Метадычныя і практычныя прынцыпы навучання арфаграфіі на ўроках беларускай мовы Спрытула Галіна Мікалаеўна




Дата канвертавання05.07.2016
Памер67.9 Kb.
Метадычныя і практычныя прынцыпы навучання арфаграфіі на ўроках беларускай мовы

Спрытула Галіна Мікалаеўна

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

,,Машчонская дзіцячы сад-сярэдняя школа

Сенненскага раёна”

vjotys@mai.


Пытанне аб эфектыўнасці навучання арфаграфіі застаецца асноўным у методыцы выкладання беларускай мовы і ў ХХІ стагоддзі. Валоданне арфаграфічна правільным пісьмом сёння разглядаецца як адна з найважнейшых мэт навучання беларускай мове, паказчык моўнага і маўленчага развіцця вучняў. Засяроджваючы ўвагу на праблеме фарміравання арфаграфічных навыкаў, В.У. Протчанка падкрэсліваў, што гэты працэс - ,, мэтанакіраваная, штодзённая, свядомая, метадычна наладжаная інтэлектуальная, мнеманічная і мускульная праца з моўнымі з’явамі розных лінгвістычных узроўняў”, асноўныя мэты якой рэалізуюцца толькі падчас актуалізацыі практычнай маўленчай дзейнасці.

Нягледзячы на тое, што настаўнікі, кіруючыся асноўнымі палажэннямі праграмы па беларускай мове для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якая ставіць за мэту фарміраванне і ўдасканаленне арфаграфічных уменняў і навыкаў пры вывучэнні ўсіх раздзелаў беларускай мовы, на ўсіх этапах навучання, праводзяць мэтанакіраваную работу па фарміраванні арфаграфічных навыкаў, практыка навучання пацвярджае наяўнасць шматлікіх арфаграфічных памылак у пісьмовых працах вучняў.

Арфаграфічныя ўменні і навыкі абапіраюцца на слыхавое і зрокавае ўспрыняцце (знаходжанне, вылучэнне арфаграмы ў кантэксце), на артыкуляцыйнае адчуванне (мускульныя намаганні органаў маўлення) і мускульныя рухі пальцаў рукі ў час пісьма.

Адсюль у фарміраванні арфаграфічных уменняў і навыкаў удзельнічаюць наступныя віды памяці:



  • слыхавая памяць актывізуецца пры запамінанні на слых фанем у марфемах і далейшай перадачы фанем літарамі. З гэтай мэтай на ўроку выкарыстоўваюцца розныя віды дыктовак;

  • зрокавая памяць праяўляе сябе пры выкарыстанні розных відаў спісвання, а таксама дыктовак са зрокавай падрыхтоўкай;

  • артыкуляцыйная памяць абапіраецца на паскладовае арфаграфічнае прагаворванне слоў, у выніку якога замацоўваецца фанемны склад слова ў мускульных рухах органаў маўлення. Артыкуляцыйная памяць выкарыстоўваецца пры навучанні дзяцей правапісу слоў з неправяраемымі арфаграмамі;

  • маторная памяць заключаецца ў шматлікіх запісах аднаго і таго ж слова вучнем. Але методыка не мае даных аб колькасці неабходных паўторных запісаў таго ці іншага слова.

У працэсе выканання практычных заданняў пры вывучэнні арфаграфіі трэба абапірацца адначасова на ўсе віды арфаграфічнай памяці. Эфектыўнымі практычнымі метадамі фарміравання ўменняў і навыкаў будуць:

а) спісванне (даслоўнае, ускладненае);

б) пісьмо па памяці (тэкст пасля чытання, аналізу закрываецца і вучні пішуць яго па памяці); тэкст дома завучваецца на памяць, у класе пішацца па памяці;

в) арфаграфічны разбор (сукупнасць дзеянняў, якія ўключаюць вызначэнне ў слове, затым у марфеме арфаграмы, фармулёўка правіла, падбор аналагічных прыкладаў і супастаўленне іх напісання з напісаннем разгледжанага слова);

г) пісьмо з каментарыямі (у працэсе запісу тэксту пад дыктоўку адзін з вучняў прагаворвае словы па складах і пры сустрэчы са словам, якое трэба разабраць, тлумачыць яго напісанне);

д) папераджальная дыктоўка, у ходзе якой спачатку ўспамінаюцца правілы, на якія потым будуць дыктавацца словы;

е) у ходзе тлумачальнай дыктоўкі словы тлумачацца, аналізуюцца, а потым запісваюцца;

ж) у ходзе выбарачнай дыктоўкі з прапанаванага дыдактычнага матэрыялу неабходна вылучыць патрэбны і растлумачыць напісанне;

з) зрокава-слыхавая дыктоўка характарызуецца чытаннем тэксту, словазлучэнняў, слоў настаўнікам і адначасовым запісам дыдактычнага матэрыялу на дошцы.

Вельмі добра, калі вучні вядуць свае слоўнікі, дзе запісваюць словы, у якіх магчыма дапусціць памылку.

Паспяховаму навучанню правапісу садзейнічаюць і разнастайныя практыкаванні. Практыкаванні па прымяненню правілаў маюць важнае значэнне не толькі тым, што замацоўваюць у памяці ўзоры напісання слоў, але і тым, што развіваюць разумовыя аперацыі, тыя прыёмы памяці, якімі неабходна авалодаць пры выпрацоўцы арфаграфічных навыкаў абагульненага характару.

Для фарміравання арфаграфічнай пільнасці я прапаноўваю наступныя практыкаванні.

Напрыклад, спісаць тэкст і ўставіць замест кропак літары у ці ў. Вучні павінны растлумачыць іх напісанне.

Словы, якія ў тэксце вучням незразумелыя, настаўнік павінен растлумачыць. Можна іх выпісаць з тэксту, скласці з імі словазлучэнні ці сказы. Гэта можа быць слоўнікавая работа.

Можна праводзіць займальныя арфаграфічныя хвілінкі, віктарыны-размінкі, слоўнікавыя дыктанты, заданні наступных відаў:


  1. вызначыць і запісаць слова (у кантэксце і без яго) па прыведзеным значэнні з улікам пэўнай тэмы;

  2. запісаць рускія словы (складаныя па структуры, уласныя імены і г.д.) па-беларуску;

  3. уставіць прапушчаныя літары;

  4. уставіць прапушчаныя літары і выбраць лішняе слова;

  5. утварыць розныя тыпы складаных слоў на аснове дадзенага словазлучэння;

  6. выпісаць словы, у якіх дапушчаны арфаграфічныя памылкі, запісаўшы іх правільна;

  7. уставіць прапушчаныя літары і вылучыць націскныя склады.

Важнае месца ў сістэме навучання правапісу займае работа над памылкамі, якая з’яўляецца сродкам не толькі замацавання арфаграмы, але і папярэджання памылак. Мэта работы над памылкамі складаецца ў тым, каб растлумачыць арфаграмы, на якія зроблены памылкі, замацаваць навыкі правільнага напісання слоў. Праводзячы работу над памылкамі, настаўнік узнаўляе веды вучняў па асобных правілах арфаграфіі, на якія былі зроблены памылкі, дае ўзор тлумачэння памылак, замацоўвае навыкі правапісу. Настаўнік указвае, у чым заключаецца памылка, як яе выправіць і растлумачыць. Праверыўшы работы вучняў, настаўнік павінен адзначыць тыя групы памылак, якія з’яўляюцца тыповымі ў дадзеным выпадку для ўсіх вучняў і над якімі патрэбна папрацаваць калектыўна. Адпрацоўваюцца найбольш тыповыя і грубыя памылкі, а дома вучні працуюць над астатнімі індывідуальнымі памылкамі. Поспех у дамашняй рабоце над памылкамі залежыць ад таго, наколькі навучальнай была работа на ўроку. Сістэматычная і мэтанакіраваная работа над памылкамі выхоўвае ў вучняў арфаграфічную пільнасць, адказнае стаўленне да пісьма, імкненне афармляць свае думкі граматна.

Немалаважную ролю для развіцця граматнасці вучняў адыгрываюць і такія віды работы, як спісванне, пераказ і сачыненне. Часцей за ўсё спісванне спалучаецца з выкананнем граматычнага, лексічнага ці словаўтваральнага задання. Працуючы над пераказам, важную ролю адыгрывае і лексічная работа над словам. Настаўнік павінен звярнуць увагу на значэнне незразумелых слоў і словазлучэнняў. Пажадана, каб пасля праверкі пераказу, на наступным уроку настаўнік зачытаў лепшыя, асаблівую ўвагу звярнуў на правільнасць выканання граматычнага задання. Гэта будзе своеасаблівым стымулам далейшай працы вучняў.

Праца над сачыненнем патрабуе ад вучня самастойнасці і творчасці. У сачыненні важным з’яўляецца арфаграфія. Пасля напісання сачынення ў адпаведнасці з заданнем вучні пісьмова тлумачаць напісанне слоў з тымі арфаграмамі, над якімі, на думку настаўніка, трэба папрацаваць на дадзены момант.

Настаўнікі-моваведы павінны мець у сваіх кабінетах зменныя стэнды з інфармацыяй пра правілы. Як варыянт правядзення арфаграфічных хвілінак можна прапанаваць выкарыстоўваць матэрыялы, змешчаныя на стэндзе. Напрыклад, у Х класе настаўнік з вучнямі на ўроку паўтарае тэму ,,Гукавая абалонка слова”. На этапе выканання практычных заданняў можна спыніцца і прысвяціць 5-7 хвілін на паўтарэнне тэмы ,,Правапіс галосных. Аканне. Яканне.Пры запісе слоў ляснік, лесанарыхтоўка, кватэра, кватарант і інш. Шляхам слыхавога і зрокавага супастаўлення лепш будзе ўспрымацца лінгвістычны матэрыял. Калі дазваляе час, можна скласці і запісаць словазлучэнні ці сказы з гэтымі словамі. Ці запісаць транскрыпцыю гэтых слоў, такім чынам уводзячы іх у актыўнае ,,новае” выкарыстанне.

Пасля шэрагу падобных арфаграфічных хвілінак можна прапанаваць вучня напісаць слоўнікавы дыктант з самаправеркай (узаемаправеркай) і выставіць па жаданні вучняў адзнакі ў журнал.

У старэйшых класах перад тым, як замяніць інфармацыю на стэндзе, 1-2 вучням можна прапанаваць зрабіць лінгвістычнае паведамленне па пройдзеным матэрыяле для падагульнення.

Для таго каб вучні навучыліся хутка прымяняць правілы і пазбягаць памылак, звязаных з напісаннем некаторых слоў, праводжу на ўроках беларускай мовы арфаграфічныя хвілінкі, іх выкарыстоўваю на розных этапах урока, у якасці дамашняга задання. Для замацавання правільнага напісання слоў матэрыял выкарыстоўваю паўторна. Арфаграфічныя хвілінкі прызначаны для вучняў розных класаў, у залежнасці ад узроставых асаблівасцей вучняў выкарыстоўваю розную колькасць слоў.

Свядомасць і аўтаматызм пры навучанні арфаграфіі дасягаюцца ў працэсе працы над правіламі і арфаграфічнымі практыкаваннямі, якія забяспечваюць засваенне навыкаў пісьмовага маўлення. Такім чынам, праблема арфаграфічнай пісьменнасці вучняў застаецца адной з цэнтральных праблем навучання беларускай мове. Асабліва важнае значэнне мае выпрацоўка арфаграфічных навыкаў, заснаваных на свядомым выкарыстанні граматычных ведаў, выкарыстанне арфаграфічных правіл, якія прадугледжваюць актыўную інтэлектуальную дзейнасць вучняў.


Літаратура

  1. Ляшук, В.Я. Да пытання аб перспектыўных прыёмах, метадах, тэхналогіях выкладання літаратуры / В.Я. Ляшук // Беларуская мова і літаратура. – 2008. - №12.– С. 28.

  2. Протчанка, В. У. Актуальныя праблемы тэорыі і практыкі навучання беларускай мове / В.У. Протчанка, - Мінск: НІА, 2001. – С. 45.

  3. Протчанка В.У. Арфаграфія – важны каспанент у сістэме работы па развіцці мовы /В. У. Протчанка // Беларуская мова і літаратура. – 1998. - №4. – С. 64.

  4. Фёдарава, С.Р. Выкарыстанне стэндавых матэрыялаў на арфаграфічных хвілінках у старшых класах / Фёдарава, С.Р. // Беларуская мова і літаратура. – 2012.-№5.– С.41–43.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка