Медаль героя




Дата канвертавання30.05.2016
Памер12.71 Kb.
Медаль героя

Вялікая Айчынная вайна ўсё далей і далей адсоўваецца ад нас у часе. Мы згадваем пра яе ў Дзень перамогі і ў Дзень незалежнасці РБ, калі пераглядаем кадры кінахронікі ці гартаем кнігі, калі сустракаем на вуліцы сівых ветэранаў, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш… А часам вайна сама знаходзіць нас.

Так сталася і з дзесяцікласнікам Высокаўскай СШ Артурам Плетнюком, які па волі лёсу і, напэўна, самой гісторыі знайшоў ля сельскагаспадарчага каледжа баявы медаль “За адвагу”. Узнагарода была сярэбраная і ўся ў зямлі… Доўга давялося ёй чакаць свайго часу.

Юнак зразумеў, якую адказную задачу ставіць перад ім незвычайная знаходка, і аднёс яе ў сваю школу. Медаль пераправілі ў гарвыканкам, а пасля – у райваенкамат, адкуль запыты паляцелі ў 6 архіваў Расійскай Федэрацыі. З 4-х прыйшлі паведамленні аб тым, што даных, на жаль, няма. Наступны архіў парадаваў: узнагарода належыць Міхаілу Кандрацьевічу Янашчуку, што нарадзіўся ў Высокім.

Загад ад 15 студзеня 1945 года гаворыць: “…награждаю медалью “За отвагу” помощника наводчика батареи 45 мм пушек красноармейца Янощука Михаила Кондратьевича за то, что он в бою при прорыве обороны немцев в районе д.Дзержаново 14 января 1945 года под сильным артиллерийским минометным огнем противника обеспечил снарядами орудие и вынес в укрытие тяжело раненого бойца.”

Сваіх дзяцей (па звестках гарвыканкама) у Міхаіла Кандрацьевіча, на жаль, не было, але ўдалося знайсці яго пляменніка – Віктара Сяргеевіча Янашчука, якому 30 мая ў час школьнай лінейкі ў Высокаўскай СШ была перададзена ўзнагарода дзядзькі і архіўная даведка з выпіскай з загаду. Акрамя таго, ваенны камісар раённага ваеннага камісарыята Ігар Круглоў уручыў Артуру Плетнюку Грамату за адказнасць і патрыятызм. Расчулены Віктар Сяргеевіч перадаў юнаку і медаль са словамі: “Ты знайшоў яго, табе і аддаваць на захоўванне ў музей.” Узнагарода папоўніць экспазіцыю музея Высокаўскай школы.



Настасся НАРЭЙКА.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка