Метадычныя рэкамендацыі да выканання кантрольнай работы




старонка1/3
Дата канвертавання01.05.2016
Памер379.84 Kb.
  1   2   3
Метадычныя рэкамендацыі

да выканання кантрольнай работы
Адной з форм самастойнай працы студэнта-завочніка з’яўляецца кантрольная работа. Выкананне кантрольнай работы дае магчымасць вызначыць веды, уменні, навыкі студэнтаў, паколькі яна дазваляе праверыць тэарэтычныя веды студэнта, іх практычнае прымяненне.

Глыбокае вывучэнне і аналіз пытанняў курса беларускай мовы, уменне класіфікаваць і сістэматызаваць моўны матэрыял, выкладаць свае думкі лагічна, паслядоўна – гэта навыкі, якія набывае студэнт у працэсе выканання кантрольнай работы.

Афармленню кантрольнай работы неабходна надаваць належную ўвагу.

Кантрольная работа выконваецца ў вучнёўскім сшытку з адведзенымі палямі. На першай старонцы ўказваецца нумар варыянта. Заданні павінны выконвацца ў той паслядоўнасці, у якой яны пададзены ў кантрольнай рабоце, заданні перапісваюцца поўнасцю, кожнае заданне пачынаецца з чырвонага радка. Не дазваляецца пісаць у кожную клетку, матэрыял падаецца праз клетку.

Для выканання работы студэнт выкарыстоўвае літаратуру: дапамож-нікі, падручнікі, слоўнікі і інш. Кантрольная работа завяршаецца спісам выкарыстанай літаратуры, які складаецца па храналогіі ці ў алфавітным парадку.

Выкананая кантрольная работа накіроўваецца для праверкі ва ўнівер-сітэт ва ўстаноўленыя тэрміны.

Пасля праверкі кантрольнай работы студэнт знаёміцца з рэцэнзіяй, пры неабходнасці робіць работу над памылкамі або дапрацоўвае яе. Усе дапрацоўкі выконваюцца ў тым жа сшытку, што і кантрольная работа.

Адрэцэнзіраваная і дапрацаваная кантрольная работа захоўваецца да заліку.


Матэрыялы для даведак

пры выкананні кантрольнай работы
Каб правільна выканаць заданні кантрольнай работы, патрэбна пазнаёміцца з тэарэтычным матэрыялам, бо ўсе заданні маюць тэарэтычны характар.

Развіццю маўленчай мабільнасці, адчуванню слова, удасканальванню навыка дакладнасці выбару слова ў адпаведнасці з кантэкстам садзейнічае пераклад. Пераклад патрэбна рабіць з захаваннем настрою, зместу, з улікам спалучальнасці слоў у пэўным кантэксце. Так пры перакладзе з некалькіх магчымых слоў важна выбраць тое, якое адпавядае дадзенаму кантэксту, яго стылёвай накіраванасці.

Напрыклад, для перакладу прапануецца выраз лица, поступающие на работу на железнодорожный транспорт. Руска-беларускі слоўнік прапануе да слова лицо наступныя адпаведнікі: твар, асоба. У дадзеным выпадку слова лицо мае лексічнае значэнне ‘человек, личность’ і ў гэтым значэнні перакладаецца як асоба. Такім чынам па-беларуску выраз гучыць так: асобы, якія паступаюць на работу на чыгуначны транспарт” – менавіта такі моўны выклад адпавядае кантэксту.

Ніжэй апісаны фанетычныя і арфаграфічныя асаблівасці беларускай мовы, якія дапамогуць правільна зрабіць пераклад тэксту з рускай мовы на беларускую, а таксама выканаць іншыя заданні кантрольнай работы. Сюды адносяцца:

1) Наяўнасць гукаў [дз’], [ц’]:


  • цвёрды зычны [д] мае парны мяккі [дз’]: горад у горадзе, каманда – па камандзе. Змяненне гука [д] пры яго памякчэнні на [дз’] называецца дзеканнем. Такое змяненне адбываецца перад галоснымі е, ё, і, ю, я і перад мяккім знакам: дзед, дзёран, дзік, дзюбка, дзяжа, дзядзька, а таксама перад мяккім [в’]: дзверы, дзвесце, подзвіг. Памякчэнне прыставачнага [д] не адбываецца: адвярнуць, адвесіць;

  • зычны [т] змяняецца на [ц’] пры тых жа ўмовах, што і [д] на [дз’]: мэце (ад мэта), цемень, цёпла, цікава, цюфяк, цярпець, цвёрды, цверазець – такое змяненне называецца цеканнем. Памякчэнне суфіксальнага [т] не адбываецца: у таварыстве, у бітве.

2) Наяўнасць заўсёды цвёрдых зычных гукаў [ж], [дж], [ш], [ч], [р], [ц], а на пісьме літар ж, дж, ш, ч, р, ц пасля якіх пішуцца а, о, у, ы, э, але не могуць пісацца е, ё, ю, я, і. Параўнайце рускія і беларускія словы: жёлудь – жолуд, дожди – дажджы, ширина – шырыня, чёлн – човен, ценить – цаніць.

3) Наяўнасць гука [дж]: дождж, хадзіць – хаджу, глядзець – гляджу.

4) Гук [ў], які можа чаргавацца з [л], [в] на пісьме – ў пішацца пасля галоснага перад зычным у пачатку, сярэдзіне і на канцы слова: малявалі –маляваў, доўгі, яна ўспомніла.

5) Гукі [г], [г’] у беларускай мове не выбухныя, а фрыкатыўныя: горад, гоман, гладкі, гімнаст, нагадаць.

6) Гукі [з], [с] перад усімі мяккімі зычнымі памякчаюцца, акрамя мяккіх [г’], [к’], [ х’], напрыклад: свет [с’в’], звіць [з’в’], лісцік [с’ц’], але: раскінуць [ск’], згінуць [зг’], схіліць [сх’].

7) Зычныя гукі [з’], [с’], [л’], [н’], [дз’], [ц’], [ж], [ч], [ш] у становішчы паміж галоснымі падаўжаюцца. Падоўжанае вымаўленне іх абазначаецца падвоеным напісаннем адпаведнай літары: сувяззю, узлессе, вяселле, снеданне, паўгоддзе, смецце, падарожжа, аблічча, зацішша.

8) Прыстаўныя гукі [в], [і], [а]: [в] узнікае перад націскным каранёвым пачатковым [о] і перад каранёвым пачатковым [у]: вузка, водгук, востраў, а не ўзнікае перад прыставачным [у] і перад [у], якое развілося з [в]: ураджай, участак, учора, уперад, унук, а таксама ў іншамоўных словах: ордэн, унія; прыстаўныя [і], [а] вымаўляюцца і пішуцца перад збегам зычных, першым з якіх выступае [р], [л], [м]: імгненна, іржышча, ільдзіна.

9) Спалучэнне літар дч, тч вымаўляецца як двайныя гукі [чч]: наладчык, лётчык, а спалучэнне літар дц, тц, чц – як доўгі цвёрды [ц]: на вокладцы, пры хатцы, у рэчцы.

10) Не характэрна спалучэнне шумнага і санорнага, які заканчвае слова, у такіх выпадках з'яўляецца ўстаўны галосны гук, параўн. руск. і бел. словы: журавль – журавель; у запазычаных словах можа ўзнікаць а-падобны гук пры вымаўленні, напрыклад: магістр [тар], спектакль [каль].

11) Заўсёды цвёрдыя губныя [б], [в], [м], [п], [ф] на канцы слова: голуб, семдзясят, насып, верф – руск. голубь, семьдесят, насыпь, верфь.

12) Усе галосныя гукі пад націскам вымаўляюцца выразна і іх напісанне адпавядае вымаўленню: паток, збегчы, шэлест, працяг, цыркуль.

Не пад націскам галосныя [о], [э] у беларускай мове пры вымаўленні і напісанні пасля цвёрдых зычных змяняюцца на а: холад – халады, мароз – маразы, абстрэл – страляць, вучэнне – вучань. Гэты працэс атрымаў назву акання.

У невялікай групе слоў ненаціскны галосны [о] у спалучэннях ро, ло змяняецца на ы: гром грымоты, дровы дрывотня, глотка глытаць.

Аканне не распаўсюджваецца на многія запазычаныя словы: жэтон, чэмпіён, дэлегат, тэлефон.

13) Ненаціскныя [о], [э], [а] пасля мяккіх зычных у першым складзе пе­рад націскам супадаюць у гуку [а], што адлюстроўваецца на пісьме як пераход е, ё ў я: вёсны вясна, веснавы; мёд мядовы, медавуха. Для большасці запазычаных слоў яканне не ўласціва: перон, калектыў, веранда, методыка, алегорыя, семестр, Германія, але: дзяжурны, сяржант, каляндар. Каранёвае я вымаўляецца і пішацца заўсёды нязменна: святкаваць, сувязь, пояс, выгляд, тысяча, памяць, месяц.

14) Гук [і] пераходзіць у [ы] на стыку прыстаўкі на зычны і кораня з і: без+ідэйны=безыдэйны, с+іграць=сыграць. На стыку прыстаўкі на галосны і кораня з і гук [і] можа змяняцца на [й]: пры+ісці=прыйсці, за+іграць= зайграць.

Пры выкананні кантрольнай работы варта звярнуць увагу на наступныя марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы.

Назоўнік (рус. имя существительное). Асноўныя асаблівасці назоў-нікаў у беларускай мове ў параўнанні з рускай звязаны з важнейшымі граматычнымі катэгорыямі ліку, роду, склону.

Так, пры ўтварэнні форм множнага ліку назоўнікаў беларускай мовы, карыстаюцца толькі канчаткамі -і, -ы: кніга – кнігі, дуб – дубы.

Многія назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў адзіночным ці множным ліку, належаць да розных лікаў у беларускай і рускай мовах, напрыклад: бел. змрок, дрыжыкі, грудзі, чарніцы, паводзіны; рус. сумерки, дрожь, грудь, черника, поведение.

Асабліва шмат адрозненняў у беларускай і рускай мовах пры вызначэнні роду назоўнікаў, напрыклад: бел. таполя (ж.р.) – рус. тополь (м.р.), рамонак (м.р.) – ромашка (ж.р.), яблык (м.р.) – рус. яблоко (ср.р.), жыццё (н.р.) – жизнь (ж.р.), цяля (н.р.) – теленок (м.р.).

Найбольш адрозненняў вылучаецца пры формаўтварэнні назоўнікаў. Умоўна падзяляюць назоўнікі на тры скланенні паводле роду і граматычных паказчыкаў:

Назоўнікі I скланення – назоўнікі жаночага і мужчынскага роду з канчаткамі -а, -я ў назоўным склоне адзіночнага ліку – выдзяляюцца рознымі варыянтамі канчаткаў у давальным і месным склонах у залежнасці ад асновы:

а) назоўнікі з цвёрдай асновай набываюць канчатак (краіна краіне, у краіне; нага назе, на назе; страха страсе, на страсе), дзе назіраецца змяненне [г]-[з], [х]-[с];

б) назоўнікі з асновай на зацвярдзелы зычны набываюць канчатак (праца – працы, на працы; пушча – пушчы, у пушчы);

в) назоўнікі з асновай на , што змяняецца на ц, але з націскам на канчатку набываюць канчатак (шчака – шчацэ, на шчацэ, рука – руцэ, у руцэ).

г) назоўнікі з мяккай асновай маюць канчатак (лазня – лазні, у лазні).

Назоўнікі мужчынскага роду з канчаткамі -а, -я ў беларускай мове адрозніваюцца ад назоўнікаў жаночага роду. Асноўныя адрозненні характэрныя творнаму склону: пасля цвёрдых зычных назоўнікі маюць ненаціскны канчатак -ам (мужчынам, Васькам), націскны -ёю (-ёй) (старшынёй, суддзёй). Назоўнікі з мяккай асновай і націскным канчаткам у давальным і месным склонах маюць варыянтныя канчаткі або : аб старшыні, аб ціхоню.

Назоўнікі II скланення – назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам (стол, дзень, край) і назоўнікі ніякага роду (акно, жыццё, мора) вызначаюцца канчаткамі ў залежнасці ад асновы, націску, адушаўлёнасці –неадушаўлёнасці, лексічнага значэння.

У родным склоне адушаўлёныя назоўнікі мужчынскага роду маюць кан­чатак -а (-я) (брата, настаўніка, каня), а неадушаўлёныя могуць ужывацца адны з канчаткам -а (-я), іншыя з канчаткам -у (-ю), для вызначэння якіх можна карыстацца наступным прыёмам: калі назоўнік можа спалучацца з колькасным ці парадкавым лічэбнікам, тады канчатак будзе -а (-я), калі не – -у (-ю): стол – стала (тры сталы); сшытак – сшытка (два сшыткі); але: лёд – лёду, вецер – ветру, гром – грому, шум – шуму.

Маюцца выпадкі, калі адзін і той жа назоўнік у розных значэннях мае розныя канчаткі: пад’езд – падысці да пад’езда (уваход у будынак), да дома няма пад’езду (дзеянне паводле дзеяслова пад’ехаць).

Канчаткі давальнага і меснага склону таксама залежаць ад тыпу асновы і націску: канчатак маюць назоўнікі з цвёрдай асновай (мужу, настаўніку).

У месным склоне могуць быць канчаткі: -е, -і (-ы), -у (-ю). Канчатак ўжываецца ў неадушаўлёных назоўніках з асновай на цвёрды зычны, які чаргуецца з мяккім (голас па голасе, лес аб лесе), і з асновай на [г], [х], якія чаргуюцца з [з’], [с’]: снег на снезе, парог на парозе, кажух у кажусе. Канчатак -і ўжываецца ў назоўніках з мяккай асновай: конь на кані, бой у баі. Канчатак – з асновай на зацвярдзелы зычны: шалаш у шалашы, трактар на трактары.

Назоўнікі III скланення – назоўнікі жаночага роду з нулявым канчат-кам. У творным склоне ўжываецца канчатак ў назоўніках з зацвярдзелай асновай, акрамя асновы на р (печ – печчу, медзь меддзю, мыш мышшу), і канчатак ў назоўніках з асновай на мяккі зычны, губны, р: (даль – даллю, моль – моллю, глыб – глыбю, шыр – шырю, любоў – любоўю). Як можна заўважыць, у творным склоне адбываецца падаўжэнне зычных л, н, з, дз, ч, ш у становішчы паміж галоснымі (даллю, восенню, завяззю, памяццю, гладдзю, ноччу, цішшу).

Прыметнік (рус. имя прилагательное) характарызуецца тымі ж граматычнымі асаблівасцямі, што і назоўнік, з якім прыметнік спалучаецца, таму пры перакладзе прыметніка з рускай мовы на беларускую патрэбна выявіць род, лік, склон назоўніка, напрыклад: шырокі стэп, нясцерпны боль.

Для беларускай мовы характэрна ўжыванне поўнай формы прымет-нікаў, а кароткая форма магчыма толькі для прыналежных прыметнікаў у на­зоўным і вінавальным склонах пры неадушаўлёных назоўніках: Сцёпкава хата – Сцёпкаву хату, але дзедава цяля – дзедавага цяля.

Прыметнікі ў форме адзіночнага ліку мужчынскага роду ў назоўным склоне маюць ў беларускай мове канчаткі -і, -ы: малады, звонкі, вясёлы, прыгожы, шчыры, родны, навуковы (параўн. рус. молодой, звонкий, весёлый, красивый, искренний, родной, научный).

Прыналежныя (рус. притяжательные) прыметнікі ў беларускай мове ўтвараюцца пры дапамозе суфіксаў -аў, -еў, -оў, -ёў ад назоўнікаў мужчынскага роду (брат – братаў дом, дзед – дзедаў кажух, Васіль – Васілёў сшытак, Лукаш – Лукашоў сын) і суфіксаў -ін, -ын – ад назоўнікаў жаночага роду (Ніна – Нініна спадніца, вавёрка – вавёрчына гняздо, сяброўка – сяброўчын муж).

Якасныя прыметнікі ўтвараюць вышэйшую і найвышэйшую ступені па­раўнання, напрыклад: хуткі – хутчэйшы, больш хуткі; найхутчэйшы, самы хуткі.

Пры перакладзе з рускай мовы на беларускую неабходна адрозніваць формы ступеней параўнання якасных прыметнікаў ад прыслоўяў, якія могуць супадаць у рускай мове, але адрозніваюцца ў беларускай, параўнайце бел. прыслоўе хутка – хутчэй, больш хутка; найхутчэй, найбольш хутка.

Да формы вышэйшай ступені параўнання прыслоўяў могуць далучацца часціцы ўсё, яшчэ, куды: усё лепш, яшчэ больш моцна, куды менш; да формы найвышэйшай ступені – як, чым, што: што найбліжэй, як най­мацней, чым найлепш.

Вось чаму пры перакладзе патрэбна ўстанавіць, якая часціна мовы: калі прыметнік (он старше сестры), то адзін пераклад (ён старэйшы за сястру), калі прыслоўе (бывать чаще), то іншы варыянт (бываць часцей).



Лічэбнік (рус. имя числительное) у беларускай мове вызначаецца фанетычнымі асаблівасцямі пры вымаўленні, якія адлюстроўваюцца і на пісьме: сем – семдзясят, сямідзесяці, сямюдзесяццю; тысяча, мільярд; чацвёра, пяцёра.

Лічэбнік абодва змяняецца па родах: абодва сшыткі, абедзве групы. Лічэбнік паўтара спалучаецца з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду (паўтара года, паўтара вядра), а паўтары – з назоўнікамі жаночага роду (паўтары тоны).

Пры лічэбніках два, дзве, абодва, абедзве, тры, чатыры назоўнік ужываецца ў форме назоўнага склону множнага ліку (два студэнты, дзве сястры, абодва хлопцы, абедзве жанчыны, тры ўнучкі, чатыры браты, пяцьдзясят ча­тыры хвіліны), а з астатнімі ўжываюцца назоўнікі ў форме роднага склону (сем кніг, дзевяць вёсак). Дробавыя лічэбнікі таксама спалучаюцца з назоўнікамі ў форме роднага склону (дзве трэція задання, пяць сёмых гектара).

Дзеяслоў (рус. глагол) у неазначальнай форме заканчваецца на -ць (гуляць, зелянець, малаціць, спяваць), -ці (ісці, дзяўбці, церці, цвісці), -чы (стрыгчы, берагчы, бегчы, легчы).

Далучэнне да дзеяслова постфікса -ся (-ца, -цца) ператварае гэты дзеяслоў у зваротны: збірацца, падняцца, вырвацца, шаптацца, плесціся, параўнайце з рус.: собираться, подняться, вырваться, шептаться, плестись.

Пры змяненні дзеяслова і ўтварэнні разнастайных форм -ся (-ца, -цца) захоўваецца: апрануцца – я апрануся, ты апранешся, ён (яна, яно) апранецца, мы апранёмся, вы апранецеся, яны апрануцца; апрануўся, апранулася, апрануліся, апрануўшыся.

Змяненне дзеясловаў па асобах і ліках называецца спражэннем. У залежнасці ад характару асабовых канчаткаў выдзяляюцца I і II спражэнне. Адрозненне паміж дзеясловамі I і II спражэнняў выяўляецца ў 3-й асобе множнага ліку. Дзеясловы I спражэння маюць канчаткі -уць (-юць), II спражэння – -аць (-яць).

Правапіс галосных у канчатках залежыць ад асновы і месца націску:


  • пасля зацвярдзелых зычных пад націскам пішуцца галосныя о, э (бяром, сячом, бярэм, сячэм), а не пад націскам – а (скачам, скачаце, вяжам, вяжаце);

  • пасля мяккіх зычных і пасля галосных у форме 1-й асобы множнага ліку ўжываецца ё (плывём, расцём, цвіцём), а не пад націскам – е (вывучаем, мераем, спяваем, будуем).

  • у 2-й асобе множнага ліку ў першым пераднаціскным складзе пішацца я (ідзяце, несяце, пеяце). Каб не памыліцца ў напісанні гэтай формы, неабходна спачатку паставіць дзеяслоў у 1-ю асобу множнага ліку, дзе выразна праяўляецца націскны і ненаціскны канчатак: плывём плывяце, нясём несяце, мыем мыеце, сеем сееце. Гэта заканамернасць праяўляецца і ў дзеясловах II спражэння: ходзім – ходзіце.

Трэба адрозніваць канчаткі дзеясловаў 1-й і 2-й асоб множнага ліку абвеснага і загаднага ладу: бяром, жывём – бераце, жывяце – абвесны лад (сослагательное наклонение); бярэм, жывем, бярыце, жывіце – загадны лад (повелительное наклонение).

Дзеепрыметнікі (рус. причастия) незалежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы неазначальнай формы дзеяслова пры дапамозе суфікса -л-: збялець – збялелы, зледзянець – зледзянелы.

Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы інфінітыва пераходных дзеясловаў закончанага трывання пры дапамозе суфіксаў -ен-, -ан-, -н-, -т-:

а) калі інфінітыў заканчваецца на -аць, -яць, -іць, -ыць, а аснова інфінітыва на -о, -у і з суфіксам -ну-, тады выкарыстоўваецца суфікс -т-: раскрыць – раскрыты, прымяць – прымяты, разліць – разліты, вымыць – вымыты, адамкнуцъ – адамкнуты;

б) калі аснова інфінітыва на мяккі зычны або на галосны і, ы, е, тады выкарыстоўваецца суфікс -ен-: звезці – звезены, аднавіць – адноўлены, з'есці – з'едзены, забяліцъ – забелены;

в) калі аснова інфінітыва на зацвярдзелы зычны – выкарыстоўваецца суфікс -ан-: пазычыцъ – пазычаны, запрасіцъ – запрошаны;

г) калі аснова інфінітыва на (), тады выкарыстоўваецца суфікс -н-: прайграцъ – прайграны, заваяваць заваяваны.

У сістэме беларускіх дзеепрыметнікаў адсутнічаюць зваротныя формы.

Не ўсе формы дзеепрыметнікаў аднолькава ўжывальныя ў беларускай мове. Найчасцей выкарыстоўваюцца дзеепрыметнікі прошлага часу з суфіксамі -ен-, -ан-, -н-, -т-, -л-.

Нехарактэрныя для беларускай мовы дзеепрыметнікі з суфіксамі -уч- (-юч-), -ач- (-яч-), -ш-, -ўш-. Яны запазычаны з рускай мовы праз навуковы і публіцыстычны стылі, і тлумачыцца гэта нераспрацаванасцю беларускай афіцыйна-справавой і навуковай тэрміналогіі, калі ўводзяцца ў мову тэрміналагічныя словазлучэнні тыпу “кампраметуючыя факты”, кіруючая роля”, “блукаючыя токі”. Тое самае можна сказаць і пра дзеепрыметнікі з суфіксамі -ем-, -ім-: кіруемы, ствараемы, цярпімы.

Мэтазгодна пазбягаць выкарыстання дзеепрыметнікаў незалежнага стану, бо яны, супадаючы з аманімічнымі дзеепрыслоўямі, робяць думку неакрэсленай, невыразнай, як у наступным сказе: Чалавек, чытаючы газету, не заўважыў, што да хаты пад'ехала машына (зусім не зразумела, ці то чалавек, які чытаў, не заўважыў машыны, ці то чалавек не заўважыў машыны, бо чытаў). Больш дакладны такі пераклад: Чалавек, які чытаў газету, не заўважыў, што да хаты пад 'ехала машына.

Каб пазбегнуць нехарактэрных форм дзеепрыметнікаў, асабліва пры перакладзе з рускай мовы, патрэбна карыстацца:

а) адпаведнымі дзеепрыметнікамі: рус. Сотни вёрст пустой, однообразной, выгоревшей степи не могут нагнать такого уныния, как один человек, когда он сидит, говорит и неизвестно, когда уйдёт (А. Чехов); бел. Сотні вёрст пустэльнага, аднастайнага, выгаралага стэпу не могуць нагнаць такой нуды, як адзін чалавек, калі ён сядзіць, гаворыць і невядома, калі пойдзе;

б) прыметнікамі і спалучэннямі іх з назоўнікамі: рус. На высоком горизонте вечно изменяющиеся, играющие светом, как алмазы, снеговые горы (Л. Толстой); бел. На высокім небасхіле вечна цудоўныя, вечна новыя, у дыяментавых пералівах святла, снегавыя горы;

в) даданымі сказамі: рус. Почтальон постоял немного, резко мотнул головой, как окончательно проснувшийся человек, и пошёл за ямщиком (А. Чехов); бел. Паштальён пастаяў крыху, рэзка матнуў галавою, як чалавек, які канчаткова прачнуўся, і пайшоў за фурманам;

г) дзеясловамі: рус. Благодарствую за угощение, но я не пьющий (М. Шолохов); бел. Дзякую за пачастунак, але я не п 'ю;

д) назоўнікамі: рус. Он [Лукашка] напоминал разыгравшегося жеребца, который, взвив хвост и фыркнув, остановился как вкопанный всеми ногами (Л. Толстой); бел. Ён нагадваў жарабца-стаенніка, які, задраўшы хвост і фыркнуўшы, спыніўся як укопаны ўсімі нагамі;

е) словазлучэннямі, апісаннямі: рус. взволнованный мальчик; бел. хлопчык усхваляваўся.

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка