Мастацкая літаратура




старонка1/4
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.65 Mb.
  1   2   3   4

Мікола


Кандратаў

Вершы

і зоркі

Мінск


“Мастацкая літаратура”

2008



Зоркі і вершы
Свет наш узнік з зерня вечнасці,

нібы мука паміж жорнамі.

Зоркі малітвай засвечаны,

людзі асветлены зоркамі.
Пэўна, каб лёсы палепшалі,

што пачуваюцца хворымі,

людзі ратуюцца вершамі,

як ратаваліся зоркамі.
Варта ў партэры быць першымі,

ці называцца галёркаю?..

Век завяршаецца вершамі,

дзень завяршаецца зоркамі.
Зноў застаюцца − у меншасці −

крытыкі недальназоркія…

Зоркі становяцца вершамі,

вершы становяцца зоркамі.


Мой колер зялёны

Душа ў кашулі зрэбнай,

чытаць табе – не сорам:

аблокі – вершы неба,

напісаныя сонцам.
* * *
І захочаш замаўчаць – не зможаш,

у асеннім вечары растаўшы,

нечую падслухаўшы размову,

ці чыесьці вершы прачытаўшы.


Ад нязгоды свой намер забудзеш –

кінуць непатрэбнае дзівацтва.

Зноў даводзіць нешта станеш людзям,

імкнучыся самаапраўдацца:


“Неба вечаровае над намі

чорным толькі ў роспачы здаецца…”

У вачах, асветленых слязамі,

свет на мноства зорак разаб'ецца.


Паглядзецца ў зорныя глыбіні,

як расы Гасподняе напіцца

спасціжэння літасці да бліжніх,

за якіх патрэбна памаліцца.

* * *
Душа – самотная між рэбраў,

нібы ў калысцы немаўля.

Ёсць толькі лёс, ёсць толькі неба,

а іх апірышчам – зямля.


Ёсць шлях, пазначаны ў далонях

малюнкам з крыжыкаў і рыс,

праз светла-грэшнае сягоння,

якое “грэюць снегіры”.

Ёсць позні страх у свеце гэтым –

зноў не спазнаць кахання цуд,

ні селянінам, ні паэтам

не нараджаючыся тут.


Ёсць апраўданнем для геройства

сумнеўных поглядаў гурма.

І выйсце, як самазабойства –

прызнацца, што цябе няма.


* * *
Недасканалы й разам з тым чароўны,

свет вабіць чалавекам, дрэвам, зверам.

Меркурый мне спрыяе ў час вандровак,

дапамагае вымавіцца вершам.
Трывожным крокам сустракаю золак

зямлі, дзе можа шчасце прытаіцца.

І коціцца маёй фартуны кола,

і мільгаціць святло гадоў на спіцах.


Сто раз губляю месяц сярод зорак,

але ён мае здольнасць уваскрэснуць.

За моракам нарэшце блісне мора,

а горкі смак змяняецца на прэсны.


А ў ясным небе сонца, як крыніца,

струменіць промні, бы ваду жывую.

І словы з цёплым пахам медуніцы

у сэрцы гояць рану нажавую.

Успаміны пра будучае
Будучае бачыцца здалёк,

покуль небакрай палае днём,

сонца агнякрылы матылёк

п'е нектар з нябёсаў за акном.


Будучага бачыцца вуаль

праз паклон лагоднага дажджу,

нібы запрашае сны на баль –

у палон зямнога міражу.


Будучае бачыцца бліжэй,

што руку, здаецца, працягні –

і адразу музыка гучней,

лёгка ў вальсе кружацца агні…


І раптоўна – тое, што магло б

здзейсніцца праз доўгія гады,

разаб'ецца, як аб камень шкло,

каб не стаць мінулым назаўжды.


На першы зборнік вершаў


На вершы свае збоку пагляджу:

занадта шчыра?

пафасна занадта?..

Няпроста ўпалым кропелькам дажджу

да хмар па промнях сонечных узняцца.
На свет яны з'явіліся, бы ўздых,

як плён наіўнай веры і фантазій…

Мне ж толькі спадзяваннем жыць, што ў іх

я ні людзей, ні Бога не абразіў.

Мой колер

Краіны, як дрэвы – бярозы ці клёны,


што Боскія маюць імёны.

На дрэве лістком разгарнуцца здзіўлёным:

мой колер – зялёны.
На кволай галінцы, далёкай ад кроны,

ля поля – над жытам, над лёнам –

ахрышчаны ветрам, ад сонца салёны

мой колер зялёны.


Спрасонку благое штось зычаць вароны,

жыццё ж – адгукаецца плёнам,

не змыты дажджом навальніц, не скароны

мой колер зялёны.


А дні па блакіце плывуць, быццам чоўны,

і трубяць у летнія горны.

Хай не выглядае здалёк выкшталцоным

мой колер зялёны.


Наблізіцца восень, працягне далоні –

і ляжа ў астылае ўлонне

аздоблены золатам, нібы ў кароне,

мой колер зялёны.

Ратаванне вершам
Думак наспелы прысуд:

шчасце згубіла давер,

ператварылася ў сум.

Сум кандэнсуецца ў верш.

Верш зазірае ў душу,

нібы спрабуе сагрэць

сонцам, што хутка памрэ,

каб нарадзіцца з дажджу,


каб уваскрэснуць ізноў…

Падаюць кропелькі слоў,

падаюць проста ў душу.

Я давяраю дажджу.


* * *
Чароды сноў віюцца над зямлёй,

злятаюць на пагаслыя агні,

трымае кожны з іх кірунак свой,

да цёплае імкнецца далані.
А мой, напэўна, дзесьці заблукаў,

ці трапіў, можа, у чыё сіло?

Бо я даўно малітву прачытаў

і патушыў настольнае святло.

Натхненне

Прыпыніўся толькі на імгненне,

а яго абрысы ўжо далёка…

Пацалунак вечнасці, натхненне –

прахалодным дотыкам у спёку,
рэдкаму заўважным светлым німбам,

туфлікам памеру Папялушкі,

ледзь адчуты рух паветра, нібы

ад крыла спалоханай Жар-птушкі.


Наўздагон ляцець – дарэмна й крыку,

узірацца – не дакіну вокам…

Затрымаўся толькі на хвілінку,

а яно згубілася далёка.

* * *
Гэты лёс мяне не абміне –

у вачах, як сонца, адаб'ецца.

Павуцінкай тонкаю кране

шкадаванне восеньскае – сэрца.


Ненадоўга. А затым ізноў

узбадзёрыць кроў у жылах вецер

з невядомых зорных берагоў

музыкай, выводзімай на флейце.

* * *
Быць маладым, надзіва, проста,

калі ў юнацкія гады

ляціш праз дзень стралой Эрота,

не ўсведамляючы куды.


Калі трапляць, дык толькі ў сэрца –

спазнаць паэзію крыві,

а смерць пакуль яшчэ не цэзар,

каб заявіць свае правы.

І той паэзіі маліцца,

прыносіць ёй ахвяры слоў.

Нібы з высокай камяніцы,

чуць спевы птушак, рык звяроў.


Гукай – хай рэха адгукнецца,

грамы з маланкамі лаві!..

Тваё не састарэе сэрца,

пакуль паэзія ў крыві.

Нарцыс
Разлучыцца ў свеце грэшным

цяжка мне, хоць на хвіліну,

са сваім апошнім вершам,

нібы з вабнаю дзяўчынай,


што стварыў калісьці з думак,

спадзяванняў, сноў і мрояў,

з цёплых фарбаў, крокаў сумных,

ажывіў сваёй крывёй я.


Спарадзіў, каб закахацца,

пачуццём удасканаліў,

і абвесціць меў нахабства

Каралеваю Азалій…


Як імя, амаль няспынна,

верш я ўпотай паўтараю,

як без любае дзяўчыны,

без яго я паміраю.

* * *

Глядзець у агонь і маўчаць,



вачыма з агнём размаўляць.

Ён служыць у вечнасць акном –

нялёгка быць проста агнём.
Ёсць сум і ў яго – гэта дым,

што змеем віецца над ім,

і радасць знаёма агню,

калі ён імкне ў вышыню.


Гары на вятры, гавары!

Мне жарсць свайго сэрца дары!

Магчыма, я заўтра прысню

тваю агнявую радню…


Але дагарае касцёр,

агонь пакідае жыццё.

Ледзь дыхае мне на далонь,

бо ён жа не Вечны агонь.

Хмарка
Ніяк не выплачацца хмарка,

павісла на маім плячы.

Яе я супакойваў марна,

нічым не змог дапамагчы.


Яе прытоеная крыўда

сплывае кроплямі вады:

“Каханы малады вятрыска

мяне пакінуў назаўжды.

Калі яго я пакахала,

вясёлым воблачкам была.

Яму ж майго кахання мала,

як птушцы аднаго крыла…”


Паплач жа, хмарка! Сон палёгкі

атуліць хай твой сумны лёс.

Не плача ў гэтым свеце толькі

той, хто не мае болей слёз.


* * *
Восень каляровым сном прысніцца.

Шэрых хмар узнімецца заслона:

першай будзе сонечная дзея,

у дажджах заблудзіцца другая,

трэцяя закружыць лістападам,

скончыцца – апранутай у шэрань...

Упадзе на дол зімы заслона –

мы прачнёмся ў чорна-белым свеце.

І ў халодных нечых успамінах

зробіцца марозівам вясёлка…

Толькі наша шчасце не замерзне,

бо яго сагрэе дотык вуснаў.

* * *
Вясна і восень, лета і зіма

сплываюць праз мінулае ў свет вечны.

Аднак паэт спяшаецца дарма –

у кожнага свая чарга на вершы.

У кожнага – свой лад і свой наклад,

свае Тулон, Парыж і Ватэрлоо.

І не спазнаць – слязою згіне слова,

альбо закамянее, як смала.
Расстанні і сустрэчы



Як дзень лагодзіць – летні вечар,

як ранак – сноў начных адхланне,

расcтаннем поўніцца сустрэча,

сустрэча блізіцца расcтаннем.

Сем вершаў


Сем вершаў,

толькі сем,

сем светлых вершаў –

памкненняў сем,

як сем Святых Тварэнняў,

сем птушак,

што над лёсам

узляцелі,

каб расказаць

пра познюю сустрэчу,

пра хуткае

і сумнае расcтанне

(вандроўніку сустрэчнаму

ці ветру)

паэта-летуценніка з табою,

што падарыў табе

на развітанне

сем вершаў,

толькі сем,

сем светлых вершаў.


* * *
Заспетыя выклікам

летняга ліўня,

Вы мне не здзівіліся –

я Вам здзівіўся.


Вас вабілі прывіды

сноў кіпарысных.

Вы мною не трызнілі –

я Вамі трызніў.

З зямлёю заручыны,

поўню сырую

Вы мне не даруеце –

я Вам дарую.


П'ючы праз саломінку

золата промняў,

мяне Вы не ўспомніце –

я Вас успомню.

* * *
Мы незнаёмыя былі,

пакуль не стрэліся паглядам.

Хвіліны хуткія цяклі

з нябёс празрыстым вадаспадам.


Шкляныя сцены нематы

разбіць мы не пасмелі словам,

і вераснёвыя сляды

дажджамі змыла паступова.


Застаўся лёгкі сум адзін

у сэрцы водарам пялёсткаў

засохлай ружы – успамін

пра таямнічае знаёмства.


Хай не сустрэцца нам нідзе:

ні ў гэтым краі, ні за краем –

у Пана Бога на Судзе

мая душа тваю пазнае.


* * *
Я сёння закахаўся ў Вас у сне,

і Вы мне адказалі на каханне –

і нашы паядналіся дыханні...

Я сёння закахаўся ў Вас у сне.
Душы даўно ўжо не было так файна,

яна й на яве зараз, бы ў вясне.

Я сёння закахаўся ў Вас у сне,

і Вы мне адказалі на каханне.

* * *
Мёд не канчаецца ў сотах.

Вечар, бы восені ўздых.

Сонца хаваецца ў соснах,

ты – у абдымках маіх.


Сэрцаў прыціхлых трымценне,

вуснаў пунсовы касцёр.

Доўжыцца гэта імгненне

больш за зямное жыццё…


Я пасля гэтай сустрэчы,

пэўна, зусім не засну.

Сэрцу не цяжка, дарэчы,

восень прымаць за вясну.

* * *
Я вартаваў твой сон, як таямніцу,

крынічнае тваё дыханне піў,

на залатым аргане слоў і знічак

спрабуючы загадкавы матыў.


Люляла нас у месячнай калысцы

кружэнне неспатольнае Зямлі.

Былі з табой мы так, здаецца, блізка

і дзіўна, як далёкія былі.

Крыўда
Ні душой, ні рухам асцярожным,

ні паглядам, ні гарачым словам

на цябе мне крыўдзіцца няможна,

як на ўзор – аснове дывановай.


Карані ў крыві пусціўшы, крыўда

замінае здзейсніцца, адбыцца,

для сябе сучасны свет адкрыўшы,

ад сябе мінулага адбіцца.


Пакрысе стараецца – у сэрцы –

разбурыць Парыж твайго спакою,

у двубоі з іншым “я” імкнецца

бліснуць ахілесавай пятою.


А на суд чужы выносіць крыўду –

марная і здзеклівая праца:

нават калі сэрца і не крывіць,

папараць патопчуць папараццы…


Хай жа кроў у крыўды хлыне горлам –

паспяваю высілкам апошнім

зразумець: калі я маю гонар,

на цябе мне крыўдзіцца няможна.

* * *

Вясна. І сум тваіх вачэй


яе законам супярэчыць,

бо сэрцу з раніцы яшчэ

галоп свой хочацца прыспешыць.
Праз позірк, злоўлены ў вясне,

якая нам дабра жадае,

твой сум трапляе да мяне,

глыбока ў сэрцы асядае.


Яно, як свет – у верш Басё,

шчымліва сціснуцца імкнецца,

каб чуць самотнае біццё

твайго запозненага сэрца.


І разумее толькі Бог

у свеце дзіўным і складаным,

чаму прыемна мне з табой

быць гэтым сумам паяднаным.


Мары аб мінулым


  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка