Мая Беларусь Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства Мэта




Дата канвертавання15.05.2016
Памер110.6 Kb.
Мая Беларусь
Сцэнарый пазакласнага мерапрыемства
Мэта: пашырыць уяўленне вучняў аб роднай краiне; развiваць мову дзяцей; выхоўваць любоў да Беларусi, яе чароўнай прыроды; вучыць паважаць людзей, якiя жылi i жывуць на нашай зямлi; фармiраваць жаданне больш ведаць аб мiнулым i сучасным сваёй Радзiмы.

Гучыць мелодыя песнi А.Пахмутавай «Белавежская пушча».

Вядучы (пад музыку чытае верш П.Прыходзькi).

Мая Беларусь!

Край Дняпра i Палесся,

Празрыстых азёраў i рэк,

Айчына бунтарскай купалаўскай песнi,

Што ў сэрца запала навек.

Край фабрык, машын

I сiвой Белавежы

Са сцежкамi дужых зуброў.

Як-Нёман – магутны,

Як Нарач – бязмежны

I звонкi, як струны бароў…



Выходзiць дзяучынка i хлопчык у беларускiх нацыянальных касцюмах.

Дзяўчынка.

Я – дзяўчынка-беларуска

З васiльковымi вачыма.

Хоць малая, але знаю:

Беларусь – мая Радзiма.

Хлопчык.

Мяжуе з Польшчай, Украiнай,

Расiяй, Латвiяй, Лiтвой

Твой родны край, твая Айчына,

Жыццё тваё i гонар твой.

I ты яе запомнi iмя,

Як неба, сонца i зару.

Твая зямля, твая Радзiма

Названа светла – Беларусь.

Вядучы. Сення мы з вамi адправiмся ў падарожжа па цудоўнай беларускай зямлi, але спачатку высветлiм, чаму наша зямля мае такую назву – Беларусь.

Вучнi выказваюць свае меркаваннi: сярод беларусаў многа людзей са светлымi валасамi; нашы продкi аддавалi перавагу беламу адзенню; белыя буслы, якiх дагэтуль нямала ў Беларусi, сталi яе сiмвалам.

Вучанiца (чытае верш У.Скарынкiна).

Белая Русь мая!

Чыстая ты мая!

Белыя гонi бульбы,

Белыя косы дзяўчат.

Воблакаў белых над Бугам

Вечны парад.

Белых грыбоў кашолкi,

Белыя плечы бяроз,

Белыя россыпы золкiх

Чыстых свiтальных рос.

Белых туманаў плынi,

Белыя вершы буслоў.

Цiхая завадзь Бялынiч,

Рык белавежскiх зуброў.

Вейкi рамонкаў белых,

Белыя грывы завей.

Чыстыя душы смелых,

Простых тваiх людзей.

Вядучы (прапануе дзецям пытаннi i заданнi):


  • Назавiце сталiцу Рэспублiкi Беларусь.

  • Назавiце Прэзiдэнта краiны.

  • На колькi вобласцей падзяляецца Беларусь? Пералiчыце iх.

  • Назавiце буйныя рэкi нашага краю.

  • Якiя гiстарычныя i культурныя помнiкi Беларусi вы ведаеце? Малайцы! Вы добра адказалi на пытаннi пра нашу краiну, i мы зараз на чароўным караблi адправiмся ў падарожжа – у мiнулае i сучаснае роднага краю. Першы прыпынак прысвечаны нашым славутым продкам.

Дэманструюцца выявы Ефрасiннi Полацкай, Кiрылы Тураўскага, Францыска Скарыны. Дзецi расказваюць пра кожнага з iх.

Вучанiца. У Полацку жыла манахiня Ефрасiння – заступнiца беларускай зямлi, асветнiца, гуманiстка. Яна сабрала выдатную бiблiятэку, стварыла майстэрнi, дзе малявалi iконы, перапiсвалi i перапляталi кнiгi.


Вучань.

Слава Францыска не ведае меж,

Птушкай Яна абляцела краiны.

Новую кнiгу ты ў рукi бярэш –

I адгукаецца рэхам – Скарына.

Сусветную славу яму здабылi

Кнiгi, якiя жывуць у стагоддзях.

Першадрукар беларускай зямлi

I слова народнага першапраходзец

Схiляўся над кнiгамi, як чарадзей,

Каб мудрасцi гэтай святло не згасала.

Вучань. Кiрыла Тураўскi напiсаў шмат пропаведзей, малiтваў, павучанняў, канонаў, у якiх заклiкаў людзей любiць адзiн аднаго, адлюстроўваў хараство прыроды. Яго творы вызначаюцца вобразнасцю, узнёсласцю. Вялiкi гуманiст старажытнасцi Кiрыла Тураўскi – сiмвал таленту нашага народа.

Вядучы. Мы, беларусы, ганарымся нашымi выдатнымi пiсьменнiкамi Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максiмам Багдановiчам, Элаiзай Пашкевiч (Цёткай), Канстанцыяй Буйло. Свае творы яны прысвяцiлi роднаму краю, яго гiсторыi, яго прыродзе.

Выконваецца песня «Люблю наш край» на словы Канстанцыi Буйло.

Люблю наш край – старонку гэту,

Дзе я радзiлася, расла,

Дзе першы раз спазнала шчасце,

Слязу нядолi пралiла.

Люблю народ наш беларускi

I хаты ў зеленi садоў,

Залочаныя збожжам нiвы,

Шум нашых гаяў i лясоў.

I песню родную люблю я,

Што ў полi жнеi запяюць,

Як гукi звонкiя над нiвай

Пералiваюцца, плывуць.

Люблю ў пагодную я ночку

Дапозна ў садзiку сядзець,

Сачыць за ясных зор мiгценнем,

На месяц залаты глядзець.

Мне тут усё для сэрца мiла,

Бо я люблю край родны свой,

Дзе з першым шчасцем я спазналась

I з першай горкаю слязой.

Вядучы. Наступны прыпынак нашага падарожжа – сучасная Беларусь i яе сталiца горад Мiнск.

- Афіцыйнымі сімваламі любой краіны з'яўляюцца Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн і Дзяржаўны сцяг, якія аб'ядноўваюць усіх жыхароў гэтай краіны. Ёсць яны і ў нас. Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн і Дзяржаўны сцяг – гэта твар нашай дзяржавы, які адрознівае яе ад другіх краін свету.

Дзяржаўны герб і Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь былі зацверджаны на рэспубліканскім рэферэндуме 14 мая 1995 года. Другая нядзеля мая – Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь быў зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2 ліпеня 2002 года.



Пад гукi Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь дэманструюцца выявы Дзяржаўнага сцяга i Дзяржаўнага герба Рэспублiкi Беларусь.

Вучанiца (чытае верш У.Дубоўкi).

О Беларусь, мая шыпшына,

Зялёны лiст, чырвоны цвет!

У ветры дзiкiм не загiнеш,

Чарнобылем не зарасцеш.

Пялёсткамi тваiмi стану,

На дзiды сэрца накалю.

Тваiх вачэй, пад колер сталi,

Праменне яснае люблю.

Варожасць шляху не зачынiць:

У перашкодах дух расце.

О Беларусь, мая шыпшына,

Зялёны лiст, чырвоны цвет!

- Як вы думаеце, ці ёсць яшчэ што-небудзь, што асацыюецца з нашай краінай?

- Безумоўна, ёсць. І гэта мы называем неафіцыйнымі сімваламі беларускага краю.

Нацыянальная птушка Беларусі

Якая птушка стала сімвалам беларускага краю? (Бусел)

Як вы лічыце, чаму менавіта Бусел займае гэта ганаровае месца? (Бусел – белая птушка Белай Русі)


Нацыянальнае адзенне беларусаў

Важным сімвалам кожнага народа з'яўляецца нацыянальнае адзенне. Па арнаменце, фасоне, дэталях можна даведацца, з якой мясцовасці чалавек. Так, ранней на Беларусі ўсе і заўсёды насілі паясы. Калі б чалавек з’явіўся на вуліцы без пояса, гэта б выклікала здзіўленне. Поясам перавязвалі першы сноп ураджаю. З паясамі звязаныя народныя прыкметы і павер’і, варажба.

Вельмі прыгожыя жаночыя беларускія нацыянальныя касцюмы – строі. Яны аздабляліся арнаментам – асаблівымі вышыўкамі на рукавах, спадніцы, фартуху. Узору арнамента надаалася асаблівае значэнне. Беларускі арнамент можна пабачыць і на Дзяржаўным сцягу нашай краіны.

Нацыянальная кухня беларусаў

- З даўняга часу людзі хадзілі адзін да аднаго, дзяліліся горам і радасцю, сустракаліся і гаварылі кожны аб сваім, успаміналі тое, што было, і марылі пра тое, што будзе.

Пра беларусаў заўсёды казалі, што іх адметнай рысай з’яўляецца гасціннасць. Самы галоўны прадукт харчавання на стале ў кожнага беларуса – хлеб. Хлеб трэба абавязкова даядаць. Хлеб нельга кідаць на зямлю, на падлогу.

Але ў беларусаў ёсць яшчэ адзін з найгалоўнейшых прадуктаў харчавання. Які, як вы думаеце, што гэта? (Бульба)

- Так, здаўна бульба з’яўлялася любімай ежай беларусаў. Яе называюць на Беларусі “другім хлебам”. Бульба і хлеб – два самыя важныя прадукты харчавання. З бульбы можна прыгатаваць больш за 700 розных страў. Так, хлеб і бульба – самыя галоўныя стравы беларусаў. Без іх нельга ўявіць сабе святочны і будзённы абед альбо вячэру.

Дэманструюцца фотаздымкi сучаснага Мiнска. Дзецi расказваюць пра свой родны горад, называюць яго славутыя мясцiны, музеi, тэатры, спартыўныя збудаваннi.

Вядучы. Трэцi прыпынак нашага падарожжа прысвяцiм прыродзе роднага краю.

Лес iдзе да небакраю,

Рэчка, горачка, раўнiна.

Вечна сэрцу дарагая

Беларуская карцiна.

Ля крынiцы – медунiцы

Дзе далiна – канюшына,

Дзе лясочак – верасочак,

Ой ты, родная мясцiна.
Прырода – наш вялiкi дом, без якога было б немагчыма жыццё чалавека. Беларусам пашанцавала на прыгажосць i непаўторнасць краявiдаў.

Вучанiца (чытае верш А.Грачанiкава «Беларускiя краявiды»).

Беларускiя

Краявiды…

Перазвоны

Азёр i багоў.

Над палеткамi

Бульба i жыта –

Песня


Велiчных курганоў.

Гэта наша, Зямля дарагая,

Гэта нашы

Лугi i палi,

Над якiмі

Спрадвеку лунае

Бусел –

Сімвал


Бяссмерця

Зямлі.


Праводзіцца віктарына. Правільныя адказы на пытанні пацвярджаюцца адпаведнымі ілюстрацыямі.

  1. Якое дрэва самае распаўсюджанае у нашых мяшаных лясах? (Бяроза)

  2. Якія дрэвы растуць у хвойным лесе? (Сасна, елка)

  3. Якія кветкі пасля зімы з’яўляюцца першымі? (Пралеска, сонтрава)

  4. Па якой вадзяной кветцы можна прадказаць змену надвор’я? (Гарлачык)

  5. Якое з нашых дрэў самае даўгавечнае? (Дуб)

  6. Назавіце жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. (Чорны бусел, мядзведзь і інш.)

Вядучы. Вы паказалі добрае веданне роднай прыроды, а значыць, можаце стаць сапраўднымі яе абаронцамі.

На апошнім прыпынку нашага падарожжа гаспадарыць родная мова. Беларусы шануюць сваю мову, ганарацца ёю.


Вучань (чытае верш В.Шведа)

Я нарадзіўся беларусам,

Беларусам буду жыць!

Мову родную вучуся

Шанаваць, цаніць, любіць.

Сваю родную старонку

Я люблю, як і бацькоў,

Што вучылі песні звонкай,

Прывівалі мне любоў

І да мовы, да дубровы,

Да палёў і да лугоў

І заўсёды да народа,

Што жыве тут ад вякоў.

Я клянуся: не зракуся

Сваё роднае любіць.

Быў і буду беларусам,

Покуль толькі буду жыць!

Вучаніца (чытае верш А.Пысіна)

Дала мне маці гэту мову,

Каб не нямым пайшоў у свет,

Дала мне маці гэту мову

Як спадчыну і запавет.

Была яна не беларучкай

І нажніве, і насяўбе;

На глебе добрай беларускай

Здабыты словы ўсе яе.

Прапахлі сонцам і падзолам

Дажджамі, сокамі раслін,

Пад знак рукам яе мазольным,

Што мелі толькі ў сне спачын.

З такою моваю не сорам

І да суседзяў – хоць на Марс,

З любым народам мы гаворым,

І людзі разумеюць нас.

Вядучы. Багатая наша мова на прыказкі і прымаўкі. Ужо няма тых людзей, якія прыдумалі гэтыя трапныя выразы, а прыказкі працягваюць жыць.

Конкурс “Злучы часткі прыказак”



  • Ад працы рукі не сохнуць.

  • Ад ляноты чакай бядоты.

  • Без навук, як без рук.

  • Бяда хоць мучыць, ды жыць вучыць

  • Дарагая тая хатка, дзе нарадзіла мяне матка.

  • Дзе коратка, там і рвецца, дзе балюча, там б’ецца.

  • За дурной галавой нагам неспакой.

  • З вялікага грому малы дождж.

  • Каб конь добра вёз, даай яму авёс.

  • Няма лепшай хаткі, як у роднай маткі.

  • Родная зямелька, як зморанаму пасцелька.

  • У сваім краі, як у раі.

  • У родным лесе і куст родны.

  • Як дбаеш, так і маеш.

Вядучы. Ці любіце вы загадкі? Як вы думаеце, для чаго загадваюць загадкі! Правільна, яны вучаць думаць, развіваюць кемлівасць, фантазію. Давайце патрэніруем сваю кемлівасць, паспрабуем адгадаць загадкі.

    1. Глянеш – заплачаш, а ўсё роўна радуешся яму. (Сонца)

    2. Каціцца катушка: не звер, не птушка, не камень, не вада, а што – адгадай. (Сонца)

    3. Ляжыць дзяружка, на ёй насыпана гарошку, пакладзена хлеба луста. (Неба, зоркі, месяц)

    4. Хлявец повен авец, а пастух адзін. (Зоркі і месяц)

    5. Што гэта за вочы: адно свеціць удзень, а другое – уночы? (Сонца і месяц)

А цяпер вы загадайце загадкі.



Вучні прапануюць свае загадкі.

Далей дзеці па чарзе расказваюць кароткія смешныя гісторыі.
Маленькі хлопчык прынёс дадому чарапаху.

  • Навошта яна табе? – пытаецца маці.

  • Хачу праверыць, ці праўда, што яна жыве 200 гадоў.

* * *

Марынка, ты вельмі непаслухмяная дзяўчынка. Адны непрыемнасці праз цябе. Я ўся пасівела.

- Мамачка, калісці і ты, напэўна, не слухалася. Паглядзі, колькі сівых валасоў у бабулі.

* * *




  • Дзядуля, а ты быў маленькі?

  • А як жа, унучак. І ў першы клас хадзіў, як ты.

  • Відаць, смешны быў ты ў школе са сваёю барадою.

* * *

- Ты не бойся, - супакойвае маці сына перад кабінетам зубнога ўрача. Нічога тут табе не зробяць.

- Тады чаго мы сюды прыйшлі?
Вучань. Паслухайце яшчэ адну гісторыю.

Ці то полем, ці то лесам ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы ды яшчэ паўдня. Раптам чуюць – спявае нехта.

Першы кажа:


  • Відаць, жаўранак спявае.

  • Не, - кажа другі, - гэта лес шуміць.

А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:

- Дык гэта ж зямля спявае. Вось якая наша беларуская зямля. Таму і песні, і танцы ў нас такія прыгожыя.



Дзеці выконваюць беларускі танец або народную песню.

Вядучы. Вось і закончылася наша невялікае падарожжа. Мы не змаглі пабываць ва ўсіх кутках беларускай зямлі, але тое, што ўбачылі і пачулі, спадзяюся, закранула вашы сэрцы, выклікала пачуццё гордасці за мінулае нашай Радзімы, за яе сённяшні дзень. Ад ветру гнуцца вербалозы, Бяжыць дарога напрасткі, Мой край – бялюткія бярозы Абапал сіняе ракі. Высока ў небе вырай кружыць, Ляціць за сіні небакрай. Не забывай ніколі, дружа, Сваю зямлю, свій родны край.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка