Мэта: Пазнаёміць з галосным гукам [о] і літарай О,о; вучыць вызначаць гук [о] у словах; садзейнічаць развіццю фанематычнага слыху; удасканальваць навыкі падзелу слоў на склады; фарміраваць навык чытання; развіваць мову, мысленне, увагу




Дата канвертавання21.05.2016
Памер61.32 Kb.


Мэта: Пазнаёміць з галосным гукам [о] і літарай О,о; вучыць вызначаць гук [о] у словах; садзейнічаць развіццю фанематычнага слыху; удасканальваць навыкі падзелу слоў на склады; фарміраваць навык чытання; развіваць мову, мысленне, увагу, памяць, назіральнасць вучняў; выхоўваць працавітасць, узаемадапамогу, цікавасць да беларускай мовы.

Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу ў форме падарожжа.

Абсталяванне: малюнкі палаца Снежнай каралевы, дэманстрацыйныя табліцы – малюнкі, літары, прадметныя малюнкі з выявамі жывёл, “Рамонак”, магнітафон, дыск, астраўкі з заданнямі.

Ход урока:

І. Арганізацыйны момант. Стварэнне эмацыянальнага настрою.

(Гучыць музыка. Настаўнік чытае верш)

  • Празвінеў ужо званок

Пачынаецца ўрок.

У падарожжа мы пайдзём,

У краіну казак пападзем.

Слухай, думай, назірай,

Казку нашу адгадай.

Вочкі дружна закрывайце,

Казку ў душу прапускайце.

За гарамі, за лясамі,

За шырокімі марамі,

У халоднай старане

Жыве жанчына ледзяная

Якая ўкрала хлопчыка Кая.

Вочы дружна адкрывай!

Жанчыну гэту называй.

- Хто ведае, як завуць гэту жанчыну? (Снежная каралева)

(на дошцы знаходзіцца малюнак з палацам Снежнай каралевы.)

Давайце разгледзім уважліва палац (абвожу контуры малюнка, дзеці сочаць вачыма).

(З’яўляецца Герда)

Герда: Добры дзень, дзеці. У нас здарылася вялікая бяда: мой названы брат Кай не паслухаў бацькоў і пайшоў гуляць далёка за вёску, пакатацца на санках і там яго ўкрала злосная Снежная каралева. Яго можна вызваліць. І я спадзяюся, што вы мне ў гэтым дапаможаце. Але каб я змагла пранікнуць у палац і вызваліць Кая, каралева падрыхтавала для мяне шмат перашкод. Для гэтага патрэбна прайсці усе ільдзіны і выканаць заданні, размешчаныя на іх. І вось таму зараз я адпраўляюся ў падарожжа.


  • А мы павінны дапамагчы Гердзе. Дапаможам? (Так)

ІІ. Паўтарэнне раней вывучанага. Актуалізацыя ведаў.

- Каралева наша суровая вельмі. Замарозіла яна ўсё навокал. А вось тыя самыя ільдзінкі і на кожнай з іх зашыфравана заданне, падрыхтаванае для вас.

Зараз паглядзім, што ж напісана на першай ільдзіне:

Аднойчы на прагулцы каралева

Шмат розных жывёл сустрэла.

Розныя птушкі і звяры,

Разгадаць паспрабуем іх мы.

- Вось, рабяты, яе заданне. Перад вамі малюнкі з выявамі жывёл. Я буду загадваць вам загадкі, а вы павінны іх адгадаць. Адгадаўшы іх, мы ўспомнім заадно падзел слоў на склады, паставім націск і знойдзем патрэбную схему. (Адны вучні дзеляць словы на склады; другія – ставяць націск ў гэтых словах; трэція –знаходзяць патрэбную схему)

1) Улетку шэранькі,

Узімку беленькі,

Доўгія вушкі мае,

Хутка ў лес уцякае. (Заяц)

2) Ой, як спрытна,

Нібы мячык,

Скача з елак на дубы.

На сучках к зіме,

Няйначай,

Сушыць ягады, грыбы. (Вавёрка)

3) Пад хвоямі,

Пад смолкамі,

Па лясных дарожках

Бяжыць клубок з іголкамі

На кароткіх ножках. (Вожык)


  • Пра каго гэтыя загадкі?

- А якім адным словам можна назваць усіх гэтых жывёл? (Дзікія жывёлы)

- Чаму мы іх так называем?

- Першая ільдзінка растала, тым самым мы дапамаглі прайсці Гердзе далей і паўтарылі склад слова, націск і знайшлі патрэбную схему.

ІІІ. Фізкультхвілінка.

- Наступная ільдзінка. Тут мы крыху адпачнем. Вымаўляйце выразна кожнае слова.

Ручкі ўверх, ручкі ўніз.

На насочках падцягніся.

Ручкі ставім на бачок,

На насочках скок-скок-скок.



(Спачатку выконваем павольна, а затым паўтараем з ускораным тэмпам)

ІV. Падрыхтоўка да засваення новага матэрыялу.

- Каб наступная ільдзінка растала, нам патрэбна пагуляць у гульню “Знайдзі лішнюю літару” на “Рамонку”

(На пялёстках кветкі размешчаны літары: с, т, м, к, о)

Вось і кветка няпростая,

А цудоўная якая.

Літару лішнюю знайдзіце,

Усім нам цуда пакажыце.

- Вымавім першыя чатыры гукі. Вымавім апошні гук.

- Які гук лішні? ([о]).

- Чаму? (так як ён галосны, бо вымаўляецца з дапамогай голасу)

- А як называюцца астатнія гукі? (зычныя)

- Сёння мы будзем знаёміцца з галосным гукам [о], літарай О,о; таксама мы будзем чытаць склады з гэтым гукам і словы.

- Малайцы! Растапілі мы і гэтую ільдзінку.

V. Засваенне новых ведаў.

(Работа па Буквару (с. 45)


  • Знайдзіце, як выглядае друкаваная літара О, пісьмовая?

  • Навошта патрэбна нам друкаваная літара? А навошта – пісьмовая?

(На дошку вывешваю наглядны матэрыял: друкаваная і пісьмовая літара О,о)

  • Навошта нам патрэбна вялікая літара? (адказы дзяцей)

- Прачытаем склады з о, размешчаныя ў падручніку справа. Вучні, якія сядзяць злева чытаюць, а тыя хто сядзіць справа правяраюць іх і наадварот.

- А зараз праверым, як вы іх прачыталі. Чытаем ланцужком.

- Паглядзіце на малюнак. Хто там намаляваны? (3 дзяўчынкі і 1 хлопчык, які танцуе)

- Давайце дадзім імёны дзецям.

- Што ёсць у Олі? (Скрыпка)

- Рабяты, скрыпка гэта што? (музычны інструмент)

- А што у Алі? (Бубен). А бубен, што гэта?

- Правільна. Малайцы.

- Што робіць хлопчык? (танцуе)

- Хто паспрабуе скласці апавяданне? (Вызываю 1 вучня)



- А зараз паспрабуем вылучыць некалькі сказаў з нашага апавядання і прачытаем іх па схеме што пад малюнкам.

- Малайцы, і з гэтым заданнем справіліся і растапілі ільдзінку.

- Наступнае заданне выканаем па клавішах:

Прачытаем першы слупок.

- Знайдзі ду, пакажы ла, націсні на с… і г.д.- другая група

Чытанне слоў на клавішах (Рома, мода, сок, малако) – трэцяя група.

- Як добра вы спраўляецеся з заданнямі. Ужо хутка Герда зможа сустрэць Кая.

VІ. Фізкультхвілінка.

- Зараз я прачытаю вам заданне, якое патрэбна выканаць, каб растапіць наступную ільдзінку. А тут мы зноў крышку адпачнем.

Вецер дуе ледзяны

(дзеці машуць рукамі)

Падымае снега кучы.

Ён суровы і магучы.

(дзеці круцяць рукамі)

Зайцы хаваюцца ў кустах.

Нават хітрая ліса

Прытаілася, сядзіць,



(дзеці сядаюць у глыбокі прысед на некалькі секунд, потым устаюць)

Ну, а снег ляціць, ляціць.



(дзеці махаюць рукамі)

Але сціхла злая віхура,

Белай стала ўся акруга.

(пацягванні – рукі ў стораны)

Сонца свеціць у нябёсах.



(пацягванні – рукі ўверх)

Скача па полі ліса.



(прыжкі)

Ну, мы крыху прайдзёмся



(хадзьба)

І дадому ўсе вярнёмся.



(дзеці сядаюць за парты)

VІІ. Замацаванне новага матэрыялу.

- Адпачылі? Рухаемся далей. Паглядзім які сюрпрыз на гэты раз падрыхтавала Снежная каралева. Нейкая вельмі вялікая гэтая ільдзіна. Мабыць і заданне будзе самым складаным. (Бяру заданне і чытаю) Прачытаем заданне на картках. (Заданне выконваецца на картках. Моцныя дзеці чытаюць тэкст, слабейшыя – словы, самыя слабыя – склады. Спачатку чытаюць пра сябе. А затым вызываю некалькі вучняў)



Тэкст:

Зіма. Мароз. Мікола зірк на акно. А там узоры.

- Ну і мастак мароз!

Словы: Тома, Рома, Лора, Дора; ток, кот, сок, рот.

Склады: до, ко, мо, ро.

-Малайцы. Дапамаглі Гердзе. Растапілі і гэтую ільдзінку.



VІІІ. Вынікі ўрока.

Ільдзінка “Паўтаралка”

  • Які гук вывучылі? А літару? Прыдумайце словы з гэтым гукам.

- Вось і растапілі апошнюю ільдзінку. Я спадзяюся, што мы дапамаглі сустрэцца Гердзе і Каю.

(Уваходзіць Герда і Кай)

Герда: Так рабяты.

Кай: Як я рады, што зноў сустрэў Герду. Вялікі вам дзякуй, паважаныя мае маленькія сябры. Вось бачыце да чаго прыводзіць непаслухмянства. А вы слухаеце сваіх бацькоў? Я жадаю, каб з вамі ніколі не здарылася такая бяда.

- А зараз мы адпусцім Кая з Гердай дадому да сваіх бацькоў, так як яны іх ужо зачакаліся. Добра?

- Вось і падыйшло да заканчэння наша падарожжа. Кожны з вас прыклаў усе намаганні і ў нас усё атрымалася. Усе добра працавалі.

- А чаму мы сёння навучыліся? (Вывучылі гук і літару О, навучыліся чытаць словы і склады з гэтым гукам)

- Дзякуй за работу.



ІХ. Рэфлексія.

- А зараз каб Снежная каралева стала крыху дабрэйшай, давайце складзем кветачку і падарым ёй. (чырвоныя пялёсткі – добры настрой, блакітныя - дрэнны). Скажам ці спадабаўся вам сёняшні ўрок.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка