Мастацтва рэстаўрацыі: настаўнік І вучні




Дата канвертавання24.03.2016
Памер19.45 Kb.
МАСТАЦТВА РЭСТАЎРАЦЫІ: НАСТАЎНІК І ВУЧНІ

Выстаўка адрэстаўраваных помнікаў з Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаваняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў, сёлета набыла новае гучанне. Упершыню на ёй экспануюцца творы, што былі вернуты да жыцця не толькі спрактыкаванымі майстрамі, але і студэнтамі, якія атрымліваюць адукацыю рэстаўратара і пакуль робяць толькі першыя крокі ў сваёй будучай прафесіі.

На выстаўцы «Мастацтва рэстаўрацыі: настаўнік і вучні» прадстаўлены помнікі беларускай культуры XVII – XIX стагоддзяў, якія былі адрэстаўраваны выхаванцамі кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам А.Г. Міцкевіч, а таксама яе ўласныя творчыя работы. На працягу многіх гадоў кафедра плённа супрацоўнічае з Музеем старажытнабеларускай культуры, які па сапраўднаму набыў статус яе творчай лабараторыі і з’явіўся надзейнай базай для правядзення вучэбных заняткаў і практык. Вынікам шматгадовай работы стаў больш высокі ўзровень падрыхтоўкі будучых спецыялістаў у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рэстаўрацыі, а набыткам музея – дзесяткі выратаваных твораў. Сярод прадстаўленых на выстаўцы помнікаў, якія атрымалі новае жыццё і фактычна былі выратаваны – разьбяныя драўляныя шэдэўры айчынных майстроў, керамічныя вырабы розных эпох, металічныя шаты, што служылі накладной аздобай абразоў, побытавыя рэчы, прадметы літургічнага выкарыстання, узоры народнага касцюма і тэкстылю.

Рэстаўрацыя твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ажыццяўлялася студэнтамі пад кіраўніцтвам кандыдата біялагічных навук Анжэлікі Георгіеўны Міцкевіч. На выстаўцы, акрамя студэнцкіх работ, паказаны яе ўласныя творчыя рэстаўрацыйныя працы. Амаль у безнадзейным стане калісьці была плашчаніца, зноўдзеная супрацоўнікамі музея ў царкве вёскі Вавулічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў ліку рэчаў, прызначаных да знішчэння. Яе прыйшлося збіраць літаральна па фрагментах, аднаўляць страчаныя і пашкоджаныя часткі залотнага шыцця, тканай асновы, жывапісу. Такой жа значнай работы патрабавалі рэчы літургічнага прызначэння, што дэманструюцца на выстаўцы: арнат, вэлюм, а таксама стола, бурса і маніпуляж, пашытыя з фрагментаў слуцкіх паясоў.

Музей старажытнабеларускай культуры з удзячнасцю экспануе помнікі беларускага мастацтва, адрэстаўраваныя студэнтамі і выкладчыкамі кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, і спадзяецца на далейшае плённае супрацоўніцтва ў справе захавання айчыннай культурнай спадчыны.

Адкрыццё выстаўкі: 18 мая 2015 г. а 15.00



Выстаўка працуе штодня з 9.00 да 17.00 акрамя суботы і нядзелі па адрасе:

вул. Сурганава, д. 1, к. 2, Музей старажытнабеларускай культуры.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка