Марына Шода з якіх цаглінаў будавалася “Вежа”: аналіз аднаго тєксту




Дата канвертавання01.05.2016
Памер165.67 Kb.
Марына Шода
З якіх цаглінаў будавалася “Вежа”: аналіз аднаго тєксту

Сакрэт цікаўнасці да шматлікіх паэтычных тэкстаў, пакінутых у літаратуры рамантычнаю традыцыяй, – у натхнёным, часта велічным самалюбаванні паэта. Але чытачам і аматарам паэзіі хутка надакучвае капанне ў прыцемках чужое душы. Таму падобны кірунак творчасці стаўся прычынаю хутчэйшага забыцця тых шматлікіх аўтараў, чыё самалюбаванне не дасягнула такога ўзроўню мэдытатыўнай заглыбленасці ў сабе, пры якім прыватныя ўражанні, успаміны, перажыванні робяцца элементамі Сусвету, цаглінкамі ў працэсе яго стварэння. Час садзьмуў шуму, і засталіся найлепшыя – тыя, хто ў кантэксце ўласнага “Я” маглі казаць аб праблемах грамадства, гісторыі, цывілізацыі і, нарэшце, універсуму. Але дадзеная пазіцыя характарызуе не толькі ўласна рамантыкаў. “Саступіўшы, – як заўважае “Літаратурны энцыклапедычны слоўнік”, – у 1840-х гадах першае месца крытычнаму рэалізму і адышоўшы на другі план”, рамантызм шмат у чым захаваў сваё ўздзеянне на літаратараў.


У творчасці Уільяма Батлера Ейтса аскепкі вялікай рамантычнай традыцыі знаходзяцца асабліва лёгка. Можна з поспехам разважаць пра тое, ці з’явілася “міфалагічная школа” з яе бацькамі-заснавальнікамі Шэлінгам і братамі Шлегелямі перадумоваю да міфатворчых намаганняў ірландскага паэта; можна беспаспяхова спрачацца, чыё ўздзеянне на Ейтса было большае: Блэйка, з нерацыяналістычнаю сутнаснасцю яго эстэтыкі і фэтышызацыяй уяўлення, альбо Шэлі, з яго свабодай абстрактна-асацыятыўнага мыслення і майстэрствам фіксаваць невыразныя прывіды іррэальных візіяў. Аксіёма адна: Ейтс, як і ўсе сімвалісты, генетычна звязаны з рамантызмам, рамантычны пафас працінае не толькі ягоныя тэксты, але і жыццёвыя імкненні, учынкі і ідэалы, а галоўную рысу рамантычнай паэтыкі ён годна выкарыстаў у якасці падмурку сваёй паэзіі. Яго ўражанні і перажыванні зрабіліся матывамі і вобразамі, а жаданні – “рухавіком” лірычнага сюжэту.
Найбольш аўтабіаграфічным і схільным да спавядальнасці Ейтс зрабіўся ў апошніх сваіх зборніках “Вежа” і “Вітыя сходы”, трансфармаваўшы найпрасцейшыя аб’екты свайго звычайнага жыцця ў сімвалы найвышэйшага парадку. Абстрактная вобразнасць шчыльна пераплялася са спавядальнай скіраванасцю тэкстаў. І хаця рэальнасць – глеба, з якой “раслі” вершы, – часам падмянялася легендамі, гэтыя легенды захоўвалі выгляд рэльнасці настолькі, што здаваліся ісцінай. Рэальнасць і выдумка перапляталіся так шчыльна, што рабіліся міфамі. Міфамі гамераўскіх часоў, калі паэтычнае слова не толькі выконвала эстэтычную функцыю, але і ўздымала статус выказанага да падзеяў рэальнай гісторыі. Так слухачы, чуючы і ўспрымаючы гекзаметр, верылі, што ўсё, сказанае высокім словам, ёсць праўдаю, інакш не варта было б “патрасаць паветра”. Гамераўская паэтыка паступова рабілася крытэрыем праўдзівасці апавяданага і апавядальніка, бо панятак умоўнасці ў міфалагічнай свядомасці адсутнічаў і кожнае вымаўленае гекзаметрам слова рабіла сказанае здзейсненым, а слухача – далучаным да прамоўленага (1). Уласна кажучы, шматлікія пісьменнікі нашага стагоддзя, творчасць якіх характарызуюць тэрмінам міфалагізацыя”, спрабуюць вярнуцца да стану слоўнай магіі, ствараючы ў чытача ілюзію супадзення “гекзаметра” і “гісторыі” (“метра” і “падання”, паводле Арыстотэля (2)), пераадольваючы вышэйпамянёнае падзяленне тэкста-гісторыі на форму і змест.
У ранніх тэкстах Ейтса міф выконваў функцыі своеасаблівага транслятара анталагічнай і мастацкай інфармацыі. Ён фармаваў паэтыку Ейтса. У ім паэт шукаў і з яго дапамогаю шліфаваў форму, што найбольш пасавала да ўвасаблення ўласных думак: “паданне” структуравала адпаведны “метр”, які пасля рабіўся важным фактарам для ўспрымання зместу тэкстаў, што фармальна не мелі міфалагічных адзнакаў. Яго раннія творы, што яўлялі сабою перадусім пераказ старажытных міфалагічных матываў, задавалі спецыфіку ўспрымання яго пазнейшай творчасці. Паўтор класічных сюжэтаў служыў свайго роду “гекзаметрам”, крытэрыем ісціны наступных тэкстаў аўтара, так што ў гэтых тэкстах міф выступаў ужо ў ролі “стратэгіі аповеду” – як мэтанакіраванае дзеянне, якое ўплывае, уздзейнічае на механізм свядомасці людзей.
“Вежа” – найбольш яскравая праява паэтыкі сталага Ейтса; тыповы прыклад пабудовы сусвету ўнутры сябе з выкарыстаннем усіх падручных сродкаў і трансляцыя сваёй свядомасці вонкі моваю, якая падаецца наратару найбольш адэкватнай для перадачы кожнага яе складніка; згадка пра тыя вобразы, што “пераследавалі” Ейтса ўсё жыццё; тэкст, што абапіраецца на любасна створаны міфалагічны дыскурс.
Шматзначнасць ангельскага слова poem замінае дакладна акрэсліць жанравую прыналежнасць ейтсаўскай “Вежы”: ці то гэта ліра-эпічная паэма, ці то вялікі трохчасткавы верш, дзе другая частка, якая мае яскрава выражаную апавядальную накіраванасць, апраўленая двума глыбока спавядальнымі па сутнасці лірычнымі разважаннямі. Найхутчэй, гэта змяшэнне жанраў – свядомы прыём. У 1929 годзе сваю адзіную аўтарскую кнігу выбранага Ейтс назваў “Выбраныя вершы, лірычныя і апавядальныя” Мабыць, няшмат знойдзецца паэтаў, якія пажадалі б ахарактэрызаваць свае вершы як апавядальныя. Але для Ейтса гэта было прынцыпова й звязана гэта было, найхутчэй, з традыцыяй ірландскіх бардаў, з старажытнай прозапаэтычнай формай кельцкага эпаса, калі вершамі перадаваліся толькі словы галоўных герояў, і тое, як правіла, у найпатэтычнейшы момант.
Вежа – галоўны сімвал апошніх гадоў жыцця Ейтса – мела матэрыяльнае ўвасабленне. У 1916 годзе паэт купіў закінутую вежу Тор Бэйлілі з прылеглаю да яе фермерскай хаткаю. У XIII і XIV стагоддзях у ірландскім графстве Галуэй нарманскія бароны ўзнеслі шмат такіх вежаў-крэпасцяў. Праз трыста гадоў каталікі-бароны былі выгнаныя і пазбаўленыя сваіх земляў, а вежы былі занядбаныя (дарэчы, вежа Мартэла Джойса ў гэтым сэнсе была “сваячкаю” Тор Бэйлілі). Ейтс з захапленнем граў ролю ўладара, апраўдваючы пазнейшую рэпліку У.Х. Одэна: “У Ейтса – псіхалогія феадала”(3). Ён заказвае праект пераробкі вежы і згадвае ў сваіх лістах імёны архітэктара Уільяма Скота і мясцовага муляра Томаса Рафтэры з такім шанаваннем, быццам бы гаворка ішла пра Буанароці, што ўзводзіць сабор св. Пятра.
Феод Ейтса размяшчаўся на тэрыторыі, дзе, паводле справядлівага прызнання аднаго з фалькларыстаў, “добрых казачнікаў больш, чым на ўсім кантыненце” (4). Чаго вартая гара Бэн Балбэн – другі з сімвалаў, на якіх будуецца “Вежа”. У Ірландыі не было ніводнага больш-менш прыўзнятага над зямлёю пагорка, які б не быў асвечаны старадаўнімі народнымі паданнямі. Бэн Балбэн быў, паводле легендаў, – гэта адна з дзвярэй, што вядзе з чароўнага каралеўства сідаў у рэальны сусвет. З гэтай гарой было звязанае дзяцінства паэта (гэта “чароўная гара” ў першай частцы “Вежы”, назва якой згубілася ў беларускім перакладзе), там, згодна з тэстамэнтам, Ейтс жадаў быць пахаваным. Тэстамэнт быў выкананы толькі напалову: могілкі ў Драмкліфе, куды ў 1948 годзе быў перавезены прах паэта і дзе была пастаўленая магільная пліта з аўтаэпітафіяй, знаходзіцца не на вяршыні, а каля падножжа Бэн Балбэна.
Сярэднявечны каларыт і чары мясцовасці зрабіліся выдатнай дэкарацыяй для паэтычных драмаў. А арыстакратычная вежа і фермерская хатка ўвасаблялі магчымасць аб’яднання “шляхетнага” стылю і вясковых вераванняў. На працягу ўсяго творчага шляху Ейтс намагаўся даказаць правамернасць падобнага спалучэння: “Народнае мастацтва – ёсць, без сумневу, найстарэйшая з арыстакратыяў думкі”(5). У сталасці яго паэзія відавочна падзялілася на два галасы: арыстакратычныя паводле гучання і зместу доўгія мэдытатыўныя вершы, напісаныя ямбічнымі актавамі, – “загадкавая мудрасць Візантыі” – і англа-ірландскі баладны верш блізкі да дольніка з размеркаваннем музычных акцэнтаў, якім размаўляюць яго стылізаваныя народныя персанажы, што атрымліваюць мудрасць, як дар ад Бога. Выпадкі прымірэння гэтых дзвюх традыцыяў, суседства двух галасоў, што, пераплятаючыся, ствараюць гармонію аднаго верша, рэдкія нават у позняй творчасці Ейтса. Але тыя тэксты, што перадаюць мультывалентныя якасці яго вобразнасці, даўно сталі хрэстаматыйнымі не толькі для ірландскай культуры.
“Вежа” выконвае функцыю лінзы, што зводзіць найістотнейшыя рысы сталай творчасці паэта. Апавяданне адбываецца на трох узроўнях: 1) аўтэнтычнай мясцовай хронікі і прыватнай хронікі паэта; 2) аўтарскай выдумкі; 3) старагрэцкай і кельцкай міфалогіі. І ўсе постаці, што ствараюць гэтыя тры ўзрозні, – увасабленні розных іпастасяў двух галоўных ейтсаўскіх герояў: паэта і яго музы.
Першая частка “Вежы”– згадкі пра дзяцінства, калі “летні дзень бясконцы, як жыццё” і найлепшае баўленне часу – гэта лоўля стронгі ў горным ручаі, а разам з тым – горкія разважанні на тэму старасці, што ўжо набліжаецца. Палкая і дзейная натура паэта не можа пазбавіцца “сабачага ахвосця”, якім паэту ўяўляецца не толькі старэчае цела, але і вобразы, выпеставаныя ягонай фантазіяй на працягу доўгіх гадоў, а таксама фальклорныя тэмы (”чужое шкумаццё”), якія гралі ў яго творчасці немалаважную ролю. Але менавіта з гэтых “чужых” тэмаў пачалося станаўленне Ейтса-міфатворцы. Некаторыя з іх ён з любасцю перабірае ў другой частцы твору. Кожны з пярэстай кампаніі прадстаўнікоў ірландскага народу, апісаных Ейтсам, – камень у падмурак яго вежы. З іх дапамогаю ў другой частцы “Вежы” Ейтс даследуе прыроду рэчаіснасці і таго жыцця ў дзеянні, якое аплаквае ў першай частцы.
Для другой часткі Ейтс выбраў ямбічную актаву – арыстакратычны голас, запазычаны ім свайго часу з одаў Кроўлі для элегіі на смерць Робэрта Грэгары. Арыстакратычная інтанацыя сутыкаецца з прастанароднай тэматыкаю, ажыўляючы ўспаміны пра легенды, чутыя ў дзяцінстве, і вобразы з ранніх твораў паэта. Навошта Ейтс, які так шмат казаў пра духоўны саюз сялянства і арыстакратыі, найперш згадвае досыць варварскую гісторыю пра ўвішнога дварэцкага і адрэзаныя вушы фермера? Гісторыя гэтая была расказаная Ейтсу ўнукам самой місіс Фрэнч, адвакатам сэрам Джонам Барынгтанам, які прадставіў гэты эпізод, як “прыклад надзвычайнай адданасці закаханага і падпарадкавання загадам, што сыходзяць зверху”(6). З пункту погляду Ейтса (а тон, якім гэта апавядаецца, прасякнуты іроніяй, што заахвочвае прыняць менавіта такі пункт погляду) – гэты эпізод са слугою, які дзейнічае, як сляпая машына сваёй гаспадыні і пры гэтым не закаханы ў яе, служыць абаронай традыцыяў старога парадку ад уварвання нахабнага, нядаўна сфармаванага класу, якому няма месца сярод старажытнасцяў ірландскай культуры.
З гэтай поўнай гвалту гісторыяй кантрастуюць апавяданні пра паэтаў: пра таго, каго Ейтс раўнаў з Гамерам, і пра таго, каго зрабіў правобразам сваёй бунтоўнай душі. Рэальная асоба, аўтар шматлікіх вядомых баладаў XVIII стагоддзя, і сялянскі паэт, прыдуманы Ейтсам, – разам найбольш поўна прадстаўлялі “народную арыстакратыю думкі”.
У свой час у “Кельцкім сутонні” Ейтс апісаў гісторыю кахання сляпога Энтані Рафтэры да Мэры Гайнс, назваўшы апавяданне радком з рэнесанснай паэзіі “Прах пакрыў Галены вочы”. Валодаючы вышэйшаю духоўнаю ўладай паэта, Рафтэры сваёй песняй мог накласці закляцце бясплоднасці на дрэва ці навесці сурокі на чалавека, але найбольш ён быў вядомы дзякуючы сваім песням, прысвечаным сялянскай дзяўчыне, якая, паводле чутак, была такая прыгожая, што фэерыс забралі яе да сябе ў чароўную краіну. Гамер у Ейтса адказны за тугу па ідэале ўсіх мужчынаў, адказны як творца Прыўкраснай Галены, ідэальнай жанчыны, і шырэй – як творца паэзіі. З Мэры Гайнс у ролі галуэйскай Галены Рафтэры робіцца кельцкім Гамерам, а паход ашалелых ад песень і выпіўкі мужыкоў, “каб спраўдзіць, ці прыгожаю была”, – ёсць ня што іншае, як выправа ахейцаў пад сцены Троі альбо жаніхоў на Ітаку, да Пенелопы. Але гэта не мудрагелістае літаратурнае ўпрыгожанне, а метафара, вельмі важная для Ейтса, які прапаведваў падабенства і роўнасць кельцкай і старагрэцкай культураў. Ён не без падставаў сцвярджаў, што ірландскі пантэон развіты ў гэткай жа ступені, як і грэцкі, і ўсёй сваёй творчасцю даводзіў, што, напрыклад, незаслужана забыты кельцкі Геракл – Кухулін – варты таго, каб займаць у сусветнай літаратуры тую нішу, што і ягоны старагрэцкі “калега”. Патрэбны толькі паэт, роўны Гамеру, каб апяяць яго подзвігі.

Быццам адстойваючы сваё права на ўладу паэта, Ейтс апавядае пра створаны ім вобраз – валцугі і паэта Рудога Ханраана. Сутыкаючы ў адным тэксце рэальнага паэта і суцэльную прыдумку, Ейтс быццам прапануе нам параўнаць, наколькі фантазія мае права на існаванне побач з рэальнасцю. Ханраан таксама быў адной з “масак” свайго аўтара, “масак”, якія паэт апранаў, каб дасягнуць неабходнай для творчасці свабоды. Распачаўшы гаворку пра Ханраана, Ейтс, здавалася, жадаў падрабязна апавесці пра яго прыгоды, але спыніўся на сярэдзіне першай гісторыі, какетліва заявіўшы, што далей не памятае. “Ну і досыць” для абазнанага чытача, знаёмага з “Кельцкім сутоннем” і ўключаным у яго цыклам “Гісторый пра Рудога Ханраана”.


Ейтс пачынае згадкі з першае прыгоды Ханраана – гульні з ведзьмаком у карты. Гэты матыў – спаборніцтва з істотамі Іншага свету – у розных варыянтах (гульня ў карты, у шахматы, разгдванне загадак) уплятаецца амаль ува ўсе казачныя падарожжы – ад сустрэчы Эдыпа з пачварай з жаночым іменем Сфінкс да quest’аў рыцараў Круглага Стала. Валацуга і паэт, адзіны з усіх прысутных, знайшоў у сабе адвагу пайсці за зграяй ганчакоў, у якую ператварыліся карты. Разважанням пра тое, што значаць у дадзеным кантэксце заяц і ганчакі, можна прысвяціць асобны артыкул. Заяц для кельтаў быў сакральнаю жывёлінай, а ў хрысціянскія часы стаў асацыявацца з вядзьмарствам і паганствам. Зграя – гэта і Дзікае Паляванне з Замагільнага свету – Ганчакі Ануна, і сабакі Гадэса, і не аплаканыя душы памерлых. Дакладна распрацаваная тэма картачнай гульні прыводзіць у дзеянне мадэль Парцыфаля: не-удача шукальніка, не-адказ на пытанне ўладара Іншага свету і тым самым не-магчымасць дапамагчы Гэтаму свету. У дадзеным выпадку Ханраан не здолеў адваяваць у сідаў душу сваёй каханай.
Упадабаны Ейтсам матыў падарожжа ў казачную краіну выконваў у яго ранняй творчасці функцыі эскапісцкага прыёму, уласцівага fin de siиcle. “Той, хто марыў пра чароўную краіну”, чуў яе голас усюды і ўжо не мог знайсці спакою ў штодзённасці навакольнага свету, імкнучыся да ідэалу, да мары. Але з цягам часу змяняліся каштоўнасці паэта і змяняўся пафас тэкстаў. Звышнатуральны свет і ягоных насельнікаў-сідаў пасунулі “жахлівая прыгажосць”, “Вялікдзень 1916” і “грамадзянская вайна”. Магчыма, што сваім “Куды? – Ужо не ўспомню” Ейтс адмаўляецца ад Чароўнай краіны сваіх ранніх вершаў, намякаючы чытачу, што час эскапізму мінуўся, што розум паэта абапіраецца не на туманныя і размытыя ўспаміны, а на рэальнасць.
Кампазіцыя сюжэтаў-успамінаў падобная на катрэн, зарыфмаваны апярэзанай рыфмовкай, дзе ў цэнтры дзве гісторыі пра паэтаў. Чацвёрты з выкліканых у памяці вобразаў чалавек, некалі надзелены ўладаю, але збяднелы і нават безыменны, магчыма, апошні гаспадар вежы, – быццам рыфмуецца з місіс Фрэнч і ўяўляе сабой заканамерны вынік існавання яе ўлады – улады грошай; рэальны банкрут, які не пазбег банкруцтва духоўнага, чый лёс прымушае задумацца пра тое, наколькі бязмэтна былі пражытыя яго гады.
Выклікаючы з глыбіняў памяці вобразы гістарычнага і паэтычнага мінулага, Ейтс праектуе на сябе кожны вобраз. І кожны з герояў, нават крыважэрная місіс Фрэнч, у большай ці меншай ступені здабывае функцыі маскі, двайніка. Каб апраўдаць з’яўленне ўсіх гэтых персанажаў, Ейтс задаецца пытаннем, ці супрацівіліся яго героі прыгнёту старасці гэтак жа, як ён. І высвятляецца, што ў гэтым сэнсе яго сапраўдным духоўным двайніком ёсць толькі Ханраан. У апошніх строфах другой часткі зноў вяртаецца цяперашні час унутранага маналогу, тонкая перагародка, што аддзяляе паэта ад ягоных масак, разбураецца. І трэцяя частка ўяўляе сабою традыцыйны тэстамэнт, у якім перабіраюцца і размяркоўваюцца прыжыццёвыя здабыткі; канчатковае падвядзенне вынікаў і пасланне нашчадкам.
Працягваючы “апярэзаную” кампазіцыю тэксту, у трэцяй частцы Ейтс развітваецца з тым рэальным фізічным жыццём, якое даследуе ў другой і якое ўжо аплакваў у першай частцы. Ён абвяшчае адмаўленне ад фізічнага існавання на карысць жыцця духоўнага. Адкінуць “гідкія рэшткі цела” і ствараць, будаваць дух па вобразу і падабенству “сапраўднай веды”, то бок трансцэндэнтных ведаў – гэта акт тварэння, большы па сваім значэнні, чым стварэнне Галены ці Ханраана, гэта перабудова душы, яе трансфармацыя ў той стан, які ў “Падарожжы ў Візантыю” Ейтс называе “рукачыннай вечнасцю”.
Крышталізуюць эмоцыі Ейтса ў трэцяй частцы “Вежы” два птушыныя вобразы. Першы – абсалютна некульмінацыйны, “хатні вобраз” гняздуючых птушак. Гэтак жа, як яны – галінка за галінкай – будавалі гняздо, паэт – “слой за слоем” – на працягу свайго жыцця накопліваў “успаміны і вобразы”, будуючы сваю духоўную вежу, каб цяпер, дабраўшыся да яе вяршыні, адмовіцца ад фізічнага жыцця і цалкам акунуцца ў сузіральнае, медытатыўнае існаванне. Акрамя таго, вобраз галак, што будуюць гняздо, перагукваецца з вобразам пчолаў, што ляцяць у былую шпакоўню (“Развагі пад час грамадзянскай вайны”). Такое перагукванне – не толькі аўтацытацыя, не толькі паўтор ключавога для тых гадоў вобразу, але і трансляцыя ключавога настрою сучаснай Ейтсу эпохі, гэта творчыя сілы, супрацьпастаўленыя паноўнае ў свеце разбуральнасці. Паступова выяўляецца вобраз ідэальнага, на думку Ейтса, творцы, спагадлівага і маладога.

І, урэшце, яшчэ адзін птушыны вобраз – у большай ступені кульмінацыйны і пафасны, чым галкі, – вобраз лебедзя, што “ў ззянні плыве й пяе апошнюю песню”. Вобраз, які зноў цягне за сабой Гамера, Галену, дачку Леды і Лебедзя, а таксама ўсіх лебедзяў сусветнай паэзіі; вобраз, які раўнае Паэта з Богам і падкрэслівае вартасць Паэзіі, якая будзе падтрымліваць гэты свет, “пакуль да канца не сціх//Птушыны спеў у змярканні”.


Спіс выкарыстанай літаратуры:

  1. Ауэрбах, Э. Мимесис: изображение действительности в западноевропейской литературе / Э.Ауэрбах. М., 1976. – с. 30-32.

  2. Аристотель. Поэтика / Аристотель // Аристотель и античная литература. Под ред. М. Л. Гаспарова. М., 1978.– с. 125.

  3. Оден, У.Х. Чтение. Письмо. Эссе о литературе / У.Х. Оден. М., 1998. – с. 114.

  4. Предания и мифы Средневековой Ирландии. Под ред. Г.К. Косикова. М., 1991. – с.5.

  5. Yeats, W. B. Essays and introductions / W. B. Yeats. Lnd., 1961.– р. 76.

  6. Hoffman, D. G. Barbarous Knowledge. Myth in the poetry of Yeats, Graves and Muir / D. G Hoffman / N.Y., 1967. – р. 254.



Дадатак
Уільям Батлер Ейтс
Вежа
І

Ці недарэчнасць гэтая кагосьці –

О сэрца ўстурбаванае! – міне?

Не, старасці сабачае ахвосце

Карыкатурай робіць і мяне!

Ніколі жарсць і прыхамаці духу

Так не кіпелі ў сэрцы, вока й вуха

Так не чакалі цуду – з той пары,

Калі вудзіў на чарвяка ці муху

Й прыходзіў да чароўнае гары,

Дзе летні дзень бясконцы, як жыццё…

Збірайся, Муза, верная сяброўка, –

Плятон і Плётын клічуць у вандроўку.

Я голыя ўяўленне й пачуццё

Зноў прыбяру ў абстракцыі старыя:

Шчэ захаваў чужое шкумаццё

Ў куфэрку, што цягну на ўласнай шыі!
ІІ

Падняўся на муры й гляджу наўкола:

Падмурак дома й побач дрэва з долу

Мкне галамнём абпаленым, бы кнот…

Я занураю позірк у заход,

А сэрца кліча – покуль не пагас! –

Відзежы і ўспаміны,

Пытае дрэвы й крохкія руіны,

Яшчэ спадзеючыся на адказ.
Там, за гарою, місіс Фрэнч сядзіба.

Раз паслугач, што ведаў яе хібы,

Спазнаўшы добра міласці і гнеў,

Без словаў гаспадыню разумеў,

Але ж да жартаў ставіўся ўсур’ёз,

Нахабу-селяніну

Адрэзаў вушы й гэтую даніну

На сподачку спадарыні прынёс.


Вось маладосці даўняй успаміны:

Жыла ў даліне пекная дзяўчына

І песняю дзявочы ясны твар

Тутэйшы колісь выславіў пясняр.

Калі яна трапляла на кірмаш,

Збіраўся люд цікавы,

Каб дакрануцца да мясцовай славы

І зноў красуню выхваляць наўсцяж.


Тост за яе прамовіўшы шматкротна,

Ад рымаў звар’яцеўшы незваротна,

Мужчыны раз паўсталі з-за стала,

Каб спраўдзіць, ці прыгожаю была.

Па месяцовым поўразе святла

Йшлі крокам нецвярозым,

І музыка заблытала ім розум,

А аднаго да багны прывяла.


Не дзіва, што пясняр быў невідушчы:

Яму ўначы не трэба кнота й тлушчу.

Ад першай да апошняе стапы

Паэзію ствараў Гамер сляпы,

І вабіла Галена ваяроў…

Няхай жа месяц з сонцам

Зліюцца ў промні, зыркім і бясконцым,

І спеў мой шал нясе ў людскую кроў!


Калісьці я прыдумаў Ханраана,

Які, старым манюкам ашуканы,

За блізкі свет аднекуль з гэтых хат –

П’яны? цвярозы? – аж за далягляд

Бег, падаў, бег… Плён высілкаў усіх –

Разбітыя калені

Ды вусцішная веліч захаплення;

Праз дваццаць год я сам яе спасціг.


Аднойчы Ханраан гуляе ў карты,

І вось махляр распачынае жарты:

Падзмуўшы на калоду з двух бакоў,

Ён робіць карты… зграяй ганчакоў;

Апошнюю адну, відаць, на смех

Стары ператварае…

У зайца; заяц прэчкі, следам зграя –

І Ханраан, раз’юшаны, пабег.


Куды? – Ужо не ўспомню. Ну і досыць,

Бо сёння памяць па другім галосіць:

Ні міласць яму шчасця не дала,

Ні спеў, ні вушы ў сподку да стала;

Ён колісь быў легендай, а цяпер

І сведкаў не пабачу

Таго, як дажываў свой век сабачы

Банкрут, што й пахаваны напавер.


Пакуль муры не параслі травою,

На лесвіцах узброеныя воі

Тут бразгалі бранёй. Мінулы час

З глыбінь Вялікай Памяці да нас,

У сны жывых, гасцёў жахлівых шле:

Нам чутныя на сходах

І стогны немыя, і цяжкі подых,

І груканне касцяшак па стале.


Я вас хачу спытаць, прыходзьце, госці:

Сляпы вандроўны служка прыгажосці,

Падмануты старым гулец руды

Й ты, напаўрыцар, завітай сюды;

І ты, што вушы атрымала ў дар

На сподку з гербам Фрэнчаў;

І ты, што ў багне патанаў і енчыў,

Вясковай кралі згадваючы твар.


Усе, старыя, багачы й галота,

Хто выхадзіў тут скалы і балоты,

Ці ж вы паўсталі колісь на сваю

Старэчасць, як я сёння паўстаю?

І кожны мне адказвае пагляд,

Загубай апантаны.

Што ж, адыходзьце, толькі Ханраана

Пакіньце – гэта памяці паклад!


Ты, што грашыў на ўсякім скрыжаванні,

Выцягвай вонкі з памяці атхлані

Усё, што за магілаю спасціг,

Бо, пэўна, кожны небяспечны сіг

У цемру слыху, зроку і чуцця

Ты падлічыў наперад –

Усё, што незваротна цягне ў нерат,

У лабірынт чужога нам быцця.


Ці зноўку згадка-здрадніца падсуне

Імя здабытай, страчанай красуні?

Згадзіся, ты згубіў яе тады

Праз пыху, ад дурноты і жуды;

Так званае сумленне ажыло.

Калі ж прачнецца памяць,

Нябёсы зацьма поўная запляміць

І згіне ў ночы ўсякае святло.


ІІІ

Складаць тастамент пара.

Спагадлівых выбіраю.

Яны – на дрэве кара,

Яны – бруя ў вадаграі,

Яны штозолку ў вадзе,

Паміж камянёў з вудзільнам.

Няхай іх мой гонар вядзе

Наперад крокам няўхільным –

Ні манна салодкай маны,

Ні дзеі дзіўнай дзяржавы,

Ні бізнэс, ні бізуны,

А Грэтана й Бёрка слава,

Народу, якога зло

Прымусіць да зла не ў стане!

Ягоны гонар – святло,

Нястрымнае прыйсце світання,

Чароўнага рогу кліч,

Раптоўная злiва ў спёку,

Святоўнага сонца зніч –

Каштоўны дарунак воку,

Калі ва ўсім харастве

Ўгары праменне ўваскрэсне

І лебедзь у ззянні плыве

Й пяе апошнюю песню…

Сцвярджаю веру сваю,

У твар смяюся Платону,

На Плотына проста плюю:

Жыцця не было, ані скону,

Пакуль чалавечы парыў

З нябыту, мары і зморы

Аднойчы ўсяго не стварыў –

Так, сонца, месяц і зоры,

І смерць – падарожжа ў край,

Нябачны нашаму зроку, –

Сабе збудаваўшы рай

На месяцы з цёмнага боку.

Я ўдзячны вам за спакой,

Каменне Спарты і Троі,

Лацінскай веды напой,

Паэтаў пекныя мроі;

Вам, рэха мілосных слоў

І рысы былой каханай,

Руплівай памяці ўлоў,

З якога творым люстраны

Звышчалавечы сон!


Так галкі без адпачынку

У дзюбах свой прышлы плён

Нясуць – за галінкай галінку.

І будзе пастаўлены дом,

І сядзе ў сяродку саміца,

І станецца ўтульным гняздом

Куток цаглянай байніцы!
Спагадлівы й малады,

Што з вудай бесперастанку

На камені ля вады,

Што ў зыркім бляску світанку

На горны ўзбіраецца схіл, –

Табе мой гонар і вера!

Я быў такі ж, покі сіл

Не вычарпала папера.


Сапраўднай ведай душу

Пара гартаваць прыспела,

Служыць апошнюю мшу,

Аж гідкія рэшткі цела,

Ажно атрутная кроў,

Што забівае паціху,

Аж скон найлепшых сяброў –

Найгоршае ў свеце ліха! –

І нават змярканне тых

Вачэй, што бруілі ззянне,

Мне перапыняючы дых, –

Усё да канца растане

У ззянні хмар залатых,

Пакуль да канца не сціх



Птушыны спеў у змярканні.
1926
Пераклаў з англійскай Андрэй Хадановіч


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка