Маршэўская В. В. Грду імя Я. Купалы, Гродна




Дата канвертавання30.03.2016
Памер80.08 Kb.
Маршэўская В.В.

ГрДУ імя Я. Купалы, Гродна


ФУНКЦЫЯНАВАННЕ ФРАЗЕАЛАГІЗМАЎ-СКАЗАЎ

У БЕЛАРУСКІХ КАЗКАХ


«Беларускія казкі – разнастайныя творы, якія адрозніваюцца і сістэмай вобразаў, і тэматыкай, і паэтыкай, але іх аб’ядноўвае наяўнасць мастацкай выдумкі, фантазіі» [1, с. 4]. Звяртае на сябе ўвагу і мова казак, якая ў пэўнай ступені залежыць ад віду казачнага эпасу: казак пра жывёл, чарадзейных, сацыяльна-бытавых і інш. Адметнасць адчуваецца і ў функцыянванні фразеалагізмаў у мове казачных персанажаў. Многімі даследчыкамі неаднаразова звярталася ўвага на спецыфічнае стылістычнае выкарыстанне фразеалагізмаў. «Тут самае галоўнае, з якой натуральнасцю і ідэйна-мастацкай матываванасцю яны ўводзяцца ў тэкст. Пры ўжыванні гэтых моўных самацветаў нельга, аднак, кіравацца вядомай прыказкай «кашу маслам не сапсуеш», бо фразеалагічная перанасычанасць твора не павялічвае яго мастацка-выяўленчыя вартасці. З другога боку, адсутнасць у творы фразеалагізмаў ці слабае выкарыстанне гэтага найбагацейшага сродку мастацкай выразнасці пазбаўляе мову нацыянальнага каларыту, часам робіць яе бледнай і бясколернай, падобнай на няўдалы пераклад з чужой мовы» [4, с. 208].

Яшчэ ў 90-я гады ХХ ст. глыбокае і грунтоўнае даследаванне стылістычных функцый фразеалагізмаў было праведзена прафесарам І.Я. Лепешавым [4]. І.Я. Лепешаў падзяляе стылістычныя функцыі фразеалагізмаў на 2 разнавіднасці: функцыі ўзуальнага характару і функцыі аказіянальнага характару. Функцыі ўзуальнага характару – гэта «прыродныя», унутрана ўласцівыя самім фразеалагізмам. Да іх адносяцца: намінатыўная, лаканізацыі маўлення, вобразнага выказвання, ацэначная, эмацыянальная, экспрэсіўная. Функцыі аказіянальнага характару – гэта індывідуальна-аўтарскія, выконваюцца па волі аўтара. Сюды ўключаюцца: гумару і сатыры, маўленчай характарыстыкі, градацыйная, сюжэтнай асновы, загаловачная, заключнага акорда, рэфрэна, абсалютна дакладнай рыфмы [4, с. 209].

Аб’ектам нашага даследавання сталі фразеалагізмы, структура якіх адпавядае розным тыпам сказа (простага і складанага) [5], што ўжываюцца ў мове персанажаў казак пра жывёл, чарадзейных, сацыяльна-бытавых, авантурна-навелістычных [1].

Амаль усе выразы выконваюць функцыі ўзуальнага характару. Перш за ўсё трэба назваць ацэначную функцыю фразеалагізмаў-сказаў. Сутнасць ацэначнай функцыі заключаецца ў тым, што фразеалагізмы не столькі называюць тыя ці іншыя з’явы, колькі даюць ім станоўчую або адмоўную ацэнку. Напрыклад, з неадабральным значэннем (‘хто-н. малады і зусім нявопытны’) з вуснаў змея гучыць выраз матчына малако на губах не абсохла ў чарадзейнай казцы «Пакацігарошак»:



Пакацігарошак уваходзіць да яго ў пакой.

  • Добры дзень, швагер!

  • Але ты яшчэ млад, бо ў цябе матчына малако на губах не абсохла! Калі б цябе маці вынасіла яшчэ дзевяць дзён, дзевяць гадзін і дзевяць мінут, то б ты мой супраціўнік быў, але пагасці [1, с. 265].

З жартаўлівым ацэначна-экспрэсіўным значэннем выкарыстоўваецца ў чарадзейнай казцы «Жораваў кашалёк» выраз толькі малака птушынага не было (‘усяго ўволю, удосталь’):

Жораў пасадзіў яго ў крэсла – як вось вы мяне прыкладна – і паставіў яму ядзення, піцення, віна ўсякага, прадуктаў, фруктаў – адкрыў яму ўвесь стол, толькі малака птушынага не было [1, с. 213].

Вельмі часта з вуснаў персанажаў казак злятаюць выклічнікавыя фразеалагізмы-сказы, якім уласціва эмацыянальная функцыя. Гэта выразы ліха яму, чорт яго бяры, барані цябе госпадзі і пад. Напрыклад, выказваннем радасці, задавальнення, супакою служыць фразеалагізм слава богу ў наступных кантэкстах чарадзейных казак «Іван Іванавіч – царэвіч» і «Салдат Іванька, мыш, жук і рак»:



Прыязджае ён дамоў, цар пытае:

  • Ну што, генерал веставы? Ці ўсё добра на граніцы ў сына?

  • Слава богу, усё добра! [1, с. 116];

І прыходзіць гасударская дачка к яму ў сад, у старожку, і расказвае:

  • Эх, душачка! Не быў ты там, дзе мы былі! Што мы страху павідалі, ды, слава богу, наляцеў чалавек, дык усё каралеўскае войска адбіў! [1, с. 209].

Пераважная дыялагічнасць мовы казак садзейнічае ўжыванню фразеалагізмаў у функцыі «лаканізацыі» маўлення. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што замест доўгага слоўнага адпаведніка казачнік у маўленні персанажа казкі выкарыстоўвае больш кароткі сінонім-фразеалагізм (або яго эліпсаваную форму). Параўнаем выкарыстанне выразу непярэліўкі (поўная форма гэтага выразу – піва не пераліўкі (пярэліўкі) (у каго, дзе) ‘сур’ёзныя ці небяспечныя для каго-н. справы’ [с. 218, т. 2]) у казках «Пану навука» і «Каваль»:

Абхапіў і пан адну хваіну, а купец хуценька выхапіў з кішэні суромец ды і прывязаў пана да хвоі. Бачыць пан, што тут непярэліўкі, хацеў крычаць, зваць на ратунак, але так спалохаўся, што няма голасу [1, с. 403]; Тым часам бачыць Кашчэй Бессмяротны, што тут непярэліўкі, схапіў таўкач ды як ударыць каня па мазгаўні, дык з таго і дух выперла [1, с. 314].

Большасць фразеалагізмаў выкарыстоўваецца ў казках (у параўнанні з іх нарматыўнай формай) з замацаваным за імі зместам. Параўнаем, напрыклад, значэнне фразеалагізма (ісці, пайсці і пад.) куды вочы глядзяць – 1. ‘у няпэўным напрамку, не выбіраючы дарогі, абы-куды, невядома куды; 2. ‘адпаведна жаданням, куды захочацца, уздумаецца’ у нарматыўным слоўніку фразеалагізмаў І.Я. Лепешава [с. 217, т. 1]) з выкарыстаным значэннем у казцы «Каваль»:



Спусцілася яна [пчолка] у чужым краі, у далёкім царстве, ссадзіла Каваля і мышку з плеч дый кажа:

  • Як будзе патрэбна, то пазавіце мяне, а цяпер палячу я мядок збіраць ды ў плястры наліваць.

Пры гэтых словах ввум! – дый паляцела. Пайшоў Каваль з мышкаю куды вочы глядзяць [1, с. 312].

Аднак нярэдкія выпадкі ўжывання фразеалагізмаў-сказаў і са змяненнямі разнастайнага характару. Пазначым найбольш пашыраныя з іх.



Выкарыстанне вобразнай асновы фразеалагізма. У такім выпадку «фразеалагізмы зазнаюць розныя іншыя змяненні сваёй традыцыйнай формы аж да разбурэння іх структуры і паасобнага выкарыстання кампанентаў. Але і ў такім дэфармаваным выглядзе фразеалагізм з прычыны шырокай вядомасці яго звычайнага кампанентнага складу і структурнай арганізацыі не страчвае сувязі з прататыпам – традыцыйным агульнамоўным выразам» [4, с. 223]. Параўнаем выкарыстанне нарматыўнага выразу куды крумкач касцей не заносіў (не занясе) ‘вельмі далёка, у вельмі аддаленае ці цяжкадаступнае месца (трапіць, трапляць і пад.)’ [2, с. 609] у чарадзейнай казцы «Іскарка-парубак Дзявочы сын»:

Ён і гаворыць, Юда:

  • Што вы мяне пужаеце? Мне роўнага няма. Ёсць роўны ў трыдзесятым царстве Іскарка-парубак, ды воран сюды яго і косці не занясе [1, с. 237].

Агаленне ўнутранай формы фразеалагізма параўнаннем. Параўнанне, якое ставіцца побач з фразеалагізмам, «агаляе» ўнутраную форму фразеалагізма, ажыўляе яго «прыхаваны» семантычны вобраз [4, с. 225]. Параўнаем нарматыўны выраз: мароз па скуры (па спіне, па целе) прабягае (ходзіць, дзярэ; прабег, прабягаў, хадзіў, прайшоў, прадзіраў) (у каго, каго, чыёй) [с. 22, т. 2]) з яго выкарыстаннем у казцы «Іванка-прастачок»:

Гудзе дудка, грае: то засвішча, то, бы бусел, заляскоча, то зацягне тонка-тонка, от бы павуціна, то так дробненька шчабеча, што ў паноў аж лыткі затрасуцца, а мароз бяжыць па спіне, быццам мышы туды залезлі ды і скрабуць пазурамі [1, с. 326].

Пераасэнсаванне фразеалагізма ў дыялагічным маўленні. Як зазначае І.Я. Лепешаў, «сэнсавае непаразуменне паміж суразмоўнікамі можа быць або сапраўдным, калі адзін ужывае фразеалагізм як непадзельны выраз, а другі ўспрымае яго літаральна, як свабоднае словазлучэнне, або ўяўным, калі другі суразмоўнік знарок здымае метафарычнасць з фразеалагізма» [4, с. 226]. Так, у казцы «Як баба гусі прадавала» Баба ўспрымае сэнс фразеалагізма клёпкі не хапае ў галаве (у каго) ‘хто-н. дурнаваты, з дзівацтвамі’ літаральна, як свабодны сказ:

Надзелі тую шубу, яна аддала тых гусей і панеслі іх тыя хлопцы. Баба дамоў едзе – дзед сустракае.

  • Ну, баба, як, прадала гусей?

  • Прадала, дзедзька, толькі грошай не дабрала.

  • А як жа ты іх угадаеш?

  • Я, дзедзька, шубу ім дала, каб па шубе ўгадаць.

  • Няма ў цябе, баба, клёпкі ў галаве. Як гэта ты аддала шубу?

Ну, пераначавалі. Ходзяць такія бандары, набіваюць бочкі, у іх клёпкі, абручы. Выйшла баба.

  • Хлопцы, што гэта вы робіце?

  • А набіваем бочкі, каму клёпку ставім, каму абруч.

  • Во, хадзіце, дзетачкі, у мяне ў галаве адной клёпкі не хапае, дзед казаў, дык і мне набіце.

Тыя бондары глядзяць, смяюцца.

  • Не, бабка, у цябе дзвюх клёпак не хапае, нада і абруч на галаву.

  • Ну дык, дзетачкі, рабіце. Дзед казаў, толькі аднае клёпкі не хапае, а тут ужо і дзве.

Ідзе дзед.

  • Во, дзедзька, казаў, што аднае клёпкі ў мяне не хапае, аж дзвюх не хапала!

  • Ну і дурань баба! [1, с. 461].

Камізм дадзенай казкі ўзмацняецца яшчэ аднім прыёмам – ускладненнем фразеалагізма словам свабоднага ўжывання: да пачатку фразеалагізма далучаюцца словы свабоднага ўжывання аднае, дзвюх.

Частае супастаўленне ў казках дабра і зла, цемры і святла, розуму і глупства і пад. выклікае антытэзнае супрацьпастаўленне фразеалагізмаў. Параўнаем, напрыклад, агульнамоўныя фразеалагічныя антонімы хоць вока выкалі (= цёмна) – хоць ты іголкі збірай (= светла) у наступных кантэкстах чарадзейнай казкі «Каваль»:



Каваль сеў на кабылку і паехаў у тую шчыліну ў сярэдзіну гары. Уехаў ён туды, аж там цёмна, хоць ты вока выкалі. Развязаў тут Каваль спераду галаву, і заблішчала сонейка, стала відно, хоць ты іголкі збірай [1, с. 310]; Пачуў тое Кашчэй Бессмяротны і бачыць, што Каваль едзе проста туды, дзе на сямі замках сядзела царэўна, зрабіў у палацах такую цемру, хоць ты вока выкалі – нічога не бачна. А Каваль развязаў на галаве хустачку, дык сонейка засвяціла, стала відно, хоць ты іголкі збірай, дый паехаў далей [1, с. 311].

Вынаходлівае выкарыстанне невычэрпнай «вобразнай энергіі», змяненне традыцыйнай формы ці абыгрыванне зместу пэўнай фразеалагічнай адзінкі ў мове персанажаў казак «ажыўляюць маўленне, робяць яго сакавітым і эмацыянальным, ёмістым і сціслым» [4, с. 207].


ЛІТАРАТУРА

  1. Беларускія народныя казкі: 2-е выд., дап. / Склад. Г.А. Барташэвіч, К.П. Кабашнікаў. – Мінск: Навука і тэхніка, 1986. – 512 с.

  2. Лепешаў, І.Я. Слоўнік фразеалагізмаў. У 2 т. Т. 1. А–Л / І.Я. Лепешаў. – Мінск: Беларус. энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. – 672 с.

  3. Лепешаў, І.Я. Слоўнік фразеалагізмаў. У 2 т. Т. 2. М–Я / І.Я. Лепешаў. – Мінск: Беларус. энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. – 704 с.

  4. Лепешаў, І.Я. Фразеалогія сучаснай беларускай мовы: вучэб. дапам. для філал. фак. ВНУ / І.Я. Лепешаў. – Мінск: Выш. шк., 1998. – 271 с.

  5. Маршэўская, В.В. Фразеалагізмы са структурай сказа: манаграфія / В.В. Маршэўская; пад рэд. праф. І.Я. Лепешава. – Гродна: ГрДУ, 2003. – 116 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка