Марына Красата Лепш цяпер, чым ніколі




Дата канвертавання01.05.2016
Памер56.26 Kb.
Марына Красата

Лепш цяпер, чым ніколі

Цяжка падлічыць, колькі жыццяў знішчыла вайна, колькі надзей на шчаслівую будучыню не здзейснілася, колькі мар, спадзяванняў людзей было раструшчана. Сотні?.. Тысячы?.. Мільёны!

Мне здаецца, што не знойдзецца такой беларускай сям’і, у якой бы не пакінула свой след вайна. У маёй сям’і памяць пра тыя жудасныя гады таксама жыве да сённяшніх дзён.

Некалькі месяцаў назад мы пахавалі нашу дарагую і любімую ўсімі бабулю. Праз тыдзень пасля пахавання бабуля прыйшла да мяне ў незвычайным сне. Я адразу нават не пазнала яе, бо гэта была дзяўчына гадоў дванаццаці, у яркай сукенцы. Але больш за ўсё здзівілі блакітныя вочы, у якіх было такое пачуццё страху, што мяне аж затрэсла і я прачнулася. Чаму бабуля прыйшла да мяне? Чаму прыйшла ў выглядзе дзяўчыны? Адкуль гэты страх у вачах? Цэлы дзень я хадзіла, нешта рабіла, але з галавы не выходзіў дзіўны сон, пытанні, якія ўзніклі, калі прачнулася. А вечарам я прагадала сваю размову з бабуляй незадоўга да смерці і яе аповед пра сваё дзяцінства, якое прыйшлося на гады вайны. Бабуля ведала, што я ў школе з’яўляюся рэдактарам літаратурнага часопіса, і прасіла мяне напісаць пра яе ваеннае дзяцінства. Яна тады так і сказала: “Напішы, унучанька, няхай усе ведаюць, як тады нам жылося, няхай людзі перад тым, як брацца за зброю, падумаюць, што можа быць потым. Я не хачу, каб такое калі-небудзь паўтарылася”. І вось цяпер я зразумела, што незвычайны сон – гэта напамін мне выканаць просьбу бабулі. Прабач мне, бабуля, што я гэтага не зрабіла раней. Але лепш цяпер, чым ніколі.

…Чэрвень. Сонца. Рэчка. Вясковыя дзеці, шчаслівыя, радасныя, купаюцца, бегаюць галышом па пясчаным беразе Сажа. Дзевяцігадовая Ганна дамаўляецца з суседскім хлопчыкам Андрэем і яго малодшай сястрой Таняй пайсці заўтра раніцай у лес збіраць суніцы. Вясёлая Ганна прыбегла дадому і паведаміла ўсім, што заўтра пойдзе ў лес. Аднак маці і бацька не звярнулі ніякай увагі на словы дачкі. У іх вачах Ганна ўбачыла неспакой і спытала:


  • Вы што, не хочаце, каб я назбірала заўтра суніц?

Адказу на сваё пытанне Ганна не пачула. Раніцай ад Андрэя яна даведалася, што пачалася вайна. Што гэта такое, дзяўчынка ведала толькі з гульняў вясковых хлопцаў, якія часта вечарамі насіліся па вуліцы з самаробнымі аўтаматамі і “стралялі” адзін у аднаго.

…Верасень. Раніца. Сонца толькі ўзнялося над стрэхамі вясковых хат. Ганна прачнулася ад таго, што пачула на двары гучную размову на незнаёмай мове. З усіх слоў яна зразумела толькі “масла”, “яйкі”. Дзяўчына глянула ў акно і ўбачыла некалькі нямецкіх салдат і маці. Маці плакала і крычала:



  • Няма нічога, самім няма чаго есці! Учора вашы прыходзілі, усё забралі. Чым мне карміць чатырох дзяцей?

У адказ на гэта адзін салдат навёў на маці аўтамат! Ганна не магла глядзець на гэта, выскачыла на вуліцу, пачала крычаць, кінулася ў ногі нямецкаму салдату.

Салдат моўчкі схапіў дзяўчынку за валасы, падняў, паглядзеў злосна ў вочы і адкінуў убок, як непатрэбную рэч.

…Красавік. Поўдзень. Сонца высока ў небе пасылае свае цёплыя прамяні на адталую пасля зімы зямлю. Ганна з суседскім хлопцам Андрэем вырашылі схадзіць за рэчку, дзе знаходзіўся нямецкі аэрадром і шпіталь, паглядзець на самалёты. Каля шпіталя стаіць машына. Прывезлі параненых нямецкіх салдат. Вось выносяць аднаго. Салдат крычыць, плача, увесь у крыві. Усе вакол бегаюць, мітусяцца. Андрэй шэпча на вуха Ганне:



  • Так ім і трэба! Будуць ведаць, як здзекавацца з нашых людзей. Наша армія ўсё роўна пераможа іх!

…Кастрычнік. Цёплы восеньскі вечар. Маці ўкладвае дзяцей спаць. У хату заходзяць маладыя савецкія салдаты.

  • Гаспадыня, можа ў вас знойдзецца сякера? Нам трэба вогнішча распаліць, каб ежу прыгатаваць, - звяртаецца адзін да маці.

  • Канечне, ёсць. Даражэнькія мае, няўжо цяпер можна жыць без страху? Няўжо не трэба цяпер кожную хвіліну чакаць стрэлу, выбуху? Як жа мы доўга гэтага чакалі.

  • Не перажывай, гаспадыня. Цяпер будзе ўсё добра.

Салдат падышоў да стала, за якім сядзела Ганна, дастаў з кішэні некалькі цукерак і паклаў на стол.

  • Бяры, прыгажуня, еш.

  • Дзякуй. А немцы больш не вернуцца? – спытала Ганна ў салдата.

  • Не, прыгажуня, не бойся. Вас цяпер ніхто не будзе крыўдзіць.

Дзяўчынка Ганна, як вы здагадаліся, гэта мая бабуля. А хто ж такі суседскі хлопчык Андрэй? А гэта будучы муж маёй бабулі, мой дзед, якога я ніколі не бачыла, бо ён памёр яшчэ да майго нараджэння.

…Красавік. Раніца. Я крочу ў школу з радасным настроем. У маім рукзаку сярод сшыткаў і падручнікаў ліст паперы з успамінамі бабулі. Я ўпэўнена, што мы гэтыя ўспаміны надрукуем у нашым часопісе, а значыць, я выканаю апошнюю просьбу бабулі. Лепш цяпер, чым ніколі.



Дар’я Спірыдонава

Вайна ў лёсе маёй сям’і
Ніхто не ведае, як складзецца ягоны лёс, дзе і як пройдзе жыццё, ці будзе жыццёвы шлях шчаслівым. Гэта нельга прадбачыць і нельга змяніць. Хіба хацеў бы хто для сябе і сваіх родных дзяцінства, апаленага вайной, ці хацеў бы хто перажыць здзекі і нялюдскія адносіны карнікаў. Ні адна маці не аддала б сваё дзіця на здзек нелюдзям, ні адзін гаспадар не дазволіў бы чужынцам таптаць і знішчаць палеткі. Але перадвызначаць і змяняць лёс мы не можам, таму і пражываем жыццё так, як наканавана.

Вайна пакінула свой страшны след у сем’ях многіх людзей. Лёс маёй сям’і не з’яўляецца выключэннем. Зараз у нас няма вайны. Мы жывём у мірнай краіне. Пра вайну ў наш час засталіся толькі ўспаміны.

З успамінаў маёй прабабкі Клімковай Таццяны Іванаўны.

“Нарадзілася я 4 студзеня 1926 года ў вёсцы Бакаў Чэрыкаўскага раёна. У сям’і было шасцёра дзяцей: трое хлопцаў (Нікіфар, Пятрок, Сцяпан) і трое дзяўчынак (Вера, Елізавета і я). Тата мой памёр, калі я была зусім малая. Маці Ульяна вырасціла нас адна. Усе выраслі жывыя і здаровыя.



Ульяна (другая справа, сядзіць)

Калі пачалася вайна, мне было 15 гадоў. Браты ўсе пайшлі на вайну. Старэйшы брат Нікіфар трапіў у палон да немцаў. Пра гэта нам паведаміў Агееў Лукаш Фядосавіч з вёскі Прыпёчына. Лукаш уцёк з палону, а ў Нікіфара на ўцёкі ўжо не было сіл. Потым спрабавалі знайсці Нікіфара, але адусюль прыходзілі лісты з кароткімі словамі “прапаў без вестак”. Пятрок і Сцяпан вярнуліся з фронту пасля вайны жывымі і здаровымі.

Брат Нікіфар


Брат Пятрок



Брат Сцяпан

Страшна было ў часы вайны. Жылі мы ў вёсцы Бакаў ля Сажа. Немцы днём пагражалі зарадзіць куляй у лоб. Ноччу таксама хтосьці грукатаў у вокны. Калі немцы наступалі, фронт праходзіў якраз праз нашу вёску. Жыць даводзілася ў бліндажах. Вельмі цяжка прыходзілася, многія людзі загінулі ад снарадаў, прычым невядома ад чыіх. Прыйшлося ўцякаць у вёску Сакалоўка, дзе было спакайней. Прабылі там, пакуль фронт не прайшоў праз нашу вёску.

Тры гады давялося жыць пад немцамі. Усяго я, канешне, не памятаю. Але пра некаторыя моманты, калі даводзілася быць пад пагрозай смерці, магу расказаць. Так, давялося мне правяраць, ці замініравана дарога. Немцы вельмі баяліся, што могуць падарвацца на мінах, якія закладвалі партызаны. Для гэтага запрагалі каня з бараною і чалавек павінен быў весці па дарозе каня, скародзіць поле. Некалькі разоў прымушалі мяне рабіць “размініраванне”. На шчасце, усё абышлося, напэўна, такі ў мяне быў шчаслівы лёс.

Ганялі нас таксама на работу ў Слаўгарад, дзе мы насыпалі дарогу. Аднойчы, каб скараціць шлях да Слаўгарада, мы сышлі з дарогі і папалі на замініраваную тэрыторыю. Дзве дзяўчынкі, Дуня Дземянкова і Маша Хруберава, падарваліся на мінах. Астатнія цудам засталіся жывыя. Мне зноў пашанцавала.

Успамінаецца таксама, як даводзілася хаваць ад немцаў сястру Веру. Справа ў тым, што ў яе былі чорныя валасы, а значыць, немцы маглі палічыць яе яўрэйкай і забіць.



Сястра Вера

Калі немцы пачалі адступаць, мы ўсёй сям’ёй схаваліся ў лесе. Немцы ў гэты час былі злосныя, усё палілі, нават стагі сена на лузе. Спалілі і нашу хату. Таму пасля прыходу нашых войск і вызвалення давялося жыць у зямлянцы, пакуль не пабудавалі хату.”

Мне зараз нават цяжка ўявіць сабе, што давялося перажыць маёй прабабцы. Я не хачу, каб такое калі-небудзь паўтарылася. Спадзяюся, што ў будучым на нашай зямлі ніколі не будзе вайны.

Таццяна Іванаўна ў цяперашні час жыве ў вёсцы Сакалоўка Чэрыкаўскага раёна. Ёй 85 гадоў. У яе адна дачка, пяцёра ўнукаў, восем праўнукаў і нават адзін прапраўнук.

Лёс збярог нам цябе, мая любімая прабабка Таццяна, для таго, каб мы помнілі і ведалі ўсё, што табе давялося перажыць, для таго, каб мы жылі на гэтым свеце.



Таццяна Іванаўна (у цэнтры)




Таццяна Іванаўна


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка