М. І. Крукоўскі Бляск і трагедыя ідэалу




старонка21/30
Дата канвертавання14.03.2016
Памер7.26 Mb.
1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   ...   30
Ідэал і эканамічнае жыццё. Калі ўжо ўспомніць тут эканоміку, дык і на яе ўплывае дух, аб чым сведчыць не толькі еўрапейская тэарэтычная думка ў асобе М. Вебера і сучасных М. Новака і П. Казлоўскі, але і сярэднеўсходні арабскі вопыт. Гэты апошні даходзіць да нас, на жаль, у вельмі скажоным выглядзе з-за вострых чыста палітычных супярэчнасцей паміж амерыкана-еўрапейскай грамадскасцю і іслама-арабскім соцыякультурным светам. Да амерыкана-еўрапейскага боку ў гэтым процістаянні крывадушна далучаецца і Расійская Федэрацыя, каб неяк замаскаваць пад маркай барацьбы з тэрарызмам сваё цынічнае дзяржаўна-сілавое, тэрарыстычнае па сутнасці падаўленне нацыянальна-вызвольнага руху чачэнскага народа. Прызнаючы бясспрэчны факт нечуванага росквіту, напрыклад, Арабскіх Эміратаў, факт гэты тлумачыцца звычайна тым, што яны, маўляў, зусім выпадкова знайшлі на сваіх тэрыторыях бязмежныя запасы нафты і толькі таму так паднялі свой жыццёвы ўзровень. Але і ў Расіі маюцца такія ж запасы той жа нафты і іншых энерганосьбітаў, а яна як была зласлівай і зайздрослівай напаўжабрачкай, такой застаецца і сёння. І ніхто не хоча тут бачыць ролі менавіта ісламу, як кіруючай ідэі ў арабскім свеце, толькі што выйшаўшым з каланіяльнай залежнасці і адваяваўшым сабе цвёрды суверэнітэт і духоўна-эканамічную незалежнасць. Арабскі свет безумоўна перажывае сёння сапраўдную вясну ў сваёй гісторыі, сапраўднае Адраджэнне сваёй некалі вялікай духоўнай і матэрыяльнай культуры, адраджэнне сваёй нацыянальнай самасвядомасці, на якой і асноўваецца яго суверэнітэт. Так ці гэтак, але нам, еўрапейцам, з гэтым прыдзецца сёння мужна пагадзіцца. Вядомы нам француз Рэнэ Генон ужо даўно энергічна выразіў гэта сваім асабістым пераходам у іслам і нават зменай уласнага імя на мусульманскае. Перайшоў у іслам і знакаміты ў свой час сваімі выступленнямі супраць ленінска-сталінскага дагматызму францускі марксіст Ражэ Гарадзі. Нават у сучаснай Расіі рэжысэрам Ул. Хаціненка створаны нядрэнны кінафільм на падобную тэму “Мусульманін” з бліскучым выканаўцам галоўнай ролі Яўгенам Міронавым. Фільм, створаны несумненна пад уплывам вядомай кнігі Мухамада аль Хашымі “Асоба мусульманіна згодна Карану і Суне”, якраз і прысвечанай ідэалу ісламскай асабістасці166. Якую сілу дае народу нацыянальная ідэя, што грунтуецца на веры ў абсалютную, боскую правату яе, бо ідэя свабоды і незалежнасці народу даецца Богам, – гэта можна бачыць сёння і на прыкладзе трагічнай Чачні, мужна процістаячай імперскай агрэсіі Расіі.167 Там, як і ў іншых арабскіх краінах, можна назіраць нават прыклады прамога самаахвяравання ў барацьбе за свабоду і незалежнасць. Праўда, і ў арабскім свеце прасвечваюць часам знаёмыя нам па сталінізме рысы нядобрай таталітарнасці на пачатковай фазе развіцця, калі ўзяць, напрыклад, ісламскія рэспублікі тыпу Ірану, Іраку або афганскіх талібаў, не кажучы ўжо аб злавеснай фігуры Бен-Ладана і яго жахлівых тэрарыстычных актах супраць ЗША. Але трэба мець на ўвазе, што гэта традыцыйна рэлігійныя грамадствы, што знаходзяцца зараз на фазе сапраўднага духоўна-маральнага пад”ёму, а не ахлакратычны абязбожаны соцыум савецкага ўзору, што ўжо з самага пачатку свядома абапіраўся толькі на матэрыяльную сілу ды волю найменш сацыялізаванага і найбольш абязбожанага пласту насельніцтва – пралетарыяту (варта ўспомніць толькі славутую рэпліку Сталіна на чыюсьці заўвагу пра моц Ватыкана: “Ватыкан? А колькі ў яго дывізій?”). Таму такое злаякаснае перараджэнне гэтай “дзіцячай хваробы левізны” і з такімі ж злавеснымі наступствамі, як у былым СССР, у цяперашніх рэлігійных арабаў наўрад ці магчымае.

Суверэнітэт Рэспублікі Беларусь вісіць сёння, як кажуць, на валаску, калі ўлічваць палітыку сучасных улад і тое, што сама Беларусь даўно ўжо ператворана ў “зборачны цэх Расіі”, зросшыся не па ўласным жаданні з эканомікай апошняй падобна сіямскім блізнятам. Але галоўная прычына тут у тым, што вельмі неразвітай з’яўляецца нацыянальная самасвядомасць беларусаў і амаль што поўнасцю адсутнічаюць у іх патрыятычныя ідэалы. У тых самых беларусаў, што ў часы другой сусветнай вайны здолелі арганізаваць супраць гітлераўскіх акупантаў магутнае партызанскае супраціўленне, за якое Беларусь, нават не будучы фактычна суверэннай дзяржавай (суверэнітэт саюзнай рэспублікі з правам нават аддзялення ад СССР, абяцаны ёй сталінскай канстытуцыяй 1936 года, на справе з’явіўся ўсяго толькі цынічным блефам), была прынята ў склад дзяржаў-заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. І гэтае супраціўленне было па сутнасці хай сабе і не вельмі ўсвядомленым, але нацыянальна-вызвольным рухам. Беларусы сучасныя, аднак, аказаліся даведзенымі палітыкай умыснага падаўлення нацыянальнай самасвядомасці і актыўнай русіфікацыі з боку Расіі да стану, калі для іх, як гаварылі рымляне, ibi patria ubi bene, там айчына, дзе таннейшая кілбаса. Таму і на рэферэндуме яны могуць сёння, напрыклад, бяздумна, як трус перад удавам, прагаласаваць за поўнае далучэнне да Расіі. Нават у сённяшнім яе непрыглядным стане, калі яна сама галадае і мёрзне, але не хоча расстацца са сваімі традыцыйна імперскімі амбіцыямі. Толькі выпрацаваныя нацыянальнасвядомай інтэлігенцыяй і дастаткова развітыя ідэалы свабоды і незалежнасці, з дапамогай гэтай інтэлігенцыі авалодаўшы народнымі масамі, стануць асноўнай умовай захавання беларускага суверэнітэту. Суверэнітэт, як і палітыка наогул, ёсць не канцэнтраваная, згодна Леніну, эканоміка, а канцэнтраваная нацыянальная самасвядомасць, ідэя, дух, канечнай інстанцыяй якіх з’яўляецца Бог. Апошняе тут асабліва важна падкрэсліць, бо нават нацыянальна-дзяржаўны суверэнітэт не ёсць штосьці абсалютнае. Не абсалютныя і агульначалавечыя каштоўнасці, аб’яднаныя словам “гуманізм”. Абсалютным гуманізм становіцца толькі тады, калі ён, як пісаў Жак Марытэн, з’яўляецца інтэгральным, г. зн. уключае ў сябе і Бога ці, дакладней, сам падпарадкуецца Богу як сваёй самай высокай інстанцыі, свайму інтэгральнаму ліміту. Абсалютным суверэнітэтам валодае толькі Бог у сэнсе найвышэйшай, канечнай метаструктуры ці, як было сказана раней, структуры структур. Бог як абсалютная крыніца не толькі маральных, але і прыродна-жыццёвых і нават агульна-касмічных законаў, ідэалаў і нормаў. Без гэтага і нацыянальная ідэя і адпавядаючы ёй дзяржаўны суверэнітэт імгненна ператворацца ў фальшывы ідал і кумір, што часцей за ўсё, напрыклад, можа здзейсніцца ў такой непрыгляднай з’яве, як нацыяналізм у яго крайняй форме або тым болей расізм, як гэта здарылася ў Германіі 30-х гадоў.

Таму тут і колькасная перавага бальшыні як толькі матэрыяльнай колькасці (успомнім Генона!) не мае асаблівага значэння. “Малая закваска заквашвае ўсё цеста”, – пісаў да галатаў яшчэ апостал Павел. Саміх апосталаў Хрыста быў некалі адзін толькі тузін, але яны перавярнулі свет. Так і сёння павінны думаць і дзейнічаць нашы беларускія інтэлігенты, сучасныя шчырыя апосталы беларускай нацыянальнай ідэі. Нават застаўшыся ў поўнай адзіноце, не трэба губляць упэўненасці ў справядлівасці і праўдзівасці свайго ідэалу, як гэта рабіў Іаан Прадцеча, не баючыся ні насмешак, ні кпін, ні нават магчымасці страціць за яго і ўласнае жыццё. Рабіў нават тады, калі голас яго, згодна евангелісту Мацвею, гучаў, як голас вапіючага ў пустэльні. Ды і ў іншых рэлігіях мы сустракаем падобныя ж прынцыпы і нарматывы. Таму і высунутая нядаўна нядобразычліўцамі беларускасці з Беларускага Універсітэта культуры запазычаная з фізікі і заалогіі канцэпцыя “крытычнай масы”, згодна якой беларуская культура, маўляў, даўно ўжо згубіла гэтую “масу” і не мае пэўнай велічыні як неабходнай умовы адраджэння і далейшага развіцця, канцэпцыя штучная, фальшывая і ў аснове сваёй фактычна здрадніцкая. Тым больш, што гэта пярэчыць і вынікам нядаўняга перапісу насельніцтва, згодна якому беларусамі сябе лічыць больш чым 80% жыхароў Беларусі.

Гэтае ж пытанне аб аптымальнай суадносіне ідэальнага і матэрыяльнага ў грамадскім жыцці імкнецца вырашыць яшчэ з часоў папы Льва ХIII і каталіцкая царква, пра што сведчыць, напрыклад, адносна нядаўняя энцыкліка папы Яна-Паўла II “Exercens laborem” (Робячы працу). У самой матэрыяльнай культуры і эканоміцы Захаду стаіць тая ж самая праблема, калі, напрыклад, успомніць бесперапынную палеміку паміж кейнсіянцамі і фрыдманістамі. І там па-ранейшаму адчуваецца вострая патрэба ў гарманізацыі ўзаемаадносін паміж грамадствам і асобай, дзяржавай і рынкам, душой і целам, а значыць, і ўвогуле паміж ідэальным і матэрыяльным. Усё больш і больш нарастае крызіс бездухоўнасці, спажывецтва і індывідуалізму, пра што пішуць і сучасныя палітолагі Ш. Дэбаш і Ж.-М. Панц’е. А П. Дж. Б’юкенэн дык і кнігу сваю пра ўсё гэта ў цэлым, як ужо было сказана, назваў “Смерць Захаду”168. Характэрна, што сёння, напрыклад, на Захадзе ўсё часцей пачынаюць гаварыць не толькі аб правах чалавека, але і аб яго абавязках, і нават робяцца спробы стварыць адпаведныя грамадскія арганізацыі. А ў галіне эканомікі, згодна сведчанню саліднай Брытанскай Энцыклапедыі і вопыту сённяшняга агульнасацыяльнага крызісу, перавагу маюць менавіта кейнсіянцы над фрыдманістамі, што зусім не шкодзіла б ведаць нашым мясцовым эканамістам хатняга ліберальна-дэмакратычнага гатунку.

Увогуле, калі, улічыўшы ўсё сказанае, яшчэ раз вярнуцца да праблемы дэмакратычных выбараў, прыходзіш да высновы, што выбіраць абавязкова трэба не канкрэтнага фізічнага чалавека, а, так бы мовіць, агульную ідэю, увасобленую ў гэтым чалавеку169. Кандыдат прадстаўляе на выбарах не сябе, а той ідэал ці нават сістэму ідэалаў, якія ён будзе здзяйсняць, выступаючы ад імя народу і дзеля яго. Таму безумоўна больш падыходзячай сюды аказваецца ў агульных рысах не мажарытарная, а прапарцыянальная выбарчая сістэма, калі выбіраецца не столькі канкрэтная асоба з пэўным канкрэтна-матэрыяльным “іміджам”, колькі агульная ідэя, прадстаўленая пэўнай палітычнай партыяй з канкрэтнай сацыяльнай праграмай у якасці яе грамадска-палітычнага ідэалу. Гэта тым больш дэмакратычна, бо і ўнутры партый лідэры таксама выбіраюцца шляхам галасавання, і там гэтае галасаванне ў яшчэ большай ступені залежыць ад ідэальнага фактару, паколькі партыя ўжо сама па сабе ўяўляе найбольш свядомую групу людзей, і на першыя месцы там вылучаюцца самыя выдатныя ў маральна-інтэлектуальных адносінах асобы. Пра гэта пісалі яшчэ Платон і Арыстотэль, калі параўноўвалі арыстакратыю і дэмакратыю. Выбары па партыйных спісах – гэта тыя ж самыя шматступенныя выбары, пры якіх магчымасць прыходу да ўлады зусім выпадковай, прахіндзеістай асобы на шмат меншая, чым пры мажарытарнай выборчай сістэме ва ўмовах грамадства ў цяперашнім яго стане. Нават бальшавікі нядрэнна гэта разумелі, калі вуснамі Леніна характарызавалі партыю як перадавы атрад, прызваны ўносіць ідэю ў масу “простага” народа. Іх фатальнай бядой было, аднак, тое, што ідэя гэтая мела ў прынцыпе матэрыялістычны характар, і гэта хутка канчаткова “матэрыялізавала” разам з ідэяй і саму партыю. Партыя ператварылася ў дзяржаву ўнутры дзяржавы і атрымала ў рукі матэрыяльную ўладу ў выглядзе заснаванай на гвалце дыктатуры, хутка пераросшую ў дыктатуру ВЧК-КДБ, на базе якой зверху заканамерна ўзнікла дыктатура фізічнай асобы, а ўнізе – гэтак жа фізічны, матэрыяльны Архіпелаг ГУЛАГ. І тут, такім чынам, на першы план выступае таксама быццам бы ідэя, але на справе ўжо не ідэя, а проста арганізацыя, прадстаўленая шайкай лоўкіх злачынцаў і бандзюг. Канечная эфектыўнасць нават самай высокаарганізаванай і дысцыплінаванай палітычнай партыі залежыць ад якасці вядучай ідэі, ад яе агульнасці і глыбіні, а якасць гэтай ідэі – ад яе блізкасці да таго, што тут было акрэслена як паняцце Бога ў прынятым тут яго разуменні. Так што не прывядзі, Госпадзі, каб да ўлады калі-небудзь прыйшла, напрыклад, “партыя” на базе “ідэі” аматараў піва ці што-небудзь падобнае расійскаму вытворцу гарэлкі Доўганю (у Расіі ўзнікала нават партыя Смірновых, аб’яднаная па прыкмеце ўсяго толькі прозвішча славутага гарэлачнага фабрыканта!).

Аднак і тут усё яшчэ не так проста. Пад дэмакратыяй, напрыклад, мы заўсёды разумеем стан грамадства, калі яго ўладныя структуры арганізуюцца шляхам усенароднага галасавання170 і спасылкі на волю бальшыні. Інфармацыя, аднак, падобна тэмпературы ў фізіцы, не складваецца і не раўняецца велічыні яе агульнай сумы. Новыя ідэі ніколі не ўзнікаюць шляхам галасавання як думка бальшыні. Ідэя заўсёды нараджаецца ў чыейсьці адной, як ужо было сказана, канкрэтнай разумнай галаве, што асабліва выразна назіраецца, напрыклад, у навуцы. Ідэя заўсёды зыходзіць зверху, і нездарма нават будучы атэістамі гавораць у такім выпадку: гэта ад Бога. Але ў сваім, так бы мовіць, чыстым выглядзе ідэя яшчэ не ёсць грамадскі ідэал. У ідэал яна ператвараецца, атрымаўшы ўжо пэўную ступень канкрэтызацыі і, можна нават сказаць, аб’ектываванасці. Калі ў фізіцы, напрыклад, ідэя выступае яшчэ як агульны закон, выражаны абстрактнай матэматычнай формулай, то ў тэхніцы яна прымае ўжо выгляд канкрэтных разлікаў з пэўнымі тэхналагічнымі рэкамендацыямі, якія і рэалізуюцца ў нейкай канкрэтна-матэрыяльнай машыне або прыстасаванні.



Гэтак жа і ў сацыяльнай рэчаіснасці. Тут таксама першапачатковая ідэя нараджаецца ў галаве філосафа ў абстрактна-лагічнай форме, пераходзячы затым у голавы палітолагаў, эканамістаў і практычных палітыкаў і прымаючы ўжо форму ідэалу як цэласнай сістэмы не толькі агульных ідэй, але і больш канкрэтных сацыяльна-палітычных рэкамендацый на яе базе, лозунгаў або нават так званых міфалагем, зразумелых і блізкіх ужо і больш шырокаму кругу людзей. Толькі тады ідэя, авалодваючы, як некалі было сказана, масамі, стаць можа прадметам не толькі разумення, але і веры. І толькі тады яна можа быць пастаўлена і на галасаванне. У працэсе такой сваёй далейшай рэалізацыі сфарміраваныя на базе гэтай ідэі сацыяльна-палітычныя ідэалы прымаюць і форму юрыдычных нормаў, становячыся элементамі прававой дзяржавы як пэўнай сацыяльнай рэальнасці ўжо ў адзінстве яе ідэальных і матэрыяльных іпастасей з яе матэрыяльна-сілавымі ўладнымі структурамі ўключна. Дзяржава ж, як гаварыў яшчэ Гегель, ёсць матэрыялізаваная мараль. А далей ужо, авалодаўшы масамі як сваімі сістэмнымі элементамі, ідэя становіцца і матэрыяльнай сілай. Але ў адрозненне ад яе марксава разумення яна не губляе пры гэтым духоўнай сутнасці а, наадварот, узмацняе яе, захоўваючы сваю ідэальнасць як мэту. Матэрыяльнае ж яе ўвасабленне, сілу – усяго толькі як сціплы дапаможны сродак. Ідэя ўвогуле нараджаецца ў адной галаве, народ жа яе толькі рэалізуе. Глінка, наш знакаміты зямляк, некалькі ўсё ж такі пераацэньваў справу, калі пісаў, што музыку стварае народ, кампазітары ж яе толькі аранжыруюць. Сам па сабе голас народа – гэта даёка яшчэ, як было сказана, не голас Божы. Народ, што мы ўжо бачылі, галасаваў у свой час амаль стопрацэнтна за Сталіна, галасаваў ён таксама бальшынёй і за Гітлера. Непрыемна, на жаль, але факт!

Ідэал і інтэлігенцыя. Адсюль велізарная пазітыўная роля духоўнай эліты ў сацыяльна-палітычным жыцці грамадства, у ролі якой выступае інтэлігенцыя. Пра гэта выразна пісалі і не раз і тыя ж самыя Шпенглер і Тойнбі. На гэтым фоне выразна бачнай становіцца страшная небяспека, калі пэўны палітычны дзеяч, выдаючы сябе за дэмакрата, дзейнічае з апорай на так званы просты народ, фактычна супрацьпастаўляючы яго інтэлігенцыі, як гэта было з бальшавікамі, з гітлераўцамі і што ў пэўнай ступені мае месца на Беларусі і цяпер. Так ці інакш, але такі дзеяч абапіраецца толькі на нізкія, у канечным ліку пачуццёва-жывёльныя стымулы і страсці такога абезгалоўленага народу, які Артэга-і-Гасет проста акрэсліваў як натоўп ці зусім ужо, як у Рысмена, натоўп адзінокіх. Бачнай становіцца і неабходнасць своеасаблівай сацыяльнай сталасці самога народа для здзяйснення і рэалізацыі ў ім сапраўдных дэмакратычных ідэалаў. Сацыяльна сталы народ уяўляе сабой цэласную жывую сістэму, і вялікую рацыю мелі ўсё ж такі і старажытны рымлянін Мененій Агрыпа, як бы яго ні высмейваў Шэкспір, і многа пазнейшы за яго англійскі філосаф Герберт Спенсер, калі параўноўвалі народ з целам чалавека, а яго паасобныя сацыяльныя стратусы – з адпаведнымі органамі апошняга. Нешта падобнае, зрэшты, можна бачыць і ў яшчэ куды больш старажытнай індыйскай Рыгведзе, згодна якой паасобныя пласты грамадства аказваюцца членамі цела самога касмічнага боства Пурушы.

Праўда, сёння параўнанне народа з біялагічным арганізмам успрымаецца ўжо пераважна як не вельмі ўдалая. наіўная метафара, і замест слова “арганізм” пажадана ўжываць сучасны навуковы тэрмін “сістэма”. Тым не менш, калі па-ранейшаму прытрымлівацца такой метафары, інтэлігенцыя сапраўды ёсць своеасаблівая галава народа, яго мозг, і сацыяльная сталасць народа праяўляецца перш за ўсё ва ўсведамленні ім самога сябе як такой адзінай не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай цэласнасці. Вельмі вялікім і небяспечным глупствам аказваюцца асабліва модныя сёння ў нас на Беларусі спробы супрацьпаставіць інтэлігенцыі як галаве народа яго ўсяго толькі моцныя, працавітыя рукі, пакінутыя фактычна без галавы. Узаемасувязь і цэласнасць гэтых кампанентаў праяўляюцца ў тым, што звычайна і акрэсліваецца як нацыянальная самасвядомасць. Нацыя ж ужо па свайму дакладнаму зыходнаму сэнсу азначае народ (старарымскае слова natio так і перакладаецца: народ) як такі менавіта сацыяльны арганізм..171 А тады і яго сацыяльныя ідэалы, што таксама ўтвараюць пэўную іерархічную сістэму, аб’ядноўваюцца адной агульнай ідэяй – менавіта ідэяй нацыянальнай. Ідэяй, якая знізу, так бы мовіць, укараняецца ў паняцці дзяржаўнага суверэнітэту і яшчэ ніжэй – у матэрыяльную культуру народа аж да яго расава-антрапалагічных асноў. А зверху, хоць і апасродкавана, цераз норму агульначалавечага гуманізму, але злучаецца з паняццем Бога як найвышэйшым каштоўнасным арыентырам. У працэсе ж рэалізацыі гэтай сістэмы ідэалаў, аб’яднаных нацыянальнай ідэяй, узнікае і фарміруецца нацыянальная дзяржава як рэальнасць не толькі маральнай, паводле Гегеля, але і нацыянальнай ідэі, што і выражаецца ўсім нам знаёмымі і дарагімі нашаму сэрцу незалежнасцю і суверэнітэтам, гэтымі цэнтральнымі паняццямі ў сістэме сацыяльных ідэалаў. Вакол якіх і адбываецца, па сутнасці, падобна працэсу крышталізацыі, працэс фарміравання і рэалізацыі ўсёй вышэйазначанай іерархічнай сістэмы каштоўнасцей нацыі як у ніжніх, матэрыяльных, так і ў верхніх, ідэальна-духоўных яе пластах.

У сувязі з гэтым становіцца яснай і сацыяльная роля і характар асобы, што ўзначальвае такую дзяржаву і як бы ўвасабляе ў сабе ўсе яе ідэалы. Тут не месца абмяркоўваць гэтую праблему ў чыста палітычным і, тым болей, у юрыдычным сэнсе. У гэтым плане існуюць, напрыклад, прэзідэнцкія і парламенцкія рэспублікі з рознымі прававымі ролямі гэтых інстытутаў, але ў агульным плане, думаецца, на самым дзяржаўным версе павінна знаходзіцца адна канкрэтная асоба, якая і факусіруе ў сваёй дзейнасці ўсе жаданні і мары абраўшага яе народа. Гэтая асоба абавязана не столькі канкрэтна выконваць чыста прафесійныя ўладныя функцыі, як, напрыклад, у заканадаўчых, выканаўчых і судовых органах, акрэсленых у свой час яшчэ Мантэск’ё, колькі служыць своеасаблівым сімвалам і ўвасабленнем, паўтараем, агульных ідэалаў народа. І ў азначаным сэнсе асноўнай рысай такога чалавека павінна быць не толькі універсальная разумнасць, якая ўласціва толькі філосафу і завецца звычайна мудрасцю, але і асабістая маральна-духоўная аура і чысціня, чаго і патрабуе, уласна, народ, калі аддае яму свае галасы і свой давер.

Наяўнасць такой асобы становіцца патрэбнай асабліва на першай фазе цыклу развіцця, на якой ідэальнае пераважае над матэрыяльным і якую Сарокін называў ідэяцыянальнай фазай. Ці ў перыяд нацыянальнага адраджэння, што тое самае і што якраз і павінна мець месца сёння на Беларусі. Прыкладам такой асобы можа ў пэўным сэнсе служыць у чэхаў Вацлаў Гавел альбо Нельсан Мандэла ў жыхароў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. У нас у Беларусі гэткую ж ролю мог бы цалкам адыграць Зянон Пазьняк, амаль адзіны з сучасных беларускіх палітыкаў, які заўсёды ставіць на першае месца ў палітыцы мараль і духоўную чысціню і якога апаненты па наіўнамарксісцкім стэрэатыпе ўсё яшчэ абвінавачваюць за гэта ў ідэалізме. Абвінавачваюць неабгрунтавана, не разумеючы таго, што менавіта ідэалізм у гэтым плане якраз нам сёння і патрэбен.

Пры ўсім гэтым, аднак, не павінна быць нічога падобнага абагаўленню ці так званаму культу асобы, як мы бачылі, на жаль, у камуністычнай практыцы ў выпадку Леніна або тым болей Сталіна і пра што яшчэ ў далёкай старажытнасці пісаў старажытнагрэчаскі філосаф Эўгемер. Тады сапраўды былі створаны амаль што па-біблейску матэрыяльныя ідалы і куміры з пакланеннем іх мошчам, муміям і да т. п. Не павінен мець месца і папацэзарызм, колішняя мара рымскіх першасвятароў, пры якім на чале дзяржавы становіцца першая асоба царквы, або так званы цэзарапапізм, калі, наадварот, імператар прэтэндуе на ролю папы, як гэта было ў Візантыі. Не падыходзіць сюды па сутнасці і нейкі вузкаспецыялізаваны прафесіянал – эканаміст або, яшчэ горш, генерал, што становіцца пашыраным і ледзь не модным у нашы нядобрыя часы (некаторыя нашы нядальнабачныя эканамісты-палітыкі паглядалі нават на крывавага Піначэта як на нейкі магчымы ўзор для Беларусі!). За выключэннем, можа, такіх нестандартных асоб, як Эйзенхаўэр або дэ Голь, вайсковец на пасадзе прэзідэнта краіны ўжо з часоў Юлія Цэзара ўяўляе вялікую небяспеку для дэмакратыі, класічным пацвярджэннем чаго можа быць хоць бы той жа Напалеон або тым болей Піначэт, якія нават пры ўсёй сваёй прафесійнай таленавітасці рэалізоўвалі свае ідэалы пераважна амаральнымі вульгарна-сілавымі прыёмамі. Успомнім па-свойму красамоўны выраз Напалеона пра тое, што памылка ёсць нешта горшае, чым нават злачынства, не кажучы ўжо пра Піначэта, якога сёння прыцягваюць да судовай адказнасці як проста крымінальнага злачынцу. Расійскі генерал Лебедзь, што ўжо на губернатарскай пасадзе збіраўся “ломать хребты” ды “выпрямлять горбатых”, быў дастаткова выразлівы ў тым жа сэнсе, калі б яго не спыніла заўчасная смерць. Ды і аб сённяшнім прэзідэнце Расіі былым палкоўніку КДБ У. У. Пуціну можна сказаць тое самае, успомніўшы, як ён, не задумваючыся, прынёс у ахвяру сваім прэзідэнцкім амбіцыям жыццё каля паўтары соцен уласных грамадзян, ужо не кажучы пра ўвогуле блізкую да генацыду ганебную чачэнскую вайну. Мы ўжо маўчым пра беларускія абставіны, дзе не раз публічна пагражалася не толькі паадкручваць галовы палітычнай апазіцыі, але і паздзіраць скуры са сваіх падначаленых калегаў-службоўцаў.

Эканаміст таксама не вельмі падыходзіць сюды з-за вузкаматэрыялістычнай накіраванасці сваёй прафесіі, што гэтак жа не садзейнічае працэсу рэалізацыі такога высокадухоўнага паняцця, як ідэал. Эканоміка задавальняе толькі патрэбы цела, а душы не дае нічога. Душу не задаволіш каўбасой. А ў сучаснай Расіі дык і наогул эканамісты-палітыкі вылучаюцца тэндэнцыяй да злаякаснага перараджэння ў крымінальна-мафіёзную структуру, як аб гэтым сведчыць прыклад з Хадаркоўскім або са злавесным тандэмам Быкаў – Абрамовіч. Volens-nolens тут зноў такі прыходзіцца ўспомніць пра вядомы платонаў тэзіс аб тым, што на чале дзяржавы павінны стаяць філосафы, бо гэта якраз найбольш падыходзячая сюды прафесія. Трэба мець на ўвазе, аднак, і той шматзначны і трагічны па сутнасці факт, што ў гісторыі гэта амаль што ні разу нідзе не здзейснілася і, пачынаючы ўжо з сумнага вопыту самога Платона, філосафы амаль што заўсёды цярпелі на арэне палітыкі пакутліва-трагічны крах (Платона, як толькі ён паспрабаваў здзейсніць на практыцы гэты прынцып, тыран Дыянісій прадаў, як вядома, у рабства, адкуль таго з найвялікшымі цяжкасцямі выкупілі сябры).

Наогул, асоба, будучы носьбітам ідэі і нагадваючы сабой іскру, з якой узгараецца пазней агульнанароднае полымя, ужо з часоў Іаана Прадцечы носіць выразна трагічны характар. Першай з’яўляючыся на гістарычнай арэне, яна часта аказваецца ў адзіноце, незразуметая сваім народам, і гіне сама, пакінуўшы, аднак, пасля сябе светланосны пуцяводны арыенцір. Такімі былі Праметэй і Хрыстос, ды і ў лёсе Канфуцыя і Буды назіраецца нешта падобнае. Тое ж самае сустракае і сённяшніх палітыкаў-ідэалістаў, за якімі па духоўнай цемнаце сваёй не пайшоў яшчэ ўласны народ. Такой уяўляецца, напрыклад, трагічна-велічная асоба таго ж Зянона Пазьняка. Але па сутнасці сваёй яны не застаюцца ўсё такі ў абсалютнай адзіноце, бо з імі – Бог. Гэтыя асобы калі і гінуць, то толькі фізічна. У плане духоўным яны сапраўды пераходзяць у іншы свет, свет вечнай, бессмяротнай ідэальнасці, свет, блізкі па сваёй прыродзе да структуры структур.

У тым і заключаецца, дарэчы, не толькі спецыфіка сацыяльнага жыцця, але ў прынцыпе і ззяючая светланоснасць і адначасова трагізм самой катэгорыі ідэалу. Нягледзячы на тое, што абодва як бы створаны адно для аднаго, ідэал і жыццё, ідэальнае і матэрыяльнае замест жаданай гармоніі і тут, як і наогул у быцці, дэманструюць усё тую ж праславутую барацьбу процілегласцей, якой Кант прыпісваў увогуле невырашальны, антынамічны характар. Менавіта таму палітык, кіруючыся самым найлепшым ідэалам, можа застацца, як ужо было сказана, незразуметым сваім народам. Гэты самы народ, больш таго, можа нават крычэць “распні яго!”, як гэта было з Ісусам Хрыстом, або старацца падкласці і сваю вязанку хворасту ў ягоны касцёр, што, калі верыць вядомай легендзе, здарылася з вялікім чэхам Янам Гусам. Але і ў гэтай трагічнай і, здавалася б, поўнай адзіноце чалавек застаецца не адзін, а са сваёй апошняй, але вечнай і абсалютнай апорай – Богам, які і дае яму сілы выстаяць. Выстаяць, калі ён сапраўдны чалавек і мае мужнасць быць часткай не толькі народа, чалавецтва і прыроды, але і адухаўлёнаму ў цэлым Космасу, імя якому – зноў такі Бог. Выстаяць, калі яму пагражаюць нават фізічная расправа і смерць. І не толькі пасіўна стаяць, але і актыўна змагацца да апошняга, у чым і заключаецца яго чалавечая ідэальная сутнасць у адрозненне ад звычайнай жывёліны.

Мы па магчымасці паслядоўна разгледзелі праблему ідэалу ў самых агульнафіласофскіх яе абрысах, дзе рашэнне выступае яшчэ як у пэўным сэнсе гіпатэтычная абстрактная мадэль. Але і з гэткай лагічнай схемы можна зрабіць дастаткова пераканаўчыя высновы, што ў практычным плане знойдуць самае непасрэднае пацверджанне і ўвасабленне. Самая важная з іх – гэта тое, што ідэал не толькі не можа не імкнуцца да рэалізацыі і здзяйснення ў кожным канкрэтным выпадку, але што ён, існуючы як усеагульны кантаўскі катэгарычны імпэратыў, утварае спецыфічнае, рэзка палярызаванае і ў той жа час цэласна-неразрыўнае сілавое поле, дзе зверху, ад узроўню структуры як прадстаўніка ідэальнасці ў кірунку негэнтрапійнага вектара дзейнічае неадольны прынцып агульнага рацыянальна-разумовага маральнага абавязку, а знізу, ад узроўню элементаў як прадстаўніка матэрыяльнасці і ў кірунку энтрапійнага вектара гэтак жа неадольна функцыянуе прынцып прыватнага эмацыянальна-пачуццёвага жадання. І толькі з арыентацыяй згодна палярнасці гэтага агульнага поля, падобна намагнічанай стрэлцы ў полі магнітным, і менавіта арыентацыі на яго духоўна-маральны полюс, і можа быць рэалізаваны нейкі асобны, канкрэтны ідэал. Пра рэальную магчымасць існавання такога поля ў больш канкрэтным сацыяльна-псіхалагічным аспекце цікава пісаў некалі нямецкі псіхолаг Курт Левін. Больш таго, толькі пры пэўнай, скажам так, сугучнасці, ці гармоніі, з гэтым агульным полем можа быць дасягнута такая больш-менш устойлівая рэалізацыя ідэалу. Іншымі словамі, ідэал здзяйсняецца толькі тады, калі прыйдзе ў своеасаблівы рэзананс не толькі з ніжэйшымі, энтрапійна-матэрыяльнымі ўзроўнямі агульнай структуры быцця, але і з вышэйшымі, негэнтрапійнымі, інфармацыйна-духоўнымі яе ўзроўнямі, у тым ліку і са структурай структур. Той самы рэзананс, пра які пісаў Леў Гумілёў, тлумачачы ўведзенае ім паняцце пасіянарнасці. Ідэал павінен не толькі падпарадкоўваць ніжэйстаячыя стуктурныя ўзроўні сабе як вышэйшаму ўзроўню, але і сам падпарадкоўвацца яшчэ больш высокім узроўням на чале з іх абсалютным, вярхоўным арыенцірам – Богам. І гэта тут самае галоўнае, бо калі пэўны канкрэтны ідэал і рэалізуецца на нейкім канкрэтным, бліжэйшым да яго вузкім узроўні, нават утварыўшы там адносную гармонію ідэальнага і матэрыяльнага (характэрна, што ў такім кантэксце і гэтыя тэрміны неяк губляюць свой сэнс рэзка процістаячых лагічных палюсоў), усё роўна такая новаўтвораная грамадская сістэма сама не будзе мець дастатковай ўстойлівасці ў акаляючай яе больш шырокай сістэме і вырадзіцца ў сістэму куміраў і ідалаў, што і здаралася не раз у гісторыі. Самым выразным прыкладам гэтага якраз і з’явілася сумная гісторыя пабудовы сацыялізму ў СССР

Адносна ўвогуле праблемы рэалізацыі ідэалу існуе таксама два процілеглыя пункты погляду. Згодна аднаму, як было раней паказана, ідэал павінен рэалізоўвацца ў форме канкрэтнага гарманічнага адзінства або нават тоеснасці, як было ў Гегеля. Гэта несумненная лагічная крайнасць, якая дастаткова выразна пацвярджаецца гісторыяй хоць бы на прыкладзе ідэалу камуністычнай утопіі. Згодна другому погляду, ідэал, падобна Кантаву катэгарычнаму імператыву, ёсць толькі кірунак руху да ідэалу ці, іншымі словамі, адзін з палюсоў усё таго ж своеасаблівага інфармацыйнага поля, што займае лагічную прастору паміж ідэальным і матэрыяльным палюсамі іерархічнай сістэмы Сусвету. І рэалізавацца тут ідэал можа толькі ў кропцы вельмі няўстойлівай, наадварот, раўнавагі паміж гэтымі ўзаемна далёкімі супрацьстаячымі палюсамі. Чалавек, як здаецца, аказваецца асуджаным лёсам і Богам, на жаль, толькі на другі варыянт.

Вось чаму такі ганебны крах якраз і пацярпеў камунізм марксісцка-ленінскай выпечкі, а яго еўрапейскія паслядоўнікі сацыял-дэмакраты ў большасці сваёй перайшлі на пазіцыі неакантыянства. Камунізм меркаваў збудаваць рай на зямлі, ды яшчэ і ў асобна ўзятай краіне, у варожым процістаянні так званаму капіталістычнаму акружэнню і пры ваяўніча-катэгарычнай адмове ад Бога як ад усеагульнага, абсалютнага арыенціра, ад універсальнай сістэмы каардынат. Зусім як у Бібліі, дзе Д’ябал, спакушаючы Еву, абяцаў ёй таксама зрабіць іх з Адамам роўнымі Богу і гаспадарамі над светам. Атрымалася ж так, што Ева і дагэтуль нараджае дзяцей у муках, а Адам толькі ў поце твару здабывае сабе свой хлеб. Тое ж самае і з гэтай жа, па сутнасці, прычыны адбылося і з няшчасным так званым савецкім народам. Тут не трэба нават заглыбляцца ў сацыяльна-гістарычныя падрабязнасці, як тое рабіў Бярдзяеў, высвятляючы вытокі і сэнс рускага камунізму.

Мы ўжо бачылі, што ў чалавеку ў якасці яго агульнаструктурнага ўзроўня выступае ўсё тая ж рацыянальна-духоўная сацыяльнасць, а пад знакам узроўню агульнаэлементнага – яго пачуццёва-жывёльны, як пісаў Арыстотэль, склад. І таму асноўны кірунак яго імкненняў і галоўная траекторыя яго рэальнага развіцця павінны ляжаць не на нейкай умоўнай гарызанталі паміж мінулым і будучым, якую мы называем прагрэсам і якую, на нашае няшчасце, лічым асноўным нашым каштоўнасным крытэрыем, а на той вертыкалі, што злучае сабой падобна палюсам духоўнае і матэрыяльнае, Бога і нашу грэшную зямлю. Час, як было паказана, рэч дастаткова ўмоўная, і неразумна ператвараць яе ў адзіны крытэрый каштоўнасці жыцця і магчымасці дасканалай яго рэалізацыі, што нярэдка робяць нашы палітыкі. Час і паводле сучаснай фізікі, як мы бачылі, ёсць з’ява вельмі адносная. Так званае наватарства як самамэта паказала сябе найбольш выразна ў мастацкай культуры, ахвяраваўшы дзеля сучаснай брыдоты вечнай гармоніяй і прыгажосцю класічных эпох. У грамадскім быцці, у палітыцы і нават у сваім асабістым жыцці мы таксама абапіраемся сёння толькі на час і ўзрост, імкнучыся замяніць старое новым і паджылы ўзрост фізічна маладым. Характэрна, што адразу ж пасля рэвалюцыі 1917 года маладыя пралетарскія невукі-студэнты гэтак жа выганялі з аўдыторый старых дасведчаных прафесароў – навукоўцаў з сусветнай вядомасцю. Менавіта таму, што яны старыя. Амаль тое ж самае робіцца, на жаль, і сёння. Але, як і ў звыклым жыцці, нешта новае можа аказацца трухлявай дрэнню, так і малады, але неразумны дзеяч – куды дурнейшым за старога мудраца. Тут існуе, думаецца, нават нейкая парадаксальная законамернасць. Нездарма ж у сучасных духоўна здаровых мусульманскіх соцыумах так паважаюць старых-аксакалаў і ствараюць саветы старэйшын. І, наадварот, такі неразумны культ маладой пачуццёвасці ў грамадствах, што хіляцца да свайго сацыяльна-духоўнага ўпадку і прэзідэнты якіх хваляцца сваімі здольнасцямі ў хакеі або ў каратэ. Можна меркаваць, што яны хутка пачнуць адкрыта хваліцца сваімі дасягненнямі і ў сексуальнай дзейнасці. Парадаксальна, але так! Гэта таксама звязана са знаёмай ужо нам сінусаідападобнай лініяй гістарычнага развіцця. Катэгорыі маладосці і старасці ўвогуле ёсць чыста біялагічныя катэгорыі часовасці. Чалавек жа, як мы ўжо ведаем, з’яўляецца дыялектычна супярэчлівым, рухомым адзінствам біялагічнага і сацыяльнага, у якім сацыяльнае арыентуецца на дух і на вечнасць, а біялагічнае – на цела ў яго мімалётна-зменлівай часовасці. У выніку лагічная траекторыя развіцця рэальнага грамадства зусім не супадае з такой жа траекторыяй развіцця біялагічнага, як думаў М.Д.Данілеўскі.

І адзінства, гармонія паміж гэтымі палюсамі павінна хутчэй усяго рэалізавацца не столькі як нейкая канкрэтная, кропкавая тоеснаcць двух бліжэйшых прыступак структурнай лесвіцы, а і як пункт агульнай раўнавагі, своесаблівы цэнтр мас або, па выразе прадстаўніка дыялектычнай (ёсць і такая!) тэалогіі Р. Нібура, цэнтр каштоўнаснай роўнавагі дзесьці ў сярэдзіне ўсёй гэтай структурнай лесвіцы быцця, што, падобна біблейскай лесвіцы Якава, злучае матэрыяльную зямлю і ідэальнае неба. Ідэал тады павінен знаходзіцца, так бы мовіць, на небе, і рэалізацыю яго трэба разумець не як вульгарнае нізвядзенне яго на грэшную зямлю, да ўласнага неідэальнага ўзроўню, а як захаванне толькі арыентацыі на яго, захаванне кірунку, у якім трэба рухацца ўверх, да неба, не блытаючы зеніт з надзірам, з кірункам уніз, да грэшнай зямлі172. І пры пошуку гэтай канкрэтнай сярэдняй кропкі, кропкі раўнавагі неабходна заўсёды трымаць перад разумовымі вачыма, хоць гэта і цяжка, не нейкі паасобны сацыяльны клас, не левых ці правых, не маладое ці старое пакаленне, а ўвесь народ, нацыю як цэнтральную арганічную ступень неабсяжнага дыяпазону азначанай структурнай лесвіцы, імя якой сацыяльнае быццё, а ў матэматычна-філасофскім ліміце – і Быццё ў абсалютным сэнсе гэтага слова.

1   ...   17   18   19   20   21   22   23   24   ...   30


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка