Маніторынг падзей пасля выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання




Дата канвертавання16.03.2016
Памер58.27 Kb.
Маніторынг падзей пасля выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання
верасень-кастрычнік 2012 г.


Міжнародная рэакцыя на выбары
24 верасня кіраўнік місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ Антоніа Мілошоскі заявіў, што празрыстасць выбараў у Беларусі не можа быць гарантавана належным чынам, паколькі назіральнікі не мелі дастатковага доступу да падліку галасоў1. У папярэднім дакладзе БДІПЧ і ПА АБСЕ падкрэсліваецца, што «выбары не былі неперадузятымі, а працэс падачы скаргаў і апеляцый не гарантаваў эфектыўнага сродку абароны». Акрамя таго, было адзначана, што «нягледзячы на пэўныя паляпшэнні выбарчага заканадаўства ў 2010 і 2011 гадах, заканадаўчыя рамкі ўсё адно не гаратуюць правядзення выбараў у адпаведнасці з абавязацельствамі ў межах АБСЕ і міжнароднымі стандартамі»2.

У той жа дзень з крытычнай ацэнкай правядзення ў Беларусі парламенцкіх выбараў выступілі Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і Камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі суседства Штэфан Фюле. Яны падкрэслілі, што парламенцкія выбары ў Беларусі сталі яшчэ адной страчанай магчымасцю для правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Услед за ацэнкай БДІПЧ яны адзначылі, што выбары не былі справядлівымі і прыходзілі на фоне агульнага клімату рэпрэсіяў і запалохвання3.

Адначасова з заявай выступіў і кіраўнік Еўрапарламента Марцін Шульц, які выказаў шкадаванне, што парламенцкія выбары ў Беларусі зноў не адпавядалі міжнародным стандартам справядлівага і празрыстага выбарчага працэсу, а таксама паведаміў, што ў такой сітуацыі Еўрапарламент не здолее ўзнавіць афіцыйныя стасункі з беларускім парламентам4. Падобная ацэнка падзей зроблена прэс-сакратаром Дзяржаўнага Дэпартаменту ЗША.

Кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў не выказаў істотнай крытыкі адносна арганізацыі парламенцкіх выбараў у Беларусі. Паводле яго меркавання, пэўныя недахопы выявіліся, але заўвагі і недапрацоўкі былі адзінкавымі, але ні ў якім разе не масавымі5.



Заявы кіраўніка дзяржавы і старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў па пытаннях, звязаных з правядзеннем выбараў
11 кастрычніка адбылося заключнае сумеснае пасяджэнне палат Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання, на якім выступіў Прэзідэнт А. Лукашэнка. Ён закрануў тэму выбараў, а менавіта – магчымасць пераходу ў будучым на змяшаную выбарчую сістэму, якая прадугледжвае і аднамандатныя акругі, і партыйныя спісы. А. Лукашэнка станоўча ацаніў функцыянаванне змяшанай сістэмы ў іншых краінах, але падкрэсліў, што выбары па партыйных спісах не могуць быць эфектыўнымі без наяўнасці аўтарытэтных партый і адпаведнай палітычнай культуры.

Прэзідэнт адзначыў, што ў перапектыве РГА «Белая Русь» можа стаць партыяй цэнтрысцкай скіраванасці, але параіў не спяшацца з гэтай трансфармацыяй6. Словы кіраўніка дзяржавы сведчаць пра рашэнне чарговы раз адкласці працэс пераўтварэння грамадскай арганізацыі «Белая Русь» у палітычную партыю7.

Акрамя гэтага А. Лукашэнка выказаў спадзяванне, што парламент пятага склікання пачне «нейкую мадэрнізацыю палітычнай сістэмы», якая «будзе залежаць не толькі ад унутраных умоваў, але перадусім ад таго, у якой знешнепалітычнай сістэме і канфігурацыі мы будзем існаваць»8. Прэзідэнт аднак не патлумачыў, што ён разумее пад такой мадэрнізацыяй і якім чынам новы Нацыянальны сход будзе вырашаць гэтую задачу. Канкрэтных захадаў Прэзідэнта і ўладных структур па абмеркаванні такой палітычнай рэформы (мадэрнізацыі) пакуль не адзначана.

На гэтым жа пасяджэнні парламента А. Лукашэнка абвясціў, што кампанія апазіцыі па байкоту выбараў «ганебна правалілася». Яна, па словах Прэзідэнта, «паказала слабасць апазіцыі, так званай “пятай калоны”, якая нават не жадае імітаваць барацьбу за ўладу»9.

17 кастрычніка Лідзія Ярмошына ў інтэрвью агенству БелаПАН фактычна прызнала выкарыстанне дзяржаўнымі ўстановамі адміністрацыйнага рэсурсу для забеспячэння яўкі на выбары. Яна заявіла, што яўка ў 74% была дасягнута за кошт «тых тытанічных высілкаў па прыцягненні выбарцаў на ўчасткі, якія рабілі мясцовыя ўлады і адміністрацыі, асабліва дзяржустановаў, установаў адукацыі»10.

Лідзія Ярмошына таксама выказалася супраць змяшанай выбарчай сістэмы, абгрунтоўваючы гэта тым, што «мажарытарныя акругі будуць непад’ёмна агромністыя, мажарытарная сістэма проста не будзе выконваць сваю функцыю, бо дэпутат не здолее даходзіць да кожнага выбарца». Але з іншага боку, яна адзначыла, што «55 дэпутатаў для 15 партыяў – гэта мала, будзе занадта высокі прахадны бар’ер для праходжання ў парламент. Адпаведна, туды змогуць патрапіць толькі адна-дзве буйныя партыі»11. Паводле яе меркавання, ў Беларусі варта выкарыстоўваць або мажарытарную, або прапарцыйную выбарчую сістэму. Пры гэтым Л. Ярмошына пагадзілася, што правядзенне выбараў па партыйных спісах дапаможа фарміраванню палітычнай партыйнай сістэмы.

Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў паведаміла, што прадставіла Прэзідэнту прапановы па зменах выбарчага заканадаўства. У прыватнасці, яна прапануе ўвесці дадатковую магчымасць для вылучэння кандыдатаў ад грамадскіх арганізацый, якія налічваюць больш за тысячу членаў; даць магчымасць фарміраваць выбарчыя фонды з моманту вылучэння кандыдата для таго, каб кандыдат меў легальныя сродкі для аплаты працы членаў ініцыятыўнай групы. Л. Ярмошына таксама лічыць неабходным вывесці агітацыю за байкот выбараў з паняцця перадвыбарчай агітацыі12. Неабходна адзначыць, што падчас сёлетніх выбараў у парламент Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ужо фактычна гэта зрабіла.

16 кастрычніка А. Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў СМІ расійскіх рэгіёнаў. Сярод іншага на ёй быў закрануты шэраг тэм, звязаных з выбарамі. Прэзідэнт ізноў крытычна выказаўся пра прапарцыйную сістэму выбараў, спасылаючыся на неразвітасць партыйнай сістэмы ў Беларусі. Ён таксама адзначыў перадузяты характар даклада БДІПЧ па выніках парламенцкіх выбараў у Беларусі.


Сацыяльны кантэкст
У цэлым заканчэнне выбарчай кампаніі не змяніла сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, умовы функцыянавання палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасці. Асуджаныя па палітычных матывах працягваюць знаходзіцца ў месцах зняволення, для іх не палепшаны ўмовы адбывання пакарання.

9 кастрычніка Гаспадарчы суд г. Мінска ліквідаваў беларускую праваабарончую арганізацыю – інфармацыйна-асветніцкую ўстанову «Платформа», якая займалася пытаннямі захавання правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі13.

22 кастрычніка былі абнародаваныя вынікі чарговага сацыялагічнага апытання, праведзенага НІСЭПД. Паводле гэтых вынікаў яўка на выбарах склала 66,4%, а байкатавалі выбары 9,6% рэспандэнтаў14.

Гэтыя дадзеныя выклікалі хвалю негатыўных каментароў з боку прадстаўнікоў апазіцыі ў незалежных СМІ, паколькі яны цалкам супярэчаць рыторыцы прыхільнікаў байкоту, а таксама дэманструюць неэфектыўнасць іх кампаніі. Акрамя гэтага, вынікі сацыялагічнага апытання НІСЭПД засведчылі рост у параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2008 г. колькасці прыхільнікаў незалежных кандыдатаў і кандыдатаў ад апазіцыі.





1 Антонио Милошоски: «Прозрачность голосования на выборах не может быть гарантирована в должной степени ». - БелаПАН. 24 верасня 2012. - Рэжым доступу: http://belapan.com/archive/2012/09/24/576594/.

2 «Наблюдатели ОБСЕ: Выборы в Беларуси нельзя назвать свободными и беспристрастными». - БелаПАН. 24 верасня 2012. - Рэжым доступу: http://belapan.com/archive/2012/09/24/576582/

3 «ЕС: Беларусь упустила еще одну возможность провести выборы в соответствии с международными стандартами». БелаПАН, 24 верасня 2012. - Рэжым доступу: http://belapan.com/archive/2012/09/24/eu_576822/.

4 Schulz on Belarus elections: mockery of democratic ballot. 24-09-2012. - Рэжым доступу: http://www.europarl.europa.eu/the-president/en/press/press_release_speeches/press_release/2012/2012-september/press_release-2012-september-13.html.

5 «Миссия от СНГ вполне удовлетворена содержательной стороной выборов». - Советская Белоруссия, 25.09.2012. - Рэжым доступу: http://www.sb.by/post/136954/.

6 Рэжым доступу: http://belapan.com/archive/2012/10/11/580378/.

7 22 кастрычніка стала вядома, што пытанне пераўтварэння РГА «Белая Русь» у палітычную партыю не ўключана ў парадак дня з’езда гэтай грамадскай арганізацыі 3 лістапада 2012 г.

8 Рэжым доступу: http://belapan.com/archive/2012/10/11/580369/.

9 Рэжым доступу: http://belapan.com/archive/2012/10/11/580363/.

10 Рэжым доступу: http://belapan.com/archive/2012/10/17/581626/.

11 Рэжым доступу: http://belapan.com/archive/2012/10/17/581648/.

12 Тамсама.

13 Рэжым доступу: http://news.open.by/country/90833.

14 Страсти вокруг явки [Электронный ресурс]. Рэжым доступу: http://www.iiseps.org/press5.html.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка