Медыяспажыванне як фактар трансфармацыі журналістыкі




Дата канвертавання18.05.2016
Памер32.54 Kb.


Васіль Вараб'ёў

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
МЕДЫЯСПАЖЫВАННЕ ЯК ФАКТАР

ТРАНСФАРМАЦЫІ ЖУРНАЛІСТЫКІ
На рэспубліканскім форуме-практыкуме па ідэалагічнай рабоце ў чэрвені 2015 года прадстаўнік Міністэрства сувязі агучыў наступныя лічбы: каля 6 мільёнаў жыхароў Беларусі з’яўляюцца інтэрнэт-карыстальнікамі; 44% з іх звяртаюцца да пошуку грамадска-палітычнай інфармацыі; 80% карыстальнікаў інтэрнэта выкарыстоўваюць мабільныя прыстасаванні з мэтай атрымання інфармацыі, і толькі 33% – для пошуку тавараў і паслуг; «у Беларусі не слухаюць радыё больш 60% насельніцтва, не чытаюць газет – каля 50%, не глядзяць тэлебачанне – 10%. <…> Не ўся прапанаваная інфармацыя даходзіць да людзей па існуючых каналах. <...> Сёння мала стварыць тэлепраграмму ці напісаць артыкул – патрэбна дасягнуць таго, каб яны прыйшлі да людзей у дом» [1].

У 2014 годзе інтэрнэт выступаў найбольш імкліва запатрабаванай крыніцай інфармацыі сярод аўдыторыі карыстальнікаў. Сёння ён стаў другой па папулярнасці сярод насельніцтва крыніцай інфармацыі пасля тэлебачання [2, с. 35]. Сацыёлагі таксама канстатуюць па выніках мінулага года: больш 40% апытаных рэспандэнтаў аддаюць перавагу ў атрыманні інфармацыі па праблемах палітыкі, эканомікі, культурнага жыцця, экалогіі і іншых галін з Сеткі. Асноўнымі спажыўцамі такой інфармацыі выступаюць карыстальнікі ва ўзроставых групах 18-29 гадоў – да 80%, 30-44 гады – да 60% [2, с. 36]. Традыцыйным СМІ (газеты, радыё) аддаюць перавагу людзі старэйшых пакаленняў. Гэтая тэндэнцыя абумоўлена папулярнасцю мабільных прыстасаванняў, напрамкам развіцця інфармацыйнай культуры, дыяпазонам мажлівасцей атрымання інфармацыі «у любым месцы і ў любы час».

Пералічаныя фактары ў развіцці розных відаў камунікацый павінны ўлічвацца ў фарміраванні дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, якая скіравана на стабільнасць і прагназуемасць інфармацыйнай прасторы краіны. Гэтыя якасныя складнікі інфармацыйнай прасторы залежаць перш за ўсё ад архітэктонікі медыяспажывання. Яно змянілася за апошнія 5-10 гадоў кардынальным чынам. Напрыклад, у 2009 годзе на выніковай калегіі Мінінфарма адзначалася «яскравая недастатковасць сур’ёзных аналітычных матэрыялаў, актуальнай публіцыстыкі па многіх найважнейшых пытаннях развіцця дзяржавы і грамадства» [3, с. 6].

Такім чынам, трансфармацыя медыяспажывання стала фактам сацыяльнай практыкі. Змест і структура медыяспажывання заслугоўваюць сістэмнай і комплекснай даследчыцкай увагі. Тэхналагічны фактар абумоўлівае напрамак змяненняў у выкарыстанні медыя грамадскай супольнасцю для атрымання і засваення кантэнту і ажыццяўлення сацыяльных сувязей і ўзаемадзеянняў. Аднак «тэхналагізм» не дамінуе над працэсам змяненняў у медыяспажыванні. Верагодныя моцныя фактары ўздзеяння на медыяспажыванне ўтрымліваюцца ў журналістыцы як дзейнасці па зборы, апрацоўцы, інтэрпрэтацыі і распаўсюджванні інфармацыі. Фінансава-арганізацыйныя пераўтварэнні апошняга дзесяцігоддзя сістэмы СМІ Беларусі, звязаныя з буйнымі холдынгамі, таксама ўвачавідкі паўплывалі на інфармацыйныя запатрабаванні і чытачоўска-глядацкі інтарэс. «Нажніцы» паміж аналітыкай і «голай» фактурай на карысць апошняй у журналісцкай практыцы адштурхнулі традыцыйных прыхільнікаў друкаванага слова. Пошук журналістамі тэматыкі, крыніц фактаў засяродзіўся на электроннай рэальнасці, засланіўшы спачатку асфальтавымі камандзіроўкамі жыццё правінцыі, а потым і рэальнае жыццё людзей. Пералічаныя і іншыя фактары трансфармацыі медыяспажывання мадыфікуюць новую канфігурацыю інстытуцыянальнасці журналістыкі ў эканамічным, палітычным і сацыяльным вымярэннях.

Медыяспажыванне трактуецца як сацыяльная практыка выкарыстання медыя для атрымання і засваення пэўнага сімвалічнага кантэнту і ажыццяўлення грамадскіх узяемадзеянняў і сувязей. Сутнаснымі характарыстыкамі медыяспажывання выступаюць: а) актыўнасць асобы ў перапрацоўцы сімвалічнага зместу дзеля ўласных мэтаў, якія могуць адпавядаць ці не супадаць, альбо супярэчыць задумцы журналіста-творцы; б) працэс абцяжараны сітуацыйнай наканаванасцю, кантэкстным інфармацыйным пагружэннем асобы; в) арганічнасць і звычайная прыродная зацікаўленасць асобы ў падпітцы новай інфармацыяй; г) універсальная інтэрпрэтацыя зместу застаецца таксама за асобай.
Літаратура

1. З выступлення першага намесніка міністра сувязі Д. Шедко на форуме-практыкуме «Идеологическая работа в контексте ключевых положений Послания Главы государства белорусскому народу и Национальному собранию Беларуси». Июнь, 2015 г.

2. Справочно-аналитическая информация о деятельности отрасли СМИ и печати в 2014 году. – Минск, 2015. – С. 35.

3. Справочно-аналитическая информация о деятельности отрасли СМИ и печати в 2009 году. – Минск, 2009. – С. 6.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка