Марына Цвятаева (Марина Цветаева) (1892 – 1947) Руская паэтка, празаік, перакладчыца. Пачатак творчасці Цвятаевай звязаны з колам маскоўскіх сімвалістаў




Дата канвертавання09.05.2016
Памер68.58 Kb.




Марына Цвятаева (Марина Цветаева) (1892 – 1947) Руская паэтка, празаік, перакладчыца. Пачатак творчасці Цвятаевай звязаны з колам маскоўскіх сімвалістаў. Пасля знаёмства з Валерыем Брусавым і Элісам паэтка ўдзельнічае ў дзейнасці гурткоў і студыяў пры выдавецтве “Мусагет”. На раннія творы Цвятаевай паўплывалі Някрасаў, Брусаў і Валошын.


Каменны анёл

(Каменный ангел)



П’еса ў шасці карцінах, у вершах

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:


АНЁЛ, сапраўдны, нямецкі, сумны.

АМУР, паляўнічы-прыгажун, mauvais sujet [1] – француз па духу, 18 гадоў.

ВЕНЕРА (яна ж МАЦІ ВЕРАНІКА), у 2-й карціне – старая вядзьмарка, у 4-й – велічная настаяцельніца, у 6-й – шаноўная зводніца.

АЎРОРА, нявіннае дзіця, дзве бялявыя касы.

УДАВА

СЛУЖАНКА


БАГАТАЯ НЯВЕСТА

МНІШКА сапраўдныя, як Бог казаў.

ВЯСЁЛАЯ ДЗЕЎКА

ГАНДЛЯРКА З ЯБЛЫКАМІ

ГАБРЭЙ

ГЕРЦАГІНЯ, прыгажуня, 20 гадоў.



МАЦІ БОЖАЯ, у зорным плашчы.

КАРЦІНА ПЕРШАЯ


КАЛОДЗЕЖ СВ. АНЁЛА
Германія XVI стагоддзя. Прырэйнскае мястэчка. Круглы пляцык. Пасярэдзіне калодзеж са статуяй св. Анёла. – Вечаровая зара. – Званы. – Да калодзежа падыходзіць трыццацігадовая Удава, з простых, у чорным, апускаецца на калені.
УДАВА

Божы анёле! Святы абаронца

Горада нашага!

Ужо год, як беднага мужа няма –

Пухам зямля гаротнаму!
А ў мяне шэсць душаў – і я сама!

Злітуйся над сіротамі!

Не магу галасіць па каханні –

Я ж не знатная пані!


Толькі знатнай за любым можна ў труну,

У капліцы біцца, як плачка.

Толькі знатнай за любым можна ў труну,

А мне толькі шыць, бо я швачка!


Ды каханне на могілкі зноў вядзе,

І не сесці пашыць сукенку.

А ці ведаеш, як у такой бядзе

Ужо трэцюю страціць кліентку?


Ледзь заплюшчу вочы – ўсё ён, усё ён –

І чым рукі заняць, не сцяміць мне!

Падаруй, анёле, душэўны сон,

Уратуй ад любоўнай памяці!


(Здымае з рукі два заручальныя пярсцёнкі).
Кіну два пярсцёнкі ў дар –

Мужаў і ўдавіцы.

Загаі любоўны жар

З чыстае крыніцы.


Каб пазбавіцца на золку

Гэтай цёмнай кары!

Апроч ніткі ды іголкі

Ні пра што не марыць!


(Кідае пярсцёнкі. Зачэрпвае каўшом вады. П’е. Жагнаецца. Сыходзіць).
Удаве на змену – шаснаццацігадовая Служанка, прыгожанькая, румяная, заплаканая, у сапраўднай Bauerntracht [2] таго стагоддзя.
СЛУЖАНКА

Мой лёс – патэльні ды нажы,

Вячэры ды сняданкі.

Святы анёле, памажы:

Я – бедная служанка!
Мне кожны ў доме – гаспадар,

Любая – гаспадыня.

Ды дзе схаваешся ад мар

Аб гаспадарскім сыне!


Каб толькі грубых рук не мець

І вопраткі служанцы!

Любоў – не сваха, толькі смерць

Нам выраўняе шанцы!


Але страшней за пекла мне,

Калі ў гаі спакусны

Блакітны строй яго мільгне,

Спакуслівыя вусны.


Ён мне пярсцёнак даў – сапфір –

Тайком ад графскіх дочак.

– Ты лепшая за ўсіх графінь,

Мой палявы званочак!


Святы анёле, патушы

Ў грудзях агонь нязгасны!

Хай назаўжды ў маёй душы

Памрэ паніч прыўкрасны!


(Кідае пярсцёнак. Зачэрпвае каўшом вады. П’е. Плача. Сыходзіць).
Ёй на змену – шыкоўна разадзетая, дзябелая, падобная да вялізарнай лялькі на колах – Багатая нявеста.
БАГАТАЯ НЯВЕСТА

Я – багатая нявеста:

Золата, лугі.

Цэлы свет мне ладзіць фэсты

З вернасцю слугі.
Голуб белы ў клетцы біўся,

Цвёў у ліпы – ліст.

Ах, на гора – палюбіўся

Мне жабрак-флейтыст.


Слёзы пырскаюць, бы з лейкі,

Толькі ўсё дарма.

Анічога, па-за флейтай,

За душой няма.


Колькі граць на ёй штодзённа

Стомленаму ўшчэнт,

Каб грашовенькі пярсцёнак

Для мяне – ў прэзент?


Сам бурмістр, таемны радца,

Сватаецца з год.

А я ведаю, вянчацца

З жабраком – не мёд.


Каб вадою вымыць чыста

Дурасць з галавы!

Можа, выцесніць флейтыста

Бургамістр сівы?


(Кідае пярсцёнак. Зачэрпвае каўшом вады. П’е. Жагнаецца – спадніца вакол як залаты вялізарны звон. – Сыходзіць).
Ён на змену – маладая – як васковая святая – Мнішка.
МНІШКА (апускаючыся на калені)

Не апусціш вачэй – віна:

Мне кахаць за-ба-ро-не-на!

Апускаю доўгія вейкі.

– Нібы стрэлы, – гаворыць нейкі.

Гэта Бог іх зрабіў такімі,

Каб я вочы хавала за імі!
І я вейкамі не хвалюся.

Я малюся, малюся, малюся,


Мой анёле… Ды сёння мне

Ў спавядальні ён кажа: “Што ты

Вечна змрочная, бы ў труне?

Бог не любіць такой журботы…

Ратаваць душу – гэта свята…

Не хавай сваіх вачанятаў!”


Мой анёле, вазьмі вянец –

Не паспела нічым запляміць…

Бо няма пярсцёнка ў мяне

Ад майго святара на памяць!


(Кідае вянок. Зачэрпвае каўшом вады. П’е. Сыходзіць).
Ёй на змену – загорнутая ў вялікую чорную хусціну – Вясёлая дзеўка. Размаляваная па бровы. Худая. Зграбная. Шляхетная.
ВЯСЁЛАЯ ДЗЕЎКА (цалуючы зямлю)

Святы анёле! Я твая раба.

Святы анёле, дні мае – гульба,

Мой грубы смех, мой голас рэжуць слых.

Але анёл – для ўсіх, вада – для ўсіх…
Бы кануў у ваду – не знала сну…

А толькі ночку з ім спала адну.

Святы анёле, ўсё даруй дачцэ:

Тры тузіны пярсцёнкаў у руцэ.


Бацькоў сваіх прадам, Хрыста прадам –

Але яго пярсцёнка не аддам!

А чорт з тваёй вадой – не змочыць губ!

Які з цябе анёл – каменны слуп!


(Шпурляе пярсцёнкі яму ў галаву – ад руху спадае хусціна – адкрываючы прыўкрасную з глыбокім дэкальтэ сукенку. Плюе ў калодзеж. Сыходзіць. Сыходзячы, спявае).
Ах, куды вясёлай дзеўцы

Ад слязы падзецца!

Як вадзе не ліцца,

Рэчцы не бруіцца!


Маляваць я не майстрыха,

Вусны ж маляваныя,

Бо прыродныя пакрыху

Вамі сцалаваныя!


Як я ў чэраве ў матулі

Ножкамі піхалася!

Прагла волі – падманулі,

Выйшла – закаха-а-алася!


(Апошнія словы за сцэнай).
Ёй на змену – Гандлярка з яблыкамі, цераз руку вялікі кош з яблыкамі, – сама як леташні чэрствы яблык.
ГАНДЛЯРКА З ЯБЛЫКАМІ

Яблыкі! Яблыкі!

Ру-мяныя яблыкі!
Быў у яблыні старой

Сын, румяны яблычак!


Як анёл. Акраса

Велічнага спасу.


Я яго валосікаў

Пасму ў студню кінула,

І з таго калодзежа

Гора п’ю няспынна я.


І ніяк не ўспомніць

У старэчым смутку

Ні вачэй, ні постаць –

Цёмны ці бялюткі…


У суседзяў справы.

Толькі я ў пакуце.

Чорны ці бялявы…

Хоць адзін бы кудзер…


Каб жа хоць у сне туманным –

Мой анёлак, зяблічак.

Каму яблычак румяны,

Каму яблычак!


(Уставаючы з калень, перакульвае ўвесь кош – часткова ў калодзеж, часткова на брукаванку пляца. Падбірае ацалелыя яблыкі ўсе да аднаго – плача – сыходзіць).
Пэўны час пляц пусты. Потым – здалёку – звонкі, лёгкі, шчаслівы крок. – Аўрора. Васямнаццаць гадоў. – Бялявыя валасы. Твар святлейшы за адзенне, вочы – за твар.
АЎРОРА

(высока закінуўшы галаву)
Прывітанне, мой анёл!

Гэта я.


Многа – ўніз – пярсцёнкаў?

Знізу – каўшоў?


Да цябе не па ваду,

Не з бядой,

Добрай ночы пажадаць

Я прыйшла.


(Ускоквае на край калодзежа – Анёл – вялізарны, яна – маленькая, становіцца на пальчыкі, абдымае Анёла за шыю рукамі, цалуе, куды дастае вуснамі).
Добрай ночы пажадаць

І сказаць:

Сёння ўвечары, як тыдзень таму,

Ад варот маіх пайшоў – з гарбузом! –

Васямнаццаты – па ліку – жаніх!
(Смяецца).
Зорка! – Пер’е да зямлі! – Відны пан!

Госць з Парыжу, да курфюрста. Ў слязах

На калена стаў адно. А я ў смех,

Гавару, што мой – вышэйшы жаніх!


(Адкінуўшыся назад – рукі ў Анёла на плячах – глядзіць на Анёла).
Ані руху, ані слова,

Маўчыш.


Адкажы, ці ты мне рады,

Жаніх?
Бо ўвесь горад затрубіў

– Тру-ту-ту! –

Што ў нябёсах я

Нявеста табе!
Ўвесь калодзеж асушу –

Не забыць!

А калі пярсцёнак кіну –

Ўсплыве!
Бо мой лёс – цябе кахаць

Аднаго,

Да апошніх дзён сусвету –



Кахаць!
(Хаваецца яму пад крыло. Потым, здымаючы з рукі пярсцёнак).
Вось на руку табе пярсцёнак,

Пярсцёнак срэбны, як сляза.

Калі пярсцёнак пачарнее –

Хутчэй ляці, бо я ў бядзе.


Ляці, пакуль не зломіш крылаў,

А зломіш – пехатой ідзі.

А знойдзеш мёртваю – то ведай:

Я вернаю табе была.


(Надзявае яму на руку пярсцёнак, цалуе руку).
Заслона.

[1] Ветрагон (фр.)

[2] Сялянскае адзенне (ням.)
пераклад з расійскай – Андрэй Хадановіч

© Андрэй Хадановіч, пераклад, 2010




prajdzisvet.org


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка