М. У. Папова (Мінск) фарміраванне каштоўнаснага погляду




Дата канвертавання11.06.2016
Памер87.17 Kb.
М. У. Папова (Мінск)
ФАРМІРАВАННЕ КАШТОЎНАСНАГА ПОГЛЯДУ

НА РОДНУЮ МОВУ
Фарміраванне ў школьнікаў каштоўнаснага погляду на родную мову як нацыянальны здабытак – адна з самых актуальных задач

сучаснай методыкі выкладання беларускай мовы. Разуменне ролі роднай мовы і імкненне да яе лепшага засваення – гэта канкрэтныя аспекты выхавання асобы.

Знакавая прырода кожнай мовы з яе рэальнымі якасцямі складвалася паступова, праходзячы доўгі і складаны шлях. Развіццё грамадства ідзе праз развіццё мовы і наадварот.

Прыніжэнне значэння роднай мовы яе носьбітамі прыводзіць да паслаблення пачуцця нацыянальнай годнасці, адмоўна ўплывае на іх свядомасць. Ідэя матэрыяльнай і духоўнай каштоўнасці любой мовы ў чалавечай цывілізацыі і тым больш роднай мовы для яе носьбітаў з’яўляецца стваральнай і падпарадкоўваецца агульнай традыцыі яе прымянення. Фарміраванне каштоўнаснага погляду на родную мову, выхаванне нацыянальнай годнасці школьнікаў сродкамі вучэбнага прадмета адпавядае прынцыпу сацыяльнай роўнасці культур усіх народаў.

Школьнікі, прыступаючы да вывучэння сістэматычнага курса беларускай мовы, яшчэ не маюць навыкаў ацэначных меркаванняў: гэтаму патрэбна вучыць. Пры пэўным змесце і ўмелай арганізацыі на фарміраванне кампетэнтнай моўнай асобы са сваім поглядам на мову ўплываюць урокі па многіх школьных прадметах (гісторыі, геаграфіі і інш.).

Аднак у сілу экстралінгвістычных фактараў магчымасці роднай мовы і літаратуры асабліва шырокія і разнастайныя. Абодва гэтыя прадметы садзейнічаюць выпрацоўцы гуманістычнага светапогляду, могуць усебакова ўплываць на вучня, паміж імі існуюць цесныя міжпрадметныя сувязі. Шырокая панарама фактаў культуры і мовы беларускага народа можа быць прадстаўлена з выкарыстаннем фрагментаў навукова-папулярных кніг аб мове [1]; [2]; [3]; [4]; [5]; [6] пры працы са словам, моўнай з’явай, тэкстам. Патрэбна толькі адзначыць, што выданне такога тыпу літаратуры на сённяшні дзень вельмі надзённая задача, бо яўна недастаткова кніг з канкрэтным адрасатам – вучням розных узроставых груп.

Адукацыя ХХІ ст. асабліва востра разглядае задачу прывіцця любові да роднай мовы і выхавання яе сродкамі. Як адзначаюць вядомыя метадысты [7, с. 44], для вырашэння праграмнай задачы прывіцця павагі да роднай мовы і выхавання яе сродкамі патрэбна:

1) у змесце сістэматычнага курса побач з агульнымі звесткамі аб мове даваць яе характарыстыку як нацыянальнага феномена, які адлюстроўвае характар гістарычнага і духоўнага развіцця народа, з’яўляецца матэрыяльнай і духоўнай каштоўнасцю грамадства;

2) у методыцы выкладання рэалізаваць прынцып выхаваўчага навучання праз прыярытэтную мэту абуджэння цікавасці і павагі да роднай мовы шляхам разнастайных метадычных прыёмаў, і ў тым ліку моўную рэтраспектыву як зварот да асобных фактаў, з’яваў, тэндэнцый мовы шляхам гістарычнага каментарыя;

3) узбагаціць змест моўнага матэрыялу як адлюстраванне складанай структурна-лагічнай сістэмы развітай беларускай мовы шляхам сістэматызацыі;

4) аптымальнае спалучэнне на ўроках беларускай мовы лінгвістычнага пазнання і маўленчых зносін як двух бакоў вучэбнага працэсу, які ажыццяўляецца больш паспяхова, калі лепш забяспечана адзінства моўнай адукацыі і маўленчага развіцця;

5) мэтанакіраванае стварэнне ўмоў для творчых прац і актыўнай камунікацыі школьнікаў, для дыскусійнага абмеркавання імі пытанняў роднай мовы, для вучэбна-даследчага вырашэння асобных моўных праблем з апорай на фонавыя тэарэтычныя веды і прыродную моўную чуйнасць школьнікаў. Гэта дапаможа самапазнанню і самавыяўленню вучняў і фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці.

Настаўніку-моваведу важна ўлічваць некалькі асноўных пазіцый, якія маюць адукацыйна-выхаваўчае значэнне пры навучанні роднай беларускай мове:


  • паказаць школьнікам, што быў перыяд асэнсавання адукаванымі людзьмі вартаснасці гутарковага маўлення простага народа. Ролю ў гэтым адыгрываюць Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч, Міцкевіч, Багдановіч і іншыя беларускія літаратары і асветнікі;

  • стварыць умовы для ўсведамлення школьнікамі, што патрэбен быў час і асобы для стварэння беларускай літаратурнай мовы на аснове народнай;

  • пераканаць вучняў у тым, што беларуская нацыянальная мова дала ўзоры эстэтычнага асваення рэчаіснасці, што гэта надзвычай важна для духоўнага развіцця чалавека: моўнае багацце дазваляе чалавеку спасцігаць сусвет тэарэтычна і па-мастацку, па законах логікі і прыгажосці. Менавіта праз удасканальванне ў роднай мове можа і павінна адбывацца поўнае і гарманічнае развіццё духоўных і інтэлектуальных здольнасцей чалавека да спасціжэння свету;

  • асэнсаванне вучнямі (і ўсім нашым грамадствам) сучаснай беларускай мовы як мовы не толькі сучаснай літаратуры, але і мовы навукі, мовы афіцыйна-справавых зносін, мовы публіцыстыкі. Беларуская мова дазваляе ў розных жанрах і розных стылях творча асэнсоўваць жыццё.

У сінтэзе адукацыйна-выхаваўчай працы па роднай мове безумоўная роля лінгвістычных ведаў і дыдактычнага матэрыялу, але таксама вельмі важная роля настаўніка як асобы і як прафесіянала, які ажыццяўляе адбор метадаў, формаў і сродкаў навучання. Сутнасць навучання, скіраванага на фарміраванне погляду школьнікаў на родную мову як самабытную нацыянальную культуру, дасягаецца рознымі шляхамі.

Навучальны год у кожным класе пачынаецца з тэмы аб мове, якая можа быць сфармулявана наступным чынам: Беларуская мова – нацыянальная мова беларускага народа”, “Беларуская мова – дзяржаўная мова”; “Валоданне нацыянальнай літаратурнай мовай – адзін з паказчыкаў культуры чалавека”; “Моўнае асяроддзе як сродак развіцця чалавека”, “Мова – грамадская з’ява”. Вывучэнне прапанаваных тэм садзейнічае фарміраванню погляду на родную мову – усведамленню роднай мовы як гістарычнага феномена ў культуры нацыі. Падлетак павінен зразумець, што мова – гэта састаўная частка айчыннай культуры.

Традыцыйным метадам рэпрэзентацыі светапогляднай асновы курса беларускай мовы з’яўляецца гутарка аб мове як сродку камунікацыі, аб сацыяльным характары мовы, аб слове як сродку пазнання рэчаіснасці, сродку, які аказвае ўплыў на ўсе сферы жыцця чалавецтва, захоўвае яго грамадска-палітычны вопыт на працягу тысячагоддзяў.

Для ўсведамлення вучнямі сістэмы ў мове настаўнікамі выкарыстоўваюцца прыёмы супастаўлення, супрацьпастаўлення, аналогіі, якія дапамагаюць паказаць унутрыпрадметныя сувязі.

Вялікае значэнне мае спасціжэнне сувязей паміж мовай і рэчаіснасцю (пры вывучэнні фанетыкі прапануецца паказаць значэнне гукаў у працэсе зносін, іх сацыяльную функцыю – маўленчую; пры вывучэнні арфаграфіі падкрэсліваецца, што арфаграфічныя нормы садзейнічаюць культуры пісьмовых зносін і г. д.).

Надзвычай важную ролю на ўроку набывае выкарыстанне тэкставага матэрыялу. Праца з тэкстам дазваляе характарызаваць мову з боку яе ўнутраных сувязей, сістэмнасці. Так, напрыклад, пры вывучэнні сінтаксісу з дапамогай розных тэкстаў паказваюцца спосабы сінтаксічнага афармлення думкі ў залежнасці ад інтанацыі, ад выбару марфалагічных формаў, ад уліку стылістычных заканамернасцей і інш., адзінкі рознага ўзроўню моўнай сістэмы аналізуюцца ў аспекце іх функцыянавання і інш.

Прывядзём цікавы прыклад назіранняў бацькі, дачка якога вучыцца ў пятым класе. Вучаніца атрымала хатняе заданне па тэме “Складанаскарочаныя словы”. У практыкаванні 10-гадовыя дзеці мусілі прыпісаць правільныя канчаткі словам, дапасаваным да складанаскарочаных. Вось сказы:


  • Люба коратка ахарактарызавала кожнага студэнта, чые заявы разгляд… прафком (А. Васілевіч).

  • Забеліна, як і Васіліна цяпер, прыехала некалі, гады за чатыры да вайны, у Старыцк…МТС (Т. Хадкевіч).

  • РБУ дарожн… вядзе свой рамонт – адвечную работу (С. Басуматрава).

  • Саўнарком засяд… позна, гадзін да адзінаццаці (Іван Шамякін).

  • Зямлянку” – зімнюю элегію – спяв… камроты Весялоў (А. Пысін).

  • Фінал розыгрышу кубка чэмпіёнаў па ручному мячу сярод клубных каманд Еўропы выйгр… спартсмены Мінск… СКА (“Звязда”).

Як убачыў бацька, дзяўчынка-пяцікласніца выконвала заданне наступным чынам:

1) ...студэнта,чые заявы разглядаліся прафком.

Бацька. Кім-кім?

Дачка. Прафком, няўжо не ясна? Прафок іх разглядае!
Тое, што ў слове зашыфраваны прафсаюзны камітэт, выклікала шчырае здзіўленне і прывяло да вываду:

Дачка. Тады мусіць быць прафкам!

2) …прыехала некалі, гады за чатыры да вайны, у старыцкі МТС Натуральна, мужчынскага роду, бо МТС – мабільны аператар, што “ведае нават вожык”!

3) Пра РБУ бацька быў спытаны, ці гэта Рэспубліканскі беларускі ўніверсітэт, ці які іншы.

4) Саўнаркому пашанцавала больш. Ён засядаў. Не саўнарком засядалі (хоць маглі, ну як вечарком).

5) У перадапошнім сказе таксама напісалася правільна: …спяваў камроты Весялоў. Бацька пахваліў дачку. І тут яна яго папытала: “А ці прыметнік гэтае камроты? (пэўна, як пузаты, валасаты, вялікароты…)”

Такім чынам, логіка моўнага даследавання не падвяла малую да яшчэ больш гарманічнага варыянту: спявалі хто? Нашыя камроты! Камроты адкуль? Ды з Весялоў!


Сапраўды, як рэаліі 20-30-х гадоў могуць правільна ўспрымацца вучнямі пятых класаў, калі яны зусім не знаёмы з савецкай мастацкай ды гістарычнай літаратурай? Так у дзіцячай свядомасці фарміруецца погляд, што школьная беларуская мова слаба перасякаецца з жывою. А ў сем’ях, дзе па-беларуску не гавораць, часам вырастаюць дзеці, падсвядома настроеныя на тое, што беларуская мова наогул не мае нічога супольнага з рэальнасцю. Зразумела, дыдактычны матэрыял, уключаны ў падручнікі, павінен быць насычаны рэаліямі сучаснасці.

Асаблівай увагі патрабуе падбор змястоўных тэкстаў (з улікам узроставых асаблівасцей школьнікаў): публіцыстыка, проза, паэзія. Перавага тэкставага дыдактычнага матэрыялу ў тым, што практыкаванні на яго аснове маюць комплексны характар, уключаюць некалькі заданняў, а гэта значыць, што ёсць магчымасць выбару. Інавацыйны характар названых практыкаванняў можа праяўляцца і ў самастойным падборы тэкстаў вучнямі, складанні імі ж заданняў да тэкстаў, складанні кампазіцыі ўрока на аснове выбраных тэкстаў разам з вучнямі-асістэнтамі і інш. Як метадычнае рашэнне развіццёвага і выхаваўчага навучання можа стаць выхад на самастойную падрыхтоўку школьнікаў – да дыспутаў, вусных часопісаў, конкурсных сачыненняў, дыскусіі і інш.

Мова звязана з многімі сферамі чалавечай жыццядзейнасці, што аб’ектыўна вызначае вялікую патрэбу ў ёй і яе высокую каштоўнасць. Аднак суб’ектыўная патрэба ў мове зніжаецца з-за абмежавання сацыяльнай сферы прымянення і адсутнасці цікавасці да яе.

Крытэрыем адносін да мовы служыць цікавасць. Вельмі важна для настаўніка заўсёды яе падтрымліваць, бо гэта дазваляе школьнікам паглядзець на сваю мову з нязвыклага боку. Такі метад заўсёды “падагравае” цікавасць да слова, да вывучэння мовы і пашырае лінгвістычны кругагляд, тым самым спрыяючы фарміраванню культуразнаўчай кампетэнцыі. У сувязі з гэтым можна прывесці наступны прыклад тэксту, які на ўроках дазволіць абудзіць у дзяцей цікавасць да вывучэння беларускай мовы і зразумець, што беларуская мова – гэта адзін з фактараў, які аб’ядноўвае нас у нацыю.


Калі вы вырашылі размаўляць па-беларуску…

Для пачатку скажыце сабе гучна,што гэта назаўжды, і – наперад.


  1. Па першым часе, хутчэй за ўсё, вы будзеце думаць па-руску, таму ваша мова будзе няскладнай, непрыгожай і падобнай да “трасянкі”. Цурацца гэтага не трэба. Нават у лепшых кухараў першы блін – сабаку.

  2. Знайдзіце сабе кола сяброў, якія будуць размаўляць з вамі па-беларуску. Разам і смялей і весялей. Знайсці аднадумцаў можаце ў розных клубах, на форумах.

  3. Слухайце больш беларускай музыкі. Тут усё залежыць ад густу: не толькі Зміцер Вайцюшкевіч спявае па-беларуску, але нават гурт “Краскі”.

  4. Чытайце як мага больш беларускай літаратуры розных жанраў, розных стыляў і эпох, не менш як 30-40 хвілін штодзень перад сном.

  5. Вывучыце 2 – 3 фразы (альбо прыдумляйце кожны раз новыя!), якімі б вы маглі адбіцца ад вельмі надакучлівых людзей, якія будуць вас пераконваць, што “беларуская мова не самастойная мова” і што “ніхто цяпер на ёй не размаўляе”.

Да агульных умоў узнікнення пазнавальнай цікавасці, любові да навукі даследчыкі адносяць забеспячэнне дастатковай матывацыі да вывучэння мовы, актыўных дзеянняў школьнікаў у пазнавальным вучэбным працэсе, разнастайнасці інфармацыі і формаў вучэбнай дзейнасці, актыўнай маўленчай дзейнасці вучняў, цесных сувязей з засвоеным матэрыялам на ўнутры- і міжпрадметным узроўнях, дастатковай складанасці навучання ў спалучэнні з пасільнасцю.

Такім чынам, сістэма ўрокаў у цэлым мяркуе каштоўнасную арыентацыю школьнікаў на вывучэнне роднай мовы.
Літаратура
1. Выгонная, Л. Ц. Ад гука да літары: для сярэд. і ст. шк. узросту / Л. Ц Выгонная. – Мінск, 1991.

2. Гіруцкі, А. А. Мовы, блізкія нам змалку / А. А. Гіруцкі, А. Я. Міхневіч. – Мінск, 2009.

3. Жураўскі, А. І. Мова нашых продкаў / А. І. Жураўскі.– Мінск, 1983.

4. Лепешаў, І. Я. Моўныя самацветы / І. Я. Лепешаў. – Мінск, 1985.

5. Прыгодзіч, М. Р. Шчодрасць слова: для ст. шк. узросту / М. Р. Прыгодзіч. – Мінск, 1990.

6. Свяжынскі, У. М. Слова Скарыны / У. М. Свяжынскі. – Мінск:, 1984.



7. Теория и практика обучения русскому языку: учеб. пособие для студ. высш. пед. учеб. заведений / Е. В. Архипова, Т. М. Воителева, А. Д. Дейкина [и др.]; под ред. Р. Б. Сабаткоева. – М., 2005.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка