М. Ю. Шода Міфалагічныя прастора і час у рамане Вольгі Такарчук “Правек і іншыя часы”




Дата канвертавання13.05.2016
Памер48.22 Kb.
М.Ю. Шода

Міфалагічныя прастора і час у рамане Вольгі Такарчук “Правек і іншыя часы”

Раман “Правек і іншыя часы” польскай пісьменніцы Вольгі Такарчук – гэта прыклад міфалагізацыі ў сучаснай польскай літаратуры, аповед пра мікракосм і пра знішчальную моц гісторыі, якая ўмешваецца ў жыцці людзей, што насяляюць гэты мікракосм, прыпавесць пра барацьбу sacrum і profanum, пра жыццё і смерць. Правек – гэта маленькая польская вёска, і раман складзены з жыццяпісаў яе жыхароў. Ненавязліва, з маленькіх навэлаў нараджаецца вобраз драматычнай польскай гісторыі ХХ стагоддзя. Раман падзяляецца не на раздзелы, а на “часы”: час Міхала, час Генавефы, час Злога чалавека, час дома, час лялькі, і г.д. Такім чынам аўтарка адразу адсылае чытача да трэцяга раздела “Эклезіяста”: “Усё мае свой час, і час кожнае рэчы - пад небам”.

Дзеянне рамана абмяжоўваецца канкрэтным месцам: вёска Правек і яе ваколіцы. Прыдуманы Такарчук Правек – перыферыя цывілізаванага свету, знаходзіцца недзе каля Кельцаў, невялічкага польскага гарадка на рэальнай геаграфічнай карце. Такім чынам ён нібы займае пэўнае месца ў рэальнай прасторы, але адначасова і мае ўсе рысы прасторы міфалагічнай. Міфалагічная пабудова свету заўсёды пачынаецца ад устанаўлення сакральнага цэнтру, прастора вакол якога арганізуецца ў значэннае цэлае. У касмаграфіі Такарчук якраз Правек выступае ў якасці такога сакральнага, сярэдзіннага свету. З яго ўсё сыходзіць і ў яго ўсё вяртаецца. З ім суадносіцца кожны пункт прасторы. “Правек – гэта месца, якое знаходзіцца ў цэнтры сусвету”, – з гэтага сказу пачынаецца раман.

Невялікая вёска робіцца аналагам біблейскага Эдэму, у цэнтры якога Бог насыпаў горку (мясцовы axis mundi мае фармат, адпаведны месцу, цэнтрам якога з’яўляецца) і загадаў чатыром арханёлам ахоўваць ягоныя межы ад замераў хаосу. Хаос увасоблены не ў хтанічных пачварах, а пачварных жарсцях: празе ўладарыць і быць падуладным, пыхлівасці, неспакоі падарожжа і г.д. Праз Правек цякуць дзве рэчкі: Чорная (загадкавая і змрочная) і Белка (светлая, плыткая і вясёлая) – увасабленне двух першапачаткаў быцця – Інь і Ян. Калі яны зліваюцца, утвараецца Рака – магутная, спакойная і здзейсненая.

Гэта гарызантальная мадэль свету, адпаведная ўсім міфалагічным канонам, апісваецца ўжо ў першай частцы, якая носіць назву “Час Правека”. Аповед пра міфалагічныя пачаткі аўтарка падносіць у форме, якая адсылае да біблейскага стылю (паўторы і сіметрыя складаных элементаў, паралелізмы, анафары, урачыстая простасць мовы). Але ў тэксце Такарчук можна знайсці як матывы, непасрэдна перанятыя з біблейскіх тэкстаў, так і сутнасную іх трансфармацыю. Напрыклад, эпізод з горкай: “У цэнтры Правеку Бог насыпаў гару, на якую кожны год злятаюцца хмары хрушчоў. Таму людзі назвалі гэтае ўзвышша Хрушчовай Горкай. Бо справа Бога – ствараць, а справа людзей – называць”. У пэўнай ступені гэта супярэчыць словам Святога Пісьма, дзе кажацца пра тое, што менавіта Бог называў створаныя ім істоты і аб’екты. Што тычыцца біблейскіх алюзіяў романа, польскія крытыкі лічаць за лепшае казаць пра гэтак званы “перавернуты топас”, бо Такарчук прапаноўвае свой погляд на матывы стварэння і наступныя ўзаемаадносіны Бога і чалавека, сваю інтэрпрэтацыю выгнання з Раю і іншых складнікаў біблейскае веды.

Правек, знаходзячыся ў сярэдзіне сусвету створанага Вольгай Такарчук, арганізоўвае не толькі прастору, але і час. Нават проста сыходзячы з назвы твору і падзелу яго на часткі, можна зрабіць выснову, што менавіта час ёсць галоўным героем раману. У апісанні часу Правека назіраецца той жа парадокс, што і ў апісанні прасторы. Гэта рэальны час, то бок упісаны ў лінейную шкалу часу гістарычнага – падзеі адбываюцца ў 1914-м годзе і сканчаюцца ў канцы XX стагоддзя. У рамане знаходзіцца месца ўсім значэнным гістарычным падзеям польскай гісторыі – I і II сусветныя войны, халакост, калектывізацыя і сацыялізм. Адначасова час у рамане мае ўсе рысы міфалагічнага: ён сакральны, цыклічны і парадыгматычны. Гэта час першаўчынкаў і першапрадметаў. Рытм тутэйшага жыцця задаецца зменай паравінаў года, дня і ночы, Сонца і Месяца, з’яўленнем першай лістоты і лістападам, гульнёй, у рэшце рэшт. Гэта Час, які складаецца з маленькіх узаемапранікальных, падобна сусветам Брахмы з індыйскай міфалогіі, часоў жыхароў Правека, а таксама часоў паўказачных і паўміфічных істотаў, што насяляюць наваколле і нават рэчаў, якія граюць у рамане ролю не менш важную, чым людзі.

Варта адзначыць, што амаль уся польская літаратура апошніх двух дзесяцігоддзяў так ці інакш выяўляе сваю цікаўнасць да свету рэчаў. Прадмет часта мае большую выразнасць і індывідуальнасць, чым ягоны ўладар, і робіцца цэнтрам аповеду. Рэч апавядае пра чалавека, часткай існавання і свядомасці якога яна зьяўляецца”. Так, напрыклад, у рамане Такарчук з’яўляецца “Час кававага млынка”, які падобна млыну Гроці з скандынаўскіх міфаў, мае магічную ўладу над светам.

Героі раману, хоць і з’яўляюцца звычайнымі людзьмі і апісваюцца як звычайныя людзі, таксама займаюць адпаведныя месцы ў агульнай міфалагічнай карціне свету. Кожнаму з персанажаў можна знайсці міфалагічны ці літаратурны адпаведнік. Так, напрыклад, раман, як і належыць эпічнаму аповеду, пачынаецца з таго, што герой адпраўляецца на вайну. Міхал Нябескі, якога пры няведанні фабульнай структуры, на першых старонках можна палічыць галоўным героем, выступае як увасабленне вечнага вандроўніка, Адысея, які пакідае Ітаку і пасля доўгіх вандраванняў вяртаецца на радзіму. Ягоная жонка Генавефа спалучае вобразы Пенелопы, што вечна чакае мужа, клапоцячыся пра ягоную гаспадарку, і сваёй цёзкі, каралевы Гвіневеры, чыё сэрца разрывалася між любоўю да мужа, караля Артура, і ягонага рыцара Лансэлота. Вулічная дзеўка па мянушцы Калоска, сталеючы, набірае рысаў захавальніцы Правека і ягоных таямніцаў, увасабляючы такім чынам вобраз трыадзінай багіні-маці з розных еўрапейскіх і ўсходніх міфалогіяў (напрыклад, шумерская Інанна альбо грэцкая трыяда Артэміда-Гера-Геката). Калоска нараджае дзіця ад куста дзягіля. Але тут спрацоўвае не хрысціянскі матыў беззаганнага зачацця, а міфалагічны архетып чароўнага зачацця і нараджэння. І пасля, калі яе дачка захоча выйсці замуж за ненавіснага ёй чалавека, Калоска канчаткова ўпадобіцца багіне плоднасці і, як грэцкая Дэметра, паставіць умову, каб дачка лета праводзіла з ёй і толькі на зімовыя месяцы вярталася да мужа.



У рамане адбываецца сутыкненне паганскага пакланення сілам прыроды з хрысціянскім бачаннем свету. Увасабленнем суму сучаснага чалавека па сакральным ёсць абраз Маці Божай Яшкотлеўскай і вобразы анёлаў, што вартуюць межы, за якімі падпільноўваюць жарсці і спакусы. Але ўмяшальніцтва звышнатуральных сілаў абумоўленае воляй чалавека, у той час як сілы прыроды застаюцца неўтаймавальнымі. Напрыклад, Маці Божая даруе ўсім, хто да яе звяртаецца, моц для лекавання цела і душы, але толькі ад іх саміх залежыць, ці захочуць яны скарыстацца гэтай моцай. Правек не з’яўляецца, насуперак першаму ўражанню, рэмінісцэнцыяй біблейскага раю. Тут, як і паўсюль, доляю чалавека ёсць хваробы і смерць, каханне і цёмная жарсць, узлёты і падзенні.

Сярод усіх літаратурных аналогій на самай паверхні ляжыць параўнанне Правека з Маконда. Але, у адрозненне ад Маркеса, Вольга Такарчук не захоўвае да канца свайго аповеду магічна-міфалагічны тон, з якога пачынаўся раман. Бліжэй да фіналу адбываецца канчатковае замяшчэнне сакарльнага прафанным. Адбываецца сваеасаблівы выхад за межы міфалагічнага часу і прасторы. Падобна таму, як у грэцкай міфалогіі, згодна з Гесіодам, цыкл, што пачынаецца Залатым векам, сканчаецца Жалезным, які ёсць адначасова пункт сутыкнення і пераход міфалагічнага часу ў рэальны гістарычны. Героі альбо паміраюць, канчаткова робячыся часткай Правеку, часткай міфу, альбо пакідаюць свой Эдэм без спадзяванняў на вяртанне туды.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка