Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)




Дата канвертавання24.03.2016
Памер155.87 Kb.
Марына Шода
«Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
У 1923 годзе ў Шведскай каралеўскай акадэміі з Нобелеўскай прамовай выступаў паэт і драматург Уільям Батлер Ейтс. Упершыню Нобелеўскую ўзнагароду атрымаў пісьменнік з Ірландыі. Хаця паэт пісаў па-англійску, а спробы вывучыцца гэльскай мове скончыліся нічым, і паэзія, і драматургія Ейтса звязаныя перадусім з ірландскай традыцыяй, і ірландская праблематыка ў іх пераважае. Таму нічога дзіўнага, што спроба прадставіць творчасць паэта беларускаму чытачу проста мусіць пачынацца з апісання палітычнай і культурнай сітуацыі ў Ірландыі у час, калі на старонках літаратурных выданняў з’явілася імя, якое пасля зрабілася сімвалам цэлага руху і цэлай культурнай эпохі.

Пры канцы ХІХ ст. Ірландыя апынулася перад сур’ёзнай псіхалагічнай праблемаю: з аднаго боку, яна мела залежны сацыяльна-палітычны статус, будучы брытанскаю калоніяй; з другога боку, хутка павышалася культурная самасвядомасць нацыі. Гэты перыяд гісторыі краіны атрымаў назву «Кельцкага Адраджэння». Наступствы англійскіх заваёваў, распачатых у ХІІ ст., незваротна паўплывалі на кельцкую культуру. Да часоў Кельцкага Адраджэння мова нацыі была амаль суцэльна знішчаная, а адукаваная частка грамадства цягнулася да Лондану як да вяршыні інтэлектуальных памкненняў.

І ў гэтай сітуацыі з’явілася пакаленне людзей, якія паставілі сабе мэтаю адраджэнне ірландскай культуры і духу нацыі. Яны называлі сябе Гэльскай Лігаю і займаліся насамперш вывучэннем ірландскай гісторыі, мовы і літаратуры. Дзякуючы дзейнасці Лігі ірландцы нанова адкрывалі для сябе рэальнае і міфалагічнае мінулае сваёй краіны. Для Ейтса ірландская міфалогія, народныя казкі і легенды сталіся крыніцаю паэтычнай вобразнасці, з якой бясконца можна чэрпаць натхненне. Цягам доўгіх гадоў шматкроць змяняліся паэтычны стыль і тэматычная скіраванасць твораў Ейтса, але крыніца натхнення засталася нязменнаю.

Творчы шлях Уільяма Батлера Ейтса з пэўнай прыблізнасцю можна разбіць на тры этапы: 1) 1880-1890-я гады; 2) 1890-1920-я гг.; 3) 1920-1930-я гг.

Першыя два дзесяцігоддзі былі росквітам сімвалісцкай лірыкі ў творчасці Ейтса. Ён быў адзіным бясспрэчным прадстаўніком гэтага не вельмі яскрава выражанага ў англамоўнай літаратуры паэтычнага накірунку. Пры гэтым сімвалізм Ейтса быў вельмі далёкі ад тых літаратурных узораў, што паклалі пачатак гэтаму мастацтву.

Нягледзячы на шматлікія параўнанні з французскімі сімвалістамі (якія, да прыкладу, любіў праводзіць знаўца французскай літаратуры Артур Сайманс, аўтар фундаментальнай для англійскіх крытыкаў і пісьменнікаў кнігі «Сімвалізм у літаратуры»), Ейтс стварыў свой варыянт сімвалізму, у якім зліліся некаторыя рысы еўрапейскага сімвалізму, акультныя элементы, англійскі эстэтызм і матывы ірландскага фальклору.

Сімвалісцкая практыка Ейтса найбольш выразна праявілася ў двух першых зборніках яго вершаў – «Ружа» і «Вецер у чароце». Наступныя зборнікі ўжо маюць адзнакі іншай паэтычнай тэхнікі і вырастаюць на падставе іншай паэтычнай тэорыі. Але дзве згаданыя вышэй кнігі, паводле слоў Артура Сайманса, да самой вокладкі прасякнутыя сімвалізмам.

Ружа, што рэгулярна з’яўляецца на старонках гэтых кніг, яднае ў сабе сімвалізм сярэдневечны і акультны. Універсальны сімвал, які з гадамі разрастаецца і прымае ў сябе новыя і новыя сэнсы, – яна нясе ў сабе мір і спакой, мір і вайну: гэта ўвасабленне гордай славы Ірландыі і Прыгажосці, што няспынна ўкрыжоўваецца на Крыжы Часоў, гэта сусвет, згорнуты да вясковага наваколля, і вечнасць, што пасяляецца ў рэчах нетрывалых, нявечных. Часам Ружа набывае ледзь улоўныя чалавечыя рысы: у вобразе праступае аблічча каханай паэта1.



Закаханы апавядае пра Ружу ў сваім сэрцы
Праз непрыгожасць і смутак, паноўныя тут заўжды, –

Аратага крокі цяжкія, у глебе сухой камяні,

Дзіцячы плач, рып драбінаў і рыканне чарады –

Не бачыш тую, што ружай красуе ў сэрца твайго глыбіні.


Вялікага ліха – брыдоты – паўсюль назіраеш сляды.

Свет перарабі нанова, адно тады адпачні.

Шкатулку зрабі залатую з нябёсаў, зямлі й вады

Для мрояў пра тую, што ружай красуе ў сэрца твайго глыбіні.


(Тут і далей пераклад А. Хадановіча2)
Аўтар наўмысна падкрэслівае кантраст паміж шэраю штодзённасцю і незямным хараством. Гэты матыў – толькі адна з варыяцый асноўнага настрою, уласцівага кнізе «Вецер у чароце». Амаль у кожным з вершаў можна знайсці кантрастныя пары: красу і штодзённасць, смерць і несмяротнасць, мінулае і будучыню, бруд і ружу. На гэтай аснове вобразы, пачэрпнутыя з ірландскага фальклору, таксама могуць станавіцца складнікамі гэткай пары: чароўныя істоты (увасабленне красы і неўміручасці) і смяротныя людзі (увасабленне штодзённасці і канечнасці быцця).

На думку крытыкаў, найбольш паэту ўдаліся менавіта тыя сімвалісцкія вершы, у якіх ён карыстаўся вобразамі з ірландскіх легенд. Ейтс правёў дзяцінства там, дзе «ў якой-небудзь адной парафіі графства Голуэй можна сустрэць значна больш добрых апавядальнікаў, чым ва ўсёй Заходняй Еўропе» 3. Гаворка пра ўменне апавядаць паданні і казкі, пра тое старажытнае мастацтва, прытулкам якога заставаліся самыя аддаленыя раёны Ірландыі. Дзіцячыя ўспаміны Ейтса не былі перакрэсленыя нават найярчэйшымі эстэтычнымі ўражаннямі юнацтва, звязанымі з мастакамі-прэрафаэлітамі, да кола якіх пэўны час быў блізкі бацька будучага паэта. Кожны пагорак, кожны камень былі асвечаныя легендаю і складаліся ў свядомасці паэта ў адзіны вобраз «святой зямлі Ірландыі». Чарговае кельцкае імя, тапонім, урывак з падання, з’яўляючыся ў вершах Ейтса, адыгрывалі ролю чарговага «кавалачка» мазаікі, з якой складалася рамантычная канцэпцыя Ірландыі. Паэт «бачыў мінулае ў велічных вобразах антычнай трагедыі»4 і нават у тыпова казачных персанажах ён бачыў прыхаваны, таемны сэнс.

Не маглі не прыцягнуць увагі паэта легенды пра дзяцей багіні Дану – паданні пра багоў старажытнай Ірландыі, якія згубілі сваю сакральнасць, аднак захавалі казачнасць і чарадзейства. Адсунутыя хрысціянствам, кельцкія багі атрымалі статус жыхароў чароўных пагоркаў – сідаў. У народнай свядомасці сіды набылі характар нячыстай сілы, але ўспрымаліся не як дробныя шкоднікі (накшталт славянскіх дамавікоў ці лесавікоў), а ў якасці велічнага напаміну пра існаванне іншага свету.
Неўтаймоўнае племя
Дзеці багіні Дану ў далоні поруч

Б’юць, смяюцца і мружаць вочы ў калысцы,

Бо каршуннё залунае, каб ім калісьці

Рушыць на Поўнач, – і сэрцы прасякне горыч.

Я да грудзей прыціскаю дзіця ў адчаі,

І з пасланцом магіл твар у твар гаворым.

Вецер самотны скуголіць над дзікім морам,

Вецер самотны ў пажары на небакраі,

Вецер самотны б’ецца ў як свет старыя

Брамы Пекла й Нябёсаў у скавытанні.

О сэрца, табе неўтаймоўныя воі-здані

Мілейшыя за святое імя Марыі!


Адчуванне тугі і неспакою, што працінаюць смяротнага чалавека падчас сустрэчы з таямніцай несмяротнасці, вызначаюць настрой вершаў, у якіх звычайны свет сутыкаецца з светам іррэальным. Адвечны канфлікт – супрацьстаянне рэальнага і надзвычайнага свету – складае каркас большасці твораў, што ўвайшлі ў кнігі «Ружа» і «Вецер у чароце». Вокліч іншага свету чуецца ў вершы «Хто з Фергусам?», найхрэстаматыйнейшым з тагачасных твораў паэта, вершы, які знакаміты суайчыннік Ейтса Джэймс Джойс лічыў адным з найлепшых твораў англамоўнай паэзіі.
Хто з Фергусам?
Хто з Фергусам – і наўгалоп

Праз цені лесу ўсё хутчэй,

І ў скокі ля самой вады?

Дзяўчына, не хавай вачэй!

Юнак, навошта хмурыш лоб?

Забудзь пра жахі назаўжды!


Расхмар чало, не думай дум,

Чаму так горкі сэрца жар!

Вось Фергус гоніць свой рыдван:

Ён, ценяў лесу валадар,

Яднае акіянскі шум

І зор вандроўных акіян.


Біёграф Ейтса А.Г. Сток адзначаў, што «нават калі б пасля гэтых двух тамоў Ейтс нічога не напісаў бы, то яго ўсё адно не выкрэслілі б з гісторыі сусветнай літаратуры»5. Не пярэчачы гэтай думцы, варта, аднак, сцвердзіць, што ў сучасных анталогіях вершы першых двух дзесяцігоддзяў творчасці Ейтса збольшага адсунутыя ў цень творамі наступных гадоў.

У 1899 г. ў Дубліне пачаў сваю дзейнасць Ірландскі Літаратурны тэатр – пачаў пастаноўкаю п’есы «Графіня Кэтлін», першага драматычнага твору Уільяма Батлера Ейтса. У 1902 г. Ейтс стаў адным з заснавальнікаў Ірландскага Народнага тэатра, які ў 1904 г. знайшоў сваё сталае месца ў будынку дублінскага Тэатра Абацтва. Ейтс быў у прамым сэнсе слова пачынальнікам ірландскага тэатра. Драматургія і паэзія цесным чынам перапляліся ў яго творчасці. З усіх тэатральных жанраў ён аддаваў перавагу паэтычнай драме, а большасць яго вершаў ці то былі маналогамі (калі актор – ён сам, а сцэна – само жыццё), ці то мелі дыялагічны характар і, як прызнаваўся ён сам, «былі падобныя да маўлення, што практыкуецца на сцэне»6.

У маёнтку лэдзі Аўгусты Грэгары, што называўся Кул-парк, былі напісаныя найлепшыя вершы з другога творчага перыяду жыцця Ейтса, якія пазней увайшлі ў склад зборніку «Дзікія лебедзі ў Куле» (The Wild Swans at Cool, 1919). За некалькі гадоў да з’яўлення гэтага тому, у папярэднім зборніку «Адказнасць» (Responsibilities, 1914), Ейтс упершыню закрануў сацыяльныя і палітычныя матывы, даўшы ясна зразумець, што з гэтага моманту яго паэзія мусіць займацца рэальнымі справамі і выхаваннем самасвядомасці народу (што, дарэчы, не супярэчыла містычным настроям, якія пераважалі ў некаторых творах).

Аднак, абяцаючы пісаць пра рэальныя падзеі, Ейтс ані слова не сказаў пра першую сусветную вайну. Яскравым выняткам з правіла былі два вершы – «На смерць маёра Роберта Грэгары» і «Ірландскі лётнік прадчувае сваю загубу». Абодва тэксты прысвечаныя памяці сына лэдзі Грэгары, што быў лётнікам і загінуў у небе над Еўропаю. Першы твор – класічная элегія на смерць – не выходзіць за межы гэтага вельмі шанаванага Ейтсам жанру: паэт пяе хвалу герою, які загінуў, і знаходзіць у ім найлепшыя якасці многіх сваіх сяброў, сабраныя разам. У другім вершы Ейтс выводзіць свайго героя за рамы сямейных і сяброўскіх дачыненняў, абстрагуючы яго вобраз да адзінай рысы – патрыятызму, які не меў магчымасці рэалізавацца. Уся трагедыя ў тым, што гэты патрыятызм бясплодны, што сваё жыццё ірландскі лётнік аддае не за шчасце і росквіт сваёй краіны, а за абсалютна чужыя яму інтарэсы, ідэі ды прынцыпы.


Ірландскі лётнік прадчувае сваю загубу
Канаю між зямлёй і сонцам

На прасціне з нябесных хмар.

Сябрам не стаў я абаронцам,

Не бачыў ворагаў у твар.

Я ведаю, мой суайчыннік –

Адно жабрак з Кілтартан Крос,

І смерць мая й нат іншы вынік

Ягоны не палепшаць лёс!

Ані загад, ані сумленне

Мяне зрынаюць у нябыт:

Адно ў парыве захаплення

Я занураюся ў блакіт.

Усё, пра што салодка марыў,

Прынесла наймізэрны плён.

Я паміраю паміж хмараў:

Жыццё намарна й марны скон!


Таксама як і яго героя, ірландскага лётніка, вайна цікавіла Ейтса адно настолькі, наколькі датычыла яго роднай краіны. Гэта ў Англіі вайна выклікала вялікі патрыятычны энтузіязм, які падтрымалі шматлікія паэты. Ейтса значна болей узрушыла Велікоднае паўстанне 1916 г.7, да падзеяў якога ён часта звяртаўся ў сваіх творах. Верш «Вялікдзень 1916» – адзін з найцікавейшых у зборніку «Майкл Рабартыс і танцорка». Верш быў напісаны ў тым самым 1916 г., а ў 1921 г. быў выдадзены ў зборніку.

Творчасць Ейтса залежала ад зменаў, што адбываліся ў яго ўнутраным свеце, а не ад падзеяў, што ўзварушвалі асновы дзяржаўнасці. І нават у творах, якія можна інтэрпрэтаваць як палітычныя, думка паэта падымалася да рэчаў усеагульных і метафізічных. «Вялікдзень 1916» – гэта, канешне, хваласпеў героям, якія загінулі, гімн велічы людзей, што здолелі скінуць свае штодзённыя маскі і стацца звеставальнікамі «Жахлівай Прыгажосці», людзей, якія ў арэоле сваіх учынкаў і гібелі на сцэне гістарычнай драмы перайшлі з разраду статыстаў на галоўныя трагічныя ролі.

Але паміж радкоў усё-ткі чуваць пытанне: «А ці не была бессэнсоўнаю іх ахвяра?». Пытанне застаецца без адназначнага адказу, бо, на думку паэта, апантаныя адною мэтай сэрцы камянеюць і становяцца перашкодай на шляху жывой плыні быцця. Пазней Ейтс здыме гэтае пытанне, гаворачы, што «…гераізм дублінскага паўстання надоўга застанецца ў памяці, што б там ні казалі пра яго марнасць»8.

Аднак пры канцы дзесятых гадоў нашага стагоддзя больш за грамадскія катаклізмы паэта цікавіла яго ўласная эзатэрыка-міфалагічная філасофія, якая пачала складацца акурат у тыя часы. Найпаўнейшае і найвыразнейшае ўвасабленне яна атрымала ў празаічным творы пад назваю «Відзежа» (1925), але рэха гэтай філасофіі можна пачуць і ў паэтычных зборніках, пачынаючы з тому «Дзікія лебедзі ў Куле». Філасофію гэтую можна падзяліць на дзве часткі, прысвечаныя развіццю ўнутранага і вонкавага свету чалавека: адпаведна, чалавечай душы і гісторыі.

Вялікі сэнс мае для Ейтса цыклічная канцэпцыя гісторыі. Паэт не прымае яе лінейнага развіцця. Гісторыя рушыць наперад калі не па коле, дык па спіралі, і кожны яе этап (падзея, эпоха, цывілізацыя) не аднойчы паўтараўся і яшчэ паўторыцца. Найбольш лаканічна ідэя цыклічнасці гістарычнага працэсу выражана ў вершы «Кола»:
Кола
Сярод зімовай белізны

Спяваем веснавыя гімны;

Ледзь дачакаўшыся вясны,

Упарта клічам вецер зімны;

Чвэрць году прамінае – зноў

Пяем хвалу мінулай чвэрці

Й не ведаем, што нашу кроў

Хвалюе толькі прага смерці.


Верш быў апублікаваны ў зборніку «Вежа» (1928), які разам з наступным томікам пад назваю «Вітая лесвіца» (1933) прызнаны вяршыняю ейтсаўскай паэзіі. Парадаксальна, але найлепшыя свае творы паэт напісаў, калі яму ўжо пераваліла за шэсцьдзесят, у веку, калі пісьменнікі, здараеццца, ужо адкладаюць пяро. Творы з кнігі «Вежа» былі напісаныя паміж 1921 і 1926 гг. Гэта быў перыяд адноснай стабілізацыі ў жыцці паэта: жонка, дзеці, уласны дом, які стаўся галоўным сімвалам творчасці Ейтса на ўсе засталыя гады. Але для Ірландыі гэта быў перыяд глабальных катаклізмаў. Спачатку вайна за незалежнасць (1919-1921), пасля Грамадзянская вайна (1921-1923). Менавіта апошняя і вызначае настрой песімізму і роспачы, які прасякае сямічасткавы вершаваны цыкл пад назваю «Развагі падчас Грамадзянскай вайны».

Свядома пакідаючы без увагі падзеі вайны, паэт углядаецца ў знаёмыя да найменшых дэталяў навакольныя рэаліі, знаходзячы ў іх падтрымку ў гэтым расхістаным свеце. Найпрасцейшыя прадметы штодзённага жыцця (дом, стол, дарога і г.д.) становяцца сімваламі вышэйшага парадку. Бессэнсоўнасці грамадзянскай вайны, усеагульнаму вынішчэнню і разбурэнню ў першай частцы цыклу, якая называецца «Радавыя сядзібы», супрацьпастаўляюцца старыя маёнткі ірландскай арыстакратыі.

Гэтая частка дэманструе месца дзеяння ўсяго цыклу: старая сядзіба, што дасталася ў спадчыну. Звычайна мы даруем паэтам лёгкія адступленні ад ісціны: дом з прыбудаванаю да яго вежай Ейтс не атрымаў у спадччыну, а набыў акурат напярэдадні вайны. Але паміж радкоў можна прачытаць думку пра зусім іншую спадчыну, пра спадчыну, што засталася ад вялікіх папярэднікаў Ейтса – арыстакратаў духу – Свіфта, Голдсміта, Бэрклі і інш. таму паэт і дазваляе сабе развагі пра матэрыяльную спадчыну мінулых гадоў. Ейтс аплаквае старыя традыцыі, якім не засталося месца ў новым свеце.
Радавыя сядзібы
Калі жыццё красуецца ў садах

Прысадамі ў прасодыі лістоты,

Сабой запаланяе ўвесь прасцяг,

Б’е цераз край, не ведае журботы, –

Яно вядзе свой векавечны шлях

Праз заняпады й велічныя ўзлёты,

Прымаючы такі ці іншы кшталт –

Адно каб не механістычны гвалт!


Ах, мары, эфемерныя, як здані!

Але калісьці мроіў і Гамер,

І марныя ў мінулым збудаванні

Каштоўнасцю здаюцца нам цяпер,

Чарупінаю з вірнае атхлані,

Што набывае казачны надмер

І ўвасабляе ў перлах і гагаце

Атрыманае ў спадчыну багацце.


Так найслыннейшыя валадары

Склікалі першых дойлідаў да працы,

І з іхніх крохкіх візіяў майстры

Стваралі адмысловыя палацы.

Але сканае гаспадар стары –

Адно мышам там суджана застацца.

У скрынях продкаў золата і спіж,

А спадкаемцам будзе толькі мыш.


А што калі ўсім гэтым сувенірам:

Старым тэрасам, стодам у садах,

Дзе месца ёсць дрыядам і сатырам,

Паўлінам, бо паўлін – Юноны птах;

Дзе сцежкі ўсе пасыпаныя жвірам,

Філосафы ў альтанцы знойдуць дах,

А юнакі – памкненні, мроі, ўздыхі, –

Адзіны лёс – быць люстрам нашай пыхі?


Што калі герб, надбрамны вартавы,

Які калісь аздобіў замак нечы;

Партрэт у галерэі радавы,

А на партрэце – вой шыракаплечы;

Шляхетная пасадка галавы

І шпацыр па паркеце – тыя рэчы,

Што нам прыносяць славу ці спакой, –

Адно выява марнасці людской?


Апяваючы шляхетнасць ды веліч былых гаспадароў старой сядзібы, паэт не забывае адзначыць, што нараджэнне гэтай велічы засноўвалася на гвалце і лютасці. Такі падыход не здаецца штучным: для Ейтса гэта непазбежная плата за любыя перамены. Разбурэнне не толькі сімвалізуе заканчэнне старога свету – на пазасталых абломках абавязкова нараджаецца новы, больш дасканалы свет: важна толькі правільна выкарыстоўваць тое, што дасталося ў спадчыну.
Шпакоўня пры маім акне
Дзе расхісталіся цагліны

Й мур разбурыўся спакваля,

Шпачыны гоман штохвіліны

Чуваць, – сюды, народ пчаліны,

Рыхтуй шпакоўню для вулля!
Нас мурам атачае стома

І доўга звесткі йдуць здаля.

Каго забілі альбо з дома

Пагналі – покуль невядома:

Рыхтуй шпакоўню для вулля!
Свет у вайну замілаваны;

Два тыдні – і ў крыві зямля.

Шукальнік славы і пашаны

Канае ад смяротнай раны:

Рыхтуй шпакоўню для вулля!
Мы затлумілі мрояй голаў,

Разлютаваліся пасля.

Нам полымя пякельных колаў

Бліжэй за міласць… Племя пчолаў,

Рыхтуй шпакоўню для вулля!
«Вежа» (1928) - найбольш аўтабіяграфічны і спавядальны зборнік Ў.Б. Ейтса. І своеасаблівы тэстамент-споведзь паэта – аднайменны верш «Вежа». Гэта – будаўніцтва сусвету ўнутры сябе і яго адкрыццё навакольнаму свету. Гэта – успамін пра тыя вобразы, якія пераследвалі паэта цягам усёй яго творчасці. Першая частка «Вежы» – згадка пра дзяцінства, калў «летні дзень бясконцы, як жыццё» і найлепшы спосаб прабавіць час – лоўля стронгі ў горным ручсаі, а разам з тым горкія роздумы пра непазбежны надыход старасці.

Палымяная і дзейная натура паэта не можа пазбавіцца «сабачага ахвосця», якім уяўляецца не толькі старэчае цела, але і вобразы, выпешчаныя фантазіяй цягам доўгіх гадоў, а таксама фальклорныя тэмы («чужое шкумаццё»), што адыгрывалі ў творчасці Ейтса немалую ролю. Некаторыя з іх ён з любасцю перабірае ў другой частцы твора.

Кожны з стракатай кампаніі прадстаўнікоў грландскага народа, апісаных Ўільямам Батлерам Ейтсам, - камень у падмурку яго вежы. З іх дапамогаю ў другой частцы твора Ейтс даследуе прыроду рэчаіснасці і таго актыўнага жыцця, якое аплакваецца ў першай частцы. Арыстакратычная інтанацыя верша сутыкаецца з простанароднай тэматыкай, адраджаючы згадкі пра легенды, чутыя ў дзяцінстве, і вобразы з ранніх твораў.

У трэцяй частцы Ў.Б. Ейтс развітваецца з тым рэальным, фізічным жыццём, якое аплаквае ў першай частцы і даследуе ў другой. Ён абвяшчае адмову ад фізічнага існавання на карысць духоўнага жыцця; адмову ад «гідкіх рэшткаў цела» на карысць стварэння, будаўніцтва духу па вобразе і падабенстве «сапраўднай», гэта значыць трансцэндэнтнай, веды, - гэта сваеасаблівы акт стварэння, гэта перабудова душы. Эмоцыі Ейтса падкрэсльвае і суцэльна «хатні» вобраз галак, які здавалася б, зусім не пасуе пафаснай кульмінацыі твора. Як яны – галінка за галінкаю – будуюць гняздо, так і паэт – «слой за слоем» цягам жыцця назапашваў «успаміны і вобразы», будуючы сваю духоўную вежу, каб цяпер, дабраўшыся да яе вяршыні, адмовіцца ад фізічнага жыцця і цалкам акунуцца ў сузіральнае, медытацыйнае існаванне.

Вобраз галак, што будуюць гняздо, перагукваецца з вобразам пчол, якія ляцяць, «у колішні дом шпака». Гэта не толькі самапаўтор, не толькі настойлівае жаданне падкрэсліць найгалоўнейшы ў тагачаснай творчасці Ейтса вобраз, але і трансляцыя будучым пакаленням настрою, што панаваў у сучасную яму эпоху.

Уільям Батлер Ейтс быў вельмі складанай постаццю ў англамоўнай паэзіі рубяжа стагоддзяў. Усё яго жыццё складалася з невырашальных дылем: ірландзец, які пісаў па-англійску, пратэстант у каталіцкай краіне, сімваліст, адкрыты навакольнай рэчаіснасці, нарэшце, нямоглы стары, што адчуваў у сабе вялізарны творчы патэнцыял.



Спроба вырашыць гэтыя дылемы была рухавіком яго творчасці. Нават калі б Ў.Б.Ейтс застаўся адно паэтам «кельтскага сутоння», ён ужо заслужыў бы права на некалькі радкоў у гісторыі літаратуры. Але паэзія, да якой ён імкнуўся і якой дасягнуў, паэзія бунту супраць рэчаіснасці і цывілізацыі і адначасова – апафеоз чалавечай асобы, пацвярджае яго права на годнае месца ў той «рукачыннай вечнасці», ўмя якой – Літаратура.


1 Мод Гон, прыўкрасная жанчына і палымяна захопленая палітыкай акторка, на працягу многіх гадоў была крыніцаю натхнення любоўнай лірыкі паэта. Каханне без узаемнасці правакавала напісанне вялікай колькасці любоўна-спавядальных тэкстаў. Амаль усе жаночыя вобразы паэзіі Ейтса неслі ў сабе альбо партрэтнае, альбоасацыятыўнае падабенства з Мод Гон.

2 Беларускія пераклады вершаў У.Б. Ейтса цытуюцца паводле: Крыніца, №12 (49), 1998.

3 Рис, А.и.Б. Наследие кельтов: древняя традиция в Ирландии и Уэльсе. М., 1999, с. 11

4 Deane, S. Celtic revivals. Essays in modern Irish literature. Boston, 1985, p 19

5Stock, A.G. W.B. Yeats: His Poetry and Thought. Cambrige, 1961, p.37

6Yeats, W.B. Dramatic Personae. L., 1939, p.177

7 У 1913 г. быў прыняты закон пра самастойнае кіраванне ў Ірландыі, але з нагоды распачатай ў 1914 годзе вайны правядзінне яго ў жыццё было адкладзенае. 24 красавіка 1916 г. у дубліне пачынаецца паўстанне, аб’яўленая незалежная Ірландская рэспубліка. Пазней гэтае паўстанне атрымала назву Вялікоднага тыдня. Рэспубліканцы пратрымаліся толькі да 29 красавіка. А на пачатку траўня былі пакараныя смерцю пятнаццаць лідэраў паўстання (сярод іх юрыст, аратар і паэт Патрык Пірс і паэт і драматург Томас Мак-Данах).

8 Yeats, W.B. The variorum edition of the poems. N.Y., 1957, p.820



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка