Мэты: развіваць творчыя здольнасці вучняў, уменне трымацца на сцэне, уваходзіць у ролю; удасканальваць навык выразнага чытання. Уступнае слова




Дата канвертавання01.05.2016
Памер81.82 Kb.
Мэты:

- развіваць творчыя здольнасці вучняў, уменне трымацца на сцэне, уваходзіць у ролю;

-удасканальваць навык выразнага чытання.
Уступнае слова: Калісьці даўно-даўно ў горадзе Віфліеме нарадзіўся Ісус Хрыстос. Яго нараджэнне змяніла ўвесь свет. Людзі хацелі ўбачыць гэту падзею. Але вы ведаеце, што ў тыя часы яшчэ не было тэлебачання, а значыць не было магчымасці ўбачыць нараджэнне Сына Бога ў мультфільмах ці фільмах. І тады людзі прыдумалі лялечны тэатр, які назвалі ў гонар горада Віфліема ці Батлеема, дзе нарадзіўся Хрыстос, батлейкай. І вось такі спектакль, які глядзелі нашы дзядулі і бабулі, мы з вамі таксама зараз паглядзім.
П’ЕСА “ЦАР ІРАД”
Дзея першая
Пастушок 1:

Гэй ты, праца пастухова!

На жалейцы цэлы дзень граць задумлівым каровам

Ды хвалу нябёсам пець.

Сонца з нас вачэй не зводзіць, ветрык – сябра пастуху.

Шкада Збаўца не прыходзіць вызваляць нас ад граху.


Спеў:

У начную ціш ляціць голас звыш.

Пастушкі ўстаньце, вунь на неба гляньце.

Што за яснасць, за праменні

У белым анёлы адзенні

Радасна спяваюць.
(з’яўляецца Анёл)
Пастушок 2:

Ад страху мову заняло, а вушы ловяць песні, гранне…

Глядзіце! Бачыце? Анёл сыходзіць з неба ў зорным ззянні!
Спеў:

Абвяшчаю вам Бог радзіўся там

У Бэтлей спяшайце, Збаўцу прывітайце

Ляжыць у жлобе ён на сене

У пялюшках, без аддзення

Ад зімна дрыжыць.
Анёл:

Ганіце свой страх, пастухі,

Нібы авечы статак логам…

Пачуйце светлую з навін

Аб нараджэнні Сына-Бога!
Пастушок 3:

Хутчэй ідзём да Бога на паклон!


Песня “Учора з вячора”
Дзея другая
Ірад:

Я – Ірад. Тут я валадару.

Жыву, купаюся ў раскошы,

Дарую літасць і караю.

Мая ўлада – меч і грошы.

На галаве маёй – карона,

На целе – залатыя строі.

Я не аддам палац і трон свой.


Д’ябал:

Цару, мой цару,

Любы ўладару,

Ты тут спіш, гуляеш,

Пуза сабе наядаеш,

А што ў тваім царстве

Новы цар з’явіўся не знаеш.
Ірад:

Гэй, варта! Ворагі! Да зброі!


Ваяка:

Аць-два, аць-два, аць-два, стой!

Я тут як тут, найяснейшы пане!

Спяшу паведаміць, мой цару, здалёку трое пілігрымаў у твой палац прыйшлі.


Ірад:

Дзе тыя трое?


Ваяка:

За дзвярыма.


Ірад:

Тады пусці іх. Хай заходзяць.


Мудрацы:

Мы - тры каралі з Усходу –

Вітаем цябе, Уладар!

Цябе і тваю гасподу:

Каспар

Мельхіёр


Бальтазар.
Бальтазар:

Кароль нарадзіўся новы,

Ён свету прынёс збаўленне.
Ірад:

Схаваная ў вашых словах

Пагроза майму праўленню.

Бо пэўна ён мае зброю

І войскам вялікім дужы?
Каспар:

Пагрозы тваёй кароне няма.

Ісус – пастыр душаў.
Ірад:

Панове, будзем ладзіць пір?

Чаму дасюль пустыя шклянкі?
Мельхіёр:

Хай за сталом пануе мір.

Мы ў Бэтлеем! Не да гулянкі.
(Мудрацы сыходзяць)
Д’ябал:

Трэба наладзіць у Бэтлееме “кіндэр-капут”,

Каб ніадно дзіця не ўцалела.
Ірад:

Дзякуй, Люцыпар, парада якраз.


(Ірад звяртаецца да Ваякі)
Хуценька збірайся, у Бэтлеем выпраўляйся,

Усіх немаўлят забівай, свайго цара-гаспадара выручай.

Не паўтараю я двойчы загад.
Ваяка:

Слухаю пана, служыць яму рад.

Адной нагой тут, а другой у Бэтлееме.

Аць-два, аць-два, аць-два…


(Чуецца званочак)
Анёл:

О, Ірадзе, Ірадзе,

Што ты нарабіў?

Сваю душу грэшную перад Богам загубіў.

Згінеш ты да звання,

Не будзе табе выратавання.


Д’ябал:

Ты, Ірад, яго не слухай!

Вазьмі сабе патыліцу пачухай.

Лепш быць каранаваным,

Чым выратаваным.
Ірад:

Твая праўда! А ну, пайшоў прэч адсюль!

А кыш!
Песня “Прыйдзіце да Збаўцы” (1-ы слупок)
Дзея трэцяя
Песня “Неба і зямля” (1-ы слупок)
(Уваходзяць пастушкі)
Пастушкі (у адзін голас):

Прымі, Марыя, сціплыя дары,

Якія Ісусу мы прынеслі.
Пастушок 1:

Катомку рыбы


Пастушок 2:

Белыя грыбы


Пастушок 3:

Ягнятка, каб шкарпэткі Богу плесці.


Песня “Неба і зямля” (2-гі слупок)
(У стайню ўваходзяць тры мудрацы, кожны з іх трымае для Бога дары)
Мудрацы (у адзін голас):

Вітай нас, Божае дзіця!

Мы абышлі нямала земляў,

Каб адалець нялёгкі шлях

З Усходу аж да Бэтлеема.
(Мудрацы кладуць падарункі)
Марыя:
О, дзякуй вам, тры каралі,

За падарункі, ласку, спевы.


Іосіф:

За дабрыню хай Бог дае вам

Жыццё ў шчасці на зямлі.
Песня “Неба і зямля” (3-ці слупок)
Дзея чацвёртая
Зорнік:

Усіх слабых на нервы

Прашу пакінуць залу!

Зыход наступнай сцэны

Жахлівы і лятальны.

Памінкі пасля піру,

А замест трона – плаха.

Я чую крокі – Ірад!

Хаваюся ад страху…
Ірад:

Я - цар Ірад

Я, я слаўны

Сяду на свой трон дзяржаўны.


Ваяка:

Аць-два, аць-два, аць-два, стой!

Цару, мой цару, любы гаспадару,

У Батлеем я схадзіў, усіх немаўлят забіў.


Ірад:

За добрую службу, за шчырую дружбу

На табе трошкі грошай.

Схадзі, пагуляй з раскошы.


Анёл:

Ірад ты нясыты, забойца самавіты,

За ўсіх дзіцятак, за ўсіх немаўлятак

Будзеш ты ў агні гарэць

Ды ў смале кіпець.
Д’ябал:

Ты, Ірад, на яго не зважай,

Пра ўладу лепш дбай.

Памятай, лепш быць каранаваным…


Ірад:

Твая праўда. А ну пайшоў прэч адсюль! Кыш!


(Уваходзіць Смерць)
Смерць:

Здарова, Ірад!


Ірад:

А…вой…


Ваяка, мой ваяка, верны мой служака!

Ратуй! Гані ад мяне гэту пачварыну!


Смерць:

Твой ваяка-небарака, зайшоў да кабака,

Выпіў чарку, атрымаў па карку

Ды і ляжыць.

А я, Смерць касціста, маю касу сталісту,

Прыйшла цябе ў пекла справадзіць.


Ірад:

А… вой… Смерць-матухна,

Пачакай трошкі, не трымай на мяне злосці,

Дам я пурпуру на твае старэчыя косці.


Смерць:

Ірад, твая хаўтурная песня спета,

Згінеш ты зараз з гэтага свету.

Як ты немаўляткам, так і я табе

Касой галаву сагну…
Ірад:

Ой-ой-ой!


Смерць:

Жых!
(Ірад падае мёртвы)


Д’ябал:

Ха-ха-ха, цар-небарака, любы мой дружака,

Ну што, лепш быць каранаваным

Ці выратаваным? Нічога, хадзем са мной у пекла.

Згінуў ты да звання, не будзе табе выратавання.
Песня “Нова радасць стала”

ДАДАТАК
Учора з вячора засвяціла зора

Учора з вячора засвяціла зора (2 р. кожны радок)

Зора засвяціла, свет узвесяліла.

Свет узвесяліўся, Хрыстос нарадзіўся.

Хрыстова раджэнне людзям на збаўленне.
Прыйдзіце да Збаўцы

Прыйдзіце да Збаўцы, верныя са спевам,

Прыйдзіце да ясляў яго ў Бэтлеем.

Цар нарадзіўся, цар усіх стварэнняў.

Прыйдзіце пакланіцца Госпаду.
Неба і зямля
Неба і зямля

Радасна спяваюць.

Анёлы свету, анёлы свету

Дзіва абвяшчаюць.


Прыпеў:

Хрыстос нарадзіўся,

Бог аб’явіўся,

Анёлы спяваюць,

Пастушкі іграюць,

Дзіва, дзіва абвяшчаюць.


У Батліеме, у Батліеме

Вясёла навіна:

Чыстая дзева, чыстая дзева

Нарадзіла Сына.


Прыпеў:

І мы дзіцятку, і мы дзіцятку

Богу паклон дайма,

Слава на ўзвышніх, слава на ўзвышніх

Яму заспявайма.

Прыпеў:
Нова радасць

Нова радасць стала,

Што шчэ не бывала

Над Бэтлеем зорка ясна,

Свету заззяла.
Дзе Хрыстос радзіўся,

З Дзевы ўцелавіўся.

Як дзіцятка ў пялюшкі

Убога спавіўся.


Пастушкі з ягняткам

Перад тым дзіцяткам

Упадаюць на калені

Для яго ўслаўлення.


І мы тож спявайма,

Хрыста праслаўляйма,

Нараджонага з Марыі

Пакорна ўпрашайма.


Просім Цябе, Божа,

Просім, як хто можа:



Дай нам у небе жыццё шчасна,

На зямлі жыццё прыгожа.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка