня маюць шанцаў займець адпаведнага сваім амбіцыям месца ва ўжо сфармаваных кастах элітаў. Так амбіцыі Кастуся Каліноўскага падштурхнулі разыграць “беларускую карту” ў “польскім” паўстаньні, дзе яму не было першай ролі нават сярод рэгіянальных кіраўнікоў; так далучыўся да збройнага чыну БНР Булах-Балаховіч, так Янка Купала пакінуў вершаваныя практыкаваньні ў польскай мове, а Максім Багдановіч – у рускай, так было ў безьлічы самых розных іншых выпадкаў; і так працягваецца да гэтага часу (бальшыня сёньня вядомых апазіцыйных палітыкаў, якія абапіраюцца на нацыянальна заангажаваны электарат – гэта аўтсайдэры дыскурсу паноўнай улады).
Я не належу да адэптаў псіхааналізу, бо не люблю корпацца ў сутарэньнях чужых сьвядомасьцяў і, тым болей, падсьвядомасьцяў ( а да таго ж яшчэ паважаю суверэннасьць асобы). Вось чаму мае адсылкі да персаналіяў, што тут згаданыя дзеля канкрэтных прыкладаў да абстрактнай версіі пра ”комплекс аўтсайдэра як нацыястваральны чыньнік” прашу a priori лічыць не карэктнымі. І рэч тут ня толькі ў маім скептычным стаўленьні да псіхааналізу як такога. У кожным асобным выпадку выбар на карысьць вяртаньня да этнічнай радзімы адбываецца праз зьбег мностваў матывацыяў – сітуацыйных, прагматычных, палітычных, сацыяльных, рамантычных, містычных, метафізічных і г.д і да т.п. Таму вылучэньне з гэтага багатага суплёту матывацыяў нейкай адной з іх ужо па азначэньні ёсьць хібам.
Але я гатовы адстойваць вышэй згаданую “прагматычную” версію ў якасьці адной з базавых схемаў нацыянальнай рэвалюцыі, бо гэтаксама сацыяльныя аўт­сайдэры рабілі рэлігійныя, феадальныя, буржуазныя, а затым і пралетарскія рэвалюцыі.
Уласна кажучы, усе вялікія перамены ў гісторыі чалавецтва зробленыя аўтсайдэрамі... Амбітнымі аўтсайдэрамі, якіх ужо назапасілася столькі, што яны вымагаюць сабе новых прастораў (геаграфічных, палітычных, культурных), дзе ім будзе даволі месца дзеля выяўленьня сваёй волі да ўлады.
1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка