Масленiца ( Масленка, Сырная сядмiца, Запусты)




Дата канвертавання13.05.2016
Памер75.31 Kb.
МАСЛЕНIЦА ( Масленка, Сырная сядмiца, Запусты)

( паказ - расповяд )

Сцэнарый складзены настаўнiцамi этнашколы Вiкторыяй Яршовай, Бярнардай Iвановай i Фаiнай Таранавай. Паказаны вучнямi 5 класа ( з дапамогай 4-га i 8-га)

у 1999 годзе. Пастаноўка Вiкторыі Яршовай. Захоўваецца вiдэазапiс.

Дзеючыя асобы:

4 зазывальнiкi – скамарохi

Карабейнiкi

Маладая пара

Хлопцы i дзяўчаты
Памяшканне ўпрыгожана посцiлкамi, вышыванкамi, малюнкамi, вырабамi з глiны i саломы, лялькамi, кветкамi. Карабейнiкi прапануюць свой тавар (вырабы з глiны, саломы, вышыўку:

1-шы карабейнiк: Цацкi, ласункi, прысмакi! Не стойце там, каля дзвярэй - да нас праходзьце весялей!

2-гi: Праходзьце хутчэй - пазнаёмлю з цацкай: з саламянай, вышыванай i з глiнянай - вось такой!

3 – цi: Вось глядзiце: цацкi глiняныя, па бабульчыных казачках знаныя. З глiны зробленыя - у агнi загартаваныя!

4 – ты: А вось цацкi саламяныя, як агеньчыкi - сонцам льюцца з iх на нас залатыя праменьчыкi!

5 – ты: Мудрыя словы хутчэй успамiнайце! Прыгожую выцiнанку, не скупiцеся, купляйце!

1 – шы: Марожанае, пiрожнае, пернiкi, цукеркi! Ласуйцеся, а ў рэшата адкладвайце паперкi!

З'яўляюцца Зазывальнiкi-скамарохi :

1-шы: Прыйшла да нас Масленiца, масленка, сырнiца!

2 – гi: Будзем запусты святкавацi, Масленку вiтацi!

3 – цi: Усiм людзям паглядзеннечка, усiм людзям пагуляннечка!

4 – ты: Вашыя вочы да дзiваў ахвочы!

1 – шы: Масленiца палiзуха - сыр, масла палiзала!

2 – гi: Будзе Масленка - будзе ля пупа красненька!

3 – цi: Масленка з блiнамi, а пост з грыбамi!

Уваходзяць удзельнiкi свята,дзяўчаты ў хустках з доўгiмi кутасамi "каб рос лён"

Яны нясуць Масленiцу, упрыгожаныя стужкамi шасты, гармонiкi. Усе спяваюць песню

"А на гарэ..."

А на гарэ,на гарэ дый на камянiцы,

Масленiца, масленiца!

Як убачыў дзяцюк дзеўку,скiнуў рукавiцы,

Масленiца, масленiца!
А на гарэ, на гарэ дый на камушочку,

Масленiца, масленiца!

Як убачыў дзяцюк дзеўку, скiнуў i сарочку,

Масленiца, масленiца!
Пачынаецца расповяд пра масленiцу, яго вядуць па чарзе ўсе ўдзельнiкi.

- Масленiца - старажытнае свята, якое ўзнiкла ў нашых продкаў задоўга да прыняцця хрысцiянства. У даўнiя дахрысцiянскiя часы Масленiцу святкавалi амаль на працягу месяца ў час веснавога сонцастаяння.

- Пасля прыняцця хрысцiянства гэта свята захавалася, але хрысцiянскага пераасэнсавання не атрымала.

-Фалькларысты i этнографы лiчаць, што святкаванне Масленiцы звязана з ушанаваннем ахоўнiка жывёлы - бога Вялеса. З прыняццем хрысцiянства адным з цэнтральных момантаў Масленiцы стаў чацвер - пачатак свята. У гэты дзень ўшаноўваўся Святы Уласiй. Уласiю ў 312 годзе язычнiкi адсеклi галаву за веру ў Хрыста. У многiх мясцiнах Беларусi i ў наш час масленiчны чацвер завуць "Святы Улас" або "Валос".

- У гэты дзень жанчыны з самага ранку завiхалiся каля печы, рыхтавалi багатую страву са свiнiны i ялавiчыны, пяклi блiны: іржаныя, аўсяныя цi ячныя. Першы блiн, яшчэ гарачы, клалi на дахавае акенца для продкаў.

- Дагэтуль захаваўся звычай наведваць родзiчаў на масленiчным тыднi. У пятнiцу зяцi хадзiлi на блiны да цешчы, а ў суботу сваякоў прымалi нявесткi. Абавязковымi гасця-

мi ўсiх святочных застолляў былi: бабка-павiтуха i хросныя бацька i мацi.

- Масленiчныя звычаi звязаны са старажытнымi звычаямi провадаў зiмы i сустрэчы вясны. Традыцыя святкаваць Масленiцу прасцiраецца ад Iспанii да Сiбiры. У краiнах Заходняй Еўропы свята вылiваецца ў агульны карнавал, у якiм пануе весялосць, роўнасць i адзiнства. Карнавальны характар мае святкаванне Масленiцы i ў асобных раёнах Расii.

- У нас на Беларусi Масленiца не такая разгульная, але таксама вясёлая i гуллiвая. Сiмволiка Масленiцы нагадвае сонейка, яна круглай формы. Круглыя масленiчныя блiны, круглае кола, якое часта падчас свята вазiлi на санях, а потым ставiлi на шчасце ў цэнтр вогнiшча.

- Дбайныя гаспадары на Масленiцу абнаўлялi санi: новыя санi зацягвалi на горку, на iх садзiлiся чалавек 20-25 i ляцелi з гары. Толькi такiя санi i будуць потым лёгкiя на хаду.

- У многiх мясцовасцях на Масленiцу вешалi арэлi - прывязвалi доўгую вяроўку да моцнага сука дрэва i раскачвалiся як мага вышэй. На Уласа, у чацвер, гушкалiся таксама на варотах у гумне.

- На Уласа аб'язджалi маладых коней, быкоў i валоў. Гэта традыцыя засталася ў дзiцячых гульнях i забаўлянках.

- Вечарам на Масленiцу дзеўкi i бабы адпраўлялiся да маладых, якiя справiлi вяселле апошнi мясаед. Маладых вызывалi з хаты асаблiвымi песнямi, бралi ў кола, з песняй вадзiлi карагод.

- Калi гурт жанчын сустракаў на вулiцы маладога нежанатага хлопца, да яго нагi прывязвалi кароткi, але тоўсты абрубак дрэва – як бы пакаранне за тое, што не ажанiўся ў мiнулы мясаед. Каб не насiць гэты цяжар, хлопец павiнен адкупiцца - даць жанчынам грашыма на пернiкi.

- А гурт хлопцаў абыходзiў усе хаты на сяле, дзе была дарослая дзяўчына. Хлопцы цягнулi калодку па вулiцы, патрабуючы за яе выкуп. Iншы раз загароджвалi калодкай выхад з хаты, а гаспадары павiнны былi адкупiцца. Не прыпынiцца з калодкаю перад хатай, дзе жыла дзяўчына, лiчылася для яе вялiкай крыўдай.

- Развiтальная, прабачальная бяседа адбывалася ў нядзелю. Пасля вячэры гаспадар садзiуся ў кут. Да яго падыходзiлi па чарзе ўсе родныя i, кланяючыся, гаварылi:

"Прабач, бацька родны, можа калi чым саграшыў перад табою, справаю цi языком."

Пасля таго, як прабачэння папрасiлi ўсе сямейнiкi, гаспадар сыходзiў са свайго месца i, у сваю чаргу, прасіў даравання за свае грахi i памылкi.



Пачынаюцца святочныя дзеяннi:

1-шы Зазывальнiк: Душа наша, Масленiца - перапёлчыны твае костачкi, папяровае тваё цела, цукровыя вусны, салодкая мова, краса красная, каса русая, трыццацi братоў сястра, сарака бабуляў унучка, трох матуляў дачка ясачка, ты ж мая птушачка - мы цябе зазываем!

Усе: Мас-ленi-ца! Ма-сле- нi-ца-а-а! Масленiца! ( на розныя лады)
Прыязджае Масленiца "на канi".

2-гi Зазывальнiк (з паклонам): Масленка, масленка, бывай, зiма красненька! Пачастуй блiном, напаi малаком! Як белы сняжочак - дай сыру кусочак!
Песня "А ў нас сёння масленiца", выконваюць удзельнiкi

3-цi Зазывальнiк: Добры вечар, людзi дабрадзеi! Ехалi мы да вас хто на вазе...

4-ты Зазывальнiк: Хто на казе...

1 – шы: А хто на кожнай назе па чарзе!

2 – гi: Прывезлi ж мы вам смеху мяшочак...

3 – цi: Чароўны гаршчочак, на рыбу кручочак!

4 – ты: А мы Масленку даждалi, гару сырам набiвалi...

1 – шы: Зверху маслам палiвалi!

2 – гi: Хто з гары пракоцiцца, той яшчэ вароцiцца!

3 – цi: Масленка катлiва - пакатацца мiла!

4 – ты: Не зважайце на мундзiры - уступайце ў турнiры!

1 – шы: Зараз будзем строiць смешкi - запрашаем на пацешкi!

2 – гi: Пасмяяцца ўсе запрошаны - пачынаем скамарошыны !

3 – цi: Хто умее весялiцца - той гора не баiцца !

4 – ты: Вас чакаюць гульнi, жарты...

1 – шы: ...Быць пахмурным тут не варта!
На вулiцу выходзяць маладыя, iх закiдваюць "снежкамi" з ваты або паперы, бяруць у кола i з песняй водзяць карагод,а маладыя "цалуюцца". Песня "Ой, Маслен-

ка..." выконваюць удзельнiкi.

Гульнi: перацягванне каната, гушканне на арэлях.

2 – гi: Танцы й карагоды не выходзяць з моды! Хай гучаць песнi ў нас на прадвеснi!

Гэй, народ, станавicя ў карагод!


Выконваецца танец-карагод "Крывы танок",

3 – цi: Наша Масленка гадавая, яна госця дарагая!

4 – ты: Яна пешая к нам не ходзiць - усё на конiках раз'язджае.

1 – шы: Што бы конiкi былi вараныя, штобы слугi былi маладыя!

Ловяць i "аб'язджаюць" наравiстага жарэбчыка. Выконваецца песня "Запрагу я шэрага сабаку "

Запрагу я шэрага сабаку

Ды й паеду у горад па табаку.

Масленая, шчаслiвая

Расцягнiся да Вялiкадня!
Я думала Масленкi сем нядзель,

Ажно тае Ммасленкi - адзiн дзень.

Масленая, шчаслiвая,

Расцягнiся да Вялiкадня!
Гучыць у выкананнi ўдзельнiкаў вяснянка i добрыя пажаданнi:

- Тым, хто радзiўся, каб весялiўся !

- Хто пасварыўся, каб памiрыўся!

- Хто спрацаваўся, каб мацаваўся!

- Каб дзяды не ведалi бяды, а ўнукi не бачылi мукi!

Каб нiколi рукавок не быў за ручнiчок!

Каб вялiся свiннi i авечкi, а мы ўсе жылi як чалавечкi!!!
Ад'езд Масленiцы:

1 - шы Завiтальнiк: Палiць не будзем, тапiць не будзем: у свае харомы адпраўляем,

а самi Масленiцу на вечарыне дагуляем!



Аркестр iграе розныя танцы, усе танчаць.

1 - шы Завiтальнiк: Не спяшайцеся адыходзiць - запрашаем за цешчын стол

масленiчнай ежы пакаштаваць!


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка