Мая любоў – без міру Вершы Ласкавыя будуць дажджы…




Дата канвертавання27.03.2016
Памер72.77 Kb.




Сара Тысдэйл (Sara Teasdale) (1884 – 1933) Амерыканская паэтка. Першы верш Тысдэйл быў надрукаваны ў мясцовай газеце Reedy's Mirror у 1907 годзе, і ў тым жа годзе пабачыў свет яе першы зборнік вершаў “Санеты да Д’юз і іншыя вершы” (Sonnets to Duse and Other Poems). Другі зборнік, “Алена Траянская і іншыя вершы” (Helen of Troy and Other Poems) выйшаў у 1911 і быў добра прыняты крытыкай, што адзначыла лірычнае майстэрства аўтаркі і рамантычную тэматыку. У 1933 годзе Тысдэйл выдала апошні зборнік “Дзіўная перамога” (Strange Victory) і ў тым жа годзе скончыла жыццё самагубствам.


Мая любоў – без міру...

Вершы

Ласкавыя будуць дажджы…

(There Will Come Soft Rains)


Ласкавыя будуць дажджы, запахнуць лугі,

І ластаўка ў небе са свістам накрэсліць кругі;


І жабы ўначы свой спеў завядуць у ставах,

І будуць дзікія слівы струменіць пах.


Будуць малінаўкі полымем ззяць у палёце,

Трэлі выводзіць у садзе, сеўшы на дроце,


Ніхто і ніколі вайну не заўважыць, калі

Мы пакінем аднойчы абшары гэтай зямлі.


І дрэвы, і птушкі працягнуць жыць, як заўжды,

Калі знікнуць раптоўна нашы сляды.


І нават вясна, што абудзіцца ў ранішні час,

Наўрад ці калісьці ўзгадае пра нас.


пераклад з ангельскай – Андрэй Стэфановіч


Будзе дожджык ласкавы...

(There Will Come Soft Rains)


Будзе дожджык ласкавы, запахне раллёй,

Будзе ластавак свіст і палёт над зямлёй,


Ноччу ў сажалцы – гучныя спевы рапух,

Кветкі слівы бязважкія, як белы пух,


Мітуслівых заранак агеньчык руды –

Даляцяць птушак пошчакі з плоту сюды.


І не скажа ніхто, што мінула вайна:

Успамінаў ужо не пакіне яна.


Не згадае ні дрэва, ні птушка павек,

Калі знікне раптоўна з Зямлі чалавек.


І Вясна, што прачнецца на золку сама,

Не адчуе, напэўна, што нас тут няма.


пераклад з ангельскай – Аляксей Арцёмаў


І будзе пяшчотны дождж...

(There Will Come Soft Rains)


І будзе пяшчотны дождж, і водар зямлі,

І ластаўкі будуць са свістам мераць палі.


Жабкі ўначы завядуць вечны куплет,

І будзе трымтлівы дзікае слівы квет.


Зноў малінаўкі свой апрануць убор,

Будзе гучаць у садах пералівісты хор.


Не заўважыць ніхто, што наўкола вайна,

Думаць не будзе, калі заціхне яна.


Не будзе клапот і птушкам, і дрэвам тады,

Калі людзі знікнуць з зямлі назаўжды.


І нават вясна, што ранкам выйдзе са сну,

Наўрад ці згадае пра нас і нашу вайну.


пераклад з ангельскайГанна Янкута


Ціха пройдуць дажджы…

(There Will Come Soft Rains)


Ціха пройдуць дажджы, будзе водар травы,
Будуць ластавак спевам звінець паплавы,

Будуць крумкаць у сажалках жабы ўначы,


Будуць слівы бялець, на вятрах дрыжучы,

Апрануцца малінаўкі ў яркі ўбор


І напоўняць вясёлаю песняю бор.

Не заўважыць ніхто, што наўкола вайна,


І не будзе чакаць, калі сціхне яна.

І ніхто не згадае – ні птушка, ні лес, –


Як жылі яны колісь: з намі ці без.

І калі зранку пройдзе вясна па зямлі,


То наўрад ці заўважыць, што мы адышлі.
пераклад з ангельскай – Алена Пятровіч


Вандроўка

(The Wanderer)


Заход пафарбаваў пяскі –

Вось Ніл праз іх цячэ барвовы,

Глядзіць удаль Рамсес суровы,

Амона храм стаіць цяжкі.


Вось стромы даўняе пары,

Буянне хваль, аскепкі друзу –

Тут перамог Персей Медузу,

Тут жах спазналі тры сястры.


Бязмежжа неба нада мной,

Вятры бяруць мяне на крылы,

І край паўночны сэрцу мілы,

І мілы ледзяны прыбой.


Але нічога не дае

Мне падарожжаў дух спакусны

З хвіліны той, калі ты вусны

Пацалаваў мае.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Пацалунак

(The Kiss)


Я марыла калісьці:

Хай вусны ён кране.

А сёння я – бы хворы птах,

Што тужыць аб вясне,


Бо ён мяне цалуе,

А ў сэрцы – толькі лёд:

За пацалункі лепш стакроць

Тых даўніх мрой палёт.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Лістапад

(November)


Стаміўся год і састарэў,

Ледзь не збівае вецер з ног,

Ляціць ахвотна лісце з дрэў

І вецер гне трыснёг.


Каханне чэзне, як быллё.

Амаль ахвотна сочым мы:

Пусцее сэрца, як галлё,

Пад подыхам зімы.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Кахай мяне

(Love me)


Мой дрозд спявае дзень пры дні

І песняй поўніць гай.

Хай мілы чуе ў цішыні:

“Кахай мяне, кахай!”


Ты растрывож яго душу,

Спакою не даруй.

Няхай гучыць яму ўвушшу:

“Цалуй мяне, цалуй!”



пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Раса

(Dew)
Я мару – ён са мною,

Я мару – ён прыйшоў,

У ружах – сховы росаў,

А ў сэрцы – сховы слоў.
О ружа, што сасмягла,

О сэрца, – пільным будзь,

Каб долю сотні ружаў

Змагло ты абмінуць.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Юнак і пілігрым

(Youth and the Pilgrim)


Ты шмат пабачыў, пілігрым,

Мне адкажы, малю,

Ты без Кахання бачыў край,

Шчаслівую зямлю?


Мяне замучыў гэты бог,

І я збягу, калі

Адкрыю шлях за далягляд

На хуткім караблі.


“Ты не шукай шчаслівы край –

Цябе ён знойдзе сам:

У грудзі меч свой усадзі –

І апынешся там”.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


П’еро

(Pierott)


П’еро гуляе ў садзе

Пад месяцам старым,

І лютні гук здаецца

Трымтлівым і жывым.


П’еро спявае ў садзе,

І, дорачы мне спеў,

Ён пра мяне не помніць

Сярод вішнёвых дрэў.


П’еро спявае ў садзе,

На нас – нібы таўро:

П’еро напевы любіць,

А я – П’еро.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Сутонне

(Twilight)


Летуценна на дах

Весні дожджык сыходзіць,

І самотны свой спеў

Птах заводзіць, заводзіць.


Спакваля на зямлю

Ноч на крылах сыходзіць,

Сэрца, быццам той птах,

Спеў заводзіць, заводзіць.


пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Да Эолавай арфы

(To an Aeolian Harp)


Вятры перамаўляюцца з табой

І аднаўляюць крык былога гора,

Той крык, які цябе кранаў учора:

Бяда жанчын, што з Троі выгнаў бой,


Стогн Андрамахі, змучанай журбой,

Узнесены й рассеяны ў прасторы,

У ім – уся пакута і пакора,

Бы ў ракавіне – мора і прыбой.


Вось так, жывы, гучыць часамі спеў,

І ў ім – для тых нязнаны, хто пяе, –

Забытых земляў безгалосы прах
Крычыць, што не здалеў і не паспеў,

І ў горкай скрусе струнам не дае

Спакою на раз’юшаных вятрах.
пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Сапфо

(Sappho)
Сыходзіць змрок, глыбокі, як вада,

На Лесбасе, аддаленым бясконца,

Між дрэваў храмы ў поўневым святле.

Схавалі прыцемкі маленькі твар,

Ды пакідае цемра літасціва

Цяжар салодкі цельца на грудзях.

І я – Сапфо? Я бегла праз імглу

Ўздоўж хваляў, што накотвалі на бераг,

Калі зямлі адхланне нёс прыліў,

І, бегучы, пакуль чарнела ноч,

Я падала ў знямозе на пясок

І трэслася ад ветрыку з-над мора?

Самотны ціха марыць пра прыліў,

Які пякуча хвалямі цалуе.

Мая любоў – без міру, ноч – без сну.

Кранаю пену жарснаю рукой,

Каханне клічу, што лагодзіць мора,

Што робіць мора горкім, быццам смерць.

О Афрадыта, як спыню хвалу

Табе, па сіле роўнай толькі Богу,

То ад таго, што слодыч слоў маіх

Збыткоўная ў салодкім існаванні.

У сэрцы закаханым – цішыня,

Я боль спасцігла і здабыла мір,

І гэты мір, Клеіда, у душы.

Пяшчотней, чым кранаюць птушаняты,

Яна кранае вуснамі мой рот.

Ніколі больш у час, калі вясна

Запаліцца агнём у клейкім лісці,

Не буду я, самотная, збягаць

Ад радасці Алкеевых радкоў

І слёз, што заглушаюць спеў Эрыны.

Ніколі з песняй, што гучыць, як боль,

Пад небам бесклапотнае вясны

Трымценне й крык зняможанага сэрца

Не буду ад любові я хаваць.

І помню я, як спрабавала збегчы

Ад птушак, што спявалі пра любоў,

І, апусціўшы долу погляд свой,

Убачыла два цені закаханых,

І жарсць вясны ўзяла мяне ў палон.

Любоў, не ўратавацца ад цябе

І не стаіцца ў схованцы самотнай

Ці ў пустцы, дзе няма тваіх слядоў

І кветак, што з-пад ног тваіх растуць.

Ты розныя прымервала абліччы:

І танчыла імкліва між дзяўчат,

І чаравала ўсмешкаю Фаона,

Анактарыя зведала твой пал,

Керкілас быў табой апанаваны,

Але ніколі нічыю любоў

З маёй любоўю не ўраўнала ты,

І мой спакой збягае ад мяне –

І сэрца я надзейна замыкаю.

Любоў, маё жыццё – лірычны спеў,

Любоў, маё жыццё – твой лірны ўздых,

Я навучыла свет тваім пэанам –

І спеў мой болей не жадаюць чуць.
пераклад з ангельскай – Ганна Янкута

© Аляксей Арцёмаў, пераклад, 2010

© Алена Пятровіч, пераклад, 2010

© Андрэй Стэфановіч, пераклад, 2010



© Ганна Янкута, пераклад, 2010

prajdzisvet.org


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка