М. І. Крукоўскі Бляск і трагедыя ідэалу




старонка24/30
Дата канвертавання14.03.2016
Памер7.26 Mb.
1   ...   20   21   22   23   24   25   26   27   ...   30

Ці патрэбны сёння нам, беларусам, праменныя ідэалы?

“Нашы часы – часы агульнай заблытанасці, часы паустання праменных быццам ідэалаў і іх канечнага знікання праз нядоўгі час... Тое, што раней здавалася чыстым і светлым, штодзённа аплятаецца жыццёвым брудам і пылам. Так знікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасць. У такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, святым і жаданым”. Паўторым жа зноў прыведзеныя ў пачатку гэтай кнігі тыя балючыя словы, што яшчэ ў 1921 годзе пісаў ужо вядомы нам беларускі філосаф Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч), які і не думаў, напэўна, што гэтыя словы і ў нашы складаныя часы будуць гучаць так па-прароцку дакладна і метка. Паўторым (паўтору не трэба баяцца, бо, як гаварылі тыя ж рымляне, repeticio est mater studiorum) і падаб’ем агульныя вынікі з усяго, што тут было сказана пра ідэалы і паглядзім, наколькі яны нам патрэбны сёння. Сапраўды сёння вялікія, здавалася б, ідэалы пабудовы новага светлага грамадства і выхавання шчаслівага, прыгожага чалавека пазнікалі літаральна на нашых вачох, заплямленыя не толькі жыццёвым брудам, але і цэлымі патокамі бязвіннай чалавечай крыві. «Сияющие высоты», па з’едліваму выразу расійскага навукоўца і пісьменніка А. Зіноўева, стали «зияющими» праваламі. Аднак, і тое, што прыйшло ім на змену, аказалася яшчэ паскуднейшым, бо было адкінута ўжо і само паняцце ідэалу ўвогуле. Замест яго прапаноўваецца цяпер толькі цынічны прынцып індывідуальнае выгады ды асабістай нажывы, што базіруецца ўжо на адных прымітыўных жывёльных інстынктах. Калі наяўнасць ідэалу прадугледжвае ўсё такі і пэўнае мысленне, заснаванае на дзейнасці розуму, з-за якога чалавек менавіта і носіць гордае званне Homo sapiens – чалавек разумны, то інстынктамі кіруюцца толькі жывёлы ў дзвюх асноўных сваіх рознавіднасцях: драпежнага звера і пасіўна-пакорлівага траваеднага быдла. Падобна, што гэткае няшчасце і звалілася сёння на нашы бядотныя голавы.



Што гэта так, паказвае нам хоць бы й прыклад нашай суседкі Расіі, за імперскім дротам якое і мы, беларусы, мелі няшчасце некалі здзейсняць тадышнія, таксама, быццам бы, праменныя, як пісаў Канчэўскі, ідэалы. Быццам бы таму, што тады яны сапраўды не выклікалі даверу, бо пад імі хавалася ілжывая хцівасць камуністычных намеклатуршчыкаў з іх спецпакетамі, санаторыямі, дачамі і лечкамісіямі. Але ў сённяшняй Расіі, куды зноў хочуць нас, беларусаў, загнаць цяперашнія нашы ўладары, усё тое павялічылася дзесяцікротна і стала цынічна адкрытым і ўзаконеным. Там цяпер пануюць ужо пераважна інстынкты, скіраваныя на асабістую, чыста жывёльную выгаду і камандуюць хцівыя алігархі-міліярдэры тыпу Абрамовіча, якому пад непасрэдную ўладу аддадзены расійскім ўрадам, напрыклад, ажно ўвесь чукоцкі народ (такі лёс чакае, дарэчы, і нас, беларусаў, на якіх точыць ужо зубы таксама хоць і меней удачлівы, бо ўжо быў фігурантам Гаагскага міжнароднага крымінальнага суда, але падобнага ж тыпу алігарх Барадзін: недарэмна ж ён цёрся вакол якуцкіх алмазаў ды браўся за рамонт палацаў у Крамлі). Яны там падграблі пад сябе не толькі ўсю і так небагатую расійскую эканоміку з яе, наадварот, найбагатшымі ў свеце сыравіннымі крыніцамі, але фармуюць пад свае густы і некалі вялікую духоўную культуру Расіі. Аляксандра Салжаніцына, напрыклад, столькі зрабіўшага дзеля Расіі і яе свабоды, амаль што ніколі не запрашалі ні на купленае імі тэлебачанне ні ў гэткія ж СМІ (колішняе вядомае выступленне яго ў Думе і рэакцыя на гэта тадышніх думцаў і сёння ўспрыймаецца проста як здзек, а на перадачы, прысвечанай памяці актора Ефрэмава, яго толькі паказалі ў натоўпе, не назваўшы нават па прозвішчу). Яны дазваляюць сабе здзеквацца над рускай мовай (“без мата нет русского языка” – публічна заяўляе колішні міністр культуры Расіі Швыдкой, што і цяпер трымае ўсю рускую культуру фактычна ў сваіх руках) і замяняюць знакамітую рускую рэлігійную філасофію пустым і нікчымным постмадэрнізмам (“философия – мёртвая наука” – не без зларадства канстатуе той жа Швыдкой). А што ўжо робіцца ў сферы этыкі, эстэтыкі і ўвогуле мастацтва, дык і вымавіць няёмка. Варта толькі ўспомніць адкрыта ўжываючых у сваіх творах той жа цынічны мат пісьменнікаў Уладзіміра Сарокіна і Віктара Ерафеева, рэжысэра з няяснаю сексарыентацыяй Рамана Вікцюка, “суперпорочного” па яго ўласнаму прызнанню спевака Барыса Маісеева189, спакуслівых і “безгранично-бесстыдных”, як яны самі сябе характарызуюць, вядучых тэлепраграмы “Сексуальная рэвалюцыя”, дзівакаватага “попстыліста” Сяргея Зверава або ідыёцкі, няхай нам даруюць, ансамбль так называнага Комеды клаб. Але зусім ужо з цынічным выклікам паводзіць сябе зноў усё той жа Раман Абрамовіч, які з дапамогай памінанага тут Швыдкога зарганізаваў сёння ўсерасійскі, так бы мовіць, музей мадэрнісцкага і постмадэрнісцкага мастацтва і назваў яго “Гараж”, тою назваю свядома і адкрыта супрацьставіўшы яго знакамітаму, сапраўды ўсерасійскаму “Манежу”, даўно ўжо стаўшаму пасля Піцерскага Рускага музея і маскоўскай Трацьякоўкі таксама адным з сімвалаў менавіта нацыянальнага рускага мастацтва.

Увогуле героем нашага часу ў мастацтве Расіі заместа ўсё такі высокароднага некалі лермантаўскага Пячорына стаў нават не гогалеўскі Чычыкаў, а зусім ужо вульгарны невук-бандзюга з аўтаматам Калашнікава наперавес, наняты на грошы ўсё тых жа алігархаў. Ды і ў нас на Беларусі пачынаецца тое ж, калі прыняць да ўвагі адносіны сучаснага кіраўніцтва РБ да нацыянальнай беларускай культуры і мовы або ўспомніць нядаўнюю публічную заяву на старонках развясёлае “Комсомолки” (ад 17-25 красавіка г. г.) старшыні саюза нашых будучых беларускіх алігархаў Аляксандра Патупы, што “ни один инвестор не будет участвовать в приватизации белорусской госсобственности ради каких–то высоких (!) целей.” Прызнанне не толькі шчырае, а проста ў духу Абрамовіча нахабнае па свайму цынізму. І без яго вядома, што “госсобственность” гэтая прыватызуецца тымі алігархамі не дзеля высокіх ідэалаў, а проста дзеля самай шкурнай уласнай выгады. А «какие-то высокие цели” (і якая ж іронія тут гучыць!) – гэта, канешне, культура беларускага народу, яго нацыянальная годнасць, мова, незалежнасць і суверэнітэт, на якія проста плюе як сам алігарх, так і ўсё беларускае кіраўніцтва, дазваляючае сабе нават публічна перадражніваць мову свайго народу. Але вось варта было прэзідэнту Лукашэнку штосьці там няўдала сказаць пра наш беларуска-яўрэйскі Бабруйск, як ізраільскае кіраўніцтва адразу ж выразіста пагразіла яму пальцам. Ды так, што не толькі яму асабіста прышлося прыніжана апраўдвацца, але і апазіцыйная нават прэса аказалася змушанай за яго заступіцца (адзін вельмі вядомы журналіст з газеты “Свободные новости - плюс” дык і зусім ужо ўстрывожыўся і загараваў, што з гэтае прычыны “еврейский капитал, который очень щепетильно относится к подобным высказываниям..., вряд ли в ближайшем будущем придёт в Беларусь”). Ўсе тыя гаспада алігархі сапраўды, як сведчаць их гуллівыя подзвігі не толькі ў Расіі, але і ў бачыўшым многае французскім Куршэвілю, мецяць не ў “высокие цели», а, па выразу знакамітага рускага паэта, куды ніжэй. Ды каб толькі гуллівыя. Пры іх здзяйсненню зноў, як і некалі раней, пачынае багата ліцца кроў і зноў такі кроў невінаватых, калі ўспомніць амаль штодзённыя крывавыя разборкі паміж цяперашнімі ўладарамі ўсё той жа Расіі... Але, як пісаў некалі Спіноза190, перш чым плакаць альбо смяяцца, трэба разумець. Тым болей, калі ідзе гаворка пра ідэалы, адной ужо назвай сваёю блізка роднасных словам “ідэя”, “думка”.

Сапраўды, словы “ідэал, ідэальны”, як мы ўжо бачылі, заўсёды азначалі і азначаюць у нашым жыцці думку пра нешта праўдзівае, добрае, прыгожае і дасканалае. Тое, што вельмі патрэбнае нам, што жадаецца намі і таму павінна быць здзейснена альбо дасягнута абавязкова. Усё гэта ў нашым уяўленні заўсёды і звязвалася з вытворным словам “ідэалізм”у яго самым шырокім сэнсе. Але ў традыцыйнай савецкай філасофіі як у філасофіі матэрыялістычнай гэтым словам прыпісваўся звычайна толькі суб’ектыўны, як гавораць філосафы, і, значыць, нерэальны характар. Толькі тое, што адносілася да знешняга свету і было па сваёй прыродзе матэрыяльным, лічылася аб’ектыўнай рэальнасцю. І менавіта гэтай аб’ектыўнасці надавалася пераважна значэнне ісціны і другіх пералічаных тут ідэалаў. Ісцінным, напрыклад, суб’ектыўнае ўжо па азначэнню быць не магло, як пра тое сведчыць і лёс у былым савецкім грамадстве філасофскага суб’ектыўнага ідэалізму. Але і аб’ектыўнае існаванне ідэалу таксама не дапушчалася, бо тады трэба было прызнаць і аб’ектыўны ідэалізм, а ўслед за гэтым і існаванне Бога, што для марксісцкае ідэалогіі ў прынцыпе было тым болей недазваляльным як дарога, па ленінскаму знакамітаму выразу, “к боженьке”. Пагэтаму тут узнікала бессэнсоўная блытаніна і ў гэтым ненатуральным, зусім алагічным расколе філасофскае думкі можна бачыць ужо і адну з прычын сённяшняга бляску і трагедыі ідэалу. Таго знікання праменнага, як піша Канчэўскі, ідэалу цераз нядоўгі час. Гэта неразумнае проціпастаўленне дзьвюх філасофій – ідэалізму і матэрыялізму, проціпастаўленне ўзаемавыключных і, па сутнасці, стаўшых абсалютна варожымі адзін аднаму паасобных агульных фактараў. На гэтым проціпастаўленні, як вядома, у камуністаў базіравалася класавая барацьба і замацоўвалася яна звычайна несправядлівасцю, а то і крывавым прымусам.

Сёння ж мы зусім ужо трапілі, як кажуць з агню ды ў полымя. У савецкія часы філасофію толькі ўродвалі, расколваючы яе на два процілеглыя сабе бакі і ўродуючы тым і паняцце ідэалу, ператвараючы і яго ў вульгарную, а то і крывавую часам “зброю класавай барацьбы”, як на вядомай скульптуры ўсё таго ж расійскага майстра Шадра “Булыжник – оружие пролетариата”. У нашыя алігархічныя часы ўжо самую філасофію выкідаюць, як некалі казалі марксісты, на “мусорную свалку истории”, замяніўшы яе ўсемагутнаю і цынічнаю сілаю грошай. Сёння ўсё тое, што калісьці адносілася да ідэальных каштоўнасцей, то-бок, усё праўдзівае, добрае, дасканалае і прыгожае, стала рыначным таварам і, значыць, прадажным. Ды і карыснае з прыемным таксама цэніцца цяпер як толькі грашовы сродак191 абмену, і нават каханне стала такім жа “абменам паслугамі” (зрэшты, і само слова “каханне” знікла, замяніўшыся рашуча-кароткім, быццам рускае слова “рубль”, таварным тэрмінам “секс”).

Пры даследаванні прыроды ідэалу, аднак, трэба карыстацца куды больш нармальнай, цэласнай філасофіяй, ніж аднабаковы і, па сутнасці, таксама цынічны матэрыялізм. Так званы дыялектычны матэрыялізм, на якім будавалі сістэму сваёй ідэалогіі камуністы, сапраўды, як ужо гаварылася, уяўляў сабою тое, што філосафы называюць contradictio in adjecto (супярэчнасцю ў азначэнні), і што сам нават Маркс параўноўваў з выразам “драўлянае жалеза” (сапраўды, калі гэта філасофія дыялектычная, то яна павінна аб’ядноўваць сабой у дыялектычным адзінстве і матэрыялізм і ідэалізм, а калі яна ўяўляе сабою выключна матэрыялізм, то аб ніякай дыялектыцы тут і гаворкі не можа быць). Тут патрэбна філасофія, аб якой марылі некалі лепшыя мысляры сусвету і якая не супрацьстаўляе, каб дагадзіць нячыстай палітыцы, матэрыяльнае і ідэальнае, а разглядае іх як два натуральныя бакі адной і той жа таксама адзінай і цэласнай, па-сапраўднаму рэальнай рэчаіснасці. І толькі такая філасофія, як убачым ніжэй, якраз і дае нам магчымасць зразумець, што такое ідэал і ці патрэбны ідэалы сёння нам, беларусам.

У цяперашнія часы, вызваліўшыся з нядобрых ціскоў палітыканствуючай ідэалогіі і абапершыся на навейшыя дасягненні сучаснай навукі, перш за ўсё, агульнай тэорыі сістэм, мы з упэўненасцю можам сцвярджаць, што і ідэальнае таксама патэнцыяльна, па крайняй меры, існуе і мае нават аб’ектыўны характар. Калі ў чалавеку як суб’екту пазнання мы назіраем і яго ідэальны розум, і яго матэрыяльна-пачуццёвае цела, так і ў знешнім яму аб’ектыўным свеце няцяжка ўбачыць два адпаведныя таму бакі. Гэта, як даводзіць нам агульная тэорыя сістэм, агульная, ідэальная структура сусвету і складаючыя яе матэрыяльныя элементы. Тое ж самае можна сказаць і пра любы аб’ектыўны прадмет. Нават самая матэрыяльная, напрыклад, машына мае свае цалкам ужо нежывыя, матэрыяльныя дэталі (элементы) і сваю фактычна ідэальную канструктыўную схему (структуру). І толькі як спалучэнне такой ідэальнай схемы-структуры і такіх матэрыяльных дэталей-элементаў існуе сама машына як пэўная рэальнасць. Структура як бы ажыўляе сабой машыну і яе пагэтаму інжынеры часта называюць, не падазраючы аб глыбокай філасофскай сэнсоўнасці гэтых слоў, ідэяй машыны. Сапраўды, пры дастатковай складанасці гэтай схемы машына пачынае нават ўмець гуляць у шахматы, як тое мы бачым у сучасных камп’ютэрах. І інжынеры не памыляюцца, называючы тую схему ідэяй, бо тая схема, а дакладней, структура ёсць не што іншае, як інфармацыя. Інфармацыя ў крышталічнай форме, як фігуральна азначыў некалі структуру эстонскі філосаф Я. Рэбанэ (Рэбанэ, зрэшты, вельмі ўдала, як мы бачылі, азначаў інфармацыю як мігруючую структуру, але ў дадзеным кантэксце гэта, па сутнасці, адно і тое ж). Але структура можа існаваць і ў выглядзе ланцужка паасобных сігналаў, перадаваных (мігруючых!) па дроце і існуючых ужо не ў прасторы, а ў часе. І тады яе тоеснасць інфармацыі ў звыклатрадыцыйным яе разуменні, звычайна асацыіраванай з аб’ектыўна існуючай мовай як носьбіткай менавіта ідэй, ні ў кога ўжо не выклікае сумненняў192. Яна існуе аб’ектыўна, перадаецца, захоўваецца, а шпіёны дык могуць яе і красці. Нездарма ж агульная тэорыя сістэм, як і кібернетыка, уключае ў сябе як істотную сваю частку менавіта тэорыю інфармацыі, бо інфармацыя ў сваім глыбінным сэнсе і ёсць не што іншае, як ідэя, ці ў суб’ектыўным яе выражэнні - думка.



Пераход да карыстання такой цэласнай філасофіяй – гэта ўвогуле грандыёзны духоўны пераварот, значэнне якога ў наш няшчасны абездухоўлены і абезідэалены век яшчэ поўнасцю намі і не ўсведомлена. Яго сапраўды можна, як тое рабіў Кант са сваёй філасофіяй, з яшчэ большаю праватой параўнаць з каперніканскім пераваротам. Сапраўды, матэрыялістычны светапогляд з яго абсалютызацыяй аднаго толькі матэрыяльнага боку жыцця вельмі нагадвае колішняга Пталемея.. Для філосафаў-матэрыялістаў акаляючае іх асяроддзе было толькі матэрыяй, і ўвесь навакольны Сусвет уяўляўся халодным, застылым і нежывым. І тады, напрыклад, натуральнае жыццё ў прыродзе станавілася для іх невырашальнай загадкай. Невырашальнай, дарэчы, і для сучаснай навукі, бо і яна фактычна карысталася і ўсё яшчэ карыстаецца па традыцыі і сёння філасофіяй матэрыялістычнай. Прапанаваныя на яе базе тэарэтычныя канцэпцыі паходжання жыцця пастаянна аказваліся непераканаўчымі і на практыцы неажыццяўляльнымі. Мы не ўмеем і сёння стварыць, напрыклад, хоць бы якую небудзь штучную, але па-сапраўднаму жывую амёбу. Генетычна кланіраваныя ці нават створаныя на базе яшчэ дасканальна не вывучаных стваловых клетак штучныя органы, расліны і, тым болей, жывёлы – гэта нешта падобнае на мёртвы аўтамат ці нават на ракавую пухліну (яна таксама мае па сваёй істоце злавесна аўтаматычную, энтрапійную па сваёй сутнасці здольнасць расці, разбураючы нават ўласны арганізм), і сённяшняя медыцына зусім справядліва асцерагаецца прапаноўваць іх, напрыклад, у ежу. На аснове гэтай філасофіі фізіка канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў прыйшла была ўвогуле да песімістычнай тэорыі цеплавой смерці ў будучым усяго Сусвету. Нездарма ж нават матэрыяліст Энгельс некалі ўзняўся супраць гэтай тэорыі (сказалася ўсё такі Гегелева дыялектычная школа!). А з сярэдзіны веку ХХ-га на базе постмадэрнізму як далейшае фазы ў развіцці матэрыялізму філасофія пачала разбураць і самую сябе, аб’явіўшы вайну ўжо і логіцы ў цэлым (постмадэрнісцкія пратэсты супраць так званага “логацэнтрызму”!) і замяніўшы ў ёй ісціну шызафрэнічнымі “дэканструкцыямі” і “сімулякрамі”. У адносінах да чалавека і яго грамадства матэрыялістычная філасофія прывяла ўвогуле да сучаснага разумення чалавека як толькі жывёлы (голай малпы, па дасціпнаму выразу памінанага ўжо тут не раз Дэсманда Морыса), пазбаўленай не толькі ідэалаў, але і розуму ўвогуле. Чалавеку, паводле вядомаму фільму з Шарон Стоўн і Майклам Дугласам, застаўся толькі асноўны інстынкт – жывёльны секс. Калі чалавек у мінулым ганарыўся звычайна велічынёй свайго мозгу, то цяпер яму, як піша той жа Морыс, застаецца пахваляцца толькі моццу сваіх геніталій. Якія ўжо тут ідэалы! Зрэшты, калі гэткі духоўны ўпадак і маральны развал грамадства суправаджаецца страшліва імклівым прагрэсам у тэхніцы, які прымае ўжо некантралюемы, стыхійна-абвальны характар (параўнуем хоць бы інтэлектуальны і маральна-этычны ўзровень нашых генералаў і жахлівыя магчымасці зброі, што знаходзіцца ў іхніх густаваласатых руках!), то тут трэба задумацца куды глыбей, чым памінаны Спіноза.

Іншая справа філасофія, прынятая ў гэтым тэксце. З дапамогай цэласнай філасофіі цалкам змяняецца і становіцца куды больш нармальнай у цэлым агульная карціна свету. Калі разглядаць не толькі пэўны канкрэтны прадмет, але і ўвесь сусвет як пэўную цэласную сістэму, уяўляючую сабой не толькі бязладна-хаатычнае мноства матэрыяльных часцінак-элементаў, якое старажытныя грэкі называлі Хаосам, але і надаючую ім пэўную цэласнасць і сістэмнасць структуру, то Сусвет гэты прадстае перад намі як цалкам упарадкаваная, жывая па-своему Існасць, велічны старагрэчаскі Космас, матэрыяльным целам якога з’яўляецца Прырода, а душой – ідэальная структура структур, негэнтрапія, інфармацыя, гегелеўскі абсалютны Розум. Або, як для веруючага чалавека, сіла гасподняя і сам Пан Бог.

Вельмі характэрна і па-свойму цікава ў гэтым сэнсе развівалася справа ў марксісцка-ленінскай “сацыялістычнай” Расіі. Заснавальнікі марксізму і яго далейшае фазы ленінізму былі, як вядома, самымі цвёрдымі матэрыялістамі і заядлымі бязбожнікамі. Маркс, напрыклад, вельмі не адабраў ідэалізм, а рэлігію лічыў нават опіумам для народу. Ленін жа, абсалютна супрацьстаўлячы, як ён гаварыў, лінію Платона і лінію Дэмакрыта, дык і марксава настаўніка вялікага Гегеля лаяў “идеалистической сволочью”, азначаючы і ідэалізм як толькі тую самую так ненавісную яму “дорогу к боженьке”. Але калі справа пайшла аб рашэнні практычных задач пры пабудове сацыялізму, то і камуністы раптам успомнілі пра ідэалы. І хоць па-ранейшаму азначалі эканоміку як асноўную базу чалавечага жыцця і матэрыяльныя вытворчыя сілы (г. зн., машыны і чалавечыя мускулы) як асноўны рухаючы фактар усёй гісторыі грамадства, тым не менш сталі вельмі шмат гаварыць і пра ідэалы. Разумелі ўсё такі сілу ідэалу, хоць і замянялі часам тое не вельмі прыемнае ім слова больш нейтральным словам “энтузіязм”. Але і разумелі зусім не дыялектычна, вульгарна верачы ў магчымасць непасрэднага пераўтварэння ідэалаў у канкрэтную рэальнасць. Гаварылі так, што англійскі філосаф Бертран Расел стаў увогуле не без іроніі параўноўваць камунізм з рэлігіяй. Шмат гаварылі і шмат міжвольна ці вольна ілгалі, спасылаючыся па традыцыі на аўтарытэт гэтага вялікага некалі слова “ідэал”. Ды не толькі ілгалі, але і грабілі і забівалі ў імя ідэалу. Забівалі зусім невінаватых людзей і забівалі ў масавым парадку. Гэтым была канчаткова скампраметавана колішняя аўтарытэтнасць ідэалу, і менавіта па гэтай прычыне сёння ў Расіі такія адмоўныя адносіны да самога гэтага слова. Ды і ў нас, на Беларусі, стала вельмі нявыгадна і нават рызыкоўна распачынаць на тую тэму любую гаворку, каб не трапіць у кампанію нашага кіраўніцтва, якое, ненавідзячы нацыянальную беларускую духоўную культуру і прызнаючы ў ёй толькі тое, што можна, па яго ўласнаму нечакана вельмі дакладнаму выразу, памацаць рукамі, збіралася пераплюнуць расійскае кіраўніцтва, стварыўшы ідэалогію... ўвогуле без ідэалаў. І, канечне ж, пацярпела пры гэтым смехатворнае фіяска.

Той факт, аднак, што нават вельмі не любіўшыя ідэалізм матэрыялістычныя камуністы, хоць і куды больш некалі пісьменныя ў філасофіі, чым цяперашняе беларускае кіраўніцтва, моцнае толькі ў хакеі, не грэбавалі словам “ідэал”, сведчыць аб вялікай важнасці гэтага слова і азначанага ім паняцця. Важнасці і для чалавека і для арганізаванага чалавекам супольніцтва, традыцыйна называнага ў нас грамадствам. У чым жа яна заключаецца з нашага сённяшняга пункту погляду? Зноў жа пачнем тут, як гаварылі рымляне, ab ovo, то-бок, з самага пачатку.



Мы бачылі ўжо, што структура кожнага аб’ектыўнага прадмета, нягледзячы на сваю ідэальнасць, мае, як і яго матэрыяльныя элементы, таксама аб’ектыўны характар і, значыць, таксама адыгрывае нейкую важную ролю ў працэсе яго існавання. І роля гэта перш за ўсё заключаецца ў тым, што азначаны аб’ектыўны прадмет альбо з’ява могуць існаваць як рэальнасць толькі пры наяўнасці разам узятых і структуры і элементаў, прычым абавязкова ў іх рухомым, г. зн., дыялектычна супярэчлівым адзінстве. Гэта ўжо добра разумелі старажытныя філосафы, а найбольш выразна - вялікі філосаф Новага часу Гегель. Сёння гэта ўжо амаль банальная рэч. Любы радыёпрыёмнік альбо той жа камп’ютэр, як мы ўжо бачылі, можа рэальна існаваць толькі пры наяўнасці і яго дэталяў (элементы) і яго схемы (структура), пры чым абавязкова ў цесным іх узаемазлучэнні і ўзаемасувязі, то значыць, у іх адзінстве. Гэта разумее ўжо сёння кожны інжынер, не выпадкова называючы гэтую схему-структуру ідэяй прадмета. Так жа пабудавана прыродай і кожнае жывое стварэнне, у якім ягоная ідэальная душа адыгрывае ролю структуры, а матэрыяльнае цела – аналагічную ролю элементаў. Толькі тут сістэмнасць жывога мае ўжо на шмат больш складаны, як бы шматпавярховы, ці, як гавораць у агульнай тэорыі сістэм, шматузроўневы, іерархічны характар. У такіх сістэмах іх матэрыяльны бок толькі як бы арыентуецца ў напрамку ўжо чыста матэрыяльных, самых дробных элементных яго частак (напрыклад, фізічныя элементарныя часціцы), а ідэальны -- толькі на самую высокую і агульную структуру, структуру структур Сусвету, ці, з тэалагічнага пункту погляду, Бога. Прамежкавыя ж узроўні-паверхі носяць пераважна адносны, пераходны характар. Дом, як мы ўжо бачылі, напрыклад, адносна сваіх цаглін ёсць структура, але адносна ансамблю дамоў ён толькі элемент, як і сама цагліна ў сваю чаргу адносна дому ўяўляе сабою элемент, а адносна складаючага яе пяску – структуру. Гэткую ж, але ўжо куды больш складаную іерархічнасць у сваёй сістэмнасці мае жывая істота, а найбольшай складанасцю ў гэтым плане характарызуецца, як і варта было чакаць, сам чалавек. У чалавека і душа і цела маюць самі сваю ўласную дастаткова складаную іерархічнасць, хоць у цэлым ён па-ранейшаму арыентуецца душой на ідэальнаць, а целам – на матэрыяльнасць, ці, гаворачы інакш, на полюс ідэальнасці і полюс матэрыяльнасці. Такое складанае адзінства процілеглых узроўняў ужо вядомы нам Гегель называў, як мы бачылі, дыялектычным адзінствам супрацьлегласцяў, і гэта сёння яшчэ раз падцвярджаецца бясспрэчным аўтарытэтам найсучаснейшай агульнай тэорыі сістэм. Пацвярджаецца, хоць у нашы абезідэаленыя і абязбожаныя часы гэтага Гегеля зноў трэціруюць, па колішняму нядобраму выразу, як дохлага сабаку.

Але ідэальная структура адыгрывае тут яшчэ адну значную ролю, асабліва важную для разумення, што такое ідэал і ў чым жа яго спецыфіка. Сэнс гэтай ролі ў тым, што структура актыўна ўдзельнічае не толькі ў існаванні пэўнага прадмета ці з’явы, але ўдзельнічае і ў працэсе іх ўзнікнення і далейшага развіцця. Тут яе роля нават становіцца прынцыпова галоўнай. Агульнавядома, напрыклад, што для стварэння зноў жа якой небудзь машыны перш за ўсё патрабуецца структура яе, то-бок, ідэя. Яна мае адначасова і аб’ектыўны характар (яе, як мы ўжо бачылі, могуць красці шпіёны). Нават такі сур’ёзны і паслядоўны філосаф-матэрыяліст, як Маркс, сцвярджаў (насуперак свайму матэрыялізму!), што ад павука ці пчалы архітэктар адрозніваецца тым, што перш чым будзе пабудаваны дом, у галаве архітэктара павінна ўзнікнуць ідэя гэтага дома (зрэшты, тое, што адбываецца і ў пчалінай галоўцы, таксама ў яшчэ большай ступені сведчыць аб аб’ектыўнасці інфармацыі, існуючай тут ужо ў форме зарання закладзенага туды прыродай інстынкту!). У жывых арганізмах, будзь то жывёла альбо расліна, гэтак жа на базе запісанай у палавых клетках генетычнай інфармацыі (структура!) і бясформеннага, звычайна, непрыгожага матэрыяльнага рэчыва ў ролі ежы або ўгнаення (элементы!) фарміруецца дасканалы ў сваёй рэальнасці новы арганізм, вельмі складаны, прыгожы і як дзве кроплі вады падобны на арганізмы сваіх бацькоў (вось дзе бачыцца прычына таго, што ўжо на гэтым узроўні прыгожае мы часта называем ідэальным!). І, сапраўды, ці не цуд гэта, калі не раз мы бачылі, як з гаршка, набітага бясформеннай глебай і зусім ужо брыдкім гноем, уздымаецца перад намі чароўная прыгажуня-ружа з яе пекнаю формай, колерам і цудоўным пахам! А фантастычная расфарбоўка пяра паўліна? А найтанчэйшыя ўзоры на крыльцах матылька? Дзе тут дарвінавы натуральны і палавы падборы і дзе барацьба за існаванне? Ды калі, зрэшты, і існуе палавы падбор, то адкуль тады ў мікраскапічнай галоўцы самкі матылька такі бездакорны эстэтычны густ? Не гаворачы ўжо аб раслінным царстве, нават у зусім нежывым неарганічным свеце мы не можам па жаданню змяніць структуру таго альбо іншага рэчыва. Нават сучасныя спецыялісты, а не толькі сярэдневечныя алхімікі, не могуць ператварыць, напрыклад, свінец у золата (яны могуць стварыць на малекулярным узроўні пэўнае новае рэчыва, але ж і тут для гэтага трэба спачатку знайсці яго формулу, то-бок, зноў жа структуру). А крышталічныя рэчывы дык могуць нават, падобна жывым істотам, расці, таксама ўтвараючы нярэдка пры гэтым па геаметрыі і колеру амаль што ідэальна, як мы зноў жа гаворым, прыгожыя формы. Пра гэта пісаў, напрыклад, абгрунтоўваючы сваю канцэпцыю архетыпу вядомы К. Юнг. І ва ўсіх гэтых азначаных вышэй выпадках рашаючую ролю адыгрывае структура, якая мае, як было ўжо паказана, ідэальны характар. У агульнай тэорыі сістэм рух наогул у бок павышэння арганізацыі (узроўня структуры!) і стварэння чагосьці новага называецца негэнтрапіяй, а працэс адваротны, пры якім арганізаванасць (структура!) чагосьці пад уплывам сваіх элементаў, наадварот, паніжаецца і ў выніку зусім знікае, яшчэ раней быў вядомы як энтрапія. Не трэба вялікага розуму, каб упэўніцца, што ідэал якраз і звязаны з негэнтрапіяй і што ўжо на гэтых адносна не вельмі складаных прыкладах ідэал і яго паняцце атрымліваюць фундаментальнае па сваёй важнасці і нават лагічнай неабходнасці значэнне.

Несумненна, што ўсё тут сказанае пра структуру, інфармацыю і ідэалы мае зусім непасрэдныя адносіны і да чалавека. Калі ўжо самая яго сутнасць азначаецца назваю Homo sapiens – чалавек разумны, то яго ўжо можна было б, не толькі ўслед за Арыстотэлем и Бенджамінам Франклінам, называць zoon politicon i toolmaking animal – жывёлай грамадскай і вырабляючай прыстасаванні, але і жывёлай з ідэаламі. Без ідэалаў чалавек увогуле быў бы, як у Оруэла, толькі звычайным быдлам. Але чалавек вылучаецца сярод жывёл не толькі выразнай наяўнасцю структурна-ідэальнага фактара ў яго агульнасістэмнай будове. Ягоная структура, мае, як мы бачылі, вельмі складаны іерархічны характар, што значна ўскладняе канкрэтнае выяўленне ў ім яго ідэальнай прыроды. Яна, аднак, знаходзіцца яшчэ і ў вельмі складаных адносінах з сваім матэрыяльна-элементным фактарам – целам. Калі б чалавек быў толькі такой ідэальнай, як мы сказалі б, істотай, хутчэй ужо анёлам, а не чалавекам, усё было б куды прасцей. Мы б ведалі, што жыць трэба толькі адпаведна ідэалам, то-бок, следуючы ісціне, дабру і прыгажосці, і так бы і жылі без аніякіх праблем. Мы, аднак, ведаем ужо, што чалавек, як пісаў яшчэ старажытны мудрэц Арыстотэль, ёсць zwon politikon, жывёла грамадская, і ў ім маюцца не толькі сацыяльна-духоўныя, сугуба чалавечыя рысы, але і рысы жывёльна-цялесныя. Або, кажучы інакш, у яго ёсць не толькі душа, жывучая і дзейнічаючая па законах чалавечага грамадства, але і цела, што дзейнічае і жыве па законах прыроды, г. зн.. па законах жывёльных, і з якімі таксама абавязкова прыходзіцца лічыцца. І тыя рысы, альбо фактары, такога адзінства паміж сабою, хоць яно і называецца навукова біясацыяльным адзінствам, дасягаюць, нажаль, з вельмі вялікай цяжкасцю. Такія, напрыклад, амаль дыяметральна супрацьстаячыя знакамітыя філосафы, як Кант і Фейербах, кожны з свайго боку невыпадкова адзначалі, што ў чалавеку жывуць анёл і звер, якія варагуюць паміж сабою няшчадна. І барацьба іх яшчэ больш абвастраецца тым, што абодва тыя фактары ў аднолькавай меры патрэбны чалавеку. Калі душа наша патрабуе і патрабуе вельмі законна ісціны-праўды, дабра-справядлівасці і дасканаласці-прыгажосці, без чаго як без ідэалаў яна ўвогуле можа загінуць, то і цела, аднак, гэтак жа справядліва і законна жадае дастатковай яды, умоў для размнажэння, адзення, жылля і г. д. Без ўсяго, што называецца звычайна матэрыяльнымі каштоўнасцямі і характарызуецца словамі карысць-асалода, чалавек ужо як цялесная істота, таксама пражыць не можа. Усё тое вельмі ўскладняе праблему ідэалу, робячы яе нялёгкай не толькі для рэалізацыі, але і проста для разумення, асабліва калі разумець яе бяруцца з пазіцый чорнабелай, фармальнай, бінарнай логікі.

1   ...   20   21   22   23   24   25   26   27   ...   30


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка