М. І. Крукоўскі Бляск і трагедыя ідэалу




старонка9/30
Дата канвертавання14.03.2016
Памер7.26 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   30

Аб’ектыўны ідэал у сацыяльнай прасторы.

Выявіўшы ў агульных рысах месца ідэалу ў абстрактна-лагічнай мадэлі рэальнага быцця ў яго цэласнасці, мы можам цяпер правесці аналагічную аперацыю і ў канкрэтнай рэчаіснасці, дзе паняцце ідэалу рэалізуецца і працуе, так бы мовіць, амаль што ўжо на канкрэтна-практычным узроўні. Дзейснасць ідэалу як негэнтрапійнага фактара магчыма назіраць ужо на дастаткова нізкіх, матэрыяльных узроўнях рэчаіснасці, дзе і само слова “ідэал” яшчэ ніяк не ўжываецца. У свеце неарганічнай прыроды, напрыклад, агульнавядомым прыкладам мог бы тут паслужыць факт самастойнага павелічэння, “росту” крышталяў (ў народзе на Беларусі было распаўсюджана нават меркаванне, што растуць і звычайныя камяні). Сучасная крышталеграфія, дарэчы, лічыць, што ў працэсе ўтварэння крышталя удзельнічаюць не толькі атамы матэрыяльнага рэчыва, якія утвараюць пэўнае формы іх “упакоўку”, але і будова самой прасторы як пэўная аб’ектыўная ідэальная структура, як архетып у К.Юнга, калі ён якраз і гаворыць пра крышталі (208, 128), або як адпаведнік экалагічнай нішы ў экалогіі (55). Гэта як бы самая простая і, скажам так, пачатковая мадэль канкрэтнага быцця як адзінства матэрыяльнага і ідэальнага. Шмат такіх прыкладаў працэсаў самаарганізацыі ў неарганічнай прыродзе прыводзяць у сваёй кнізе “Парадак з хаасу” І. Прыгожын і І. Стэнгерс (132), называючы стымул гэтай маарганізацыі дзіўным (незразумелым?) атрактарам. Такія працэсы назіраюцца на мікра-, на макра- і нават на мегаўзроўнях у астранамічных масштабах. У яшчэ больш відавочнай форме праяўляюцца яны ў свеце жывой прыроды, дзе, стоячы на чыста матэрыялістычных, каўзальных пазіцыях, без дапушчэння тэлеалагічнай функцыі негэнтрапійнага фактару цяжка становіцца ў прынцыпе вырашыць праблему паходжання жыцця. Нават прыгожынская гіпотэза аб дысіпатыўных сістэмах гучыць непераканаўча. Тут гэты фактар выступае перад намі ў форме генетычнай інфармацыі, якая літаральна на нашых вачах, падобна нябачнай руцэ эканаміста Адама Сміта, фармуе паасобныя арганізмы і якая несумненна ўдзельнічае і ва ўтварэнні іх відаў і родаў, якраз і выступаючы тут у ролі ідэалу.

Аднак, самым цікавым і актуальным для нас аказваецца пытанне аб аб’ектыўным ідэале ў сферы сацыяльнага бытавання чалавека, там, дзе гэты ідэал выступае ў форме цэлай іерархіі больш прыватных грамадскіх ідэалаў. Іерархічнасць сістэмы рэчаіснасці, як было ўжо паказана, мае, так бы мовіць, глыбокаэшэланіраваны характар, г. зн., буйныя ўзроўні распадаюцца ў сваю чаргу на ўзроўні больш дробныя, тыя на яшчэ драбнейшыя і г. д. Калі ўся акаляючая рэчаіснасць падзяляецца на неарганічную, біялагічную і сацыяльную падсістэмы, то, напрыклад, структура сацыяльнае падсістэмы у сваю чаргу можа быць падзелена на ўласныя ўзроўні, кожны з якіх выступае як адносна самастойны, так бы мовіць, частковы ідэал. Гэты тэрмін у азначаным кантэксце, хоць і можа здацца на першы погляд некалькі дзіўным, але тое мае сваёй прычынай вялікую ступень, так бы мовіць, “зацёртасці” гэтага выразу шырокім ужываннем у самых рознастайных, у тым ліку і зусім ненавуковых кантэкстах (асабліва пастараліся тут, нажаль, палітыкі). Па сэнсу свайму, аднак, слова тое дакладна, як убачым, адпавядае сэнсу паняцця ідэал. Каб у гэтым упэўніцца, разгледзім больш падрабязна азначаную сістэму сацыяльнай рэчаіснасці, або, гаворачы іншымі словамі, сацыяльную структуру грамадства.

Грамадства ў цэлым як сістэма і перш за ўсё структура яго адпавядае структуры чалавека, акрэсленага яшчэ Арыстотэлем як жывёла грамадская. Яно мае пад сабой, так бы мовіць, біялагічны падмурак у форме таго, што называюць звычайна біялагічным відам Homo sapiens, на якім, быццам на своеасаблівым п’едэстале, існуе і функцыяніруе статуя самога грамадства. Маркс калісьці метафарычна акрэсліў гэтую структуру як надбудову, і тая метафара замацавалася ў слоўнай практыцы, стаўшы ў марксісцкай філасофіі поўнапраўным навуковым тэрмінам.

На ўзроўні гэтага падмурку грамадства ў шырокім сэнсе слова кіруецца біялагічнымі законамі, якія тут маюць таксама агульную прыроду ідэалу як сваеасаблівай праявы біялагічнага негэнтрапійна-інфармацыйнага працэсу і ствараюць не толькі індывіда як асобіну, але і цэлы від. Дарвінаў натуральны адбор, як мы бачылі ўжо, згодна прынятаму тут дыялектычнаму “прынцыпу дапаўняльнасці” акрамя працэсу чыста выпадковай зменлівасці патрабуе яшчэ дапушчэння і нейкай заканамернай стваральна-упарадкваючай, вітальнай сілы, якая тут менавіта і праяўляецца як памянёны негэнтрапійны працэс. Механістычны па сваёй сутнасці закон выжывальнасці найбольш прыстасаваных сам па сабе яшчэ мала што даказвае. Адносна больш глыбокі сэнс набывае гэты працэс, калі разглядаць яго з пазіцый тэарэтыка-сістэмнага падыходу. Паняцце “прыстасаванасць” можа трактавацца тут, напрыклад, як устанаўленне пэўнага гамеастазісу паміж арганізмам як элементам і асяроддзем як структурай. Тады асяроддзе ў якасці структуры адыгрывае тут менавіта актыўна-творчую ролю, цераз так званы натуральны адбор паднімаючы арганізаванасць арганізма да ўзроўню арганізаванасці структуры асяроддзя. І тады ж зноў-такі мы атрымліваем тут актыўнасць ідэальнага, а не матэрыяльнага, бо структура і ёсць ідэальнае ex definitione (па азначэнню) і, здавалася б, чыста механістычны прычынны працэс ператвараецца ў працэс негэнтрапійны, стваральны, тэлеалагічны.

Ды і ў чыста матэматычным сэнсе ў любым стахастычным працэсе (а дарвінава зменлівасць якраз і ўяўляе сабой такі працэс) крывая, што апісвае сярэднія значэнні функцыі, якраз і паказвае дзеянне гэтага негэнтрапійнага працэсу без аніякага дапаможнага дапушчэння занадта ўжо канкрэтызаваных паняццяў-вобразаў прыстасавальнасці альбо барацьбы за існаванне. Сама інфармацыя, згодна Эшбі, ёсць сваеасаблівая імавернасць. Негэнтрапійны працэс проста дзейнічае тут з неабходнасцю аб’ектыўнага закона. У любым статыстычным даследаванні форма азначанай крывой дае дастаткова багатую інфармацыю пра агульную заканамернасць, што крыецца за гэтымі, здавалася б, чыста выпадковымі з’явамі. Тое, што яна, напрыклад, сіметрычная (Гаусава званападобная крывая) ці несіметрычная з ухілам у той або іншы бок дае ўжо магчымасць даведацца не мала чаго ўжо больш канкрэтнага аб гэтай заканамернасці, важнага, дарэчы, і менавіта для нашай праблемы. Напрыклад, пры аналізе і тлумачэнні сіметрычнасці альбо асіметрычнасці інфармацыйна-энтрапійнага “ўздыху-выдыху” Сусвету як цэласнай, адзінай сістэмы. Паміж Гаусавай крывой як графічным выражэннем верагоднасці і нашай “сінусоідай”, сімвалізуючай працэс развіцця, дарэчы, несумненна існуе нейкая функцыянальная залежнасць, якая была б вельмі карыснай для рашаемай тут праблемы, але гэта ўжо чыста матэматычная задача.

Наогул, калі гаварыць аб ацэнцы біялагічнай прыроды чалавека з цікавячага нас тут пункту погляду, як, напэўна, і іншых фактараў у гэтым кантэксце, то гэтыя азначэнні і ацэнкі маюць адносны характар, г. зн., змяняюцца ў залежнасці ад таго, адносна якога структурнага ўзроўню яны азначаюцца і ацэньваюцца. Адносна сацыяльна-духоўнага ўзроўню біялагічнасць як прадстаўніца ніжэйшага ўзроўню нясе безумоўна адмоўны характар і ацэньваецца як, напрыклад, хамства, жывёльнасць, быдлячасць, цынізм і г. д. Адносна ж ніжэйшага ўзроўню прасцейшых арганізмаў і раслін – наадварот як жывасць, энергічнасць, эмацыянальнасць і да пэўнага ўзроўню як адушаўлёнасць і нават амаль што адухоўленасць. Калі зноў-такі выкарыстаць матэматычныя выразы, яна павінна выражацца не скалярнай, а вектарнай велічынёй, прычым напрамак азначанага вектара заўсёды кіруецца альбо ўверх уздоўж лініі інфармацыі (негэнтрапіі), альбо ўніз уздоўж лініі энтрапіі. Гэта мае вялікае значэнне пры ўзаемнай характарыстыцы такіх блізкіх і ў той жа час востра супярэчлівых у сацыякультурным аспекце з’яў, як, напрыклад, каханне і ў сённяшнім яго сэнсе секс90.

У пэўным спецыяльным кантэксце пры характарыстыцы такіх біялагічных працэсаў і з’яў і тут часам магчыма ўжыванне тэрміна “ідэал”, як, напрыклад, пры вызначэнні так званага абагульненага партрэта, чым нярэдка займаюцца антраполагі пры вывучэнні пэўных антрапалагічных груп. Але і тут яно мае спарадычны характар. Звычайна паняцце, абазначанае так гэтым словам, часцей абазначаецца словам “закон”, адпаведнасць якому нярэдка акрэсліваюць як правільнасць. Толькі тады можа ўзнікнуць магчымасць карыстання і словам ”ідэал”. Так, напрыклад, вельмі правільны целасклад альбо рысы твару мы часам характарызуем як ідэальныя. У абставінах жа сацыяльнай рэчаіснасці дадзенае слова ўжываецца і як пэўны дакладны тэрмін. Гэта тлумачыцца тым, што на сацыяльным узроўні структуры маюць ужо пераважна ідэальны характар у сэнсе іх супрацьпастаўлення матэрыяльнасці. На шкале “матэрыяльнае -- ідэальнае” яны ўжо як бы бліжэй да полюса ідэальнасці, і гэта ўяўляе сабой амаль што відавочны факт. Калі на матэрыяльных узроўнях яны могуць яшчэ ўспрыймацца і пачуццёва, як, напрыклад, крышталічныя структуры ў неарганічнай прыродзе91 альбо раслінныя і жывёльныя арганізмы ў прыродзе жывой, то ўжо структуры сацыяльныя ўспрыймаюцца пераважна розумам. Тут увогуле колькасны і якасны аспекты рэчаіснасці залежаць пэўным чынам і ад пункту погляду суб’екта. Калі ён, напрыклад, разглядае аб’ект, так бы мовіць, зне яго, то якасны бок аб’екта успрыймаецца пачуццёва, а колькасны – разумова. Калі ж, наадварот, аб’ект разглядаецца знутры, г. зн., сам суб’ект як бы знаходзіцца ўнутры структуры аб’екта як яе ўласны элемент, то ўжо якасны бок яго ўспрыймаецца разумова, а колькасны - пачуццёва. Напрыклад, якасная цэласнасць стала, за якім я сяджу, факт для мяне пачуццёвы. Тое ж, што ён уяўляе сабою чыста колькаснае воблака элементарных часцінак, - факт разумовы. Наадварот, грамадства як пэўнае мноства хаатычна рухавых індывідаў для мяне пачуццёва-канкрэтны факт, а яго адзінства і структурная цэласнасць як нейкага цэласнага сацыяльнага арганізма спасцігаецца толькі розумам. У гэтым сэнсе нават нашая Галактыка, якая непасрэдна назіраецца як чыста колькасны збор паасобных зорак, з пункту погляду нябеснай механікі ўяўляе сабою якасна цэласные ўтварэнне, якое менавіта як такое падпарадкуецца, напрыклад, вядомаму закону Ньютана. Як звышгіганцкія канкрэтна-механічныя целы, галактыкі могуць рухацца, абарачацца, узаемадзейнічаць паміж сабою, а часам нават і ўзрывацца. Але і той жа пачуццёва-матэрыяльны, здавалася б, стол, калі б я як суб’ект уяўляў сабою толькі маленькую элементарную часціцу, што верціцца на сваёй атамнай арбіце дзесьці ўнутры гэтага стала, мог бы быць успрыняты мною толькі ў выніку чыста разумовай абагульняючай дзейнасці як нейкая вельмі шырокая, падобная да Галактыкі абстрактная структура. Ды і сама структура можа аказацца усяго толькі падструктурай, а там і элементам, у адносінах да якой-небудзь яшчэ значна больш шырокай структуры.

Усё гэта толькі яшчэ раз дэманструе нам цэласнасць Сусвету і лагічную ўмоўнасць падзялення яго не толькі на якасны і колькасны, структурны і элементарны, але ўрэшце і на ідэальны і матэрыяльны яго бакі. Гэта апошняе - надзвычай важны аспект, з пункту погляду якога адзінства і цэласнасць Сусвету усвядомліваецца вельмі канкрэтна. У гэтым сэнсе мелі рацыю яшчэ сярэднявечныя рэалісты ў іх спрэчцы з наміналістамі, якія лічылі, што агульныя паняцці абазначаюць толькі словы, а не рэальнаіснуючыя сутнасці. Гэтым агульным паняццям адпавядаюць і пэўныя аб’ектыўныя рэальнасці ў выглядзе структур. Наогул, аб’ектыўна-быццёвы статус структур дасканала яшчэ філасофіяй, як здаецца, не даследаваны, і пытанні аб рэальнасці іх існавання застаюцца адкрытымі. У фізіцы, напрыклад, перщым крокам да рашэння гэтага пытання уяўляецца эйнштэйнаўскае разуменне прасторы не як абстрактнай дэмакрыта-ньютанаўскай пустаты і нішто, а як пэўны аб’ект з анізатропнай структурай (крывізна прасторы), што праяўляецца вельмі выразна ў феномене цягацення. Непасрэдна перад гэтай жа праблемай аказваюцца і даследчыкі вакууму, які, як паказваюць эксперыменты, заключае ў сабе і віртуальныя станы элементарных часціц. Значную ролю тут адыгрывае, як бачым, і роля суб’ектыўнага фактара.

Вельмі садзейнічае гэтаму і тое, што на дадзеным узроўні ідэальнае выразна дэманструе і сваю актыўнасць, свой творча-стваральны патэнцыял. Калі ў прыродзе закон яшчэ можа неяк інтэрпрэтавацца як пэўная, скажам так, аўтаматычная здольнасць да руху самой матэрыяльнай прыроды, прычыняўшая, дарэчы, шмат непрыемных клопатаў артадаксальным матэрыялістам, дык у грамадстве чалавечая дзейнасць выразна выступае ўжо і як вынік яе валявой, ідэальнай актыўнасці. Сацыяльныя структуры маюць яўна чалавечае паходжанне і таму іхняя ідэальнасць ужо не выклікае сумненняў. Больш таго, у ідэальным сваім стане, г. зн., як пэўныя сацыяльныя ідэалы, яны носяць выразны характар сваасаблівай неабходнасці, выступаючы ўжо не як жаданне, якое базіруецца на пачуццёвасці, а як усвядомлены розумам маральны абавязак, настойліва патрабуючы сваёй рэалізацыі і здзяйснення. Калі ж падумаць глыбей, то няцяжка выйсці і на звышчалавечы і нават увогуле звышнатуральны узровень, які ў канечным выпадку лагічна прыводзіць зноў такі да Бога як да канечнай вяршыні нашай бесканечнавялікай негэнтрапійнай піраміды. На гэтым лімітным узроўні азначаны маральны абавязак як неабходнасць абарочваецца свабоднаю боскаю воляю, якая чалавекам успрыймаецца як аб’ектыўны маральны закон, які і змушае нас на духоўную актыўнасць і дзейнасць.

У агульным плане іерархічная структурнасць і тут захоўвае сваю першапачатковую лагічную прыроду. Больш таго, будучы арганічнай часткай акаляючага нас нежывога і жывога матэрыяльнага свету, соцыум сваімі каранямі настолькі глыбока ўрастае ў гэты свет, што каб вылучыць і адрозніць яго для далейшага акрэслення і вывучэння прыходзіцца не без цяжкасцей устанаўліваць спачатку азначаную мяжу паміж соцыумам і акаляючай прыродай. Цікава, што і Маркс некалі, як здаецца, не раз спыняўся ў задумлівасці перад гэтай праблемай, калі акрэсліваў свае прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны як кампаненты рухаючай асновы грамадства92. Гегелеўская школа давала ўсё ж такі сябе знаць, што адзначаў нават пратэстанцкі тэолаг і філосаф Эрнст Трольч, знаходзячы ў гэтых марксавых катэгорыях пэўнае рацыянальнае зерне. Аднак, расійскія паслядоўнікі Маркса без ценю сумнення аб”яўлялі матэрыяльнымі не толькі прадукцыйныя сілы, але і вытворчыя адносіны, хаця ўжо сам сэнс слова “адносіны” павінен бы быў прымусіць іх трохі падумаць перад тым, як аб”явіць іх матэрыяльнымі. Аб”яўлялі, праўда, толькі тэарэтычна, на словах, а на справе будавалі гэтыя вытворчыя адносіны, кіруючыся самым аднабаковым ідэалізмам, што адзначаў і Б. Расел, называючы не без іроніі іх вучэнне сваеасаблівай рэлігіяй. Зрэшты, як мы ўжо бачылі, калі матэрыя ёсць толькі існуючая зне нас аб’ектыўная рэальнасць, дык і адносіну і нават увогуле ўсе матэматычныя структуры можна аб”явіць матэрыяльнымі. З другога ж боку, сацыяльнае вельмі жорстка процістаўлялася чыста прыроднаму, так што і самога чалавека яны ўслед за Марксам акрэслівалі толькі як “сукупнасць грамадскіх адносін”, амаль што начыста пазбаўленую грэшнай матэрыяльнай цялеснасці з усімі яе прыемнымі і непрыемнымі ўласцівасцямі93. Зноў-такі парадаксальна не заўважаючы пры гэтым здрады сваёй уласнай зыходнай матэрыялістычнай пазіцыі.

Паміж грамадствам і знешняй прыродай існуе вельмі дыялектычная мяжа. Тут сапраўды спалучаюцца ў супярэчлівым адзінстве і прыроднае і чалавечае. Нездарма ж Арыстотэль яшчэ характарызаваў чалавека як жывёлу сацыяльную94. Маркс таксама, дарэчы, не раз цытаваў тую думку Арыстотэля ў сваім “Капітале”, але пакінуў яе без належнай увагі. Намнога пазней ягоны недагляд спрабавалі выправіць філосафы так званай Франкфурцкай школы Т. Адорно, Г. Маркузэ, В. Райх і іншыя, інтэнсіўна дапаўняючы Маркса, быццам камнем на шыі, Фрэйдам. Гэтым яны спаўзалі ў другую ўжо крайнасць, услед за Фрэйдам максімальна біялагізуючы чалавека (В. Райх, напрыклад, пішучы кнігі пра сацыяальную рэвалюцыю і ролю ў ёй... аргазму, лічыў, што ўвогуле ў аснове такой рэвалюцыі ляжыць не што іншае, як адраджэнне прыдушанай мараллю сексуальнасці!).

Паколькі ў грамадстве дастаткова наглядна выступае ўжо спалучэнне прыроднага і чалавечага, то прыходзіцца лічыцца і з тым, што тут нараду з аб’ектыўным пачынае больш выразна выступаць і суб’ектыўнае. Грамадства ж ёсць і мноства, пэўная колькасць асобных, індывідуальных суб’ектаў. Тут гэтае мноства будзе, аднак, разглядацца не ў колькасным, а ў якасным яго аспекце, як цэласнасць, або сістэма. І тады можна у пэўнай ступені абстрагавацца ад яго суб’ектыўнай кампаненты і разглядаць грамадства толькі як цэласную аб’ектыўную сістэму, пакінуўшы суб’ектыўны аспект праблемы на больш пазнейшы час. Такая ўмова мае ў дадзеным кантэксце прынцыпова важны характар, бо дазваляе пазбегнуць магчымай блытаніны паміж аб’ектыўным і суб’ектыўным падыходамі да разгляданае праблемы.

Будучы часткай, альбо, дакладней кажучы, адным з іерархічных узроўняў рэчаіснасці, грамадства само мае дыялектычна супярэчлівы характар ў тым сэнсе, што ў кірунку матэрыяльнага, энтрапійнага полюса яно само мае сваё ўласнае матэрыяльнае, так бы мовіць, цела, а ў кірунку полюса ідэальнага, негэнтрапійна-інфармацыйнага, альбо, як яго называе К. Ясперс, камунікатыўнага - сваю ідэальную душу. Прычым і тут абодвы азначаныя кірункі, нягледзячы на іх рэзкую якасную адрозненасць, ёсць толькі процілеглыя напрамкі на шкале плаўных колькасных пераходаў ад аднаго полюса да другога і наадварот. Усё гэта вельмі наглядна выступае ў карціне таго, што называецца культурай. Будучы сама дастаткова строга арганізаванай сістэмнай сукупнасцю духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей, культура выразна дэманструе нам ўласную дыялектычна супярэчлівую структуру: сваю душу, як духоўную культуру, якую мы ведаем яшчэ пад назвай грамадскай свядомасці, і цела - культуру матэрыяльную. Паміж гэтымі двума асноўнымі ўзроўнямі як гегелеўскімі тэзісам і антытэзісам ўпаўне лагічна знаходзім яшчэ і сінтэз - прамежкавы ўзровень мастацкай культуры, які ў максімальна нагляднай форме паказвае гэтую сваю дыялектычнасць як супярэчлівае і, як убачым, рухомае пагэтаму адзінства ідэальнага і матэрыяльнага, зместу і формы. І менавіта таму якраз у мастацкай культуры і знайшло сабе найбольш частае і блізкае да ісціннага свайго сэнсу ўжыванне слова “ідэал”. Можна было б нават сказаць, што толькі тут яно і стала функцыяніраваць як філасофска-навуковы тэрмін, пачынаючы з славутага сузор”я вялікіх нямецкіх філосафаў і ў асаблівасці з Гегеля, прысвяціўшага гэтаму паняццю амаль што ўвесь першы том яго славутых “Лекцый па эстэтыцы”. У другіх галінах культуры слова “ідэал” ўжывалася хутчэй як сваеасаблівая метафара і дагэтуль успрыймаецца там як малавядомы яшчэ прышэлец. Толькі ў палітыцы тое слова больш-менш асвоілі, а марксісцка-ленінскага тыпу палітыкі дык паспелі былі ўжо яго і замусоліць зусім.

Будучы зноў жа прадуктам свядомай чалавечай дзейнасці, культура мае ў сабе, як ужо было сказана, і выразную суб’ектыўную кампаненту. Культура, па вобразнаму выразу Э. Касірэра, уяўляе сабой як бы ракавіну малюска, на якой адлюстроўваецца цела яе жыхара і стваральніка. Пагэтаму і мы тут, пакінуўшы не вельмі высокую густоўнасць метафары Касірэра на яго сумленні, спынім сваю ўвагу толькі на ракавіне-культуры, пакінуўшы суб’ектыўнага творцу яе - чалавека пакуль што ў баку. Тым болей што культура сапраўды носіць на сабе выразны адбітак структурнай будовы чалавека, у суме з якім яна і складае сабой грамадства як цэласную сістэму. Прычым і сама культура тут будзе разгледжана толькі пад адным аспектам, аспектам яе структураванасці.

Гэтая структураванасць культуры можа быць бачнай ужо на самых нізкіх і простых узроўнях матэрыяльнай культуры. Калі распачаць такі аналіз з таго, што ў матэрыяльнай культуры можна было б назваць сыравінай, а так яно і называецца, напрыклад, у эканоміцы, то ўжо там мы знаходзім пэўную, хоць і вельмі яшчэ прымітыўную ступень арганізаванасці ў параўнанні з зусім ужо “сырой” прыродай (францускі культуролаг К. Леві-Строс, як вядома, так і акрэсліваў метафарычна культуру як нешта гатаванае, cuit у процілегласць прыродзе як сырому, cru), што праяўляецца ў яе здабытасці, у пэўнай яе ачышчанасці, адсартаванасці і да т.п. Наступным уздоўж лесвіцы структурнай іерархіі ўзроўнем з’яўляецца матэрыял, у якім азначаная арганізаванасць можа ўжо быць названа структурнай у больш поўным сэнсе гэтага слова, і, напрыклад, сталі, металічныя сплавы або пластмасы вылучаюцца дастакова складанай унутранай структурай. Дарэчы, да гэтых аб’ектаў ужо можа быць прымененае няхай сабе і пераважна ў гутарковай форме слова “ідэальны” у сэнсе выдатны, г. зн., які найлепш адпавядае сваёй сутнасці, норме, ідэі, як, напрыклад, у выразах “ідэальная сталь”, “ідэальны матэрыял для пэўнай канструкцыі” і г.д. Тое ж самае можна было б сказаць і пра далейшыя ўзроўні гэтай структуры: паўфабрыкаты, прылады, машыны, прадметы спажывання і, нарэшце, прадметы раскошы, якія і размяшчаюцца на нашай шкале адпаведна ступені іх арганізаванасці і структураванасці. У палітычнай эканоміі як сваеасаблівай тэорыі матэрыяльнай культуры гэткай шкаліраванасці прадметаў матэрыяльнай культуры адпавядае іх вартасць, якая вызначаецца колькасцю затрачанай на іх стварэнне сыравіны, энергіі і інфармацыі. Інфармацыя адыгрывае тут надзвычай важную ролю (у Марксавы часы улічваліся толькі матэрыял як сыравіна і энергія як затрачаная фізічная рабочая сіла, што, трэба прызнаць, далёка не лепшым чынам адбілася на яго эканамічнай канцэпцыі і вынікаўшых з яе палітычных высновах, прывёўшы да вельмі несправядлівай недаацэнкі разумовай працы, а далейшыя яго ідэйныя спадкаберцы ўвогуле выкідалі інтэлектуалаў, быццам нейкіх паразітаў, з ліку працоўных, лічачыся толькі з “людьми труда”). Ідэальны пачатак як інфармацыя ў матэрыяльнай культуры сёння выступае зусім відавочна, калі ўспомніць, напрыклад, тэхнічную дакументацыю для стварэння якой-небудзь машыны альбо так званае software, праграмнае забеспячэнне для сучаснага камп’ютэрнага цэнтра. Камп’ютэр, напрыклад, які можа абыграць у шахматы чэмпіёна свету, міжвольна нагадвае не толькі адушаўлёную, але і вельмі разумную істоту. Ад такога амаль што містычнага ўражання цяжка пазбавіцца тым болей тады, калі і табе самому ставіць мат твая ўласная персанальная “айбіэмка” з імгненна рэагуючым Pentium’ам у яе жалезнай галаве. Зразумела, што каштоўнасць такіх аб’ектаў залежыць ўжо пераважна ад іх інфармацыйнай узброенасці і забяспечанасці.

Аднак, найбольш, можа, красамоўна і выпукла паказвае сябе ідэальнасць і яе прадстаўнік - ідэал на ўзроўні культуры мастацкай. Мастацкая культура - гэта даўняя сфера дзейнасці ідэалу, дзе ён атрымаў і сваё баявое хрышчэнне як самастойны навукова-філасофскі тэрмін. Нездарма ж Гегель і аддаў менавіта ідэалу ажно ўвесь першы том яго таўшчэзнага прысвечанага “Эстэтыцы” трохтомніка Менавіта ў мастацкай культуры ідэал наглядна дэманструе сваю ідэальную сутнасць і ў аб’ектыўнай і ў суб’ектыўнай яго гіпастасях. Дэманструе і сваё функцыянаванне ў працэсе ўзаемадзеяння з матэрыяльнымі сродкамі мастацкага твора, у якім ён выступае перад намі як тое, што ажыўляе сабой пасіўны матэрыял пачуццёвага сузірання. Гэта сваеасаблівая душа мастацкага твора. Ідэал тут дзейнічае як творчы, актыўны фактар, пад уздзеяннем якога звычайна і ўзнікае мастацкі твор і мастацкі вобраз. Будучы, так бы мовіць, прадстаўніком структурнага, а не элементарысцкага накірунку, дзейнічаючы ў канечным ліку ад імя Бога (мастака як другога, суб’ектыўнага носьбіта ідэалу мы пакуль што пакідаем убаку), а не матэрыяльнай прыроды, ідэал адухаўляе сабой гэтую прыроду і дае ёй рэальнае аб’ектыўнае быццё. Надаючы ёй рысы не толькі таго, што ёсць, але і таго, што павінна быць, ідэал поўнасцю рэалізуецца у эстэтычнай катэгорыі прыгожага. Нездарма ж прыгожае заўсёды атоесамляюць з гармоніяй. На базе ж прыгожага узнікае адпаведна і мастацкі твор самай высокай эстэтычнай вартасці - твор рэалістычны (слова “рэалістычны” тут утворана ад тэрміна “рэалізм” у вышэйазначаным яго агульнафіласофскім значэнні, супадаючы ў пэўным сэнсе з нашым ужываннем яго адносна прынятага тут тыпу філасофіі і ўжо вельмі даўно ўслед за Аквінатам ўжыванага ў неатамізме). Вышэй мы ўжо бачылі, што гармонія тая здзяйсняецца далёка не заўсёды. Акрамя таго існуюць яшчэ іншыя эстэтычныя катэгорыі, як, напрыклад, трагічнае, узнёслае, камічнае, нізкае і нават брыдкае, прадстаўляючы сабой розныя спалучэнні агульнага і асаблівага, ідэальнага і матэрыяльнага як розныя фазы працэсу рэалізацыі ідэалу. Фазы станаўлення дадзенай мастацкай культуры (трагічнае і ўзнёслае), росквіту (прыгожае), упадку (камічнае і нізкае) і поўнага распаду (брыдкае). У мастацтве гэтыя фазы выступаюць звычайна як розныя мастацкія стылі, якія заканамерна змяняюць адзін другога ў ходзе гісторыі мастацтва. Прычынай таму з’яўляецца менавіта дыялектычная прырода ідэалу, якая якраз і праяўляецца ў барацьбе паміж ідэальным і матэрыяльным, чаму тут такі і рэдкі момант адноснага гарманічнага адзінства як стан стабільнасці і спакою (падрабязна пра гэта гл. стар 48 і наст.).

Як і на ўзроўнях матэрыяльнай культуры, ідэал выступае ў мастацкай культуры згодна не толькі агульнай накіраванасці ўздоўж нашай энтрапійна-негэнтрапійнай шкалы, фазавай шкалы працэсу гістарычнага развіцця, але і кірунку ўздоўж вертыкальна-іерархічнай шкалы яе відава-жанравых узроўняў. Ужо на такіх яшчэ больш чым на палову, так бы мовіць, уросшых ў матэрыяльнасць пачатковых узроўнях мастацкай культуры, як дызайн і прыкладное мастацтва, ідэал выразна прасвечвае як сама сутнасць рэчы, яе сэнс, функцыя і канструкцыя (змест). Менавіта гэтыя ідэальныя рысы дадзенай рэчы, спалучаючыся з пачуццёва ўспрыйманымі элементамі дэкора (форма), і надаюць ёй спецыфічныя ўласціваці мастацкага твора ў той альбо іншай стылістычнай яго характарыстыцы. Тое ж назіраецца і на наступных узроўнях мастацкай культуры, вядомых звычайна як віды і жанры мастацтва: архітэктуры, арнаментыцы, музыцы, выяўленчаму мастацтву і мастацкай літаратуры (гэта тым болей характэрна для сінтэтычных відаў, як опера, тэатр і кіно). Пры гэтым, зразумела, на кожнай наступнай ступеньцы той сваеасаблівай лесвіцы, утвараючай сабою шматузроўневую іерархічную структуру мастацкай культуры як цэласнай сістэмы, выразна бачыцца, калі пачынаць з дызайна і прыкладнога мастацтва, нарастанне прыкмет ідэальнасці і змяншэнне прыкмет матэрыяльнасці, аж пакуль у мастацкай літаратуры тая матэрыяльная аснова вобраза не знікае амаль што зусім, застаючыся толькі ў форме сімвалічна-моўнай яго абалонкі. Сам жа вобраз атрымлівае поўнасцю ідэальны характар, існуючы ўжо толькі ў ідэальна-аб’ектыўнай структурнай прасторы і суб’ектыўна як бы перасяляючыся і ў галаву чытача. Захоўваецца разам з тым і стылістычная тыпалогія вобраза ва ўсіх гэтых відах і жанрах мастацтва.

Характэрна, што у сферы мастацкай культуры такую празрыстую структурнасць можна бачыць і ў кожным з азначаных відаў і жанраў паасобку. Тут ужо сапраўды назіраецца глыбока эшэланіраваная структурная арганізаванасць. Нават зусім канкрэтны, адзінкавы мастацкі твор мае ўласную ўнутраную мікраструктуру, прычым і яна носіць складаны іерархічны характар, выступаючы перад рэцыпіентам твора ў адзінстве яго зместу і формы. У ролі ідэальна-разумовага зместу тут выступае зноў такі структура, менавіта самы верхні яе ўзровень як ідэя твора, а ў ролі матэрыяльна-пачуццёвай формы – паасобныя матэрыяльныя яго элементы. І ўсё гэта злучана паміж сабой градацыяй прамежкавых больш дробных структурных узроўняў, кожны з якіх утварае сваю ўласную чарговую мікраструктуру і г. д. Так, напрыклад, у структуры жывапіснага твора гэта колер, лінія, контур, кампазіцыя, перспектыва, прадметны свет, сюжэт, тыпаж, характар, тэма і, нарэшце, ідэя. Гэтак жа сама можа быць “расслоенай” і структурная будова кожнага з пералічаных вышэй відаў і жанраў мастацтва (89). Усё сказанае складае сабой ужо чыста мастацтвазнаўчую праблематыку і выходзіць за рамкі цікавячай нас тут праблемы. Але яно добра ілюструе гэтую праблему як тое ж самае дыялектычна супярэчлівае адзінства ідэальнага і матэрыяльнага, дзе ідэальнае якраз і адыгрывае актыўна-дзейсную, творчую ролю ідэалу, пранікаючы аж на мікраструктурныя ўзроўні асобнага канкрэтнага мастацкага твора.

І, нарэшце, на ўзроўні духоўнай культуры ідэал як структура існуе і імкнецца да рэалізацыі яшчэ больш выразным чынам, хоць, што можа паказацца парадоксам, ужываецца тое слова тут не так часта, як, напрыклад, у культуры мастацкай. Зрэшты, тое й зразумела, бо ў мастацтве ён рэалізуецца наглядна праз адзінства з яго матэрыяльнай пачуццёва-вобразнай формай. На ўзроўні ж духоўнай культуры ідэал можа рэалізавацца, уцелясняючыся ў адзінстве з ідэяй ніжэйшага структурнага ўзроўню, хоць і бліжэйшай адносна да полюса матэрыяльнасці, але ўсё ж такі ідэяй. Таму і сам працэс рэалізацыі ідэалу тут непасрэдна не ўспрыймаецца ў канкрэтна-пачуццёвай форме, часам увогуле застаючыся ў форме адных толькі знешніх слоў, як тое было, напрыклад, з ідэаламі камунізма ў мінулыя гады.

Духоўная культура ўяўляе сабою густую інфармацыйную сетку, якая ляжыць у аснове структуры грамадства як пэўнай цэласнай сістэмы, структуры таксама з глыбока эшэланіраванай іерархічнасцю. Нават славутыя марксавы вытворчыя адносіны, якім марксісты-ленінцы прыпісвалі таксама непасрэдна матэрыяльны характар, з’яўляюцца па сутнасці сваёй ідэальнымі структурамі, толькі аформленымі матэрыяльнымі сродкамі, як, напрыклад, у сістэме прававых адносін. Тое ж, што Маркс называў надстройкай і куды ім уключалася ўся духоўная культура, і ў яго насіла чотка выражаны іерархічны характар (ужо Пляханаў спрабаваў вылучыць яе ўзроўні ў вядомай сваёй “пяцічленцы”). Пры гэтым азначаная сацыя-культурная структура носіць яшчэ больш складаны характар, чым структура мастацкай культуры. Тут тая сетка мае не толькі вертыкальны, але і дастаткова выражаны гарызантальны аспект, што значна ускладняе яе аналіз. Вертыкальны аспект, напрыклад, чотка вылучаецца ў наступнай класіфікацыі структурных узроўняў. У якасці адносна больш буйных структурных блокаў духоўнай культуры выступаюць тут навука, філасофія і рэлігія. Ім у сваю чаргу ўласціва свая ўласная структураванасць, як, напрыклад, у навуцы, дзе выразна бачацца наступныя ўзроўні: псіхалогія (яна следуе непасрэдна за мастацкай літаратурай, утвараючы сабою як бы плаўны пераход ад мастацкай культуры да культуры духоўнай), сацыялогія, антрапалогія, біялогія, геаграфія, геалогія, хімія, фізіка, матэматыка. Услед за блокам навукі ідзе філасофія, у якой аж з часоў стоікаў вылучаліся логіка, фізіка (ў сэнсе філасофіі прыроды) і этыка, а за філасофіяй - рэлігія, дзе таксама тэолагі адрозніваюць кананічнае багаслоўе, маральнае багаслоўе, багаслоўе дагматычнае і, нарэшце, багаслоўе містычнае .

Паслядоўнае нарастанне ўздоўж вертыкалі ідэальнага фактару і тут назіраецца вельмі выразна. Так, у навуцы, напрыклад, такая щматступенная градацыя выступае перад намі як паступовае ўзмацненне духоўнага фактару, пачынаючы ад навук тэхнічных, дзе ён вельмі яшчэ, трэба прызнаць, слабы. Паколькі яны абслугоўваюць матэрыяльныя патрэбы грамадства і чалавека ідэальнага ў іх нямнога. Дакладней кажучы, само ідэальнае тут носіць вузкі характар, абмяжоўваючыся канкрэтнымі мэтамі і карыстаючыся канкрэтна ж ідэальным апаратам матэматыкі і прыродазаўчых навук. У выніку страты імі больш высокіх грамадскіх мэтаў і ідэалаў, як напрыклад, ідэалы маральнай філасофіі і рэлігіі, яны могуць часам цалкам пераарыентоўвацца на матэрыяльнае і фактычна служыць ужо не Богу, а д”яблу, што і назіраецца ў вытворчасці тэхнічных сродкаў масавага знішчэння людзей, як, напрыклад, ядзерная, хімічная і бактэрыялагічная зброя. Вось чаму пры першых выпрабаваннях атамнай бомбы ў Лос-Аламосе так па-рознаму паводзілі сябе яе стваральнікі. Калі Опенгеймер і Сцылард проста жахнуліся, убачыўшы, што за страшлівага джына з бутэлькі яны выпусцілі на свет, то для Фермі гэта была ўсяго толькі, як ён казаў тады, добрая фізіка. Цікава было б у гэтым сэнсе паназіраць і за паводзінамі аналагічных савецкіх і рускіх спецыялістаў, глянуць у вочы ім. Тым асабліва, хто і сёння займаецца стварэннем чалавеканенавісніцкай хімічнай, напрыклад, альбо бактэрыялагічнай зброі. На больш высокіх у сэнсе структурнай іерархічнасці ўзроўнях прыродазнаўчых навук такая біпалярнасць арыентацыі таксама выразна бачыцца, дзе яна гэтак жа можа кіравацца альбо высокімі пазнавальна-ідэальнымі альбо практычна-матэрыяльнымі мэтамі, як, напрыклад у матэматыцы, дзе існуе агульнапрыняты ўжо падзел на чыстую матэматыку і матэматыку прыкладную. У сферы гуманітарных навук тое яшчэ больш прыкметна, становячыся ў філасофіі і рэлігіі асноўнай ідэальнаю мэтаю іх існавання і дзеяння.

Разам з тым гэтак жа чотка праяўляецца пры кожным з гэтых духоўных мікраўзроўняў і матэрыяльны, скажам так, даважак у выглядзе сваеасаблівага іх матэрыяльнага афармлення. У навуцы і філасофіі гэта кнігі, бібліятэкі і адпаведныя вучэбныя памяшканні, у рэлігіі - зноў такі кнігі, царкоўнае начынне, адзенне-рызы і храмавыя будынкі. Паміж гэтымі крайнімі мікрапалюсамі азначаных сацыяльна-культурных узроўняў ляжыць цэлая сістэма ўжо, так бы мовіць, чыста сацыяльных структур, утвораных сацыяльна-этычнымі адносінамі, складаючымі самую аснову грамадства як універсальнай сацыяльнай сістэмы. Гэтыя структуры выступаюць у форме таго, што звычайна называецца сацыяльнымі нормамі, і менавіта на іх тут і варта засяродзіць сваю ўвагу, паколькі размова ў нас ідзе ўласна не пра культуру, а пра грамадства і адпаведна пра грамадскія ідэалы.

Сацыяльныя нормы, як ужо было сказана, маюць таксама сваю дыялектычна супярэчлівую будову, выступаючы перад намі ў ідэальнай сваёй гіпастасі як маральныя ідэалы і нормы, а ў гіпастасі матэрыяльнай - як нормы прававыя. Матэрыяльнасць гэтых апошніх таксама ўжо вельмі ўмоўная, але ўсё ж такі крайнія сродкі іх афармлення і рэалізацыі, як, напрыклад, аснашчэнне сілавых органаў, судовыя памяшканні, турмы і інш., носяць яўна матэрыяльны характар. У гэтай сітуацыі менавіта маральныя нормы могуць быць акрэслены як ідэалы і менавіта ідэалы грамадскія. Рэалізацыяй жа іх з’яўляецца працэс ператварэння іх у нормы прававыя, у тое, што ў грамадстве атрымлівае форму матэрыяльна забяспечанага закону.

Сацыяльныя нормы таксама складаюць сабой іерархічную сістэму, якая адыгрывае ролю сваеасаблівага структурнага шкілета грамадства, надаючы яму пэўную сістэмную цэласнасць, у якой разам з тым дастаткова выразна фіксіруюцца іерархічныя яе узроўні. У сацыялогіі звычайна тэрмін “норма” ўжываецца ў сэнсе як маральнай, так і прававой норм, і не існуе, як здаецца, строгага раздзялення паміж гэтым тэрмінам і тэрмінам “ідэал” (апошні нярэдка ўспрыймаецца як проста публіцыстычна-стылёвая яго рознавіднасць). Аднак, у гэтым кантэксце і прынятым тут разуменні пад словам “норма” будзе падразумявацца менавіта матэрыяльная гіпастась дыялектычнага адзінства норма-ідэал, а пад словам “ідэал” - яго ідэальная гіпастась. Увогуле, калі ўспомніць гегелеўскую трыяду, то можна было б акрэсліць ідэал як тэзіс, што прадстаўляе сабою ідэальнае; закон (у канкрэтна-юрыдычнай яго форме) - як антытэзіс, прадстаўнік матэрыяльнага; і самую сацыяльную норму - як сінтэз, у якім і ўвасабляецца пэўны ўзровень рэальнай структуры грамадства. Адзінства іх адпавядае вышэйшай ступені іх рэальнасці, іх, так бы мовіць, сацыяльнага быцця.

Але могуць быць і другія сітуацыі, калі, напрыклад, ідэал яшчэ не матэрыялізаваўся і існуе толькі яшчэ як ідэальнае. Як ідэал у поўным значэнні гэтага слова, які ўспрыймаецца як нешта пажаданае, што кліча ўперад і ўверх у негэнтрапійным напрамку, як тое, што яшчэ павінна быць і што па-нямецку завецца словам Sollen, а па-руску - “долженствование”. У азначаным выпадку ідэал выступае як арганізуючая, творчая, духоўная сіла. Могуць быць і адваротныя сітуацыі, калі норма існуе як толькі матэрыяльная форма, пазбаўленая ідэальнага пачатку, і тады яна можа выступіць і як нешта процілеглае ідэалу, маючае толькі знешні, прымусова-сілавы характар. У такой сітуацыі норма становіцца чыста матэрыяльнай, нетворчай сілай, якая дзейнічае ў адваротным, энтрапійным кірунку, тармозячы сабой творча-арганізацыйна працэс, а то і проста разбураючы яго. Цікава, што тут можа быць зноў ужыты і ход разважанняў старажытнага Эмпедокла з яго Любоўю, якая аб”ядноўвае і стварае, і Нянавісцю, што раздзяляе і нішчыць. Прыблізна так, дарэчы, разумеў сваю славутую волю і Артур Шапенгаўэр. У галіне ж мастацкай культуры ідэал выступае як змест, а норма - як форма. І тады розныя суадносіны зместу і формы даюць цэлы ланцужок асноўных эстэтычных катэгорый, ужо нам вядомых як трагічнае, узнёслае, прыгожае, камічнае, нізкае і брыдкае, цесна звязаных з катэгорыяй стылю, якая залежыць якраз ад тыпу суадносін паміж зместам і формай мастацкага вобразу. Усё сказанае адыгрывае вельмі важную ролю у дыяхранійным аспекце пры разглядзе гістарычнага развіцця мастацтва і яго ідэалаў. Тут жа, аднак, яны разглядаюцца пакуль што у аспекце сінхранічным, не ў прадольным, так бы мовіць, а ў папярэчным разрэзе грамадства, разрэзе, дакладней, яго структуры.



Аналіз азначанай іерархічнай сістэмы сацыяльных норм можна распачынаць з самага ніжэйшага яе ўзроўня - з сям”і як першапачатковай ячэйкі самога грамадства. Менавіта праз сям”ю праходзіць мяжа, адначасова падзяляючая і злучаючая біялагічна-матэрыяльны і сацыяльна-ідэальны узроўні чалавечага жыцця, мяжа, зразумела, не толькі якасная, але і колькасная, з плаўнай градацыяй паступовых пераходаў. У гэтым двайным саюзе мужчыны і жанчыны аб”ядноўваюцца біялагічныя патрэбы працягу чалавечага роду, якія кіруюцца інстынктамі, і сацыяльныя інтарэсы ў стварэнні сацыяльнай ячэйкі грамадства - сям”і, што рэгулююцца ўжо пераважна азначанымі сацыяльнымі нормамі. Затым следуе больш шырокая сацыяльная група - радня, сваякі, асабістыя сябры і блізкія людзі, група са сваімі таксама дастаткова прыкметнымі сацыяльнымі нормамі. Пасля азначанай групы можа быць названа маладзёвая група навучэнцаў, што складаецца з школьнікаў і студэнтаў розных навучальных устаноў. За гэтай групай ідзе тое, што ў савецкай сацыялогіі называлася працоўным калектывам, альбо ў больш агульным сэнсе малая група, якая звязвае паміж сабою людзей працоўным інтарэсам і асабістым знаёмствам і дзе існуюць і дзейнічаюць свае сацыяльныя нормы. Далей могуць быць названыя вялікія сацыяльныя групы, як, напрыклад, буйны завод альбо фабрыка, дзе ўжо людзі не звязаныя непасрэдна асабістымі кантактамі і не знаёмыя паміж сабою, але маюць пэўныя агульныя нормы ўзаемаадносін. За імі ідуць яшчэ больш шырокія сацыяльныя групы, якія аб”ядноўваюцца па прафесіянальнай прыкмеце – прафесійныя групы. За імі групы, якія звычайна называюцца класамі і маюць выразныя класавыя, скажам так, ідэалы і нормы, вельмі ў свой час перавялічаныя па свайму значэнню марксістскімі тэарэтыкамі. За імі яшчэ шырэйшая сацыяльная агульнасць - нацыя з яе нарматыўнымі прыкметамі, значэнне якой, наадварот, памянёнымі тэарэтыкамі ў вельмі значнай ступені свядома перамяншалася (мы ўбачым ніжэй, што якраз нарматыўныя прыкметы нацыі адыгрываюць рашаючую ролю ў гэтай сістэме сацыяльных ідэалаў і норм, выступаючы тут як нейкі цэнтр альбо фокус усяе гэтае сістэмы, як сваеасаблівае саборнае “Я” народа). Цікава, што за гэтым узроўнем усё тыя ж марксісцка-ленінскія тэарэтыкі спрабавалі змясціць катэгорыю так званага савецкага народа, для якога таксама прыдумваліся пэўныя характэрныя рысы і нормы і якія нават узнікалі ў рэальнасці, носячы, аднак, зусім іншыя, пераважна адмоўныя каштоўнасныя характарыстыкі, сёння пэжоратыўна азначаемыя часам як “саўковасць” і да т.п. (пішучы пра тое ў савецкія часы прыходзілася, напрыклад, паказваць усё гэта ўскосна праз спасылкі на вобразы мастацкай літаратуры. Так, напрыклад, і аўтар гэтых радкоў, характарызуючы рысы савецкага чалавека ў кнізе “Homo pulcher – чалавек прыгожы”, спасылаўся на п’есу Л.Зорына “Варшаўская мелодыя”, дзе тыя рысы былі апісаныя тады ўжо з дастаткова крытычнай праўдзівасцю і рэалістычнасцю). Тое ж рабілася і адносна так званага свету сацыялізма, які таксама разглядаўся як пэўная сацыяльная агульнасць і ў якога таксама за вельмі адносна кароткі час паспелі выпрацавацца спецыфічныя “нормы”, як, напрыклад, утрыманства за кошт дзяржавы, непавага да чужой, у тым ліку і дзяржаўнай, уласнасці, цынічна зняважлівыя адносіны да чужых сацыяльных каштоўнасцей, калі яны не сацыялістычныя, і да т.п. Петэр Казлоўскі вельмі мякка называе ўсё гэта “безбілетніцтвам” (у нас тое завецца на расійскі манер “жыць на халяву”!) і ў рэальнасці гэта нельга было б назваць ні нормамі, ні тым болей ідэаламі, хоць менавіта ў гэтым кантэксце тыя словы эксплаатаваліся ў парткамуністычнай ідэалогіі з найвялікшай актыўнасцю. Рэальна ж за нацыяй можна было б вылучыць у якасці яшчэ больш шырокіх сацыяльных груповак глабальна-рэгіянальныя, альбо, дакладней, кантынентальныя сацыяльныя агульнасці, як, напрыклад, еўрапейская, азіяцкая, афрыканская, далёкаўходняя. За імі лагічна следуе самая шырокая, універсальная людская агульнасць - чалавецтва з яе вельмі важнаю нормаю, вядомай як гуманізм. Тут трэба зноў заўважыць, што гэтая агульнасць, як, дарэчы, і папярэдняя, з вялікай неахвотай прызнавалася камуністычнымі ідэолагамі. Уласцівая ёй норма гуманізму часцей за ўсё ўвогуле адмаўлялася з-за сваёй, быццам бы, недапушчальнай абстрактнасці і, можа быць, другой па значэнню пасля капіталізму мішэнню для марксістскіх крытычных стрэл якраз і служыў так званы абстрактны гуманізм (тут, зрэшты, асабліва стараліся менавіта марксісты-ленінцы, бо сам Маркс адносіўся да гуманізму даволі паблажліва, часам увогуле атоесамляючы камунізм і гуманізм: нездарма ж ён прымаў камунізм толькі ў сусветным масштабе!). Для камуністаў вяршыняй сістэмы сацыяльных норм была толькі вышэйазначаная сацыялістычная норма. Менавіта на гэтым узроўні звычайна і заканчвалася іерархічная структура сацыяльнай рэчаіснасці ў філасофіі марксізму-ленінізму, калі не лічыць праславутага кодэксу будаўніка камунізму, што сапраўды ўжо насіў у сабе куды больш пустой абстрактнасці, чым нават вышэйпамянёны абстрактны гуманізм. А фактычна пад гэтай псеўдаінтэрнацыянальнай нормай хавалася руска-імперская нацыянальная норма, якая даволі адкрыта (змушана была!) выступала ў часы так званай Айчыннай вайны, пазней зноў маскіравалася, як у Афганістане, пад праславуты інтэрнацыяналізм, а сёння амаль ужо без аніякай маскі як дзяржаўна-імперская цэласнасць Расійскай Федэрацыі.

Аднак, з абранага тут пункту погляду гэта яшчэ далёка не канец (зноў такі ў нашай кнізе пра чалавека прыгожага (92) на гуманізме, і то не без некаторай рызыкі, прышлося спыніцца вымушана, бо далейшыя разважанні ў кірунку яшчэ больш вышэйшых узроўняў духоўнасці, негаворачы ўжо пра Бога, былі з пазіцый панаваўшай тады атэістычнай марксісцка-ленінскай ідэалогіі проста недапушчальнымі). Спыніцца на гэтым азначала б прыняць антропацэнтрычны пункт погляду, згодна якому чалавецтва аб”яўляецца апошняй інстанцыяй, своеасаблівым пталемееўскім цэнтрам сусвету. Да чаго прыводзіць такі агульначалавечы калектыўны эгаізм, мы бачым ўжо на невясёлым прыкладзе сучаснай экалагічнай праблемы, калі чалавецтва, уявіўшы сябе такой інстанцыяй, пачало імкліва нішчыць спарадзіўшую яго маці-прыроду. Трэба, як пісаў выдатны пратэстанцкі філосаф Пауль Тыліх, мець мужнасць быць часткай яшчэ больш вялікага цэлага і калі ўжо спасылацца на гуманізм, дык трэба разумець яго як інтэгральны гуманізм, што ўключае ў сябе не толькі чалавецтва і ніжэйшыя яго падструктуры, але і структуры вышэйшага рангу – жыццё, прыроду і Бога, як слушна падкрэсліваў другі, каталіцкі філосаф Жак Марытэн. Згодна гэтаму ён услед за Кантам бачыў і розніцу паміж мудрасцю і ведамі, разумеючы пад першай рэлігію, а пад другой – навуку. Цікава, што амаль што тымі ж самымі словамі (нават з ужыткам тэрміна “інтэгральны”!) характарызуе сваю вельмі аналагічную пазіцыю вялікі індыйскі філосаф, нястомны змагар за свабоду і незалежнасць Індыі Шры Аўрабінда.

Маральныя адносіны павінны распаўсюджвацца і далей, на ўсю без выключэння жывую прыроду, як тое робіцца, напрыклад, у будызме і джайнізме. Альберт Швейцэр акрэсліваў гэта, напрыклад, як глыбокую пашану перад жыццём ва ўсёй яго цэласнасці і паўнаце. Больш таго, трэба маральна адносіцца і да прыроды нежывой, і як да бліжэйшага, так і далейшага касмічнага асяроддзя, і, нарэшце, да ўсёй прыроды ўвогуле як да цэласнага універсума, імя якому Космас альбо Сусвет. Сусвет, што ўтварае сабою адзінае, не столькі матэрыяльнае, мёртвае, колькі жывое, адухоўлёнае цела Бога. Адносна яго сам Бог выступае ўжо як душа, як найвышэйшая ідэальная структура, знаёмая нам пад назвай структуры структур і выступаючая тут і як сваеасаблівая норма нормаў, альбо ідэал ідэалаў (успомнім форму форм св. Тамаша і манаду манад Лейбніца). У так трактаванай іерархіі структур мы атрымліваем дастаткова моцнае абгрунтаванне маральнах норм і ідэалаў не толькі знізу, ад ніжэйшых і ў канечным ліку матэрыяльных узроўняў, як тое рабілі матэрыялісты, але і зверху, ад самай высокай духоўнай інстанцыі – Бога. У процілегласць гэтаму Фейербах акрэсліваў, напрыклад, і Бога як толькі родавую ідэю чалавека. Маркс, ужо цалкам і поўнасцю адмаўляючы Бога, лічыў, што ўся шматпавярховая сацыяльная надстройка вызначаецца і кіруецца матэрыяльнымі вытворчымі адносінамі, якія ў сваю чаргу залежаць толькі ад матэрыяльных жа прадукцыйных сіл, а Ленін - што ўвогуле палітыка ёсць толькі канцэнтраваная эканоміка. Тут, дарэчы, зусім выразна гістарычны працэс у марксісцка-ленінскім яго разуменні выступае як працэс сугуба энтрапійны!

Сапраўдная іерархія структур і адпавядаючых ім сацыяльных норм вызначаецца зверху, ад Бога як ад вяршыннай кропкі пірамідальнай сістэмы норм, ад негэнтрапійна-інфармацыйнага полюса, які з свайго боку таксама ўплывае на ўсю іерархію сацыяльных сістэм і норм, прыўносячы ў іх, як і належыць ідэалу, духоўную жыццёвасць і надаючы ім актыўны, сапраўды творча-дзейсны характар. І не толькі сацыяльных. У сферы эканомікі, напрыклад, як паказаў у свой час М. Вэбэр, а за ім В. Зомбарт, А. Тоні і зусім ужо наш сучаснік М. Новак, дух таксама адыгрывае рашаючую ролю. Толькі такая іерархія нясе ў сабе не толькі адносны, але і абсалютны характар як аб’ект абсалютнай веры. Толькі такую іерархію мелі, дарэчы, на ўвазе і старазапаветныя прарокі, калі з пастаяннай настойлівасцю папярэджвалі аб небяспечнасці веры ў часовых куміраў і ілжэпрарокаў і аб зле, узнікаючым з прычыны такое веры. Варта пачытаць хоць бы адных Ісаію і Іерамію..

Тут няма мейсца, нажаль, для падрабязнага разгляду гэтых ідэалаў на ўсім працягу іх іерархічнай сістэмы. Ясна, аднак, што на ўсіх структурных узроўнях менавіта ідэалы творча, г. зн., не энтрапійна, а негэнтрапійна кіруюць працэсамі існавання і функцыянавання вышэйпералічаных сацыяльных падсістэм. Ясна таксама, што ўсе азначаныя ўзроўні і адпавядаючыя ім нормы і ідэалы далёка не роўнацэнныя па сваёй дзейснасці і творчай, скажам так, сіле. Іх арганізуючая эфектыўнасць безумоўна можа быць у пэўнай меры рознай. Гэта ў многім залежыць і ад спецыфікі саміх сацыяльных груповак і ад асаблівасцей іх культур (напрыклад, узровень радні і сваяцтва на Каўказе іграе вельмі вялікую ролю ў агульнай сістэме сацыяльных структур і ўзаемаадносін, у той час як на Беларусі значэнне гэтага ўзроўню значна меншае). Самую важную, аднак, у творчаарганізуючым сэнсе ролю, як зараз убачым, адыгрывае тут узровень нацыі. Але перш чым больш падрабязна разгледзець гэты ўзровень, трэба хоць бы коратка ахарактарызаваць усе пералічаныя вышэй нормы і адпаведныя ім ідэалы. І агляд гэты распачнем на гэты раз ужо зверху, ад ідэальнага полюсу нашай іерархічнай сістэмы сацыяльных нормаў.

Самай вяршыняй гэтай сістэмы, як і вяршыняй усяго рэальна існуючага Сусвету як увогуле быцця з’яўляецца, як мы ўжо ведаем, Бог, які ўяўляе сабой душу ўсяго матэрыяльнага свету, прыроды, якая выступае тут толькі як яго цела. Менавіта Бога меў на ўвазе Тэйяр дэ Шардэн, калі гаварыў пра канечны пункт эвалюцыі і пра кропку Амегу як яе вяршыню. Па меры сваёй структурнай арганізаванасці чалавецтва як адносна вышэйшая ступень эвалюцыі і калектыўны мыслячы суб’ект узвышаецца над астатняй прыродай як жывой, так і нежывой, і ў гэтым сэнсе больш за ўсё набліжаецца да Бога. У ідэальным плане паміж чалавекам як разумнай істотай і Богам (калі не лічыць ужо чыста багаслоўскую катэгорыю анёлаў і інш. як аб’ектаў веры) няма прамежкавых, апасродкаваных ступеней. Няма, зразумела, толькі ў той меры, наколькі гэта нам вядома, бо тэарэтычна магчыма дапусціць, і верагоднасць такога дапушчэння адносна дастаткова высокая, што існуюць і другія разумныя істоты, чый розум можа быць і вышэйшым за чалавечы і хто, значыць, аказваецца бліжэйшым да Бога, чым чалавек (тут, дарэчы, знаходзіцца, магчыма, і рэальны адпаведнік анёлам). Жывая прырода і космас, нягледзячы нават на шырыню і непараўнаную з чалавекам аб’ёмнасць, займаюць у нашай іерархічнай сістэме месца, ніжэйшае па сваёй духоўнай арганізаванасці за чалавека. Таму Бог у якасці вышэйшай, абсалютнай для чалавека меры ідэальнасці выступае як структура структур і, адпаведна, як ідэал ідэалаў. А чалавек – як прадукт боскага тварэння ў самым шырокім сэнсе гэтага багаслоўскага тэрміна.

Бог ёсць сапраўды абсалютны арыенцір, або, гаворачы матэматычнай мовай, пачатак універсальнай, абсалютнай сістэмы каардынат, у якой існуе і рухаецца ўвесь астатні свет і якой вызначаюцца ўсе астатнія падсістэмы, нормы, ідэалы і каштоўнасці. Бог паўстае перад намі і ў больш канкрэтных сваіх аспектах і перш за ўсё ў аспектах канфесійна-царкоўных, з якімі таксама трэба лічыцца, як, напрыклад, у хрысціянстве, дзе царква гэтак жа выступае ў якасці своеасаблівага цела Хрыста. Аднак тут мы робім толькі буйнамаштабны агляд праблемы, свядома пакідаючы ў баку яе больш прыватныя аспекты, якія ў даным выпадку ўпрымаюцца ўжо як праблема культуралагічная, дзе азначаныя аспекты займаюць безумоўна вельмі важнае месца. Зрэшты, культуралагічны аспект і тут будзе немагчыма абмінуць зусім.

Чалавецтва як наступная структурная ступень нашай сістэмнай іерархіі непараўнальна больш вузкае і адноснае за Бога, але параўнальна з чарговымі, яшчэ больш вузкімі ступенямі і яно мае шырокі і агульны аб’ём. Разважаючы строга фармальна, тут можна было б дапусціць існаванне нейкай прамежкавай і адносна больш высокай структурнай ступені ў выглядзе касмічнай сістэмы цывізацый. Чагосьці, прыкладна, накшталт яфрэмаўскага Вялікага кальца ці пэўных іншапланетных цывілізацый, адкуль да нас прылятаюць гуманоіды і да т. п.. Але гэта мае гіпатэтычны характар і сёння пакуль што можа быць пакінута ў баку. Структура чалавецтва мае дастаткова высокі па негэнтрапійнай шкале ідэальны характар і выступае перад намі як вельмі актыўны і дзейсны ідэал, вядомы ўжо нам пад назвай гуманізма. Гэты ідэал мае таксама дастаткова складаную будову і ўяўляе сабой пэўны комплекс больш канкрэтных сацыяльных нарматываў, рэалізаваных і рэалізуемых у пэўных жа прававых законах і ўстанаўленнях. Асноўным з іх, як вядома, з’яўляецца Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у 1947 г. На гэты жа ідэал і вытворныя ад яго больш прыватныя ідэалы арыентуюцца палітыкі і дзяржавы пры заключэнні важных дамоў і ўвогуле на іх грунтуецца ў цэлым усё міжнароднае права.

У адрозненне ад чалавецтва як адносна вышэйшага структурнага ўзроўню сацыяльнай сістэмы наступны ўзровень, які мы тут акрэсліваем прыблізна як глабальна

1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   30


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка