М. І. Крукоўскі Бляск і трагедыя ідэалу




старонка22/30
Дата канвертавання14.03.2016
Памер7.26 Mb.
1   ...   18   19   20   21   22   23   24   25   ...   30

Ідэал і рэальнасці сённяшняй Беларусі

Мы разгледзелі праблему ідэалу з самай яе асновы, ab ovo, як гаварылі рымляне, спрабуючы нават стварыць абстрактна-лагічную яе мадэль, хоць такія чыста тэарэтычныя мадэлі ўжо з гётэўскіх часоў лічыліся некаторымі чымсьці шэрым і нецікавым. “Grau, teuer Freund, ist alle Theorie, und gruеn des Lebens goldner Baum!” (шэрая, дружа, усялякая тэорыя, а зелянее залатое дрэва жыцця) – усклікае ў “Фаусце” Мефістофель, дабрадушна здзекуючыся з беднага вагнерава студыёзуса, шукальніка ісціны. Не будзем забываць, аднак, што Мефістофель у Гётэ – гэта, нягледзячы на пэўную яго сімпатычнасць173, усё ж такі пасланнік д’ябла, і менавіта таму яго іронія так заўзята скіроўваецца супраць тэорыі. У слове ж “тэорыя” выразна чуецца, хоць там, як здаецца, і іншая этымалогія, грэчаскае слова “”, што азначае “Бог”! Тэарэтычная мадэль, варта яшчэ раз паўтарыць, скарыстоўвалася тут намі не толькі дзеля метафарычнай ілюстратыўнасці, але і як пэўная навуковая, негэнтрапійная па сваёй сутнасці гіпотэза, заслугоўваючая далейшай лагічнай, а то і логіка-матэматычнай распрацоўкі. Зараз перад намі, аднак, стаіць ужо некалькі больш канкрэтная задача, менавіта задача паказаць актуальнасць гэтай праблемы ў сённяшніх канкрэтных гістарычных абставінах і неабходнасць ідэалу як адной з найважнейшых умоў для выхаду нашага грамадства з катастрафічнага крызісу, што ахапіў Рэспубліку Бедарусь сапраўды падобна цемры, у якой ужо няма, здавалася б, прасвету. Таму спусцімся з ззяючых чыстым святлом ісціны стратасферна-абстрактных вышыняў метафізікі на нашу смутную, агорнутую цемрай канкрэтную зямлю.

Не сакрэт, як ужо гаварылася ў самым пачатку, што многія палітыкі і палітыкі нават прагрэсіўна-дэмакратычнага кірунку, не кажучы ўжо аб журналістах і нядаўна з’явіўшыхся ў нас у масавым парадку так званых палітолагах174, не бачаць сёння ў ідэалах ніякай патрэбы. Больш таго, часам можна пачуць, што менавіта ў ідэалах і была асноўная прычына нашых няшчасцяў. Альтруістычнаму па духоўнай сваёй прыродзе ідэалу стаў адкрыта процістаўляцца эгаістычны інтарэс, і нядобрыя вынікі гэтага хутка выявіліся, як у таго нябогі, што трапіў з агню ды ў полымя. Перш за ўсё гэта выразілася ў пачварным падзенні духоўнасці, што адразу ж паставіла пад удар усю духоўную культуру грамадства. Замест жаданага адраджэння пачаўся яшчэ больш імклівы распад на ўсіх ўзроўнях соцыуму, пачынаючы з маралі і канчаючы эканомікай. Распад не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй прасторы так званага СНД з найбольш выразнай яго формай у Расіі. Ды і ў сусветным маштабе хвалёны прагрэс рэалізоўваўся нягладка. Каб упэўніцца ў гэтым, варта толькі параўнаць змест дзьвюх цесна звязаных паміж сабой кніг: “Мир в 2000 году” Ж. Байнхаўэра і “Вступая в двадцать первый век” П. Кенеды.

Асабліва нечаканым сталася гэта ў галіне эканомікі. Думалі, што прынцып індывідуалізму на месцы таталітарысцкай дзяржаўнасці шляхам шокавай тэрапіі па Бальцаровічу прывядзе да росквіту па крайняй меры матэрыяльна-гаспадарчага жыцця, а на гэтай базе неяк само сабой адродзіцца і тое, што здаўна называлася ў нас духоўнасцю. Чыста марксісцкае, дарэчы, мысленне. Галоўнае, маўляў, каб была эканамічная база, духоўная надбудова ўзнікне ў выніку сама сабой. Атрымалася ж зусім наадварот. На месца камуністычнай партнаменклатуры, бесцырымонна камандаваўшай эканомікай у сваіх эгаістычна-кланавых інтарэсах, дастаткова амаральнай ужо з самага пачатку ў яе асноватворных матэрыялістычных прынцыпах, хоць і прыкрытых фігавым лістком крывадушна-маральнага кодэксу будаўніка камунізму, на гістарычную арэну высунулася бессаромнае рыла такой алігархічна-мафіёзнай структуры, якой і навуковападобнай назвы яшчэ не прыдумана і якая цынічна адкідае не толькі маральны, але і крымінальны кодэкс і ўвогуле закон. Усе гэтыя маўродзі, чубайсы, гусінскія, беразоўскія, хадаркоўскія, абрамовічы і быкавы яшчэ страшней за шчадрынскіх разуваевых, калупаевых і дзеруновых. Чаго варты адзін толькі масавы неплацеж падаткаў, без чаго проста немагчыма існаваць ніякаму цывілізаванаму хоць крыху грамадству і той жа самай рыначнай эканоміцы! Або адкрытая прадажнасць сродкаў масавай інфармацыі, уключаючы нават так званае незалежнае тэлебачанне. Гэта не кажучы ўжо аб выбарах у дзяржаўныя органы крымінальных “аўтарытэтаў” і высокапрафесійных зладзюг. Ды і на чыста эстэтычным, так бы мовіць, узроўні чаго варты, напрыклад, наступны суперцынічны дыялог. Чубайс Абрамовічу: навошта табе Чукотка? Абрамовіч (хітра ўсміхаючыся): чукчаў шкада!

Калі ўжо да так званай перабудовы ва ўладныя структуры праз партыйна-кар’ерысцкае “выдвиженчество” імкнуліся прабрацца як правіла амаральныя асобы, замаскіраваўшыся маральным кодэксам будаўнікоў камунізму, то цяпер яны з цынічным нахабствам лезуць туды ў адкрытую і напралом. Расійская дзяржава сапраўды рызыкуе ператварыцца сёння ў адзіны ўсерасійскі “общак” з крывавымі разборкамі замест закону і тым, што завецца рускім жа словам “беспредел”. Гэта сёння добра паказвае тэлежурналіст Андрэй Караулаў175 у сваёй праграме “Момант ісціны”. Усё гэта не магло не адбіцца адпаведна і на агульнай ментальнасці рускага народа, што выразна, напрыклад, праявілася хоць бы на здзейсненых расійскім тэлебачаннем апытаннях тэлегледачоў па праблеме “што нам рабіць з Чачнёй”. Рэкамендацый душыць яе сілай было дадзена больш, чым у сем ці восем разоў у параўнанні з рэкамендацыямі даць ёй свабоду. Тое ж самае азначае і нечакана ў свой час рэзкі скачок рэйтынгу У. Пуціна пасля таго, як ён стаў вырашаць чачэнскую праблему толькі жорсткім ваенным метадам, паабяцаўшы “мочить террористов даже в сортирах”.

Пра тое ж, як адбілася гэта ўласна на духоўнай культуры, і гаварыць не прыходзіцца. У мінулым філасофія і фундаментальная навука служыла ідэалагічнай зброяй у руках камуністычнай партыі, для якой і ідэалы былі таксама зброяй, але якая ўсё ж такі неяк клапацілася аб тым, каб гэтая зброя знаходзілася ў належным, хоць і нядобра нацэленым парадку. Сённяшнія яе крымінальна-мафіёзныя нашчадкі ні ў якой філасофіі і фундаментальнай навуцы зусім не маюць патрэбы. Ні ідэалы, ні Гегель, ні нават іх колішні кумір Маркс не цікавяць іх ў прынцыпе. Ды і не ведаюць яны ўвогуле, што гэта такое176. Прызнаюць яны толькі фізічную сілу, матэрыяльнае багацце, крутое дэтэктыўнае “чтиво” ды фільмы пра мардабоі і секс. Можна ўявіць сабе, у што ператворыцца дзяржава і ўвасобленае ў ёй грамадства праз некаторы час, калі вырасце і ўзмужае цэлае пакаленне маладых палітычных, як хтосьці назваў іх у нас, ваўкоў, што выхоўваюцца сёння ў гэткіх абставінах і на такіх, з дазволу сказаць, “ідэалах”!

Прычын такога сумнага стану рэчаў некалькі, і галоўная з іх – гэта пачаткова нізкі агульнакультурны ўзровень постсавецкага грамадства як у цэлым, так і на сённяшняй фазе яго развіцця, што гэтак сама можна сказаць, на жаль, і пра грамадства беларускае. Або, іншымі словамі, нізкі ўзровень яго сацыялізаванасці. Выразней за ўсё гэта бачыцца ў псіхалагічным аспекце, згодна якому соцыум наогул кіруецца больш эмоцыямі, чым развагай. Логіка ж эмоцый як больш прымітыўная форма мыслення, характэрная хутчэй для біялагічна-жывёльнай прыроды чалавека, чым для яго сацыяльна-духоўнай сутнасці, як правіла, мае рысы менавіта такой вось “чорна-белай” двухзначнай логікі, заснаванай на прынцыпе “або-або”. Адсюль і гэткія кіданні ў крайнасці, тыповыя нават для нашых грамадскіх дзеячаў і палітыкаў. Калі раней стаўка рабілася на скасцянела альтруістычныя ідэалы, то цяпер галоўным становіцца жывёльна-эгаістычны інтарэс. Калі была таталітарна-камандная сістэма, то зараз давай нам амаль што поўную анархію на аснове права кулака або нават аўтамата Калашнікава. Калі надта ўжо па-ханжаску ставіліся маральныя патрабаванні і за станам, напрыклад, інтыму сямейнага жыцця з крывадушнай прыдзірлівасцю сачылі ў парткамах, то сёння ў модзе крайняя палавая разбэшчанасць і распуста аж да спроб маральнай рэабілітацыі сексуальнай “групавухі” і гомасексуалізму на старонках і лічачых сябе вельмі прагрэсіўнымі газет (гэтым сумна праславілася, на жаль, і наша “Народная Воля”, не кажучы ўжо пра развясёлую “Комсомолку” з яе старанна выконваючай ролю цяперашняй Месаліны Дашай Асламавай). Пра сям’ю ж і пра лёс дзяцей, сярод якіх, напрыклад, стала сірот куды больш, чым у ваенныя часы, і сірот пры менавіта жывых бацьках, – пра гэта амаль ані слова. Больш таго, пачынае пашырацца нешта зусім ужо нечувана-агіднае: выкіданне навародкаў у туалеты і смеццезборнікі. І гэта пры катастрафічным падзенні нараджальнасці, пры якім у перспектыве свеціць ужо і поўнае выміранне народа. Калі ж пішуць што пра людзей старых, дык толькі тое, што яны ўжо ўсе пераважна маразматыкі і што ад іх заўсёды нясе мачой177. І гэтак далей і да таго падобнае. Як тут зноў не ўспомніць тыя старажытныя, але так сугучныя сучаснасці радкі Гесіёда?

А што ўжо робіцца ў духоўнай і мастацкай культуры, дык і зусім гаварыць непрыемна. Нават руская праваслаўная царква, гэтая адзіная некалі апора расійскай духоўнасці, стала сёння служыць ужо не столькі Богу, колькі кесару. Аб гэтым сведчаць такія факты, як неасуджэнне крывавай чачэнскай авантуры ці дэманстратыўны няўдзел ў пахаванні астанкаў царскай сям’і, па-зверску загубленай бальшавікамі. Пахаванне, якое павінна было б сімвалізаваць усеагульнае пакаянне рускага народа перад бязвіннымі ахвярамі сваёй злачынна-бязбожнай бальшавіцкай ментальнасці, пра што сказаць знайшоў словы нават колішні камуніст Барыс Ельцын. Або праведзены хросны ход пад цынічна палітызаваным лозунгам “единения славянства”, тым самым лозунгам, пад якім зараз у Расіі дзейнічае неафашысцкі “Славянскі саюз”. Або выданне ў нас на Беларусі ў духу гэтага апошняга скандальнаславутай антысеміцкай кніжкі “Война по законам подлости” з яе ці не з другой пасля Гітлера адкрытай публікацыяй вядомых “Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў”. У мастацтве ж хопіць толькі назваць імёны, напрыклад, расійскага “суперпорочного” па яго ўласным самаазначэнні спевака Барыса Маісеева або рэжысэра Рамана Вікцюка, камічна прэтэндуючага, дарэчы, у сваім эратычна-расслабленым, як у Бердслея, эпігонстве на нейкую надта ўжо сур’ёзную, быццам бы, змястоўнасць, кашчунна спасылаючыся пры гэтым на Бога. Таго самага Вікцюка, што публічна прыпісаў у свой час славутай расійскай паэтэсе Марыне Цвятаевай, гэтай трагічнай мучаніцы бальшавіцкага рэжыму, такое паскуднае сексуальнае збачэнне, як інцэст. Беларускі рэжысэр Б. Луцэнка амаль што ў гэткім жа спачувальна-прыхільным духу інсцэніраваў у Рускім драматычным тэатры як нешта нечувана новае і прагрэсіўнае скандальнавядомага маркіза дэ Сада. Вядомая ўжо нам рускамоўная пісьменніца Святлана Алексіевіч публічна цвердзіць, што ў кожным з нас сядзіць звер, і гэта ёсць самае ў нас каштоўнае. А што вытвараюць сімпатычныя, зрэшты, дзяўчаты з перадачы “Сексуальная рэвалюцыя” маскоўскага Дамскага тэлевізійнага канала ці ўдзельнікі так званага Комэды клаб, дык і гаварыць ужо неяк няёмка!

Усё гэта яшчэ падвойваецца, калі ўлічыць і сітуацыю ў заходняй культуры, таксама перажываючай зараз глыбокі крызіс духоўнасці, што распачаўся яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя і пра што пісаў ужо знаёмы нам Б’юкенэн, а яшчэ раней і аўстрыйскі культуролаг В. Краус у сваёй кнізе пра ідэалы і нігілізм. У нашай няшчаснай сітуацыі разбуральны эфект гэткага эмацыянальна-бяздумнага кідання ў крайнасці нават патройваецца, бо дзейнічае і яшчэ адзін такі чорна-белы фактар. Калі раней проста забаранялася раўняцца на “гнілы буржуазны Захад” увогуле, дык цяпер некаторым з нас гэты самы Захад уяўляецца, як для мусульманіна-фундаменталіста, жаданай Мекай. І гэта тады, калі ўжо і там, на Захадзе, разумныя людзі пачынаюць усвядомліваць уласную крызісную сітуацыю і настойліва шукаюць выхаду з яе якраз праз ідэалы і ідэалы менавіта духоўна-грамадскія. Не кажучы ўжо пра каталіцкую царкву і яе філасофскую думку, увасобленую яшчэ ў колішняй энцыкліцы “Rerum novarum” папы Льва ХІІІ і філасофіі неатамізму (яшчэ М. Бярдзяеў, напрыклад, пісаў, што неатамізм, можа быць, адзінае філасофскае вучэнне ў сучаснай Францыі, якое верыць у быццё і ведае, за якую рэальнасць яно змагаецца! (14). Красамоўным прыкладам гэтага могуць служыць і выдатныя творы пратэстанцкіх філософаў і эканамістаў, пачынаючы з вядомых нам М. Вебера, В. Зомбарта і Ф. Брадэля. А ў зусім ужо нядаўняй кнізе амэрыканскага тэолага Майкла Новака пад характэрным загалоўкам “Дух дэмакратычнага капіталізму”, выдадзенай, дарэчы, у нас у Беларусі, ёсць нават цэлы вялікі раздзел прысвечаны ідэалу, які там так і называецца: “Ідэалы дэмакратычнага капіталізму”!

У гэтым своеасаблівым сённяшнім прыярытэце эканамічнай праблематыкі, які ўжо сам па сабе выразна характарызуе агульны сацыяльна-культурны ўпадак нашага грамадства, крыецца яшчэ адзін саўдзельны фактар, менавіта тое, што можна было б умоўна назваць марксісцкай традыцыяй. Мы сапраўды ўсе выйшлі, як ужо было сказана ў пачатку, з вузкага марксавага шыняля, і таму не дзіва, што нашы вядучыя палітыкі нават дэмакратычнага напрамку толькі і гавораць што пра эканоміку, міжвольна нагадваючы сабой камуністаў, якія таксама цвердзілі з камічнай напышлівасцю, што “нам нужно прежде всего накормить народ”. Быццам народ – гэта нейкае быдла, якое толькі і ведае, што вішчэць у хляве, калі яго не накормяць таварышы з партнаменклатуры. Тыя самыя таварышы, якія зусім нядрэнна самі карміліся і кормяцца цяпер за кошт гэтага няшчаснага народа, трымаючы яго самога вечна ў напаўгалодным стане. Усе мы вучыліся выключна па марксісцка-ленінскіх падручніках, згодна якім эканоміка з’яўляецца базай соцыуму, а духоўнасць ёсць усяго толькі сціплая, пасіўная, па сутнасці сваёй, надбудова гэтай базы, падобная на мух пры катлеце, як пра тое выказаўся неяк В.В.Пуцін, маючы на ўвазе няшчасную Беларусь. У сваёй марксісцкай абмежаванасці і міжвольным агульным невуцтве мы наіўна думаем, што і сённяшняе матэрыяльнае багацце Захаду здабыта пад уплывам толькі цялесна-матэрыяльных патрэб чалавека, кіруючыся толькі эгаістычна-пачуццёвай індывідуальнай выгадай, каб не сказаць, нажывай. Пра тое ж, што, напрыклад, яшчэ тым жа Максам Веберам была даказана вядучая роля этыкі і менавіта этыкі рэлігійнай у працэсе стварэння гэтага багацця, а Жакам Марытэнам жорстка крытыкуецца і сам гэты бяздушна-багаты стан заходняга грамадства і яго культуры ўвогуле, пра гэта мы, як кажуць расіяне, і “слыхом не слыхали”. Больш таго, некаторыя нашы журналісты, што называюць сябе палітолагамі, у сваім непахвальна самаўпэўненым невуцтве дазваляюць сабе часам пісаць пра ролю этычнага пачатку ў эканоміцы ў здзекліва-іранічнай форме, што мы, маўляў, гэта ўжо праходзілі ў нядаўнія сацыялістычныя часы. Або, што ўжо, напэўна, самае смешнае, прыпісваюць вынаходніцтва выразу “рыначны сацыялізм” прэзідэнту Лукашэнку, не падазраючы, што гэта самае звычайнае паняцце ў сучаснай палітэканоміі і што існуе нават хрысціянскі сацыялізм, пра што пішацца нават у кніжках, выдадзеных нядаўна на Беларусі і на беларускай жа мове (55).

Зрэшты, таму ёсць і пэўная прычына. Так званая сацыялістычная этыка і адпаведныя ёй ідэалы сапраўды вельмі моцна спрычыніліся да агульнага крызісу, што мы перажываем сёння. Будучы арганічнай часткай марксісцкага матэрыялістычна-атэістычнага светапогляду, сацыялістычная, і тым болей камуністычная этыка і яе ідэалы абапіраліся не на сапраўдную духоўнасць, а на яе матэрыяльную форму, на яе, так бы мовіць, матэрыялізаваны варыянт у выглядзе спачатку дыктатуры пралетарыяту, а затым, хоць ад слова “дыктатура” і адмовіліся пазней, дзяржавы, дыктатарскі характар якой застаўся па сутнасці тым жа самым з амаль што ваеннага тыпу адзінаначаллем (успомнім захаваны аж да гэтага часу тэрмін “загад” у нашым штодзённым афіцыйным справаводстве!), з кіраўнічаю роллю адзінай жа партыі і поўнай адсутнасцю індывідуальнай свабоды як у палітычным, так і ў эканамічным жыцці. Так дасціпна высмеяны яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы Казьмой Прутковым “Проект о введении единомыслия в России” быў амаль што поўнасцю рэалізаваны ў Савецкім Саюзе ў форме марксісцка-ленінскай ідэалогіі. А ў палітычным, як і наогул у духоўным жыцці савецкага грамадства, устанавіліся жахліва-шэрая аднастайнасць, застой і фактычная бездухоўнасць. Страціўшы веру ў камуністычныя ідалы, а заадно з імі і ў сапраўдныя ідэалы, людзі сталі жыць кожны толькі для сябе, хутка пагразшы ў разбэшчанасці, п’янстве і крадзяжы.

Тое ж самае стала і ў сферы эканомікі. Планы як зусім нармальная форма рэалізацыі пэўных ідэй і ідэалаў, што ў звычайных умовах з’яўляюцца наймагутнейшым творчым фактарам прагрэсу ва ўсіх відах дзейнасці і шырока скарыстоўваюцца нават у чыста капіталістычных краінах, набылі тут пераважна палачны матэрыяльна-прымусовы характар і хутка з хоць і нядобрага, але стымулу ператварыліся ў жахлівыя тармазы вытворчасці і ўсяго эканамічнага жыцця. Больш таго, яны неяк надта ўжо хутка ператварыліся ў хітры сродак для афіцыйнай наменклатуры выгодна ўладкоўваць свае асабістыя справункі пад маркай розных спецпакетаў, лечкамісій, дзяржаўных дач і да т. п. Колькі страчана было творчых ідэй, вынаходніцтваў і рацыяналізатарскіх прапаноў толькі з-за таго, што яны супярэчылі, быццам бы, раз і назаўсёды прынятым дзяржаўным планам, а на справе толькі непакоілі бяздзейных і бяздарных чыноўнікаў і парткіраўнікоў! Колькі загублена ў выніку гэтага творчых, маладых, таленавітых галоў!

Сама эканоміка ў цэлым пад уплывам так няправільна разуметых ідэалаў, нацэленых толькі на матэрыяльную вытворчасць, і толькі пасля ўжо на спажыванне, сама атрымала фальшывы, нежыццяздольны характар. Пры рэалізацыі такіх ідэалаў стаўка рабілася пераважна на матэрыяльную сілу, развівалася галоўным чынам цяжкая прамысловасць як база ваеннай вытворчасці, якая крывадушна называлася абароннай, і развівалася за кошт лёгкай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Віктар Сувораў, былы савецкі шпіён, што пазней стаў пісьменнікам, сапраўды з прафесійна спецыфічным майстэрствам паказаў, што ўжо з самага пачатку ўся эканоміка Савецкага Саюза была накіравана на падрыхтоўку чыста сілавога заваявання свету пад маркай сусветнай рэвалюцыі. Гэтаму ж была падпарадкавана і эканоміка саюзных рэспублік з усёй іх матэрыяльнай культурай. Туркменістан, напрыклад, быў ператвораны ў рэгіён вытворчасці выключна бавоўны для ўсяго Саюза, а Беларусь – пераважна ў яго механазборачны цэх. Рабілася гэта, ніколькі не ўлічваючы ні іх гістарычныя традыцыі, ні ўвогуле іх нацыянальную культуру. І кіраўніцтва азначаных рэспублік не толькі не бачыла тут нічога дрэннага, але і ганарылася гэтым, як гэта можна назіраць на Беларусі і сёння! Зразумела, што пры першай жа спробе пераходу на рэйкі рыначнай гаспадаркі, якая будуецца пераважна на попыце і спажыванні, у Расіі і краінах так званага СНД наступіў катастрафічны крызіс. Знявечаная камандай і драбязгова назойлівай планавасцю эканоміка аказалася няздольнай ні збываць сваю прадукцыю за мяжой, ні самастойна здавальняць уласны народны попыт і спажыванне. Падобна жывой істоце, змушанай доўга карыстацца жорсткімі планава-дзяржаўнымі мыліцамі, яна аказалася няздольнай хадзіць самастойна, калі яе нечакана паставілі на ўласныя натуральныя рыначныя ногі.

Балюча расчараваўшыся ў сацыялістычнай эканоміцы, што будавалася на гэткіх, з дазволу сказаць, ідэалах і прынцыпах, мы, аднак, зноў з неабальшавіцкім запалам кідаемся сёння ў процілеглую крайнасць. Лічым наіўна, што калі гэтак падвялі нас азначаныя ідэалы, то тады толькі эгаістычны жывёльна-пачуццёвы інстынкт дасць нам неабходны творчы імпэт, забыўшыся на тое, што імпэт гэты заўсёды вядзе ўніз, да панавання цэнтрабежных сіл і канчатковага хаосу. Нацярпеўшыся ад грувастка нязручных хадуляў фальшывых ідэалаў, некаторыя гатовы зусім ужо па-жывёльнаму апусціцца на ўсе цалкам безідэальныя чатыры нагі. Чалавек, як мы ўжо бачылі, па адной сваёй грахоўнай, антынамічна раздвоенай прыродзе не здольны да стварэння канкрэтнага раю на зямлі і не можа спалучыць ў сабе адначасова вытворчасць і спажыванне, сацыяльнае і жывёльнае, духоўнасць і матэрыяльнасць у абсалютнай тоеснасці і гармоніі. Зрэшты, С. Булгакаў у сваёй знакамітай “Філасофіі гаспадаркі” якраз і лічыў гэта нормай адносна, па крайняй меры, вытворчасці і спажывання, як з’яўляецца нормай немагчымасць адначасовага ўдыху і выдыху. Мы з той жа самай перыядычнасцю і з той жа метафарай сустракаліся раней і на куды больш абстрактным узроўні, абмяркоўваючы ўзаемаадносіны паміж ідэальным і матэрыяльным увогуле.

Сапраўды, калі спыняецца дыханне, спыняецца і жыццё. Чалавек можа толькі ў працэсе бесканечнай апраксімацыі імкнуцца да такой гармоніі як да пункту раўнавагі ў пастаянным хістанні і ваганні паміж процілеглымі палюсамі ў пераменлівай лагічнай прасторы свайго рэальнага быцця. Але ў гэтым ваганні-хістанні маецца свая заканамернасць і цвёрды парадак. Падобна сардэчнай або дыхальнай рытміцы, актыўна-творчы кірунак уверх, да ўдыху заўсёды рэалізуецца пры дапамозе рацыянальнага пачатку як інфармацыйна-духоўнага фактару, і ён заўсёды характэрны, як мы ўжо ведаем, для фазы пад’ёму грамадства як цэласнай сістэмы. Кірунак жа ўніз, да выдыху – гэта фаза ўпадку і пераходу да стану не чалавечага грамадства, а ў канечным выніку жывёльнага статку. У больш канкрэтнай жа форме гэтая перыядычнасць выступае ў ходзе чаргавання працэсаў вытворчасці і спажывання, якія Булгакаў і параўноўваў з памянёнымі ўдыхам і выдыхам. Дарэчы, і самі гэтыя працэсы ў сваю чаргу выразна звязваюцца з суадносінамі паміж рацыянальна-сацыяльным і пачуццёва-жывёльным. У акце вытворчасці актыўную ролю адыгрывае розум, у акце ж спажывання – пачуццё. Творчы акт патрабуе напружання, у спажыванні ж наступае спакусліва-салодкае расслабленне. Дарэчы, і ў самой матэрыяльнай культуры працэс вытворчасці і працэс спажывання раздзелены, вялікім адрэзкам часу паміж момантам, калі толькі пачаў вытварацца пэўны прадукт, і прыемным імгненнем яго спажывання. У гэтым якраз і сэнс вядомай ужо нам канцэпцыі “сінусаідальнай лініі” развіцця і гісторыі чалавечага грамадства, калі на фазе яго станаўлення пераважае ідэальнае, а на фазе ўпадку – матэрыяльнае. Так увогуле існуе і развіваецца, так “дыхае”, як мы бачылі, у цэлым увесь Сусвет. Нездарма ж мы сустракалі такое “дыханне” ў стараіндыйскай Рыгведзе і ў старажытных кітайцаў. У апошніх, напрыклад, уся гісторыя культуры, асабліва культуры духоўнай, так і працякала як бы гушкаючыся паміж аб’ектыўным канфуцыянствам і суб’ектыўным даасізмам, дзесьці толькі праходзячы стан азначанай раўнавагі. А нам заўсёды хацелася б, каб гэтае імгненне раўнавагі спынілася навечна.

Гэтак жа рэалізуецца, дарэчы, і індывідуальнае жыццё чалавека. Нездарма ж яшчэ Арыстотэль гаварыў, што рытм наогул уласцівы прыродзе чалавека. Нават калі мы збіраемся збудаваць, напрыклад, звычайную дачу ці дом, нам прыходзіцца спачатку напружваць свой розум і волю, абмяжоўваючы матэрыяльнае спажыванне, каб пазней ужо задаволіць і пачуццёва-матэрыяльныя патрэбы. Але варта толькі пачаць з прыемнага і салодкага спажывання, прамотваючы нялёгка нажытое, разарэнне і ўпадак забяспечаны абавязкова. Таму ідэал спажывання – і так і гэтак не наш пакуль што ідэал, а тым болей, скажам так, ідэал асабістай бязмежнай нажывы. Ды і ў прынцыпе ідэалам такое не можа называцца па чыста ўжо лагічнай сваёй прыродзе.

Таму і на Захадзе, як мы бачылі, сёння паступова распачынаюцца актыўныя пошукі сапраўдных, творчых духоўных ідэалаў і імкненне рэалізоўваць іх у стане гэткай вось рухомай, плюралістычнай, паводле выразу М.Новака, роўнавагі-балансу паміж матэрыяй і духам, асобай і соцыумам як крайнімі, дыялектычна процілеглымі палюсамі сістэмы. Даўно ўжо вядуцца там, напрыклад, заўзятыя дыскусіі паміж кейнсіянцамі і фрыдманістамі ў сферы эканомікі, і дыскусіі менавіта нацэленыя на адшуканне разумнага рухомага сінтэзу гэтых дзвюх процілеглых, здавалася б, канцэпцый дзяржаўнасці і свабоднага рынку. Актыўна удзельнічаюць у гэтых дыскусіях і філосафы, пратэстанты ў асаблівасці. Пачынаюцца такія ж пошукі і ў сферы мастацтва, гэтай найбольш, можа, пацярпеўшай ад агульна-абсурдысцкага крызісу сферы заходняй культуры ў абставінах, як піша Томас Одэн, мадэрнісцкага і постмадэрнісцкага шавінізму.

Цікава пры гэтым, што пошукі тыя ідуць не шляхам адраджэння традыцыйна-абсалютнага ідэалу прыгажосці-гармоніі, увасобленага ў нейкім тоесна-цэласным, канкрэтным прадмеце ці вобразе, як гэта рабілася звычайна ў класічнай мінуласці, падобнай веку Перыкла або Высокага Рэнесансу. Таму і дасягненні іх былі такімі кароткімі ці, тым болей, штучна-гвалтоўным чынам дасягнутымі, як у мастацтве сацрэалізму, дзе ніякай рэальнай гармоніі не існавала наогул. Пошукі гэтыя ідуць на сённяшнім Захадзе ў кірунку дасягнення не кропкавай, а агульнай, сумарнай, так бы мовіць, расцягнутай у прасторы і часе раўнавагі паміж крайнасцямі жыцця, як, напрыклад, у амерыканскім фільме “Курынае ранча”, дзе апісваецца такое своеасабліва-гарманічнае, хоць і вельмі рухомае, скажам так, суіснаванне паміж надта сур”ёзным гарадскім маралістам-шэрыфам і вясёлымі, сімпатычнымі прастытуткамі, супрацоўніцамі бардэля па суседстве. Або ў італьянскім фільме “Злодзей”, што дабрадушна апавядае пра жыццё і зусім нехрысціянскія “подзвігі” таго самага злодзея, які быў укрыжаваны побач з Хрыстом і якога, нягледзячы на гэта, Хрыстос абяцае забраць з сабой у рай. Увогуле, калі ўспомніць адносна даўнюю ўжо работу Р. Нібура “Хрыстос і культура”, усё большую і большую ўвагу на Захадзе побач з крайнімі формамі пачуццёва-матэрыяльнага бяздумнага прагматызму пачынае прыцягваць сёння ў ролі процівагі асоба Хрыста і яго вучэнне як магчымы, хоць і вельмі няпросты правобраз грамадскага ідэалу. Нават і ў эканоміцы, як мы ўжо бачылі, узнікаюць цікавыя спробы выкарыстання евангельскіх ідэй і матываў, прыкладам чаго можа служыць той жа пратэстанцкі святар-эканаміст Майкл Новак з яго “духам дэмакратычнага капіталізму” або Рычард Нейгауз, аўтар гэтак жа вядомай сёння кнігі “Бізнес і Евангелле” з вельмі характэрным падзагалоўкам: “выклік хрысціяніну-капіталісту”. Характэрна таксама, што і сама рэлігія як чыстая духоўнасць пачынае са свайго боку імкнуцца да збліжэння з зямным, матэрыяльным жыццём, узяць хоць бы амерыканскую “тэалогію смерці Бога” (амерыканскі тэолаг Х. Кокс у сваёй манаграфіі пра цяперашнюю царкву разглядае нават рок-музыку і сучасны заходні секс у аспекце магчымасці скарыстання ўсяго гэтага ў царкве!).

1   ...   18   19   20   21   22   23   24   25   ...   30


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка