МАЎленчыя паводзіны журналіста ва ўмовах міжнароднай камунікацыі




Дата канвертавання15.03.2016
Памер74.17 Kb.


Лізавета Хмель

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
МАЎЛЕНЧЫЯ ПАВОДЗІНЫ ЖУРНАЛІСТА

ВА ЎМОВАХ МІЖНАРОДНАЙ КАМУНІКАЦЫІ
Сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца адным з найважнейшых грамадскіх інстытутаў, якія не толькі аказваюць уплыў на погляды і густы насельніцтва, але ўжо даўно сталі пляцоўкай для фарміравання маўленчых паводзінаў сярод саміх журналістаў – першасных удзельнікаў камунікатыўныга працэсу.Для таго, каб максімальна ўздзейнічаць на аўдыторыю, ім неабходна стварыць асабістую мадэль маўленчых паводзінаў і пастаянна яе карэкціраваць. Найбольш грунтоўную дэфініцыю прыводзіць даследчык Таццяна Чаботнікава, пад маўленчымі паводзінамі разумеючы “неад’емную частку паводзінаў у цэлым як складанай сістэмы ўчынкаў і рухаў. Маўленчыя паводзіны ёсць форма сацыяльнага быцця чалавека, у якім праяўляецца ўся сукупнасць маўленчых дзеянняў і маўленчай дзейнасці чалавека пад час камунікатыўнага акту” [6]. У камунікацыі ўдзельнічаюць як мінімум двое: адрасант – той, хто перадае інфармацыю, адрасат – той, хто яе атрымлівае. Трэба адзначыць, што на тэлебачанні маўленчыя паводзіны могуць будавацца як з канчатковымі спажыўцамі інфармацыі (гледачамі), так і са сваімі калегамі-адрасантамі (журналістамі ці гасцямі студыі), з якімі выступаюць адначасова.

Падчас тэлекамунікацыі кожны з удзельнікаў мае асабістае бачанне гэтага працэсу, каштоўнасныя аренціры, пэўныя мэты пры размове і ўяўленні аб тым ці іншым прадмеце гутаркі. Адпаведна з гэтымі ўяўленнямі камуніканты выбіраюць адпаведныя маўленчыя стратэгіі і тактыкі, у рамках якіх і здзяйсняюць абраныя маўленчыя дзеянні [4]. Трэба ўлічваць той факт, што ва ўсіх сферах праяўлення маўленчых паводзінаў чалавек можа быць арыентаваны як на пазітыўную камунікацыю, так і на далёкія ад карэктнага маўленчага ўзаемадзеяння з’явы. Як вынік, маўленчыя паводзіны чалавека ўвасабляюцца ў розных камунікатыўна-прагматычных тыпах маўлення – агрэсіі, ветлівасці і талерантнасці.



Маўленчая агрэсія – гэта канфліктагенныя маўленчыя паводзіны, заснаваныя на свядомай арыентацыі адрасанта на антыдыялог. Агрэсіі ўласціва інтэнцыя знявагі з мэтай перазмеркавання камунікатыўнага цэнтра з аб’екта на суб’ект размовы. У аснове гэтага тыпу ляжыць прагматычная ўстаноўка адрасанта на камунікатыўнае дамінаванне, з дапамогай якога ён імкнецца трансфармаваць камунікатыўную прастору суразмоўцы па ўласным меркаванні. Талерантнасць прадстаўляе сабой канструктыўны тып маўленчых паводзінаў, які мае на ўвазе імкненне гаворачага да ўзаемадзеяння. Пры талерантных паводзінах камунікант імкнецца ўлічваць, нават прымаць погляды свайго апанента, прытрымлівацца ўстаноўкі на непарушальнасць камунікатыўнай прасторы свайго апанента. Ветлівасць мае на ўвазе ўменне і жаданне дзейнічаць добразычліва ў любых абставінах, часам нягледзячы на негатыўныя да вас адносіны. Па меркаванні М.М. Бахціна, “у працэсе такой маўленчай дзейнасці людзі становяцца “маўленчымі суб’ектамі”, а іх слоўнае ўзаемадзеянне – не абменам маналогаў, а дыялогам, арыентаваным адзін на аднаго” [5].

Феномен маўленчай агрэсіі разглядала В.М. Самусевіч, якая адзначала, што менавіта агрэсія прыводзіць да камунікатыўнага дысбалансу і можа, у сваю чаргу, сказіць карціну свету адрасата, негатыўна паўплываць на яго маўленчы густ, справакаваць агрэсію ў адказ [5]. Апошнія два тыпы адносяцца да пазітыўнай камунікацыі і характарызуюцца двайной інтэнцыяй: з аднаго боку, станоўчыя адносіны да чалавека, а з другога, арыентацыя на дыялог, суб’ектна-суб’ектны тып адносінаў. Як адзначаюць даследчыкі, выявіць, якія маўленчыя паводзіны дамінуюць у пэўнага камуніканта, можна адразу па эмацыйна-экспрэсіўнай афарбоўцы слоў, ацэначных і эматыўных выказваннях, спецыфічных сінтаксічных канструкцыях, асаблівай пабудове выступлення і самім падборы жыццёвых фактаў, што не можа не накладваць сваю пячатку на эмацыянальнае становішча чалавека. Мы бяспрэчна згодны з тымі навукоўцамі, якія сцвярджаюць, што “усе маўленчыя паводзіны эмацыйна апасродкаваны, што не можа не змяняць чалавека і яго мову. Часта ў маўленні пераважаюць штохвілінные вербальныя эмоцыі аўтара, якія праяўляюцца ў знаках яго экспрэсіўнага самавыражэння: важны не толькі сэнс выказанага, але і эмоцыі – як было агучана” [4].

Чалавек існуе ў сістэме дыялогавай прасторы, якая ўключае ў сябе камунікацыйныя працэсы, сукупнасць аб’ектаў і суб’ектаў зносін, а таксама працэсы, якія забяспечваюць узаемадзеянне і яго наступствы. Спецыфіку маўленчых паводзінаў можа вызначаць таксама і характар зносінаў паміж людзьмі. Варта засяродзіцца на міжкультурных зносінах, калі камунікацыя прастаўляе найбольшую складаснасць. Менталітэт і нацыянальнасць суразмоўцы моцна ўплываюць на выбар маўленчай стратэгіі адрасанта. Ад яго камунікатыўнай мэты і пабудовы маўленчых паводзінаў залежыць выбар камунікатыўна-прагматычнага тыпу маўлення адрасата, як вынік – усёй размовы ў цэлым. Складанасць дыскурса і спробы выдзяліць асноўныя фактары, якія ўплываюць на маўленчыя паводзіны ў міжнародным фармаце, прывялі да неабходнасці вывучэння яго культурнай дамінанты [2]. Такім чынам, ва ўмовах міжкультурнай камунікацыі неабходны спецыяльныя веды аб спецыфіцы нацыянальнай маўленча-мысліцельнай сферы, этыкетных паводзін, культурна абумоўленых невербальных практык узаемадзеяння паміж камунікантамі.

Так, немцы надаюць вялікае значэнне тытулам, французы ўхваляюць, калі да іх звяртаюцца “месье” ці “мадам”. Падчас размовы з англічанамі варта ведаць, што паказчыкам ветлівасці будуць не толькі пытанні дзелавога характару, але і выказаная неаднойчы зацікаўленасць нацыянальнай культурай і традыцыямі. Завязаць размову з арабам можна, запытаючы першапачаткова пра яго справы і здароўе. Пры размове з японцам катэгарычна трэба прытрымлівацца талерантных паводзінаў: не перабіваць яго, не рабіць заўвагі, не спяшацца, уважліва слухаць. Яны ацэняць нават некалькі слоў на іх роднай мове, вывучаных суразмоўцам [1].

Падчас міжкультурнай камунікацыі вельмі важна ўлічваць ментальныя адметнасці маўленчай практыцы, паколькі можа ўзнікнуць непаразуменне, якое часта вынікуе агрэсію. Напрыклад, трэба ведаць, што праз сваю экспрэсіўнасць французы схільны перабіваць суразмоўцу. Выклікаць агрэсію ўраджэнкі Партугаліі можна словамі: “Якая вы прыгожая!”. У шматлікіх краінах рабіць жанчынам камплімент лічыцца прыніжэннем іх годнасці. Ці напыклад, калі пры размове з карэйцам суразмоўца з ім не згаджаецца або абвінавачвае ў няшчырасці, той успрыймае гэта як праяўленне таксама агрэсіі з боку камуніканта. Маўленчая агрэсія перашкаджае рэалізацыі асноўных задач эфектыўных маўленчых зносін: “… ускладняе паўнавартасны абмен інфармацыяй, тармозіць ўспрыманне і разуменнне суразмоўцамі адзін аднаго, робіць немагчымым выпрацоўку агульнай стратэгіі ўзаемадзеяння” [8].

Выбар таго ці іншага тыпу маўлення залежыць ад інтэнцыі, якую перад сабой ставіць камунікант. Гэта, па-першае, можа быць трансфармацыя камунікатыўнай прасторы адрасата ў суадносінах з асабістай карцінай свету і ўражанняў. Па-другое, мэтай адрасанта імкнецца мадыфікаваць камунікатыўнай прасторы адрасата праз экспліцыраванне асабістых прадстаўленняў і ацэнак, што не мае на ўвазе істотную змену поглядаў суразмоўцы. І трэцяе – стварэнне агульнай з адрасатам новай для сябе і яго камунікатыўнай прасторы, з новымі поглядамі на сітуацыю і ідэямі.

Вывучэнне навуковай літаратуры дазволіла нам вызначыць у камунікатыўнай прасторы тры асноўныя сферы, у якіх і рэалізуюцца маўленчыя паводзіны: 1. Уласна маўленчая сфера – непасрэднае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў камунікацыі. Маўленчыя паводзіны рэалізуюцца як выкананне або невыкананне пэўнага этыкету менавіта падчас маўлення, вызначэнне ступені маўленчага ўдзелу ў працэсе камунікацыі кожнага з удзельнікаў. 2. Аксіялагічная сфера – сфера фарміравання сістэмы каштоўнасцей і ацэнак, актуальных для канкрэтнай размовы. Маўленчыя паводзіны рэалізуюцца як маўленчае ўзаемадзеянне праз ацэначныя выказванні. Такое ўздзеянне можа ажыццяўляцца як пры непасрэднай (паміж гасцямі ў студыі), так і апасродкавай камунікацыі (праз телеэкраны). 3. Кагнітыўная сфера камунікатыўнай прасторы – гэта сістэма ключавых канцэптаў, значных для канкрэтнага камунікатыўнага акту.

Асноўныя прычыны дыферынцыяцыі маўленчых паводзінаў у СМІ, у тым ліку і на тэлеэкране, можна апраўдаць зменамі камунікатыўнай парадыгмы сучаснікаў, што звязана найперш з дэмакратызацыяй грамадства: свабода слова, набліжэнне публічнага маўлення да прастамоўнага, выкарыстанне прамога эфіру ў якасці элемента “высокага прафесіяналізму”.Даследчыкі адзначаюць змены самой нацыянальнай аўдыторыі, паколькі носьбіты мовы ўсё больш усведамляюць сваё месца ў грамадска-палітычным жыцці, фарміруюць асабістыя ацэнкі, будуюць адносіны з суразмоўцам згодна сваім мэтам, пры гэтым не хвалюючыся быць акрытыкаваным [3]. Змена нацыянальнай камунікатыўнай прасторы на міжнародную павышае ўзровень адказнасці журналіста як за сам працэс камунікацыі, так і за яго выніковасць. Маўленчае “сутыкненне” ментальна розных камунікантаў не павінна пераходзіць у процістаянне, таму знайсці камунікатыўны баланс становіцца першаснай задачай медыятара-журналіста.

Такім чынам, пры міжкультурным ўзаемадзеянні журналіст выпрацоўвае асабістую стратэгію паводзінаў, звязаную з адным з трох камунікатыўна-прагматычных тыпаў. Аднак трэба ўлічваць той факт, што існуе шэраг фактараў: экстралінгвістычных (узаемныя адносіны паміж удзельнікамі, характар інфармацыі, умовы зносінаў, нацыянальна-культуныя традыцыі) і маўленчых (спецыфіка мовы, маналагічная ці дыялагічная форма паведамлення, моўная граматнасць камунікантаў, ступень рэалізацыі камунікатыўных якасцей маўлення), – якія імгненна могуць паўплываць на змяненне аднаго тыпа маўлення на процілеглы. Выбар камунікатыўна-прагматычнага тыпу маўленчых паводзін падчас міжкультурнага ўзаемадзеянн надзвычай важны, паколькі можа як садзейнічаць эфектыўнаму працэсу камунікацыі з далейшай рэалізацыяй інтэнцыянальных намераў журналіста альбо, наадварот, справакаваць камунікатыўны дысбаланс ці крызіс, што ў сваю чаргу не дазволіць знайсці паразуменне падчас камунікацыі і выкліча негатыўныя наступствы.
Літаратура

1. Карнажацкая, Т.В. Межкультурные коммуникации / Т.В. Карнажацкая. – Минск: Изд-во Гревцова, 2012. – 399 с.

2. Корнелюк, Н. Этикет от А до Я / Н. Корнелюк. – Минск: «Тесей», 2011. – 367 с.

3. Кормилицына, М.А. Некоторые итоги исследования процессов, происходящих в языке современных газет / М.А. Кормилицына // Проблемы речевой коммуникации: Межвуз. Сб. науч. тр. / Под ред. М.А. Кормилицыной, О.Б. Сиротининой. – Саратов: Изд-во Сарат. Ун-та, 2008. – Вып. 8.

4. Петрова, Н.Е. Язык современных СМИ: средства речевой агрессии / Н.Е. Петрова, Л.В. Рацибурская. – М.: Флинта: Наука, 2011. – 160 с.

5. Самусевіч, В. М. Маўленчая агрэсія ў СМІ як стрымліваючы фактар гуманізацыі нацыянальнай лагасферы / В. М. Самусевіч // Культура маўлення журналіста: зб. навук. артыкулаў. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2012. – 143 с. – С. 100–114.

6. Шаховский, В.И. Унижение языком в контексте современного коммуникативного пространства России / В.И. Шаховский // Проблемы речевой коммуникации. – Вып. 7. – Саратов, 2007.

7. Чеботникова, Т.А. Речевое поведение как один из способов актуализации личности / Т.А.Чеботникова // [Электронный ресурс]. – 2014. – Режим доступа: http://www.lib.csu.ru/vch/243/032.pdf. – Дата доступа: 08.01.2016.



8. Щербинина, Ю.В. Русский язык. Речевая агрессия и пути ее преодоления / Ю.В. Щербинина // [Электронный ресурс]. – 2014. - Режим доступа: http://fictionbook.ru. -Дата доступа: 08.01.2016.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка