Мае санаторыі і курорты




старонка2/2
Дата канвертавання01.04.2016
Памер447.18 Kb.
1   2

* * *

У Чабаксарах Уладзімір Мікалаевіч уладкаваўся на працу ў Чувашсаюз тэхнічным сакратаром у юрыдычную частку, але паступова атрымалася так, што ён вёў самыя цяжкія, складаныя справы і ягоныя начальнікі кансультаваліся і вучыліся ў яго працаваць. Чувашсаюз выдзеліў нам кватэру ў сваім доме, большую, чым мы наймалі ў прыватніка, і, вядома ж, таннейшую. Праўда, гэта было на ўскраіне горада, і мне, і яму прыходзілася далека хадзіць на працу, і было вельмі дрэнна з вадой: і далека, і ўнізе пад гарой. А зімой, калі гара ледзянела, было небяспечна і для жыцця. Дом быў вялікі, доўгі, на некалькі кватэр. Насупраць быў такі ж доўгі склад, для кожнай кватэры свае аддзяленне. Улетку 1937 года дом пачалі рамантаваць, а жыхары перасяліліся ў склад, кожная сям'я ў сваё аддзяленне. Перабраліся і мы.

У ліпені 1937 года Уладзіміра Мікалаевіча арыштавалі, усё ператрэслі, забралі ўсё, што было напісана яго рукой, у тым ліку і «Чайльд Гарольда» Байрана на беларускай мове. 3 сабою ён узяў змену бялізны і сухары. Павялі яго. Запомнілася мне яго спіна, якая аддалялася, і двое канваіраў. Так запомнілася, што я доўга не магла ўявіць сабе ягоны твар, перад вачамі ўсё уставала спіна і два канваіры. Пайшла я ў камендатуру па справах НКУС, пытаюся ў пракурора: «За што арыштаваны мой муж?» Ён адказвае: «Дарма не забіраюць, вядзецца следства». Калі праз некалькі месяцаў следства закончалася і мне сказалі ў НКУС (праз тоўстую, тоўстую сцяну з далёкага) акенца, так што твару таго, хто гаварыў, не было відаць): «Дзесяць год далёкіх лагераў»,— я зноў пайшла ў пракуратуру, і той жа пракурор, не падымаючы вачэй ад стала, на мае пытанне: «Цяпер, можа, вы скажаце мне, за што?» адказаў каротка: «Вырашала Масква». Я напісала ў Маскву маці Уладзіміра Мікалаевіча, каб яна схадзіла ў пракуратуру і запыталася: «За што?» Там ёй адкаазалі: «Даведвайцеся на месцы». Кола замкнулася. ІІерад адпраўкай на Далёкі Усход яго, як і многіх іншых, памясцілі ў Алатырскі бытавы лагер. Я даведалася аб гэтым выпадкова, сабрала цёплыя рэчы — зімовае паліто, валёнкі, дзве шарсцяныя коўдры (ватных не прымалі), прадукты і паехала ў гэты лагер. Там мне ўсё гэта ўдалося перадаць і ўбачыць яго праз рэдкі частакол на адлегласці некалькі крокаў. Кажу яму: «Мне сказалі «дзесяць гадоў далёкіх лагераў». У яго перасмыкнуўся твар, потым кажа: «Не можа быць, табе сказалі няпраўду, ніякай жа справы няма. Я ўпэўнены, што пасля выбараў нас адпусцяць». А ў гэты час на станцыі для іх ужо рыхтавалі эшалон, каб адправіць у далёкую дарогу.

Пасля арышту Уладзіміра Мікалаевіча я апынулася ў бядотным становішчы. 3 працы мяне звольнілі, дакладней, калі я адмовілася падаць заяву аб звальненні, мне прынеслі паперку, у якой паведамлялася, што пасада мая скарачаецца (я тады працавала ў бібліятэцы пасля педагагічнай работы). I куды б я ні звярталася ў пошуках работы — усюды адмова. Іншы раз пыталіся: «А што вас тут трымае?» Я тлумачыла, што тут мой муж, вядзецца следства і я не магу выехаць, магчыма, я буду патрэбная следчаму, і што трэба ж яму насіць перадачы і даведвацца пра яго, аб чым можна даведацца. 3 кватэрай атрымалася зусім кепска. Мы засталіся з сынам у складзе. Усе жыхары перабраліся ўжо ў адрамантаваныя кватэры, а мяне папярэдзілі, каб я ў кватэру не перасялялася, і тут жа пасялілі ў ёй новых супрацоўнікаў. Пачаліся халодныя жнівеньскія ночы. Сын захварэў. У складзе засталіся толькі мы. Без замка, толькі цвік і вяровачка. Прыстаў да нас бадзяжны сабака, мы яму далі прытулак, і ён начаваў з намі. Усё ж было спакайней. Шукала я кватэру, але ніхто не пускаў. Баяліся пусціць сям'ю «ворага народа». Тады я пачала казаць, што муж пакінуў нас і выехаў невядома куды. Пусцілі адны старыя, але пазней, калі даведаліся праўду, гаспадар увесь час папікаў: «Каб ведаў, не пусціў бы». У снежні Уладзіміра Мікалаевіча павезлі, а я паехала ў Маскву параіцца, што мне рабіць. Мне параілі перш за ўсё выехаць як мага хутчэй з Чабаксараў. Мая свякруха раіла мне развесціся з Уладзімірам Мікалаевічам, каб лягчэй было ўладкавацца працу. Гэтую параду я не прыняла. Уладкавалася з вялікай цяжкасцю ў часовую лесанарыхтоўчую кантору ў г.Талдоме, а калі яе ліквідавалі, перайшла статыстам у лесгас. На маю мізэрную зарплату жыць з сынком было немагчыма, да таго ж выплачваць за дарагую прыватную кватэру, дакладней, пакой, і я папрасілася рахункаводам на ўчастак, дзе была бясплатная кватэра, ацяпленне, можна было мець агарод, казу, курэй. Вось там я і жыла, чакаючы Уладзіміра Мікалаевіча, да 21 ліпеня 1947 года. Там перажыла вайну і там страціла сына. Пра смерць сына я напісала (Уладзіміру Мікалаевічу) праз год, але не непасрэдна яму, а галоўнаму ўрачу лазарэта, дзе ён ляжаў хво­ры на пелагру. Я папрасіла ўрача паведаміць яму гаротную вестку тады, калі ён паправіцца, але будзе яшчэ пад наглядам урача.

3 1937 па 1947 год Уладзімір Мікалаевіч быў у лагерах на Далёкім Усходзе, вызваліўся 27 ліпеня 1947 года. Калі пры вызваленні ў яго запыталі, куды даваць накіраванне, ён аказаўся ў цяжкім становішчы — у Маскву нельга, у Маскоўскую вобласць таксама, і ўвогуле шмат у якія гарады нельга. Я пісала яму, каб заставаўся на месцы, але ўжо як вольнанаёмны, а я прыеду туды, усё ж яго там ведалі і як работніка, і як чалавека, але ён не захацеў там заставацца і ўзяў накіраванне ў Грузію — на Тбілісі, або Кутаісі, або курортныя мясціны. Дазволена было ў Зугдзідзі. Гэта Мінгрэлія. 25 км ад мора і там ён атрымаў пашпарт, але цяжка было знайсці працу, таму што незнаёмага чалавека са зняволеных не кожная ўстанова хоча ўзяць. Акрамя таго, дапусцім, ён уладкаваўся, а ці будзе там месца для мяне. Відаць, трэба было ехаць адначасова. Я тады працавала рахункаводам у Танінскім лясніцтве — Танінскага раёна . Без мяне ён так і не змог на нешта рашыцца, але даведаўся, што для мяне ёсць месца выкладчыка матэматыкі ў рускай школе пры чайным саўгасе ў Хецэры. Прыехала я на станцыю Інгуры з усім барахлом, і служачыя станцыі ніяк не маглі паверыць, што гэта не «тавар» (як яны казалі), а проста хатнія рэчы. А я, не ведаючы тады іхніх тагачасных нораваў, не магла зразумець, у чым мяне падазраюць. Толькі калі сказалі «будзем распакоўваць» і я легка згадзілася на праверку багажу, служыцель сказаў: «Ну, давай 17 руб. і забірай свае хатнія рэчы».

У аддзеле народнай асветы ў Зугдзідзі старанна праверылі мае дакументы: даведку аб заканчэнні Акадэміі камуністычнага выхавання імя Крупскай і аб заканчэнні Іняза і вельмі настойліва прапаноўвалі мне выкладаць рускую мову ў грузінскай школе у адным вялікім сяле. Мне доўга прыйшлося пераконваць іх, што, хаця я і размаўляю па-руску, але выкладаць рускую мову не умею, што для выкладання рускай мовы людзям іншай нацыянальнасці патрэбна асаблівае ўменне. Прызначылі мяне матэматыкам у рускую школу ў Хецэры, дзе быў чайны саўгас. Там была васьмігодка. Дзеці —рабочыя на чайнай плантацыі. Я не агаварылася: нашы вучні, у кожным разе большасць, палову дня працавалі, выходзячы з самага ранку з дому, пераапраналіся, абедалі тым, што ўзялі з дому і прыходзілі ў школу ў другую змену, а хто вучыўся ў першую змену працавалі пасля школы і затым ішлі дамоў. Нават для другакласнікаў знаходзілася работа: яны прыносілі ў збанах ваду з ручая для дарослых. I як яны ганарыліся сваімі заробкамі. Большасць былі з Паўночнага Каўказа і з Украіны - разбітай, зруйнаванай вайной. Дзяўчаты зараблялі сабе на пасаг і на абзавядзенне, а нашы вучні забяспечвалі самі сябе, дармаедамі ў сям'і не былі. Між іншым, не было і пытанняў аб дысцыпліне ў школе.

Уладзімір Мікалаевіч уладкаваўся рахункаводам у суседні чайны саўгас Наразені. Яму было лягчэй у тых адноснах, што ён, уладкоўваючыся на працу, выдаваў сябе за недасведчанага, пачынаючага работніка, а я ж не магла сказаць, што ўсё забыла і што мне трэба паўтараць тое, чаму буду вучыць дзяцей. Я ж матэматыку выкладала ў Яранску ў 1931 — 1933 гадах, а зараз 47-мы год. Перапынак даволі вялікі. Таму напружанне ў мяне было вялікае, шмат прыходзілася займацца самой. Выручала агульная метадычная і педагагічная падрыхтоўка.

Уладзімір спачатку працаваў у матэрыяльным аддзеле, потым перайшоў на разліковы стол, прайшоў усе аперацыі, праявіў сябе здольным і працавітым работнікам I зарэкамендаваў сябе як чулы, добры чалавек. Напрыклад, калі да яго звяртаўся нехта з сяла (стары або старая), ён не пасылаў яго або яе хадзіць ад стала да стала, з пакоя ў пакой, а рабіў усё сам са сваімі памочнікамі і прыносіў усё гатовае, а наведвальніка на гэты час садзіў на крэсла, а не прымушаў стаяць у чаканні. Навучыўся крыху гаварыць на мясцовай мове. Там патрэбна было ведаць і мясцовую мінгрэльскую, і грузінскую мовы. Калі б мы там затрымаліся, ён бы, вядома, вывучыў і тую, і другую. 3 цягам часу яго павысілі, прызначылі старшым бухгалтарам. Галоўным бухгалтарам быў грузін (мінгрэл), вельмі добры чалавек, душэўна прыхільны да Уладзіміра Мікалаевіча, але ён быў вельмі заняты як тамада на розных мясцовых урачыстасцях, і журботных, і вясёлых, і ўвесь цяжар працы ляжаў на плячах Уладзіміра Мікалаевіча, так што яму даводзілася працаваць да позняй ночы. Мы тады жылі ў тым саўгасе, дзе я працавала ў школе (Хецэры), але паколькі хадзіць ноччу праз яр было непрыемна, яму далі пакой у саўгасе, дзе ён працаваў (Наразені). Мы перасяліліся туды. Мне хадзіць у школу стала далей, затое яму было зручна і абедаць прыйсці, і павячэраць, а затым зноў у кантору да 2—3-х гадзін ночы.

Адносіны на працы і да яго, і да мяне былі вельмі добрыя. I вось аднойчы сяджу я дома, рыхтуюся да даклада на педсавеце, заходзяць Уладзімір Мікалаевіч, дырэктар саўгаса і нейкі вайсковец. Я не вельмі разбіраюся, а дакладней, зусім не разбіраюся ў формах і знаках, і не зразумела, што гэта начальнік МДБ. Я думала, што прыйшлі паглядзець, як жыве паднаглядны, запрапанавала сесці. Уладзімір Мікалаевіч кажа мне: «Ну, збірай мяне ў дарогу». Я анямела: «У якую дарогу, куды?» Разгубілася і ўсё яшчэ не разумею сэнсу гэтага візіту. Калі ўрэшце да мяне дайшло, што гэта арышт, я злосна запытала начальніка: «За што ж цяпер?» Ён растлумачыў, што ніякай новай справы няма, што ёсць распараджэнне Масквы, яно датычыць усіх, хто быў у лагерах. Не памятаю, як я збірала, дапамагаў мне сам начальнік, таму што бачыў, што я дрэнна арыентуюся. «Ну, пойдзем, праводзім», — кажуць мне. Мы пайшлі ў напрамку сталоўкі. Там стаяла машына. Ага, у хаце яшчэ начальнік мне сказаў: «Вось бачыце, я прыехаў без вартавых, асабіста. Я ведаю, які гэта чалавек». Падышлі да сталоўкі. Каля машыны — натоўп народу. Усе ўжо ведаюць, прыйшлі праводзіць, плачуць. Нас правялі ў сталоўку, пустую ў гэтую пару, пасадзілі за стол, паставілі віно і закуску, і ўсе па чарзе (дырэктар, прафорг, парторг, бухгалтар) пачалі гаварыць тосты, у якіх хвалілі Уладзіміра Мікалаевіча, выказвалі спачуванні і г. д. Тосты казаць там умеюць усе. Затым начальнік МДБ звярнуўся да Уладзіміра Мікалаевіча: «Зараз Ваша слова ў адказ». Уладзімір Мікалаевіч падзякаваў усім за добрыя водгукі аб ім, за доб­рый да яго адносіны, пажадаў усім здароўя, поспехаў у працы і працвітання саўгасу, у якім яны разам працавалі. Вось так яго праводзілі. Гэта было ў лютым 1949 года.

Уладзіміра Мікалаевіча павезлі, а народ яшчэ доўга не разыходзіўся. На другі дзень я паехала ў Зугдзідзі з назеяй, што паспею яго яшчэ там, але аказалася, што яго ўжо адправілі ў Тбілісі, і дзяжурны мне сказаў: «Супакойцеся, ніякай новай справы няма (як быццам бы была старая справа), гэта будзе вольнае пасяленне, і сем'і змогуць паехаць да іх». Пазней Уладзімір Мікалаевіч казаў, што начаваў ён не ў агульнай камеры, а ў асобным чыстым пакоі, так што, відаць, характарыстыка, якую яму далі ў саўгасе, мала нейкі ўплыў. У Тбілісі ён прабыў да чэрвеня ці ліпеня месяца. За гэты час я чатыры разы ездзіла туды з перадачамі, адна з гэтых паездак (апошняя) была па выкліку на спатканне перад адпраўкай на вечнае пасяленне. У мяне неяк запыталі: «А што, гэта юрыдычны тэрмін — вечнае?» Не ведаю, можа, юрыдычна гэта і не так, але ж тэрміну няма, а бестэрміновае або вечнае — ці не ўсё роўна. Ну, хай будзе «вольнае» пасяленне. Для мяне гэтае развітанне не было развітаннем, паколькі я збіралася следам за ім, а для мясцовых жыхароў, для якіх Сібір была страшным, недаступным месцам, якія ведалі толькі сваю мову, гэта было сапраўды трагічнае развітанне. Потым, ужо ў Сібіры, Уладзімір Мікалаевіч апавядаў, што з Зугдзідзі ў Тбілісі яго суправаджалі два канваіры. У Тбілісі, перад тым як здаць яго ў турму, яны зайшлі ў сталоўку, усе трое паелі, нешта па грузінску сказалі гаспадару, і калі Уладзімір Мікалаевіч хацеў разлічыцца, той сказаў: «Хай адсохне мая рука, калі я вазьму грошы ад такога чалавека». Калі адзін з канваіраў заспяшаўся, другі ў яго пытае: «Куды ты спяшаешся? Куды ты спяшаешся, я цябе пытаю?»

Да мяне былі чулыя адносіны. Памятаю, шафёр-грузін пры сустрэчы казаў: «Уладзімір - гэта такі чалавек, такі чалавек. Што табе трэба, ты толькі скажы, усё табе будзе». Калі я ездзіла ў Тбілісі, мне выпісвалі са склада дэфіцытныя тады прадукты. У час паездак я непазбежна прапускала заняткі ў школе, і ўсе нібы не заўважалі гэтага, не бачылі. Дырэктар школы, дзе я працавала, грузін, неяк пытаецца: «Ты калі паедзеш?» Я кажу: «Як жа ехаць, вось-вось экзамены». Ён з абурэннем: «Што такое, тут — экзамены, там — чалавек. Трэба ехаць». Я, вядома ж, паехала і да экзаменаў паспела вярнуцца. Жонка дырэктара саўгаса маёй суседцы па кватэры казала: «Ты даведайся, што ёй трэба, усё ёй будзе».

Зараз я раскажу пра тое, аб чым Уладзімір Мікалаевіч хацеў напісаць для зборніка «Пялёсткі» і не раз гаварыў аб гэтым, а спыняла яго, відаць, тое, што тут прыгадваюцца «ссыльныя», «зняволеныя». Ну, я пішу не для друку, таму пішу, паколькі яму гэта глыбока запала ў душу. Дык вось, калі эшалон з грузінамі, у якім быў і Уладзімір Мікалаевіч, летам 1949 года прыбыў на ст. Канск, усіх іх вывелі з вагонаў і часова, да рассартавання па раёнах, размясцілі на вакзальным панадворку за нізкай загарадкай з штыкетніка, канваіры сачылі за тым, каб ніхто не адлучаўся. Было вельмі горача, хацелася піць, прахожыя ніяк не рэагавалі на іх просьбы, праходзілі міма. Уладзімір Мікалаевіч тут кажа: «Вось зараз я ўбачу беларуску, і яна нас выручыць» (ён ведаў, што ў Сібіры шмат беларусаў). Грузіны ў яго пытаюцца: «А як ты пазнаеш беларуску?» «Пазнаю»,— кажа. I калі ўбачыў белакурую дзяўчынку з авальным тварыкам, звярнуўся да яе:



  • Дзяўчынка, як цябе завуць?

  • Зіна.

  • Дзе ты жывеш?

  • Вось у гэтым доме,— паказвае на блізкі чыгуначны дом.

— Зіначка, прынясі нам вадзіцы, толькі поўнае вядро не нясі, каб не было цяжка.

I Зіначка некалькі разоў прыносіла ваду, пакуль усе не спатолілі смагу. А калі ўсе напіліся і пачалі абмывацца, Уладзімір Мікалаевіч сказаў: «Хопіць, ты і так стамілася, напаіла, і дзякуй»,— і пачаў пытацца ў яе пра бацькоў. Яна адказвае: «Мама казала, што яна з нейкай Оршы». Уладзімір Мікалаевіч папрасіў паклікаць маму. Мама прыйшла, пы­таецца: «Дзе тут мой зямляк?» Уладзімір Мікалаевіч расказаў, што ў хуткім часе павінна ехаць яго жонка, і папра­сіў дазволу напісаць жонцы іхні адрас, каб жонка (гэта значыць, я) магла ў іх спыніцца. Яна ахвотна згадзілася. А Зіначцы Уладзімір Мікалаевіч напісаў невялічкі верш у яе школьны сшытак, тут жа, за агароджай. Прайшло гадоў 7. Мы жылі ў Почаце. Здаецца, у 1956 годзе яму было дазволена з'ездзіць у Краснаярск. Да Канска каля 150 км трэба было дабірацца сяк-так, а далей — цягніком. У Канску ён вырашыў адшукаць Зіначку і зрабіць ей нейкі падаруначак. На станцыі ён запытаўся ў аднаго чыгуначніка — тут, маўляў, працуе такі-та (называе прозвішча), у іх дачка Зіначка. Той паглядзеў на Уладзіміра Мікалаевіча ўважліва і пытае: «А вы што, радня ім?»

— Ды не, проста знаёмы.

Тады ён расказаў Уладзіміру Мікалаевічу, што Зіначка патанула, купаючыся ў рэчцы ў піянерскім лагеры. Ула­дзіміра Мікалаевіча гэта так уразіла, што ён доўгі час не мог узяць сябе ў рукі, але потым усё ж сабраўся з сіламі, пайшоў да маці, паплакалі яны разам, з'ездзілі на могілкі. Купіў Уладзімір Мікалаевіч вянок, зрабіў падарунак маці. Вось і ўсё. Гэтую дзяўчынку ён часта ўспамінаў, усё збіраўся напісаць, ды так і не сабраўся. А вершык той, які Уладзімір Мікалаевіч ёй напісаў, яна берагла і паказвала мне яго, калі я спынялася ў іх пасля прыезду ў Канск па дарозе да новага месцапражывання Уладзіміра Мікалае­віча. Па недаравальнай наіўнасці я думала, што Уладзімір Мікалаевіч сустрэне мяне ў Канску. А як ён мог сустрэць? Ён жа быў у Абанскім раёне, а Канскі раён — гэта ж другі раён, другое начальства. Гэта ж там мне стала ясна, а ў цягніку я і сваім спадарожнікам-геолагам, якія ехалі далей на ўсход, казала, што мяне павінны сустрэць. Спадарожнікі мае дапамаглі мне выгрузіць рэчы, нават не на платформу (вагон спыніўся далека ад станцыі), спагадліва паківалі галовамі і паехалі. Я засталася са сваімі чамаданамі на рэйках. На шчасце, у Канску выйшла з нашага ж вагона дзяўчына, якая прыехала ў Канск на працу. Яна зразумела мае становішча (ні насільшчыкаў, нікога), сказала, каб я пачакала, пакуль яна сходзіць некуды па справах, а затым прыйдзе і мне дапаможа. Прыкладна праз гадзіну яна прыйшла і дапамагла данесці рэчы да чыгуначнага доміка, адрас якога напісаў мне Уладзімір Мікалаевіч. Там мяне прынялі (гэта была сям'я Зіначкі). У іх я пражыла дні два, пакуль прыйшоў мой багаж, пагружаны ў Зугдзідзі. Паколькі Уладзімір Мікалаевіч не сустрэў, я стала трывожыцца — ці там ён, дзе напісаў мне, што павінен быць. А было так: калі ў МДБ у Абане паўстала пытанне, у якое сяло яго накіраваць, ён папрасіў дазволу схадзіць у РАНА і даведацца, дзе будзе і ці ўвогуле будзе для мяне праца. У РАНА яму сказалі, што выкладчык нямецкай мовы патрэбны ў школе ў сяле Усцьянск. Гэта км за 18 не даязджаючы Абана, калі ехаць ад Канска. Таму ён папрасіў прызначыць яму месцапражыванне ў сяле Усцьянск. Там пасяліўся ў аднаго. калгасніка, а працаваць уладкаваўся на нарыхтоўку дроў у лесе для дзіцячага дома. Там працавалі старэйшыя дзетдомаўскія хлопчыкі, і ён, як рабочы, выконваў цяжкую работу (калоў дровы), якая была не над сілу дзецям. Там яны і жылі ў лесе, за 12 км ад Усцьянска і дзіцячага дома.



Ва Усцьянск я яму пераводзіла грошы, пасылала пісьмы, телеграмы, таму на Усцьянскай пошце яго павінны былі ведаць, і я пазваніла з Канска ва Усцьянск на пошту і запыталася ў паштовых работнікаў, а дакладней, у тэлефаністак, ці ёсць ва Усцьянску ссыльны Дубоўка. Мне сказалі, што так, ёсць такі, і я пачала збірацца ў дарогу. Рэчаў - абралася на 10 месцаў. Усё прыходзілася везці: і каструлі, і керасінку, і прас, і іншае барахло. Час быў пасляваенны, і я па вопыце ведала, што на месцы гэта ўсё цяжка здабыць. І яшчэ, Уладзімір Мікалаевіч пайшоў без нічога, усё яго адзенне везла я. Загрузілася я на трохтонку ці пяцітонку папутную, пустую і паехала да Усцьянска. Па дарозе звярталі на сябе ўвагу чорная зямля і суслікі. Такой зямлі ні ў Падмаскоўі, ні ў Беларусі няма, а суслікаў я ўвогуле бачыла ўпершыню. Ва Усцьянску — чайная. Каля яе заўсёды спыняліся усе машыны, шафёры адпачывалі і перакусвалі. Мой вадзіцель пайшоў у чайную, я сяджу ў кузаве машыны са сваімі рэчамі, і тут мяне Уладзімір Мікалаевіч не сустракае (я ж не ведала што ён працуе ў лесе за 12 км). Бачу на прызбе сядзяць людзі. Я пытаюся, ці не ведаюць яны Дубоўку Уладзіміра Мікалаевіча , тады яны падняліся, падышлі да мяне і ўсё растлумачылі. Гэта былі грузіны, што прыбылі сюды разам з Уладзімірам Мікалаевічам. Яны былі на пошце, калі я званіла з Канска і пыталася пра Уладзіміра Мікалаевіча, і ведаючы, што яго тут няма, вырашылі чакаць майго прыезду. Вось і сядзелі на прызбе каля чайной, дзе спыняюцца (гэта яны ведалі) усе машыны. Дасталі ручную цялежку, дапамаглі адвезці рэчы на кватэру Уладзіміра Мікалаевіча. Я пайшла ў дзіцячы дом, пагутарыла з дырэктарам, ён паслаў у лес па Уладзіміра Мікалаевіча. Ва Усцьянску мы не засталіся. Пражылі там з месяц. За гэты час Уладзіміра Мікалаевіча выклікалі яго шэфы, нечым ён там ім не дагадзіў, і тады мне ва Усцьянску не знайшлося месца, і прапанавалі Почэт. Гэта на 100 км паўночней, у тайзе. Лічылася самым благім месцам у Абанскім раёне: лесакарыхтоўчы пункт, праца толькі ў лесе, ну, і вядома, гнюс: мошка, камар, макрэц і іншае. Для мяне ў школе — таксама выкладанне нямецкай мовы. Нам нават спадабалася гэта прапанова. Лес мы любім, да стэпаў не прызвычаіліся, а цяжкасцей яшчэ не ўяўлялі. Пасля жнівеньскай настаўніцкай канферэнцыі мы і адправіліся туды. Да Байкана сяк-так дабраліся на грузавой машыне з рызыкай кожную хвіліну вылецець з машыны або зваліцца разам з ей у глыбокія калдобіны, а ад Байкана (гэта прыблізна палова дарогі) машына ўжо зусім не магла ісці. Туды з Почэта прыехалі за аўсом падводы, аўса не аказалася, і нам дазволілі на гэтых конях дабірацца далей. Адну падводу ўзялі настаўніцы, у якіх не было рэчаў, другую далі ў наша распараджэнне. Возчык аказаўся вельмі прыемным чалавекам. На калёсы мы пагрузілі рэчы, а самі пайшлі пехатою — 35 км тайгой. Гэта яшчэ б нічога, але спыніцца ні на мінуту нельга: мошка не дае ні стаяць, ні сядзець, можна толькі ісці і ўвесь час абмахвацца галінкамі. У адным месцы воз перавярнуўся. Што рабіць? Усё здымаць, а потым зноў укладваць? Тады Уладзімір Мікалаевіч падлез пад калёсы і спіной падняў воз, толькі крэкнуў. Як ён сам не зламаўся? Усё ж ён быў вельмі моцны. Мы ўжо выбіліся з сіл, асабліва я. Возчык аддаў мне сваю сетку, бачачы, як я мучаюся ад гнюсу, але я не прывыкла да сеткі, яна мне мяшала дыхаць, было душна. Урэшце тайга расступілася, і перад намі адкрыўся цудоўны від: рэчка Біруса, на другім беразе высокі ўцёе. Такая велічная карціна, такі прастор. Лягчэй стала дыхаць, паправіўся настрой і нібы дадалося сіл. Дарога павярнула пад прамым вуглом і пайшла ўздоўж рэчкі. Сустрэлі нас маладыя настаўніцы, якія прыехалі раней за нас. Мяне начаваць узяла да сябе завуч школы, а Уладзімір Мікалаевіч начаваў на рэчах, якія звалілі ў адведзены нам пакой. 3 кватэрамі там увогуле было дрэнна. Народу прыбавілася, а жылля яшчэ не набудавалі. Так што, пакуль мы не пабудавалі сваю хатку, намучыліся парадкам. Для Уладзіміра Мікалаевіча — работа толькі на нарыхтоўцы лесу. Была і кантора, там таксама працавалі ссыльныя, але не ўсе, а некаторыя. Уладзіміру Мікалаевічу туды ходу не было. 3 яго разбітай нагой (у лагеры) і аслабленым слыхам работа на лесапавале была небяспечнай, і я настойліва раіла яму вучыцца сталярнай справе. Будаўніцтва там было, значыць, патрэбны былі і сталярныя вырабы. Купілі мы сталярны інструмент у старой удавы сталяра. Пайшоў ён, уладкаваўся ў сталярку, але паколькі гатовыя вырабы ён поўнасцю рабіць не ўмеў, яму іншыя сталяры даручалі рыхтаваць матэрыял, г. зн. самую цяжкую, працаёмкую работу, а налічвалі яму за яе колькі ім захочацца. Калі ён хацеў паглядзець, як яны размячаюць матэрыял і рыхтуюць вырабы, яны спецыяльна закрывалі спіной ад яго сваю работу, каб ён не мог назіраць за ёй. Усе гэтыя людзі былі з закваскаю прыватнікаў, і толькі калі прыехаў з Урала кваліфікаваны сталяр, які раней працаваў брыгадзірам-сталяром на прадпрыемстве, ён пацікавіўся: «Уладзімір Мікалаевіч, чаму ты не працуеш самастойна?» I калі Уладзімір Мікалаевіч растлумачыў яму, што не ўмее, ён яму сказаў: «Вось што, вучыць цябе я не магу, таму што мне трэба шмат зарабляць. У мяне дачка вучыцца ў інстытуце, і я павінен ей штомесяц высылаць пэўную суму, але ты сам прыглядайся, калі я нешта раблю, пытайся, ты чалавек граматны, хутка усё ўсвоіш». 3 таго часу Уладзімір Мікалаевіч стаў працаваць самастойна і хутка апярэдзіў тых, для каго раней рыхтаваў матэрыял.У асноўным рабілі рамы і дзверы — розныя рамы і розныя дзверы, пазней стаў рабіць і мэблю, а калі збудаваў сваю хатку, усю мэблю зрабіў сам: два ложкі, дзве шафы, пісьмовы стол, кухонны стол, два розныя па фасону шэзлонгі, буфет, крэслы, табурэткі, а да таго часу, дзе бы мы ні жылі, мэбляю нам служылі фанерныя скрыні і тапчаны.

Вясной усіх рабочых адпраўлялі на скатку лесу, гэта значыць, штабелі лесу скочвалі ў Бірусу. Тады гэта рабілася ўручную, і для Уладзіміра Мікалаевіча, з яго зламанай нагою, гэтая праца была асабліва небяспечная. Я сказала началь­ству, што па тэхніцы бяспекі гэта работа для Уладзіміра Мікалаевіча супрацьпаказана і што, калі з ім нешта здарыцца, я гэта так не пакіну, буду скардзіцца на іх аж да міністэрства. Яго пакінулі ў спакоі.

Будаваць свой домік трэба было па шэрагу прычын. Тую маленькую кватэрку, дзе мы жылі дасюль, Уладзімір Мікалаевіч добраўпарадкаваў, зрабіў падвойныя рамы, навесіў другія, добрыя дзверы, прасек акно, якое асвятляла пліту, зрабіў кладоўку, устроіў падполле, прыстроіў ганак і лавачкі. Так што жыллё набыло выгляд і выгоды, у тых мясцінах не частыя. На яго паглядвала ўжо начальства. Акрамя таго, у 1952 годзе мяне РАНА праз дырэктара школы папярэдзіла, што з новага навучальнага года я не буду працаваць у школе (як і ўсе жонкі ссыльных), таму нас легка маглі выселіць з гэтай кватэры, якая прызначалася настаўнікам. I яшчэ была прычына — зямельны ўчастак. Трэба, каб ён быў каля дома, а то прыходзілася садзіць бульбу за рэчкай. Гэта вельмі складана, рэчка капрызная. Я памятаю выпадак, калі адзін чалавек вымушаны быў увесь ураджай (некалькі мяшкоў бульбы) выкінуць з лодкі ў раку, таму што на сярэдзіне рэчкі падняўся вецер, пачало заліваць лодку і дзеля ўратавання свайго жыцця гаспадар страціў увесь ураджай, а яшчэ і мяшкі былі пазычаны ў суседзяў, прыйшлося яму за іх расплачвацца. Вось усё гэта і паслужыла прычынай таго, чаму мы пачалі будавацца. Дасталося Уладзіміру Мікалаевічу вельмі цяжка. Будаваў у часы да працы ў сталярнай майстэрні і пасля працы, гэта значыць, увесь светлы час сутак. А будавалі мы за ручаём, так што на кані пад'ехаць было нельга, пад'езду не было. Да гэтага часу памятаю крывавыя рубцы на яго плячах ад пераноскі па кладцы праз ручай цэглы на рускую печку, падтопак і пліту. Бывала прыходжу дамоў са школы і бачу па ўсім, што абедаць ён не прыходзіў. Я збіраю сёе-тое, нясу на будоўлю, а ён толькі бурчыць: «Калі мне абедаць? Працаваць трэба, ты толькі час у мяне адымаеш, адцягваеш увагу». Я ўжо маўчу.

Дарэчы, у той год, ды і ў наступныя, я так і засталася працаваць у школе, ці то таму, што не хапала настаўнікаў, а то казалі, што мясцовая партячэйка за мяне хадатайнічала. Не ведаю. Толькі ўвосень мне сказалі, каб я прыязджала на канферэнцыю, што буду працаваць.

Увесь час Уладзіміра Мікалаевіча праходзіў за цяжкай працай, акрамя майстэрні. То трэба было тынкаваць, а гэта значыць — накапаць гліны, прынесці з коннага двара (прыкладна за кіламетр) гною, усё гэта размяшаць, а потым наляпаць на сцены і ў сярэдзіне, і з вонку нашай хацінкі. Пасля трэба ж было падымаць цаліну пад агарод, ды яшчэ і выкарчоўваць пні на 25 сотках, адведзеных мне як настаўніцы. Іншым давалі 15 сотак. Была і іншая праца, нібы і лягчэйшая, але якая патрабавала цярплівасці, упартасці і настойлівасці. Яму хацелася, каб домік наш выглядаў прыгожа, таму налічнікі аздабляў выпіленымі з фанеры і размаляванымі ўзорамі. Выпільванне патрабуе вялікай цярплівасці, і яе ў яго хапала. Нават ваконца на гарышчы ён упрыгожыў. А ямы, што ўтварыліся, калі ён капаў гліну, Уладзімір Мікалаевіч выкарыста; пазней для будовы зямлянкі і склепа. На агародзе былі два парнікі. Для іх трэба было выкапаць ямы, апусціць зруб, нанасіць гною, зрабіць і зашкліць рамы. Так што Уладзімір Мікалаевіч ні хвілінкі не сядзеў без справы, а справы ўсе былі спешныя, неадкладныя. Зямлянка была светлая, з вялікім акном на поўдзень. У ей была печка з плітой, стаяў варштат, на якім Уладзімір Мікалаевіч працаваў дома па вечарах, у выхадныя дні. Столь была нізкая, а ўсё ж такі вышэй за рост Уладзіміра Мікалаевіча, награвалася яна хутка, і мы ў ей мыліся, у агульную лазню не хадзілі. Усё гэта ён рабіў сам. Ён любіў казаць: «Мы будавалі» або «Мы капалі»,— ну гэта так, ад дабрыні душэўнай. Я амаль не дапамагала яму. Была занятая школай. Усё ж я скончыла Іняз у 1937 годзе, а выкладаць нямецкую мову пачала толькі ў Сібіры ў 1949 годзе. Мне прыходзілася шмат займацца, каб не ўдарыць у гразь тварам: вытрымаць марку добрай настаўніцы. Ды і ўсё школьнае жыццё адбірала шмат часу: палітзаняткі, пасяджэнні, нарады і г. д. Ледзь паспявала гатаваць няхітрую ежу і прыбіраць у доме. На агародзе працавала і я. Неяк атрымалася, што Уладзімір Мікалаевіч глядзеў за бульбай, а за ўсёй астатняй агародннай глядзела я. Але ваду для паліўкі насіў ён адзін. I ўвогуле цяжкую працу Уладзімір Мікалаевіч заўсёды браў на сябе. I яе поўнасцю хапала, нават з лішнім. Толькі апошнія два гады жыцця ў Сібіры ён мог дазволіць сабе пасядзець у садзіку на мэблі, зробленай з бярозавых неабшкураных галін, за круглым прымітыўным столікам і любавацца нядаўна прывезенымі і пасаджанымі яблынямі, кустамі агрэсту, парэчак, кветкамі і іншым. Вельмі не кацелася яму ўсё гэта пакідаць, а калі справа дайшла да сталярных інструментаў, ён катэгарычна заявіў: «Я не магу іх пакінуць». I мы іх везлі — цэлую скрыню рубанкаў, фуганкаў і іншага, і ўсё гэта зараз стаіць на балконе куфры яго работы, усё змазанае, вычышчанае, гатовае да работы.

У тайгу ён хадзіў толькі па справе, проста прагульвацца ён не мог. Здаралася, мне ў якое-небудзь свята, калі пра­цаваць было проста непрыстойна, удавалася выцягнуць яго на прагулку ў тайгу (зімой або ранняй вясной, калі няма мошкі), ён па дарозе ўвесь час стогне: «Ну, можа, павернем ужо назад, можа, ужо хопіць гуляць». I мы паварочвалі дамоў. Адна я любіла гуляць і атрымлівала нейкае нервова-псіхічнае заспакаенне, якое дазваляла мне роўна весці ўрокі. Уладзімір жа хадзіў у тайгу, калі яму трэба было там нешта ўзяць, якую-небудзь палку з асаблівым выгінам або формай. Тады гэта магло быць да вечара і прымушала мяне непакоіцца: тайга, ноч настае, куды ісці шукаць. Але ўсё абыходзілася добра. А вось аднаго разу ён вельмі напалохаў мяне, і гэта звязана не з тайгой, а з рэчкаю. На супрацьлеглым беразе Бірусы Уладзімір Мікалаевіч аблюбаваў сухую лістоўніцу. Хоць дровы ў нас былі, але ж нельга, каб такое дабро прападала, і ён на лодцы адправіўся за гэтым ствалом, а ствол вельмі вялікі, не ведаю, колькі метраў, велізарны. Прывязаў ён яго да лодкі і думаў,што лістоўніца пацягнецца за лодкай, а атрымалася не так. Лістоўніца аказалася мацней за лодку. Яна пайшла наперад па цячэнні і пацягнула за сабой лодку. Цячэнне моцнае, і лістоўніца моцная, і пацягнула яна лодку міма дома, за пасёлак. Я выйшла на бераг — ні душы. Нікога і нічога на рацэ не відаць — ні лодкі, ні чалавека. Бегаю ўздоўж ракі, крычу: «Валодзя, Валодзя»,— падняла на ногі ўсіх яго таварышаў па майстэрні, а што яны могуць зрабіць. I працягвалася гэта доўга. Адным вокам я ўсё ж паглядаю на свой домік (стала ўжо цёмна) і раптам бачу: запалілася святло ў вокнах. Я бягом дадому. Уладзімір Мікалаевіч толькі што ўвайшоў. Аказваецца, гэтая лістоўніца цягнула яго да крутога павароту (пад прамым вуглом) ракі. Тады яна ўперлася ў бераг, і Уладзімір Мікалаевіч шчасліва выбраўся на сушу і пехатой ужо прыйшоў дамоў, а на ранку ўсё ж адправіўся за ею і супраць цячэння прывалок дамоў.

Як усе жыхары тайгі, і мы вельмі мучыліся ад мошкі. Уладзімір Мікалаевіч дрэнна пераносіў сетку, хадзіў з адкрытым тварам і прыходзіў акрываўлены, распухлы ад укусаў. Балюча было глядзець на дзетак, ім таксама адзявалі на твары сеткі, пабегаць распранутымі ім было нельга. Мучылася і скаціна. Цікава, што ў нашым садзіку мошкі не было. Мы ніяк не маглі вытлумачыць — чаму? На агародзе дапякае мошка, а тут жа побач можна спакойна сядзець без сеткі. Можа, гэта кветкі сваім пахам адганялі іх. Адэкалон жа таксама адпужваў мошку, праўда, ненадоўга, пакуль не выветрыцца. Можа быць. Іншага тлумачэння мы не маглі знайсці.

Почат 1949 года і Почат 1958 года — гэта зусім розныя рэчы. За гэты перыяд — з 1949 да 1958 год — ён вельмі змяніўся. Пабудавалі электрастанцыю, з'явілася электрычнасць, загаварыла радыё, пабудавалі клуб, кінатэатр. Лесапункт стаў механізаваным, з вялікімі рамонтнымі майстэрнямі. Там не было моладзі, якая б сноўдалася без справы. Хто не хацеў вучыцца, ішоў працаваць. Бывала і так: кіне школу, папрацуе ў майстэрні, потым зноў вяртаецца ў школу. Пастаянна ішла будоўля. Увесь час адчувалася атмасфера росту, а не упадку, і гэта аблягчала там жыццё. Пры клубе была вялікая бібліятэка. Калі выпісвалі часопісы, настаўнікі і знаёмыя дамаўляліся, хто выпіша які часопіс — кожны выпісваў нешта адно, а чыталі і тое, што выпісвалі таварышы.

Прыпамінаецца такая сцэнка. Пайшла я ў школу пад парасонам, быў дождж, падыходжу да школы, на ганку пад навесам стаяць дзеці, перамена. I тут чуюцца воклічы: «Ой, а што гэта такое». Гэта наконт парасона. Я спачатку думала, што дзеці жартуюць, прыкідваюцца, а потым пераканалася, што яны сапраўды не бачылі парасона і не ведаюць, што гэта такое. Яны папрасілі мяне паказаць, некалькі разоў раскрыць яго і закрыць, самі паспрабавалі гэта зрабіць, а адзін хлопчык папрасіў: «Дайце, я пахаджу пад ім»,— і пайшоў пад дажджом з парасонам пагуляць на двары. Яму вельмі спадабалася, што дождж на яго не трапляе.

* * *


Пасля смерці сваей сястры (яна памерла 8 сакавіка 1975 года Уладзімір Мікалаевіч часта гаварыў аб смерці. На яго цяжкое ўражанне зрабіў не толькі сам факт смерці (ён застаўся адзін з вялікай некалі сям'і), але і само пахаванне —могілкі непрыглядныя, магілы вельмі блізка адна ад другой, капаюць неглыбока. Ён казаў: «Цяпер мне трэба падшукаць сабе месца»,— і разважаў уголас: «У Маньковічах — не хачу, там дрэнныя могілкі, добра б было ў Язах, але я не ведаю, што там цяпер». I на гэтым абарваў. Думаў ён і пра тое, куды дзець рукапісы. Я сказала, каб ён на мяне не спадзяваўся, што я нічога не змагу зрабіць, калі з ім нешта станецца. Ён папрасіў Юліяна Сяргеевіча Пшыркова ўзяць на сябе клопаты аб яго літаратурнай спадчыне (у адзін з прыездаў Юліяна Сяргеевіча ў Маскву), мабыць, таму, што Юліян Сяргеевіч і асабіста да яго добра ставіўся і, што, відаць, яшчэ важней, ацэньваў яго як пісьменніка вельмі высока. Пра камісію Уладзімір Мікалаевіч ніколі не гаварыў, можа, не дапускаў, што яна будзе створана, не ведаю. У апошнюю зіму ён некалькі разоў казаў: «Што ты будзеш рабіць без мяне», або «Як ты будзеш жыць без мяне”. Я не ставілася сур'ёзна да гэтых слоў, ён быў мацнейшы за мяне, і я была ўпэўнена, што памру раней. Аднойчы я сказала: «Ніяк не буду жыць, лягу і буду паміраць» . Ён ужо дрэнна сябе адчуваў, часта балела сэрца, цяжка было хадзіць, але ён разумеў, што трэба рухацца, што пры яго грузнасці ляжанне — гібель, вось і хадзіў з цяжкасцю. I ўрачы яму казалі: «Вам ляжаць нельга». Пасля яго смерці ўрач, што лячыў нас, казаў мне: «Калі б не гэты няшчасны выпадак, ён бы яшчэ доўга мог жыць». У бальніцы, дзе ён ляжаў ужо з пераломам бядра, у яго знайшлі два (раней перанесеныя) інфаркты, значыць, перанёс ён іх на нагах. I ўсё ж ён быў дужэйшы за мяне, і я не магла думаць , што перажыву яго, і вось ужо другі год жыву. Праўда, кажуць, рыпучае дрэва жыве доўга. Хутка Новы. Гэта для яго быў асаблівы час. Дзеці-малышы, сустракаючы яго на вуліцы ці ў аўтобусе, прынімаюць за Дзеда Мароза (белая барада, ружовы твар): «Мамачка, паглядзі, Дзед Мароз жывы». У яго заўсёды ў кішэнях цукеркі, а ў гэты перыяд ён ужо асабліва стараўся, каб мець пры сабе нешта смачнае: цукеркі, апельсіны, яблыкі, мандарыны, і ў такіх выпадках адорваў дзетак, і яны маме ці бабулі хваліліся: «Гэта мне Дзед Мароз даў».

У Сібіры, у Почаце, мне прыходзілася сустракацца з грузінамі, якія сядзелі ў Тбілісі ў адной камеры з Уладзімірам Мікалаевічам. Яны вельмі хораша аб ім адзываліся, казалі, што гэта вельмі высакародны чалавек, што ў тых умовах людзі, што называецца, выварочваюцца цалкам, паказваюць свае нутро. Уладзімір Мікалаевіч распавядаў мне, што часамі ў камеры ўзнікалі спрэчкі з-за дзяжурства. Уладзімір Мікалаевіч слухае, слухае, потым сам бярэцца за прыбіранне. Яму кажуць: «Ты што, Дубоўка, гэта не твая чарга». Ён адказвае: «Мне лягчэй прыбраць, чым слухаць гэту лаянку».

Цікавай асаблівасцю Уладзіміра Мікалаевіча было тое, што ў яго ніколі ні з кім не было афіцыйных адносін, з усімі ўстанаўліваліся чалавечыя, цёплыя адносіны, нават, здавалася б, з афіцыйнымі асобамі. Напрыклад, заказвае ён, каб з пральні прыехалі па бялізну, ён ведае, як завуць дзяжурную (ні разу ён яе не бачыў), колькі ў яе дзяцей, як іх здароўе, як яны вучацца, як здароўе яе і яе мужа; з чысцільшчыкам абутку ў яго таксама свае размовы: пра сына, пра нявестку, пра нябожчыцу жонку; з вадзіцелем, з кіяскёрам, не кажучы ўжо пра рынак — там ужо шматлікія пастаянныя прадаўцы ведалі яго. Шмат на рынку ў Маскве і беларусаў, з якімі Уладзімір Міка­лаевіч рад быў пагаварыць на роднай мове, распытаць пра жыццё. Прыносіць з рынку пакупкі і дакладвае: гэта з такога вось раёна, а гэта з такога. I задаволены — нібы на Радзіме пабываў.

Памятаю, даведаўся ён, што недзе на Гомельшчыне жыве яшчэ адна вельмі старая кабета, якая памятае шмат паданняў, песень. Сустрэўшы Глебку, Уладзімір Мікалаевіч параіў яму, як кіраўніку Інстытута, паслаць каго з супрацоўнікаў з магнітафонам да гэтай старой, каб запісаць ад яе тое, што ўяўляе цікавасць. Глебка сказаў: «Што ж, ты хочаш, як і раней, даваць нам дырэктывы з Масквы». Уладзімір Мікалаевіч замоўк. Зразумеў, напэўна, што актыўнасць з яго боку ўспрымаецца скажона. Мне здаецца, што апавядаў ён аб гэтым з болем і горыччу.

У 1959 годзе Уладзімір Мікалаевіч з Віткам і са мною рабіў паездку па Беларусі. У Тураве пабывалі у райкоме партыі, на Уладзіміра Мікалаевіча добрае ўражанне зрабіў сакратар райкома: сапраўдны гаспадар раёна, які жыве перспектывамі свайго раёна. Для паездкі ў глыбінку ён прадаставіў сваю райкомаўскую машыну. Паехалі яны (забыла назву вёскі) з разлікам правесці там некалькі дзён, пагутарыць з людзьмі, можа, запісаць што цікавае або з даўніны, або з часоў Айчыннай вайны (я вырашыла адпачьщь у Тураве, з імі не паехала). 3 імі паехала інструктар райкома — жанчына. Нечакана вельмі хутка, у той жа ці ў наступны дзень, яны вярнуліся ў Тураў. На мае здзіўленае пытанне Уладзімір Мікалаевіч расказаў, што яго ўразіла, як іх «спадарожніца» вырашыла ім «дапамагчы». Прыйшла дый кажа: «Дык вось, я для вас ачысціла памяшканне Ваеннага стала. Туды будуць прыходзіць людзі, што вас цікавяць і з якімі вы будзеце гутарыць. I настаўніцу я папярэдзіла, каб яна да вас прыйшла». Уладзімір Мікалаевіч абурыўся. Як гэта выклікаць людзей, выклікаць настаўніцу. Яна ў адпачынку, можа, яна занятая I гаспадаркай, хатнімі справамі. I ўвогуле, хто мы такія, каб да нас выклікаць людзей. Зараз жа пойдзем да настаўніцы, папросім прабачэння. I яны хадзілі і прасілі прабачэння, што так атрымалася, а ад гутарак з мясцовымі людзьмі па выкліку, у афіцыйнай абстаноўцы, ён адмовіўся. Уладзімір Мікалаевіч лічыў, што не так трэба знаёміцца з жыццём і побытам людзей, трэба выклікаць прыхільнасць людзей да сябе, каб ім захацелася расказачь пра тое, што яны ведаюць, памятаюць.

* * *

Хочацца некалькі слоў сказаць пра маці Уладзіміра Мікалаевіча, Настассю Іванаўну. Мне здаецца, што ад яе ён унаследаваў дабрыню, душэўнасць, эмацыянальнасць, багатае ўяўленне, вобразнае мышленне, цудоўную памяць і талент апавядальніка. I вялікую працавітасць акрамя таго, ці пагэтаму ён заўсёды павінен быў аб некім клапаціцца. У маладыя гады гэта былі бацькі і малодшыя браты і сёстры, потым свая сям'я — жонка, сын. Ён вельмі клапаціўся пра іншых, а сам за сабой не глядзеў зусім. За ўсіх людзей у яго балела душа. Ён не мог абыякава адносіцца да гора, бяды, няшчасця навакольных, ды і не толькі навакольных, але і далёкіх. За ўсіх у яго балела сэрца. Гэткай жа была і яго маці. У 1931 годзе, праз некалькі месяцаў пасля арышту Уладзіміра Мікалаевіча, ужо зімой, прыходжу я са школы, і маці Уладзіміра Мікалаевіча кажа мне, што прыходзіў швейцар Беларускага паўпрэдства і сказаў, што зараз у паўпрэдстве тав. Галадзед, што, можа, з ім трэба пагаварыць. Я пайшла вечарам, у Паўпрэдетве ўжо нікога са службоўцаў, не было. Мы з Галадзедам сядзелі ў нейкім пустым кабінеце. Ён сказаў, што нічога не ведае, таму што быў на поўдні, у адпачынку, што калі я хачу нешта даведацца, каб прыязджала ў Мінск, калі ён будзе там і сам даведаецца аб усім. Праз нейкі час я паехала ў Мінск, ён мяне прыняў. Я ўжо не памятаю пра што ішла гаворка, здаецца, аб дазволе на перадачы, памятаю толькі, што на развітанне ён мне сказаў: «Я ўпэўнены, што ў хуткім часе нашы хлопцы будуць на свабодзе».



* * *

Уладзімір Мікалаевіч ніколі не пытаўся, ці паеду я за ім, ён толькі пісаў — як паедзеш (не калі паедзеш), то і г. д. Калі мог, то стараўся палегчыць мне маё падарожжа за ім [...]



* * *

Здарылася так, што ў нас скончыліся ўсе харчовыя запасы. Засталіся тры бульбіны і адна цыбуліна. Я разгубілася: што ж мы будзем есці, як пражыць дзень. Прыйшоў Уладзімір Мікалаевіч. Я сказала яму, што абеду няма, няма з чаго гатаваць.

— Як няма з чаго. Тры бульбіны і цыбуля? Зараз будзе абед з двух блюдаў.

Трэба сказаць, што ні ў якім самым цяжкім становішчы ён, што называецца, не вешаў носа, заўсёды знаходзіў выйсце, не траціў бадзёрасці і аптымізму. I на самай справе атрымаліся два блюды: на першае — адвар бульбы з цыбуляй і на другое — бульба. «Вось і цудоўна,— сказала я.— Цяпер не хапае толькі трэцяга». «А на трэцяе — рот паласкаць»,— падхапіў Алік. Вось так мы, задаволеныя, вясёлыя, хоць і не вельмі сытыя, і правялі гэты дзень.



Пераклад з рускай Яніны КІСЯЛЕВАЙ

Кароткія хвілінкі сямейнага шчасця

Если есть спички, разжигай керосинку и пеки блины сам. Я не успела.

* * *

Вы просите спичек —

их нет у меня,

И времени я не имею.

Спешу к производству.

Коня мне, коня!

Пожалуй, пешком не успею.
Блины разведешь, дорогая жена,

Их теплой разбавишь водицей.

Получится к ужину прелесть одна,

На ужин она пригодится.

Владимир

4/ XI1-47 г.

* * *

Марилька!

Очень возможно,

Буду я поздно

в На-а-разени...

Укройся добра

Тепленькой коўдрай

и— «до видзення!».

Уладзімір

24/XI1-47 г.

* * *

У меня три урока. Если ты подождешь меня, я бы тебя проводила по солнышку *.

Я уроков получал

Гораздо больше,

Но они не пошли

Мне впрок.

Из-за них я от самой Польши

Угодил на Дальний Восток.

Вот почему я держусь земли,

Вот почему на Солнышки не взлетаю.

Этому самому, Марилька, внемли,

И не тревожь меня, дорогая.

Уладзімір



25/ХП-47 г.

* * *

Суп в плите *.

Стиль моей прекрасной

Краткий и ясный,

Не допускающий кривотолков,

Но иногда...

сбивающий меня с толку.

Приветствуя такое послание,

Ознакомился я с кулинарными чудесами.

А что дальше —

можете представить сами.



11/03-48 г

* * *


МЕНЮ:

  1. Борщ

  2. Жареный картофель со свежими огурцами

  3. Мамалыга с вареньем.

6/Х.48 г.

От такого меню

Пальчики оближешь.

Расцеловал бы тебя,

Если бы была поближе.

К сожалению — спешу уйти до дождя.

Еще раз благодарю тебя.

Уладзімір



* * *

Я порезала большой палец правой руки. Не знаю, как буду доить коз. Хорошо, если бы ты пришел вовремя, хоть подержишь их. Осталось много рассады, а места нет. Я прикопала ее.

Говорил я не раз —

осторожно, моя дорогая.

Только скроюсь я с глаз,

ты уж пальчик себе обрезаешь.

Буду прятать ножи,

и точить их не буду я вовсе.

Никакой не поможет нажим

на меня в этом самом вопросе.

А сегодня приду,

и пораньше, насколько возможно.

Будь здоровая, будь

внимательна и осторожна.

Уладзімір


7/Х-48 г.

* * *

Суп в духовке.

Как хорошо Владимиру Дубовке

С женой заботливой такой.

И суп, как видите, стоит в духовке,

И остальное, все что надо — под рукой.

Вот почему идет работа ладом,

Вот почему и умирать не надо.

Уладзімір



Публікацыю падрыхтавала Яніна КІСЯЛЕВА
1   2


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка