Мемуары як крыніца па гісторыі Гродна першай паловы хіхст. Ярашук М. В., г. Гродна, Грду імя Я. Купалы




Дата канвертавання15.03.2016
Памер85.3 Kb.
Мемуары як крыніца па гісторыі Гродна першай паловы ХІХст.

Ярашук М.В., г. Гродна, ГрДУ імя Я.Купалы

Мемуары як крыніца па гісторыі Гродна першай паловы XIX ст. / М. В. Ярашук // Гродна і гродзенцы: дзевяць стагоддзяў гісторыі: (да 880-годдзя горада): матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гродна, 10―11 красавіка 2008 г.) / [рэдкалегія: А. І. Антоненка, А. А. Каваленя, Я. А. Роўба (адказныя рэдактары) і інш.] ― С. 92―96.

[92]

Першая палова ХІХст. была складаным, насычаным значнымі падзеямі перыядам у гісторыі ўсей Беларусі і Гродна ў тым ліку. Складаным было наладжванне жыцця ўжо ў складзе Расійскай імперыі, хаця яшчэ жыла і давала аб сабе ведаць памяць аб самастойнай дзяржаве Рэчы Паспалітай. Вайна 1812г. і паўстанне 1830-1831гг. – час надзей на аднаўленне былой дзяржавы і расчараванняў, бо жаданае не спраўдзілася, былі панесены вялікія людзскія і матэрыяльныя страты. Але гэта не проста факты, яны складаюцца з жыцця, дзеянняў асобнага чалавека, яго перажыванняў, уяўленняў. У беларускай гістарычнай навуцы ў апошні час пачалі распрацоўвацца такія накірункі, як гісторыя паўсядзеннасці, мікрагісторыя, якія менавіта і ставяць у цэнтр даследавання асобных “маленькіх” людзей, іх учынкі, спрабуюць знайсці матывы іх паводзін, вывучыць праламленне буйных падзей у іх свядомасці. Асаблівасцю гэтых даследаванняў з’яўляецца звужэнне тэрытарыяльных межаў да адной вескі ці горада, а таксама выкарыстанне крыніц асабістага паходжання, сярод якіх важнае месца займаюць мемуары.



Гісторыя Гродна першай паловы ХІХст. таксама знайшла адлюстраванне ў мемуарах асобаў разнага паходжання, заняткаў, што наклала свой адбітак на змест гэтых крыніцаў. У 1802г. Гродна стала адным з пунктаў падарожжа

[93]


расійскага даследчыка В. Севергіна, які быў накіраваны Аляксандрам І у Сямяцічы,каб вывезці натуральны кабінет Ябланоўскай у Маскоўскі універсітэт.Так як Севергін займаўся вывучэннем мінералогіі, натуральнай гісторыі, таму больш звестак ен пакінуў менавіта аб прыродзе і гаспадарцы Гродна і яго наваколляў. Ен заўважыў, што гродзенскі порт выкарыстоўваўся для міжнароднага гандлю, якім займаліся ў асноўным яўрэі. Яны ж і складалі большасць насельніцтва горада [1, с. 114-115]. Севергін падрабязна апісаў, якія культуры вырошчваліся (бульба, буракі, гарох, лен, жыта, пшаніца, агуркі і г.д.) [1, с. 115-116], чым гандлявалі (крухмал, конская збруя, гаршкі, але мала жалеза, дзегця, шкла, дарагая і дрэнная соль) [1, с. 120]. Ен пералічыў жывелаў, рыбаў, расліны, што сустракаліся ў наваколлях Гродна [1, с. 117-120], ахарактарызаваў жыхароў, іх жылле, хваробы [1, с. 125].

С.Бранеўскі, генерал-губернатар Усходняй Сібіры, ўспамінаў, што ў першых гадах ХІХст. – 1806г. у Гродна дзейнічаў пераведзены пасля пажара кадэцкі корпус са Шклова, дзе ен навучаўся. Корпус размясціўся ў Новым каралеўскім замку. У гэтым замку была вялізная трыбунальская зала з хорамі, часта даваліся балы, на якія запрашалі некалькі кадэтаў. Быў добры тэатр, дзе ставіліся драмы, камедыі, часам балет, ен быў адчынены для кадэтаў [2, с. 502]. Малодшы брат генерала, М. Бранеўскі, ўжо больш увагі звярнуў на лад жыцця кадэтаў, іх нездавальняючае харчаванне і адзенне, гандаль, які ўзнік па гэтай прычыне, вучобу і забаўкі, а таксама пакаранні [3, с. 229-231].

Знакаміты тэатральны актор таго часу К.Скібінскі ў сваіх мемуарах успамінаў, што на пачатку ХІХст. ен пачаў выступаць у тэатры. За свае жыцце яму прыйшлося многа падарожнічаць, ен часта з тэатральнай трупай наведваў Гродна. Менавіта ў Гродна ў 1803г. адбыліся яго першыя гастролі. У той час Таварыства гродзенскіх актораў раздзялілася на дзве антрэпрызы. Першую ўзначаліла Саламея Дэшнер,а другую – Ян Шыманскі. Скібінскі далучыўся да апошняга і хутка працягнуў гастролі па Гродзенскай губерні [4, с. 8-11]. У 1804г. трупа вярнулася на зімовы курс. Скібінскі называе пастаноўкі, якія рыхтавалі і паказвалі ў тым годзе, успамінае актораў, што выступалі, жахлівы выпадак самазабойства, які прыпыніў на два тыдні дзейнасць тэатра [4, с. 12-13, 15-16]. У 1816г. Скібінскі зноў наведаў Гродна, вяртаючыся з Варшавы ў Вільню. У той час вайскоўцы Галоўнага штаба чакалі прыезда Аляксандра І і рыхтавалі ў Скідзелі корпус для ўрачыстага агляду [4, с. 116-117]. У 1817г. [4, с. 124] і 1819г. [4, с. 128] трупа віленскага тэатра зноў прыязджала на гастролі ў Гродна. Пад 1827г. упамінае тэатр гродзенскі на Гарадніцы, заснаваны яшчэ А. Тызенгаўзам, а таксама зусім збяднелую малую трупку Шыманскага, якая на час гастроляў далучылася да віленскай трупы Скібінскага, каб зарабіць грошай [4, с. 204-205]. У 1828г. гастролі віленскай трупы расцягнуліся на тры тыдні [4, с. 211]. Скібінскі пачаў пісаць свае ўспаміны ўжо ў сталым узросце ў 1853г., таму некаторыя факты забыліся, страцілі свае дакладныя рысы.

Падзеі вайны 1812г. знайшлі свае адлюстраванне ў шэрагу ўспамінаў вайскоўцаў, як французкіх,так і рускіх. Есць у іх згадкі і аб Гродна. Так І.Ф. Паскевіч падрабязна апісвае размяшчэнне 1-й і 2-й Заходняй армій напярэдадні вайны і іх дзеянні на яе пачатку. Каля Гродна канцэнтрыраваліся сілы корпуса

[94]

генерала Платава. Прычым некаторыя рускія ваенныя кіраўнікі лічылі, што Напалеон адцягвае ўвагу, размясціўшы вялікае войска паміж Коўна і Гродна. Асноўнага ўдару патрэбна чакаць менавіта ў напрамку Беласток, Гродна. Князь Баграціен дакладваў ваеннаму міністру, што ў такой сітуацыі рускія войскі, размешчаныя ў гэтым напрамку, не змогуць даць адпор французам з-за слабасці сілаў. Генерал Платаў атрымаў загад ісці ў фланг непрыяцеля [5, с. 78-79].



Кароткія згадкі Гродна пры перамяшчэнні рускай арміі есць ва ўспамінах палкоўніка М. Пятрова. Таксама ен апісвае прыезд у 1812г. у Гродна імператара Аляксандра І [6, с. 170-171, 217-221].

Знакаміты пісьменнік, дзяржаўны дзеяч, гісторык Ю.У.Нямцэвіч ва ўспамінах таксама адводзіць месца падзеям вайны 1812г. Ен у той час быў сакратаром Сената Варшаўскага княства, у вайне не ўдзельнічаў, таму яго ўяўленні аб падзеях складаліся на аснове навінаў, пісьмаў, што паступалі з французскай арміі. Прычым Нямцэвіч піша, што весткі зразу паступалі ў Парыж, а ўжо пасля ў Польшчу. Сам Напалеон быў зацікаўлены ў гэтым [7, с. 352]. Нямцэвіч паведамляе, што ў ходзе наступлення французскага войска, у складзе якога былі і палякі, Геранім, брат Напалеона, кароль вестфальскі, увайшоў у Гродна. Ен не стаў праследаваць Баграціена, а застаўся на тыдзень у горадзе, “рана пачаўшы купацца ў малацэ і роме, танцуючы на вечарах. На семы дзень нават прыгатаваны быў вялікі баль, калі прыйшоў загад Напалеона выступаць.” Такія добрыя адносіны гродзенцаў да французаў тлумачацца тым, што яны спадзяваліся на вызваленне ад расійскай улады [11, с. 358]. Нямцэвіч таксама паведамляе аб размяшчэнні ваенных сілаў каля Гродна [7, с. 375, 386 ].

Пасля вайны 1812г. былі замежныя паходы 1813-1814гг. У сакавіку 1814г. Ф.Глінка праязжаў праз Беларусь, накіроўваючыся да рускай арміі ў Францыю. На яго шляху былі Орша, Дуброўна, Барысаў, Мінск, Смаргонь, Ліда, Гродна [8, с. 125]. Яго вельмі ўразіла рака неман, праз якую ен перапраўляўся ў Гродна: “Якіх дзівосных, якіх нечываных выпадкаў быў ты сведкам, велічны Неман! Прасторная і шумная твая плынь цяпер, а прыйдуць часы, калі зліюцца леты ў стагоддзі і вехі сцякуць у вечнасць, што і ты, рака вялікая, зробішся малым ручайком і, можа быць, знікнеш у глыбокіх пясках! Але не знікне слава маей Айчыны…” [9, с. 22].

Афіцэр Д.Душанкевіч успамінаў, што, вяртаючыся з замежнага пахода ў 1814г., рускія сустрэліся з палоннымі французамі ў Гродна, якія адпраўляліся на радзіму. Французы расказвалі аб багатых рускіх губернях, але заставаліся вернымі Напалеону і казалі: “Мы яго з зубоў самога чорта вырвем!” [10, с. 130]

Ю.У.Нямцэвіч пасля вайны, у 1819г. здзейсніў падарожжа да Літвы (да сярэдзіны ХІХст. – заходняя частка сучаснай Беларусі) з мэтай вывучэння яе мінулага і сучаснага становішча. Наведаў ен і Гродна. Яўрэі складалі большую частку 5000 насельніцтва горада. Амаль усе гродзенскія купцы былі яўрэямі, а водны гандаль цалкам належаў ім. Займаліся яўрэі спекуляцыяй асігнацыямі, вывозілі срэбраныя рублі да менніц прускіх, а прускай манетай запаланілі цэлы край. Нямцэвіч піша, што “ад Брэста да Літвы не бачыў ні аднаго срэбранага рубля, ні адной грыўны маскоўскай; уся манета пруская ці польская”. Ен адначаў, што ў Старым замку размяшчаецца губернатар ваенны,

[95]


а ў Новым – рускі вайсковы шпіталь. Апісваў Нямцэвіч і архітэктурныя помнікі Гродна: Каложу, Фарны касцел, дамініканскі касцел [11, с. 357]. Фара Вітаўта ў той час была пераўтворана з касцела ў царкву. Прыцягнула ўвагу даследчыка дамініканская гімназія, дзе была сабрана значная бібліятэка, мінералагічныя зборы, фізічныя, хімічныя [11, с. 358].

У 1822г. прафесар Віленскага універсітэта І. Анацэвіч наведаў гарады і мястэчкі Гродзенскай губерні: Навагрудак, Шчорсы, Дзятлава, Дзярэчын, Бераставіцу, Гродна. Яго найбольш цікавілі архівы старажытных дакументаў, бібліятэкі. Частцы з іх ен даў падрабязную характарыстыку, называў нават рукапісы. Але адносна гродзенскага архіва пазначыў толькі, што ен ўтрымлівае акты, якія датуюцца не раней праўлення Жыгімонта І [12, с. 484].

Знакаміты вучоны І.Дамейка падчас паўстання ў красавіку 1831г., едучы ў Аўгустоўскую пушчу з заданнем ад паўстанцаў, наведаў Гродна. Горад ужо быў абложаны рускімі войскамі князя Хількова, якога называлі кіраўніком выправы на Літву. На велькім рынку, каля ратушы стаяў вялікі абоз і ўзброены батальен пехоты, але мелі рускія войскі толькі дзве гарматы. Гараджанам забаранялася вечарам выходзіць на вуліцу [13, с. 187]. Але ж паўстанне ў Гродне не магло дасягнуць поспеху з-за малой колькасці ахвотнікаў, недахопу зброі і надыходзячай падтрымкай для рускіх [13, с. 188]. Дамейка таксама ўзгадвае вайсковы шпіталь у Новым замку, дзе яшчэ засталіся рэшткі паламаных залачоных карнізаў, партрэтаў каралеў і гербоў [13, с. 189].

У гэтым жа шпіталі спыніўся ў 1855г. В. Станішэўскі, якога ўлады абвінавацілі ў палітычным злачынстве і выслалі з Варшавы ў Сібір. Ен добрымі словамі ўспамінаў ардынатара шпіталя доктара Мікуліча, які адносіўся да зняволеных са спачуваннем, быў вельмі прыстойны [14, с. 124].

У 1850-я гг. У. Сыракомля, знакаміты паэт, здзейсніў падарожжа па рацэ Неман, апісаў прылеглыя да яе мясцовасці. Горад і прадмесце, размешчаныя на берагах Немана, злучаліся плывучым мостам [15, с. 41]. У горадзе налічвалася каля 17000 жыхароў, дамоў было каля тысячы, з якіх 150 мураваных. Гандаль быў у асноўным водны. Сыракомля згадвае таксама архітэктурныя помнікі, слаўныя сваей гісторыяй [15, с. 42].

Такім чынам, мемуары можна выкарыстоўваць як крыніцы інфармацыі па гісторыі Гродна першай паловы ХІХст. Мемуары адрозніваюцца паміж сабой тэматыкай, аб’емам інфармацыі, храналагічнымі рамкамі. Іх змест залежыць ад акалічнасцей знаемства з Гродна, мэты стварэння, роду заняткаў аўтара. Так рэзка адрозніваюцца, напрыклад, успаміны Скібінскага [4, с. 12-15], які больш увагі ўдзяляў тэатральнай дзейнасці, Севергіна [1, с.114-115], апісаўшага гаспадарчыя і прыродныя асаблівасці Гродна і яго наваколляў, і Анацэвіча [12, 485], ставіўшага сваей мэтай вывучэнне архіўных матэрыялаў і бібліятэк. Нямцэвіч выкарыстоўваў у мемуарах не толькі ўласныя ўражанні, але і гістарычныя дакументы. Яго праца новіць даследчы характар. Удзельнікі вайны 1812г. [6; 8; 10] і паўстання 1830-1831гг. [13, с. 187-189] асвячаюць ваенныя падзеі, рух войскаў. Усе гэтыя людзі наведвалі Гродна, бачылі яго наваколлі, але ўсе па-рознаму ўспрынялі іх, замацавалі ў памяці і перадалі ў мемуарах. У гэтым і праяўляецца суб’ектыўны характар мемуараў як крыніцы. Але гэта



[96]

нельга лічыць недахопам. Дадзеныя мемуараў узаемадапаўняюцца, што дапамагае стварыць агульную карціну розных бакоў жыцця Гродна першай паловы ХІХст.



Агульнай рысай пералічаных мемуараў з’яўляецца тое, што іх стваральнікі не былі жыхарамі горада працяглы час, а толькі наведвалі яго на нейкі тэрмін, таму гэтыя мемуары можна назваць успамінамі ці запіскамі падарожных. Аб Гродна гэтага перыяду не было створана такіх вялікіх і інфарматыўных мемуараў, як аб Вільні: мемуары Г.Пузыніны [16, с. І-ХІІ] і С.Мараўскага [17, с. 537-541]. Тлумачыцца гэта тым, што Вільня была сталіцай ВКЛ, пасля падзелаў стала губернскім горадам, але засталася культурным цэнтрам далучаных зямель. Магчыма, далейшыя пошукі прынясуць знаходкі мемуараў, напісаных самімі жыхарамі Гродна. Але і тое, што цяпер маецца ў распараджэнні гісторыкаў, дае магчымасць убачыць жыцце горада на Немане першай паловы ХІХ ст. вачыма сучаснікаў падзей.

Літаратура

  1. Севергин В.М. Записки путешествия по западным провинциям Российского государства. Спб, 1802.

  2. Броневский С. Б. Записки из моей жизни // Исторический вестник, 1889. – Т. 38. – декабрь. – С. 501-512.

  3. Броневский Н. Б. Из воспоминаний генерала Николая Богдановича Броневского. – Голос минувшего, 1914, № 3, с.226-238.

  4. Skibiński Kazimierz. Pamiętnik aktora (1786-1858). Oprac. і wyd. M. Rulikowski. Warszawa. 1912.

  5. Паскевич И.Ф. Походные записки // 1812г. в воспоминаниях современников / Тартаковский. М.,1985. С.72-105.

  6. Петров М.М. Рассказы служившего в 1-м егерском полку полковника Михаила Петрова о военной службе и жизни своей и трех родных братьев его, зачавшейся с 1789 года. 1845г. // 1812 год: Воспоминания воинов русской армии. Из собр.Отд. письм. источников Гос. Ист. музея. М., 1991. С. 112-330.

  7. Niemcewicz I.U. Pamięntniki Juliana Ursyna. Poznań, 1871.

  8. Глинка Ф.Н. Письма русского офицера о Польше, австрийских владениях, Пруссии и Франции. М., 1815-1816.

  9. Швед В. З дзекабрыстамі праз Беларусь // Беларусь – 1990 -- №12 – С. 22-23.

  10. Душенкевич Д.В. Из моих воспоминаний от 1812 года до <1815-го года>. 1838г. // 1812 год в воспоминаниях современников. М., 1995.

  11. Niemcewicz I.U. Podrόże historyczne po zemiach polskich od 1811 do 1828 roku, wyd. 2. Pbg,1858.

  12. Онацевич И. Отрывок из путевых записок профессора Виленского университета Игнатия Онацевича во время проезда его через 1 часть Гродненской губ. в июле и августе 1822г. // Северный архив, 1822, ч. 4, № 24. С. 474-485.

  13. Pamiętniki Ignacego Domejki (1831-1838). Z autografόw wydal Jόzef Tretiak. T. I. Krakόw.1908.

  14. Staniszewski W. Pamiętnik więźnia stanu i wygnańca.Warszawa, 1994.

  15. Syrokomla Wł. Niemien od zrodel do ujscia. Wilno, 1861.

  16. Puzynina Gabriela z Guntherόw. W Wilnie i w dworach litewskich. Pamiętnik z lat 1815-1843. Wilno, drukiem Józefa Zawadzkiego.1928.

  17. Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818-1825). Wyd. Adam Czartkowski i Henryk Mościcki. Warszawa. 1924.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка