Маніторынг mo #03/2009BY, 10 Май 2009




Дата канвертавання19.03.2016
Памер165.78 Kb.




МАНІТОРЫНГ

MO #03/2009BY, 10 Май 2009





МАНІТОРЫНГ ЭКАНАМІЧНАЙ ЛІБЕРАЛІЗАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ АД СНЕЖНЯ 2008 ДА МАЯ 2009 Г.

Дар'я Каткоўская

Вядучы юрыст камерцыйнай практыкі ТАА "Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры"

Рэзюмэ
Маніторынг лібералізацыі прадстаўляе сабой агляд новых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, прынятых у перыяд са снежня 2008 г. па травень 2009 г. у адпаведнасці з зацьверджаным загадам Прэмэер-міністра С.Сідорскага ад 1 снежня 2008 г. №39/20041 Планам першачарговых мерапрыемстваў па лібералізацыі ўмоваў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, а таксама агульнымі захадамі лібералізацыі грамадства, задэклараванымі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Планам прадугледжана 18 пунктаў, якія можна выдзеліць як накірункі дзейнасці па лібералізацыі, для кожнага пункта прадугледжана найменне мерапрыемстваў, форма выканання, тэрмін выканання і дзяржаўныя органы, якія адказныя за выкананне.
Сярод асноўных вынікаў і тэндэнцыяў гэтага перыяду ў галіне эканамічнай лібералізацыі:


  • З указаных у вышэйзгаданым Плане васемнадцацці накірункаў дзейнасці пэўнымі заканадаўчымі зменамі ахоплены ўсе з іх;

  • У разглядаемы перыяд прыняты шырокі пакет падзаконных актаў, якія рэгулюць парадак і асаблівасці ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур пэўнымі дзяржаўнымі органамі;

  • Найбольш паспяховым крокам, які даў рэальныя рэзультаты і паказаў сваю працаздольнасць, трэба прызнаць стварэнне новай ліберальнай і значна дэбюракратызаванай сістэмы рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання. Усе змены былі структурнымі і паўнавартаснымі. Дастаткова ўдалымі можна прызнаць змены ў парадку сэртыфікаці і гігіенічнай рэгістрацыі, а таксама па пытаннях арэнды;

  • Аднак астатнія змены і зрухі ў эканамічнай лібералізацыі з большага носяць “кропачны” характар і, хоць і маюць станоўчую афарбоўку і ўплыў, не змяняюць сістэму ў цэлым, а таму не аказваюць значнага ўплыву на гаспадарчую дзейнасць у краіне;

  • Некаторыя змены увогуле носяць фармальны характар: так, згодна аналізу прэм’ер-міністра С.Сідорскага2, грошы ад амартызацыі павінны пайсці ў абаротныя грошы, аднак гэта немагчыма, бо адлічэнні на амартызацыю ўмоўныя і не маюць рэальнага грашовага эквіваленту, які мог бы быць выкарыстаны ў якасці абаротных сродкаў. Таксама фармальным і бязмэтавым падаецца пашырэнне відаў дзейнасці фізічных асобаў, якія прызнаюцца рамествамі, бо даданыя віды дзейнасці не ахопліваюць шырокіх колаў насельніцтва, непапулярныя ў краіне, і, адпаведна, зусім не ўплываюць на сітуацыю на рынку працы;

  • Сярод няздзейсненых зменаў, адзначым наступнае: прынцыпова не зменены парадак аплаты працы і аднясення затрат на сабекошт прадукцыі (тавараў, паслуг) для шырокіх колаў камерцыйных арганізацыяў. Унесеных зменаў недастаткова ў галіне коштаўтварэння, бо на большасць тавараў кошты фарміруюцца па-старому, сектар “вольных коштаў” па-ранейшаму вельмі малы, па-ранейшаму існуюць і прымяняюцца скрайнія індыкатыўныя кошты, есць значныя абмежаванні ў парадку разлікаў, не адменены абавязковы продаж валюты. Акрамя таго, з важных запланаваных намераў не здзейснена прыняцце комплекснага нарматыўнага прававога акта па ліцэнзаванню, не адменены падатак з рознічнага гандлю, зацягваецца прыняцце Асаблівай часткі Падатковага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, не знятыя абмежаванні на імпарт і экспарт пэўнай прадукцыі, і іншае;

  • Удар па шматлікіх суб’ектах гаспадарання, якія працуюць праз імпарт харчовых і спажывецкіх тавараў, нанесла прыняцце Указа №214, які ўвеў падвышаныя ўвозныя мытныя пошліны: такімі дзеяннямі для шырокага кола юрыдычных асобаў і прадпрыймальнікаў фактычна скасавалася тое невялікае паляпшэнне , што было дасягнута заканадаўчай дзейнасцю па лібералізацыі;

  • Вынікова: ніякіх агульных пераломных зменаў у парадку ажыццяўлення гаспадарчай і эканамічнай дзейнасці у Рэспубліцы Беларусь за паўгады прасоўвання захадаў па лібералізацыі не адбылося, пэўныя захады наадварот скасоўвалі і супрацьпярэчылі азначанаму курсу. Аднак шэраг паляпшэнняў трэба прызнаць станоўчымі і ўплывовымі на невялікія галіны гаспадарчай дзейнасці. Мяркуем, што тэмпы лібералізацыі і пашыранасць прыймаемых захадаў не адпавядаюць рэальнай эканамічнай сітуацыі, якая патрабуе больш глыбокіх, структурных і важных зменаў.


Змены ў парадку стварэння і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання і іх асноўных накірунках дзейнасці
Адным з самых шырокавядомых і важных крокаў на шляху лібералізацыі стала прыняцце Дэкрэта №1 ад 16 студзеня 2009 г. “Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання”3 і шэрагу нарматыўных прававых актаў у развіцце палажэнняў Дэкрэта №1. З 1 лютага 2009 г. у Беларусі ўведзены паўнавартасны заяўны прынцып рэгістрацыі гаспадарчых суб’ектаў: рэгістрацыя ажыццяўляецца ў дзень падачы пакета неабходных дакумантаў шляхам прастаўлення штампа на статуце ствараемай арганізацыі і ўнясення запісу ў Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрыймальнікаў Рэспублікі Беларусь, а пасведчанне аб рэгістрацыі выдаецца на наступны дзень. Адмова ў рэгістрацыі пры прадастаўленні слушнага пакету дакумантаў – немагчымая. Звесткі, што падаюцца ў дакумантах не правяраюцца рэгіструючым органам, а падаюцца пад адказнасць заяўніка. За прадастаўленне непраўдзівых звестак устаноўлена адказнасць. Дадаткова адменены патрабаванні да мінімальнага памеру статутнага фонду, указання відаў дзейнасці, што плянуецца ажыццяўляць, змены месцазнаходжання арганізацыі. Спрошчаны і працэс ліквідацыі арганізацый: яна адбываецца праз прынцып “аднаго вакна”, максімальна скарочаны спіс падставаў для ліквідацыі.

Крокам па лібералізацыі было спрашчэнне арэндных зносін для суб’ектаў гаспадарання. Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №24 ад 19 снежня 2008 г. “Аб некаторых пытаннях арэнды капітальных забудоваў (будынкаў, пабудоваў), ізаляваных памяшканняў”4 устанавіў, што дамовы арэнды, субарэнды заключаюцца на тэрмін не менш трох год, а заключэнне на меншы тэрмін магчымае толькі са згоды арандатараў. Такія дамовы арэнды і субарэнды, незалежна ад іх тэрміну, і правы на нерухомую маемасць, узнікаючыя ў сувязі з дамовамі, - не падлягаюць дзярджаўнай рэгістрацыі. Замест гэтага, арэндадаўцы па дамовах на тэрмін, большы за адзін год, у дзесяцідзенны тэрмін паведамляюць аб заключанай дамове тэрытарыяльнай арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маемасці, правоў на яе і здзелак з ею.

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 2008 г. №689 “Аб некаторых мерах удасканалення кантрольнай і надзорнай дзейнасці у Рэспубліцы Беларусь”5 зацьвердзіў нормы, якія прыпыняюць правядзенне кантроля і надзора за дзейнасцю юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрыймальнікаў у форме праверак і рэвізій да дня уступлення ў сілу ўказа, які будзе рэгуляваць гэтыя пытанні. Таксама быў даданы пералік праверак і рэвізій, на якія не распаўсюджваецца ўказаны мараторый.

1 красавіка 2009 г. уступілі ў сілу змены, якія былі ўнесены ў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 2008 г. №178 “Аб парадку правядзення і кантроля знешнегандлевых аперацыяў”6 у мэтах дэбюракратызацыі знешнеэканамічнай дзейнасці і спрашчэння правядзення знешнегандлевых аперацый. Самае істотнае: працэдура афармлення пашпарта здзелкі заменена больш простай рэгістрацыяй здзелкі ў банку, пры перадаплаце пры экспарце і папярэднім паступленні тавараў пры імпарце здзелкі могуць увогуле не рэгістравацца, магчыма скасаванне абавязацельстваў пры перамене асобаў, дамове факторынга, неграшовых формаў скасавння абавязацельстваў (аднак патрэбна перарэгістрацыя здзелкі), скарочаны пералік аперацыяў, якія падлягаюць валютнаму кантролю (не адносяцца цяпер дамовы арэнды, лізінга, страхавання, займа, крэдыту, і інш.).

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 красавіка 2009 г. №1787 унес змены ўва Ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2003 г. №5088 па пытаннях банкруцтва: прадугледжана аптымізацыя парадку функцыянавання інстытута эканамічнай несастаяльнасці (банкруцтва), а таксама дзейнасці часовых кіруючых. У дзяржаўных органах ствараюцца камісіі па папярэджанню банкруцтва для аналізу эфектыўнасці адбываючыхся працэдур банкруцтва. Кіруючыя, на падставе акрэдытацыі, будуць мець права ўдзелу ў працэдурах банкруцтва, а таксама цяпер могуць прадастаўляць дадатковыя паслугі па банкруцтву: юрыдычныя, ацэначныя, кансультацыйныя і інш. Знята абмежаванне, што існавала раней, па колькасці справаў, правадзімых адным кіруючым, устаноўлены механізм выплаты ўзнагароды кіруючаму пры недастатковасці маемасці далжніка са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

5 траўня 2009 г. Прэзідэнт падпісаў Указ №232 “Аб некаторых пытаннях правядзення аўкцыёнаў (конкурсаў)”9: прыняцце гэтага акта таксама адпавядае запоаланванымі мерапрыемствамі па лібералізацыі ўмоваў эканамічнай дзейнасці. Указ устанаўлівае, што з удзельнікаў конкурса забаронена браць аплату за арганізацыю, правядзенне або ўдзел у конкурсе. Звесткі пра запланаваныя конкурсы і аўкцыены стануць больш агульнадаступнымі і будуць прадастаўляцца бесплатна. Шырока разглядаюцца і іншыя пытанні правядзеньня конкурсаў і аўкцыёнаў. Аднак пры гэтым, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 красавіка 2009 г. №215 10 скасавана вызваленне ад правядзення працэдур закупак асобных відаў тавараў (мінеральных ўгнаенняў, лекаў, медыцынскай тэхнікі і інш.), пачатыя працэдуры могуць быць завершаныя ў адпаведнасці з ранейшым заканадаўствам,у а з 21 красавіка 2009 г. усе працэдцры будуць праводзіцца ў агульным парадку.

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №194 ад 15 красавіка 2009 г. 11 змяніў парадак чарговасці плацяжоў, аднак прадугледжаныя змены ўступяць у сілу толькі з 1 студзеня 2009 г. Прадугледжаны чэргі плацяжоў: пазачарговая, першачарговая, другачарговая, трэцячарговая. З парадку разлікаў выключаны нормы аб разліках наяўнымі грашовымі сродкамі паміж юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрыймальнікамі. Парадак такіх разлікаў будзе вызначацца Нацыянальным Банкам Рэспублікі Беларусь.

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2009 г. №17012 унёс змены ў парадак ажыццяўлення фізічнымі асобамі раместваў. Пад такой дзейнасцю разумеецца непрадпрыймальніцкая самастойная (без дапамогі іншых асобаў) дзейнасць фізічных асобаў па вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з дапамогай ручной працы і інструмента, накіраваная на задаволенне побытавых патрэбаў гармадзян. Такая дзейнасць ажыцяўляецца без рэгістрацыі з якасці індывідуальнага прадпрыймальніка. Да дзейнасці дадаліся наступныя віды: перапляценне кніг, вытворчасць упрыгожанняў і вырабаў са скуры, выраб дэкаратыўных кветак, фурнітуры для мэблі.



Змены ў аплаце працы

Наступныя змены датычацца аплаты працы. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №2 ад 23 студзеня 2009 г. “Аб стымуляванні работнікаў арганізацый галінаў эканомікі”13 устаноўлена наступнае: усе стымулюючыя выплаты (прэміі, надбаўкі і інш.) могуць уключацца ў затраты для мэтаў коштаўтварэння і падаткаабкладання ў межах 80% заробку працаўніка. Пры гэтым, у арганізацыях па выніках мінулага году павінна быць забяспечана рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, паслугаў не ніжэй за прадугледжанае заданнем або бізнэс-планам, пры адсутнасці апошніх – памер прадугледжанага нарматыва не вышэй за 100% напрацягу аднаго году. Парадак выкарыстання стымулючых выплат вызначаецца наймальнікам на падставе калектыўнай дамовы, лакальных нарматыўных прававх актаў.

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №49 ад 23 студзеня 2009 г. “Аб некаторых пытаннях стымулявання рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) у 2009 годзе”14 прадугледжвае, што ў мэтах падвышэння зацікаўленасці працоўнікаў камерцыйных арганізацый у росце аб’емаў рэалізаванай прадукцыі, паступлення валютнай выручкі, падвышэння экспарту і інш., кіраўнікам камерцыйных прадпрыемстваў прадастаўляецца права ажыццяўляць выплату штомесячнай ўзнагароды супрацоўнікам, якія гэта забяспечваюць, без абмежавання памераў выплаты, пры гэтым іншыя стымулюючыя выплаты не выплочваюцца. Памеры і ўмовы выплаты ўстанаўліваюцца лакальным нарматыўным прававым актам. Таксама наймальнікам прадастаўлена права ўстанаўліваць заробак кіраўнікам арганізацыі ў залежнасці ад зніжэння запасаў прадукцыі, тэмпаў рэалізацыі тавараў і паслуг. Такі заробак, паводле Указа, уключаецца ў затраты па вытворчасці і рэалізацыі, што ўлічваюцца пры коштаўтварэнні і падаткаабкладанні.

Да заробкаў кіраўнікоў арганізацыяў, якія не кіруюцца нормамі Указа №49, Пастанаўленнем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 сакавіка 2009 г. №28815 прадугледжана, што каэфіцыент суаднясення сярэдняга заробку кіраўніка арганізацыі незалежна ад формы ўласнасці і сярэдняга заробку па арганізацыі павялічаны з 4,0 да 5,0.


Змены ў парадку падаткаабкладання, коштаўтварэння і бухалтарскім уліку

У сферы падаткаабкладання з 1 студзеня 2009 г. уступілі ў сілу шэраг важных зменаў у шматлікія заканадаўчыя акты па пытаннях падаткаабкладання. Змены датычацца:



  • падатку на даходы і прыбытак,

  • падатку на даданую вартасць (у адрозненні ад ранейшага, пашыраны пералік абаротаў, якія не прызнаюцца аб’ектамі падаткаабкладання, карэктавалаіся падатковыя вылічэнні, не патрабуецца прадастаўляць дэкларацыю па ПДВ пры адсутнасці аб’екта падаткаабкладання і інш.),

  • у падаходным падатку для фізічных асобаў замест прагрэсіўнай стаўкі устаноўлена агульная стаўка 12%, а таксама стаўка 15% для прыбытку ад прадпрыймальніцкай дзейнасці,

  • у падатку за выкарыстанне прыродных рэсурсаў павялічана стаўка падатка за перапрацоўку нафты і нафтапрадуктаў,

  • у падатку на нерухомасць у дачыненні арганізацый істотна змяніўся аб’ект падаткаабкладання (замест кошту асноўных сродкаў арагнізацыі аб’ектам сталі будынкі і пабудовы, у тым ліку незавершаныя, якія знаходзяцца ўва ўласнасці або валоданні арганізацый,

  • пашыраны пералік ільготаў па зямельнаму падатку, парадак уліку плошчы, абкладаемай падаткам,

  • зніжана стаўка сбора у рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі з 2 да 1%,

  • стаўка падатка з продажаў у рознічным гандлі зніжаны і ўстаноўлены ў памеры не больш за 5%, стаўка прымяняецца як да аперацый па айчынных, так і імпартуемых таврааў.

  • Стаўка падатка на паслугі зніжана ў 2 разы і складае не больш за 5 % ад падатковай базы,

  • Змены ўнесены ў Агульную частку Падатковага Кодэксу Рэспублікі Беларусь16 датычна вызначэння часу фактычнага знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для мэтаў падатковага рэзідэнцтва, парадку афармлення даверанасцяў для прадстаўлення інтарэсаў па падатковых справах, скасаваны абавязак падачы пустых падатковых дэкларацыяў, уводзіцца ў тэставым рэжыме магчымасць прадстаўлення дэкларацыі ў выглядзе электроннага дакуманта, удакладнены парадак абскарджвання рашэнняў падатковых органаў,

  • Указам Прэзідэнта рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2009 г. №117 унесены змены ў сістэму спрошчанага падаткаабкладання: спрошчаны пераход на такую сістэму, змяніўся парадак вызначэння колькасці супрацоўнікаў, ільготы па арэнднай плаце за зямлю, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, зніжаны стаўкі падатка.

У галіне коштаўтварэння ўнесены змены ў Інструкцыю аб парадку фармавання і прымянення коштаў і тарыфаў, якая зацверджана Пастанаўленнем Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 10 верасня 2008 г. №18318, адносна ўключэння ў тарыфы на паслугі вартасці матэр’ялаў, запасных частак, фурнітуры, парадку вылічэння рэнтабельнасці для мэтаў фарміравання тарыфаў і інш.

Пастанаўленне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2008 г. №190319 зацверджана Палажэнне аб рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) па коштах (тарыфах), вызначаемых з улікам кан’юнктуры рынка. Палажэнне будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2010 г. Палажэнне дае магчымасць рэалізоўваць тавары па коштах ніжэй сабекошту, ніжэй кошту набыцця за кошт зніжэння аптовай надбаўкі і інш.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 лютага 2009 г. №70 унесены змены ўва Указ №285 ад 19 траўня 1999 г. “Аб некаторых мерах па стабілізацыі коштаў (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь”20. Самым істотным крокам гэтага нарматыўнага прававога акта з’яўляецца адмена неабходнасці рэгістрацыі коштаў (тарыфаў) на новыя тавары (кошты, паслугі), акрамя медыцынскіх паслугаў. У працяг захадаў гэтага нарматыўнага прававога акта прынята Пастанаўленне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2009 г. №353 “Аб парадку рэгістрацыі адпускных коштаў (тарыфаў)”21. Так, рэгістрацыі падлягаюць кошты (тарыфы) пры немагчымасці выканання скрайніх індэксаў зменаў адпускных коштаў (тарыфаў), а таксама тарыфы на платныя медыцынскія паслугі. Прадугледжаны ўведамляльны парадак рэгістрацыі коштаў.

У галіне бухуліку міністэрствамі фінансаў і эканомікі Пастанаўленнем Міністэрстваў эканомікі, фінансаў, працы і сацяльнай аховы Рэспублікі Беларусь ад 30 кастрычніка 2008 г. №210/160/151 зацверджаныя Асноўныя палажэнні па складу затратаў, якія уключаюцца ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг). Аднак ніякіх істотных зменаў яны не ўтрымліваюць.

Пастанаўленнем Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 сакавіка 2009 г. №32722 устаноўлена, што да 1 студзеня 2010 г. арганізацыі і індывідуальныя прадпрыймальнікі маюць права не налічваць амартызацыю па ўсіх або асобных аб’ектах асноўных сродкаў і нематэр’яльных актываў, якія выкарыстоўваюцца імі ў прадпрыймальніцкай дзейнасці. Нарматыўныя тэрміны службы працягваюцца на тэрмін, роўны таму, у якім не налічвалася амартызацыя.

Сэртыфікацыя і гігіенічная рэгістрацыя

16 снежня 2008 г. прынятае Пастанаўленне Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь23, якая адмяніла стары і прыняла новы Пералік прадукцыі, паслуг, персанала і іншых аб’ектаў ацэнкі адпаведнасці, якія падлягаюць абавязковаму падцвержанню адпаведнасці ў Рэспубліцы Беларусь. У параўнанні з ранейшым, пералік скарочаны прыкладна на 40%: не патрабуецца сэртыфікацыя пэўнага пажарнага і тэхналагічнага абсталявання, прадукцыі з каштоўных металаў, будаўнічых матэр’ялаў, нафтапрадуктаў, пэўных харчовых прадуктаў, інш. У некаторых выпадках абавязковая сэртыфікацыя зменена толькі на працэдуру абавязковай дэкларацыі адпаведнасці. 3 сакавіка 2009 г. Дзяржстандарт Пастанаўленнем №12 адмяніў абавязковую сэртыфікацыю паслуг турыстычных аператараў і шклоработаў у будаўніцтве.

Савет Міністраў Пастановай №254 ад 26 лютага 2009 г.24 унес змены ў парадак дзяржаўнай гігіенічнай рэгламентацыі і рэгістрацыі хімічных і біялагічных рэчываў, матэр’ялаў, вырабаў з іх, сыравіны, харчовых прадуктаў і інш. у частцы ўдасканалення працэдур па прадастаўленню дакументаў, правядзенні рэгістрацыі і прыняццю рашэнняў, а таксама ў частцы дастаткова значнага павелічэння тэрмінаў дзеяння пасведчанняў аб дзяржаўнай гігіенічнай рэгістрацыі адпаведна пераліку.

Інавацыйная дзейнасць, стымуляцыя вытворчасці

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 сакавіка 2009 г. №123 “Аб некаторых мерах па стымуляванню інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”25 устанаўлівае, што юрыдычныя асобы пры ажыццяўленні навуковай, навукова-тэхнічнай дзейнасці без бюджэтных сродкаў і/або па вытворчасці высокатэхналагічных тавараў (работ, паслуг) маюць права напрацягу 2 год устанаўліваць і прымяняць свабодныя кошты (тарыфы), самастойна абіраць пастаўнікоў і пакупацеляў высокатээхналагічных тавараў. Указаныя юрыдычныя асобы вызваляюцца ад ўплаты збора ў дзяржфонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі, абавязковага продажу замежнай валюты, замацаваны пэўныя ільготы па аднясенню выручкі на сабекошт прадукцыі.

4 красавіка 2009 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ №175 “Аб мерах па развіццю вытворчасці легкавых аўтамабіляў26”: юрыдычныя асобы, якія заключылі дамову з Міністэрствам прамысловасці Рэспублікі Беларусь аб умовах такой вытворчасці, на 3 гады вызваляюцца ад уплаты падатка на прыбытак, акцызаў, збора ў дзяржфонд падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі у частцы аб’емаў зробленых легкавых аўто і аўтакампанентаў. Для прымянення ільготы патрэбна наяўнасць сэртыфіката ўласнай вытворчасці, атрыманага ўва ўстаноўленым парадку.

Мытныя пошліны

У мэтах стымулявання імпарту прадукцыі, 7 сакавіка 2009 г. Указам Прэзідэнта Рэуспублікі Беларусь №13527 былі адменены вывазныя мытныя пошліны ў адносінах тавараў (рыбапрадуктаў, драўніны, лесаматэр’ялаў, вырабаў і лому з каштоўных металаў, іншага), якія вываозяцца з мытнай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь за межы дзяржаваў – членаў Еўразійскага эканамічнага супольніцтва.



Аднак насуперак вышэйзгаданаму паслабленню, 21 красавіка Прэзідэнт ў мэтах павелічэння попыту на айчынныя тавары, у рамках захадаў мытна-тарыфнага рэгулявання, Указам №214 “Аб часовым устанаўленні ставак ўвозных мытных пошлінаў на тавары” былі ўстаноўленыя часовыя (на 6 і 9 месяцаў) павышаныя стаўкі ўвазных мытных пошлін датычна тавараў, зацьверджаных у пераліку. Гэта датычыцца пэўных відаў бытавой тэхнікі, вопраткі, харчовых тавараў, мэблі, гародніны і іншага.



1 http://w3.main.gov.by/ministry/economy.nsf/c0f0523c581097c9c225701900349321/7fc7c5d8ced22284c225757b0030f9dd?OpenDocument&ExpandSection=1

2 http://news.tut.by/economics/128609.html

3 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=pd0900001

4 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=pd0800024

5 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30800689

6 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30800178

7 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30900178

8 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30300508

9 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30900232

10 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30900215

11 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30900194

12 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30900170

13 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=pd0900002

14 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30900049

15 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=c20900288

16 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=hk0200166

17 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30900001

18 http://w3.economy.gov.by/ministry/economy.nsf/c0f0523c581097c9c225701900349321/07e7d2f6eaf70c7cc22574c50045d9a1?OpenDocument

19 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=c20801903

20 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p39900285

21 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=c20900353

22 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=c20900327

23 http://www.gosstandart.gov.by/txt/Ob-podtv-sootv/docs/resolution2007-60.pdf

24 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=c20900254

25 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30900123

26 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30900175

27 http://www.pravo.by/webnpa/text.asp?RN=p30900135



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка