М. І. Крукоўскі Бляск і трагедыя ідэалу




старонка23/30
Дата канвертавання14.03.2016
Памер7.26 Mb.
1   ...   19   20   21   22   23   24   25   26   ...   30

Калі, аднак, паслядоўна стасаваць да гэтага вышэйрагледжаную “логіку бязмена”, то прыходзіцца ацэньваць такую раўнавагу ўжо не як прыгожае (гармонія ідэальнага і матэрыяльнага), а наадварот, як цалкам брыдкае, дзе азначаныя процілеглыя палюсы знаходзяцца ўжо ў стане поўнага, хоць і таксама па-свойму, як у тэрмадынаміцы, ураўнаважанага, але хаатычнага па сваёй сутнасці супрацьстаяння (напрыклад, эклектыка ў мастацтве, якую непрыкметна пачынае апраўдваць і ўзвялічваць постмадэрнізм, гэтая, як яго акрэслівае Артур Пікак, чаша з атрутай!). Гэта тая самая раўнавага, што ў эстэтыцы адпавядае менавіта катэгорыі брыдоты, а ў тэрмадынаміцы азначаецца як поўная энтрапія сістэмы і якая ёсць не што іншае, як яе распад і смерць. Прыгажосць як верхні, дадатны ліміт жыцця, дзе дасягаецца, нарэшце, так доўга шуканае хоць і такое кароткае (успомнім гётэва verweile doch, du bist so schоёn!), шчаслівае супакаеннне. І брыдота як смерць, як таксама супакаенне, але ўжо вечнае і такое непажаданае і жахлівае. Тут дзесьці нечакана, дарэчы, знаходзім і вядомы канец гісторыі, што так шматнадзейна прадказваўся Фукуямай. Сюды ж прыходзяць і зусім ужо сённяшнія прыхільнікі рэабілітацыі хаосу з усімі іх дзіўнымі атрактарамі і неверагоднымі фракталамі. А некаторыя схільныя дык і само хрысціянства з яго абсалютызаваным імі прынцыпам усеагульнага даравання прыплесці сюды, як гэта ледзь не атрымалася ў таго ж самага А. Пікака, які лічыць, што перыяд постмадэрнізму ў сілу свайго эклектычнага ўседазволу аблегчыў стан хрысціянскай тэалогіі, хоць і папярэджвае, што гэта на справе ёсць чаша з атрутай (120, 47). Як гэта ўсё не проста!

Зрэшты, і ў адносінах саміх паняццяў капіталізму і сацыялізму назіраецца гэткая ж тэндэнцыя да збліжэння, пачынаючы з вядомых выступленняў акадэміка Сахарава. Ды і намнога раней Карл Кауцкі вызначаў сацыялізм як нешта падобнае ультраімперыялізму. Гэта толькі ваяўнічая чорна-белая логіка эмоцый імкнецца іх абсалютна супрацьпаставіць, як гэта было ў ХІХ стагоддзі ў часы ўзнікнення марксізму на аснове вельмі тады абвостранай класавай нянавісці і барацьбы, што наклала на марксізм тыя самыя радзімыя плямы, якія загубілі яго самаго і пра якія не раз ужо тут гаварылася. Дакладна такую ж адмоўна-эмацыянальную ролю жупела адыгрывае сёння слова “сацыялізм”, што таксама зусім зразумела, калі ўспомніць усю горыч расчараванняў і бедаў, што спасціглі наш народ пры сістэме пад гэтай назвай.

Але ж быў і так званы сацыялізм з чалавечым тварам, пра які марылі аўтары “пражскай вясны”, у свой час задушанай маскоўскімі танкамі. Быў югаслаўскі дэмакратычны сацыялізм з рабочымі саветамі і дэмакратычна-рыначнай па сутнасці сваёй эканомікай (менавіта яго аўтары вядомага сёння падручніка “Эканомікс” Мак-Конэл і Бру называюць рыначным сацыялізмам!), на што, дарэчы, як на адзіна магчымую тады перспектыву арыентаваліся некалі і многія прадстаўнікі беларускай дысідэнцтвуючай інтэлігенцыі, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў178. Быў хрысціянскі сацыялізм Ю. Мольтмана, пра які з сімпатыяй піша М. Новак, а яшчэ раней пра такі ж сацыялізм пісаў і расійскі філосаф, эканаміст і тэолаг Сяргей Булгакаў. Была нават тэалогія вызвалення, што ў сваёй страснай крытыцы лацінаамерыканскай рэчаіснасці прапаведавала погляды, падобныя ўжо і на сацыялізм ваяўніча-марксісцкага, бальшавіцкага тыпу. Вельмі спагадліва пісаў пра такі ачалавечаны сацыялізм, параўноўваючы яго з капіталізмам, і той жа І. Шумпетэр у сваёй вядомай манаграфіі “Капіталізм, сацыялізм і дэмакратыя”, які ўжо ні ў якім разе не стаяў на камуністычных пазіцыях і іх марксісцка-ленінскай аснове. А Ф. Фукуяма дык увогуле лічыў, што такое не столькі паяднанне, колькі ўраўнаважванне гэтых двух сацыяльных кірункаў адбываецца ўжо на нашых вачах у вобразе ліберальнага агульначалавечага ўрада і што, больш таго, сама гісторыя шчасліва падыйшла да свайго канца, дасягнуўшы амаль што зусім па Гегелю ўсеагульналіберальнай гармоніі. Але з той прынцыповай усё ж такі розніцай, што гэта не гегелеўская злітная, арганічная гармонія-тоеснасць, а ўсяго толькі знешнемеханічная раўнавага далёка адстаячых адзін ад другога процілеглых палюсоў, як на тым жа раўнаплечым бязмене. Раўнавага хаатычнага тыпу, як толькі што мы бачылі, зноў такі аб’ектыўна адпавядаючая эстэтычным катэгорыям эклектыкі і брыдоты і ў чыста філасофскім, лагічным аспекце адпавядаючая небыццю.

Яшчэ Спіноза, аднак, падкрэсліваў некалі, што перш чым плакаць або смяяцца, трэба разумець. Асабліва ж разумець трэба перш чым ненавідзець. Так і тут мы не павінны паддавацца эмоцыям, а з халоднай галавой увесь час памятаць залатое правіла дыялектыкі, што ісціна ўвогуле хаваецца не толькі ў задзірыста-запальчывым “або-або”, якое можа быць толькі сродкам, а і ў цвярозым, спакойным “і-і”, іграючым ролю мэты. І гэтае “і-і” якраз і спрабуе, хоць і не без пакутлівай складанасці, у гэткім збліжэнні і ўзаемадапаўненні абедзвюх, здавалася б, так непрымірымых супрацьлегласцей, дасягнуць ужо знаёмага нам стану гармоніі або хоць бы цеснай раўнавагі179. Пры гэтым зноў такі памятаючы ўсё, што было сказана вышэй пра цяжкасці дасягнення такой гарманічнай раўнавагі і пра тое, што раней было ахарактарызавана тут як сваеасаблівае “правіла бязмена”, згодна якому сіметрычнае раўнаплечча “і-і” ўзнікае толькі ў строга акрэслены сярэдні перыяд развіцця сістэмы, менавіта на фазе яе квітнення ці, гаворачы словамі Шпенглера, улетку. Блізкае ж да катэгарычнасці “або-або” – толькі ранняй вясной ці позняй восенню, г. зн., на крайніх фазах нараджэння ці гібелі сістэмы. Гэта выдатна дастасоўваецца да вядомай ужо нам канцэпцыі “сінусаідальнага” развіцця грамадства і само па сабе ўяўляе, як ужо гаварылася, вельмі цікавую і плённую як для культуралогіі, так і ўвогуле для філасофіі лагічную праблему180. Тут, аднак, скажам толькі, што гегелеў тэзіс, што ісціна заўсёды павінна быць канкрэтнай, канкрэтнай не толькі ў прасторы, але і ў часе, мае вельмі глыбокі і дакладны сэнс. І ў гэтым жа сэнсе трэба разумець і ацэньваць сучасны стан беларускага грамадства.



Можа здацца, на першы погляд, што на Беларусі сёння якраз і здзяйсняецца гэткае гарманічнае “і-і” грамадскага і асабістага, дзяржавы і рынку, планавасці і прыватнай ініцыятывы, сацыялізму і рынку. Нават створана, быццам бы, адпаведнае паняцце рыначнага сацыялізму, (якое, як ужо было сказана, з’явілася не выдумкай прэзідэнта Лукашэнкі, як лічаць некаторыя нашы не вельмі палітычна пісьменныя палітолагі, а існуе ў рэальнасці і ўжо адносна даўно, калі зверыцца і з вядомай “Гісторыяй эканамічнай думкі” А. Дэні, выдадзенай у нас у Беларусі на беларускай жа мове, або заглянуць у вышэйпамянёны падручнік Мак-Конэла і Бру). Аднак, было б вялікай і трагічнай памылкай прыняць усё гэта за праўду. Той самы катастрафічны крызіс, што ахапіў Расію з-за неразумнага кідання яе палітыкаў з крайнасці ў крайнасць пры захаванні ля ўлады ўсё тых жа кіруючых наменклатурна-партыйных бонзаў, прывёў да горкага расчаравання народных мас адносна сацыяльна-эканамічных рэформаў і стыхійнага росту жадання вярнуць назад хоць бы тое, што было раней. Масы гэтыя хочуць вярнуцца назад у турэмныя сцены, дзе, як гаворыць герой аднаго з расійскіх фільмаў, рэгулярна даецца які-ніякі, але суп. Гэтым і пачынаюць сёння актыўна карыстацца камуністы, ужо свядома і мэтанакіравана плануючы павярнуць кола гісторыі назад і адрадзіць савецкую імперыю з усёй яе ваенна-прамысловай магутнасцю, напаўгалодным жабрацкім бытам і антыгуманнай па сваёй сутнасці ідэалогіяй, сцвярджаўшай фактычна ўслед за Макіявелі і Мандэвілем, што каб дзяржава была багатай, народ яе варта трымаць у галечы. Палітычна адсталая Беларусь, у якой ніякіх амаль што рэформаў не было праведзена ўвогуле ўсё па тых жа кадравых, скажам так, прычынах, аказалася ў гэтых абставінах вельмі зручным плацдармам для гэткай акцыі. Абапіраючыся на тое, што Беларусь ужо здаўна была ператворана ў “зборачны цэх” Расіі з поўным падпарадкаваннем беларускай эканомікі эканоміцы гэтай апошняй і спекулюючы на заезджанай яшчэ камуністамі ідэі малодшага брата і ўсходнеславянскай еднасці на базе самага рэакцыйнага імперскага панславізму, кіраўніцтва рэспублікі актыўна імкнецца не толькі да эканамічнай інтэграцыі, але і да палітычнага аб’яднання Беларусі з Расіяй. Не зважаючы на пануючы там жахлівы агульнасацыяльны крызіс, жадае ўвесці Беларусь у яе склад у якасці колішняга “северо-западного края” пад маркай звыклай расійскай губерні і ператварыўшы яе фактычна зноў у калонію Расійскай імперыі. І ўсё гэта робіцца не дзеля нейкага там быццам бы выдуманага нацыяналістамі беларускага народа з яго дабрабытам, культурай і мовай (“мы ведь все русские люди!”, рэгулярна заяўляе прэзідэнт, як толькі аказваецца на тэрыторыі Расіі), а дзеля ўзнаўлення сваіх былых наменклатурных прывілеяў і выгод пад танкавай аховай, грозным ракетна-ядзерным парасонам і зусім неадрынутымі яшчэ рускімі марамі аб камуністычным ці імперска-расійскім панаванні над цэлым светам. На тое ж, што гэта ёсць адкрытая здрада дзяржаўнаму суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і знявага нацыянальнай годнасці беларускага народа, ніхто не звяртае ўвагі181. Тым болей, што і сам гэты няшчасны народ, даведзены камуністамі да стану крайняй абездухоўленасці і амаль што зусім у выніку інтэнсіўнай русіфікацыі пазбаўлены нацыянальнага самаўсведамлення, гатовы сёння, як біблейскі Ісаў, прадаць сваё нацыянальнае першародства за жабрацкую сачавічную поліўку ўяўнай эканамічнай выгады і вярнуцца назад у галоднае і халоднае стойла “развітога сацыялізму”.

У гэтых крытычных умовах, як ужо гаварылася ў самым пачатку, Беларусь перш за ўсё павінна захаваць свой дзяржаўны суверэнітэт, здабыты проста такі гераічнымі высілкамі апазіцыі БНФ у парламенце ХII склікання. Дзяржава, будучы своеасаблівай матэрыялізацыяй ідэі незалежнасці беларускага народу, можа ператварыцца ў пустую юрыдычную форму або нават у звыклы крывадушна-прапагандысцкі лозунг, калі са словамі аб суверэнітэце праводзяць у жыццё фактычную здачу яго ў залежнасць ад суседняй чужой дзяржавы пад маркай так званай эканамічнай інтэграцыі. Як юрыдычная форма дзяржава павінна быць напоўнена адпаведным соцыякультурным духоўным зместам, каб гэтая форма стала рэальнасцю, а такім зместам якраз і з’яўляецца нацыянальная культура з яе іерархічнай сістэмай ідэалаў. Азначаную сістэму ідэалаў у яе сукупнасці можна было б назваць беларускай ідэяй, бо менавіта на ўзроўні нацыянальных нормаў якраз і факусіруюцца ўсе астатнія грамадскія нормы і ідэалы як у своеасаблівым цэнтры мас асноўных каштоўнасцей сацыяльнага жыцця.



Гэта асабліва актуальна ў сучасны момант, бо на цэлым свеце адбываецца нястрымны працэс распаду каланіяльных імперый і негантрапійнага ўзнікнення менавіта нацыянальных дзяржаў, якому ўжо ў энтрапійным аспекце імкнуцца супрацьстаяць адваротныя тэндэнцыі глабалізму. Азначаны працэс паўторна (першы раз гэта здарылася, як мы ўжо ведаем, у эпоху Рэнэсансу) распачаўся яшчэ з распадам Арабскіх халіфатаў і Атаманскай Порты і працягваўся на працягу ўсяго ХХ стагоддзя ў ходзе паступовага знікнення з карты свету Аўстра-Венгерскай, Брытанскай, Французскай і іншых каланіяльных імперый. Гэткі ж нядобры лёс спасцігнуў і Расійскую імперыю, фактычны распад якой пачаўся яшчэ ў час рэвалюцыі 1917 года, што тады ўжо мела не столькі класавы, колькі нацыянальна-вызвольны характар182. Стварэнне Савецкага Саюза было па сутнасці спробай адтэрмінаваць гэты няўхільны працэс і штучна адрадзіць мінулую Расійскую імперыю хоць бы пад лозунгамі сацыялізму і пралетарскага інтэрнацыяналізму. Таго самага інтэрнацыяналізму, ідэя якога пацярпела фактычны крах яшчэ ў часы першай сусветнай вайны, калі рабочыя разыйшліся, як тады гаварылі, па сваіх нацыянальных кватэрах і нават самі сацыялісты галасавалі за ваенныя крэдыты сваіх дзяржаў. Менавіта з-за арыентацыі на нацыянальную ідэю нямецкія рабочыя тады і прагаласавалі за Гітлера, які пазней страшэнна сказіў і скампраметаваў гэтую ідэю, трактуючы яе ў адкрыта сацыял-дарвінісцкім, расісцкім сэнсе. Таму і працэс стварэння Саюза адбываўся выключна штучнымі, крывава-сілавымі метадамі, а для ЧК-ДПУ-НКУС-МДБ-КДБ галоўным ворагам заўсёды заставаўся так званы буржуазны нацыяналізм. Цяперашні распад Расійскай імперыі з’яўляецца ўсяго толькі працягам таго даўняга працэсу, і пасля ганебнага краху камуністычнай ідэалогіі ніякія лозунгі накшталт пратухлага панславізму a la Данілеўскі або ўвараўскай формулы “православия, самодержавия и народности” справе ўжо дапамагчы сёння ніяк не могуць. Як не дапаможа і адносна больш новая, актыўна прапагандаваная зараз у Расіі еўразійская ідэалогія, адкрыта арыентаваная на чынгісханаўскі таталітарызм, што дэманстраваў сваё “чынгісханства”, пачынаючы з Івана Грознага і канчаючы сённяшняй ганебна-авантурнай чачэнскай вайной. Зрэшты, у гэтым традыцыйна-расійскім імперскім шавінізме ўсё больш і больш актыўную ролю пачынае іграць і чыста фашысцкі рух пад адкрыта фашысцкай жа ідэалогіяй і сімволікай у асобе так званага Рускага нацыянальнага адзінства (РНЕ). Нездарма выдатная расійская пісьменніца Таццяна Талстая піша, што сучасны рускі нацыяналізм “пахнет отчетливо и безошибочно фашизмом”. Калі пачытаць, напрыклад, гітлераўскі опус “Mein Kampf”, дык проста ўражвае падабенства сённяшніх Расіі і Беларусі да Аўстра-Венгрыі і Германіі 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Гэткая ж пруская настальгія па загубленай Версальскай дамовай колішняй германскай велічы, гэткае ж жаданне багатых аўстрыйскіх немцаў далучыцца да Германіі на базе агульнага ўз’яднання германскіх плямёнаў, такая ж нянавісць да яўрэйскага фінансавага капіталу ў асобе вядомай дынастыі Ротшыльдаў, што бессаромна нажывалася на няшчасцях эканомікі Веймарскай рэспублікі і г.д. і да т.п. Такое безумоўна не можа не выклікаць адпаведнай рэакцыі ў выглядзе ўзнікнення і распаўсюджання сацыяльнага руху, злавеснавядомага як нацыянал-сацыялізм (фашыстамі на італьянскі манер нямецкія нацыянал-сацыялісты ніколі сябе не называлі!). Зрэшты, нешта падобнае ўжо існуе ў форме так званага расійскага нацыянал-бальшавізму, узначаленага скандальна вядомым пісьменнікам Эдуардам Лімонавым, ды і амаль штодзённа, як сведчыць тэлебачанне, у Расійскай Федэрацыі ўспыхваюць і промні адкрыта фашысцкіх рухаў пад злавесна знаёмай усім нам свастыкай.

Праўда, з другога боку, у шматнацыянальных умовах ўсё гэта садзейнічае пашырэнню і нацыянальна-вызвольнай ідэалогіі з адпаведнымі ёй грамадскімі рухамі сярод народаў Расійскай Федэрацыі, як мы бачым гэта не толькі на Каўказе, але і ў Татарстане, і ў Башкірыі і нават у далёкай Якуціі. Цесна пераплятаючыся з сацыяльна-класавымі супярэчнасцямі, якія таксама гранічна абвастрыліся з прыходам да ўлады фантастычна разбагацелай мафіёзна-кампрадорскай алігархіі часта і тут нярускага паходжання (успомнім тут зноў Беразоўскага, Гусінскага і Абрамовіча!) і лавінным нарастаннем галечы сярод шырокіх пластоў рускага народа, усё гэта з вялікай верагоднасцю можа прывесці да ўзнікнення неафашызму, а то і наогул да выбуху грамадзянскай вайны. Тыпу таго, што адносна нядаўна адбылася ў Югаславіі і Албаніі разам узятых, толькі ў куды больш гіганцкіх і злавесных па сваіх памерах наступствах, асабліва злавесных, калі ўспомніць ступень ракетна-ядзернай узброенасці і маральна-духоўны ўзровень сучаснай Расіі.

Можна з вялікай верагоднасцю сцвярджаць, што распады такіх вялікіх сацыяльных утварэнняў, як імперыі, ужо з часоў Аляксандра Македонскага адбываліся з-за таго, што гублялася стварыўшая іх ідэя, а значыць, і ідэал як сэнсавы змест, дух пэўнай агульнай сацыяльнай структуры. Антычныя імперыі эліністычных і познерымскіх часоў увогуле трымаліся фактычна на сілавых структурах, г. зн. на структурах, якія не ўваходзілі ў якасці пэўных падструктур у яшчэ больш шырокія структуры, як, напрыклад, соцыумы, абъяднаныя нейкай вельмі агульнай і шырокай ідэяй або ідэяй чалавецтва ўвогуле. Часта падобную ролю адыгрывала тады даволі цьмяная яшчэ ідэя цывілізаванасці адносна варварства, што можна было назіраць, напрыклад, у Грэцыі нават яшчэ ў класічныя яе часы. Так, у Еўрыпідавай “Медэі” цар Ясон, падкрэсліваючы сваю цывілізаванасць у параўнанні з правінцыяльнай радзімай Медэі, горда заяўляе: у вас пануе сіла, а ў нас – закон. Але і ў аснове гэтага закону ляжала ўсё такі матэрыяльная сіла, а не нейкая яшчэ больш агульная, маральная, напрыклад, ідэя, што і прывяло эліністычную, а пазней і рымскую імперыі да заканамернага і няўхільнага іх распаду. Адной толькі сілай нельга было ўжо трымаць пад сваёй пятой пакароныя народы і этнасы, у якіх нараджалася і пастаянна мацнела у працэсе супраціўлення прыгнёту свая ўласная этнічная самасвядомасць, фармавалася этнічная, а за ёй у будучым і нацыянальная ідэя. Пра гэта сёння цікава піша, напрыклад, нямецкі даследчык Курт Хюбнер. Увогуле як эліністычная, так і рымская імперыі ўзніклі на зыходнай фазе развіцця, якую Сарокін справядліва акрэсліваў як сенсорную, бо ў культуры яе панаваў ужо не розум, а амаль што жывёльная пачуццёвасць. І імперыі гэтыя заканамерна прымалі форму так званых малодшых тыраній, калі ўжо ніякай аб’яднальнай ідэі не было і дзейнічаў толькі фактар матэрыяльнай сілы, што і абумовіла сабой іх няўхільны распад. Сіла ж як матэрыяльны фактар ёсць заўсёды праява эмпедоклавай Нянавісці і таму мае толькі цэнтрабежна-разбуральны, энтрапійны характар.

Феадальныя еўрапейскія імперыі, як, напрыклад, імперыя Карла Вялікага, наадварот, узнікалі на ўзыходнай, ідэяцыянальнай, паводле Сарокіна, фазе развіцця, і ў аснове іх ляжала ўжо ідэя хрысціянства, якая валодала дастаткова магутнай духоўна-яднальнай сілай. Але і яна, будучы звязанай толькі з адной, абмежаванай у часе фазай развіцця, не магла надоўга заставацца ў такой аб’ядноўчай ролі перад фактам ужо ўзнікаўшых на базе этнасаў і нацыянальных ідэй і аб’яднанняў. Пра гэта выразна сведчыць, напрыклад, працяглая барацьба паміж так званымі папацэзарызмам і цэзарапапізмам, барацьба паміж папамі і імператарамі за свецкую ўладу, якая скончылася к часам Рэфармацыі і Адраджэння поўнай перамогай нацыянальнай ідэі і стварэннем сучасных еўрапейскіх нацыянальных дзяржаў. Нездарма ж Дантэ пачаў пісаць па-італьянску, Лютэр пераклаў Біблію на нямецкую мову, а наш Францішак Скарына – на мову беларускую і ўсе менавіта ў той перыяд. Барацьба тая цягнулася вельмі працяглы час і, напрыклад, у выпадку Аўстра-Венгрыі закончылася толькі ў пачатку ХХ стагоддзя распадам і гэтай імперыі. Падобны ў прынцыпе лёс з тымі ж характэрнымі асаблівасцямі напаткаў і мусульмана-арабскую імперыю Амеядаў-Абасідаў і турэцкую Атаманскую Порту, пра што пераканаўча піша славуты англічанін А. Тойнбі.

Гісторыя Расійскай імперыі, нягледзячы на, здавалася б, дастаткова адметную спецыфіку, развівалася згодна з тымі ж па сутнасці законамі. Так званая Кіеўская Русь можа быць пастаўлена ў адпаведнасць з памянёнымі вышэй старэйшымі тыраніямі, якія ўзнікалі на ўзыходнай фазе развіцця, як тая ж імперыя Карла Вялікага (нездарма ж так стылістычна падобны паміж сабой “Слова аб палку Ігаравым” і славутая “Песня пра Раланда”, што адзначалі некалі расійскія літаратуразнаўцы). Аб’ядноўчую ролю тут адыгрывала як нядаўна прынесенае з Візантыі хрысціянства, так і супраціўленне пастаянным набегам качэўнікаў з боку вялікага ўсходняга стэпу, як называў яго Л. Гумілёў. Праўда, і само хрысціянства было прынесена сюды Уладзімірам з Візантыі, а не выпакутавана і народжана самастойна, як гэта адбывалася ў Заходняй Еўропе. І ўводзілася часам, як у тагачасным Ноўгарадзе, жалезам і агнём. Але ролю духоўна-аб’яднаўчага ідэалу для Кіеўскай Русі яно ўсё такі пэўным чынам адыграла, хоць і пазней дапаўнялася часам няшчаднай сілай, калі ўспомніць гісторыю. Так што нейкага асаблівага адзінства і тым больш адзінадушша там не было ўжо з самага пачатку. Таму і Кіеўская Русь як імперыя таксама хутка распалася, нягледзячы на тое, што пазнейшыя расійскія гісторыкі, як і гісторыкі савецкія, усяляк ідэалізавалі яе, каб абгрунтаваць і апраўдаць традыцыйную расійскую імперскасць і існаванне імперыі савецкай. А сёння каб адрадзіць зусім ужо міф аб агульнаславянскай еднасці і выкарыстаць яго ў цяперашняй бруднай палітычнай камбінаторыцы.

Характэрна, што наступная, паслякіеўская эпоха таксама трактавалася афіцыйнай навукай фальшыва, менавіта як перыяд феадальнай раздробленасці, г. зн. як нейкі, быццам бы сацыяльна-эканамічны ўпадак, у той час як згодна і тэорыі і канкрэтна-гістарычным фактам яе трэба характарызаваць, наадварот, як росквіт. Паводле прынятай тут канцэпцыі развіцця ўслед за ідэяцыянальнай фазай заўсёды ідзе фаза інтэгральная, на якой ідэальнае і матэрыяльнае ўжо прыходзяць у пэўнае адзінства, што і ляжыць звычайна ў аснове сацыяльна-культурнага росквіту грамадства. Гэта пацвярджаецца і канкрэтна-эмпірычнай гісторыяй, згодна якой менавіта ў гэтыя часы паасобныя княствы сапраўды перажываюць агульны сацыяльна-культурны пад’ём, а ў Ноўгарадзе дык развіваецца нават своеасаблівая дэмакратыя ў выглядзе баярскай рэспублікі з цікавай і багатай культурай. І такія яе знаўцы, як, напрыклад, акадэмікі Дз. С. Ліхачоў і М. В. Алпатаў характарызуюць наўгародскі перыяд як своеасаблівы “Предренессанс”, а некаторыя сучаснікі спрабавалі параўноўваць Ноўгарад ледзь не з самімі Афінамі. Параўнанне далёка не бессэнсоўнае, бо сапраўды пэўная аналогія з еўрапейскім Адраджэннем увогуле тут была. Нездарма ж менавіта ў часы Адраджэння пачынаюць утварацца еўрапейскія нацыі, гэтак жа як і на тэрыторыі былой Кіеўскай Русі ўзнікаюць нацыі руская, украінская і беларуская.

Азначаны перыяд, аднак, хутка скончыўся, і імкліва наступіла фаза заключная, нізыходная, для якой характэрныя ўжо рысы, знаёмыя нам яшчэ з часоў антычных малодшых тыраній. Наўгародская рэспубліка топіцца Іванам ІІІ і Іванам ІV Грозным у крыві, і на гістарычным гарызонце Маскоўскага княства ўзыходзіць злавесна-чорны сілуэт візантыйскага двухгаловага арла. Масковія пачынае аб’яднанне будучай Расійскай імперыі спачатку эканамічнымі метадамі (славуты Іван Каліта), а пасля ўжо і чыста матэрыяльнымі сродкамі бязлітаснага сілавога прымусу. Заваёўваецца Казань, а за ёю і астатняя Сібір, паступова падпарадкоўваюцца Маскве Каўказскі і Сярэднеазіяцкі тэрытарыяльныя рэгіёны. Распачынаецца актыўная ваенная агрэсія і ў заходнім кірунку на Вялікае Княства Літоўскае, якое к гэтым часам якраз перажывала свой сацыяльна-культурны росквіт. Агрэсія, якая працягвалася не адну сотню год і пасля якой часам заставалася жывой толькі палова (!) беларуска-літоўскага насельніцтва.

Цікава, што і тут не абыйшлося, аднак, без традыцыйнай фальсіфікацыі. Расійская, а за ёю і савецкая афіцыйная гісторыяграфія тлумачыла і апраўдвала звычайна маскоўскую тыранію з часоў Івана Грознага як вынік неабходнасці супрацьстаяння так званаму татара-мангольскаму панаванню, што быццам бы выратавала і Еўропу ад татарскага нашэсця. Але, як паказалі гістарычныя распрацоўкі М. С. Трубяцкога і Л. М. Гумілёва, ніякага панавання, па сутнасці, і не было. Пасля сапраўды крывавага захопу татарамі Масковія сумесна з прылягаўшымі да яе ўсходнерускімі княствамі хутка ператварылася ў звычайны ўлус чынгісханавай Залатой арды і паслухмяна плаціла не такі ўжо цяжкі падатак-ясак (татары не ўмешваліся нават у яе рэлігійнае жыццё). Маскоўскія князі, як, напрыклад, праслаўлены расійскімі гісторыкамі Аляксандр Неўскі, ездзілі ў Арду на паклон, а то і радніліся з тамашнімі ханамі, як спяваецца ў оперы “Князь Ігар” Барадзіна. А калі Залатая Арда стала ўжо хіліцца да ўпадку, дык Масква пачала нават канкурэнтную барацьбу з Караван-сараем за вядучую ролю ў Ардзе, вынікам чаго з’явіліся вядомыя карніцкія паходы Тахтамыша на Маскву. Ды і праславутая Кулікоўская бітва з Мамаем была з’явай таго ж парадку. Так што калі хто і засланіў сабой Еўропу ад татар, дык гэта была не Масковія, а Вялікае Княства Літоўскае, аб тагачасную магутнасць якога пастаянна разбіваліся жахлівыя хвалі непераможнай датуль татарскай конніцы. Той самай конніцы, што пад камандваннем Субудая, згодна летапісу, ніколі не знала паразы і секла людзей як траву.

Становіцца гэтак жа зразумелай і таталітарысцкая ідэалогія Маскоўскага княства. Калі праваслаўе, прынесенае з Візантыі, таксама перажываўшай тады ўжо ўпадак, асэнсавалася ў ідэалогію Масквы як трэцяга Рыму (з характэрна зласлівым філафееўскім дадаткам: “а четвертому не бывать!”) з усімі выцякаўшымі адсюль наступствамі, то палітычная яе ідэалогія цалкам базіравалася на “ідэалах” бязлітаснага таталітарызму, адкрыта запазычанага ў сутрасальніка свету Чынгіс-хана. Гэта стала, на жаль, суправаджаць і далейшую расійскую гісторыю, стаўшы не толькі асновай дзяржаўнай палітыкі, але ўеўшыся ўжо і ў ментальнасць самога рускага народа. Нездарма сёння назіраюцца ўпартыя спробы адрадзіць і пакласці ў аснову сучаснай расійскай палітыкі тыя самыя ідэі ў форме так званага еўразійства, адным з зачынальнікам якога быў і памянёны вышэй М. С. Трубяцкой.

Натуральна, што кіеўска-маскоўскі перыяд гісторыі закончыўся самым тыповым упадкам, што асабліва выразна праявілася, напрыклад, у эстэтычных ідэалах, у іх перараджэнні з трагічнага ў камічнае, і нават нізкае. Калі ў ідэалах Кіеўскай Русі панавала трагічная ўзнёсласць, з такой сілай выражаная хоць бы ў тым жа “Слове аб палку Ігаравым”, то ўжо ў аповесцях пра бражніка або пра Фрола Скабеева выразна выступае цынічна-насмешлівы скептыцызм і індывідуалізм як характэрная рыса своеасаблівага маскоўскага fin du siecle, канца эпохі. Тое ж самае бачыцца і ў какетліва-вычурнай архітэктуры нарышкінскага барока, якая змяніла сабой строга ўзнёслую стылістыку храмавай архітэктуры ХІ–ХІІ стагоддзяў, і ў развясёлай музычна-тэатральнай культуры разбэшчаных скамарохаў, як тое рызыкнуў паказаць некалі А.Таркоўскі ў кінафільме “Андрэй Рублёў”. Ужо тады можна было бачыць, дарэчы, і тое, як дыктатура разлагае, дэмаралізуе і абездухоўлівае народ, аб чым красамоўна сведчаць тыя ж самыя вобразы п’яніцы-бражніка, прахіндзея Ярша Яршовіча і распуснага цыніка Фрола Скабеева.

Наступны перыяд гісторыі Расіі, звязаны з імем Пятра, таксама дастаткова характэрны для гэтага грамадства на новым вітку яго гісторыі. Хоць і ён прэтэндаваў на пэўную ўзнёсласць ідэалаў, але здзяйсняліся яны самым бязлітасным матэрыяльным прымусам, увайшоўшым ужо ледзь не ў прымаўкі, калі ўспомніць адсячэнне барод і ўласнаручны царскі мардабой. Падабаецца ён таму і сённяшнім расійскім эксбальшавікам. Бязбожна цынічныя асабістыя якасці Пятра цалкам адпавядалі і праводжанай ім палітыцы. Нездарма ж Меражкоўскі параўноўваў яго з д”яблам. Хоць і накіравана яна была на выхад з баярска-прыгоннага застою і адраджэнне гаспадаркі Расіі, але сродкі, якімі рэалізоўваў Пётр свае ідэалы, былі зусім не ідэальнымі як ва ўнутраным, так і ў знешнім плане. Герцэн справядліва характарызаваў яго як рэвалюцыянера-тэрарыста на троне, гэта значыць, як заснавальніка дзяржаўнага тэрарызму. Варта ўспомніць толькі, што рабілася ім хоць бы на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, дзе ў час вайны выпальваліся разам з насельніцтвам цэлыя гарады, як гэта было з няшчасным Магілёвам. Аднабаковасць і матэрыяльная прыземленасць яго ідэалаў выразна праявілася, напрыклад, у мастацкай культуры ў форме класіцызму, які, нягледзячы на асабістую таленавітасць Ламаносава і Дзяржавіна, пры ўсёй сваёй знешняй пампезнасці быў, згодна пушкінскай характарыстыцы, даволі “худосочным” і чымсьці нагадвае нам сёння нядаўні сацрэалізм.

Характэрна, што за гэтым, так бы мовіць, псеўдаідэяцыянальным, па Сарокіну, перыядам амаль што не назіраецца наступленне перыяду інтэгральнага, адпаведнага веку Перыкла. Нягледзячы на ўзнікненне жадання гарманічнасці і яўную арыентацыю на катэгорыю прыгожага, што мы бачым у Пушкіна, Глінкі і Брулова, па стылі вельмі падобных адзін да аднаго, яно засталося толькі жаданнем і надзеямі, здзейсніць якія, праўда, спрабавалі было дзекабрысты. Аднак пасля кароткага, хоць і яркага соцыякультурнага ўсплёску, звязанага з імёнамі гэтай плеяды, далейшы ход расійскай гісторыі пасля Гогаля імкліва кіруецца ўжо ўніз як у мастацкай стылістыцы, так і ў палітыка-гаспадарчым жыцці. Ды і ў ідэалах дзекабрыстаў не існавала дакладна ўсвядомленага імкнення да дэмакратычнай гармоніі, што выразна адчуваецца, напрыклад, у пестэлеўскім праекце канстытуцыі, асабліва там, дзе размова ідзе пра нацыянальную палітыку будучай Расійскай імперыі з яе няшчаднымі ўстаноўкамі на падаўленне нярускіх народаў. Сістэма дзяржаўных ідэалаў у выглядзе ўвараўскіх “самодержавия, православия і народности” выраджаецца пазней у зусім ужо пустыя славесныя формулы, зноў жа нагадваючыя пазнейшыя савецкія лозунгі пра партыю як “ум, честь и совесть народа”, а рэальнае жыццё ўсё больш і больш пачынае кіравацца толькі матэрыяльнымі імпульсамі і інтарэсамі, так выдатна апісанымі Гогалем і Астроўскім. Адначасова расце глыбінная нездаволенасць такім жыццём і пачынаецца пошук новых ідэалаў. Гэты пошук, аднак, абмяжоўваецца пераважна сферай матэрыялістычнай філасофіі, якая адразу ж прапаноўвала сродкі для рэалізацыі гэтых ідэалаў і сродкі зноў такі чыста матэрыялістычныя з устаноўкай толькі на сілу і прымус. Адсюль адчайна-гераічны тэрарызм нарадавольцаў, а за ім і злавесныя мары аб сусветнай дыктатуры пралетарыяту ў запазычаным Пляханавым з Захаду марксізме. Узнікшая ж тады рэлігійная руская філасофія аказалася на ўзбоччы гістарычнай дарогі (пазней прадстаўнікі яе зусім ужо былі бальшавікамі загружаны на параход і выкінуты за мяжу). Справа няўхільна шла да жорстка-сілавога рэвалюцыйнага ўзрыву, які і грымнуў у 1917 годзе.

Громам гэтага ўзрыву была канчаткова, здавалася б, разбурана шматвяковая Расійская імперыя з яе ідэаламі трэцяга Рыму і яе сацыяльным ладам. Лютаўская рэвалюцыя (пра кастрычнік самі бальшавікі гаварылі як толькі пра пераварот) была сапраўды рэвалюцыяй, а не вынікам нейкай там нядобрай жыда-масонскай змовы, якой, зрэшты, некаторыя заходнееўрапейскія гісторыкі спрабавалі некалі тлумачыць нават Вялікую Французскую рэвалюцыю. Але яна была рэвалюцыяй не толькі класавай, як сцвярджалі марксісты-ленінцы, але і рэвалюцыяй нацыянальна-вызвольнай, пра што яны лічылі пазней за лепшае маўчаць, хоць і шмат гаварылася спачатку аб праве нацый на самавызначэнне і была нават прынята Дэкларацыя правоў народаў Расіі, тэкст якой таксама старанна замоўчваўся пазней. Сапраўды ледзь не літаральна назаўтра пасля рэвалюцыі з-пад імперскага боту Расіі вырваліся на свабоду амаль што ўсе ўваходзіўшыя ў яе склад народы і народнасці: фіны, палякі, каўказцы і жыхары сярэдне-азіяцкага рэгіёна. Нават некаторая частка рускай супольнасці спрабавала ўтварыць незалежныя ад маскоўскага цэнтру Сібірскую і Далёкаўсходнюю рэспублікі183. Гэта быў сапраўдны катастрафічны распад імперыі. Але і тут зноў сваю нядобрую ролю адыграла сістэма марксісцкіх ідэалаў, збудаваная на выключна матэрыялістычным марксісцкім жа светапоглядзе з яго так званым пралетарскім інтэрнацыяналізмам і рэзка адмоўным стаўленнем да нацыянальнага пытання. Прэтэндуючы, як, зрэшты, і належала б сапраўдным ідэалам, на стваральна-арганізуючую ролю ў жыцці грамадства, яны на справе парадаксальным чынам ператварыліся з мэты вызвалення грамадства ў сродак удушэння нацыянальна-вызвольных імкненняў у гэтым грамадстве, у своеасаблівы інструмент адраджэння ўсё той жа імперыі, хоць і пад маркай Савецкага Саюза як, быццам бы, інтэрнацыянальнай сацыялістычнай дзяржавы.

Тым не менш, трэба прызнаць, у пачатку ідэалы тыя дзейнічалі і дзейнічалі ў належным ідэалам кірунку, спарадзіўшы ў малодшай частцы насельніцтва пэўную веру ў іх і агульны наіўна-рамантычны настрой, што даволі выразна праявілася, напрыклад, у савецкім мастацтве. Там былі створаны вялікія і, трэба прызнаць, у многім несправядліва заніжаныя сёння эстэтычныя каштоўнасці. Вялікія, дзякуючы яшчэ і асабістай таленавітасці, напрыклад, Маякоўскага, Шастаковіча, братоў Васільевых, Эйзенштэйна і інш. Аднак далейшы іх лёс агульнавядомы. Звыродлівая аднабаковасць гэтых ідэалаў стварыла такую ж звыродліва-аднабаковую рэальнасць, што найбольш характэрна праявілася ў агульнасавецкай культуры. Найбольш значныя вынікі, нават з пэўнай і таксама аднабаковай гіпертрафіяй, былі дасягнуты тут у матэрыяльнай культуры ў працэсе стварэння і развіцця цяжкай прамысловасці як базы таго, што Эйзенхаўэр назваў пазней ваенна-прамысловым комплексам. Пэўныя і, трэба прызнаць, немалыя дасягненні, як толькі што сказана, былі ў мастацтве. Навукі таксама развіваліся, але пераважна ўжо толькі ў прыродазнаўча-тэхнічным сектары і пераважна ў тэхніцы ваеннай. У гуманітарных навуках ўжо з самага пачатку назіралася значная застойнасць. Зусім мяртвяцкі стан панаваў у філасофіі. І, нарэшце, рэлігія як духоўная і цалкам самастойная вяршыня любой нармальнай, сацыяльна здаровай культуры, яе, па сутнасці, інтымная душа, была камуністамі ўвогуле знішчана на карані. Тыповая карціна для фазы ўпадку, калі матэрыяльнае поўнасцю пераважае над ідэальным. Так што ўжо з самага пачатку савецкае грамадства было асуджана на хуткую і няўхільную дэградацыю, якая і пачала здзяйсняцца ўжо ледзьве не з канца 20-х гадоў.

Праведзеная М. С. Гарбачовым перабудова была толькі адчайным актам расчысткі шляху для яшчэ больш паскоранага саслізгвання ўніз, у злавесную прорву сённяшнега расійскага крызісу. Так званая перабудова зусім не была, па сутнасці, пераходам да чагосьці прынцыпова новага, пазітыўнага, як не быў сацыялізмам і грамадскі лад, што так пакутліва стараўся ўтварыцца перад гэтым на тэрыторыі СССР. Яна была заканамернай чарговай фазай таго, што можна было б ужо з самага пачатку назваць па марксісцкай традыцыі дзяржаўным капіталізмам, а дакладней, імперыялізмам, які развіваўся толькі пад прыкрыццём псеўдасацыялістычных ідэалаў, ператвораных камуністамі ў чыста знешнія, прапагандысцкія лозунгі. Ужо Мілаванам Джыласам было заўважана, што савецкае грамадства пачынае ператварацца ў такі капіталізм, а стаяўшыя на чале гэтага грамадства камуністы – у новы, капіталістычны ж клас, зноў такі амаль па Марксу. Паступова ім самім станавілася цесна ў рамках таго псеўдасацыялізму і надакучыла хаваць свае незаробленыя і незаслужаныя дадатковыя вартасці пад маркай спецпакетаў, лечкамісій, шыкоўных, але дзяржаўных усё ж такі дач і іншага віду прывілеяў. А найбольш хітрыя і спрытныя з іх паспрабавалі ўжо зусім адкінуць у бок тыя недарэчныя квазісацыялістычныя фігавыя лісткі і стаць перад скамянеўшай ад нечаканасці гісторыяй у сваім натуральным, голакасматым выглядзе. Такімі, якімі яны і назіраюцца ў Расіі сёння ў выглядзе цалкам узаконеных бездухоўных, бязлітасных і бессаромных алігархаў. Ужо напярэдадні рэвалюцыі 1917 года Меражкоўскі па-прароцку папярэджваў аб набліжэнні “грядущего хама”, які ўжо з самага пачатку стаў выразна выглядваць з-пад маскі партнаменклатурнага “барацьбіта за камуністычную ідэю”. Сёння мы бачым яго ўжо ва ўсёй агіднай красе “барацьбіта за грашовыя знакі” ў асобе так званых новых рускіх з іх цынізмам, прадажнасцю, жорсткасцю і распустай. Вось яшчэ адзін красамоўны прыклад таго, як вымашчаная добрымі намерамі дарога прыводзіць зусім не туды. Наіўныя расійскія рэфарматары тыпу Гайдара думалі, што пры рынкавым тыпе жыцця адразу наступіць рай. На справе ж зноў аказалася пекла. Яны са сваёй чорна-белай прасцецкай логікай аказаліся ў стане няўмелых артылерыстаў, якія трапляюць то ў недалёт то ў пералёт, у той час як цэль знаходзіцца толькі пасярэдзіне. Гэтак жа павінен “страляць” і ўмелы палітык, што як філосаф кіруецца заўсёды дыялектыкай, для якой ісціна таксама знаходзіцца заўсёды пасярэдзіне.

Расійская імперыя, аднак, нягледзячы на шалёную актыўнасць паасобных прыхільнікаў яе, ужо не ўваскрэсне ў сваім традыцыйна таталітарным стане. Пра гэта нам цвердзіць і заслугоўваючая даверу тэорыя і дастаткова ж багатая практыка, што было выразна паказана чачэнскай вайной. І адзінай магчымасцю адраджэння рускага грамадства застаецца толькі рашучы паварот у бок сапраўдных духоўных ідэалаў, аб’яднаных агульнай нацыянальнай ідэяй і суправаджаных сапраўдным хрысціянскім пакаяннем з глыбокай духоўнай перабудовай самога рускага народа. Перабудовай перш за ўсё ў бок поўнай адмовы ад месіянскай ідэі народа-баганосца і ўзрошчанай на ёй ганарлівай ваяўніча-імперскай ментальнасці. Вельмі ўжо завінаваціўся гэты “боганосец” перад Госпадам Богам, амаль што дагнаўшы ў гэтым сэнсе гэтак жа ўяўна “богаабраны” яўрэйскі народ184, так страшна і неаднойчы ўжо караны Богам за гэта ў сваёй старажытнай і новай гісторыі. Вось адкуль трэба было пачынаць сумнавядомую гарбачоўскую перабудову! Нешта падобнае, напрыклад, зрабілі немцы пасля трагедыі другой сусветнай вайны, арганізаваўшы шырокі грамадскі рух за маральнае пераўзбраенне нямецкага народу, як выдатна піша адзін з яго арганізатараў Зігфрыд Эрнст. Дарэчы, менавіта яна, руская нацыянальная ідэя ў здаровай яе разнавіднасці, выратавала Расію ад канчатковага краху ў вайне з гітлераўскай Германіяй, што разумеў ужо і Сталін, карыстаючыся ёю у сваёй прапагандзе ваенных часоў. Праўда, адразу ж пасля вайны ён перамяніў свае адносіны да гэтай ідэі, падняўшы свой вядомы цынічна-здзеклівы тост за цярплівасць рускага народу і зноў падштурхоўваючы яго на ранейшы месіянска-шавіністычны шлях.

Трэба падкрэсліць, аднак, што без такой перабудовы і прынцыповага пераасэнсавання рускай ідэі, як сведчыць і ранейшая гісторыя гэтага паняцця і сённяшнія злавесныя дэманстрацыі эрэнэшнікаў і баркашоўцаў, небяспечнае перараджэнне яе ў чыста фашысцкі ідэал застаецца і сёння вельмі і вельмі верагодным. Такое перараджэнне ўяўляецца рэальна магчымым, асабліва калі ўспомніць, напрыклад, стан колішняй таксама шматнацыянальнай Аўстра-Венгерскай імперыі перад яе распадам ў перыяд першай сусветнай вайны і пазіцыю аўстрыйскіх немцаў, з якіх паходзіў небезвядомы Адольф Гітлер. Гітлер і ўзняў менавіта лозунг далучэння Аўстрыі да прускай Германіі на базе першапачатковага адзінства германскіх народаў. Кідаецца ў вочы, як ужо гаварылася вышэй, ашаламляльная аналогія і з сучаснай сітуацыяй на Беларусі, калі зноў такі ўважліва ўчытацца ў яго праславутую споведзь-праграму “Mein Kampf” і калі ўспомніць неаднаразовыя заявы кіраўнікоў Беларусі аб неабходнасці аб’яднання з “брацкай” Расіяй на базе так званага агульнаславянскага адзінства. Гэта аналогія становіцца яшчэ больш відавочнай, калі ўвогуле параўнаць Расію з Германіяй перыяду Веймарскай рэспублікі. Германія, быўшая некалі таксама вялікай і магутнай бісмаркаўскай Прусіяй, як і сённяшняя Расія, адчувала сябе прыніжанай і пакрыўджанай Версальскай дамовай, што шматразова яшчэ ўзмацнялася страшэнным эканамічным крызісам, у якім бессаромна скалочвалі сабе мільярдныя скарбы розныя Ротшыльды і ім падобныя, якія ўзбудзілі сярод немцаў і нечувана абвостраны антысемітызм. Расійская дзяржава, як і насяляючы яе народ, павінна поўнасцю пазбавіцца імперскага шавінізму і, глыбока пакаяўшыся, стаць дзяржавай не толькі прававой (фармальна прававой дзяржавай была і тая ж гітлераўская Германія!), але і маральнай, адпавядаючай вядомаму ўжо гегелеўскаму азначэнню дзяржавы як рэальнасці маральнай ідэі, як улады ад Бога.

Ніякага, аднак, ні пакаяння, ні маральнага пераўзбраення народу, як у немцаў, у Расіі, на жаль, не адбылося. Засталіся тыя ж самыя кадры кіраўнікоў з былой партыйнай наменклатуры, па шыю запэцканыя мінулымі грахамі, асабліва на перыферыі. Засталіся нават прадстаўнікі эліты КДБ, рукі якіх па локаць у крыві невінаватых людзей і якія да гэтага часу з дурнавата прасцецкім гонарам называюць сябе чэкістамі185. А сёння дык яны лезуць ужо і ў прэзідэнты. Калі не самі яны, дык іх прафесійныя і духоўныя нашчадкі, якія і зараз у гаротнай Рассіі знаходзяцца пры ўладзе, будучы абранымі туды тым жа самым расійскім народам. І ніхто з іх, гэтых былых кадэбістаў, ні прэзідэнт Пуцін, ні прэм’ер міністр Фрадкоў, ні намеснік прэм’ера Іваноў, дэманстратыўна не з’явіліся, напрыклад, ў якасці афіцыйных асоб на нядаўняе адкрыццё ў Маскве на Бутавым полі Крыжа пакаяння ў памяць дзесяткаў тысяч расстраляных там тымі ж чэкістамі бязвінных людзей, на што з горыччу звярнуў увагу нават вядучы расійскіх тэленавін. Ды і ўвогуле пастаянныя кіданні расійскай палітычнай эліты з крайнасці ў крайнасць па-ранейшаму сведчаць пра ўсё тую ж ментальнасць і ў дэмакратаў (“коль рубнуть, так уж сплеча”). Вядомы катастрафічны крызіс канца 1998 года з’явіўся вынікам здзяйснення такога прынцыпу. З крайне цэнтралізаванай камандна-адміністратыўнай сістэмы гэтак жа “крута” рынуліся ў крайнасць рыначнага капіталізму фрыдманісцкага толку, які ў той жа момант перарадзіўся ў бессаромны мафіёзна-алігархічны капіталізм, на базе чаго побач з непрыемным агульным падабенствам да Германіі 20–30-х гадоў у Расіі імкліва нарастае і вельмі небяспечны для расійскай імперскай дзяржаўнасці расізм чыстакарычневага фашысцкага колеру з уласцівым яму антысемітызмам і ксеналасіяй зусім ужо не традыцыйна бытавога характару. З другога боку, там у сваю чаргу зараз актывізуюцца камуністы з тым, каб гэтак жа крута вярнуць усё ў мілы іх сэрцу мінулы камандна-адміністратыўны чырвонасцяжны стан. Бесканечнае шараханне з боку ў бок з’яўляецца проста такі нейкім пракляццем для расійскага соцыуму. Вельмі злавесным пацверджаннем гэтаму з’яўляецца і цяперашні чарговы віток той жа злачынна-неразумнай каўказскай вайны, якая яшчэ з талстоўскіх часоў ляжыць на расійскай гісторыі ганебным кляймом.

Мы знарок так доўга гаварылі пра гісторыю расійскага грамадства і яго ідэалаў таму, што з ёй на працягу доўгіх вякоў і аж да гэтага часу была звязана і гісторыя беларускай супольнасці, знаходзячыся пад актыўным і часцей за ўсё вельмі нядобрым расійскім уздзеяннем. Пачынаючы з жахліва-крывавых войнаў ХVI–ХVIII стагоддзяў, пасля якіх беларусы гублялі, бывала, аж кожнага другога са сваіх супляменнікаў і канчаючы гаротным напаўіснаваннем у складзе Савецкага Саюза, калі таксама вялася планамерная палітыка па фактычнаму знішчэнню беларусаў і ператварэнню іх у бязродных і безнацыянальных манкуртаў пад назваю “савецкіх людзей”. Уздзеянне гэтае не магло не сказіць гэтую гісторыю не толькі ў сацыяльна-геаграфічным, але і ў духоўна-культурным яе аспекце. Недарэмна вялікі беларускі патрыёт ХIХ стагоддзя Адам Кіркор з пякучай горыччу пісаў, што ад квітнеючага некалі Вялікага Княства Літоўскага засталася тэрыторыя, вядомая толькі балотамі, ды няшчасны, абяздолены народ, славуты сваім каўтуном. Другі вядомы беларускі філосаф Ігнат Канчэўскі ўвогуле параўноўваў гэтую тэрыторыю з геатэктанічным разломам, які разарваў гэтае Княства напалам, загубіўшы і дзяржаўнасць яго і агульную, па-еўрапейску высокую па тых часах культуру. Беларуская нацыя, паводле Канчэўскага, дастаткова тады ўжо развітая і сфармаваная, аказалася паміж кавадлам польскага каталіцызму з Захаду і молатам візантыйска-маскоўскага праваслаўя з Усходу, што выразна адлюстравалася нават у тагачаснай мастацкай культуры вострым супрацьстаяннем заходнееўрапейскага барока і абстрактнага схематызму маскоўска-візантыйскай стылістыкі і самым знішчальным чынам адбілася на беларускай ментальнасці ў цэлым. Гэтыя шчыра-пакутлівыя прызнанні вядомых беларускіх мысляроў і сёння выкарыстоўваюцца, але ўжо з дыяметральна процілеглымі намерамі з боку некаторых прадстаўнікоў псеўдабеларускай рускамоўнай інтэлігенцыі, адкрыта называючай беларусаў усяго толькі этнасам, як, напрыклад, чукчаў у Расіі ці папуасаў на Новай Гвінеі, а саму Беларусь – то суверэнным балотам, то мёртвай зонай, то проста чорнаю дзюрой. І ўсё гэта з мэтай далейшага прыніжэння беларусаў і канчатковага іх пазбаўлення веры ў сваё нацыянальнае соцыякультурнае адраджэнне.

Але існуюць і больш аптымістычныя погляды. Славуты англійскі гісторык Арнольд Тойнбі, напрыклад, увогуле лічыў, што падобнага тыпу ўздзеянні збоку, наадварот, актывізуюць і ўзмацняюць працэсы нацынальнага развіцця і фармавання яго самасвядомасці, выступаючыя як своеасаблівы адказ на выклік, амаль што ў духу гегелеўскай барацьбы супрацьлегласцей, хоць на Гегеля ён нідзе не спасылаецца. Чым мацнейшы той выклік, тым больш арыгінальным і творчым становіцца адказ на яго як на своеасаблівы стымул. Амаль што зусім, як у ньютанавым другім законе механікі: дзеянне роўна супрацьдзеянню (тут, зрэшты, не толькі чыста метафарычная аналогія, а і куды больш глыбокая ўнутраная ўзамасувязь). У сваім фундаментальным “Спасціжэнні гісторыі” Тойнбі трактуе з гэтага пункту погляду і непасрэдна гісторыю самога Вялікага Княства Літоўскага, прысвяціўшы яму радкі, якія тут проста нельга не працытаваць. Характарызуючы, напрыклад, такі выклік з боку Тэўтонскага ордэна, ён піша літаральна наступнае: “Часовая палітычная магутнасць Літвы як рэакцыя на крыжовы паход тэўтонскіх рыцараў знайшла сваё адлюстраванне і ў геральдычнай эмблеме Літоўскай дзяржавы: наезнік і конь у латах. К здзіўленню і поўнай разгубленасці тэўтонскіх рыцараў, гэты варвар у латах даскакаў да іх уладанняў, каб канчаткова разбіць тых рыцараў у бітве пад Таненбергам” (154, 145). Гэткая ж па сутнасці сваёй рэакцыя адбываецца і на аналагічнага тыпу выклік з боку Маскоўскага княства, якое стала “аказваць націск на заходні свет уздоўж усходняй мяжы Літвы, праходзіўшай тады на захад ад Смаленска і на ўсход ад Полацка” (154, 146). У адказ на гэты маскоўскі націск аб’яднанай польска-літоўскай дзяржавай была захоплена ў пачатку ХVІІ стагоддзя нават сама Масква (цікава, што ў нядаўнім маскоўскім выданні кнігі Тойнбі рэдактары таксама, напэўна “ў адказ на выклік”, палічылі неабходным папракнуць аўтара ў, быццам бы, недакладнасці, падкрэсліўшы, што менавіта рускімі, аказваецца, была заваяваная большасць ордэнскіх зямель і толькі “грандыёзны лівонскі паход Івана Грознага закончыўся поўным крахам”).

Безумоўна, Тойнбі поўнасцю меў тут рацыю, і гэта падцвярджаецца нават пазнейшай гісторыяй. Беларусь, напрыклад, у часы ўжо другой сусветнай вайны таксама падверглася нахабнаму выкліку з боку фашысцкай Германіі. На што, нягледзячы на, здавалася б, поўную к таму часу “зацюканасць” беларускай нацыянальнай самасвядомасці і ганебныя паразы Чырвонай арміі ў першыя два гады вайны, адбыўся адпаведны адказ у выглядзе магутнага партызанскага руху, які ўжо тады меў па сутнасці нацыянальна-вызвольны характар. Менавіта за гэта нават не будучы суверэннай дзяржавай, Беларусь была прынятая пазней у склад заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Нездарма ж з такой насцярожанасцю ставіліся да гэтага руху расійскія гісторыкі савецкіх часоў. Нават тагачасны сакратар ЦК КПБ А. Кузьмін аўтарытэтна сцвярджаў, што “значение белорусского партизанского движения сильно преувеличено”. А Сталін дык і ўвогуле не давяраў беларускім партызанам, зноў увёўшы там адменены перад самай вайной інстытут камісараў, адмовіўшы іх камандзірам у воінскіх званнях (гэта самым нядобрым чынам адбілася пазней на іх пенсіённым забеспячэнні!) і імкнучыся максімальна насыціць іх шэрагі энкавэдзісцкай агентурай. Але зусім ужо па-неразумнаму адмоўна ацэньваюць беларускі партызанскі рух як звычайны бандытызм сёння не толькі рускамоўныя і рускадумныя пісьменнікі тыпу Святланы Алексіевіч, але, на жаль, і некаторыя сучасныя беларускія гісторыкі, не кажучы ўжо пра нашых палітыкаў-апазіцыянераў. У гэтым руху на справе, аднак, выразна праявіўся тады далёка не згублены яшчэ, як аказваецца, патэнцыял беларускай нацыянальнай самасвядомасці, і проста глупотай было б характарызаваць яго як нейкія падазроныя, арганізаваныя толькі маскоўскімі энкавэдзістамі бандфарміраванні. Нічога сабе бандфарміраванні ў 370 тыс удзельнікаў на 60% вызваленай імі ад нямецкіх захопнікаў беларускай зямлі! Гэтак жа, зрэшты, называюць сёння расіяне нацыянальна-вызвольны рух у маленькай гераічнай Чачні, называючы і яе самаахвярныя атрады тым жа зняважлівым словам. Так і цяпер, ва ўмовах, калі маладая беларуская дзяржаўнасць і яе суверэнітэт падвяргаюцца знешняму актыўна-захопніцкаму націску з боку ўсё яшчэ імперскай Расійскай Федэрацыі і пры вельмі непрыгожай, прадажнай па сутнасці сваёй пазіцыі некаторых пластоў рускамоўнай беларускай і квазібеларускай інтэлігенцыі, пачынае назірацца, нягледзячы на варожую, адкрыта ўжо здрадніцкую палітыку ўлад, нястрымны рост нацыянальнай свядомасці беларускага народа, яго нацыянальнай культуры і яго так нядаўняй слаўнай партызанскай мінуўшчыны. Гэта можа служыць як дастатковым пацверджаннем канцэпцыі Тойнбі, так і маўклівым папярэджаннем тым гаспадам, хто лёгкадумна кідае нахабны выклік незалежнасці і суверэнітэту сённяшняй маладой беларускай дзяржавы.

Тойнбі быў несумненна геніяльным гісторыкам з неверагодна шырокай эрудыцыяй. Але ён быў і вялікім філосафам гісторыі, здольным ахапіць адзіным абагульняючым позіркам увесь вядомы яму неабсяжны фактычны матэрыял. Гэта асабліва выразна выступае ў яго дыялогу з японскім філосафам-будыстам Ікэдай186 (166). Хоць ён і не пісаў спецыяльна пра ідэал і яго ролю ў развіцці грамадства, але ён часта выходзіў на праблему ідэалу, скажам так, знізу, ад вельмі любімай ім, як ён сам пра тое пісаў, фактычнай эмпірыкі, абагульняючы яе і робячы дастаткова шырокія высновы. “Парадаксальным, але глыбока праўдзівым і найважнейшым прынцыпам жыцця, – пісаў ён, напрыклад,– з’яўляецца тое, што каб дасягнуць нейкай акрэсленай мэты, трэба імкнуцца не да самой гэтай мэты, але да чагосьці яшчэ больш узнёслага, што знаходзіцца па-за межамі гэтай мэты” (там жа). Некалькі гэта нагадвае вядомую метафарычную характарыстыку Талстым ідэалу як ліхтара, што чалавек нясе перад сабой у цемры на доўгім шасце, сам ніколі не дасягаючы гэтага ліхтара, або другое яго ж параўнанне з цячэннем ракі, каб пераплыць якую ў пэўным месцы трэба заўсёды меціць вышэй. Гэта таксама ёсць своеасаблівае азначэнне ідэалу. Прычым менавіта яго самай высокай і агульнай формы – ідэалу рэлігійнага, які далей таксама метафарычна Тойнбі апісвае як спецыфічную кукалку, з якой заўсёды вылупліваецца прыгожы матылёк новай культуры і пачынаецца новая фаза ў развіцці грамадства і яго цывілізацыі, фаза чарговай шпенглераўскае “вясны”.

Гэта ўжо разуменне развіцця не толькі як выніку нейкіх знешніх уздзеянняў, але і як унутранага, іманентнага працэсу, абумоўленага ўласнымі ўнутранымі ж прычынамі. Разуменне чыста філасофскае. Менавіта такое разуменне павінна мець месца і пры трактоўцы гісторыі беларускага грамадства і яго сацыяльных ідэалаў. Тлумачэнне яе пераважна знешнімі ўплывамі мы ўжо бачылі ў пэўнай ступені ў Ігната Канчэўскага, калі volens-nolens беларусы аказваліся толькі пасіўным аб’ектам чужой сацыяльнай актыўнасці. У яшчэ, можа, большай ступені гэта выступіла ў сучаснага гісторыка Юрыя Туронка, у якога беларусы выглядаюць у мінулай вайне зусім ужо ніякавата, баязліва хаваючыся і ад нямецкіх фашыстаў і ад партызан. Зрэшты, нядаўняе партызанскае мінулае Беларусі сведчыць якраз пра адваротнае. Партызаны, як мы ўжо бачылі, толькі сваімі сіламі трымалі свабоднымі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў больш паловы сваёй тэрыторыі, і ўжо тады гэта была, паўтараем, фактычна нацыянальна-вызвольная вайна за свабоду і незалежнасць187. А адзначаная Канчэўскім строгасць візантыепадобнага стылю, напрыклад, як і славутае віленскае барока, цалкам магла ўзнікнуць (так яно, напэўна, фактычна і было!) і ў выніку самастойнага, незалежнага ходу гісторыі беларускага соцыуму як грамадства цалкам сацыяльна здаровага і нармальнага. Менавіта як ужо знаёмыя нам фазы іманентнага развіцця згодна канцэпцыі Шпенглера – Тойнбі – Сарокіна, а не як вынік аднаго толькі моцнага, але чыста пабочнага, чужога ўплыву. Уплывы бясспрэчна былі, але строгая стылістыка, згодна гэтай канцэпцыі, уласцівая, як вядома, пачатковаму перыяду цыклу самастойнага развіцця, выразна бачыцца, напрыклад, і ў рэканструкцыях навагрудскага замка Міндоўга без аніякага ўсходняга ўплыву. А звязанасць віленскага барока з заключным перыядам гэтага цыклу – ужо агульнавядомая рэч. Застаецца толькі выявіць сярэднюю, інтэгральную фазу, адпаведную фазе агульнага росквіту Вялікага Княства Літоўскага і яго культуры, яго, так бы мовіць, залатога веку, аналагічнага італьянскаму Рэнэсансу. Гэта і складае, думаецца, сёння асноўную задачу даследчыкаў гісторыі беларускага народа і яго культуры.

Зрэшты, фаза, адпаведная ідэалу і стылю менавіта Высокага Адраджэння, і без гэтага дастаткова прыкметная, калі паглядзець на культуру ВКЛ адразу ж пасля Вітаўтавых часоў і ў цэлым звярнуць увагу хоць бы на дзейнасць Францішка Скарыны па перакладзе Бібліі на народную, беларускую мову, пачытаць славутую “Паэму пра зубра” Міколы Гусоўскага або палюбавацца абразамі гэтага ж перыяду, на якіх выразна праглядвае часам нешта амаль што рафаэлеўскае. Ідэалы тут безумоўна існавалі і ідэалы вельмі высокай сацыяльна-эстэтычнай значнасці, блізкія да ідэалаў Высокага Адраджэння. Гэта адразу ж кідаецца ў вочы і калі ўспомніць уступныя артыкулы Льва Сапегі да славутага Літоўскага Статута. У якасці першай спробы кадыфікацыі права Статут быў і для тагачаснай Еўропы навінкай, напісанай зноў такі “не чужой якой-небудзь мовай”, а сваёй уласнай, народнай, беларускай, што спецыяльна і з гонарам падкрэслівае Сапега. Тут жа праходзілі і глыбокія дыскусіі па рэлігійнай праблематыцы, у выніку чаго была створана ўніяцкая царква як чарговая, вельмі лагічная спроба аднавіць гармонію і ліквідаваць той трагічны падзел, што ў 1054 годзе трагічна раскалоў хрысціянства. Таму ўжо з гэтых часоў культура Вялікага Княства Літоўскага сама аказвае магутны ўплыў і на Польшчу і на тую ж Масковію. Менавіта адсюль, напрыклад, у Маскву было прынесена не толькі кнігадрукаванне з Іванам Федаровічам (Фёдаравым па-маскоўску)) і Пятром Мсціслаўцам, але і еўрапейская паэтыка ў вершах Сімяона Полацкага, і еўрапейскі тэатр з тым жа Полацкім, і еўрапейская тэорыя музыкі ў “Музікійскай граматыцы” Мікалая Дылецкага188, і “Граматыка” Мілеція Сматрыцкага, і майстэрства беларускіх кафельнікаў і разбяроў, з чым пагаджаўся нават такі антыбеларус, як сумна вядомы прафесар Л. Абэцэдарскі.

Зрэшты, і пазнейшая гісторыя Беларусі і яе культуры дэманструе ўласныя законы і асаблівасці свайго культурна-гістарычнага развіцця, што выразна праявілася, напрыклад, у мастацкай стылістыцы, дзе вядомым беларускім філосафам У .Конанам і другімі даследчыкамі беларускай культуры былі выяўлены не толькі барока, але і класіцызм і іншыя мастацкія стылі. Аднак з чыста сацыяльнымі ідэаламі справа абстаяла ўжо значна горш з-за бясконцых войнаў, падзелаў дзяржавы і бязлітаснага сацыяльнага ўціску, як гэта было пад уладай Расійскай імперыі, што адкрыта не прызнавала самастойнасці беларускага народа як нацыі, забараняла яго мову і вельмі актыўным чынам імкнулася канчаткова яго русіфікаваць у самым шырокім сэнсе гэтага слова. Тым не менш, беларускі народ існаваў, як існавала і яго культура з адпаведнымі духоўнымі каштоўнасцямі і ідэаламі. І далейшы ход гістарычнага працэсу яго развіцця з неабходнасцю аб’ектыўнага закона прывёў да этапу фарміравання беларускай ідэі, які ў гісторыі другой паловы ХІХ стагоддзя пачаў называцца ўжо на шмат больш вядомым нам Другім Адраджэннем.

Гэтае Другое Адраджэнне дало магутны штуршок далейшаму развіццю беларускага народа і яго культуры, прадстаўленай такімі выдатнымі імёнамі і асобамі, як пісьменнікі і паэты Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, філосафы Ігнат Канчэўскі і Уладзімір Самойла і многія іншыя. Аднак і гэтае Другое Адраджэнне не знайшло сабе поўнага завяршэння. Беларуская ідэя як сацыяльны ідэал беларускага народа актыўна ўдзельнічала ў агульным антыімперскім нацыянальна-вызвольным руху, вынікам якога з’явіўся расійскі рэвалюцыйны выбух 1917 года. Як ужо гаварылася, тое, што здарылася ў Расіі ў 1917 годзе, было не столькі класавай, колькі нацыянальна-вызвольнай рэвалюцыяй. Але яна не змагла поўнасцю рэалізавацца і здзейсніцца ў самастойнай беларускай дзяржаве як рэальнасці беларускай ідэі. Вядомая БНР, што ўтварылася ў 1918 годзе, поўнацэннай суверэннай дзяржавай, на жаль, не стала і змушана была працягваць далейшае існаванне толькі ў маральна-юрыдычнай сваёй іпастасі ў якасці эміграцыйнага ўрада, які, аднак, de jure захоўвае сваю легітымнасць і па сённяшні дзень. І толькі пасля распаду Савецкай імперыі дзякуючы гераічным высілкам апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання, імёны членаў якой будуць назаўсёды запісаны залатымі літарамі ў беларускай гісторыі, у 1991 годзе была ўрачыста абвешчана Дэкларацыя аб незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Дэкларацыя, якую згодна з яе значэннем для беларускага народа, нягледзячы на грэбліва-скептычныя ўхмылкі яго недобразычліўцаў, варта было б назваць Вялікай.



1   ...   19   20   21   22   23   24   25   26   ...   30


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка