Маніторынг развіцця сытуацыі ў беларусі лістапад 2008 – верасень 2010




Дата канвертавання15.03.2016
Памер245.65 Kb.
МАНІТОРЫНГ РАЗВІЦЦЯ СЫТУАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ

ЛІСТАПАД 2008 – ВЕРАСЕНЬ 2010



АСНОЎНЫЯ ПАЛАЖЭННІ І РЭКАМЕНДАЦЫІ

13 кастрычніка 2008 г. Савет Еўрапейскага Саюза вырашыў прыпыніць дзейнасць візавых санкцый супраць некалькіх высокіх беларускіх чыноўнікаў. У кастрычніку 2010 ЕС зноў будзе пераглядаць сваё рашэнне і свае далейшыя стасункі з беларускім урадам. З пачатку перыяду дыялогу больш за пяцьдзесят беларускіх і міжнародных арганізацый1 супольна рыхтавалі справаздачы пра асноўныя падзеі ў Беларусі дзеля таго, каб палітыкі ЕС мелі самую актуальную інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Гэтая сёмая справаздача прадстаўляе рэкамендацыі па палітыцы ЕС у дачыненні да Беларусі і крытэры, па якіх можна ацэньваць прагрэс у краіне, падсумоўвае галоўныя падзеі перыяду дыялогу і, у прыватнасці, нядаўнія падзеі.


Змены ў палітыцы Еўрасаюза былі крокам наперад у стасунках з Беларуссю і паспрыялі пэўным “касметычным” паляпшэнням становішча з правамі чалавека. Сімвалічныя крокі беларускага ўраду ў бок лібералізацыі за першы год дыялогу далі падставу спадзявацца на далейшае паглыбленне і развіццё інстытутаў, заканадаўства і практык, скіраваных на папляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Але на працягу 2010 года сітуацыя значна пагоршылася, асабліва становішча таго сегменту грамадзянскай супольнасці, які можа прымаць актыўны ўдзел у надыходзячай выбарчай кампаніі. Спрабуючы вырашыць цяперашнія кароткатэрміновыя ўнутраныя праблемы, беларускі ўрад быў зацікаўлены ў тым, каб зрабіць асобныя саступкі палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці і атрымаць ухваленне з боку ЕС у 2009 г., аднак ён не прадэманстраваў жадання ажыццявіць сапраўдныя дэмакратычныя рэформы ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў-2010.
Адным з негатыўных аспектаў гнуткай ацэнкі ЕС сітуацыі на Беларусі за апошнія два гады з’яўляецца яе непаслядоўнасць. Вызначэнне прыярытэтаў у палітыцы з Беларуссю, распрацоўка пакрокавай “дарожнай мапы” і наданне працэсу празрыстасці ў выглядзе зваротнай сувязі з боку ЕС карысна паўплывала б на стасункі з беларускім урадам і паспрыяла б усталяванню больш станоўчага іміджу перыяду дыялогу сярод грамадзян Беларусі. Больш рознабаковы разгляд сітуацыі ў Беларусі, замест засяроджвання на сімвалічных візавых санкцыях, накіраванне абмежаванняў на шырэйшае кола асобаў, вінаватых у парушэнні правоў чалавека, закрананне рэпрэсіўнага апарату ў цэлым і патрабаванне адказнасці за суб’ектыўныя судовыя рашэнні таксама зрабілі б палітыку ЕС больш плённай.
Беларуская грамадзянская супольнасць прапануе наступныя пяць рэкамендацый з мэтай садзейнічаць больш грунтоўным і паслядоўным зменам:


  1. Не адмяняць візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, пакуль не будзе грунтоўнага прагрэсу ў паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі2.

  2. Працягнуць назіранне за сітуацыяй у Беларусі і часова прыпыніць дзеянне санкцый на наступныя шэсць месяцаў, каб ахапіць прэзідэнцкую выбарчую кампанію і магчымыя рэпрэсіі пасля яе. Узнаўленне санкцый у гэты момант пазбавіць ЕС якога-кольвек уплыву на Беларусь.

  3. Распрацаваць інструмент, які дазволіў бы больш эфектыўна прымяняць сістэму санкцый падчас і пасля выбарчай кампаніі – пашырэнне спісу вінаватых у парушэннях правоў чалавека, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, больш гнуткі працэс актуалізацыі спісу, абмежаванне кантактаў на вышэйшым узроўні.

  4. Падрыхтаваць даклад па сітуацыі ў Беларусі і ацэнку эфектыўнасці палітыкі ЕС за перыяд дыялогу па канкрэтных крытэрах, а таксама даць магчымасць грамадзянскай супольнасці зрабіць свой унёсак. Беларуская грамадзянская супольнасць мусіць мець магчымасць садзейнічаць, каментаваць і рабіць свой унёсак у дыялог паміж ЕС і Беларуссю на ўсіх яго этапах.

  5. Падчас прыняцця рашэнняў па эканамічным супрацоўніцтве, інвестыцыях і крэдытах як самых дзейных стымулах зважаць на сітуацыю з парушэннямі правоў чалавека. Рэпрэсіўныя інстытуты (такія, як Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Пракуратура, мясцовыя выбарчыя камісіі, судовыя інстанцыі) не павінны атрымліваць падтрымку, якая дазволіла б пашырыць ім свае рэпрэсіўныя дзеянні. У той жа час, адэкватная дапамога беларускім уладам, скіраваная на адаптацыю і правядзенне рэформ, павінна быць павялічана.


СВАБОДА СЛОВА

Цяперашнія ўмовы ў краіне не дазволяць беларускім СМІ даць выбаршчыкам аб'ектыўную і актуальную інфармацыю і стаць пляцоўкай для адкрытага абмеркавання перадвыбарных праграм розных кандыдатаў.




Новыя законы

Указ № 60, які ўступіў у сілу 1 ліпеня 2010 г., ахоплівае “шырокае кола сфер, звязаных з Інтэрнет”3. Ён рэгулюе электронную камерцыю і электронныя паслугі, якія прадастаўляюцца кампаніямі, заснаванымі ў Рэспубліцы Беларусь, уводзіць агульныя стандарты для сайтаў дзяржаўных устаноў, а таксама змяшчае шэраг палажэнняў, скіраваных на абарону аўтарскіх правоў і барацьбу з пірацтвам у Інтэрнеце. Тым не менш, указ таксама прадугледжвае новыя магчымасці абмежавання прыватнай свабоды карыстальнікаў. У адпаведнасці з пастановай4, усе прылады для доступу ў Інтэрнет (камп'ютэры і мабільныя тэлефоны), а таксама ўсе карыстальнікі інтэрнет-кафэ павінны быць ідэнтыфікаваныя і зарэгістраваныя сервіснымі інтэрнет-правайдэрамі. Правайдэрамі мусяць захоўвацца ўсе дадзеныя па карыстанні Інтэрнетам на працягу года, і, калі ўзнікне такая неабходнасць, гэтая інфармацыя мусіць быць прадастаўлена праваахоўным органам на іх запыт. Указ таксама патрабуе ад інтэрнет-правайдэраў блакаваць доступ да любога вэб-сайта на працягу 24 гадзін пасля таго, як гэтага запатрабуюць дзяржаўныя органы. Падпісанне ўказа Прэзідэнтам было ахарактарызаванае Лутц Гэльнерам, прэс-сакратаром Вярхоўнай прадстаўніцы ЕС Кэтрын Эштан, як «вельмі заўважны крок у няправільным накірунку» 5.



Рэгістрацыя выданняў і свабоднае распаўсюджванне інфармацыі
Працэс перарэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, які быў абумоўлены прыняццем новага Закона аб СМІ і якога ўсе так апасаліся, скончыўся 8 лютага 2010 г., не прывёўшы ні да якіх палітычна матываваных адмоў у рэгістрацыі. У той жа час, з лютага прынамсі васьмі новым недзяржаўным газетам было адмоўлена ў рэгістрацыі, бо Міністэрства інфармацыі ўвяло дадатковыя абмежаванні на рэгістрацыю новых сродкаў масавай інфармацыі, якія не прадугледжваліся Законам аб СМІ. Дзесяць незалежных выданняў да гэтага часу не маюць магчымасці распаўсюджвацца праз “Белсаюздрук”, дзяржаўнага манапаліста ў галіне рознічнага распаўсюду прэсы, а таксама не ўключаныя ў каталог падпіскі “Белпошты”. Апроч таго, вядомыя незалежныя газеты “Народная воля”, “Наша Ніва”, “Салідарнасць” і “Новы час” атрымалі некалькі неабгрунтаваных папярэджанняў ад Міністэрства інфармацыі, што стварае пагрозу іх закрыцця альбо прыпынення іх дзейнасці ў любы момант, калі існаванне гэтых выданняў стане нязручым для ўладаў падчас выбарчай кампаніі, якая хутка мае адбыцца.
Акрэдытацыя замежных СМІ


На 11 лістапада 2009 г. МЗС Беларусі зарэгістравала Еўрапейскае радыё для Беларусі і дазволіла яму на адзін год адкрыць у Мінску свой офіс. У той жа час, 8 снежня МЗС Беларусі другі раз адмовіла ў рэгістрацыі “Белсату” - польскаму спадарожнікаваму тэлеканалу, які вяшчае на беларускай мове, - матывуючы сваё рашэнне тым, што яго карэспандэнты раней рабілі рэпартажы з Беларусі без афіцыйнай рэгістрацыі і акрэдытацыі.


Перашкоды для незалежных журналістаў


Міліцыя правяла серыю ператрусаў і допытаў журналістаў у сувязі з расследаваннем справы па позве, пададзенай былым старшынём КДБ Гомельскай вобласці 31 снежня 2009 г., датычна распаўсюду ў Інтэрнеце непраўдзівай і зневажальнай для яго інфармацыі. Прафесійнае абсталяванне журналістаў з «Хартыі-97», «Народнай волі» і «Новой газеты», якія з'яўляюцца сведкамі па дадзенай справе, было канфіскавана. Рэпрэсіўныя захады былі таксама ўжыты да Івана Шульгі, які ў лютым 2010 года адбыў 10-суткавае адміністрацыйнае пакаранне па абвінавачанні ў «дробным хуліганстве». Усе вышэйзгаданыя журналісты з'яўляюцца сябрамі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» - адзінага афіцыйна зарэгістраванага незалежнага аб'яднання журналістаў. Якое, у сваю чаргу, 13 студзеня 2010 года атрымала папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі, падтрыманае Вярхоўным судом, што ставіць Асацыяцыю пад пагрозу закрыцця пры здзяйсненні любога самага нязначнага парушэння. Міністэрства звярнула ўвагу БАЖ на недапушчальнасць размяшчэння слова «Прэса» на пасведчаннях яго сябраў, на неадпаведнасць дзейнасці яго Цэнтра прававой абароны СМІ статуту арганізацыі, а таксама на адрозненне мэтаў БАЖ, прадстаўленых на вэб-сайце арганізацыі, ад тых, што пазначаны ў статуце.

СВАБОДА СХОДАЎ

Урад працягвае рэгулярна прыгнятаць і перашкаджаць правядзенню тых грамадскіх сустрэч, у якіх бяруць удзел альбо якія ладзяць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі. За справаздачны перыяд адбылося прынамсі 90 выпадкаў затрымання, па меншай меры 10 адміністрацыйных арыштаў за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях і прынамсі 45 выпадкаў накладання адміністрацыйных штрафаў. Але толькі на 4 з 15-і заявак на правядзенне дэманстрацыі быў дадзены станоўчы адказ. Дзесяць з 11-і несанкцыянаваных дэманстрацый былі «жорстка разагнаныя беларускімі сіламі бяспекі, многія з прадстаўнікоў якіх адмовіліся назваць сябе, а дэманстранты падвяргаліся пераследу, фізічнаму гвалту, затрыманням і арыштам. Акрамя таго, часта рабіліся спробы перашкодзіць сродкам масавай інфармацыі асвятляць гэтыя падзеі, што з'яўляецца парушэннем беларускага заканадаўства», - адзначыла палітычная дарадца Кейсі Крыстэнсэн з Місіі АБСЕ ЗША ў сваёй заяве па свабодзе сходаў у Беларусі. Дзве сустрэчы, арганізаваныя патэнцыйным кандыдатам ў прэзідэнты Яраславам Раманчуком, былі сарваныя супрацоўнікамі міліцыі, што з'яўляецца трывожным прэцэдэнтам ўмяшання ў перадвыбарчую агітацыю.



ЗМЕНЫ Ў ВЫБАРЧЫМ ЗАКАНАДАЎСТВЕ

Новы Выбарчы кодэкс уступіў у сілу 4 студзеня 2010 года. У сваім сумесным меркаванні аб унесеных папраўках, апублікаваным 4 чэрвеня 2010 г., Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права і Бюро па Правах Чалавека / АБСЕ адзначаюць, што «папраўкі з'яўляюцца крокам у напрамку ліквідацыі некаторых хібаў у выбарчым заканадаўстве Беларусі, хоць яны наўрад ці могуць вырашыць асноўную праблему, якая палягае на тым, што заканадаўчая база для правядзення выбараў у Беларусі па-ранейшаму недастатковая, каб забяспечыць аснову для сапраўды дэмакратычных выбараў» 6 . У прыватнасці, папраўкі не закранулі такіх ключавых праблем, як забеспячэнне празрыстасці пры падліку галасоў і прадастаўленне магчымасці для канструктыўнага назірання за галасаваннем, падлікам галасоў і падвядзеннем вынікаў.


Прымяненне паправак падчас красавіцкіх выбараў у мясцовыя саветы засведчыла, што з часоў мінулых выбараў мала што змянілася. Мясцовыя назіральнікі7 адзначылі, што:


• Склад мясцовых камісій застаецца практычна нязменным, нягледзячы на прыняцце заканадаўчых зменаў, скіраваных на забеспячэнне палітычнай разнастайнасці і грамадзянскага прадстаўніцтва.

• Ніводная заява аб змене складу выбарчых камісій не была задаволена.

• Паседжанні выбарчых камісій адбываліся непразрыста, а часам таемна.




• Партыі паведамлялі пра выпадкі ціску і рэпрэсій супраць іх і іх актывістаў/ кандыдатаў8.


• Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі прысвячалі мінімальны час асвятленню выбараў.


• Друкаваныя агітацыйныя матэрыялы і папярэдне запісаныя прамовы падвяргаліся цэнзуры з боку мясцовых уладаў і сродкаў масавай інфармацыі.


• Паўнавартаснае назіранне за падлікам галасоў было немагчыма.

• Памылкі і парушэнні (часам грубыя) былі здзейснены падчас падліку галасоў.




Як сваё агульнае меркаванне, АБСЕ/ Бюро па Правах Чалавека і Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права падкрэслілі, што «якасць будучых выбараў у Беларусі будзе залежаць не толькі ад якасці заканадаўства, але і ад сумленнага выканання ўсіх заканадаўчых актаў».

СВАБОДА АСАЦЫЯЦЫЙ І СТАН НЯЎРАДАВЫХ АРГАНІЗАЦЫЙ

12 траўня 2010 г., падчас сесіі Савета па правах чалавека ў рамках Універсальнага Перыядычнага Агляду ААН, беларуская дэлегацыя прадставіла даклад, сцвярджаючы, што ў Беларусі няма праблем са свабодай асацыяцыі і «колькасць арганізацый грамадзянскай супольнасці расце»9. Хоць урад кансультаваўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ў працэсе падрыхтоўкі даклада, яго высновы супярэчаць вынікам даследаванняў грамадзянскай супольнасці. Напрыклад, колькасць наноў зарэгістраваных арганізацый, па сутнасці, застаецца той жа. Папраўкі да Закона аб палітычных партыях і Закона аб грамадзянскіх асацыяцыях, якія ўступілі ў сілу 5 лютага 2010 г., стварылі больш шырокія магчымасці для адмовы ў рэгістрацыі на надуманых падставах. 6 студзеня 2010 года Прэзідэнт выдаў указ, паводле якога ўрад павінен распрацаваць Закон аб некамерцыйных арганізацыях10. Канцэпцыя гэтага новага заканадаўчага акту пакуль невядомая: існуе небяспека, што ён можа пагоршыць умовы дзейнасці для такіх форм некамерцыйных арганізацый, як установы і саюзы юрыдычных асобаў, якія выкарыстоўваліся беларускімі грамадзянскімі актывістамі як апошні шанец надаць сваёй дзейнасці легальны статус.

Агляд зарэгістраваных арганізацый


18-19 траўня 2010 г. былі праведзены ператрусы ў кватэрах і офісах грамадзянскіх актывістаў у больш чым 20 гарадах Беларусі. Дзесяткі людзей падвяргаліся адвольным затрыманням; абсталяванне, дакументы і грошы ўстановы «Рух наперад», дабрачыннага фонда «Шчырасць» і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» былі канфіскаваныя. Актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, Уладзімір Някляеў і Сяргей Вазняк былі затрыманыя ў якасці падазраваных у рамках крымінальнай справы па артыкуле 250 «Распаўсюд ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах». Усе яны застаюцца падазраванымі па справе. Кампанія «Гавары праўду» была ініцыяваная зарэгістраванай установай «Рух наперад». Падчас судовага паседжання 28 ліпеня 2010 года Эканамічны суд прызнаў размяшчэнне офіса і юрыдычны адрас установы незаконнымі, што, хутчэй за ўсё, прывядзе да яе ліквідацыі. Пазбаўленыя статусу рэгістрацыі, актывісты кампаніі могуць сутыкнуцца з пагрозай быць абвінавачанымі ў дзеяннях ад імя незарэгістраванай арганізацыі, у адпаведнасці з артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэксу.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №510 ад 16 кастрычніка 2009 года, кожныя шэсць месяцаў Камітэт дзяржаўнага кантролю абавязаны рыхтаваць план мерапрыемстваў па праверцы дзеянняў розных установаў, якія будуць ажыццяўляцца рознымі дзяржаўнымі органамі. У адпаведнасці з планам на другую палову гэтага года, апублікаваным 14 чэрвеня 2010 года, больш за 20 буйных грамадзянскіх арганізацый11 падлягаюць такім праверкам, у асноўным з Міністэрства па падатках. Большасць інспекцый запланавана на кастрычнік і лістапад — верагодны час прэзідэнцкай кампаніі. Характэрна, што толькі адна такая праверка адбылася ў першай палове гэтага года. У арганізацыі «Экадом», «Зялёная Сетка» і Беларускі камітэт «Дзеці Чарнобыля» ужо прайшлі інспекцыі, у выніку якой апошняя з пералічаных можа падпасці пад сур'ёзныя штрафы.


У выніку афіцыйнай інспекцыі папулярнай апазіцыйнай партыі «Беларускі Народны Фронт» у чэрвені-жніўні 2010 года прызначэнне сябра партыі Рыгора Кастусёва кандыдатам у прэзідэнты было прызнана несапраўдным. Партыя і яе грамадская арганізацыя таксама атрымала афіцыйнае папярэджанне ад Міністэрства юстыцыі, якое таксама распачало праверку Магілёўскай і Гомельскай філій партыі. Такія дзеянні ствараюць відавочныя перашкоды для правядзення палітычных кампаній напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.


Патрабаванне наяўнасці юрыдычнага адрасу ў офісных будынках з камерцыйнымі стаўкамі арэнды працягвае быць праблематычным як для новых, так і для старых аб'яднанняў: у шэрагу выпадкаў гэты чыннік спрыяў спыненню дзейнасці арганізацый. Напрыклад, Барысаўскі філіял НДА «Дзеці ў нядолі» быў змушаны спыніць сваю дзейнасць у красавіку 2009 года, бо ўжо не мог аплачваць арэнду памяшкання. З красавіка 2009 года Партыя БНФ, адна з вядучых апазіцыйных палітычных партый Беларусі, змагаецца, каб працягнуць арэнду сваёй штаб-кватэры у Мінску. Арганізацыя некалькі разоў беспаспяхова звярталася да мясцовых уладаў, каб тыя субсідавалі іх арэндную плату. Апошнюю адмову БНФ атрымаў у жніўні 2010 года.


Адмова ў рэгістрацыі


Нягледзячы на выбары, што хутка маюць адбыцца, у першым паўгоддзі 2010 года 68 новых грамадскіх аб'яднанняў і 10 фундацый атрымалі рэгістрацыю, што, згодна статыстыцы, з'яўляецца сярэднім паказчыкам ўзроўню рэгістрацыі арганізацый у Беларусі. Тым не менш, юрыдычны статус застаецца недасягальнай раскошай для палітычных і праваабарончых арганізацый. Сярод арганізацый грамадзянскай супольнасці, чые заявы аб рэгістрацыі былі адхіленыя за справаздачны перыяд, наступныя: моладзевая арганізацыя «Малады фронт» (1 красавіка 2010, трэцяя адмова), Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднанняў (12 лютага 2010, трэцяя адмова), незалежны прафсаюз “Разам” (25 студзеня 2010, трэцяя адмова) і “Брэсцкая Вясна” (жнівень 2010, сёмая адмова). У рэгістрацыі таксама адмоўлена моладзевай грамадзянскай асацыяцыі “Маладая Бацькаўшчына” і Беларускаму аддзяленню Міжнароднай хельсінкскай асацыяцыі па правах чалавека. Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, грамадскае аб'яднанне "Спадчына", грамадскае аб'яднанне "Залаты леў", арганізацыі "Брэсцкая Вясна", Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый і моладзевая арганізацыя "Малады фронт" падалі апеляцыю ў Вярхоўны суд, але рашэнне Міністэрства юстыцыі было пацверджана ва ўсіх выпадках.
30 траўня 2010 г. адбыўся чарговы, сёмы па ліку, устаноўчы сход “Маладога фронту”, які планаваў у чацвёрты раз падаць заяву на рэгістрацыю, гэтаксама як і арганізацыя “Моладзь БХД”, што зладзіла свой ўстноўчы сход 22 траўня 2010. Аднак «Малады фронт» не здолеў знайсці памяшкання ў арэнду, каб атрымаць юрыдычны адрас, і, такім чынам, не змог падаць заяўкі. Гомельскае аддзяленне арганізацыі «За свабоду» падало дакументы на рэгістрацыю ў ліпені 2010 года.

Артыкул 193-1 і пераслед незарэгістраваных арганізацый


Урадавыя заявы восенню 2009 года аб магчымасці перагляду артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу, які забараняе дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, не прывялі ні да якіх канкрэтных крокаў. З 2006 года 17 чалавек былі асуджаныя ў адпаведнасці з гэтым артыкулам.
Артыкул выкарыстоўваўся для адвольнага застрашэння грамадзянскіх актывістаў, асабліва сярод моладзі, і разахвочвання людзей ад удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. Сярод апошніх выпадкаў выкарыстання артыкула 193-1— пракурорскае папярэджаньне Івану Стасюку аб магчымым прыцягненні да крымінальнай адказнасьці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Пачынаючы з канца красавіка хваля ператрусаў і канфіскацый у офісах і кватэрах журналістаў, праваабаронцаў, грамадзянскіх і палітычных актывістаў пракацілася па ўсёй краіне. Ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі адбыліся ў кватэрах актывістаў, якія ўдзельнічаюць у назіранні за выбарамі ад імя незарэгістраванай арганізацыі па абароне правоў чалавека “Наша Вясна” ў Наваполацку і Рэчыцы.

СЫТУАЦЫЯ З ІНШЫМІ ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА

Апраўдальны прысуд у дачыненні да двух актывістаў, якіх раней абвінавацілі ва ўхіленні ад вайсковай службы, і звальненне гэтых двух актывістаў з арміі па стане здароўя вітаецца. Тым не менш, гэтыя выпадкі могуць разглядацца толькі ў якасці адзінкавых станоўчых прыкладаў дзеянняў уладаў, бо абмежаванні асноўных свабодаў і палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да маладых палітычных і грамадскіх актывістаў, а таксама рэлігійных і этнічных меншасцяў працягваюць выклікаць заклапочанасць.


Этнічныя меншасці


У студзені 2010 года канфлікт паміж прадстаўнікамі непрызнанага Саюза палякаў, які падтрымліваецца польскімі ўладамі, і іх афіцыйна прызнанымі калегамі у дачыненні памяшкання Саюза ў вёсцы Івянец Мінскай вобласці скончыўся масавымі арыштамі і канфіскацыяй памяшканняў на карысць афіцыйна прызнай уладамі суполкі палякаў. Пасля таго, як крымінальная справа ў дачыненні да Тэрэзы Собаль, былой кіраўніцы Польскага дома ў Івянцы, была прыпынена 2 разы, яе зноў аднавілі 5 жніўня 2010г.


Абавязковая вайсковая служба


Іван Міхайлаў і Зміцер Смык — першыя два беларускія грамадскія актывісты, якія былі абвінавачаныя ва ўхіленні ад вайсковай службы і прызнаныя невінаватымі 9 сакавіка 2010 года і 31 траўня 2010 адпаведна. Тым не менш, 4 чэрвеня 2010 г. Гомельскі Цэнтральны раённы суд асудзіў Яўгена Якавенку, актывіста незарэгістраванай партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, да 1 года абмежавання волі. Гэты ж суд апраўдаў Змітра Смыка за адмову служыць у войску, пакуль яму не дашлюць паведамленне на беларускай мове. Гэтае рашэнне было падтрымана Гомельскім абласным судом 22 ліпеня 2010 г.


Іван Шыла і Франак Вячорка, моладзевыя актывісты, якія былі прызваныя ў войска па палітычных матывах, былі звольненыя з вайсковай службы па стане здароўя 3 снежня 2009 г. і 14 красавіка 2010 г. Зміцер Хведарук, Андрэй Цянюта, Алесь Краўчэня і Яўген Скрабец, які былі прызваныя ў войска пры падобных абставінах, па-ранейшаму там служаць. Яшчэ адзін актывіст, Станіслаў Рамановіч, быў прызваны ў войска 28 ліпеня 2010 па палітычных матывах.

Палітвязні


Пратрымаўшы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Уладзіміра Асіпенку, Мікалая Аўтуховіча, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына пад вартай больш за год, 6 траўня 2010 г. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь прызнаў спадароў Асіпенку, Аўтуховіча і Ларына вінаватымі ў «незаконных дзеяннях з выбуховымі рэчывамі, агнястрэльнай зброяў і боепрыпасамі», а сп-ра. Казлова — у «бяздзейнасці». Аляксандар Ларын, Уладзімір Асіпенка і Мікалай Аўтуховіч быў асуджаныя на 5, 3 і 3 гады пазбаўлення волі адпаведна, Міхаіл Казлоў — на 2 гады. Справа разглядалася ў Вярхоўным судзе ў якасці суда першай інстанцыі, што пазбавіла абвінавачаных права на абскарджанне, у парушэнне артыкулаў 2 і 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Аналіз доказаў не дае падставаў лічыць іх дастатковымі для вынясення абвінаваўчага прысуду12. Як заявіла Human Rights Watch, «заключэнне трох актывістаў, хутчэй за ўсё, звязана з іх актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.»
Сярод іншых актывістаў апазыцыі, абвінавачаных па палітычных матывах,— Алег Сурган (асуджаны 19 лютага 2010 г. Кастрычніцкім судом Віцебскай вобласці на 6-месячнае заключэнніе пад варту за супраціў пры арышце за вывешванне бела-чырвона-белага сцяга) і Сяргей Каваленка, актывіст Беларускай Партыі БНФ (14 траўня 2010 года Кастрычніцкі раённы суд Віцебска асудзіў яго на 3 гады абмежавання волі за вывешванне бела-чырвона-белага сцяга на гарадскую навагоднюю елку).


У красавіку 2010 была ўзбуджана крымінальная справа па махлярстве супраць вядомага палітыка Алеся Зарэмбюка, які вылучаўся кандыдатам падчас мясцовых выбараў. Сяргей Панамароў, ініцыятар і каардынатар рэгіянальнага вэб-сайта Клецка і незалежнай газеты «Бойкий Клецк», быў абвінавачаны ў паклёпе на службовую асобу па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксe. Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў і Таццяна Цішкевіч, якія былі асуджаныя на абмежаванне волі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у студзені 2009 года, дагэтуль не атрымалі ўмоўна-датэрміновага вызвалення і мусяць заставацца за мяжой, асцерагаючыся крымінальнага пераследу. Вязень сумлення Максім Дашук працягвае адбываць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі за ўдзел у несанкцыянаваных дэманстрацыях у траўні 2008 г. пасля таго, як тэрмін дзеяння яго пакарання быў падоўжаны на 10 месяцаў (да верасня 2010 г.) з-за меркаванага парушэння ўмоваў адбыцця пакарання.

Смяротнае пакаранне

У Беларусі працягваецца ўжыванне смяротнага пакарання. Выкананне прысуду Андрэю Жуку і Васілю Узэпчуку, якія былі асуджаныя ў мінулым годзе, адбылося ў сакавіку 2010г., не гледзячы на той факт, што Камітэт ААН па правах чалавека накіраваў просьбы аб ужыванні часовых мераў абароны. Яшчэ два прысуды да смяротнага пакарання былі вынесеныя судом Гродненскай вобласці Андрэю Балыку і Алегу Грышкаўцу13. У адказ на гэта 29 красавіка 2010г. Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы вырашылі прыпыніць сваю дзейнасць па кантактаванні на высокім узроўні з беларускімі парламентам і ворганамі дзяржаўнай улады, адзначыўшы “адсутнасць прагрэсу” ў дачыненні да стандартаў Савета Еўропы і “адсутнасці палітычнай волі” з боку ўладаў далучыцца да каштоўнасцяў арганізацыі.14.



Высновы

Фундаментальныя грамадзянскія і палітычныя правы ў краіне істотна абмяжоўваюцца. Пераслед грамадскіх актывістаў, недзяржаўных арганізацый, незалежных журналістаў і дэмакратычных палітыкаў, як падаецца, будзе нарастаць з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў. Няроўныя эканамічныя умовы, заканадаўча абмежаваны доступ да інфармацыі, непразрыстыя і дыскрымінуючыя рашэнні па акрэдытацыі журналістаў і заганныя палажэнні заканадаўства па паклёпу і барацьбе з экстрымізмам працягваюць стрымліваць развіццё незалежных медыя ў Беларусі. Працягваецца практыка адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі ўплывовым НДА, аказваецца ціск на прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, рэгулярна ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных дэманстрацый выкарыстоўваецца празмерная сіла, мае месца пераслед моладзевых актывістаў і грамадзянская супольнасць застаецца маргіналізаванай. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці асуджаюць такога роду рэпрэсіўныя практыкі і заклікаюць Еўрапейскі Саюз улічыць непавагу беларускімі ўладамі дэмакратычных каштоўнасцяў, на якіх заснаваны ЕС, пры распрацоўцы стратэгіі ўзаемадачыненняў з краінай. А таксама яны настойваюць на тым, каб дэмакратычная апазыцыя і грамадзянская супольнасць былі актыўна уключаныя ў дыялог паміж ЕС і Беларуссю.



Калі ласка, глядзіце с.1 з рэкамендацыямі для ЕС па дачыненнях з Беларуссю, а таксама Дадатак 1 з пералікам крытэрыяў ацэнкі прагрэсу да сапраўдных дэмакратычных рэформ.

Для атрымання электронай версіі папярэдніх аглядаў, калі ласка, звяртайцеся на tavarystva.schumana@gmail.com.

Дадатак 1



КРЫТЭРЫ ВЫМЯРЭННЯ ПРАГРЭСУ
За перыяд Дыялогу беларускі ўрад вельмі мала зрабіў для паляпшэння становішча грамадзянскай супольнасці. Беларускі ўрад падкрэслівае значэнне кансультацый, сустрэчаў і дарадчых органаў, аднак гэта не кампенсуе адсутнасці паслядоўных рэформ. Да таго, як ЕС зробіць захады па паляпшэнні стасункаў з Рэспублікай Беларусь, беларускі ўрад павінен прадэманстраваць сапраўдны прагрэс у пяці прыярытэтных накірунках, вызначаных Брусэлем: выбарчае заканадаўства, свабода СМІ, свабода сходаў, свабода аб’яднанняў і сітуацыя з грамадзянскай супольнасцю. Грамадзянская супольнасць вызначыла канкрэтныя крытэры, якія дапамогуць ацаніць прагрэс у перыяд дыялогу.
Адносна незалежных СМІ15:

  • Гарантаванне роўных эканамічных умоў для СМІ рознай формы уласнасці;

  • Вяртанне ўсіх незалежных газет у дзяржаўную сістэму друка, падпіскі і распаўсюджвання;

  • Адмена адпаведных палажэнняў Закону “Аб дзяржаўнай службе” і іншых заканадаўчых актаў, якія абмяжоўваюць доступ журналістаў да інфармацыі аб дзейнасці афіцыйных уладаў;

  • Спыненне практыкі адмоваў ў атрыманні інфармацыі чыноўнікамі журналістам;

  • Акрэдытацыя журналістаў замежных СМІ і дазвол на адкрыццё іх прадстаўніцтваў у Беларусі, а таксама ўвядзенне заяўляльнага парадку акрэдытацыі;

  • Прывядзенне закону “Аб СМІ”, указу “Аб рэгуляваньні нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт” і закону “Аб супрацьдзеянні экстрымізму” у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі;

  • Адмена такіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, як арт. 367 “Паклёп на Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, арт. 368 “Зьнявага гонару і годнасьці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і арт. 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”.

Адносна свабоды сходаў:



  • Прыняцце зменаў у Выбарчы кодэкс, каб прывесці яго ў адпаведнасць са стандартамі АБСЕ;

  • Спыненне выкарыстанне сілы супраць мірных дэманстрацый;

  • Прывядзенне Закону “Аб масавых мерапрыемствах” у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі;

  • Прывядзенне Закону “Аб рэлігіі” у адпаведнасць з міжнароднымі стандартаамі і спыненне рэпрэсій супраць вернікаў і рэлігійных дэнамінацый.

Адносна свабоды аб’яднанняў:



  • Рэгістрацыя ўсіх палітычных партый, НДА, прафсаюзаў і СМІ, якія жадаюць удзельнічаць у беларускай грамадзянскай супольнасці;

  • Адмена артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу, які крыміналізуе дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый;

  • Адмова ад прыняцця абмежавальных палажэнняў у Законе “Аб НДА”, якія цяпер распрацоўваецца, і падрыхтоўка яго ў празрыстай манеры, у супрацоўніцтве з АБСЕ і Саветам Еўропы;

  • Спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі незалежных грамадскіх арганізацый;

  • Прыпыненне адміністратыўнага і эканамічнага ціску на зарэгістраваныя арганізацыі.

Адносна паляпшэння становішча грамадзянскай супольнасці:



  • Спыненне крымінальнага і адміністратыўнага пераследу грамадскіх актывістаў;

  • Спыненне усіх палітычна матываваных выключэнняў і звальненняў актывістаў з месцаў іх вучобы і працы;

  • Адмена прымусовага прызыву ў армію дэмакратычных актывістаў і стварэнне сістэмы альтэрнатыўнай вайсковай службы;

  • Тэрміновае абвяшчэнне мараторыя на смяротнае пакаранне;

  • Дазвол на правядзенне незалежнага і адкрытага расследвання і разгляду справы зняволеных прадпрымальнікаў і актывістаў сп. Аўтуховіча, Асіпенка, Казлова і Ларына.

  • Працяг мараторыя на палітычных зняволеных;

  • Абвяшчэнне амністыі, памілвання і ўмоўна-датэрміновага вызвалення для ўсіх палітзняволеных.

Дадатак 2

ПАДСУМАВАННЕ РАЗВІЦЦЯ СЫТУАЦЫІ З ЛІСТАПАДА 2008

Падчас перыяду Дыялогу назіраліся некаторыя станоўчыя змены, сярод іх:




  • Вяртанне дзвюх незалежных нацыянальных (“Наша Ніва” і “Народная Воля”) і дзвюх мясцовых (“Бабруйскі кур’ер” і “Ганцавічскі час”) газет у сістэму дзяржаўнага распаўсюду і падпіскі;

  • Беспраблемная перарэгістрацыя сродкаў масавай інфармацыі, як патрабавалася новым законам “Аб СМІ”. Рэпрэсіўныя меры, прадугледжаныя ў гэтым законе, таксама яшчэ не прымяняліся;

  • Замацаванне некаторых рэкамендацыяў АБСЕ/БДІПЧ у Выбарчае заканадаўства;

  • Рэгістрацыя некаторых недзяржаўных арганізацый у форме ўстаноў, рэгістрацыя палітычнага руху “За Свабоду” і рэгістрацыя некалькіх палітычна неафарбаваных НДА;

  • Правядзенне некалькіх круглых сталоў з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і афіцыйных ўлад пры садзеянні АБСЕ;

  • Утварэнне трох дарадчых саветаў - міжведамаснай рабочай групы для выпрацоўкі плана дзеянняў па развіццю краінавага маркетынгу Беларусі; грамадскага каардынацыйнага саветў ў сферы масавай інфармацыі і грамадска-кансультацыйнага савету пры Адміністрацыі прэзідэнта. У склад саветаў уваходзяць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і/або палітычнай апазіцыі;

  • Зацвярджэнне плана дзеянняў па прыняцці рэкамендацый МАП па прафсаюзах;

  • Дазвол правесці некалькі нацыянальных сустрэч незалежным арганізацыям і палітычным партыям, якія не былі разагнанымі.

Нажаль, у той жа час назіраліся і наступныя адмоўныя тэндэнцыі:




  • Незалежныя газеты “Наша Ніва”, “Народная Воля” і “Новы час” атрымалі не менш чым па два спрэчных папярэджанні, што ставіць іх пад пагрозу закрыцця ў любы момант. Прынамсі восем заявак на рэгістрацыю незалежных выданняў атрымалі адмову. Шэсць афіцыйна зарэгістраваных газет маюць частковыя перашкоды ў распаўсюдзе. Шэсць зарэгістраваных выданняў надалей застаюцца па-за сістэмай дзяржаўнага распаўсюду.

  • Прынамсі 20 журналістаў атрымалі папярэджанні за супрацу з замежнымі медыямі без акрэдытацыі;

  • Дзяржава ўпорна адмаўляецца рэгістраваць незалежныя грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі па несуразных падставах.16;

  • Супраць дваццаці дзвюх актывістаў, асабліва сярод моладзі і дробных прадпрымальнікаў17, распачаліся крымінальныя справы. Судовыя прысуды амніставаных палітычных вязняў ніколі не адмяняліся, і таму яны пазбаўленыя шматлікіх грамадзянскіх правоў, напрыклад, яны не могуць вылучацца на выбарах.

  • Беларускі ўрад працягвае парушаць Венскую Канвенцыю і адмаўляецца выконваць рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека па ліквідацыі Цэнтра па правах чалавека “Вясна” і пазбаўленні рэгістрацыі Гомельскага НДА “Грамадзянскія ініцыятывы.”

  • Не было зроблена аніякіх крокаў па адмене смяротнага пакарання ў Беларусі. Чатыры смяротныя прысуды былі вынесеныя падчас перыяду Дыялогу.

  • Заяўкі на правядзенне публічных акцый не задавальняліся на сталай аснове. Больш за дваццаць несанкцыяваных мірных сходаў былі разагнаныя пры ўжыцці сілы разам са шматлікімі затрыманнямі напярэдадні.;

  • Мелі месца прынамсі 59 выпадкаў адміністратыўных арыштаў, і больш за 138 выпадкаў адміністратыўных штрафаў па палітычных матывах.

  • Нечастыя паседжанні грамадскага кансультатыўнага савета не прывялі да нейкіх заўважных вынікаў у дыялогу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю, роўна як яны не прывялі і да паляпшэння сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.

  • Дзяржава павялічыла ціск на незалежныя прафсаюзы і ўстрымалася ад выканання абяцанняў рэформ паводле рэкамендацыяў МАП, дадзеных у 2009 годзе.;

  • Урад не прыняў да ўвагі істотныя рэкамендацыі OSCE ODIHR па зменах у выбарчым заканадаўстве;

  • Зарэгістраваныя грамадзянскія арганізацыі і смі надалей прыціскаюцца і праходзяць празмерныя праверкі ў свеце набліжаючыхся выбараў;

  • Не былі зроблены аніякія крокі па пераглядзе спрэчных артыкулаў18 беларускага Крымінальнага Кодэксу, якія значна абмяжоўваюць асноўныя свабоды ў краіне; негледзячы на актыўную міжнародную крытыку законы “Аб СМІ” і ўказ па рэгуляванні інтэрнэта былі прынятыя і ўвайшлі ў моц. Да гэтага, Парламент распрацоўвае закон “Аб некамерцыйных арганізацыях”, які можа значна абмежаваць свабоду асацыяцый ў Беларусі.



1 Compiled by the Assembly of Belarusian Prodemocratic NGOs, Belarusian Association of Journalists, Belarusian Helsinki Committee, Committee for Defence of the Repressed „Salidarnasc”, Human Rights Center “Viasna” in cooperation with the Belarusian Robert Schuman Society and the Belarusian International Implementers (BIIM) group.

2 Крэтырэі, па якіх можна ацаніць гэты працэс, прадстаўленыя на наступнай старонцы

3 Chavusau, Y. (2010). Soon there will be less privacy in Belarusian Internet. BelarusInfo Letter, 3, 1-2.

4 BAJ analysis of Decree 60

5 Radio Free Europe, February 4, 2010.

6 “Monitoring Report on the 2010 Local Elections” of Human Rights Defenders for Free Elections.

7 OSCE Press Release, 4 June 2010

8 The Press conference of Belarusian Christian Democracy party on 12 March 2010.

9 National Report, submitted by Belarus to Human Rights Council Working Group on the Universal Periodic Review

10 The official website of the President of Belarus

11 Belarusian Association of Journalists, Ekadom, Human Rights Centre, Centre for Legal Transformation and other members of the Assembly of Pro-Democratic Non-governmental Organizations.

12 Joint Statement by the International Federation for Human Rights (FIDH) and the Human Rights Center ‘Viasna’

13 Amnesty International, Belarusian Helsinki Committee and Human Rights Centre Viasna condemn new death convictions

14 Assembly debate on 29 April 2010 (16thSitting) (see Doc. 12223,Doc. 12224,)

15 For a more comprehensive list of criteria regarding the freedom of expression please refer to Evaluation of the situation with media and the freedom of expression in Belarus by the Belarusian Association of Journalists

16 The major ones include: Belarusian Christian Democracy Political Party, Party of Freedom and Progress , Belarusian Labor Party, Assembly of Pro-democratic Nongovernmental Organizations, Human Rights Center “Naša Viasna”, Human Rights Center “Bresckaja viasna”, Youth Association “MODES”, Youth Christian Social Union, Association “Young Social Democrats”, Cultural-educational Association “Spadčyna”, Youth Association “New Course”, youth organizations “Malady Front “ and “Maladaya Backaushchyna”, an independent trade union “Razam”.

17 Andrei Kim, Siarhei Parsiukievich, Aliaksandr Kazulin, Alaksei Bondar, Tatsiana Tishkevich, Mikhail Subach, Artem Dubski, Ales Straltsou, Mikhail Kryvou, Maksim Dashuk, Uladzimir Siargieyeu, Anton Kojpish, Ales Charnyshou, Mikhail Pashkevich, Aliaksandr Barazenka, Paval Vinagradau, Aleg Surgan, Siarhei Kavalenka, Mikalai Autukhovich, Uladzimir Asipienka, Aliaksandr Laryn and Mikhail Kazlou.


18 Part 2 Art. 367 – Defamation of the President of the Republic of Belarus; Part 1 Art. 368 - Degradation of the President of the Republic of Belarus; Article 369-1 - Discrediting the Republic of Belarus; Article 193–1 deals with acting on behalf of non-registered organizations.


BIIM Monitoring Report on Developments in Belarus November 2008 – September 2010











База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка